epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Вецце магутнага дрэва

Беларускі раман малады па ўзросту. Ён бадай што равеснік Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая яго нарадзіла, выклікала да жыцця. «Сокі цаліны» Цішкі Гартнага, «У Палескай глушы», «У глыбі Палесся» Якуба Коласа, «Сцежкі-дарожкі» М. Зарэцкага, «Салавей» З. Бядулі — першыя нашы раманы, аповесці дваццатых гадоў, непасрэдна авеяных подыхам Кастрычніка.

У гады рэвалюцыі, як і пазней, у Айчынную вайну вельмі адчувальна, рэльефна праявілася адзінства асабістага і грамадскага ў чалавеку. Падпарадкаваўшы ўсе свае сілы сацыяльнай, патрыятычнай ідэі, чалавечая асоба робіцца яшчэ больш значнай і цэласнай.

Усё гэта не магло не паўплываць на пошукі беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці на лёс рамана. Беларускі раман і звязаныя з ім жанры нараджаліся як эпас рэвалюцыі, барацьбы, параметрамі яго было сувымярэнне лёсу асобы з лёсам народа, грамадства, можна сказаць, што ў ім нават не мыслілася аўтаномнае, незалежнае ад вятроў, павеваў часу існаванне асобы.

Але якім бы арыгінальным, самабытным ні быў пісьменнік, так ці іначай ён адштурхоўваецца ад пэўнай традыцыі, творчага ўзору.

Для многіх савецкіх пісьменнікаў, якія пісалі пра рэвалюцыю, Айчынную вайну, такім узорам была «Вайна і мір» Льва Талстога.

Леў Талстой, напісаўшы «Вайну і мір», стварыў, па сутнасці, новы від рамана. Назва яму: раман-паток, раман-плынь. Рух народнага жыцця, гісторыя знаходзяцца ў ім у непарыўнай сувязі з дыялектыкай духоўнага жыцця асобных людзей. Прыватнае жыццё чалавека ў рамане Талстога не паглынаецца, не раствараецца ў агульным патоку, а наадварот, дзякуючы сувязі з народнай агульнасцю, набывае надзвычайна поўную ёмістасць і акрэсленасць.

Раман Талстога ахоплівае вялізныя пласты, масівы жыцця, ён як бы адкрыты насустрач рухомаму, дынамічнаму стану свету, ён па-мастацку асэнсоўвае сам рух жыцця, зменлівую дыялектыку чалавечай душы, мнагалучныя, мнагазначныя суадносіны, сувязі чалавечай асобы і свету. Прадмет даследавання Талстога — сучаснасць. «Вайна і мір» як бы рухаецца насустрач жыццю, і ў гэтым сэнсе мы маем справу з адкрытай, свабоднай жанравай формай, якая характарызуецца незвычайна шырокімі рамкамі часу і вялікай прасторавай перспектывай.

Падзеі ў «Вайне і міры» ніколькі не засланяюць жыцця душы, складанай дыялектыкі думак і пачуццяў герояў, роста развіцця характараў. Жыццё як цэлае, у дынаміцы, развіцці, супярэчнасцях — сутнасць раманнага мыслення Талстога. У ім знаходзіць адбіццё ўстаноўка на адлюстраванне праўды, як асноўнага героя твора, глыбіннае разуменне ўсеперамагаючай сілы жыцця, настойлівае дбанне пра вышыню маральных каштоўнасцей, на якіх жыццё заснавана.

Талстой «Вайной і мірам» стварыў некананічную, адкрытую раманную структуру, якая спалучае ў адно мастацкае цэлае плынь гістарычнага часу, народнае і сямейнае жыццё ў вышэйшых пунктах яго духоўнай напружанасці.

Сёння не выклікае сумнення, што «Вайна і мір» — гэты сусветна вядомы шэдэўр — паўплываў на мастацкія пошукі многіх савецкіх пісьменнікаў. У арбіце творчага прыцяжэння геніяльнага талстоўскага рамана — «Блуканне па пакутах» А. Талстога, «Ціхі Дон» М. Шолахава, «Разгром» А. Фадзеева, шэраг твораў беларускіх пісьменнікаў.

Пытанне аб традыцыях, відавочнае ў сэнсе тыпалагічных параўнанняў агульнага літаратуразнаўчага плана, незвычайна ўскладняецца, калі перайсці да жывой творчай практыкі. Бясспрэчна, што вызначаюць напрамак літаратурных пошукаў творцы магутнага даравання, тыя, якім суджана было стаць выразнікамі народнай самасвядомасці, якія нараджаюць цэлую эпоху ў мастацкім развіцці народа. Іменна такім быў Леў Талстой.

Магутная эпічная традыцыя, створаная вялікім рускім пісьменнікам, стала тым сілавым полем, з мастацкага прыцяжэння якога не можа выйсці ні адзін прыкметны талент, які ўзнікае на параўнаўча недалёкім гістарычным аддаленні. І ў той жа час кожны буйны, яркі талент нагадвае планету, якая, падпарадкоўваючыся агульнаму закону прыцяжэння, рухаецца, аднак, па ўласнай арбіце, стварае сваю мастацкую сістэму.

Бясспрэчна, кожны па-свойму, вучыліся на прыкладзе «Вайны і міру» Талстога стваральнікі першых беларускіх раманаў і аповесцей, прысвечаных рэвалюцыі, Якуб Колас, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Міхась Зарэцкі і, асабліва плённа, Кузьма Чорны, які, падобна вялікаму рускаму сабрату, імкнуўся даследаваць «дыялектыку душы».

Яшчэ большы ўплыў талстоўскі раман аказаў на пісьменнікаў, якія пісалі пра Вялікую Айчынную вайну. У беларускай прозе подзвіг народа, стойкасць, мужнасць савецкага чалавека ўвасоблены ў ваенных раманах К. Чорнага, у «Глыбокай плыні», пенталогіі «Трывожнае шчасце» І. Шамякіна, у раманах «Мінскі напрамак» І. Мележа, «Векапомныя дні» М. Лынькова, «Расстаемся ненадоўга» А. Кулакоўскага, «Згуртаванасць» М. Ткачова, «Вогненны азімут» А. Асіпенкі, «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля, «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» І. Чыгрынава, дылогіі А. Адамовіча «Партызаны» і інш.

Няцяжка ўбачыць, што мастацкія прынцыпы,— панарамнасць, шырыня ахопу жыццёвага матэрыялу, пакладзеныя ў аснову амаль усіх гэтых твораў,— бяруць пачатак ад вялікай талстоўскай эпапеі. Чалавек у сілавым полі грамадскага, гістарычнага руху, народ на грозных перавалах сваёй жыццядзейнасці — гэтыя праблемы вырашаюцца беларускімі пісьменнікамі ў залежнасці ад таленту, мастацкай своеасаблівасці кожнага.

Сіла «Вайны і міру» адбіваецца не толькі на творах панарамных, шырокіх па ахопу падзей. Адчуваем мы яе і ў даволі сціплых па аб’ёму аповесцях В. Быкава, І. Пташнікава.

Урокі Талстога ў лепшых творах беларускай прозы аб вайне бачацца ў пільнай увазе пісьменнікаў да народнага жыцця, яго глыбінных вытокаў, да паводзін, духоўнага свету, маральнага патэнцыялу самых разнастайных удзельнікаў вайны.

Высокі гуманістычны пафас, імкненне да ўсебаковага раскрыцця характару, маральна-этычных вытокаў гераічнага, невычарпальнага, закладзенага ў сутнасці чалавека маральнага патэнцыялу, які дазваляе яму вытрымаць звышчалавечыя нагрузкі, выпрабаванні, жахі і застацца чалавекам — вось той асноўны ўрок, які засвоіла беларуская проза, вучачыся ў Талстога.

У апошні час многа пішацца, гаворыцца пра глыбіню псіхалагічнага аналізу, аналітычны спосаб раскрыцця і ўвасаблення жыццёвых падзей. Псіхалагічны аналіз, дакладнасць рэалістычнага малюнка, уменне пісьменніка глыбока зазірнуць у душу героя — рэальная заваёва беларускай прозы, якая прыйшла да яе ў многіх адносінах дзякуючы таму, што лепшыя нашы празаікі плённа вучыліся і вучацца ў Талстога.

У творах Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Янкі Брыля, Івана Шамякіна побач з удумлівым даследаваннем псіхалогіі героя знаходзім паэтычнае бачанне свету, уменне адным словам, адной мастацкай дэталлю сказаць многае, імкненне да жывапісу і рукапісу словам. У многіх нашых кнігах шматфарбнасць, паліфанічнасць адлюстравання жыцця дасягаюцца дзякуючы іроніі, гумару, трапнаму эмацыянальна-ацэначнаму слову. Школа, мастацкія запаветы Талстога як бы спалучаюцца ў такіх творах з другімі творчымі прынцыпамі і крыніцамі. Гэта добра, бо ў гэтым — рух літаратуры.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 218-222
Крыніца: скан