epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Водгулле далёкіх вёснаў

Майскімі святамі мне і дасюль свецяць далёкія трыццатыя гады...

Наша мястэчка лічылася сялом, у нас быў сельсавет, размешчаны ў доме папа, школа першай ступені, або, як пачыналі яе называць па-новаму, ШКМ, на пыльнай базарнай плошчы ўзвышалася абшарпаная дашчаная трыбуна. Да першамайскіх і кастрычніцкіх свят трыбуну фарбавалі ў чырвоны колер.

У першы клас у тыя гады пачыналі хадзіць не з восені, а з вясны. Два тыдні гаманлівая талака шыбавала ў школу, атрымлівала буквары, алоўкі, сшыткі, грыфельныя дошкі, прывыкала сядзець за партай, слухаць настаўнікаў, затым на ўсё лета распускалася на канікулы...

У школе па тым часе вучылі сур’ёзна. Класы называліся групамі, і нават у першай, самай пачатковай групе быў такі прадмет, як грамадазнаўства. На ўроках грамадазнаўства настаўніца расказвала пра рэвалюцыю, якая адбылася ў нас і хутка перакінецца на астатнія краіны свету, пра буржуяў, якія смокчуць кроў бедных людзей. Зрокава мы ўяўлялі рэвалюцыю як вялікую бойку: худыя, галодныя людзі душаць, топчуць пузатых, тоўстых, як бочкі, буржуяў за тое, што яны адабралі ў бедных хлеб, вопратку, хаты. Гэта ўяўлялася цалкам справядлівым: бедныя, абліваючыся потам, працуюць і не маюць нават кавалка хлеба, а буржуі нічога не робяць і аб’ядаюцца. Мы дапытваліся ў настаўніцы, калі пачнецца рэвалюцыя ў астатніх краінах, і здзіўляліся з таго, чаму там, за мяжой, рабочыя і сяляне марудзяць.

Першамайскае свята было жывым пацвярджэннем таго, што сусветная рэвалюцыя хутка ўспыхне. Задні і бакавы прасцяг плошчы перад трыбунай напалавіну займала школа. Старшакласнікі неслі партрэты правадыроў, лозунгі, напісаныя белымі літарамі на чырвоным кумачы, — іх трэба было несці ўдвух, трымаючы палкі над галавой і расцягваючы палотнішча, каб можна было прачытаць напісанае. Але асаблівай аздобай вучнёўскай калоны былі дошкі транспарантаў, на якіх школьныя мастакі наглядна паказвалі бойкі рэвалюцыі — чырвонаармеец у будзёнаўскім шлеме коле штыхом тоўстага генерала, худы, жылаваты рабочы змятае мятлой з зямнога шара буржуя, памешчыка і папа.

Правей, перад самай трыбунай, стаялі чыгуначнікі — у іх таксама былі сцягі, партрэты, лозунгі, але такіх транспарантаў, як у школы, — ніводнага. Калгаснікі прыходзілі толькі са сцягамі, але затое сярод іх трое з гармонямі. Далей размяшчаліся смалакуры, пільшчыкі, работнікі цагельнай арцелі, невялікая купка мужчын з мылаварні. Усе з чырвонымі бантамі на грудзях, у новых святочных вопратках.

На трыбуне па чалавеку ад кожнай калоны і старшыня сельсавета Стрык, худы, высокі, з чорным, нібы вымазаным дзёгцем, тварам. Стрык заўсёды носіцца па сяле на прыгожай кабыле Ластаўцы, чырвона-гнядой, з белымі падпалінамі на нагах і каля вачэй. Калі Стрык не ў сядле, то ўсё адно здаецца, што ён некуды імчыць, баючыся спазніцца, — гэтак шпарка, размашыста ён ходзіць.

Колькі я памятаю, усе тыя далёкія маі былі цёплыя, сонечныя, з сінім, без хмурынкі, небам, першым кволым лісцем на каструбаватым вецці серабрыстых таполяў. На галінах адной такой таполі, што расце якраз цераз вуліцу, перад крытым бляхай настаўніцкім домам, сядзяць, нібы вераб’і, хлапчукі. Хлапчукі пераважна з тых, што ў школу яшчэ не ходзяць, але ёсць і шкаляры, якія цішком шуснулі з калоны і ўскарабкаліся на дрэва, каб падзівіцца на цуд. Цуд паўтараецца кожнага мая і відзён найлепей з вышыні.

Творцы цуду — камсамольцы і іх завадатар Гешка Пінчук, камлюкаваты, шыракатвары хлопец, у якога зімой і летам праглядвае з-пад сарочкі паласатая матроская цяльняшка. Камсамольцы ў сяле ломяць і крышаць усё старое: скінулі крыжы з залатых царкоўных макавак, падпалілі на могілках капліцу, а цяпер ездзяць па полі, якое ўжо абагулена, на трактары і заворваюць межы.

Камсамольцы выскакваюць на плошчу з-за настаўніцкага дома, выстройваюцца ў ланцуг, як па камандзе нагінаюцца, кладучы на пясчаны дол пляскатыя бляшанкі. Адно імгненне — і з-пад іх ног вырываюцца воблакі шызага дыму, ахутваючы шчыльнай заслонай ланцуг. І тады пачынаецца першы цуд — камсамольцаў не відаць, затое на тым месцы, дзе яны стаяць, высока над галовамі падымаюцца на дрэўках чырвоныя сцягі. Плошча тоне ў воплесках, у дружных выгуках захаплення.

Камсамольцы зніклі. Прамежак перад трыбунай пусты. Чуваць ляскат колаў, бразганне жалеза — з павароту вуліцы на поўным скаку імчыць пажарная каманда. Пажарнікі ў бліскучых медных касках — яны ззяюць на сонцы, як залатыя, — і ў поўнай экіпіроўцы — з сякерамі за брызентавымі паясамі, з доўгімі баграмі ў руках. Трымаючы коней за вуздэчкі, пажарнікі выстройваюцца перад трыбунай. Тады адкрываецца мітынг. Першым пачынае гаварыць Стрык.

Яго пранізліва-звонкі голас пакрывае не толькі плошчу, а і ўсё бліжняе наваколле. І тое, што выгуквае старшыня сельсавета, непасвечанаму можа здацца дзіўным, але словы Стрыка нельга разумець у літаральным сэнсе.

— Пажарнікі! — падымаючы ўгору сцятыя кулакі і як бы збіраючыся ўзляцець над трыбунай, гукае Стрык. — Не тушыце пажараў! Не трэба тушыць пажараў! Няхай шырэй разгараецца агонь рэвалюцыі!

Пажарнікі тоўстымі адтапыранымі пальцамі торкаюць коней пад сківіцы, і коні ўміг, як па камандзе, падымаюць морды, стрыгуць вушамі. Здаецца, яны слухаюць гэтак жа ўважліва, як і людзі.

Наступны лозунг да чыгуначнікаў — гэткі ж звонкі, гучны і, калі кіравацца простым сэнсам, недарэчны.

— Чыгуначнікі! Не спыняйце цягнікоў! Няхай імчацца лакаматывы ў сусветную рэвалюцыю!

Пасля кожнага выгуку прамоўцы — дружны, як адзіны ўздых, вокліч натоўпу. Стрык гарыць сам — вочы блішчаць, на чорных, запалых шчоках чырвань, — але ж і ўмее запальваць. Здаецца, каб падняў ён руку, паклікаў — уся грамада людзей, якія стоўпіліся вакол трыбуны, хлынула б за ім, кінулася б у невядомыя прывабныя далі.

— Смалакуры! Не шкадуйце смалы! Зальём ёй горлы сусветнаму капіталу!

— Пільшчыкі! Хопіць рэзаць дошкі і брусы! Збівайце труну для праклятых буржуяў!

Нарэшце чарга даходзіць і да нас, школьнікаў. Мы горача падтрымліваем усе лозунгі — гучней, чым школа, не крычыць ніхто, але і свайго чакаем з нецярпеннем.

— Школьнікі! Хутчэй вырастайце! Давайце тэмпы росту! Станавіцеся ў армію байцоў рэвалюцыі!

Гоман, воплескі, бой школьных барабанаў...

Астатнія прамоўцы ў параўнанні са Стрыкам гавораць нецікава — што зрабілі, што трэба зрабіць...

Мітынг цягнецца гадзіны дзве, потым яшчэ столькі дэманстрацыя па пыльнай чатырохвярстовай вуліцы сяла. Паліць сонца, баляць разамлелыя ў зімовым абутку ногі. Але дзень незвычайны — б’юць барабаны, палошчуцца на сонцы сцягі, і не хочацца зважаць на стому. Шкада, што пасля абеду свята скончыцца, людзі разыдуцца і наступіць звычайны дзень. Няхай бы ён цягнуўся бясконца...

Цяпер, праз многія гады, мне здаецца, што наш няўрымслівы старшыня сельсавета быў паэтам у глыбіні душы, не любіў будзённасці і, як ніхто ў сяле, адчуваў вялікую, не параўнаную ні з чым радасць палёту, імкнення...

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 320-323
Крыніца: скан