epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Выбар

І
ІІ
ІІІ
IV


І

Пасля мітынгу, на якім выступалі партызанскія камандзіры, сувязныя, падпольшчыкі, да Варанецкага падышоў сярэдняга росту, з трохі прыплюшчанымі, сінімі, як васількі, вачамі чалавек. Калі зважаць на святочнае зборышча, то апранут ён даволі неахайна і нават не пагаліўся: шырокі дабрадушны твар пакрывае буйная сівая шчаціна.

— Добры дзень,— сказаў ён, узяўшы Варанецкага за руку.— Я пазнаў вас. Вы прыходзілі да Арсеня Булыбы. Які жыве ў Багімавічах. Я ў яго хаваўся. Вы слухалі радыё і расказвалі, што немцаў пад Масквой разбілі...

— Я не ведаю вас,— разгублена прамовіў Варанецкі.— Ніколі не бачыў...

— Не бачылі. Бо я хаваўся за печчу. На вас глядзеў праз шчыліну. Вы былі зусім малады хлопчык. У чорным палітончыку. Перашытым з чыгуначнага шыняля. Вы і да Піліпа Краснея прыходзілі...

Зрэшты, Варанецкі ўспомніў. Іх местачковае падполле ў першы год акупацыі перахоўвала яўрэя-краўца. Па прозвішчу Голуб. Толькі Арсень Булыба не быў падпольшчыкам. Быў проста добры чалавек. Тады, у снежні сорак першага года, Варанецкі вельмі здзіўляўся, чаму языкатая Арсеніха раптам стала заклікаць яго да сябе ў хату і цікавіцца падзеямі на фронце. Але няма нічога тайнага, што б не стала яўным...

— Майму родзічу не пашанцавала,— працягваў Голуб.— Доктару Багамольцу. Не знайшлося чалавека, які б прытуліў яго, расказаў пра Маскву. Адна Масква ў сорак першым годзе ратавала яўрэяў...

 

ІІ

Вісіць над лесам цёмная коўдра снежаньскага неба. Такое неба цяпер над усім светам. Нават над Масквой. Учора і сёння ад трох ці чатырох сустрэчных, якіх Багамолец напаткаў у лесе, ён пачуў, што фашысты Маскву захапілі.

Людзі глядзелі на яго ашалелымі ад страху вачамі. Сказаўшы два-тры словы, кідаліся прэч. Няўжо ён такі страшны? Мабыць, людзі палохаюцца яго зарослага рудой шчацінай твару, парванай нашчэнт вопраткі — выгляд валацугі ці нават бандыта. Але ад іх пярэпалаху цёмны страх напаўзае на яго самога: агідны, слізкі, ён адбірае волю, выклікае напаверх няпэўныя здрадлівыя інстынкты...

Па дарозе Багамолец дайшоў да пагорка. Адсюль відаць мігатлівыя аганькі, якія пабліскваюць у Бараўцах. Бараўцы — сяло вялікае, доўгае, але аганькоў мала. Няма карасіну. Як тады, у грамадзянскую вайну. Тады свяцілі ў хатах смалякамі, лучынай. Відаць, і цяпер так. Таму аганькі мігатлівыя.

Злева Бараўцы, справа — курган могільніка. Яшчэ ў мірныя дні, калі Багамолец прыязджаў у сяло на райздраваўскай эмцы, ён не любіў глядзець на могільнік. Штосьці цёмнае, халоднае, здрадлівае ён нагадвае...

Пастаяўшы некалькі хвілін на пясчаным узлобку, Багамолец рушыў назад, да лесу. Ён пераначуе яшчэ адну ноч у пасадках. Заўтра выйдзе на дарогу і запыніць чалавека з Бараўцоў. Хто б той ні быў. Распытае пра Філімончыка. Чаму недавучаны фельчар можа жыць у хаце, у цяпле, а ён, урач з дыпломам, як воўк, бадзяцца па лесе?..

Пакуль Багамолец дабрыў да лесу, узмацніўся вецер. У вершалінах маладых сасонак ён шуміць глуха і працяжна. Наогул пахаладала за апошні дзень. Невядома, як пры такім холадзе ён правядзе ноч у пасадках.

Ідучы непрыкметнай у цемені вечара разорай, якой край маладых пасадак аддзяляецца ад старога сасонніку, Багамолец раптам запыняецца. Праз глыбіню хвойнай гушчэчы прабіваюцца трапяткія бляскі вогнішча. Агонь гарыць, бадай, на тым месцы, дзе ён правёў апошнія дзве ночы. Няўжо высачылі?..

Першым жаданнем было кінуцца прэч, уцякаць. Але ашаломлены нечаканым відовішчам, ён неяк пераадолеў у сабе халодны, агідны страх. Калі б за ім сачылі, то маглі даўно схапіць. Хіба цяжка ўзяць бяззбройнага, абяссіленага чалавека, які два месяцы блукае без прыстанішча?..

Багамолец праз навісь галін пачынае ўглядвацца ў агонь, які бліскае між маладых хвоек. Яшчэ праз хвіліну ён асцярожна рассоўвае галіны, нячутна падбіраючыся да вогнішча. Пад нагамі трэснула сухая галіна, і Багамолец зноў застыў на месцы.

— Ідзі сюды, Ісаак! — пачуўся хрыплы голас ад вогнішча.— Не бойся!..

Голас нібыта знаёмы.

Адкінуўшы апошнюю асцярогу, Багамолец расхінуў галіны і выйшаў ледзь не да самага вогнішча. На аблюбаванай ім два дні назад невялікай палянцы палае агонь, ляжыць куча назапашанага нанач ламачча. Ля агню сядзіць апрануты ў зімовае паліто чалавек з сялянскай шапкай-кучомкай на галаве. Не зважаючы на Багамольца, чалавек торкае палкаю між вуголля — пячэ бульбу.

— Хто ты? — пытае Багамолец.

— Твой швагер,— адказвае знаёмы голас.— Можа, не зусім швагер. Але я не ўмею правільна сказаць, якія мы з табой родзічы. Я цябе яшчэ ўчора ўбачыў, Ісаак. Я ў балоце сядзеў, а ты хадзіў па лесе. І вот я знайшоў твой дом...

Чалавек падняў галаву, і, зірнуўшы на яго шырокі, зарослы цёмнай шчацінай твар, Багамолец пазнаў краўца Гірша Голуба.

Яны паходзяць з аднаго прыдняпроўскага мястэчка і сапраўды між сабой нейкія родзічы — пажаніліся на стрыечных сёстрах.

Багамолец прысеў да агню, прасцёр над полымем адубянелыя рукі.

— Дзе ты начаваў?

— Я табе сказаў — на балоце. Знайшоў стог, выскуб дзірку. Да ўчарашняй ночы спаў у стозе. Але стала холадна. Прыйшла зіма.

— Зіма,— пацвердзіў Багамолец.— Што думаеш рабіць?

— Не ведаю.

Кравец выкаціў палкаю з вуголля дзве бульбіны.

Канец палкі загарэўся, і ён торкнуў ім у зямлю. Кінуў у агонь некалькі ламачын.

— Давай вячэраць, Ісаак. Калі быў мір, мы адзін да другога не хадзілі. Вот як сустрэліся. Можа, бачымся апошні раз...

Багамольца пачаў раздражняць сам тон гаворкі. Нібы немаведама які мудрэц гэты самы ягоны швагер.

— Мы жылі ў розных месцах, Гірш. Ты не можаш сказаць, што я табой грэбаваў. Раён арганізаваўся ў Багімавічах нядаўна, і, толькі прыехаўшы ў Багімавічы, я цябе пабачыў. Пасля таго як мы купаліся і лавілі рыбу ў Дняпры...

— Ты вучоны чалавек, доктар. А я хто?.. Я на цябе крыўды не маю.

— Ты паспеў адправіць сям’ю? — каб перамяніць гаворку, спытаў Багамолец.

— Мая сям’я паехала разам з тваёй. У адным эшалоне. Я ў той дзень бачыў цябе на станцыі. Мост на Дняпры яшчэ не ўзарвалі...

— Што ты хочаш гэтым сказаць?

— Хачу сказаць, што эшалон куды-небудзь даехаў. Калі не разбамбілі...

— Ты з палону ўцёк?

— Я ў палоне не быў,— адказаў кравец.— З такімі насамі, як мой і твой, немцы з палону не выпускаюць.

— Хіба ты не быў у арміі?

— Быў. Служыў у майстэрні. Мы шылі шынялі, гімнасцёркі. Калі наша майстэрня яшчэ стаяла пад Гомелем, немцы ўжо былі наперадзе. Мы трапілі ў акружэнне. Я тады знайшоў вось гэтае паліто і пайшоў сюды.

— Чаму не пайшоў на ўсход? Праз лінію фронту...

— Чаму ты так гаворыш, Ісаак? Ты не рэбе, а я не малы, дурны хлопец. Я думаў так: немцы наперадзе, праз іх я не праб’юся. Бачыў: па вёсках, сёлах іх няма. Былі і пайшлі. Я думаў: знойдзецца месца беднаму краўцу дзе-небудзь у глухім кутку. Ты вот быў вялікі начальнік і прыйшоў сюды. Чаму прыйшоў?..

— Я зрабіў памылку, Гірш. Вялікую памылку...

Багамолец змоўк. Выняў з кішэні кавалак хлеба, дзве цыбуліны, паклаў побач з печанымі бульбінамі. Агонь трохі прытух, і былі відаць дзве ці тры зоркі на чорным зімовым небе.

— Я калі пазаўчора ўбачыў цябе ў лесе, то вельмі ўзрадаваўся,— прызнаўся кравец.— Сачыў за табой. Хацеў паглядзець, куды пойдзеш. Хадзілі чуткі, што цябе пакідаюць у партызанах.

— Я не хацеў аставацца тут. Каго пакінулі, тыя пайшлі ў лес. Я — на ўсход. Але позна сабраўся. Не паспеў прабіцца. Трапіў, як ты, у акружэнне. Да лініі фронту не пайшоў, успомніў, што магу быць у партызанах. Вярнуўся, а атрада няма...

— Немцы атрад разбілі? — вырвалася ў краўца.

— Сам распаўся. Частка людзей пайшла за лінію фронту. Астатнія — хто куды...

Яны падкінулі ламачча ў агонь, павячэралі. Перад тым як легчы спаць, пашасталі па сасонніку, прынеслі па бярэмку сухіх галін, сукоў. Не шкадуючы, наламалі хвойных лапак, наслалі на дол. Павярнуўшыся спінамі да агню, паляглі спаць...

Ноччу пайшоў снег.

Ён сыпаў густа, шчодра, і начлежнікі хутка прачнуліся. Падкінулі хварасцін у прытухлы агонь.

— Нам тут болей нельга заставацца, Ісаак,— сказаў кравец.— Па першых слядах нас схопяць. Павядуць на шворцы, як бычкоў на разніцу.

— Куды збіраешся ісці, Гірш? — спытаў Багамолец.

— У Багімавічы. Да людзей. Без людзей мы прападзём.

— Я астануся ў Бараўцах. У Багімавічах мяне ўсе ведаюць.

Яны сталі збірацца. Які ў іх быў выбар? Ніякага іншага, апроч таго, што трэба шукаць прытулку пад чыёй-небудзь страхой. У лесе без прыстанішча, без харчу не пражывеш...

— Давай развітаемся, Ісаак,— хрыпла сказаў кравец.— Можа, апошні раз бачымся. Калі будзеш жыў і пачуеш пра маю смерць, перадай сям’і...

— Ты таксама, калі што якое, раскажаш маёй сям’і, Гірш...

Яны на развітанне абняліся, тры разы прыхінуліся адзін да другога зарослымі шчокамі. Выбраўшыся з сасонніку на дарогу, пайшлі ў процілеглых напрамках. Багамолец у Бараўцы, якія размешчаны блізка: за сасоннікам, за пясчаным пагоркам, кравец — у Багімавічы, у раённы цэнтр, да якога адсюль вёрст пятнаццаць.

Шчодры, густы снег вельмі хутка замёў іхнія сляды.

 

ІІІ

Вайна да Багімавіч падыходзіла марудна. Немцы на Палессі завязлі. Толькі ў другой палавіне жніўня Багамолец разам з калонай мабілізаваных рушыў у водступ. У калоне нядаўні загадчык райздрава выконваў абавязкі ўрача.

Калоне прамой дарогі на ўсход ужо не было: немцы захапілі Гомель. Мабілізаваныя ішлі кружным шляхам: на Лоеў і далей за Днепр.

Гэта былі мясціны, дзе прайшла маладосць. У прыдняпроўскім гарадку Багамолец нарадзіўся, на ціхаходным параходзіку дабіраўся да Кіева — ён там вучыўся ў медыцынскім інстытуце — быў, бадай, ва ўсіх прылеглых да вялікай ракі раёнах, працаваў пасля сканчэння інстытута.

Ён спрабаваў перахітрыць лёс. Нізавошта не хацеў ісці ў партызанскі атрад, куды яго спачатку накіравалі. Замест сябе ўгаварыў астацца ў атрадзе хірурга Фукса. Зрэшты, логіка ў ягоных довадах была: у баявых умовах болей патрэбен хірург, які ўмее зашыць рану, паставіць на месца вывіхнуты ці перабіты сустаў, чым тэрапеўт, які лечыць парашкамі.

Багамолец свядома не хацеў заставацца на занятай ворагам зямлі. Меў горкі вопыт. Ён быў малады хлопец, калі ў гарадок на Дняпры па чарзе прыходзілі немцы, белапалякі, наляталі атаманы і «бацькі». Асабліва жудасным паўстае ў памяці Стракапытаўскі мяцеж. Чырвоны камандзір Стракапытаў, зноў перафарбаваўшыся ў белы колер, пачаў знішчаць савецкіх актывістаў, яўрэяў. Пры тым пагроме загінуў бацька Багамольца, гандляр сярэдняй рукі. Багамолец выратаваўся тым, што своечасова паехаў да цёткі ў Багімавічы. Стракапытаўцы лютавалі і там, але ў Багімавічах жыў разумны, выдатны поп, які выратаваў местачковых яўрэяў. Ён пусціў яўрэяў у царкву, а сам пры ўваходзе стаў з паднятым крыжам. Рынуць на крыж стракапытаўцы не адважыліся...

Даўняе, жудаснае прадыктавала Багамольцу рашэнне: не заставацца ў акупацыі. У смутныя часы, пры змене ўлады робяцца непадобнымі да саміх сябе нават добра знаёмыя людзі. Але ад лёсу не ўцячэш. Пад Кіевам, горадам маладосці, ён трапіў у акружэнне. Прыйшлося міжволі ўспомніць пра партызанскі атрад.

Ён, зрэшты, як мог спрыяў гэтаму атраду. Стварыў некалькі патайных аптэк, адна з якіх у Бараўцах. У Бараўцы, да старога фельчара Філімончыка, ён пераправіў найбольшы прыпас бінтоў, ёду, іншых медыкаментаў. Ён ведаў: раённыя ўлады ўзялі з Філімончыка абяцанне памагаць партызанам...

І вось сам ён ідзе ў Бараўцы...

З цёмнага неба сыпле снег. Канчаецца малады сасоннік і пачынаецца поле. З правага боку праступае курган могільніка. За ім чыгунка-аднапутка, па якой ён прыйшоў сюды.

Багамолец мог завітаць у Бараўцы, да Філімончыка яшчэ тры дні назад. Але здарылася непрадбачанае. Вёрст за дзесяць да сяла яго засцігла ноч, і ён папрасіўся нанач да будачніка. Ад будачніка, стараватага, спагадлівага дзядзькі, дазнаўся, што партызанскі атрад, пакінуты раённымі ўладамі, распаўся: немцы з паліцаямі разграбілі склады, знішчылі зямлянкі і буданы.

Будачнік паведаміў навіну наогул неверагодную: у Бараўцах старшынёй нямецкай воласці былы старшыня сельсавета Мігай, які вярнуўся з партызан...

Пра Мігая Багамолец думаў усе тры дні, калі блукаў вакол Бараўцоў. Успамінаў усё, што ведаў пра былога старшыню. На раённых нарадах Мігай, высокі, даволі няскладны мужчына гадоў сарака, гаварыў без паперкі, гучна, крыкліва, але бесталкова. Заўсёды прызнаваў памылкі, адгукваўся на заклікі. Здаваўся чалавекам нават празмерна аддадзеным службе.

У тым, што Мігай стаў старшынёй воласці, тоіцца загадка. Хіба выключана, што падобны крок зроблены для маскіроўкі, для разгортвання падпольнай работы? Калі так, то сховішча, паратунак Багамольцу забяспечаны...

Адно за другім набягаюць сумненні. Што, калі раптам сапраўды прадаўся Мігай? Як у такім выпадку павядзе сябе Філімончык?

Выбару ў Багамольца, аднак, няма. Філімончык самы блізкі чалавек. Калі ён, бяздомнік, не знойдзе ў яго схову, прыстанішча, то не знойдзе нідзе...

Год назад, у пачатку зімы, Філімончыка ўзнагародзілі. Першы з медыцынскіх работнікаў раёна ён атрымаў ордэн «Знак Пашаны». Дзеля ордэна нямала пазмагаўся Багамолец. У самым прамым сэнсе.

Ён шчыра хацеў адзначыць доўгае і самаахвярнае служэнне медыцыне сельскага фельчара. Вольга Іванаўна, жонка фельчара, тут не пры чым. Вольга Іванаўна, намнога маладзейшая за мужа, была проста каханкай. Не першай і не апошняй. На адносіны з жанчынамі Багамолец глядзеў без асаблівай цнатлівасці. Жонка хварэла, ездзіла па дактарах, і што заставалася рабіць? Жыццё даецца адзін раз. Ён жыў сам і даваў жыць другім. Ніколі нікога не пакараў. Наадварот, вызваляў з бяды...

У перадсвітальнай шэрані Багамолец лёгка знайшоў сядзібу Філімончыка. Яна ў цэнтры сяла, агароджана высокім дашчаным парканам. Вокнамі пярэдняга пакоя дом выходзіць на вуліцу, глухой сцяной — на правулак, які вядзе на поле. Правулкам, ціснучыся да сцяны, Багамолец прабраўся на вуліцу. У двух ці трох вокнах хат скачуць мігатлівыя бляскі. Хутка прачнецца сяло. Трэба хутчэй...

Ён асцярожна пастукаў у шыбіну. Адразу занавеска расхінулася, мільгнуў нечы твар. Багамолец пайшоў да веснічак. Пачуліся крокі. Нехта правальваючыся ў снег, ішоў на двор.

— Хто там? — пачуўся сярдзіты голас Вольгі Іванаўны.

Багамолец, стараючыся гаварыць не вельмі гучна, назваў сябе. За веснічкамі з хвіліну сцятае маўчанне.

— Ідзіце прэч! — прыглушана, але вельмі выразна сказала Вольга Іванаўна.— Мы вас не ведаем. Ведаць не хочам. Вам няма чаго тут рабіць...

Яна нават не адчыніла веснічак. Пачухкала назад да ганка.

Багамолец застыў у здранцвенні. Прыхінуўся да шула і гэтак стаяў.

Праз некалькі хвілін на двары зноў пачуліся крокі. Ляскнула жалезная засоўка, і веснічкі адчыніліся.

— Заходзьце хутчэй, Ісаак Абрамавіч,— спалохана сказаў Філімончык.— Бяда ў нас. Не дай бог вас пабачаць...

Паспешліва прычыніўшы дзверкі, засунуўшы засаўку, па-старэчаму шоргаючы па снезе нагамі, абутымі ў разлезлыя валёнкі, Філімончык падыбаў паперадзе. У правай руцэ трымаў ліхтар «Лятучая мыш». Мінулі хату, паветку, хлеў, расчынілі яшчэ адны веснічкі, якія вядуць на агарод.

На агародзе, наўзбоч раскарачаных, з цёмнымі галінамі яблынь стаіць лазенька. Яе якраз і меў на ўвазе Багамолец, думаючы пра Бараўцы, пра прытулак, які можа для яго знайсці Філімончык.

У твар патыхнула вільготным цяплом. Учора ці пазаўчора ў лазеньцы мыліся. Аднак услончык, полка, падлога зусім сухія.

— Я прынясу вам есці,— сказаў Філімончык і, не пакінуўшы ліхтар, выйшаў.

Зрабілася цёмна, як у склепе. Багамолец вобмацкам знайшоў полку і лёг. Ён успомніў, што некалі лазеньку спецыяльна для яго тапілі. Званілі ў раён. Аднойчы ён прыехаў і дома Філімончыка не застаў. Вольга Іванаўна перш чым пасадзіць яго за стол, прывяла ў лазеньку. На хвіліну адвінулася і зноў прыбегла. Похапкам распранулася, нібы хочучы выхваліцца буйным, трохі азызлым целам. Пахатлівая жывёліна!..

Нечакана для сябе Багамолец заснуў. Праваліўся нібы ў бездань. Ён, відаць, гадзіну ці нават болей паспаў, бо калі прачнуўся, у невялічкае, зашклёнае замглёнымі, накладзенымі адзін на другі кавалкамі шкла акенечка пазіраў шэры зімовы дзень.

Дзверы рыпнулі, апранутая ў нейкае шэрае, з доўгімі крысамі паліто зайшла Вольга Іванаўна. Выняла з лазовага кошыка яду: гаршчэчак са стравай, кавалак хлеба, лыжку.

— Антона Кузьміча выклікалі ў бальніцу,— сказала пра мужа.— Вы, Ісаак Абрамавіч, паешце і ідзіце. Вам тут быць нельга. Пазаўчора злавілі і расстралялі доктара Фукса. Ён да нас ішоў,— Вольга Іванаўна гучна ўсхліпнула.

— Доктара Фукса? — перапытаў Багамолец, халадзеючы.— Хіба ён не пайшоў на ўсход?

— Не пайшоў. Ён два разы да нас прыходзіў. Калі быў яшчэ разам з Мігаём у лесе. Мігай яго спецыяльна расстраляў. Каб замесці сляды і паказаць немцам, што ён ім адданы. Цяпер да нас чэпіцца. Кожны дзень выклікае Антона Кузьміча...

Вестка пра Фукса нібы аглушыла Багамольца, зрабіла абыякавым да ўласнага лёсу.

— Змеркнецца, і вы ідзіце, Ісаак Абрамавіч,— працягвала гаспадыня.— Дваром не ідзіце, пералезце праз плот. Пройдзеце полем, а там у лес...

— Добра,— абыякава згадзіўся Багамолец.

Неяк похапкам, не развітаўшыся, Вольга Іванаўна выскачыла з лазенькі...

Сытая кабыла, падумаў Багамолец пра Вольгу Іванаўну. Сволач. Хоць бы дазволіла пагрэцца, абмыць вошы. Ведае, што выганяе на смерць...

На другі дзень Багамолец прыйшоў у мястэчка. Хадзіў па вуліцах, не тоячыся, не паказваючы страху, чытаў нямецкія аб'явы. Надвячоркам яго арыштаваў паліцэйскі патруль...

 

IV

Голуб торкае пальцам, прабівае на шве дзірачку, прасоўвае іголку з навошчанай суровай ніткай, сшываючы аўчыны. Паціхеньку сам сабе пад нос напявае:

 

Тумбала-тумбала, тум балалайка,

Тум балалайка, спіл балалайка...

 

Дзесяты ці адзінаццаты кажух шые Голуб за зіму. Ён пашыў бы болей, але гаспадар на гаспадара не прыходзіцца. У аднаго аўчын няма, у другога не выраблены, цвёрдыя, як жалеза. Дый на другую работу ён адцягваўся, перашываючы розную старызну.

Дзень пабольшаў. Праз акенечка стопкі Голубу відаць, якія доўгія капяжы-суслы павіслі са страхі хлява. Сонца ўсё часцей прабіваецца з-за калматых воблакаў, і капяжы безупынна капаюць. Кроплі звіняць, як музыка. Вясна на дварэ.

 

Тумбала-тумбала, тум балалайка,

Тум балалайка, спіл балалайка...

 

У гэтым трэцім па ліку сховішчы Голубу найлепей. Ён тут амаль поўны гаспадар. Калі хоча ўстае, калі хоча лажыцца.

У яго ёсць вядро вады, паўмяшка бульбы, крупы, троху скораму. У стопцы зроблена пячурка, і ён топіць яе прыцемкам, варыць страву. Робіць гэта вечарам і раніцой, каб не асабліва кідаўся ў вочы дым, які выходзіць у жалезную трубу праз акенца.

Вядома, і гаспадыня яго падкармлівае. Прынясе цёплы блінец са шкваркай, гладышык малака.

Ноччу Голуб на некалькі хвілін выбіраецца са свайго сховішча. Чалавеку нельга жыць, не паглядзеўшы на неба, зоркі, воблакі, не адчуўшы нагамі зямлі, а тварам — подых ветру.

 

Тум балалайка, спіл балалайка,

Спіл балалайка, фрэлех зо зэйн...

 

Голубу адразу пашанцавала. Развітаўшыся з Багамольцам, ён рушыў у мястэчка, да гаспадара сваёй першай кватэры Арсеня Булыбы. Спадзяваўся, што Арсень з хаты не выганіць. Трохі пабойваўся ягонай жонкі, кабеты неспакойнай, залішне языкатай, якая перасварылася з усімі суседкамі.

Але іменна Куліна, жонка Арсеня, адыграла асноўную ролю ў яго выратаванні.

— Будзеш жыць у нас, Гірш,— сказала, як адрэзала.— Хлеба няма, але пракормімся.

Яму паставілі ложак у закутку, паміж грубкай і сцяной, у чыстай палавіне хаты.

Загарадзілі закутак шырокім самаробным шкапам — каб часам не ўбачыла пастаяльца чужое цікаўнае вока.

Пра схоў яўрэя ведала ўся Арсенева сям’я. Такога ўтаіць нельга. Але старэйшы сын, малодшая дачка, якія жывуць з бацькамі, язык за зубамі дзяржалі цвёрда. Чаго не трэба ведаць, ні адна чужая душа не ўведала. Старэйшы Арсенеў сын Валодзя — машыніст. Вадзіў цягнік да Оўруча, да Гомеля. Так здарылася, што не здолеў уцячы ад немцаў нават на цягніку. Два сярэднія сыны, хоць на чыгунцы не служылі, не вадзілі паяздоў, з мястэчка выбраліся.

Арсень да вайны стаяў кантралёрам у раённым клубе. Пры немцах у клубе таксама наладжваліся танцы, іншы раз паказвалі кіно, і ён заняў ранейшую пасаду. Але Арсень чалавек надзвычай маўклівы. Прыйдзе са службы, пасёрбае капусты, ляжа спаць. Слова абцугамі не выцягнеш. Сын і дачка рабілі выгляд, што пра пастаяльца не ведаюць.

Выйсце знайшла Арсеніха. Адчувала, што чалавеку, які дзень і ноч сядзіць за грубкай, трэба ведаць хоць трошкі з таго, што робіцца на белым свеце. Нават мудрай кабетай аказалася Арсеніха. Разумела — настрой яўрэю могуць падняць толькі добрыя весці з фронту.

Арсеніха стала запрашаць у хату суседскага хлопца. Па словах гаспадыні, хлопец добра вучыўся, чытаў многа кніжак і быў такі разумны, што за год канчаў па два класы.

Адхінаючы занавеску, Голуб час ад часу дзівіўся на хлопца. Ён сядзеў на стуле ў някідкім, перашытым з чорнага чыгуначнага шыняля палітончыку, стараючыся схаваць пад стул разлезлыя, сцягнутыя па швах суровымі ніткамі чаравікі. Твар у хлопца быў прыемны, далікатны і голас трохі глухаваты.

Арсеніха задавала пытанні, хлопец адказваў. Яна цікавілася, чаму немцы расстрэльваюць яўрэяў, і хлопец тлумачыў, што немцы лічаць сябе вышэйшай расай, яўрэяў — ніжэйшай і, бадай, што поруч з яўрэямі ставяць многія іншыя народы — французаў, палякаў, рускіх, беларусаў.

Месяц ці нават болей завітваў у хату суседскі хлопец. Менавіта ад яго Голуб пачуў, што немцаў пад Масквой спынілі, затым пагналі назад...

Відаць, Арсеніха запрашала хлопца, каб і сябе супакоіць. Хаваючы яўрэя, рызыкуючы сабой, сям’ёй, хацела пераканацца, што немцы ў мястэчку аселі не навечна. Бо страшнае гаварылі тады, калі Голуб, развітаўшыся з Багамольцам, прыйшоў да Арсеня: немцы захапілі Маскву, Ленінград, сягнулі ледзь не да Урала...

Вестку пра расстрэленага немцамі доктара Багамольца, які прыйшоў у мястэчка і адкрыта, не хаваючыся, хадзіў па вуліцах, Арсеніха доўга ад Голуба таіла. Не хацела яго хваляваць, палохаць. Голуб многа думаў пра далёкага свайго родзіча. Не пашанцавала яму сустрэць добрых людзей, і нічога ён, відаць, не ведаў пра Маскву, пра тое, што немцам сталі даваць у зубы, інакш бы знайшоў ратунак.

Голубу шкода Багамольца. Ён ведае хваробу, якою той захварэў. Хвароба называецца адчай. Ён сам ёй хварэў, але, на шчасце, вылечыўся. Не ад лішняй адвагі хадзіў, не хаваючыся, па вуліцах мястэчка Багамолец, а ад адчаю. Не меў дзе прытуліць галаву. Любіў многіх жанчын, меў з імі ўцеху, асалоду, і ні адна ў ліхую гадзіну не адгукнулася...

І, відаць, залішне службу, пасады любіў Багамолец. Бо ёсць адзін пункт, паводзіны далёкага родзіча ў якім ён, Голуб, не ўхваляе. У грамадзянскую вайну Багамолец хаваўся ад пагрому тут, у мястэчку. Яго выратаваў мясцовы поп. А калі гады за тры да гэтай вайны крута прыйшлося самому папу, якога арыштавалі, і калі жонка папа стала збіраць подпісы сярод тых, хто ўратаваўся ад пагрому, то Багамолец свой подпіс не паставіў...

Другім чалавекам, хто Голубу даў схоў, быў крамнік Сцяпан Лопат. Голуб сам да яго папрасіўся. У адну з зімовых начэй Арсеніха перавяла пастаяльца да былога крамніка.

У Лопата Голуб жыў на гарышчы. Днём, апрануты ў фуфайку, з падшытымі лямцам валёнкамі на нагах, ён шыў кажухі, а ноччу, прыхінуўшыся да цёплага лежака, спаў. У франтоне было невялікае, зашклёнае акенечка, у якое кравец час ад часу зазіраў. Від зацянялі чорныя галіны яблынь. Хата Лопата стаяла ў глыбіні двара, аддзеленая ад вуліцы невялікім садам. Аднак сёе-тое можна было ўбачыць. Па вуліцы, як і ў звычайным жыцці, хадзілі людзі, іншы раз яны спыняліся, размаўлялі, нават жартавалі, смяяліся...

Крамы пры немцах не працавалі. Сцяпан уладкаваўся ў цырульню. Галіў, стрыг местачкоўцаў, мясцовых паліцэйскіх, часам нават немцаў. Навін прыносіў заўсёды шмат. Аж захліпаўся, расказваючы іх...

Лопат чалавек залішне трапяткі. Было відаць, што ён вельмі баіцца за сябе і сям’ю. Аднойчы ў дом прыйшлі паліцэйскія, начны патруль, і Сцяпан ад страху накрычаў на паліцэйскіх. Яны павялі яго з сабой, усыпалі шампалоў...

Голуб зразумеў, што ад Лопата трэба хутчэй перабірацца. Ён зразумеў і другое: такія, як Лопат, гандляры, крамнікі ў мінулым, калі яны толькі не надта палахлівыя, будуць перахоўваць яўрэяў, бо звязаны з імі былым жыццём, як і жыццём будучым, у якім такія іх паводзіны могуць стаць зарукай дальнейшага бясхмарнага існавання.

Піліп Жыгун, які да вайны стаяў у краме «Заготжыўсыравіны», прымаў шкуры, шэрсць, свіную шчаціну і вёў з насельніцтвам сустрэчны гандаль мануфактурай, гаруснымі хусткамі, іголкамі, ніткамі, пры немцах падняўся на ступеньку вышэй па службовай лесвіцы. Цяпер загадваў базай «Заготжывёлы», адпраўляў у Германію кароў, свіней, авечак.

Жыгун відны з сябе, буйнацелы, вясёлы. Хітры чалавек. У хату да яго прыходзяць паліцэйскія, а часам і нямецкія гаспадарнікі ў жоўтых без пагонаў шынялях.

Прыцемкам, калі не цікуе чужое вока, завітваюць да Жыгуна іншыя людзі. Адзін раз Голуб пазнаў хлопца, які на пачатку зімы прыходзіў да Арсеніхі і расказваў пра разгром немцаў пад Масквой, другі раз убачыў высокую шыракаплечую жанчыну, якая, перш чым зайсці ў хату, схавала за пазуху нешта падобнае на наган.

З гэтага Голуб робіць выснову, што Жыгун знаецца з партызанамі ці з людзьмі, якія шкодзяць немцам тут, у мястэчку...

Мінула зіма, вясна. Наступіла лета.

Даўно апрануў зялёную вопратку лес. Было цёпла, добра, кожны куст мог даць прытулак такому бяздомніку, як Голуб.

Але Жыгун не спяшаўся. Абяцаў накіраваць краўца ў харошы атрад. Ішлі дні, тыдні...

Аднойчы Піліп разбудзіў Голуба ноччу. Спявалі другія ці трэція пеўні. Зарэла неба. Каля стопкі ён убачыў постаць высокай плячыстай жанчыны. Яна паціху ўсхліпвала.

Піліп вынес торбу з харчамі, даў у рукі Голубу.

— Яна завядзе цябе ў атрад,— сказаў.

На развітанне Голуб з Піліпам абняліся.

Калі мінулі вуліцу, поле, увайшлі ў лес, жанчына раптам упала на зямлю, стала качацца, выкрыкваць гучныя літанні.

— Братка мой! Мая дарагая сястрычка!..

Голуб спалохаўся, падумаў, што жанчына ненармальная.

Але яна хутка ўстала, паправіла на сабе хустку, аднекуль з-пад куста дастала і павесіла на плячо вінтоўку.

— Майго брата і сястру ўчора расстралялі,— сказала коратка.— Тут у мястэчку. За сувязь з партызанамі...

І пайшла...

Краўцу хацелася суцешыць суровую з выгляду, з заплаканымі, чырвонымі ад слёз вачамі, жанчыну, сказаць ёй што-небудзь добрае, ласкавае, але ён не знаходзіў слоў і моўчкі тупаў за ёй.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. Літ., 1983. - с. 513-526
Крыніца: скан