epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Вальс кветак

І
ІІ
ІІІ
IV


І

Кастравіцкі прыехаў да возера ў канцы ліпеня, у гарачы, напоўнены сонечным бляскам дзень. Ён ніколі не быў тут раней, але многа наслухаўся пра даброты адпачынку ў тутэйшых мясцінах, ціхіх, мала кранутых з-за далечыні ўвагай дачнікаў і ўсіх тых, хто рвецца летам з мітусні гарадоў на прыроду. Возера сапраўды было цудоўнае — вялізнае сярэбранае люстра ў зялёнай аправе сасновых бароў. Але асаблівай цішыні не было, бо дачнікі і турысты на адлегласць, відаць, не зважалі. Па ўзбярэжжы пад соснамі стаялі палаткі, а найчасцей проста «Масквічы» і «Волгі», у якіх спалі ноччу іх уладальнікі, з раніцы дымілі ў лесе кастры і керагазы вясёлага, бесклапотнага табару гараджан.

Па дамоўленасці з навукова-даследчым інстытутам Кастравіцкаму далі пакойчык на біястанцыі, абсталяванай для назіранняў над рэжымам возера. Пра харчаванне ён мусіў клапаціцца сам. К вечару другога дня ён знайшоў сабе стол — у вёсачцы, размешчанай па суседству з біястанцыяй. Сталаваць яго ўзялася маладжавая вясёлая калгасніца — удава ці незамужняя.

Кастравіцкі ўставаў позна — ні лоўля акунькоў і плотак, ні вышукванне пакуль яшчэ рэдкіх у гэтае засушлівае лета грыбоў яго не цікавіла. Ішоў да сваёй карміцелькі, выпіваў збанок малака з аржаным, дамашняй выпечкі, хлебам і, захапіўшы байкавую коўдру, кіраваўся на бераг возера, пад разгалістую вербалозіну з курганом мурашніка па суседству. З-за гэтага мурашніка дачнікі абміналі вербалозіну, распранаючыся паводдаль, пад стромкімі соснамі ці на самым беразе — на прымятай, выгарэўшай ад сонца траве. Кастравіцкаму падабалася адзінота — на мурашак ён не звяртаў увагі.

Ён радаваўся, што сярод тых, хто, як і ён, адпачывае на возеры, няма знаёмых і не трэба весці нецікавых размоў.

Побач з біястанцыяй размяшчаўся спартыўны лагер студэнтаў, і яны, загарэлыя да колеру бронзы, цэлы дзень галёкалі на беразе, перакідваючыся мячом, у абдымку — хлопцы і дзяўчаты — вандравалі па прыбярэжнаму пяску ці купаліся, падскакваючы ў вадзе, як дэльфіны, і агалошваючы наваколле вясёлымі выгукамі. Студэнты паводзілі сябе як сапраўдныя дзеці прыроды.

З сабой Кастравіцкі прывёз цэлае бярэмя кніг, добрых, чытаных яшчэ ў юнацкія гады, і цяпер напаўзабытых, памятных толькі па тым пачуцці, якое некалі выклікалі. Такую раскошу ён даўно збіраўся дазволіць сабе — і дзесяць, і пяць гадоў назад,— але выпадак надарыўся толькі цяпер.

Ён ляжаў, чытаў, захоплены якой-небудзь думкай, адрываўся ад кнігі, пераводзіў позірк на зіхатліва-блакітную — под колер неба — роўнядзь возера, на процілеглы, далёкі бераг, амаль схаваны ў трымценні сіняватай смугі. Толькі два ці тры разы на дзень ён падымаўся купацца: вада была халодная і празрыстая, як ранішняя раса; у возера ўпадала толькі маленькая рачулка, адна яна не магла яго напаіць, але ўзровень не паніжаўся нават у гэты спякотлівы месяц, калі мялеюць буйныя рэкі. Кастравіцкі без роспытаў здагадаўся аб прычыне: возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Пацвярджэнне здагадкі ён хутка ўбачыў на ўласныя вочы: дзве крынічкі, адна для другой побач, струменілі і на пясчаным беразе. Дачнікі паставілі на гэтых месцах па цэментнаму кругу, і ўсе бралі адсюль ваду.

Кастравіцкі адчуваў сябе надзвычай стомленым, але гэтая стомленасць была не толькі нервовая ці фізічная. У апошні год ён рэдка быў бадзёры, задаволены, часта яго агортвала хваля беспрычыннага суму. І ў такія хвіліны ён не знаходзіў сабе месца. Работа была тут ні пры чым, навуковыя справы ў Кастравіцкага ішлі добра. Здарылася штосьці другое. У душы, у сэрцы, як бы парвалася вельмі важная струна, тая, якая заўсёды давала верны гук, настройвала, служыла камертонам астатніх гукаў.

Ужо хутка год, як ён ловіць сябе на пакутлівым адчуванні, што жонка — не ў прыклад іх папярэдняму жыццю — даволі абыякавая да яго работы, жыве сваім, схаваным і стоеным ад яго, самым рашучым чынам адмаўляючы гэта на словах. Ён зрабіў бясконцую колькасць спроб зблізіцца з ёю, убачыць ранейшай, бадзёрай, упэўненай — такой яе сустрэў, любіў і прывык маляваць у сваім уяўленні. Ранейшае вярталася, але не болей чым на дзень-два, потым незразумелая трывога зноў агортвала жонку, услед за трывогай яе паглынала незразумелая для яго абыякавасць, паглыбленасць у самую сябе. Усё часцей яна выказвала сваё незадавальненне ім, успамінала крыўды — справядлівыя ці ўяўныя, якія ён калі-небудзь ёй прычыніў.

На першым часе ён, мужчына, які пачынаў старэць, уявіў самае банальнае і страшнае — захапленне іншым мужчынам, здраду. Гэта было неверагодна, але словы і ўчынкі жонкі ў яго разгарачаным падазрэннем уяўленні замыкаліся ў стройны, лагічны сваёй паслядоўнасцю ланцуг. Яна не любіць яго, як раней, не хвалюецца, калі ён ад’язджае, не імкнецца, як некалі, зрабіць кожны яго дзень вольным ад надакучлівых, дробязных клопатаў. Усё гэта, што так нечакана на яго нахлынула, не давала спакою, патрабавала неадкладнага вытлумачэння.

Апошні год ён жыў вельмі пакутліва. Было балюча, сорамна перад самім сабою, але ён узнаўляў у памяці твары знаёмых мужчын, усіх тых, з кім магла быць знаёма і жонка. Ён губляўся ад няпэўнасці: яго падазрэнням не было за што зачапіцца. Нават інтуіцыя не падказвала яму, што сярод тых, каго ён ведаў, з кім магла сустракацца і жонка, ёсць супернік. Былі сярод знаёмых двое ці трое мужчын, пра каго ён чуў дый, бадай, пэўна ведаў, што яны без асаблівых душэўных згрызот сыходзяцца з чужымі жанчынамі. Але нікога з іх не мог паставіць побач са сваёй жонкай, уявіць, што яна каму-небудзь усміхаецца, шукае сустрэчы.

Зрэшты, ён расказаў жонцы аб сваіх пакутах: у адказ былі слёзы, папрокі і ніводнага ласкавага слова, якое б яго супакоіла, суцешыла, прывяло ў стан раўнавагі. Заставалася чакаць. Інакшага выйсця не было. Ён сямейны: у яго два хлопцы-падлеткі, і бацька ім патрэбен.

 

ІІ

Кастравіцкі бачыў, што гаспадыня, у якой ён сталуецца,— жанчына вольная і незалежная. Дзяцей у яе няма, двор не надта дагледжаны — якраз не хапае мужчынскай рукі, каб перасыпаць пахілы, скрыўлены набок хлевушок, перакрыць новай саломай хату, зрабіць новыя вароты і веснічкі. Дол у двары зарос густой муравой, трыпутнікам, дзяцельнікам, і толькі адна сцяжынка на ім — у хлеў, да каровы.

Гаспадыня — чарнявая, рухавая, з прыемным поўным тварам і амаль дзявочай гнуткай паставай. У яе вялікі запас таго прыроджанага далікацтва, якім, як заўважыў Кастравіцкі, нярэдка вызначаюцца жанчыны з ціхіх беларускіх вёсак. У свайго сталаўніка гаспадыня толькі спытала, адкуль ён і колькі прабудзе на возеры. Болей — відаць, адчуваючы, што чалавек не схільны да гаворкі,— роспытамі не даймала, расказвала пра ферму, дзе яна цялятніцай, пра ўраджай агародніны — такі вялікі, што некуды збываць агуркі і памідоры,— пра нейкую экспедыцыю, якая за вёскай свідруе ў зямлі шчыліны: шукае лячэбную ваду.

Маладосць у Кастравіцкага забрала вайна, вучэнне, кнігі. Ён быў дрэнным кавалерам, не бываў на вечарынках, нават танцаваць не навучыўся. Але яму заўсёды здавалася, што ён разумее жанчын. Ён і цяпер з прагнай цікавасцю назіраў за гаспадыняй, стараючыся разгадаць, што кіруе ёй у жыцці. Яна маладая, адзінокая, і не магло быць, каб яна нікога не любіла і не імкнулася да шчасця.

Выпадак дапамог Кастравіцкаму пераканацца, што ён не памыляецца. Вечарам ён збіраў сасновыя галінкі, распальваў агеньчык і ў алюмініевым, вайсковага фасону кацялку гатаваў чай. Яму падабалася гэтае самаабслугоўванне: чай пахнуў дымам, смалой, нагадваў далёкае дзяцінства. Электрычнага святла ні ў вёсцы, ні на біялагічнай станцыі не было, і штовечар, калі над возерам павісаў месяц, Кастравіцкі вандраваў берагам возера.

Студэнты к гэтаму часу ўтаймоўваліся, ля возера нікога не было, толькі з боку спартыўнага лагера даносіліся гукі акардэона і песень. У вячэрні час возера было цудоўным. На люстранай матава-цёмнай паверхні дрыжалі месячныя дарожкі, і здавалася, што насустрач вандроўніку бягуць імклівыя, запоўненыя срэбрам рэкі.

Адзін раз Кастравіцкі з берага павярнуў да вёсачкі. Над лагчынкай, якая аддзяляла парослыя сланечнікам і гарбузамі агароды ад возера, вісеў туман, у кустах прарэзліва крычала начная птушка. Вячэрняя, ахутаная змрокам вуліца здалася Кастравіцкаму куды прыгажэйшай, чым тады, калі ён хадзіў па ёй днём. Цёмныя купы ліп вырысоўваліся, як вялізныя стагі, неяк па-асабліваму, таямніча і ўрачыста, шасцела на дрэвах лісце. Парканы, хаты, стусы бярвенняў на вуліцы перад дварамі — усё набывала новае, незнаёмае аблічча, загадкава-прыгожае і прывабнае.

Перад хатай, дзе Кастравіцкі сталаваўся, стаяў грузавік, у вокнах гарэла святло, і яны былі завешаны. Час быў не ранні, гадзін дванаццаць ночы, і Кастравіцкі падумаў, што ў яго гаспадыні госці. Назаўтра снедаць ён не пайшоў, разважаючы, што жанчыне хапае клопату і без яго. У абед гаспадыня, не тоячы здзіўлення, спыталася, чаму ён не прыйшоў піць малако.

— У вас былі госці,— сказаў Кастравіцкі.

— Не госці, а госць,— прамовіла яна, пачырванеўшы.— Каханы мой. Заязджае да мяне...

— Вы збіраецеся за яго замуж?

— Які там замуж. Можа б, і прыйшоў, каб я захацела. Але не вольны ён, сямейны, а рушыць сям’ю не хачу...

— Вы любіце яго? — здзіўляючыся шчырасці, з якой жанчына расказвала пра сябе, спытаў Кастравіцкі.

— А хіба ж без гэтага можна? Я б глядзець на яго не захацела, каб не любіла.

Яна задала яму загадку, над якой ён думаў некалькі дзён, усё болей набіраючыся павагі да сваёй гаспадыні. Раней яму здавалася, што кожная жанчына, хто б яна ні была, носіць тайну кахання ў сабе самой, ніколі не адкрываючы яе другім.

Шчырасць гаспадыні была, відаць, прычынай таго, што Кастравіцкі адважыўся расказаць ёй пра свае сямейныя нягоды. Яна слухала ўважліва, седзячы насупраць яго за сталом, падпёршы шчаку рукой, і яе смуглы, чарнявы твар быў задуменна-спакойны.

— Бывае,— сказала яна, выслухаўшы яго блытаную, непаслядоўную споведзь.— Можа, стамілася ваша жонка, а можа, другое... Але ці вам, мужчынам, бедаваць?.. Завядзіце сабе другую, дык яна мігам апомніцца... У нас, баб, нюх на гэта востры...

Ён зноў хадзіў некалькі дзён пад уражаннем размовы з гаспадыняй, здзіўляючыся той прастаце і яснасці, з якой яна паставіла ўсё на сваё месца. Ён як бы пачаў спакайнець. У яго адносінах з жонкай была няпэўнасць, і ён быў рад цяпер гэтай няпэўнасці. Цяпер яму досыць лёгка ўдавалася адганяць пакутлівыя, неспакойныя думкі.

 

ІІІ

Дні плылі ў сонечнай аксамітнай смузе. Лета, якое ішло на схіл, усё болей узбагачала фарбы. Кастравіцкі, вандруючы каля возера, лавіў сябе на дзіўным адчуванні: пра сябе самога ён думаў, як пра пабочнага чалавека, другую асобу. І здавалася, што ён лепей за каго-небудзь ведае гэтую асобу, незнаёмую, супярэчлівую і нават загадкавую.

Ён ніколі раней не думаў, хто ён, давяраючы ўнутранаму пачуццю, якое кіравала ўсім тым, што ён рабіў і чаго дамагаўся. Гэтае ўнутранае пачуццё падказвала, што ён, Кастравіцкі, чалавек неблагі, недурны, але няроўны, схільны да зрываў і неўраўнаважанасці. Сам ён даўно адчуваў і праверыў вопытам, што ў яго ёсць тое, што звычайна называюць воляй, але гэтая якасць яго характару праяўлялася несамавіта: на людзях ён быў і роўны і ўпэўнены і ўмеў на другіх рабіць уражанне, што сам верыць у тое, што гаворыць, але астаўшыся сам-насам, быў вельмі часта ва ўладзе рэфлексіі і дзіўнай расслабленасці. Пра гэта мала хто ведаў і, бадай, найлепш — жонка. Так, найбольш яна. Ці зразумела, ці адчула яна яго дарэшты?.. Ёй болей, чым каму-небудзь другому, даводзілася бачыць яго слабым і бязвольным. Яна ведала ўсе надакучлівыя падрабязнасці яго побыту, дрэнныя бакі яго характару і, відаць, параўноўваючы тое, кім ён здаваўся на людзях і што пра яго гаварылі другія, з тым, што ведала пра яго сама, прыйшла да кепскай аб ім думкі.

Да жыцця паўсядзённага, практычнага ён быў прыстасаваны мала, бярэмя дамашніх абавязкаў клалася на жонку. Яна ж яшчэ і працавала. А ён патрабаваў да сябе ўвагі, праўдзівей кажучы, нават не для сябе, а да той справы, якой займаўся, патрабаваў, давяраючы таму самаму ўнутранаму пачуццю, якое падказвала, што ён мае права на гэтыя ахвяры ў імя жорсткага, бязлітаснага бога, якому служыў сам.

У яе было сваё жыццё, свае імкненні, інтарэсы, з якімі ён вельмі мала лічыўся. Многа разоў у жонкі былі спробы расказаць пра свае клопаты і згрызоты на рабоце, ён слухаў яе з паблажлівай усмешкай, як штосьці дзіцячае і не зусім сталае. Так, ён яе вельмі крыўдзіў гэтым. У яго абыякавасці, безуважлівасці да жыцця жонкі, відаць, была прычына таго, што і яна пачала адказваць яму такой жа няўвагай. Але калі б гэта была толькі няўвага, ён бы так не хваляваўся, у яго не прапаў бы задарма год жыцця. Цяпер ён ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім, незадаволена сваім з ім жыццём і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Ён адчуваў, што гэта нядобра і гэтае нядобрае магло прывесці куды хочаш...

Студэнты галёкалі без упынку. Ім, здаецца, зусім не надакучыла дзень за днём займацца адным і тым жа: стаўшы ў круг, перакідвацца мячом, хлопцам ганяцца ў вадзе за дзяўчатамі, а надвячоркам, абняўшыся, блукаць па лясных дарогах парачкамі. Гэтае галёканне і блуканне было, на погляд Кастравіцкага, залішне панылае, аднастайнае. Пра сур’ёзнае гаварыць тут як бы нават саромеліся, цыбатым хлопцам і дзяўчатам жыццё ўяўлялася ясным, бясхмарным.

Гадоў чатырнаццаць назад у студэнцкім тлуме была і жонка, і Кастравіцкі нібы бачыў яе сярод аголеных, загарэлых да колеру бронзы фігур. Яна з яе няўрымсліва-агністай натурай была, вядома, завадатарам у такіх зборышчах, бо ў ёй жыло пастаяннае імкненне выдзяляцца, падабацца, звяртаць на сябе ўвагу. Раней яму чамусьці здавалася, што вясёлыя, энергічныя дзяўчаты і жанчыны найболей бяскрыўдныя. Ён не ведаў сам, на чым грунтавалася такая пераконанасць — хутчэй за ўсё на думцы, што ў такіх людзей усё на віду, на паверхні.

Зрэшты, ён, відаць, заўсёды пабойваўся жыцця, складанасці яго бытавой плыні, чапляючыся за гатовыя, невядома кім выведзеныя формулы. Адна такая формула сцвярджала, што чэрці водзяцца ў ціхім балоце. Ён як бы ўзяў гэтую формулу сабе на ўзбраенне і, думаючы аб той, якая стане яму жонкай, уяўляў яе зусім не ціхай і нават пабойваўся сарамяжай, мяккай жаноцкасці, якая нагадвала пра здраду, пра самае цёмнае, што можа быць у жыцці. Цяпер ён сам з сябе пасмейваўся: зусім аднолькавыя, адной масці і колеру чэрці маглі вадзіцца і ў ціхім, і ў шумным балоце.

У адзін з тых дзён Кастравіцкі заўважыў, што студэнты перасталі галёкаць. Яны не перакідваліся мячом, не лазілі ў возера, а, разбіўшыся на купкі, хадзілі па беразе, трывожна аб нечым размаўляючы. Ён не надаў увагі гэтай перамене, а вярнуўшыся пасля абеду пад вярбу, напаткаў там знаёмага работніка біястанцыі Бадзюкова, тоўстага, немаладога чалавека, надзвычай узрушанага.

— Бяда,— сказаў Бадзюкоў.— Студэнтка ўтапілася...

Калега гаварыў блытана, цяжка дыхаючы і раз-пораз выціраючы лысіну пярэстай носавай хустачкай, і, зрэшты, Кастравіцкі зразумеў, што студэнтка ўтапілася не ў выніку няшчаснага выпадку, а наўмысна, абдумана, пакінуўшы запіску, у якой прасіла нікога ў яе смерці не вінаваціць. Труп яшчэ не знайшлі, ніхто не бачыў, калі дзяўчына кінулася ў возера і ў якім месцы.

Навіна была незвычайная, і Кастравіцкі да самага вечара думаў пра невядомую студэнтку і пра тыя магчымыя прычыны, якія на пачатку веку прывялі яе да смерці. Хутчэй за ўсё тут было няшчаснае каханне. Сярод самаўпэўненых спартсменаў знайшлася натура глыбокая, уражлівая і, пакахаўшы так, як пра гэта пішуць у добрых старых кнігах, не змагла вынесці ветрагонства, якое, вядома ж, пануе ў адносінах паміж загарэлымі да колеру бронзы рагатунамі. Так вытлумачыў Кастравіцкі самагубства дзяўчыны.

Прайшла ноч.

Назаўтра Бадзюкоў, такі ж узрушаны, разгублены, завітаўшы пад вярбу, лёг пад коўдру побач з Кастравіцкім.

— Труп знайшлі,— паведаміў ён коратка.

— Самагубства?

— Самагубства...

Ён моўчкі ляжаў некалькі хвілін, жаваў у зубах травінку, як бы заняты абдумваннем цяжкай задачы, якую трэба было рашыць. Потым загаварыў, глытаючы словы, задыхаючыся.

— Учарашняе пацвердзілася... Яна свядома пайшла на смерць... Няшчаснае каханне... Ёсць тут адзін студэнт. Звычайны, нічога асаблівага... Яна яго любіла яшчэ ў школе. Разам паступілі ў інстытут, яны тут і летась былі, у спартыўным лагеры. Сёлета ён пачаў хадзіць з другой.

— Прыгожая яна? — спытаў Кастравіцкі.

— Прыгожая.

— Што ж, наглядны прыклад, што вялікія пачуцці жывуць і ў наш час,— задумліва прагаварыў Кастравіцкі.— Бескампрамісная, цэльная натура. Няўжо яна палюбіла нягодніка?

— Звычайны студэнт,— гэтак жа думаючы пра сваё, адказаў Бадзюкоў.— Але хіба гэта мае значэнне? Важна тое, якім яна яго бачыла.

Кастравіцкі здзіўлена зірнуў на Бадзюкова. Самагубства невядомай дзяўчыны закранула гэтага немаладога і з выгляду абыякавага, флегматычнага чалавека не менш, чым яго самога. Ён, відаць, таксама адчуваў трагічнасць, незвычайнасць усяго, што адбылося, і, можа, нават вастрэй за яго, Кастравіцкага, бо ўзрушэнне, якога ён не таіў, не пакідала яго ўжо на другі дзень.

І раптам Кастравіцкі адчуў, што на можа не расказаць біёлагу пра свае сумненні, падзяліцца тым, што хвалюе яго і непакоіць.

— Вы кажаце, важна, якім дзяўчына бачыла свайго героя,— пачаў ён, стараючыся пераадолець хваляванне і гаварыць спакойна.— Я думаю, што гэта не так, праўдзівей кажучы, не заўсёды так. Не на ўсіх этапах жыцця... Пачынаецца каханне з таго, што мы акружаем таго, каго любім, паэтычным арэолам. Мы думаем, адчуваем, што ён такі — адзіны на ўсім свеце. Першае, самае першае каханне крыху падобна на вар’яцтва. Розуму, развагі ў ім ва ўсякім выпадку вельмі мала. Але вось мінаюць гады, паэтычны арэол як бы блякне, бляднее, бо вельмі мала людзей ва ўсіх адносінах дасканалых. Але ж каханне застаецца. Любяць не толькі за дабрачыннасці, а і за недахопы. І нават больш...

— З самага пачатку недахопаў не бачаць,— запярэчыў Бадзюкоў.— І ніколі не бачаць...

Кастравіцкі гаварыў, думаючы аб сабе, блытаўся, нерваваўся, увесь час ловячы сябе на пакутлівым адчуванні, што праўда на баку Бадзюкова, што ён, Кастравіцкі, хоча прыпісаць каханню тое, чаго ў ім ніколі не было,— сілу прывычкі, пачуццё абавязку, вернасць у імя гэтага самага абавязку.

— Каханне з гадамі не драбнее, а набіраецца моцы,— задумліва сказаў Бадзюкоў.— Вядома, калі яно было з самага пачатку.

— Яно можа быць рознае,— пярэчыў Кастравіцкі.— Павінны быць і ў каханні градацыі, перыяды, розная сіла пачуцця.

— Каханне не мае градацый, калега. Яно там, дзе двое адно без другога не могуць жыць. Іншая справа, што ў чалавека можа быць не адно каханне. Мінае адно, наступае другое. А бываюць і адналюбы. Як гэтая студэнтка.

Яны прагаварылі з гадзіну, потым Бадзюкоў падняўся і пайшоў. Плечы ў яго шырокія, спіна трохі ссутуленая, паходка нетаропкая. Кастравіцкі ўзяўся за кнігу, але чытанне не ішло ў галаву. На душы было прыкра.

 

IV

Два наступныя дні Кастравіцкі вандраваў па ўзбярэжжы возера, завітаў у пасёлак, які належаў рыбалавецкай арцелі. Домікі тут у большасці новыя і выглядам сваім не зусім падобныя на сялянскія, як у вёсачцы, дзе Кастравіцкі сталуецца. Усюды пахне рыбай: на ўзбярэжжы, распятыя на адмысловых козлах, сушацца сеці, на пяску, пры самай вадзе, ляжаць перакінутыя ўверх дном асмаленыя лодкі, тут жа, пад паветкай, стаяць драўляныя, на манер насілак, скрыні, у якія рыбу высыпаюць з сецяў, і вялікія, аблепленыя рыбнай луской вагі. Але ў агародчыках ля домікаў, як і ў звычайнай вёсцы, растуць сланечнікі, чарнее збуцвелы картаплянік, відаць градкі капусты, морквы.

Кастравіцкі падсеў да рыбакоў, якія, сабраўшыся ля прыёмнага пункта, сядзелі на тоўстым, напалавіну збуцвелым бервяне і курылі. Навіну пра тое, што ў возеры ўтапілася студэнтка, яны ведалі, і было відаць па ўсім, што яна іх не асабліва ўзрушыла. Кастравіцкаму здавалася, што да смерці, як і да ўсяго ў жыцці, гэтыя загарэлыя, з шурпатымі, парэпанымі далонямі рук людзі адносяцца з нейкім філасофскім спакоем, яны нібы ведаюць штосьці большае, важнейшае, толькі не хочуць пра гэта гаварыць. Зрэшты, гутарка ажывілася. Кастравіцкі пачуў, што ў вялікім, прыгожым, багатым на рыбу возеры топяцца штогод, ненарокам і наўмысна, і было нямала выпадкаў у мінулым, калі кідаліся ў ваду дзяўчаты, якім не пашанцавала ў каханні...

Мінуў яшчэ дзень. Пайшоў дождж. Без грому, без маланак, ён ліў як з вядра ўсю ноч, а тры наступныя дні з неба церусілася дробная, надакучлівая імжа. Калі нарэшце распагодзілася і Кастравіцкі выйшаў на сваю мясціну да возера, яго ўразіла незвычайнае бязлюддзе і цішыня, якая панавала на ўсім бачным прасцягу берага. Спартыўны лагер апусцеў, студэнты паехалі, не было і дачнікаў. Патыхала не летам, а сапраўднай восенню, і было штосьці надзвычай сумнае ў малюнку апусцелых, нядаўна гаманлівых стойбішчаў, дзе бялелі палаткі, стаялі буданы, легкавыя машыны. Цяпер тут тырчалі ўбітыя ў зямлю калкі, валяліся абрыўкі паперы, жаўцела палітая дажджом, прымятая трава. І само возера, нягледзячы на бязвоблачную сінечу неба, здавалася хмурным і непрыветлівым. Кастравіцкі наважыў, што паедзе заўтра. Болей тут, каля возера, яму не хацелася быць.

Ён звязаў і спакаваў кнігі, схадзіў у вёсачку і разлічыўся з гаспадыняй, а калі вярнуўся назад, то ўбачыў на беразе, недалёка ад доміка біястанцыі, знаёмую жаночую постаць. Жанчына ў чырвоным капронавым плашчы нецярпліва пахаджвала па беразе. Сумненняў не магло быць, тут, на апусцелым беразе возера, некага чакала Жэня Сінельнікава, сяброўка яго жонкі, якая разам з жонкай выкладала замежную мову ў інстытуце. Кастравіцкага працяло ад нядобрага прадчування. Магло што-небудзь здарыцца дома — і ён ледзь не подбегам рушыў да Жэні. Вітаючыся з ім, задыханым, Жэня пачырванела, збянтэжылася.

— Праязджала міма і рашыла вас наведаць,— сказала яна, не падымаючы вачэй.— Вы ж тут адзін...

Пра жонку не сказала ні слова. У яго адлягло ад сэрца, і адначасова стала сумна-сумна. Жанчына стаяла без рэчаў, да бліжэйшай аўтобуснай станцыі было кіламетраў пяць. Да яго, жанатага мужчыны, прыехала знаёмая жонкі, і гэта магло азначаць толькі адно: яго сямейныя справы перасталі быць тайнай для другіх. І яшчэ тое, што яму спачуваюць, хочуць усцешыць...

— Я заўтра ад’язджаю,— сказаў Кастравіцкі.— Ужо сабраў рэчы.

— Правядзіце мяне да аўтобуса,— сказала яна нездаволена.

Яны пайшлі сасновай прасекай, пакуль не выбіліся на пясчаны шлях, які вёў у мястэчка, дзе спыняліся аўтобусы. Кастравіцкі маўчаў, думаючы пра Жэню. Яна даволі часта бывала ў іх дома, але ён, заўжды заняты сваім, як бы не заўважаў яе. Што ён пра яе ведае? Ёй гадоў трыццаць пяць, яна замужам, здаецца, разумная, дасціпная. З твару мілавідная, штосьці дзявоцкае, маладое захавалася ў паставе, у далікатнасці, плаўнасці даволі імклівай паходкі. Абодва яны ішлі моўчкі, і гэтае маўчанне належала развязаць яму, мужчыне.

— Як вы правялі лета? — спытаў ён, каб што-небудзь спытаць.

— Дрэнна,— сказала яна і зірнула яму ў вочы.

Ён адвёў позірк.

Іх дагнала легкавая машына. Чарнявы, у спартыўным касцюме хлопец, які сядзеў за рулём, мінуўшы іх, спыніўся і адчыніў дзверцы, паказваючы, што яны могуць сесці і ехаць. Кастравіцкі быў рад, што так шчасліва і нечакана скончылася яго кавалерства: ён заўсёды губляўся, застаючыся адзін на адзін з жанчынай.

Хлопец давёз іх да невялічкай, абсаджанай таполямі і забрукаванай плошчы, дзе спыняліся аўтобусы. Жэня, вылезшы з машыны, пайшла да блакітнага доміка аўтобуснай станцыі і вярнулася адтуль, трымаючы ў руках невялічкі чамаданчык. Яны стаялі з паўгадзіны, перакідваючыся рэдкімі, нязначнымі словамі. Кастравіцкі адчуваў сябе прыкра. Упершыню ў жыцці трапіў ён у такое няёмкае становішча. Ён баяўся пакрыўдзіць, зняважыць неасцярожным словам Жэню, разумеючы, што крок, зроблены ёю, патрабуе ад яго найвышэйшай далікатнасці...

Прыйшоў аўтобус, Жэня не спяшалася садзіцца, як бы чакаючы, што Кастравіцкі што-небудзь скажа. Ён маўчаў. У гэтую хвіліну ў ім жыло толькі адно вострае і неадольнае жаданне — застацца аднаму, сабрацца з думкамі.

Жэня маўкліва працягнула яму руку на развітанне, ён паціснуў яе, і яна села ў аўтобус...

Кастравіцкі не выехаў у горад і назаўтра. Зранку пайшоў дождж, ціха і аднастайна шасцеў у вяршалінах сосен. За акном ляжала возера, шэрае, маўклівае, нібы спавітае белым хісткім туманам. У густой імжы зусім губляліся абрысы далёкага процілеглага берага. Кастравіцкі быў зусім спакойны і сам здзіўляўся са свайго спакою. Боль, смутак — усё гэта, здаецца, належала ўчарашняму дню, ляжала за далёкай, пройдзенай паласой. Цяпер зноў, як ужо не раз бывала за гэты месяц, да яго вярнулася здольнасць глядзець на сябе збоку, вачамі як бы старонняга чалавека. Ён адпачыў. І не толькі адпачыў. Штосьці з ім адбылося.

Ён адчуваў у сабе гатоўнасць хоць зараз жа сесці за стол, узяць у рукі заточаны аловак, аркуш паперы, патануць у знаёмай, зведанай стыхіі думкі, дакладнай і яснай.

У поўдзень, калі ён моцна захацеў есці і разважаў над тым, ісці ці не ісці да гаспадыні, з якой ён ужо разлічыўся і якая мела ўсе падставы не чакаць яго, дзверы пакойчыка без стуку адчыніліся, і на парозе вырасла постаць Бадзюкова. Ён з хвіліну як бы здзіўлена глядзеў на Кастравіцкага, потым дастаў з-за пазухі, з-пад плашча, і працягнуў яму тоўсты сшытак у мяккай цыратовай вокладцы.

— Прачытайце,— сказаў ён хрыплым, прастуджаным голасам.— Я ведаў, што яна пакінула што-небудзь такое. Два дні шукаў...

Кастравіцкі ўзяў сшытак, разгарнуў на сярэдзіне. Павільгатнелая папера не шасцела. Кастравіцкі дрыжачай рукой стаў перагортваць старонкі. Почырк круглы, дзявочы. На кожнай старонцы выпіскі з Мікалая Астроўскага, Герцэна, Бялінскага, Максіма Горкага — агульнавядомыя, знаёмыя кожнаму добраму школьніку. Ён гартаў далей, сустракаючы вершы, якія чытаў ці чуў яшчэ ў студэнцкія гады, потым зноў пайшлі выпіскі з вядомых пісьменнікаў. Нарэшце ў вочы яму кінуліся словы, якія прымусілі яго сэрца сціснуцца да адчувальнага, фізічнага болю... «Калі я каго-небудзь пакахаю, то на ўсё жыццё. Ён будзе маім героем і маім ідэалам. Чалавекам з вялікай літары. Разумным і добрым, вясёлым і прыгожым. Неабавязкова прыгожым з твару. Я ніколі-ніколі не дарую яму здрады, бо другога палюбіць не змагу. Можа, гэта смешна, але я такая...»

Кастравіцкі перагарнуў яшчэ старонку. «...З усіх вальсаў я найбольш люблю «Вальс кветак». Я спачатку думала — чаму кветак? Потым здагадалася — час цвіцення кветак — час іхняга кахання. А каханне — гэта музыка, песня. Мне не зразумела толькі, чаму ў музыцы вальса чуваць ноткі смутку, трывогі. Каханне павінна несці толькі радасць, шчасце, для смутку няма ў ім ніякага месца...»

Кастравіцкі асцярожна загарнуў сшытак, аддаў Бадзюкову.

— Акрамя кахання, у яе нічога не было,— ціха сказаў ён.

— Няпраўда, калега. У яе было жыццё. Толькі яна мерала яго самай высокай меркай. Прыгожая кветка на тонкай сцяблінцы. Зламалася...

— У нас ва ўсіх высокія меркі,— сказаў Кастравіцкі.

Бадзюкоў прысеў на табурэтку і закурыў. Кастравіцкаму трэба было збірацца ў горад, але ён марудзіў. За вокнамі па-ранейшаму аднастайна шасцеў дождж, дробны і часты...

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 407-420
Крыніца: скан