epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Выпадак з гладышкаю

Восень была яснай, цёплай — рэдка выдаецца такая восень. Стаяў лістапад, а ў паветры лятала лёгкае павуцінне — сей жыта, салі агуркі... Хлопцы проста рваліся з лагера, які цяпер быў размешчаны на сумных Пажыхарскіх балотах. У атрадзе ўжо цэлы тыдзень не бачылі ні каліва толу, і таму многія знаходзілі прычыну, каб папрасіцца на заданне. Маладзейшыя дык ледзь не білі сябе кулакамі ў грудзі — пусці толькі, прывязем не менш воза фугасаў. Амаль кожны другі з роты, якой камандаваў высокі і хмуры Амяллян Ткач, хваліўся, што ведае безліч мясцін, дзе не ўзарваліся нямецкія бомбы. Калі б хто падлічыў, колькі можна выплавіць толу з гэтых хвалёных бомбаў, то ўбачыў бы, што яго, мабыць, хапіла б, каб узарваць усю германскую імперыю.

— Ведаю я ваш тол, — гаварыў хмуры Ткач. — Да дзевак закарцела. Фугасы!..

Але хлопцы са свайго боку ведалі, што Амяллян Ткач добры, а строгасць напускае толькі для прыліку. Яны прыставалі, і Амяллян Ткач здаваўся. Ужо, можа, дзесяць каманд пайшло на вышукі гэтых самых бомбаў, якія недзе там не ўзарваліся.

Цішку Дразду ўвесь гэты тыдзень не шанцавала. У яго, як на тое ліха, ускочыла на шыі скула, шыя адубянела — галавы не павернеш. Ужо цэлых тры дні, заматаўшы шыю ручніком, Цішка ныў у шалашы і з лютай нянавісцю слухаў, як весела рагочуць тыя, каму пашэнціла ісці адкопваць нямецкія фугасы. За гэты тыдзень Цішку так абрыдзеў несалёны лагерны суп з кароўім лоем, што ён, здаецца, на край свету пайшоў бы, каб толькі болей не тырчаць, як дурню, у гэтых буданах.

Цішку вызваліў з бяды сам Ткач. Ён паклаў на шыю печаную цыбуліну, і скулу прарвала. А пад вечар камандзір роты высыпаў на сваю шурпатую далонь порах з патрона, змяшаў яго з чорнай балотнай зямлёй, папляваў і усе гэтыя лекі прыклаў да раны.

— Праз два дні пойдзеш на заданне, — сказаў Ткач. — А цяпер дыхай паветрам. Яно, кажуць, свежае...

Цішка даўно любіў Ткача. Было ў ім штосьці такое, за што спадабаеш чалавека адразу, з першага позірку. З ім заўсёды было лёгка і спакойна.

На заданне Цішку Дразду выпала ісці з двума Петрусямі, — Сакалоўскім і Прыбытковічам, — і гэта яго засмуціла. Яму не падабаліся гэтыя фанабэрыстыя і старэйшыя за яго хлопцы. Абодва яны хадзілі ў скураных тужурках, наглянцаваных хромавых ботах, а на іх галовах ліха сядзелі заломленыя кучомкі з шырачэзнымі чырвонымі паскамі. Цішка ж насіў звычайную світку з даматканага сукна, а на нагах у яго былі вялізныя нямецкія чаравікі з задранымі ўгору насамі. Але Цішкава няласка да абодвух Петрусёў, мабыць, ішла не ад іх тужурак і наглянцаваных ботаў. Тут трэба было капаць глыбей.

Справа ў тым, што два Петрусі не вельмі лічылі Цішку за партызана. Праўда, вядома, што самі яны бадай на цэлы год прыйшлі ў атрад раней за Цішку. Па гэтай прычыне Сакалоўскі і Прыбытковіч звысака паглядалі на Цішку і пры ўсякім зручным выпадку паказвалі сваю ўласную перавагу. Яны быццам і не хацелі ведаць, што да атрада Цішка быў падпольшчыкам і сувязным і яшчэ ў сорак другім годзе сядзеў у нямецкай турме. Ды, нарэшце, куля не пытае ў партызана, у якім ён годзе прыйшоў у атрад. Вось два тыдні назад не вярнуўся з чыгункі Цішкаў сябра Кузьма, з якім яны разам уцякалі ад немцаў з мястэчка. Цішку часамі было крыўдна...

Праўда, Прыбытковіч крыху лепшы за свайго дружка. Калі застацца з ім сам-насам, то ён чалавек як чалавек. Пагаворыць, пажартуе, як з роўным. Але варта прыляцець гэтаму Сакалоўскаму, і на Прыбытковіча нібы ўздзелі другую скуру. Качаргой носа не дастанеш!.. Мабыць, цягнуўся ён за сваім фанабэрыстым сябрам. Вядома, пра ўсю гэтую фанабэрыю не ведаў Ткач. Паказаў бы ён ім заслугі! Цішка адчуваў, што і сам камандзір роты недалюблівае абодвух Петрусёў.

Заданне было не дужа важнае. Усё тыя ж фугасы. З Зазыбаў, вёскі кіламетраў за васемнаццаць ад атрада, свой чалавек паведаміў, што выкапаў і схаваў дзве нямецкія авіябомбы. Гэтыя бомбы трэба было забраць і прывезці ў атрад.

Запрэглі ў вазок каня, і Сакалоўскі з Прыбытковічам селі спераду, наваліўшы пад самыя драбіны сена. Цішка прымасціўся ззаду. У яго яшчэ крыху балела шыя, і ён адчуваў сябе не надта добра. Ён бачыў, што Петрусям яго кампанія не падабаецца.

Прыехалі да Зазыбаў апаўдня. Было цёпла, сонечна, і ў гайку цінькалі вясёлыя сініцы. Дзве сярэднія фугаскі з пакрамсанымі стабілізатарамі ляжалі ва ўмоўленым месцы — пад стогам сена. Да вечара можна было яшчэ вярнуцца ў атрад.

Але Петрусі ў атрад варочацца не хацелі. Яны перамігнуліся, і Сакалоўскі сказаў, не пазіраючы на Цішку:

— Пабудзеш з канём. Падкінь яму сена. Мы да вечара вернемся. Ёсць справы важныя...

— Я тады паеду адзін, — цвёрда адрэзаў Цішка. — Заданне было прывезці бомбы.

— Я табе паеду, — ускіпеў Сакалоўскі. — Вельмі разумны стаў.

Пакінуць Цішку аднаго Петрусі ўсё ж не адважыліся. Яны пераміналіся з нагі на нагу ў сваіх хромавых ботах і, відаць, не ведалі, што рабіць.

— Няхай ідзе з намі, — шукаючы прымірэння, сказаў Прыбытковіч. — Каня адгонім у лес і прывяжам. Сена ж добрага захапілі...

Цішка ведаў, што ніякай важнай справы ў Сакалоўскага з Прыбытковічам няма. Але калі іх пасылалі ўтраіх, то яны павінны быць разам. Па дарозе да вёскі Петрусі балбаталі пра нейкую Нюрку, якая жыве тут, у Зазыбах. На вуліцы ўжо яны спусцілі халявы гармонікамі і пачысцілі боты. Цішка клацнуў затворам і паставіў вінтоўку на баявы ўзвод.

Зазыбы былі сваёй, партызанскай вёскай, і ніхто не звярнуў увагі на двух фанабэрыстых Петрусёў і Цішку ў вялізных нямецкіх чаравіках. Жанчыны выбіралі на агародах брукву і ссякалі капусту. Хлапчукі на поплаве насіліся з паветраным змеем.

Сакалоўскі з Прыбытковічам зайшлі ў хату пад грушай. Цішка ў хату не пайшоў. Ён сеў на лавачцы і паставіў вінтоўку паміж кален. Петрусі хутка выйшлі з хаты, лузгаючы гарбузікі, мабыць, той Нюркі не было дома.

— Вось што, Цішка-Мішка, ты не дуйся, як мыш на крупы, — сказаў Сакалоўскі. — Будзь сваім хлопцам. Сёння тут вечарынка ладзіцца, пагуляем. Жывем жа адзін раз на свеце. А цяпер сходзім у адно месца. Каяцца не будзеш, да вечара вернемся. Пальчыкі абліжаш, — і ён засмяяўся.

Цішка пайшоў. Яму было няёмка адмовіцца, хоць у душы і расла нейкая трывога. Ён думаў аб тым, што не трэба было згаджацца з самага пачатку.

Хлопцы выйшлі на другі канец Зазыбаў і ўглыбіліся ў бярэзнік. Яны ішлі нацянькі вузкай сцяжынкай. «У Выселкі ідуць», — падумаў Цішка, і яму стала яшчэ больш трывожна. Выселкі ўжо не ўваходзілі ў партызанскую зону, там не было ні сваіх дазораў, ні пастоў. Ісці туды без патрэбы — глупства. Але тут, на паўдарозе, Цішка ўжо не мог спыніцца. Гэтыя кавалеры яшчэ падумаюць, што ён баіцца...

— Я яшчэ, калі на шашу хадзілі, прыкмеціў гэты хутарок, — гаварыў Сакалоўскі. — Дамок такі ладненькі, дубы, а на дубах, брат, вуллі. Штук восем. Жыве, мабыць, нейкі недабіты куркулёк. П’е сабе чаёк з мёдам і не шманае, што людзі на жыватах да шашы поўзаюць, жыццё сваё на карту ставяць...

Яны ўтраіх выйшлі на прагаліну і ўбачылі Выселкі. Вясковыя прысады ззялі асенняй пазалотай. На процілеглым ускраі вёскі, крыху наводшыбе, пад навіссю высокіх дубоў стаяў, мабыць, той самы домік, пра які гаварыў дарогай Сакалоўскі. Домік і будыніны каля яго былі сапраўды адзінокімі, як хутар.

— Чаго мы пойдзем у вёску? — сказаў Цішка і спыніўся.

— Мы прыйшлі ўжо, не бунтуй, хлопец, — засмяяўся Сакалоўскі. — Немцаў няма, не бойся...

Цішка лаяў сябе, але ішоў. Хмызнякамі яны падабраліся да самага двара і перамахнулі праз паркан. Быў адвячорак, у вёсцы было ціха. У дварэ Сакалоўскі прынік тварам да акна, потым рашуча накіраваўся ў хату. Прыбытковіч з Цішкам увайшлі за ім.

— Дзень добры вам, — сказаў Сакалоўскі і, узяўшы вінтоўку за ствол, грукнуў прыкладам аб падлогу.

Гаспадар, жылісты невысокі дзядок з бародкай клінам, адказаў не надта ветліва. Гаспадыня, не хаваючы страху, пазірала на ўвайшоўшых. Сярод хаты стаяла калыска, у ёй спала дзіцё.

— Ты, бацька, гасцей, відаць, не чакаў, — наступаў Сакалоўскі. — Ці, можа, прыйшлі не тыя госці, што трэба?

— Для маіх гасцей яшчэ свята не настала, — хмура адказаў дзядок і ўзяўся падшываць валёнак.

— Ну, рад не рад, а ў хату прыйшлі, значыць, госці. Можа, мядком пачастуеш...

— Багата ласых на мёд, усім не хапае.

— Прадаваць панясеш?

— То, можа, вы за мяне падатак заплоціце?

Цішка бачыў, як наліваецца густой чырванню твар у Сакалоўскага, і чакаў бяды. Ён хацеў што-небудзь сказаць, зрабіць, але не знаходзіў сіл і, цяжка пераводзячы дыханне, паглядаў на Сакалоўскага.

— Наце, галубчыкі, хоць малачка выпіце, — падбегла бабка да Сакалоўскага. — Яно свежанькае, салодкае...

— Не ўсякае малако салодкае, — нібы скрозь зубы выцадзіў Сакалоўскі і, узяўшы гладышку з бабчыных рук, грымнуў яе аб падлогу.

Цішка з белым, як малако, тварам паглядзеў на свае чаравікі — яны ўсе былі ў малочных пырсках...

— Мы жыцця не беражэм, а ён мёдам гандлюе, контра праклятая! — грымеў Сакалоўскі. — Паліцэйскім не шкадуеш мядку, гад! Выходзь на двор, я з табой пагавару, кулачуга!

Стары раптам пабялеў і, кінуўшы валёнак, падскочыў да Сакалоўскага.

— Выйдзе з цябе дух! — крыкнуў ён. — Паскуднік!

— Немцы! — залямантавала раптам бабка. — Божа ж мой, немцы!

Цішка кінуўся да акна — у вулачку на доўгіх фурах уязджалі немцы. Яны, мабыць, звярнулі з шашы. Немцаў было многа — чалавек сорак. Трое ўжо стаялі перад самай хатай...

Сакалоўскі з Прыбытковічам ірвануліся да дзвярэй. Цішка наставіў вінтоўку ў акно.

— Назад, дурні! — гаспадар з нечаканым спрытам ірвануўся наперарэз уцекачам. — Паб’юць, як курапатак. Яны не бачылі вас, а то першымі стралялі б...

Астатняе адбылося, як у сне. Цішка толькі памятае, як бабка выскачыла на двор забаўляць немцаў, як гаспадар адчыніў пограб і яны ўтраіх паляцелі на бульбу разам са сваімі вінтоўкамі. Гаспадар раскатурхаў дзіця, яно плакала, а калыска скрыпела над самай Цішкавай галавой.

Пасля дзіця сціхла. У хаце пачулася нямецкая гаворка. А сярод незразумелых чужых слоў Цішка раптам выразна пачуў на сваёй роднай мове:

— Адказвай, стары, твой сын хутка прыйдзе з лесу, ад партызан?

І голас гаспадара:

— Мой сын у войску, гэта ўсе ведаюць.

Незнаёмы голас:

— Мы ведаем пэўна, — ён у лесе, у партызанах. Яго бачылі нашы людзі. А нявестка дзе?

— Яна ў суседзяў капусту шаткуе. А сын мой у войску, вам няпраўду сказалі, начальнік.

— Ты хлусіш, стары. Мы добра ведаем, твой сын — партызан.

Кудахталі куры, іх, мабыць, лавілі. Пішчала свінчо. Фура, нарэшце, ад’ехала ад двара.

Можа, праз гадзіну гаспадар адкрыў пограб.

— Паехалі ўжо, вылазьце, — сказаў ён хмура. — Забралі ўсё, хай іх за жывот возьме. А вас я адразу не распазнаў. Думаў, паліцэйскія, можа, халявы ж такія бліскучыя. А смерць мая позніцца, побач хадзіла, а ў хату не зайшла. Значыць, яшчэ пажыву... Сына майго, Змітрака Якіменку, не ведаеце? Ён жа ў вас там недзе...

Сакалоўскі з Прыбытковічам не глядзелі ў вочы гаспадару. А ён, нібы нічога не здарылася, зноў узяўся за свой валёнак.

— Мабыць, у другім атрадзе ваш сын, — сказаў за ўсіх Цішка.

Бабка паднесла новую гладышку малака.

— Выпіце, дзеткі, хай на яе немач, на гэтую вайну. Напакутуюцца людзі.

Ад малака ўсе трое адмовіліся...

— Дык, можа, мядку, у мяне пад лежаком схавана...

— Мы ў другі раз зойдзем. Пазней, — сказаў Цішка — Дзякуй вам...

Ужо ў Зазыбах Сакалоўскі папрасіў:

— Слухай, брат Цішка, не гавары Ткачу. Ну, усякае бывае ў жыцці, сам ведаеш. Не скажаш, а?

Цішка маўчаў. Тое, аб чым прасіў Сакалоўскі, здавалася яму маленькім, дробязным у параўнанні з нечым вялікім, агромністым, што адбылося нядаўна. Дый Петрусі ў сваіх блішчастых тужурках таксама здаваліся цяпер Цішку маленькімі, нейкімі мізэрнымі. Яму стала іх шкада, бо ён адчуваў сябе мацнейшым за іх.

— Паедзем у атрад, — сказаў Цішка. — Я ж з вамі быў таксама, як жа я скажу...

 

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 471-477
Крыніца: скан