epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Вясновыя праталіны

І
II
ІІІ
IV
V


І

Галінка рабіны ўсю ноч біла ў шыбу, у коміне плакаў вецер, грукала непрывязаная аканіца. Мікалай Аляксеевіч не спаў, хоць вярнуўся на кватэру стомлены і прамоклы да ніткі. Учора яны разам з загадчыкам фермы Цімохам Збанком аблазілі ўсё Зарэцкае і ні да чаго пэўнага не дадумаліся. Дарогу да Мядзведкі расквасіла зусім — ні на санях па ёй, ні на калёсах. А за Мядзведкай — цэлае возера, хоць садзіся на лодку і шыбуй прама на Курган, дзе скіданы стагі. Можа, і прывязеш тады сена — у лодцы...

Збанок мітусіўся, лез у самую ваду, а пасля ў яго высокіх гумавых ботах чвякала ўсю дарогу. Гэтае чвяканне больш за ўсё выводзіла з цярпення Мікалая Аляксеевіча, і ён ледзь стрымліваўся, каб не змяшаць Збанка з граззю. Хацелася спытаць Збанка, чаму ён не праяўляў сваёй руплівасці тыдзень назад, калі праз Мядзведку ляжала добрая санная дарога і ўсё сена можна было вывезці за тры дні. І яшчэ было вострае жаданне пацікавіцца, ці ўдалася самагонка ў Краўцовай Алены, якой ён, загадчык фермы Збанок, штодня выводзіў палачкі ў табелі і якая з’яўлялася на рабоце гады ў рады.

Пра Аленіны працадні Мікалай Аляксеевіч даведаўся гэтымі днямі, калі ўсё яно і само выплыла наверх. Адсюль вынікала горкая і балючая праўда, што ён, новы старшыня, за гэтыя тры месяцы сваёй работы нічога людскага ў калгасе не зрабіў. Чым ён лепшы за Канапляніка, якога змяніў і якога сам лаяў на справаздачна-выбарчым сходзе? Ну, Канаплянік піў гарэлку, быў нячысты на руку, па тыднях не бываў у праўленні, рабіў розныя агіднасці, ведаючы, што рана ці позна яго вясёлыя дзянькі скончацца. Ён, новы старшыня, не п’е гарэлкі, сядзіць крукам у праўленні, ужо другі месяц складаючы разам з рахункаводам перспектыўны план развіцця калгаса. А якая розніца паміж Канаплянікавым і яго кіраўніцтвам? Невялікая, калі зайсці на ферму і паглядзець, што там робіцца.

Учора зранку Мікалай Аляксеевіч заглянуў на ферму і жахнуўся. Сена выйшла зусім. У кармушкі панакідана леташняе аб’еддзе, якое толькі што пасцягвалі з вышак.

Старшыня доўга мясіў гной, ідучы з хлява ў хлеў, усё больш набіраючыся злосці. Вазьмі цяпер з гэтага самага Збанка, які, утуліўшы голаў у плечы, паслухмяна і пакорліва клыпае ззаду. Сена можна было вывезці з Кургана. Але Збанок не разлічваў, што ў сярэдзіне студзеня гэтак распусціць.

— Дык што рабіць будзем? — спытаўся старшыня ў жывёлаводаў.— Самі вінаваты. Давайце цяпер самі ратунку шукаць.

— Няхай праўленне самалёт купіць, можа, тады і падступімся да Зарэцкага,— кінуў нехта невясёлы жарт.— Гавораць жа, што цяпер вы там дзень і ноч нейкія планы складаеце...

У групе пракаціўся смяшок, а Мікалай Аляксеевіч адчуў, як чырвань апякла твар, а ў грудзях затахкала сэрца. З хвіліну ён не мог прамовіць і слова.

— Часаць языкі і калгас развальваць я нікому не дазволю! — крыкнуў старшыня.— Няхай Збанок вінаваты, няхай старшыня, а вы дзе былі? Хто з вас прыйшоў у праўленне і сказаў, што трэба падвезці пабольш сена? На дзядзьку спадзяваліся?

— А ты не крычы! — з гурту рванулася нізкая, з пабітым воспаю тварам даярка Сынклета Крывіцкая.— Вінаватых вы ўсе шукаць умееце.

Яна ўзяла рукі ў бокі і ўшчыльную падступіла да Мікалая Аляксеевіча, матнула нагой. Стары, разлезлы галёш сарваўся з Сынклецінай нагі і ляснуўся аб сцяну хлява.

— Палюбуйся, новы старшыня, якую спяцоўку выслужыла Сынклета Крывіцкая за два гады на ферме. Колькі даў бы ты за гэтую спяцоўку ў кірмашовы дзень? Ну, гавары!..

З абшарпанай, падвязанай хусткай Сынклецінай фуфайкі шэрымі касмылямі лезла вата, на нагах у жанчыны былі вялікія разлезлыя галёшы.

— Чаго ж ты маўчыш, старшыня? — наступала Сынклета.— Ці, можа, першы раз мяне ўбачыў такую прыгожую ды харошую? Дык як ты думаеш, добра мне плаваць па гразі ў такім абутку? Крычаць дык ты, мабыць, умееш, пачулі ўжо, дзякуй богу, а дзе бачыць трэба, дык табе і вочы засланіла...

Першы раз за час сваёй работы ў калгасе апынуўся Мікалай Аляксеевіч у такім недарэчным становішчы. Абыходзіцца з людзьмі ён, здаецца, умеў, а тут, на табе, сарваўся... Старшыня не ведаў, што рабіць.

— Няма пра што гаварыць,— пачуўся з гурту па-дзявочаму звонкі голас цялятніцы Ганны Хведасюк.— Ведаеш жа, Сынклета, якое багацце ў нас, дык чаго артачыцца лішне. Хамута добрага на ўсю ферму няма, а табе спяцоўка. Які пан, такія і халявы. Парадак трэба спачатку навесці...

Мікалай Аляксеевіч, які нарыхтаваўся ваяваць, адразу абмяк. Разам загаманіў увесь гурт, людзі перапынялі адзін другога. Выйсце было толькі адно — вазіць сена з другой брыгады, з Выселкаў. Гэта восем кіламетраў у адзін толькі канец, па бездарожжы. На пабітую аўтамашыну, якая паўгода ўжо стаіць на прыколе, разлічваць не прыходзіцца...

Усю гэтую ноч Мікалаю Аляксеевічу не давала спакою неадступная думка: у чым ён памыліўся? Учарашняя размова на ферме пакінула прыкры, горкі ўспамін. У вачах паўставаў абшарпаны ўбор Сынклеты Крывіцкай, рэзаў вушы яе ўедлівы голас. Так, пра спяцоўкі жывёлаводам трэба было падумаць раней. Але ці яго гэта віна? Ён жа прыняў спадчыну, горш якой не знойдзеш. Рахункі ў банку арыштаваны, грошай ні капейкі, растуць працэнты на пазыку, якая не пагашалася з таго часу, як яе ўзялі. Сабралі за гэтыя месяцы лічаныя капейкі, і паспрабуй імі заткнуць усю прорву. Не трэба было пакідаць Збанка загадчыкам фермы. Які з яго загадчык? Баламут нейкі, сем пятніц на тыдні ў яго. Але каго паставіць на месца Збанка?

Галінка рабіны раз-пораз біла ў акно, грукала аканіца, і Мікалай Аляксеевіч ніяк не мог заснуць. За перагародкай на печы вохкала ў сне гаспадыня бабка Ульяна, са стала скокнуў стары гультаяваты кот, які, відаць, у гэты позні час шукаў сабе спажывы.

Крычаць учора, вядома, не варта было, крыкам справе не пасобіш. Але ў глыбіні душы старшыня быў пакрыўджаны на калгаснікаў. Яго, выходзіць, не разумеюць. Учора падкалоў нават нехта: дзень і ноч седзіцё ў праўленні, усё планы складаеце... Іменна з плана і хацеў пачынаць ён, новы старшыня, і ніхто ніколі не саб’е яго. Яшчэ працуючы аграномам абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі, Мікалай Аляксеевіч абдумаў усе тыя захады, якія зробіць ён, прыехаўшы ў калгас. Першая справа, вядома,— план, гэта ж відаць і сляпому.

Як аграном, Мікалай Аляксеевіч добра бачыў тыя недахопы, якія ўкараніліся ў гаспадарцы. Зямля неблагая і многа яе, але догляду гаспадарскага не было. Сеюць без гною. Зямля запушчана. Перад яго прыездам, нібы на смех, трэці раз узапар пасеялі жыта па жыце. Якая ўжо тут, к д’яблу, агратэхніка. Але чаму так? Шкодніцтва? Якое там шкодніцтва. Самая звычайная абыякавасць, якая горш за шкодніцтва. Шкодніка можна за каўнер ды ў турму. А тут і кіраўнікі, і людзі, бадай, прызвычаіліся да думкі, што як ні рабі, а з прорвы не вылезеш.

З чаго ж пачынаць работу ў такіх умовах, як не з плана? Не абяцаць ніякіх малочных рэк, а сказаць проста і ясна: давайце працаваць... Толк будзе...

Пад раніцу ўжо ў памяці старшыні ўсплыў худзенькі тварык Ганны Хведасюк. Да Мікалая Аляксеевіча толькі цяпер дайшло, што гэта яна сваім умяшаннем спыніла ўчора непажаданую для яго размову.

«Ганну Хведасюк трэба прызначыць загадчыцай фермы,— прыйшла раптам ясная думка.— Гэтая выцягне...»

Гаспадыня прачнулася ўжо і бразгала чыгункамі. Мікалай Аляксеевіч наважыў заснуць і накрыўся коўдраю з галавой.

 

II

Студзеньская адліга была нядоўгай. Падзьмулі злыя сіверы, Мядзведку скавала зноў, і, мабыць, надоўга ўстанавілася сухое, марознае надвор’е. Раніцамі з комінаў вясковых хат узнімаліся ў халодную сінечу неба прамыя шызыя слупы дыму. Вясёлыя вераб’і не падавалі голасу і хаваліся ў застрэшшах. Толькі на Мядзведцы было шумна. З ранку да вечара па люстрана-зялёнай гладзі Мядзведкі коўзалася дзетвара. Шустрыя хлопчыкі ў расхлістаных кажушках не прапускалі ніводных саней. Яны чапляліся ззаду і, расчырванелыя, здаволеныя, гатовы былі імчацца так да самага Кургана. Дзядзькам, што ехалі па сена, прыходзілася раз-пораз здымаць важкія рукавіцы з адным пальцам і брацца за пугі.

Збанок стараўся, шчыраваў. Ён занараджваў цяпер усе падводы, якія былі ў калгасе, і адпраўляў іх па сена. Старшыня проста не разумеў, чаму ў Збанка раптам з’явіўся такі спрыт.

Халодным зімовым вечарам быў склікан агульны сход, на якім старшыня хацеў пазнаёміць калгаснікаў з перспектыўным планам і атрымаць іх адабрэнне.

Людзі на сход збіраліся даволі дружна. Адчыняліся і зачыняліся дзверы, і разам з белымі клубамі марознага паветра ў школу заходзілі калгаснікі. Больш за ўсё прыйшло мясцовых, шчаўроўскіх. З Выселак і Зазыбаў, дзвюх далёкіх ад цэнтра вёсак, прыйшлі амаль адны толькі мужчыны.

За сталом у чырвоным дубленым кажусе сядзелі выселкаўскі брыгадзір Лявон Гарнастай, доўгі, як жардзіна, рахункавод Пятро Кавалеўскі і яшчэ некалькі калгаснікаў. Збанок у прэзідыум не сеў, ён, мабыць, прачуў ужо, што яго будуць здымаць.

Першым па парадку якраз і стаяла пытанне аб жывёлагадоўлі. Мікалай Аляксеевіч устаў і расказаў пра безгаспадарчасць Збанка, пра тое, што ён п’е, незаконна прыпісвае працадні. У канцы старшыня паведаміў, што праўленне наважыла зняць Збанка з работы, а загадчыкам фермы прызначыць Ганну Хведасюк.

З тым, каб зняць Збанка, згадзіліся ўсе.

На прапанову аб прызначэнні загадчыцай фермы Ганны Хведасюк сход адказаў прытоеным маўчаннем. Гэта ў першую хвіліну збіла Мікалая Аляксеевіча з панталыку. Ён стаў таропка даказваць, што праўленне ведае Ганну як добрую работніцу, што ёй будуць памагаць...

— Не хвалі ты нам Ганну,— пачуўся ззаду голас Сынклеты Крывіцкай.— Мы яе лепш за цябе ведаем. Ты скажы, што ёй з дзецьмі рабіць. Хіба за хвост сабе прывяжа?

Над сталом падняўся на ўвесь свой доўгі рост рахункавод Пятро Кавалеўскі.

— Пасядзяць дома дзеці,— крыкнуў ён густым басам.— Не маленькія...

— Хату падпаляць,— не здавалася Сынклета.

Пятро ўхапіўся, нарэшце, за самы галоўны козыр.

Ён паведаміў, што для ўсіх, хто працуе цяпер на ферме, закуплена спецвопратка — ватнікі, гумавыя боты — і што заўтра ўсё гэта можна атрымаць на складзе. Зала прыціхла, а рахункавод з выглядам пераможцы паглядзеў на старшыню, хоць сам жа першы працівіўся, каб выдаць апошнія грошы на гэтую пакупку.

Ганну Хведасюк прызначылі.

— Садзіся за стол, ты ж цяпер начальніца,— параіў ёй той жа рэзкі Сынклецін голас, але жанчына, пачырванелая і збянтэжаная, не кранулася з лаўкі і толькі нервова перабірала пальцамі махры суконнай шэрай хусткі.

Затым выступіў Мікалай Аляксеевіч. Ён акінуў позіркам залу: толькі на некалькіх першых лаўках сядзелі пераважна мужчыны, далей жа ўсюды былі хусткі і касынкі. Старшыня гаварыў проста, спакойна, па памяці называў урочышчы. Гэта, відаць, людзям падабалася.

Але калі старшыня пачаў называць лічбы, па зале папаўзлі спачатку ціхія перашэпты, а потым і прыглушаная гамонка.

Апошнюю, самую галоўную частку плана старшыня даводзіў сходу, калі жаночая палавіна залы гаманіла ўголас. Дарэмна Пятро Кавалеўскі падымаўся над сталом, барабаніў тоўстым чырвоным алоўкам па графіне, заклікаў жанок да парадку. Яны на хвіліну сціхалі, але потым зноў цягнуліся галава к галаве і зноў горача гаманілі пра сваё, жаночае.

Мікалай Аляксеевіч, нарэшце, скончыў, і зала сціхла. Жанкі чакалі, што будзе далей.

— Калі салому раздаваць будуць? — устала з месца Сынклета Крывіцкая.— Канаплянік абяцаў перад зімой па дварах развезці, а новы старшыня як вады ў рот набраў. Сэрца ўсё збалелася: у хлеў зойдзеш, а карова калоціцца як асінавы ліст. Ляжыць жа цэлую ноч на гнаі; сама б, здаецца, пад яе легла...

— Пачакай, цётка Сынклета, пра салому потым,— забарабаніў аб графін Пятро Кавалеўскі.— Мы спачатку план павінны абмеркаваць.

— Пакуль той план, дык карова акалее!..

У зале зноў загаварылі, і з гэтай рознагалосай жаночай гамонкі нельга было разабраць ні слова. Кожная старалася давесці сваё. Але рахункавод быў, відаць, прызвычаены да такіх рэчаў. Ён стаяў над сталом, барабаніў аб графін алоўкам і цярпліва чакаў, пакуль пройдзе гэты націск жаночай красамоўнасці. Ён такі дамогся свайго. Жанкі паступова сціхлі, і тады слова ўзяў сам рахункавод. Ён гаварыў пра тое, што і старшыня, толькі па-свойму. Пятро называў калгаснікаў па прозвішчах, успамінаў, колькі атрымалі яны на працадні летась і пазалетась, і паведаміў, што атрымаюць у гэтым годзе, калі гаспадарка будзе весціся па намечаным плане. Рахункавода слухалі. Услед за ім выступіў Лявон Гарнастай. Яны ўдвух досыць добра давялі сходу тое, што з-за шуму не здолеў давесці старшыня.

Са школы Мікалай Аляксеевіч, рахункавод і Лявон Гарнастай выйшлі апошнімі. Трашчалі ад цэпкага марозу парканы, у неба зырка мільгацелі на дзіва ясныя і чыстыя зоркі. Сям-там у вокнах свяціліся агні. Закіданая снегам, прыціхлая вёска ў гэты паўночны час здавалася прыгожай.

— Ну, добра, пайду дамоў,— старшыня падаў руку рахункаводу і брыгадзіру.— Заўтра ў раён трэба.

— Пастой, Мікалай Аляксеевіч,— брыгадзір затрымаў старшынёву руку.— Ты, брат, нешта раскіс. Можа, пра сход думаеш? Сход, канешне, не вельмі выдатны, але лепшых у нас даўно не было. Гэта ж табе не ў гарадскім тэатры — пазваніў у званочак — і гавары па рэгламенце.

— Галава нешта баліць, выспацца трэба,— паскардзіўся старшыня.

Ён наставіў каўнер і таропка рушыў у кірунку сваёй кватэры.

Брыгадзір з Пятром Кавалеўскім яшчэ крыху пастаялі на вуліцы, а потым рашуча павярнулі да рахункаводавай хаты.

— Добры хлопец, хоць і малады,— сказаў Лявон Гарнастай.— Толькі дзікаваты ці фанабэрысты.

— У бухгалтэрыі ён разумее,— зазначыў рахункавод.— А чаго ён наогул варты — пабачым...

За апошні тыдзень Мікалаю Аляксеевічу прыйшлося аж два разы з’ездзіць у раён. Ад Шчаўроў да раённага цэнтра, калі ехаць шляхам, было, бадай, цэлых сорак кіламетраў. Але цяпер, зімой, гэтая адлегласць дзякуючы Мядзведцы вёрст на восем скарачалася. Там, дзе шлях, мінаючы балоты, даваў ладны крук, па Мядзведцы можна было ехаць напрасткі. Атуленая хмызнякамі і трысцём, Мядзведка не падавала ніякіх адзнак жыцця. Толькі калі выедзеш на гала, дзе алешыны і кусты не абступаюць рэчку, там снег не трымаецца на люстранай паверхні лёду, а рэчка не хоча паддавацца марозу. У гэтым месцы вада ўздувае лёд, робіць палонкі, з якіх у марозныя дні валіць белая пара. Летам тут круцяць віры, і самыя спрытныя плыўцы не адважваюцца тут купацца. Дзядзькі добра ведаюць гэтае месца, і там, дзе рэчка робіць круты паварот, вырываючыся з трысця і алешніку, яны выязджаюць на бераг і вярсты дзве едуць проста па полі.

Вознік Баніфацый Міцкевіч пад’ехаў да старшынёвай кватэры яшчэ на золаку. Гэты маўклівы, пануры з выгляду чалавек падабаўся Мікалаю Аляксеевічу. У час паездкі яны ўсю дарогу маўчалі і думалі кожны аб сваім. Баніфацый нязменна вазіў дзяружку, каб старшыні было чым ухутаць ногі. Сам ён адну нагу хаваў пад сена, а другую — на дзеравяжцы — нібы на паказ, ускладаў на драбінку вазка.

— Дзе вам нагу адцялі? — спытаў Мікалай Аляксеевіч.

— Пад Нарвай,— спакойна адказаў Баніфацый.— На міну натрапіў.

Яны зноў з паўгадзіны ехалі моўчкі.

— Хто гэта назваў рэчку Мядзведкай? — пацікавіўся Мікалай Аляксеевіч, калі яны пад’ехалі да павароту, дзе трэба было ўзбірацца на бераг.— Добрая Мядзведка, калі ее і марозам не проймеш.

— Рэчка быстрая,— згадзіўся Баніфацый.— Дзед мой мне малому казаў, што тут некалі мядзведзі вадзіліся. Можа, і назва ад гэтага. А вёрст за дваццаць адсюль вёска Мядзведзічамі завецца, там гэтая ж рэчка цячэ. Добры калгас там, у Мядзведзічах,— апошнія словы Баніфацый прамовіў з непрытоенай зайздрасцю.

— А наш дрэнны? — запытаў старшыня.

— Дрэнны. Горшага, мабыць, і няма ва ўсёй вобласці. Яшчэ Хаўратовічы на нас паглядаюць. Можа, сустракалі, іх старшыня, як і вы, на санях у раён прыязджае.

— Сустракаў,— Мікалай Аляксеевіч на гэты раз прадчуваў, пра што будзе гаварыць яго маўклівы вознік.— А хто ж вінаваты, што дрэнна ў нас?

— Хто яго ведае,— з хвіліну памаўчаўшы, адказаў вознік.— Прычын многа розных. Людзі не ў той бок паглядаюць, бо заробак, сказаць па праўдзе, нецікавы. Я вось цэлы год Канапляніка вазіў, вас цяпер важу, коней даглядаю, ды і жонка сяды-тады выходзіла. Атрымалі ж мы не надта — дванаццаць пудоў збажыны авансам. Я так лічу, што гэты аванс і на канчатковае выйдзе. Мне набок падацца нельга, а хто сілу мае, той на калгас не глядзіць. За ўсякую халеру хапаюцца, абы-дзе капейку ўрваць. На падсочку ідуць, смалу гоняць, грыбы вараць, на цагельні гліну месяць, а зямля, як бог дасць. Мая жонка і то іншы раз пілуе: ты б, кажа, лепш лыжкі стругаў ды цабэркі збіваў, і то б карысць была большая...

— Дык як жа вы дапусціліся да такога развалу? — не вытрымаў Мікалай Аляксеевіч.

— А так вось і дапусціліся. Да вайны калгас наш быў ніштаваты, у сілу ўбіраліся. І я нават як конюх на выстаўку ў Маскву з’ездзіў. Пры немцах, самі ведаеце, гаспадарка зруйнавалася, ад вёскі адны галавешкі засталіся. Гадоў тры ці чатыры будаваліся. Старшыня ў нас тады з галавой быў — Сініцкі. Ён у «Плодагародніне» цяпер загадчыкам. Дык зноў не пашанцавала — хварэць стаў старшыня, у раён папрасіўся. Прыслалі другога нам старшыню, таксама някепскі быў чалавек, але вельмі ўжо слабахарактарны. І ўраджай у нас быў той год лепш не трэба. Едзеш па полі, і душа радуецца — жыты, аўсы, ячмені зямлю рвуць. Я ўжо думаў: ну, дзякуй богу, выб’емся ў людзі. Але, як гавораць, не пераскочыў — не кажы гоп. Скруцілі нашага старшыню з яго характарам у дзве столкі.

— А вы куды глядзелі? — спытаў старшыня.

— А туды і глядзелі... Быў ён, Махнач, слабы характарам, я ўжо гаварыў. Ну, той яго пакліча ў хату, чарку дасць, другі пазаве. А ён і не п’яніца быў, а адмовіцца не ўмеў. А людзі ж розныя ёсць — адзін з адкрытай душой частуе, а другі даўно ўжо вылічыў, што за гэтую чарку прыбудзе ў яго хаце. Каб хаця ён з разборам хадзіў, гэты Махнач. А то глядзіш — пасядзіць у якога-небудзь тарбахвата, што ад работы туляецца, як сабака ад мух, а той назаўтра воз мурагу вязе. А сумленным людзям крыўдна: працуй, чакай, пакуль табе ў канцы года што-небудзь на працадні перападзе. Так і пайшло — адзін хапае, другі хапае. А тут і раён яшчэ памог. Выканаў наш калгас пастаўкі, здаў натураплату. У раёне бачаць — цягне. На табе яшчэ адну норму, выканай за тых, што пакуль не намалацілі. Па суседству памагчы можна б было, калі сапраўдная бяда, гэта я разумею. Але ў тых жа Хаўратовічах малатарню паламалі, хлеб у бабках пагніў, а мы за іх здавай. Другі б старшыня пастаяў за свой калгас, даказаў бы раённаму начальству, што і для яго ёсць законы, а наш хацеў добрым быць. Выканалі мы хаўратоўскую пастаўку, падлічылі, што засталося, і селі макам! Толькі і засталося — пасеяць...

З таго часу і пайшоў беспарадак. Чатыры старшыні да вас змянілася, а ладу так і не навялі.

— Дык што ж мне рабіць, я ж чырвонцаў не прывёз у чамадане! — у голасе Мікалая Аляксеевіча прагучала крыўда за беспарадак, за які і ён цяпер адказваў.

Баніфацый шмаргануў лейцамі, і буланы з заінявелай грывай жарэбчык лёгка перайшоў на рысь. З берага яны зноў з’ехалі на рэчышча Мядзведкі, і мерны пошчак конскіх падкоў аддаваўся гулкім рэхам у прыбярэжных лазняках.

— Народу вашы чырвонцы не трэба,— пасля невялікага роздуму сказаў Баніфацый.— Ён і так зразумее, калі да яго з адкрытай душой...

Дзень для старшыні быў удалы: ён дабіўся крэдыту на мінеральныя ўгнаенні, а ў райвыканкоме даведаўся, што яго калгасу занараджана гатунковае насенне. З раённай пошты Мікалай Аляксеевіч пагаварыў з жонкай. Дамоў ехалі, калі над сінімі зімовымі палямі ўжо была ноч. Пацяплела, жарэбчык бег дадому сваёй ахвотай. Сям-там краем дарогі мільгалі агеньчыкі вясковых хат, зрэдку прарэзваючы фарамі лёгкі зімовы змрок, імчалася насустрач гружаная дрэвам леспрамгасаўская машына. Перад самай дамоўкай Баніфацый, пахваліўшы надвор’е, запрасіў Мікалая Аляксеевіча заўтра, у нядзелю, да сябе ў госці.

— На старасці год сына прычакаў,— усхваляваным, новым голасам сказаў Баніфацый.— Трое ў мяне, і ўсе — дочкі. А гэта даў бог сына. Няхай расце. А то я ўжо думаў, што і род мой звядзецца... Пятром запісаў, майго бацьку, нябожчыка, Пятром таксама звалі. А дзеда майго — Баніфацый. На ўсю вёску адно ў мяне празванне такое. З-за яго, мабыць, і камандзір палка мяне ведаў. Сустрэне, бывала, і ўсё пытае, што гэта за святы такі Баніфацый і калі яго адзначаюць. А я і сам не ведаю, хіба ўспомніш усіх гэтых святых... Дык прыйдзіце заўтра, у нас па-простаму...

— Не магу, Баніфацый Пятровіч,— адмовіўся старшыня.— І не крыўдуйце. Сёння вы самі расказвалі пра тых, што ходзяць на пачастункі. А я сабе даўно за правіла ўзяў — на такія рэчы забыць.

— Дык гэта ж зусім другое,— нясмела прабаваў угаварыць старшыню вознік.

— Для вас другое, а для каго-небудзь тое самае...

Баніфацый болей не прасіў, і рэшту дарогі яны праехалі моўчкі, думаючы кожны аб сваім.

 

ІІІ

Калі б да вайны школьніку Міколу Голубу сказалі, што ён будзе аграномам, стане старшынёй калгаса, то ён не паверыў бы гэтаму ні за што на свеце. Зусім не такія планы пеставаў у сваёй юнацкай душы маўклівы і зацяты Мікола Голуб. Юнака вабілі нязведаныя далі, і ніякай рамантыкі на палях, дзе растуць звычайныя хлеб і бульба, ён не бачыў. Калі і хацеў кім-небудзь быць Мікола Голуб, то камандзірам. Камандзірам карабля, які перасякае акіянскія прасторы, начальнікам партыі геолагаў, якая адкрывае нечуваныя багацці зямлі, камандзірам флагманскага самалёта, які вядзе эскадрыллю праз Паўночны полюс...

Пачалася вайна, і ніякім камандзірам на першым часе Мікола Голуб не стаў. Яго, як скончыўшага дзесяцігодку, забралі ў армію. Фашысты набліжаліся да роднага мястэчка, вялікі чыгуначны вузел кіламетраў за восемдзесят на ўсход быў пад артылерыйскім абстрэлам, і навабранцам прыйшлося адыходзіць у тыл, даўшы добрага круку па яшчэ не занятых абласцях Украіны. Можа, упершыню тады, хаваючыся ад фашысцкіх самалётаў у высокай густой пшаніцы, востра адчуў Мікола Голуб, як пахне родная зямля.

А пасля яму, радавому артылерыйскага разліку, давялося многа перакапаць гэтай зямлі. Капаў ён акопы і траншэі, на свае вочы бачыў, што такое суглінак, падзол і чорная, як сажа, балотная зямля. І яшчэ бачыў Мікола Голуб, як многа на роднай зямлі вёсак і вёсачак, якія ніколі не адзначаліся на школьных картах, але затое былі вельмі важнымі пунктамі на штабных тысячаметроўках.

Здарылася так, што каля невялікай вёсачкі пад Старой Русай батарэя, у якой служыў Мікола Голуб, прастаяла болей года. Пазіцыі займалі зімой, калі ляжаў снег. А вясной выявілася, што навакол акопаў і бліндажоў — засеянае жытам поле. Над батарэяй, калі не стралялі, спяваў жаўрук, а ў дні зацішша на зялёны ствол гарматы іншы раз садзіліся цікаўныя вераб’і.

А жыта расло. Спачатку рунь спорна закусцілася, пазней густая збажына пайшла ў стрэлку, а яшчэ праз колькі часу жыта шумела поўным калоссем. Наводчыкі і зараджаючыя цяжка ўздыхалі. Мікола разумеў, чаму яны сумуюць. У тое лета ўраджаю не ўбіраў ніхто...

На трэцім годзе вайны такі стаў камандзірам Мікола Голуб. Стаў малодшым лейтэнантам, камандзірам узвода.

Канец вайны малады камандзір сустрэў у далёкім алтайскім шпіталі. Ён прыехаў у сваё мястэчка, калі яго вуліцы бялелі снегам першай неваеннай зімы. Маладому дэмабілізаванаму афіцэру прапаноўвалі многа розных раённых пасад. Але ён не заняў ніводнай і праз месяц падаўся вучыцца.

У горадзе, куды прыехаў дэмабілізаваны лейтэнант Голуб, было шмат розных інстытутаў, але ён спачатку зайшоў у сельскагаспадарчы. Нягледзячы на тое, што прайшла палавіна навучальнага года, яго прынялі без экзаменаў.

Вучоба ішла, як і трэба. Мікола Голуб пасля чатырох гадоў перапынку вучыўся грунтоўна. Ён канспектаваў кожную лекцыю, кожную патрэбную кнігу. Яго нязменна абіралі старастам пакоя і вельмі часта — касірам пакаёвай камуны. Наконт капейкі Мікола Голуб быў прыжымісты.

На другім годзе вучобы прыйшло каханне. Аднойчы Мікола разам са знаёмымі хлопцамі пайшоў у інтэрнат, дзе жылі студэнткі медінстытута. Хлопцы, якія былі знаёмы з дзяўчатамі даўно, цэлы вечар рагаталі і падколвалі адзін другога, а Мікола ўвесь вечар прасядзеў моўчкі. Яму спадабалася медычка Галіна, самая смяшлівая з усіх дзяўчат, што жылі ў пакоі. Яна кінулася ў вочы хлопцу з першага позірку. Вастраносенькая, з залатымі завіткамі валос, дзяўчына ні хвіліны не сядзела спакойна. Смяялася яна так залівіста, так прыемна звінеў яе срэбраны галасок, што ў хлопца цяплела на душы, а навакольны свет здаваўся куды больш цікавым і прывабным.

Мікола стаў часта хадзіць у пакой да медычак. Сядзеў, маўчаў, а дзяўчаты прымалі ўсё гэта, з уласцівай ім хітрасцю, як патрэбнае. Яны, вядома, разумелі, да каго прыходзіць гэты маўклівы аграном, але знаку, што разумеюць, не падавалі ніякага. Не падавала знаку і Галя. Яна шчабятала аднолькава як з Міколам, так і з другімі. Хлопец з кожным днём набіраўся злосці і рашучасці.

Аднойчы Мікола прыйшоў адзін і папрасіў Галю на хвілінку ў калідор. Дзяўчаты хітравата пераглянуліся і апусцілі вочы.

— Я купіў білеты ў тэатр,— рашуча сказаў Мікола.— Маскоўскія артысты...

— Трэба ж было спытаць у мяне, ці хачу я ісці,— з падробленай нездаволенасцю зазвінеў Галін голас.

— Ну, тады я прадам білеты...

— Вось гэта па-рыцарску,— залілася Галя на ўвесь калідор.— Сказаў бы хоць, што парву, пайду адзін, а то — прадам...

У тэатр яна, між іншым, пайшла. Але іх адносіны і пасля гэтага заставаліся няяснымі. Галя старалася часцей гаварыць пра дружбу. Нейкі паварот у іхніх адносінах намеціўся пасля аднаго, добра памятнага Міколе, выпадку. На трэцім годзе вучобы праводзіліся лыжныя спаборніцтвы студэнтаў. Лыжы Мікола любіў яшчэ з дзяцінства, ён і цяпер, у час вучобы, ахвотна выходзіў з сябрамі на лыжах за горад, лёгка браў перашкоды. Таму яго зусім заслужана лічылі адным з лепшых лыжнікаў і вылучылі на спаборніцтва ў складзе інстытуцкай каманды.

Першынство аспрэчвалі тры студэнцкія каманды, але было ўжо загадзя вядома, што самая моцная з іх — політэхнічнага інстытута.

— Вунь той, даўгалыгі, летась першым прыйшоў,— таемным голасам паведамілі хлопцы, паказваючы на высачэннага політэхніка.— Ты, Мікола, трымайся, галоўнае — націсні перад фінішам,— сябры цішком сыпалі яму ў кішэню драбкі цукру.

Фініш быў перад паркам, на самай ускраіне горада. Мінулай вясной у гэтым парку Мікола праляжаў з кніжкамі цэлы месяц, рыхтуючыся да сесіі.

Мікола чамусьці думаў, што Галі сярод балельшчыкаў няма, і раптам убачыў яе. Расчырванелая, у белай пуховай шапачцы, яна махала некаму са сваіх медыкаў. Мікола адвярнуўся — яго разабрала злосць.

Пачатак прабегу для хлопца быў зусім няўдалы. Мабыць, у спешцы ён дрэнна замацаваў лыжу, і на першым жа кіламетры, пры спуску з зусім невысокага ўзгорачка ў яго падвярнулася нага, лыжа саслізнула з яе і панеслася, як апантаная. Яму прыйшлося зняць і другую лыжу і дыбаць пад спуск, правальваючыся па пояс у рыхлым снезе. Мікола бачыў, як аглядваліся на яго, праносячыся міма, медыкі, політэхнікі. На іх тварах была напісана жаласлівая спагада...

Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Калі ён стаў на лыжы, спіна самага апошняга спартсмена сінела, мабыць, за цэлага паўкіламетра. Тут было не да сяброўскай парады, і націскаць даводзілася з самага пачатку.

І ён націснуў. Ён імчаўся па снезе, як шалёны, зусім не думаючы, ці хопіць на такі тэмп у яго сілы. Хутка ён дагнаў апошніх. Яшчэ праз некалькі хвілін ён ужо быў у сярэдзіне. Мікола не збаўляў тэмпу, не глядзеў на тых, каго абганяе. Яго позірк быў нацэлены наперад. І вось ён убачыў спіну таго, даўгалыгага. Той бег, прыгнуўшыся, шырокімі, размеранымі крокамі. Мікола націснуў яшчэ...

Нарэшце ён усёй істотай адчуў, што ідзе вядучым. Сэрца ледзь не выскоквала з грудзей, хлопец хапаў ротам гарачае паветра. На хвіліну мільганула думка, што ён не вытрымае такога дзікага тэмпу. Але думаць было ўжо некалі — наперадзе сінеў зімовы парк. Мікола прыгнуўся і рвануў апошні раз.

Ён не бачыў фінішу. У вачах мільганула нешта пярэстае, рознакаляровае, і Мікола, запавольваючы тэмп, панёсся далей з адной думкай — аддыхацца на адзіноце. Ён ад’ехаў далёка ад фінішу і ўпаў на снег. Калі ж вярнуўся да фінішу, перад ім з павагай расступіліся ўсе, хто браў удзел у спаборніцтвах. Нават даўгалыгі глядзеў на яго з незахаванай цікаўнасцю. Міколу прысудзілі самую вышэйшую прэмію — патэфон.

На патэфоне ігралі некалькі вечароў узапар, а пасля Мікола замкнуў яго і схаваў пад ложак. Такім паваротам справы хлопцы былі задаволены не вельмі, але Мікола на гэта не зважаў.

— Прыжымісты,— гаварылі пра яго хлопцы.— Гэты свайго не ўпусціць...

З Галяй адносіны прыкметна палепшыліся. Два гады пасля гэтага іх заўсёды бачылі разам і даўно вырашылі, што яны, у асноўным, падыходзяць адзін аднаму. Галя часта звала яго «мой камандзір», і Мікола не крыўдзіўся за гэта. Ёй трэба было вучыцца на год болей за Міколу, і ён, скончыўшы істытут і атрымаўшы прызначэнне на работу, чакаць не захацеў. Яны пажаніліся.

Ад’язджаючы ў свой горад, Мікола ў адной руцэ трымаў чамадан, у другой — сваю прэмію, патэфон.

— Дай я панясу патэфон,— папрасіла Галя.

А яшчэ праз тры гады Галя зноў праводзіла Мікалая Аляксеевіча ў дарогу. Ён папрасіўся ў самы адстаючы калгас. То быў славуты год трыццацітысячнікаў. Яны дамовіліся, што яна прыедзе да яго ў вёску вясной. Як і тады, у першае расстанне, Мікола нёс чамадан, а Галя — патэфон...

 

IV

Мікалай Аляксеевіч добра ведаў, што трэба рабіць цяпер, зімой. За насенне ён не хваляваўся. З раёнам наконт гэтага дамоўлена. Веснавыя работы МТС бралася выканаць на восемдзесят працэнтаў. «Галоўным участкам» былі ўгнаенні. За вайну і пасляваенныя гады зямля зусім збяднела.

Вазілі на поле лічанымі вазамі, а ў зводках пісалі пра сотні тон. Самі сябе ашуквалі. Торф, бадай, зусім не капалі. Прывозілі для прыліку па некалькі вазоў на гектар. Везлі сыры, прама з балота, цвёрдыя чорныя цагліны і цяпер валяюцца па полі. Так далей працаваць нельга. Зямлі сёлета трэба даць поўную норму і нават больш.

І яшчэ трэба выцягнуць жывёлагадоўлю. З кармамі бедна. Сена позняе, падгніўшае, але трэба выцягнуць...

Усе гэтыя дні з самага ранку да позняга вечара Мікалай Аляксеевіч лётаў па калгасе. Яго бачылі то ў адной, то ў другой брыгадах. Вакол вачэй у старшыні заляглі вялікія чорныя кругі, ён перастаў у час галіцца. Па разліках трэба было, каб гной вазіла штодзень паўсотня падвод. Не выязджала ж на возку і палавіны. Лепш за ўсіх вазіла гной выселкаўская брыгада Лянона Гарнастая. Брыгада адна давала за дзень столькі, колькі дзве астатнія.

Аднойчы надвячоркам, калі Мікалай Аляксеевіч, прамёрзлы і галодны, вяртаўся з Зазыбаў, ён нос у нос сустрэўся са Збанком. Той, прыпёршыся грудзямі да веснічак, размаўляў з маладзіцай, што стаяла на дварэ, стараючыся, каб яе не ўбачылі. Збанок быў выпіўшы, бо гаварыў на ўсю вуліцу.

— Дык як яно жыццё-быццё, таварыш Збанок? — прывітаўся Мікалай Аляксеевіч.

Маладзіца, убачыўшы старшыню, ахінулася хусткай і таропка шмыгнула ў хату.

— Жыццё нармальнае,— смела адказаў Збанок.

— Ну, а на работу калі? — адразу перамяніў тон старшыня.— Здаецца, месяц ужо, як у адпачынку.

— Я сваё адпрацаваў. Няхай цяпер папрацуюць другія, тыя, што на гатовае прыйшлі. Пабачым, што ў іх атрымаецца....

— На якое гэта гатовае? — ускіпеў Мікалай Аляксеевіч.— За такое гатовае, ведаеш, у турму мала. Дык вось слухай, гаспадар, калі на гэтым тыдні на работу не выйдзеш — вясной абрэжам агарод па самую хату. Гэта я абяцаю табе пэўна.

Старшыня крута павярнуўся і пакрочыў па вуліцы.

— Не палохай, бачылі такіх! — данёсся да яго п’яны Збанкоў голас.

Праз два дні Збанок прыйшоў на работу. Трымаўся ён хоць і незалежна, але ціха. Яго паставілі старшым па здабычы і вывазцы торфу, выдзеліўшы пад яго ўладу некалькі хлапцоў-падлеткаў.

Са Збанком старшыня ўправіўся лёгка, з другімі было куды цяжэй. На работу не выходзіў яшчэ шмат хто. Неяк старшыня зайшоў у хату да Івана Дземяшкевіча. Гаспадар, чорнавалосы, шыракаплечы мужчына, сядзеў босы на прыпечку і падшываў валёнак.

— На работу, мабыць, збіраецеся? — спытаў Мікалай Аляксеевіч.

Гаспадар толькі глянуў спадылба і не адказаў нічога. Маўчаў і старшыня. З печы на Мікалая Аляксеевіча з прагнай цікаўнасцю пазірала некалькі пар чорных, як і ў гаспадара, вачанят.

— На работу трэба заўтра ісці,— цвёрда сказаў старшыня.— Інакш будзем рабіць вывады. Нам такіх калгаснікаў не трэба, што толькі лічацца ў спісках.

— Рабіце вывады,— спакойна прамовіў Дземяшкевіч.— А на работу я прыйду толькі тыдняў праз тры. Я ў леспрамгас падрадзіўся на гэты час. Крыўдуй не крыўдуй, старшыня, а інакш не магу. Мне жыць трэба, а калгас пакуль што мяне не вельмі забяспечыў.

— Калі ўсе будуць думаць так, як вы, то калгас ніколі і не падымецца. Калгас — гэта ж людзі.

— Не агітуй мяне,— Дземяшкевіч рашуча пачаў надзяваць валёнак.— Многа, брат, я чуў прыгожых слоў і абяцанак. Пабыў бы ты ў маёй скуры, то, мабыць, заспяваў бы іначай. Табе — прайшоў месяц, і палажы на стол тысячу рублёў. А мне ты паложыш што-небудзь да восені?

— Я буду на працадні працаваць, як і ўсе! — рэзка кінуў Мікалай Аляксеевіч і пайшоў да дзвярэй. У цёмных сенцах ён доўга шукаў клямку, і гаспадар выйшаў, каб памагчы яму. Але з клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка. Пра тое, што трэба адмовіцца ад вызначанага яму гарантыйнага заробку, Мікалай Аляксеевіч сказаў упершыню...

У лютым пачаліся снежныя віхуры. Снегу намяло столькі, што невысокую лазеньку на ўскраіне вёскі занясло зусім — тырчаў толькі бляшаны комін. У дварах кожны дзень трэба было пракопваць да хлявоў і калодзежа траншэі.

Вывазка гною зусім пайшла на спад. За дзень болей аднаго рэйса зрабіць было цяжка. Старшыня хадзіў пануры і маўклівы, заняты неспакойнымі думкамі аб тым, як выйсці з гэтага прыкрага становішча. Здаецца, ніколі ў жыцці ён так не адчуваў сваёй бездапаможнасці. Калі ён браўся за якую-небудзь справу, то абавязкова бачыў яе канец, яе вынікі — такі ён быў чалавек. Цяпер жа пра канец не хацелася і думаць...

Але ратунак быў знойдзены. У той вечар, калі Мікалай Аляксеевіч наважыў прасіць у МТС трактар для вывазкі ўгнаенняў, ён зноў адчуў у душы ранейшы спакой. Ён акуратна пагаліўся і напісаў пісьмо жонцы...

У дагаворы з МТС не было пункта пра вывазку ўгнаенняў. Але Мікалай Аляксеевіч быў упэўнены, што дамовіцца з дырэктарам. У поўдзень ён паехаў у МТС. Аказалася — дамовіцца не так лёгка. Старшы механік (дырэктара не было, паехаў у вобласць здабываць запасныя часткі) наадрэз адмовіўся выдзеліць трактар. Довадаў у яго было багата: на такія рэчы не прадугледжана выдаткаванне гаручага, невядома, як аплочваць працу трактарыстаў, людзі заняты на рамонце. Мікалай Аляксеевіч спрачаўся са старшым механікам да самага вечара і — без поспеху. Ён пазваніў у райком партыі. Першага і другога сакратароў таксама не было, а інструктар адказаў, што заяўкі на вывазку ўгнаенняў трактарамі ёсць і ад другіх калгасаў і што гэтае пытанне пастаўлена перад абласнымі арганізацыямі.

Вечарам, калі за вокнамі кабінета сінеў хуткі зімовы змрок, Мікалай Аляксеевіч папрасіўся ў эмтээсаўскага механіка пераначаваць на яго канапе. Той здзіўлена ўзняў стрэлкі прыгожых брывоў.

— Мне ў калгас нельга вяртацца. Паеду заўтра ў раён ці ў вобласць па гэты ж трактар. Без трактара — калгасу крышка, і я там як старшыня не патрэбен...

Механік моўчкі расхаджваў па кабінеце, нешта абдумваючы.

— Але і ўпарты ты,— сказаў ён нарэшце.— Ну, добра, дам я табе трактар — на сваю адказнасць, не забывай.

Стары, яшчэ даваенны «Чалябінец» прыгрукатаў у Шчаўры назаўтра пад вечар. Ён прыцягнуў доўгія эмтээсаўскія кары з палазамі, абцягнутымі жалезам. Старшыня хацеў, каб ужо ў гэты дзень быў зроблены хоць адзін рэйс. Людзей сабралася мала. Мікалай Аляксеевіч папрасіў накідаць гной і жывёлаводаў. Сынклета Крывіцкая сахора не ўзяла і дэманстратыўна пашыбавала грэцца ў старожку.

— Дня мала, дык яшчэ і нанач хоча запрэгчы.

— Заўсёды вам дрэнна,— не вытрымаў старшыня.— Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ...

— А ты думаеш, калі даў боты і ватоўку, то царства нябеснае адкрыў! — залямантавала на ўвесь двор Крывіцкая.— З досвітку да ночы таўчэшся ў брудзе, ды яшчэ і гной накідай. Хіба гэта парадак?

— Не трэба тваёй дапамогі! — не помнячы сябе, крыкнуў старшыня.— Вон з калгаса!

Ён са злосцю хапіў сахор і амаль подбегам выскачыў з хлява. Людзі моўчкі ўзяліся за працу. Нават трактарыст недзе раздабыў вілы і стаў ля гурту. Старшыня ўздзіраў сахорам цёплы зляжалы гной і цэлымі бярэмкамі кідаў яго ў разложыстыя кары.

— Вы пластамі бярыце, старшыня,— пачуў Мікалай Аляксеевіч голас Ганны Хведасюк.— Так лягчэй.

Загадчыца фермы стаяла збоку, і ёй, відаць, было няёмка, што толькі адна яна не працуе. Гною накідалі хутка, трактар павёз яго на поле, але ніякай радасці на душы ў старшыні не было.

Вечарам таго ж дня Мікалай Аляксеевіч накіраваўся ў Выселкі. Ён адчуваў, што паводзіць сябе з людзьмі не так, як трэба, і яму хацелася нешта зрабіць, каб вызваліцца ад цяжкіх, маркотных думак. Старшыня вырашыў схадзіць да Лявона Гарнастая. Гарнастай быў у сваіх Выселках да ўзбуйнення калгаса за старшыню, быў, як і Мікалай Аляксеевіч, партыйны. Іх, партыйцаў, разам з кладаўшчыком, цяпер было ўжо трое, і райком збіраўся стварыць у калгасе партыйную арганізацыю.

Гаварыць пра свае няўдачы і сумненні старшыні не хацелася нікому, нават Гарнастаю, якога ён паважаў больш за астатніх. Мікалай Аляксеевіч хацеў проста пабыць адзін на адзін з гэтым чалавекам, пачуць яго бадзёры голас і смех.

У Гарнастаевай хаце ён застаў некалькі вяскоўцаў. Тыя сядзелі за сталом і зацята рэзаліся разам з брыгадзірам у карты. Пры ўваходзе старшыні ніхто не выказаў асаблівага здзіўлення. Гульня працягвалася ранейшым парадкам, толькі брыгадзір прапанаваў Мікалаю Аляксеевічу пачакаць «высадкі». Старшыня сядзеў, маўчаў і хмурыўся. Ён думаў аб тым, што прыйшоў дарэмна.

Нарэшце падышла і «высадка», але гуляць у карты Мікалай Аляксеевіч адмовіўся наадрэз. Ён сядзеў маўклівы і насуплены, і людзям стала пры ім ніякавата. Яны пачалі разыходзіцца. Праз паўгадзіны ў хаце засталіся толькі старшыня і Гарнастай.

— Я думаў, ты нешта асаблівае ведаеш, каб не адрывацца ад людзей,— спрабаваў пажартаваць Мікалай Аляксеевіч.— А ў цябе спосаб, якім, мабыць, яшчэ земскі начальнік карыстаўся,— карты... Вы на грошы, выпадкам, не гуляеце?..

— Не зарабілі яшчэ грошай,— у тон старшыні адказаў брыгадзір.— Як заробім, тады ўжо і вырашым — прагуляць нам іх у карты ці не.

Але брыгадзір, мабыць, разгадаў невясёлыя думкі маладога старшыні.

— Ты, брат, не крыўдуй за карты,— прагаварыў ён ужо лагодней.— Добрага клуба мы з табой яшчэ не пабудавалі, электрычнасці і радыё ў нас няма. Дык хіба гэта такі ўжо грэх пагуляць у карты? І не думаю, брат, я картамі з людзьмі збліжацца. Трыццаць гадоў стаіць на гэтым самым месцы мая хата, якраз пасярэдзіне вёскі. Мне тут, хоць бы ты і хацеў, дык ніяк ад людзей не адарвешся. Перасяляцца ж адсюль я не думаю.

— Мая жонка летам пераедзе,— з крыўдай у голасе прамовіў старшыня.— І за гэта дакараць мяне, Лявон Пятровіч, не варта. Я сваёй ахвотай паехаў у калгас...

— Ды я ж зусім не пра тое,— аж прыўзняўся з месца брыгадзір.— Які ж ты калючы!..

Хутка Мікалай Аляксеевіч сабраўся дадому. Нешта перашкаджала яму раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу.

— Пачакай, прыйдзе жонка, павячэраем,— прасіў брыгадзір.— Куды табе спяшацца, на ноч гледзячы? Яшчэ на ваўкоў якіх нарвешся.

Але старшыня заставацца не хацеў. Ён сказаў колькі слоў наконт бягучай работы, папрасіў Гарнастая быць заўтра на праўленні і выйшаў.

— Не разгадаю я цябе ніяк,— ужо на ганку сказаў брыгадзір.— І хлопец ты, здаецца, добры, з галавой. Але рвешся ты, як той малады, неаб’езджаны конь, і пад гару навыскач. Хочаш усё сам зрабіць, адзін.

На вуліцы Мікалая Аляксеевіча ледзь не збіў з ног рэзкі парыў ветру. Вецер быў цёплы, паўднёвы, і дзьмуў ён проста ў твар старшыні. Да сасонніку, які быў ад вёскі за які-небудзь кіламетр, Мікалай Аляксеевіч дабіраўся ледзь не цэлую гадзіну. Снег стаў мяккі, глейкі, нават на ўезджанай дарозе ён правальваўся пад нагамі.

У лесе ісці было лягчэй. Дзесьці ў вяршалінах хвой свістаў вецер, глуха стагнаў малады сасоннік. Мікалай Аляксеевіч ішоў і думаў пра вясну. Снег можа сагнаць праз два тыдні, а ўгнаенняў вывезена яшчэ мала. З другога боку, надыход вясны радаваў старшыню. Калі снег сыдзе за два — тры тыдні, падзяжу на ферме, бадай, не будзе. Кармоў засталося вельмі мала, у абрэз.

 

V

Назаўтра з самай раніцы Мікалай Аляксеевіч падаўся на ферму. Вецер трохі сціх. Заснежаныя палі і лес удалечыні здаваліся сінімі. Гэтую прыкмету наступаючай вясны старшыня ведаў яшчэ з дзяцінства.

Трактар стаяў ужо з нагружанымі гноем карамі. На работу выйшлі ўсе, каго ўчора прызначыў старшыня, і гэта яго ўзрадавала.

Трактар загрукатаў і рвануў за сабой нагружаныя кары. Наверсе сядзела пяцёра накідальшчыкаў і, нібы пікі, тырчалі ўваткнутыя ў гэты няўклюдны воз сахары з белымі, яшчэ не адпаліраванымі мазолістай рукой чаранкамі.

Мікалай Аляксеевіч правёў вачыма трактар. Каб толькі не сапсаваўся, то вясну з ім сустрэць можна,— падумаў ён.

— Мне трэба з вамі пагаварыць,— паклікала старшыню Ганна Хведасюк.— Давайце адыдземся.

Выгляд загадчыцы фермы быў збянтэжаны, спалоханы. З-пад яе вязанай шэрай хусткі выбілася пасмачка русявых валос і прыклеілася да ўспацелага лба.

— Збанок сена прадаў, два стагі...— збіваючыся, расказвала Ганна.— Яшчэ ўвосень, да вас, мабыць... Цяпер віляе — кажа, зімой перавёз. А ніхто таго сена не перавозіў. Сена на адзін тыдзень цяпер засталося...

— А вы куды глядзелі? — не сваім голасам закрычаў старшыня.— Ферму хто прымаў? Збанку паверылі?

Жанчына, заплакаўшы, кінулася прэч ад старшыні. Ён не ведаў, што рабіць. У яго не было слоў, каб чым-небудзь яе суцешыць...

Астатняе адбылося вельмі хутка. Мікалай Аляксеевіч ледзь не подбегам кінуўся на поле, дзе корпаўся Збанок са сваімі маладымі памочнікамі. Калі старшыня крочыў па полі, недзе ў глыбіні душы ў яго яшчэ хавалася надзея, што Збанок проста пажартаваў і ўсё як-небудзь абыдзецца. Але гэтая надзея адразу знікла, як толькі Мікалай Аляксеевіч убачыў Збанка. Той сядзеў каля агню і расказваў нешта вясёлае хлопцам. Куча торфагноевага кампосту была амаль закончана. Убачыўшы старшыню, Збанок усхапіўся. Старшыня, не ведаючы, з чаго пачаць, і не вітаючыся, падышоў да кучы. Яму кінулася ў вочы, што чорныя кавалкі торфу неяк залішне вытыркаюцца з кучы.

— Гной перакладалі торфам? — рэзка спытаў старшыня.

— А як жа, перакладалі,— замітусіўся Збанок.— Без торфу гной перагарыць.

Мікалай Аляксеевіч злёгку дакрануўся да тарфяной цагліны, і яна ўпала на дол. Упала і другая, і трэцяя. Тады старшыня прыўзняў пласт гною. Гной быў цёплы, торфу ў сярэдзіне кучы не было. Збанок прыладзіў кавалкі торфу толькі зверху...

Кроў кінулася ў твар Мікалаю Аляксеевічу. Не памятаючы сябе, ён схапіў загрудкі збялелага Збанка і страсянуў яго што было сілы.

— Што гной перагарыць, ты ведаеш, што жывёла падохне, ведаеш... Каму сена прадаў, сволач?..

У Збанка, нібы нежывога, матлялася галава, ён агідна ляскаў зубамі. Старшыня штурхануў яго ад сябе, і Збанок, закрываючы твар рукамі, упаў на снег. Заенчыў нехта з хлопцаў... Цяпер толькі старшыня прыйшоў у розум. Ён крута павярнуўся і пайшоў прэч з поля.

Без думак, з пустой душой зайшоў Мікалай Аляксеевіч на сваю кватэру і, не распранаючыся, упаў на ложак. Одум узяў яго пазней. Яму здавалася, што з гэтага дня, з сутычкі са Збанком, у яго жыцці пачалося нешта недарэчнае. Ніколі да гэтага не падняў ён рукі на чалавека. Збанка ён не паспеў ударыць, хоць яго варта было павесіць... Ударыць не паспеў, але аўтарытэт свой, старшыні, кіраўніка, там, на полі, пакінуў назаўсёды. Цяпер Збанок можа перайсці ў наступленне, у яго ёсць зачэпка. І нічога ён, старшыня, Збанку цяпер не зробіць — ні за сена, ні за кампосты... Пад вечар ужо Мікалай Аляксеевіч надумаўся ехаць у раён. Ён паедзе і раскажа ўсё дачыста ў райкоме. Кіраўніка з яго, як відаць, не атрымалася, і ў калгасе яму болей заставацца не варта... Ды і сам ён заставацца тут болей не хоча...

Сыпаў лёгкі сняжок, калі старшыня прыйшоў на канюшню. Баніфацый здзівіўся, што старшыня едзе адзін проці ночы, але пярэчыць не стаў. Ён хутка запрог каня і параіў завесці каня нанач да Сініцкага, таго самага, што быў некалі тут за старшыню і цяпер працуе ў «Плодагародніне». За вёскай снег пайшоў спарнейшы — ён падаў вялікім мокрым хлоп’ем. Мікалай Аляксеевіч час ад часу торгаў лейцамі, ён хацеў ехаць хутчэй. Па лёдзе Мядзведкі конь бег спорнай рыссю. Прайшло ўжо з гадзіну язды, і старшыня ўглядаўся ў перадвячэрнюю імжу, засланую снегам, шукаючы вачыма павароткі на бераг. Раптам конь захроп і стаў на дыбы. У тую ж хвіліну пад ім падламаўся лёд. Старшыня скочыў з вазка — конь пярэднімі нагамі падламваў пад сябе лёд, а сані сталі ў яго на спіне тарчма...

Не раздумваючы, Мікалай Аляксеевіч кінуўся да каня і хапіў яго за аброць. Конь ірвануўся да чалавека, і лёд падламаўся пад ім зноў... Старшыня з галавой нырнуў у ваду, а конь балюча ўдарыў яго пярэдняй нагой у грудзі. Не выпускаючы з рук аброці, Мікалай Аляксеевіч закрычаў дзікім, нечалавечым голасам...

Ён чуў, як нехта падбег да палонкі, як трэснулі рассечаныя гужы. Вызваліўшыся ад саней, конь у тое ж імгненне вынес старшыню на лёд...

Калі Мікалай Аляксеевіч расплюшчыў вочы, ён убачыў высокага чалавека, які адной рукой трымаў мокрага, дрыжачага каня, а другой — сякеру. Гэта быў Іван Дземяшкевіч, той, што хадзіў на заработкі ў леспрамгас і яшчэ не зарабіў ніводнага працадня ў калгасе. Дземяшкевіч паклаў на лёд сякеру і, не выпускаючы каня, пачаў распранацца.

— Скідай паліто, бяры мой кажух і бяжы! — камандаваў ён.— Загінеш. Выпі гарэлкі і зараз жа на печ!.. Каня я прыганю...

Старшыня пабег...

Праз гадзіну, пераапрануўшыся ў сухое адзенне, Мікалай Аляксеевіч ляжаў на печы, стараючыся сагрэцца. Бабка-гаспадыня, божкаючы, пабегла купляць гарэлку. Але раней за бабку ў хату ўскочыў Баніфацый Міцкевіч. Ён грукаў па падлозе дзеравяшкай, лаяў старшыню за неасцярожнасць і вінаваціў сябе. Тады ўзлез на печ і выняў з-за пазухі пляшку.

— Ад хрысцін яшчэ засталася. Твая, брат, пляшка. Ты пі, цераз сілу, а пі...

На другую ноч у Мікалая Аляксеевіча паднялася тэмпература. Думкі блыталіся, ён часта ўпадаў у забыццё. Трызненне цягнулася доўга.

Неяк ноччу Мікалай Аляксеевіч расплюшчыў вочы і ўбачыў дзіўны малюнак. На стале стаяла прыкручаная лямпа, а над ім, схіліўшыся, сядзелі дзве бабкі. Гаспадыня, бабка Ульяна, вяла размову з другой, незнаёмай старшыні бабкай. Мікалаю Аляксеевічу гэтая размова нагадала спакойнае булькатанне ляснога ручая. Адчуванне было такое прыемнае, што ён зноў заплюшчыў вочы, стараючыся працягнуць сваю ціхую паўдрымоту. Праз усю ноч ён чуў спакойную гаворку бабулек...

Пад раніцу ён папрасіў піць. Бабкі ўсхапіліся і пачалі завіхацца ля гаршчочкаў, збанкоў, кубкаў і пляшак, якімі была застаўлена ўся лаўка каля ложка.

— Гэта вось фершал прынёс, казаў па тры лыжкі ў дзень даваць,— асцярожна трымаючы бутэлечку ў руках, тлумачыла бабка Ульяна.— Выпі, галубок, я табе дам узвару пасля...

— А гэта я трыпутнічку наварыла, ён жар сцішае... Выпі, каток...

Мікалай Аляксеевіч паслухмяна піў усе лекі. Яму не хацелася крыўдзіць бабак, якія не адыходзілі ад яго ні днём, ні ноччу. Ён адчуваў іх мацярынскі клопат, і яму было лёгка і ціха на душы. У спакойнай паўдрымоце ён слухаў спагадныя размовы бабулек.

— Дасць бог, ачуняе,— ціха разважала гаспадыня.— Прастуда ў яго. Гэта ж чалавек такі, скаціну шкадаваў, дык сам у ваду кінуўся. Харошы чалавек, слова благога не чула ад яго. Я, кажа, табе, бабка, яблынькі гноем абкладу, яны не памерзнуць, і яблык будзе болей...

Неяк пад вечар Мікалай Аляксеевіч расплюшчыў вочы і здзівіўся: бабак каля яго не было. На стале стаяла прыкручаная лямпа, а па сцяне скакалі цені. За перагародкай гаварылі. У паважную гаворку бабак уплятаўся нечый знаёмы рэзкі голас. Старшыня напружыў памяць, але ніяк не мог успомніць. Яго зноў апанавала дрымота. Нарэшце дзверы адчыніліся, і пад нечымі цвёрдымі крокамі заскрыпелі масніцы. Мікалай Аляксеевіч зноў расплюшчыў вочы і яшчэ болей здзівіўся: над ім стаяла Сынклета Крывіцкая. Сустрэўшыся позіркам са старшынёй, яна заморгала вачыма і, крута павярнуўшыся, падалася за перагародку.

— Не трэба, Сынклета,— чуў Мікалай Аляксеевіч голас сваёй гаспадыні.— У мяне ж яблыкі свае ёсць, нясі дзецям.

— Назад не вазьму, бабка,— гаварыла даярка.— Другім старшыням не насіла падарункаў, а гэтаму прынесла.

А назаўтра прыехала Галя, жонка. Яна кінулася да ложка з поўнымі слёз вачыма і доўга не магла прамовіць ні слова. Бабкі адступілі на сярэдзіну пакоя і з трывогай наглядалі за гэтай карцінай. Перасіліўшы сябе, Галя стала доктарам. Яна асцярожна абслухала яго, змерала тэмпературу.

— Крызіс прайшоў,— сказала яна радасна і села ў знямозе на ложак.

Бабкі перахрысціліся і, асцярожна ступаючы, выйшлі з пакоя.

Галя прабыла ў яго цэлы тыдзень. Стараючыся яго не хваляваць, яна завіхалася на палавіне гаспадыні і раз пораз прасоўвала за перагародку стрыжаную, нібы ў хлапца, галаву. А ён увесь час думаў пра сваю прыкрую сутычку са Збанком, пра тое, што кармы на ферме цяпер, мабыць, выйшлі зусім. Думкі былі неспакойныя, трывожныя, і ён не хацеў імі дзяліцца ні з кім, нават з Галяй. Мікалай Аляксеевіч проста ўзрадаваўся, калі пачуў аднойчы ў пярэднім пакоі голас Гарнастая. Брыгадзір нешта вельмі доўга абціраў ногі, потым тарабарыў з гаспадыняй і з Галяй. Ён прыйшоў не адзін. Нізка прыгнуўшыся, услед за брыгадзірам у пакой улез і рахункавод Пятро Кавалеўскі. Яны абодва так асцярожна ступалі па падлозе, што старшыня міжволі ўсміхнуўся.

— Ды ён, выходзіць, жывы,— весела загаварыў Гарнастай.— Нашага брата голай рукой не возьмеш — вылезе і з агню, і з вады.

Брыгадзір з рахункаводам селі і пачалі расказваць, як некалі тапіліся і ратаваліся яны, іх сябры і знаёмыя. Расказвалі яны з такой ахвотай і падрабязнасцямі, нібы гэта было самае галоўнае ў іхнім жыцці.

— На ферме як? — не вытрымаў старшыня хітрыкаў.

— Выкручваемся,— проста сказаў Гарнастай.— Ты ачуньвай, не думай пра гэта. Па ўсіх прыкметах з адстаючых мы вылазім. З раёна зводку прынеслі: на трэцім месцы мы па вывазцы ўгнаенняў. Такое пасля вайны ў нас першы раз...

— Са Збанком дрэнна ў мяне выйшла,— нечакана для сябе загаварыў Мікалай Аляксеевіч.— Сам не ведаю, што рабіць. Давёў ён мяне, а цяпер пачнуць плявузгаць.

— А што Збанок?

— Яго павесіць мала! — загарачыўся Пятро Кавалеўскі.— Ходзіць цяпер, падтуліўшы хвост. Мы, брат, яму проста сказалі: калі не паложыш грошы на стол, сушы сухары. Хопіць з ім цацкацца.

Збанок чуе, з якога боку вецер. Людзі на работу пайшлі. Івана Дземяшкевіча мы ў цяслярскую брыгаду прызначылі. Чалавек дваццаць вярнулася адыходнікаў...

Гэтыя навіны дзейнічалі лепш усякіх лекаў.

Назаўтра Галі трэба было ад’язджаць. Яна выцягнула з-пад ложка патэфон, асцярожна выцерла на ім пыл і паставіла пласцінку. Мікалай Аляксеевіч, прыўзняўшыся на падушках, слухаў музыку, успамінаў інстытут, сяброў, сваё каханне да Галі. Ён выразна, да болю адчуваў, што паміж яго ранейшым і цяперашнім жыццём пралегла рэзкая мяжа, і гэтая мяжа пачалася тут, у калгасе. Інстытут, сябры, спрэчкі — усё гэта здавалася далёкім, адышоўшым, малазначным.

Галя паехала, а яшчэ праз два дні Мікалай Аляксеевіч выйшаў на ганак. У твар яму дыхнула свежым п’янкім паветрам, і ў старшыні закружылася галава. Ён хапіўся рукою за вушак і доўга стаяў, не адважваючыся сысці з ганка. Потым асцярожна саступіў на зямлю і паволі прайшоўся па двары. Было цёпла, дружна звінелі капяжы.

Мікалаю Аляксеевічу захацелася на поле. Пацягнула яго туды моцна і ўладна, і ён не мог працівіцца гэтаму нечакана ўзнікшаму і востраму жаданню. Трымаючыся парканаў, старшыня выйшаў на агарод. Ён не хацеў ісці вуліцай, каб бачылі яго слабасць.

Поле было заслана наміткай сіняватай смугі, а лес за ім стаяў сіні-сіні. На ўсёй прасторы, як кінуць вокам, сярод снежнай сінечы вытыркаліся шэрыя вясновыя праталіны. Вясна наступала, і гэтыя першыя праталіны, здаецца, на вачах шырыліся, раслі, займаючы ўсё поле...

Старшыня, асцярожна ступаючы, каб не праваліцца ў пацягнутыя здрадлівай зеленаватай кашай разоры, дыбаў па агародах на поле. Ён бачыў, што на полі стала, можа, утрая больш кампоставых кучаў, і яму хацелася пералічыць іх усе да адной, абмераць іх сваімі крокамі...

Перад самай дарогай Мікалай Аляксеевіч раптам спыніўся як укапаны. Ён убачыў Ганну Хведасюк. Яна выйшла са свайго двара, згінаючыся пад вялікай ношкай сена. Жанчына ішла ў кірунку фермаў, наперарэз старшыні, мабыць, не заўважаючы яго. Паглядаючы на маленькую, мізэрную постаць жанчыны, Мікалай Аляксеевіч адчуваў, як гарачы, салёны камяк падступае к горлу, а сэрца пачынае біцца хутка і часта. Старшыня раптам з балючай яснасцю ўспомніў, як, не памятаючы сябе, ён крычаў тады на гэтую маленькую, па-дзявочы зграбную жанчыну, як яна, плачучы, адскочыла ад яго...

Яму хацелася пазваць цяпер Ганну Хведасюк, сказаць ёй нешта такое, каб яна засмяялася, каб ёй стала добра і лёгка, але ў яго не хапіла сіл на гэта. Ён адчуваў сябе вінаватым перад ёй, і ад гэтага яму было яшчэ больш балюча.

Старшыня раптам крута павярнуўся і пайшоў у двор Ганны Хведасюк. Ён яшчэ не ведаў, чаго сюды ідзе. Дайшоўшы да ганка, ён пастаяў у нерашучасці, потым падняўся па прыступках і ўзяўся за клямку.

Тое, што старшыня ўбачыў у хаце, адразу перамяніла яго настрой, і ён ледзь не разрагатаўся. На падлозе валтузіліся два хлопчыкі. Яны так зацята змагаліся, што нават не звярнулі ўвагі на чужога чалавека. У кожнага з іх на нагах было па адным чаравіку. Меншы шмаргаў большага за нагу, стараючыся зняць чаравік, і аж усхліпваў ад бяссілля.

— Хлопцы, хопіць ваяваць,— не вытрымаў старшыня.

— Я яго не чапаю, ён сам лезе,— апраўдваўся старэйшы.

— Не чапаеш,— румзаў меншы.— Сам гуляеш, а мне сядзі. І ўчора гуляў, і сёння. Казаў, птушку прынясеш, і не прынёс. Аддавай мае чаравікі, ты свае падраў!..

У меншага так набалела на душы ад гэтай яўнай несправядлівасці старэйшага брата, што слёзы ў яго сыпаліся бобам. Мікалай Аляксеевіч наважыў стаць на бок меншага.

— Не трэба яго крыўдзіць,— сказаў ён старэйшаму.— Няхай і ён пагуляе.

— Яму нельга, у яго быў коклюш,— пераконана адказаў большы.— На дварэ холадна.

Супраць такога доваду крыць было нечым. Мікалаю Аляксеевічу раптам прыйшла ў галаву шчаслівая думка. Ён успомніў, што ў яго гаспадыні ёсць цэлы куфэрачак з шавецкімі прыладамі. Паабяцаўшы хлопчыкам зашыць дзіравыя чаравікі, ён кінуўся на кватэру.

Хлопчыкам, відаць, спадабаўся гэты высокі чорны дзядзька. Вяртаючыся назад, старшыня яшчэ здалёк убачыў, што яго новыя сябры з нецярпеннем пазіраюць на вуліцу, прыціснуўшы да шыб прыплюшчаныя кірпы.

Шаўцом Мікалай Аляксеевіч не быў ніколі. Але пра гэта ён зараз не думаў. Ён няўмела сукаў дратву, нязграбна забіваў у падэшву цвічкі, але хлопчыкі пазіралі на яго работу з захапленнем. Чаравікі былі адрамантаваны не надта, але твары хлопчыкаў аж свяціліся ад задавальнення...

Увесь дзень у душы Мікалая Аляксеевіча панавала спакойная ўпэўненасць. Сёння ён пазіраў на свет, на людзей новымі, добразычлівымі вачыма. Ён прайшоў па полі, пільна прыглядаючыся да тых змен, што адбыліся за два тыдні яго хваробы. Трактар ужо адправіўся назад у МТС. Старшыня прыкідваў на вока, колькі вывезена гною. Гэта было яшчэ не тое, пра што ён марыў, але для пачатку няблага.

На фермах капала са столі, на цялятах вахлакамі вісела поўсць. Але яны досыць жвава мясілі гной, махаючы тоўстымі хвастамі.

— Не цяляты, а ваўкі,— паведаміла Сынклета Крывіцкая.— Здаецца ж, сена хоць па жмені вымяркоўвалі, абурыны парым, пойла два разы даем. І ўсё як у прорву. Прывядзі ваўка — і таго з’ядуць...

Выходзячы з хлява, Мікалай Аляксеевіч твар у твар сутыкнуўся з Ганнай Хведасюк. Маленькая, у абшарпаным ватнічку, яна акінула старшыню хуткім спалоханым позіркам і залілася чырванню. Ён стаяў насупраць яе і таксама не ведаў, з чаго пачынаць.

— Падзяжу не было? — спытаў старшыня нечакана для самога сябе, адводзячы позірк убок.

— Не было,— паспешліва адказала жанчына.— Толькі Крывуля на ногі ўпала. Ветэрынар лечыць цяпер.

— Корму няма, Ганна Цітаўна?

Жанчына акінула старшыню таропкім удзячным позіркам.

— Дастаём як-небудзь. На лядзе аўсянка зазімавала, дык возім, сечку парым. Каб хутчэй на пашу!..

— Прыходзьце на праўленне, Ганна Цітаўна. Што-небудзь прыдумаем...

Старшыня хадзіў па калгасе, вітаўся з людзьмі, і яго не пакідала не знаная раней спакойная ўпэўненасць. Гэтая ўпэўненасць ішла, мабыць, ад добразычлівых позіркаў, якія крадком кідалі на яго людзі, ад іх запытанняў, прасякнутых жывым, трапяткім клопатам, ад тысячы іншых дробязей, што стваралі ў душы нейкую прыемную суладнасць і яснасць. Сэрцам адчуваў Мікалай Аляксеевіч, што ў калгасе наступіў той жаданы пералом, аб якім ён столькі думаў. Гэта быў пакуль што не ўраджай, не высокія прыбыткі, не важкія працадні. Гэта быў толькі добры настрой, які свяціўся ў вачах людзей. І гэта было самае галоўнае...

Ля канюшні цюкалі сякерамі, абчэсваючы бярвенне, цесляры. Чорны, шыракаплечы Іван Дземяшкевіч першы заўважыў Мікалая Аляксеевіча.

— А-а-а, хрэснік,— усміхнуўся ён.— Мне, як і таму папу, належыць першая плата. З халоднай купелі, дзякуючы мне...

— Хроснага бацькі не забуду,— у тон Дземяшкевічу адказаў старшыня.— У першае ж свята пачастую так, што на сваіх нагах дадому не дойдзе...

Цесляры рагаталі...

Ідучы ўжо надвячоркам на праўленне, старшыня, здаецца, не адчуваў стомленасці. Ён спрытна пераскокваў лужыны і раз-пораз абмываў боты ад ліпкай вясновай гразі. З думак старшыні не выходзіла Ганна Хведасюк. Вобраз маленькай руплівай жанчыны нараджаў у душы Мікалая Аляксеевіча не знаныя ім раней цеплыню і душэўны спакой.

На праўленне старшыня ішоў з патэфонам. Ён наважыў яго аддаць як прэмію загадчыцы фермы ад імя праўлення і не хацеў, каб хто-небудзь ведаў, што гэты самы патэфон некалі ўручалі яму. Старшыня на хаду прыдумваў словы, якія прыйдзецца яму сказаць на праўленні.

Дзьмуў цёплы свежы вецер, і пад яго павевамі на заснежаных палях увачавідкі раслі вясновыя праталіны.

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 309-337
Крыніца: скан