epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Вася-Бліцкрыг

І
ІІ
III
IV
V
VI
VII


І

Было яшчэ досыць рана — гадзін сем ці палова восьмай, а Вася-Бліцкрыг, танклявы белабрысы хлапчына гадоў дваццаці пяці, ужо нецярпліва прахаджваўся па пероне. Васю на станцыі, як і ва ўсім гарадку, ведалі някепска, таму ніхто асабліва не здзівіўся з яго ранняга паяўлення.

— Як жыццё? — спытаў Васю дзяжурны Коля Смолкін, зняўшы шапку з чырвоным верхам і выціраючы зашмальцаванай насоўкай успацелы лоб.

— Падаю ў прорву. Апусціўся на дно.

Калі Вася быў цвярозы, то пра самога сябе заўсёды выказваўся з выключнай крытычнасцю.

— Да прорвы яшчэ далёка,— разважліва сказаў Смолкін.— Буфет адчыняць толькі ў дзесяць. Ды ў цябе і грошай няма.

— Няма,— прызнаўся Вася.

— Скарацілі па штату?

— Скарацілі.

Смолкін, ляніва пазяхнуўшы і зірнуўшы на наручны гадзіннік, адышоўся, а Вася, арліным позіркам акінуўшы вуліцу, што вяла да станцыі, рушыў у скверык. Прысеўшы на лаўку, ён, аднак, раз-пораз падхопліваўся. Не было ніякага сумнення, што ён кагосьці чакае. На вуліцы ў хуткім часе, сапраўды, паявілася постаць каржакаватага з шырокім чырвоным тварам чалавека. Вася падаўся яму насустрач.

— Здароў, Мікіта,— сказаў ён.— Матэрыял прынёс?

Замест адказу Мікіта падняў і патрос у паветры камандзірскай сумкай, якую трымаў у правай руцэ.

— Пойдзем у пітомнік,— прапанаваў Вася.— Там нас ніхто не ўбачыць.

Мінуўшы станцыю і жалезны чыгуначны мост праз рэчку, Вася з Мікітам пакіравалі ў камунгасаўскі дрэвагадавальнік, дзе густой шчыльнай сценкай падняліся маладыя ліпкі, клёны, таполі. Знайшлі ўтульную, парослую травой палянку. Тут яны сапраўды былі адгароджаны ад усяго свету.

— Паслухай, што я напісаў,— з гэтымі словамі Бліцкрыг выняў з задняй кішэні штаноў аркуш паперы і пачаў чытаць. Мікіта Банэдык, які да нядаўняга часу працаваў нарыхтоўшчыкам у райспажыўсаюзе, слухаў няўважліва. Ён ведаў, што піша Бліцкрыг на начальніка раённай міліцыі Піліпончыка дарэмна. Ніякіх махінацый той не рабіў. Ну, можа, выпіў дзе трохі самагонкі, дык што?

Увогуле, дурны гэты Бліцкрыг. Шалёны нейкі. Варта б з ім развязацца, але і сам ён, Мікіта, залез па шыю ў гразь. Такія, як Бліцкрыг, давядуць...

— Дзе ты факты ўзяў? — спытаў Мікіта.

— Лейкін падсыпаў. Сказаў, што ў абласным упраўленні Піліпончыка не любяць. Дай толькі сігнал — як піць даць вытураць...

— Гэта той Лейкін, што самога з міліцыі выперлі?

— Той. Ну дык што?

— Няхай бы сам і пісаў.

— Што ты разумееш! — нечакана ўскіпеў Бліцкрыг.— З такімі, як ты, за праўду не паваюеш. Учора згаджаўся, а сёння ў кусты.

«Зайздрослівы ты, Бліцкрыг,— падумаў Мікіта.— Усяму свету зайздросціш. Яшчэ малады, жыццё наперадзе, а такі зайздрослівы. З інстытута выгналі, бо з жулікамі звязаўся. Мне вядома і тое, чаму на міліцыю злуешся. Стаіць, відаць, птушачка ў пашпарце. Але і сам я не лепшы. Хацела б душа ў рай, ды грахі не пускаюць. Гарэлачка, будзь ты тройчы праклятая... Жонка ўцякла, і ніхто цябе за чалавека не лічыць, Мікіта ».

— Я падпішу,— сказаў Мікіта.— Але подпіс пастаўлю неразборлівы. Сам ведаеш...

Наслініўшы хімічны аловак, Мікіта паклаў спісаны размашыстым Васевым почыркам аркуш на раменную палявую сумку і вывеў пад ім доўгую загагуліну.

Матэрыял, які склаў Мікіта Банэдык на старшыню райспажыўсаюза, Вася падпісаў не чытаючы.

 

ІІ

Вечарам у станцыйным буфеце п’яны Бліцкрыг крычаў:

— Я сваё дакажу!.. Выведу ўсіх на чыстую ваду...

Васю частавалі тры маладыя захмялелыя маракі, якія злезлі з цягніка і, відаць з-за позняга часу, не адважыліся рушыць у свае вёскі. Выслухаўшы Васю, хлопцы насцеражыліся. Старэйшы, з трыма значкамі на флоцкай гімнасцёрцы і тонкай пасачкай вусікаў, крануў Бліцкрыга за плячо...

— Слухай ты... Цішэй на паваротах. А не — адшвартоўвайся.

— Вы, рабяты, маладыя... Нічога не ведаеце...

Васеў сусед па століку, чарнявы марачок, быў настроены болей міралюбна.

— Ну, піша чалавек. Няхай піша...

Старэйшы, аднак, нахмурыўся.

— А якія ў цябе доказы?

— Я ўсё ведаю. Спецыяльна займаюся.

Старэйшы марак з вусікамі і чарнявы пераглянуліся і, як па камандзе, падняліся.

— Слухай, друг, выйдзем на хвілінку. Праветрымся. Будзь ласкаў.

Узяўшы моцна захмялелага Васю пад рукі, марачкі вывелі яго ў станцыйны скверык.

Да разгневаных матросаў падышоў дзяжурны Смолкін, які на гэты час быў у буфеце і чуў усю размову.

— Не чапайце яго, хлопцы. Проста ён богам пакрыўджан. Няшчасная балаболка...

Маракі, ваўкавата азірнуўшыся, падаліся ў буфет і праз хвіліну зніклі адтуль усе трое...

Назаўтра выбухнуў вэрхал дома. Вася прачнуўся позна. Галава як не расколвалася. Доўга піў ваду, нагнуўшыся над вядром.

Бацька сядзеў за сталом, галіўся вышчарбленай брытвай.

— Вон! — закрычаў ён.— Каб твайго духу не было.

— Я сваё дакажу.

— Што ты дакажаш?

— Тое, што ведаю.

Бацька — хілы, шчуплы, верабей у параўнанні з шыракаплечым Васем — кінуўся на сына з кулакамі, але бацьку схапіў за рукі Сяргей, малодшы брат, які нядаўна вярнуўся з арміі.

— Што, я табе грошай не даю? — крыкнуў Вася, стоячы на парозе.— У маі семсот даў, цяпер — восемсот. П’ю не за сваё.

— Не хачу ні цябе, ні грошай тваіх. Праходу ад людзей няма.

— Гледзячы ад якіх людзей.

— Вон, вісус! Равеснікі інстытуты паканчалі, а ён сабака сабакам. Брэша на ўсіх.

— Пабачым, хто каго. Пра тых інстытутчыкаў я таксама ведаю...

Бацька з узнятымі кулакамі зноў кінуўся на Васю, але той паспешліва выскачыў за дзверы.

На дварэ сярэдні брат Пятро, які служыць шафёрам у лясгасе, накідаў на кузаў трохтонкі гной. Зрабіў выгляд, што Васі не бачыць.

— Дай закурыць,— папрасіў Вася.

Пятро і брывом не павёў. Як бы Васі зусім не было.

— Дай, кажу, закурыць.

Шырокі твар Пятра раптам пабялеў, на губах выступіла пена.

— Закалю-у-у!

Сагнуўшыся, увабраўшы галаву ў плечы, Вася штосілы сігануў да варот. Вілы са свістам урэзаліся ў шулу...

У сям’і Біклагаў — такое сапраўднае прозвішча Васі-Бліцкрыга — бадай, усе трохі мехам цопнутыя... Да трох не лічаць...

 

III

Праз два тыдні пасля таго як Вася паслаў матэрыял на Піліпончыка, у раён прыехала цэлая камісія. Пад сваім матэрыялам Вася паставіў сем подпісаў, але калі камісія стала апытваць тых, хто падпісаўся, а таксама тых, хто проста быў названы ў якасці сведкаў, то ўсе, за выключэннем Васі-Бліцкрыга, шчыра заявілі, што нічога кепскага пра Піліпончыка не ведаюць. Тыя, хто ўваходзіў у склад камісіі, зацікавіліся асобай самога Васі.

Высветлілася, што па яго допісах у раён за апошнія гады прыязджала яшчэ некалькі камісій. Шмат яго лістоў былі прысланы для прыняцця мер і рэагавання ў райком і райвыканком.

Справу на Васю перадалі ў суд. Але зацяты, бясстрашны ён чалавек! Хадзіў па вуліцах, узняўшы галаву, і пахваляўся, што начальства ўрэшце спалохаецца і ніякага суда над ім не будзе, бо ў адваротным выпадку ён выведзе на чыстую ваду ўсіх раённых кіраўнікоў, у тым ліку самога суддзю і пракурора. Суд, аднак, адбыўся. На судзе Вася таксама трымаўся бліскуча. Адкуль толькі, з якіх крыніц бралася ў яго энергія! Ён сказаў доўгую прамову, у якой, не зважаючы на рангі і чыны, выкрываў злоўжыванні начальніка раённай міліцыі і іншых відных людзей гарадка, замахваўся на суддзю і пракурора, патрабуючы іх адводу як асоб зацікаўленых. Але сведкі падкачалі. Мікіта Банэдык, які ў апошні месяц уладкаваўся на працу ў кантору «Заготсена», увогуле заявіў, што матэрыял на Піліпончыка не падпісваў. Калі ж Мікіце паказалі гэты самы матэрыял, то ён, не міргнуўшы вокам, засведчыў, што почырк не яго і подпіс, такім чынам, падроблены.

За паклёп Васю асудзілі на пяць гадоў.

Але час, калі Бліцкрыг быў ізаляваны ад грамадскасці гарадка і мусіў сумленнай працай выкупляць памылкі і грахі, супаў з часам вялікіх амністый. Хутка асуджаныя за крадзеж ці іншыя злачынствы на тэрмін значна большыя, чым Бліцкрыгаў, адзін за адным пачалі з’яўляцца дамоў. Прыехаў і Вася. Ён недзе папрацаваў трохі болей як год.

Начальнік міліцыі Піліпончык быў на ранейшай пасадзе, а Мікіту к таму часу, калі Вася вярнуўся дадому, звольнілі па скарачэнню штату і з канторы «Заготсена».

Вася і Мікіта сустрэліся, як звычайна, у станцыйным буфеце і, нягледзячы на крывадушша, якое праявіў сведка на судзе, даволі хутка памірыліся. Можа таму, што Мікіта бачыў Васю навылёт. Раіў сцішыцца, гвалту не паднімаць. Але Бліцкрыг крылаў не склаў. Толькі на гэты раз дзейнічаў хітрэй і асцярожней. Нікому нічога не гаворачы, цэлы год збіраў факты супроць таго ж Піліпончыка. Зноў прыязджала камісія, быў суд, сведкі адмовіліся ад подпісаў, а Васю прыгаварылі цяпер да меншай меры пакарання — да трох гадоў зняволення.

Піліпончык між тым звяў. Быў малады, рухавы, а цяпер здаваўся дзедам: ссівеў, пазелянеў з твару, высах як трэска. Зрэшты, калі Вася праз паўтара года вярнуўся дадому пасля новай амністыі, начальнік міліцыі чакаць болей не стаў. Падаў заяву аб звальненні і з’ехаў з гарадка.

А Мікіта за час другой Васевай адсідкі ўгору пайшоў: уладкаваўся ў аддзеле дарожнага будаўніцтва майстрам, жонка вярнулася. Знайшоў у сабе сілу: піць, лічы што, кінуў. Галоўнае — пабудаваў сабе дом. Сам, сваімі рукамі. Трохі, праўда, цесць памог. Мікітаў дом стаіць у ціхім зялёным завулку, весела пазірае на свет чатырма вокнамі.

Вася-Бліцкрыг прыйшоў да Мікіты летнім надвячоркам. Павітаўся за руку з жонкай і з васьмігадовай дачкой Анютай. Выняў з кішэні і паставіў на стол паўлітра. Жонка адразу нахмурылася. Але Мікіта супакоіў яе.

Выпіўшы шклянку гарэлкі і закусіўшы яшчэ зеленаватымі памідорамі, Вася пачаў каяцца.

— Дурны быў. Навошта да гэтага Піліпончыка чапіўся?.. Нават добра не ведаю яго. Хацелася на сваім паставіць. З-за прынцыпу. Струбіў марна пяць гадоў.

— Піліпончыка ў міліцыі шкадуюць,— падтакнуў Мікіта.— Душэўны чалавек, гавораць. Цяпер на яго месца прыехаў новы. Уга, далёка яму да Піліпончыка!..

— На памылках, брат, вучацца. Больш такім ідыётам не буду. Трэба за розум брацца.

Расчулены Мікіта матлянуўся на двор, вярнуўся са сваёй паўлітрай — пазычыў у суседа. Калі выпілі па трэцяй шклянцы, Мікіта загаварыў:

— Я, брат, цябе разумею. Навылёт разумею... Сам такі быў... Да ты ўсё ведаеш пра мяне. Злосць мяне ўзяла. Свету белага з-за злосці не бачыў. Піць пачаў і пісаць. Колькі я папісаў! І з табой і без цябе. Ты тожа з-за злосці пішаш... Я ведаю... Толькі ж ты малады...

— Мне ужо трыццаць,— сумна ўздыхнуў Вася.

— Ну, добра. Табе трыццаць, а мне сорак. Што табе шкодзіла жыць? Мог жа інстытут кончыць? Чаму не вучыўся?

— Інстытут — не галоўнае...

— Што тады галоўнае? О, каб мне твая дзесяцігодка!..

— Праўду даказаць трэба!

Вася зрабіўся маўкліва-засяроджаным. Мікіта не любіў гэты яго выраз твару. Здавалася, што Вася ведае штосьці такое, чаго не ведаюць і да чаго ніколі не дабяруцца другія. Адзін ён валодае. І ніколі не спіхнеш яго з таго, на чым ён спыніўся ў гэтай сваёй дурной зацятасці.

— Трэба жыць, як усе,— разважліва сказаў Мікіта.— Я вот паставіў хату і рад. Думаеш, жыць з цесцем было соладка?

— Шавалонка лесу даў? — спытаў Вася.

— Дык ён жа ляснічы на тое,— Мікіта насцеражыўся.— Райвыканком вынес рашэнне, а лясніцтва адпусціла.

Вася-Бліцкрыг гучна зарагатаў.

— Табе райвыканком болей дваццаці кубоў выдзеліць не мог. А на хату ўсе сорак пайшлі. Ясна, як божы дзень. Шавалонка казённага лесу не шкадуе...

Мікіта ад нечаканасці пацягнуў на сябе настольнік — на падлогу ўпала і разбілася шклянка з недапітай гарэлкай. З чыстай палавіны хаты выйшла жонка, з перакошаным ад злосці тварам глядзела на мужа.

Мікіта ўстаў. Узяў з вешалкі зашмальцаваную Бліцкрыгаву кепку. Хмель з яго як рукой зняло.

— Вон з майго дому!.. Я прыняў цябе як чалавека. А ты сволач. Пачакай, запякуць так, што не вернешся...

— Не пужай мяне. Пужалі не такія.

Бліцкрыг сядзеў на стуле і рабіў выгляд, што нічога не здарылася. Збіраўся працягваць размову. Нават узяў з пачка новую папяросу, прыпаліў.

Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх ва ўвесь мах і, хапіўшы аберуч Бліцкрыга за плечы, таўхануў за парог. Кепку ўслед выкінуў...

 

IV

Ляснічага Васіля Шавалонку, не жадаючы яму бяды, Мікіта на другі дзень папярэдзіў, але той у адказ рукой махнуў. Бліцкрыга ён не баяўся. На гэта былі свае прычыны.

Прыкладна ў тыя дні, аб якіх тут ідзе гаворка, Васіль Васільевіч меў даволі цікавую размову пра Васю-Бліцкрыга з сакратаром мясцовага гарсавета. Пасаду гэту займаў добры знаёмы ляснічаму Федзя Красней, з якім Шавалонка перад самай вайной канчаў дзесяцігодку. Красней не горш за самога ляснічага ведаў Васю-Бліцкрыга, бо і той разам з імі вучыўся. Але, па-першае, сакратар родам не з гарадка, а з прылеглай вёскі, а па-другое, у вайну быў далёка ад тутэйшых мясцін — лавіў на Енісеі рыбу. Вось таму ён і пазваніў Васілю Васільевічу, просячы яго зайсці да сябе ў кабінет.

Прычына для размовы пра Бліцкрыга была немалаважная: з Масквы ў адрас гарсавета пераслалі ананімку, напісаную кімсьці з местачкоўцаў. У ёй невядомы аўтар скардзіўся на няўвагу мясцовых улад да інвалідаў вайны: сена не даюць, лесу не даюць. Сакратар райвыканкома лічыў, што ананімку напісаў Бліцкрыг.

Пераймаючы манеру вышэйшых начальнікаў, Красней сядзеў у сваім даволі прасторным кабінеце ў сіняй суконнай гімнасцёрцы, галіфэ і, нягледзячы на летнюю гарачыню, у ботах з высокімі халявамі.

Шавалонка ж з-за гарачыні лесаахоўнай формы не насіў: прыйшоў у расхлістанай, з нямытым каўняром сарочцы ў бледную пасачку, у тапачках на босую нагу.

— Трэба яго правучыць як след! — сказаў Красней пра Бліцкрыга, перадаючы ляснічаму скрэслены рэзалюцыямі шматок паперы.

— Почырк не яго,— прачытаўшы допіс, сказаў ляснічы.

— Глупства почырк. Пакуль будзе Бліцкрыг, спакою не чакай. Сто вёдзер крыві вып’е. Я гэтую пароду ведаю.

Ляснічы напэўна гмыкнуў. Ён ніколі не спяшаўся з вывадамі.

— Скажы, чаго ён паехаў у Германію?

— Ну, забіралі маладых на работу. Забралі і яго.

— Ён жа хваліцца, што быў у падпольнай групе. Праўда гэта?

— Трохі быў.

— Пазнавата нешта ён дадому вярнуўся. У сорак шостым годзе. Чаму не спяшаўся?

— Відаць, не ад яго залежала.

— Памятаеш, ён і ў школе лез на першыя месцы. Выступаў на мітынгах, заклікаў. Тыповы кар’ерыст. А вучыўся ж так сабе.

— Ну, вялікай кар’еры ён не зрабіў.

Размова на гэтым і скончылася...

 

V

Ляснічы Васіль Шавалонка ў размове з сакратаром гарсавета трохі пакрывіў душой. Свядома апусціў некаторыя падрабязнасці. Красней сапраўды ведаў, каго выклікаў: у гарадку не было другога чалавека, хто б больш, чым ляснічы, мог расказаць пра Васю-Бліцкрыга. Раслі на адной вуліцы, разам хадзілі ў школу. Нейкі час і ў вайну былі разам.

У школе Вася Біклага (тады яшчэ Бліцкрыгам яго не звалі) вызначаўся галоўным чынам па лініі абароннай работы. То быў час, калі найбольшай доблесцю сярод школьнікаў лічылася мець чатыры абаронныя значкі: ГПА, ППХА, ГСА і ВС. Вася не толькі меў усе чатыры, але ўвогуле лічыўся найвыдатнейшым актывістам. Часу, каб наладзіць стралковыя спаборніцтвы ці арганізаваць паход у процівагазах, ён не шкадаваў. Меў ён, здаецца, усе даныя, каб па сканчэнні дзесяцігодкі паступіць у ваеннае вучылішча і выйсці адтуль першакласным камандзірам. Нельга было не залюбавацца яго стройнай фігурай, яго вайсковай выпраўкай, ніхто лепш за Васю не аддаваў рапарты старшыні раённага Савета Асаавіяхіма.

Дзяўчаты на Васю заглядаліся, а настаўнікі заслужана яго вылучалі.

Трошкі дзіўныя рэчы пачалі адбывацца з любімцам школы, калі грымнула сапраўдная вайна. Фронт да гарадка набліжаўся імкліва, хлопцы-дзесяцікласнікі ды нават і маладзейшыя за іх аставацца пад немцам не хацелі. Было вырашана адступаць. Вася першы выказаў такую прапанову, але першы і схібіў. Калі шасцёра хлопцаў з торбамі на плячах зайшлі па Васю, дома яго не засталі. Пазней, праўда, высветлілася, што дома Вася быў, але схаваўся на той час у пустую бочку з-пад гуркоў.

Маладосць не мае злой памяці. Тым болей што адыход з мястэчка хлопцам не ўдаўся. Немцы захапілі пераправу на Дняпры, і прыйшлося вярнуцца дадому.

На пачатку першай ваеннай зімы тыя самыя хлопцы-ўцекачы арганізавалі ў гарадку падпольную групу. Помсціць Васю за здраду не сталі — прынялі і яго.

Напрадвесні, калі на ўзбраенні самадзейных падпольшчыкаў была толькі вінтоўка ды абрэз, Вася тым не меней на адной з патайных сходак выставіў прапанову падымаць у гарадку паўстанне. Яго злосна высмеялі. Але ён не супакоіўся. Пачаў вербаваць новых хаўруснікаў. Звязаўся з тыпам, які пазней адкрыта перайшоў на бок фашыстаў. У выніку некалькі чалавек з тых, хто толькі-толькі пачалі прылучацца да справы, былі арыштаваны.

У час арыштаў на станцыі стаяў эшалон з мабілізованымі ў Германію. Вася, нікога не папярэдзіўшы, сеў у вагон.

Праз чатыры гады Біклага вярнуўся ў мястэчка. Хлопцы, што засталіся жывымі, дапыталі яго. Вася не таіў, што там, у Нямеччыне, уцякаў з месца на месца, мяняў прозвішчы, лічачы, што фашысты яго шукаюць. Праўда, ён трохі блытаў з гэтымі ўцёкамі. Спачатку называў адзін горад, а праз месяц, забыўшы — другі.

У бліжэйшым ад гарадка вялікім горадзе размяшчаўся лясны інстытут. Шавалонка, які за вайну і ў партызанах пабыў, і на фронце, вучыўся там. Добра вучыўся, меў аўтарытэт. Менавіта ён і ўгаварыў інстытуцкае начальства прыняць Васю на вучобу ў пачатку другога семестра. Але ўжо ў канцы гэтага самага семестра Біклагу з інстытута выключылі. Улез у незаконны гандаль, меў два прыводы ў міліцыю.

Прыкладна з таго часу Вася і пачаў ацірацца каля станцыйнага буфета. Дарма гарэлкай ніхто не поіць, таму сябрам-застольнікам прыходзілася расказваць розныя незвычайныя гісторыі. Вася спецыялізаваўся пераважна на Германіі.

— Я ведаю нямецкія ўзброеныя сілы! — выгукваў ён.— Называюцца Вермахт. Гітлер пачаў бліцкрыг...

З таго часу і пайшло — Вася-Бліцкрыг.

 

VI

Натура ў Васі кіпучая, дзейсная, яна не хіліцца да нуднай будзёншчыны, ёй трэба выбухі, феерверкі.

З былых Васевых сяброў стаў паважаным чалавекам не адзін толькі Шавалонка. Ёсць яшчэ дырэктар школы Кухмар, ёсць чыгуначны інжынер Папруга і нават дацэнт педагагічнага інстытута ёсць. Кожны з гэтых асоб, якія займаюць у жыцці пэўнае месца і становішча, паспрабавалі, не забываючы былое сяброўства, знайсці прымяненне біклагавай энергіі і здольнасцям.

Кухмар угаварыў загадчыка райана, і Васю залічылі выкладчыкам фізкультуры ў адну з гарадскіх дзесяцігодак. Усё-такі некалі ён выдатна займаўся спортам. На першым часе здавалася, што справа пайшла на лад. Вася даваў бліскучыя справаздачы аб рабоце спартыўных секцый, аб падрыхтоўцы разраднікаў.

На аснове гэтых справаздач райана наважыла накіраваць на абласныя спаборніцтвы некалькі вучняў старэйшых класаў.

Але тут і высветлілася, што ні секцый, ні разраднікаў увогуле не існуе. Проста Васю ўдалося заключыць са старшакласнікамі джэнтльменскае пагадненне. На ўроках фізкультуры яны займаліся чым хацелі, але затое настаўніка не выдавалі.

Чыгуначны інжынер Папруга, які працаваў у другім горадзе і ўсіх Васевых паходжанняў не ведаў, уладкаваў Бліцкрыга тэхнікам у пуцейскую вагон-майстэрню. У майстэрні Вася папрацаваў тыдзень. Але за гэты тыдзень з вагона знікла большая палавіна ламоў, кірак, рыдлёвак, а жалезную печку-буржуйку, якая абагравала рамонтнікаў зімой, удалося вярнуць з базара. Хадзілі чуткі, што Вася шукаў купцоў і на вагон, але не паспеў знайсці.

Такі мела выгляд Бліцкрыгава практычная дзейнасць. Але была яшчэ спроба вярнуцца на сцежкі навукі. Гадоў праз дзесяць пасля няўдалага навучання ў лясным інстытуце Вася паступіў на завочнае аддзяленне ў інстытуце замежных моў. Гэтаму ў нейкай ступені спрыяў дацэнт, які там працаваў. Прадметам вывучэння Бліцкрыг абраў нямецкую мову. Ён жа ўвогуле пахваляўся, што ведае гэтую мову дасканала і яму за свае веды трэба фактычна атрымаць толькі фармальны дакумент.

Вася з’ездзіў на сесію, завёў канспекты па ўсіх прадметах, якія чыталі завочнікам, здолеў атрымаць у інстытуцкай бібліятэцы цэлы чамадан падручнікаў. Праз месяц вярнуўся дамоў маўклівы і засяроджаны. У станцыйны буфет ні нагой. Вось менавіта тады і прайшла па гарадку добрая слава пра Бліцкрыга. Маўляў, узяўся за розум, стаў чалавекам. Некаторыя ўвогуле апраўдвалі Васю цалкам, вінавацячы ў яго нягодах іншых людзей.

Тады ж Бліцкрыг і ажаніўся. З пастаяннай работай ён не любіў звязвацца, але грошай меў, бадай, не менш, чым ляснічы Шавалонка. Капейка ў капейку заробкі, прыбыткі аддаваў бацьку. Пра гэта мала хто ведаў, але ва ўсе часы было іменна так. Бліцкрыг нездарма аціраўся на станцыі: тры, а то і чатыры разы на месяц падварочвалася пад рукі хаўтурка: нагрузіць ці разгрузіць вагон. Ва ўмовах тэрміновасці заказчыкі за цаной не стаялі. За тры дні Бліцкрыг меў тое, што Шавалонка за месяц.

Дык вось дзеля таго, каб пашырыць поле сваіх заробкаў, Бліцкрыг іншы раз сягаў і на суседнія станцыі. У Лапічах, бліжэйшай ад гарадка вёсцы, ён і пазнаёміўся з выкладчыцай нямецкай мовы Валяй Шпакоўскай. Гэта была ціхая, сарамяжная дзяўчына, якая, скончыўшы інстытут, прыехала працаваць разам з сястрой-школьніцай.

У свае трыццаць пяць гадоў Вася быў кавалер ніштаваты: энергічны, мужны твар, з арліным, трохі загнутым носам, шырокія плечы, зграбная постаць.

Увесь Васеў воблік дыхаў чымсьці дужым, глыбока мужчынскім. Вася не ўтаіў тых нягод, якія выпалі на яго жыццёвай дарозе, і бачыў, што Валя яму шчыра спачувае. Але ж наперадзе перспектыва: у кішэні пінжака заліковая кніжка, якая сведчыць, што Вася — студэнт-завочнік і ў хуткім часе таксама можа прыйсці ў школу настаўнікам. Карацей кажучы, Вася і Валя схадзілі ў загс і запісаліся.

На першым часе муж не ставіў перад жонкай вялікіх задач: так, прасіў выканаць сякія-такія кантрольныя работы для завочнага аддзялення. Жыў па-ранейшаму ў бацькі. Яму да капейкі аддаваў заробкі. Раз на два тыдні прыязджаў да маладой жонкі начаваць. Так працягвалася з паўгода. Потым наступіў канец сямейнаму шчасцю. Валя была на дзесяць гадоў маладзей за Васю, але сказала яму словы, якіх ні разу не сказаў яму хто-небудзь другі:

— Ты не выйшаў яшчэ з дзіцячага ўзросту...

Кінула ў сярэдзіне навучальнага года школу, разам з сястрой з’ехала невядома куды. Пасля ўцёкаў жонкі Вася страціў інтарэс да завочніцтва.

 

VII

Былы начальнік міліцыі Паліпончык прыязджаў у мястэчка. Збіраўся на песнію, і яму спатрэбіліся нейкія паперкі. Сустрэўшы Мікіту, Піліпончык ніякай злосці не паказаў, працягнуў руку, а развітваючыся, як бы паміж іншым спытаў пра Бліцкрыга.

— Ды піша ўсё! — усклікнуў Мікіта.— Няхай яму балячкі грудзі спішуць. І ўправы няма. Вось хоць бы вас узяць. Не абы-кім, а начальнікам міліцыі былі. Два разы пасадзілі, а на трэці збаяліся...

— Ды тут, брат, не страх,— Піліпончык усміхнуўся.— Кропля камень точыць...

Зноў жа як бы паміж іншым Піліпончык сказаў, што сустрэў чалавека, які ведаў Бліцкрыга па Германіі, і чалавек гэты сказаў пра яго не вельмі добрае. Мікіта верыў і не верыў... Але іменна Мікіце прыйшлося быць сведкай дзеі, якая на гэты раз адбылася не ў станцыйным буфеце, а ў прырэчным рэстаранчыку, у самы пярэдадзень Першамайскага свята. Мікіта вярнуўся з далёкай вёскі, прамоклы і злосны, бо ўшчэнт разнесены павадкам мост, дзеля якога ён туды ездзіў, наладзіць не ўдалося. Маючы ў кішэні скамечаную траячку, дарожны майстар завярнуў у рэстаранчык, каб трохі сагрэцца і падняць настрой.

Бліцкрыг сядзеў за сталом у кампаніі незнаёмых людзей, п’яны, чырвоны, з пасалавелымі вачамі.

— Разведка — бог вайны! — выгукваў ён.— Я ў вайну выконваў асобыя заданні. Быў у Германіі, у тыле варожых войск.

Мікіта хацеў ужо сігануць за парог, але яго ўвагу прыцягнуў чалавек, які не сядзеў, а стаяў ля стала, абшчаперыўшы рукамі спінку крэсла і пільна ўглядаючыся ў бліцкрыгаў твар. Штосьці ў твары гэтага немаладога чалавека, мяркуючы па зашмальцаванай ватоўцы, шафёра, здалося Мікіце незвычайным.

— Разведчык можа зрабіць тое, чаго не зробіць цэлая армія,— працягваў Бліцкрыг.

— Слухай, друг, тваё прозвішча часам не Біклага? — спытаў раптам незнаёмы.

— Біклага, а што?

Незнаёмы ўшчыльную падступіў да Бліцкрыга, узяўшы загрудкі, падняў з крэсла.

— Помніш Мюлендорф, баўэра Пэтэра помніш? Чаму ж ты, разведчык, залез у нару, калі мы з Сашкам уцякалі? Разам жа збіраліся. Компас наш прыкарманіў. Палучай, сука!..— Незнаёмы біў Бліцкрыга па твары, і галава ў таго матлялася, як у нежывога...

Прамінулі гады. Гарадок разросся, яго цяпер з поўнай падставай называюць горадам. Шавалонкаў сын закончыў інстытут, паехаў працаваць аж на Далёкі Усход.

Бліцкрыг жыве сабе, хоць парадкам пасівеў. Няма вечара, каб не з’явіўся ў станцыйны буфет. Злавіўшы хоць адно слова пра вайну, напружваецца, як вайсковы конь, які зачуў гук баявой трубы. Расказвае, бясконца расказвае...

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 502-515
Крыніца: скан