epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Верыць у чалавека

Першыя тры кнігі «Ціхага Дона», перакладзеныя на беларускую мову, я прачытаў за лета, перайшоўшы з трэцяга ў чацвёрты клас. Не хачу выхваляцца, што быў нейкім вундэркіндам. Проста па тым часе ў нашым мястэчку дзіцячай бібліятэкі не было, і прыходзілася чытаць, што трапляла пад рукі. Пазней дзяцінства ўзяло сваё, і ў пятым, шостым класе я з захапленнем глытаў Жуля Верна, Майна Рыда і іншыя прыгодніцкія кнігі.

Але феномен тым не меней дзіўны: нават для дзіцячага ўспрымання Шолахаў шмат чаго даваў, прымушаў біцца сэрца, хвалявацца, смуткаваць, радавацца, з неаслабнай увагай сачыць за лёсам ягоных герояў.

У саракавым годзе, перад самай вайной, за ўласныя грошы, заробленыя ў час канікул на чыгунцы, я купіў апошнюю, чацвёртую кнігу «Ціхага Дона». На беларускую мову яна, здаецца, так і не была перакладзена.

Некалькі разоў у маладым і сталым узросце перачытваў «Ціхі Дон».

Цяпер, калі за плячамі пяць дзесяткаў гадоў, можна выказаць сякія-такія думкі адносна таго, якое значэнне мелі кнігі Шолахава для мяне асабіста і, магчыма, для некаторых маіх аднагодкаў.

Маё пакаленне ўваходзіла ў жыццё праз школу і кнігі. Відаць, з прычыны вядомых сацыяльных працэсаў, якія адбываліся ў краіне пасля рэвалюцыі, мы рыхтаваліся стаць інтэлігентамі: настаўнікамі, інжынерамі, урачамі, некаторыя мецілі, скончыўшы вучылішчы, зрабіцца вайсковымі камандзірамі. Але жылі мы, выхоўваліся, па сутнасці, у народным, пераважна сялянскім асяроддзі, змалку былі блізкія да зямлі, ведалі, што такое ўсход і захад сонца, раса на траве, касавіца і жніво, пах свежаспечанага хлеба, рана прылучаліся да працы.

Таму, відаць, феномен з чытаннем «Ціхага Дона» ў пачатковай школе неяк можна вытлумачыць: побыт, норавы, сама стыхія народнага жыцця, якое там малявалася, былі знаёмыя, збольшага зведаныя нават у дзяцінстве, хоць далёка, скажам, ад Дона да міжрэчча Прыпяці і Дняпра.

Пра тое, якая суровая, крывавая барацьба за новы свет, расказала юнакам і дзяўчатам майго ўзросту Айчынная вайна. Але яшчэ да гэтага расказаў Шолахаў.

Такім чынам, галоўнай кнігай для пакаленняў, якія ўваходзілі ў жыццё паміж Кастрычнікам і Вялікай Айчыннай вайной, быў «Ціхі Дон». Я не хачу гэтым адмовіць значэння твора для іншых пакаленняў і ўплыву на іх выхаванне іншых кніг.

З чыста пісьменніцкага пункту гледжання «Ціхі Дон» М. Шолахава непераўзыдзены ў савецкай літаратуры шэдэўр. Няма другога твора, дзе б так арганічна паядналіся псіхалагічны аналіз і паэтычны сінтэз, музыка напеўнага народнага слова і пластыка жывапісу, глыбіня даследавання самых патаемных рухаў чалавечай душы і даступнасць, лёгкасць апавядання.

Як пісьменнік, я ведаю, што пафас твора, яго асноўную глыбінную ідэю нараджае любоў да роднай зямлі. Кожны, асабліва ў дзяцінстве, юнацтве, зведаны куток выклікае своеасаблівы настрой, які потым, калі садзішся пісаць, перарастае ў адпаведную музыку, у тое, што тэарэтыкі называюць стылем. Гэты настрой падобны да стану, які бывае ў закаханага, таму падрабіць яго нельга. Гэта святое трапятанне душы, уражанай прыгажосцю свету і таямніцамі, якія ў гэтай прыгажосці адкрываюцца. Добра, што Шолахаў напісаў «Ціхі Дон» у маладым узросце, калі яшчэ не растрачаны сілы душы, здольнай да самага глыбокага перажывання. Нават перарваўшыся для «Разворанай цаліны», таксама выдатнага твора, насычанага той жа сыноўняй любоўю да роднага стэпу, ён здолеў ад першай да апошняй кнігі пранесці замілаванне да роднага краю, узняўшы заключную частку эпапеі на высокую трагічную ноту.

Маладосць відушчая. Многія вялікія творы сусветнай літаратуры напісаны іх аўтарамі, калі яны былі вельмі маладыя. З айчыннай літаратуры ў гэтай сувязі варта ўспомніць Пушкіна і Лермантава. Янка Купала напісаў «Курган» у дваццаць восем гадоў, а «Паўлінку» — у трыццаць.

Многае здзіўляе ў «Ціхім Доне». Можна адносна лёгка зразумець, чаму так дакладна Шолахаў выпісаў казацкі побыт, норавы, характары — сам жыў у станіцы, няхай сабе і на становішчы іншагародняга. Але вось ён апісвае сям’ю купца Мохава, памешчыка Лісніцкага, салдацкі, афіцэрскі побыт у акопах і зямлянках першай сусветнай вайны, г. зн. карціны і псіхалагічныя з’явы, якіх непасрэдна не бачыў і не мог бачыць. Адкуль жа дасведчанасць і дакладнасць у паказе гэтых невядомых пісьменніку пластоў жыцця?

Тут мы маем справу са здольнасцю геніяльнага мастака паглыбіцца, улавіць дух той ці іншай эпохі, часу. Міхаілу Шолахаву спявала рэвалюцыя. Яе ідэю ён успрыняў амаль у дзіцячым узросце, і менавіта яна дапамагла яму разгледзець тое, што рабілася ў самых разнастайных станах і лагерах напярэдадні і ў час грамадзянскай вайны. Вядома, маладому пісьменніку свяціў вопыт асабістага ўдзелу ў барацьбе з контррэвалюцыяй — ён быў прадатрадчыкам і чонаўцам,— шмат у чым дапамагалі расказы былых казакаў, якія ўдзельнічалі ў імперыялістычнай і грамадзянскай вайне, архіўныя дакументы, сведчанні. Але вызначальным у тытанічным творчым акце, які ён здзейсніў, быў магутны талент, прыродная здольнасць слухаць і разумець рэвалюцыю. Відаць, не станем мы спрачацца наконт таго, што было шмат іншых людзей, якія больш за Шолахава бачылі схватак і боек рэвалюцыі, аднак жа «Ціхага Дона» не напісалі.

Хачу сказаць яшчэ аб тым, што пісьменнікам, якія прыходзяць у літаратуру ўслед за такімі магутнымі талентамі, як Шолахаў, нялёгка працаваць. Сілавое поле прыцягнення такіх талентаў надзвычай адчувальнае, і, каб захаваць творчую самастойнасць, уласную арбіту, таксама трэба немалыя сілы.

У «Ціхім Доне» Шолахаў бліскуча, напрыклад, абмаляваў, раскрыў тры жаночыя тыпы — Наталлі, Аксінні і Дар’і, якія па сваёй чалавечай прыродзе вельмі многае гавораць увогуле пра жанчын, пра жаночае каханне. Пасля Шолахава адкрыць у народным асяроддзі тыпы падобнай велічы, сілы, страсці стала проста немагчыма. Ва ўсякім выпадку, у бліжэйшым гістарычным абсягу.

Міхаіл Шолахаў глыбока ўспрыняў гуманістычныя запаветы класічнай рускай літаратуры, якая вучыла бачыць чалавечае ў чалавеку. Некаторыя пісьменнікі захапляюцца ў апошні час так званай сітуацыяй «выбару». Прычым выбар свой іхнія героі робяць, як кажуць, «пад заслону». Што адбылося з героямі пасля таго, як яны зрабілі рашучы, няправедны крок, мы не ведаем. Але, ідучы такім шляхам, можна прыйсці да непажаданых вынікаў, якія мяжуюць з нявер’ем у чалавека, у яго духоўныя сілы і магчымасці.

Як існуе літаратура, чалавек у ёй няўхільна робіць выбар паміж дабром і злом, сіламі цемры і прагрэсу. Праблему выбару ў шырокім разуменні слова ўвасабляюць вобразы Дон-Кіхота і Санча Пансы, Фаўста і Мефістофеля, П’ера Бязухава і Анатоля Курагіна, Алёшы і Івана Карамазавых.

Грыгорый Мелехаў у «Ціхім Доне» таксама робіць выбар. Гісторыя яго кіданняў паміж двума варожымі станамі якраз і вызначае асноўны стрыжань шолахаўскай эпапеі. Прырода адчайнай мітусні Грыгорыя зразумелая: за ёй стаяць шматлікія сацыяльныя і іншыя складаемыя незвычайнай, у многіх адносінах выдатнай, яркай натуры. Мы не можам ненавідзець Грыгорыя перш за ўсё таму, што добра яго разумеем. Наадварот, мы спачуваем яму, шкадуем, бачачы, як траціцца чалавечае ў чалавеку, як завельмі позна дасягае герой жаданага берага. У дадзеным выпадку абставіны, прывітыя звычкі мацней за чалавека — і нараджаецца трагедыя. Але ў шолахаўскай трагедыі гучыць магутны аптымістычны акорд: рэвалюцыя рабілася менавіта для такіх, як Грыгорый, ды дарога яе была крывавая, жорсткая, і не ўсе маглі знайсці правільны жыццёвы кірунак.

Шолахаў вучыць нас любіць чалавека, верыць у яго сілы, магчымасці, у высокае яго прызначэнне, у тое, што ўсё ён адолее і пераможа, якія б цяжкія выпрабаванні ні стаялі на яго шляху.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 131-135
Крыніца: скан