epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

З адчуваннем прыгожага

Блакітны колер, у які афарбаваны асмужаная даль і летняе неба, быў заўсёды атрыбутам рамантычна-задуменнай паэзіі. Даль, ахутаная хісткай, няпэўнай павалокай смугі, вабіла, малявала ўяўленню казачныя замкі на тым месцы, дзе стаялі, абняўшыся, звычайныя беластволыя бярозы. Пра неба гаварыць не прыходзіцца. Паэты луналі ў надземным блакіце задоўга да таго, як братамі Райт быў вынайдзен першы лятальны апарат.

У першым зборніку маладога празаіка Міхася Стральцова «Блакітны вецер», бадай, няма рамантычных па духу, сагрэтых юнацкай марай апавяданняў. Ёсць добрая, ёмістая, амаль што «бытавая» проза з адшліфаваным, музыкальным, як у вершы, сказам, напоўненым пераважна інтанацыяй задуменнасці. Пошукі пісьменніка досыць выразныя: шукае ён добрых, шчырых людзей, асуджае сквапнасць, хцівасць, чэрствасць душы. Але сказаным, мабыць, далёка не вымераеш зместу зборніка, які ўяўляецца мне цікавым эксперыментам у нашай сённяшняй прозе.

Апавяданні Міхася Стральцова няроўныя не толькі па сваёй мастацкай вартасці, яны не падобныя нават і самім напрамкам пошукаў пісьменніка. Ёсць апавяданні выразна бытавога характару, такія, як «Мацеевы дровы», «Двое ў лесе», «Суседзі», дзе ўсё ляжыць на паверхні, канфлікт просталінейны і гэтак жа просталінейна акрэслены межы «дабра» і «зла». У «Мацеевых дровах» сумленны, працавіты, скупы на словы калгаснік Мацей ловіць у лесе, ля штабеля нарыхтаваных на зіму дроў, абібока і «ўрвіцеля» Хмыля. Выпадак звёў у лесе, на распілоўцы дроў, добрага, чулага вясковага хлопца Васіля з хапугай і лайдаком Клыбікам («Двое ў лесе»). У апавяданні «Суседзі» Волька, жонка рабочага Казіка, чалавека, духоўна на галаву за яе вышэйшага, прагне асобнай кватэры; дарваўшыся да яе, знаёміцца з «далікатнымі» суседзямі, зайздросціць іх мяшчанскаму побыту. І толькі выпадак адкрывае ёй вочы на тое, які хам і нягоднік паважаны яе сусед Вячаслаў Пятровіч...

Што можна сказаць пра гэтыя апавяданні? Благімі іх не назавеш, вызначаюцца яны больш-менш дакладным псіхалагічным малюнкам, ёмістасцю бытавой, прадметнай фактуры, добрай мовай. Але ўражання навізны, адкрыцця — няма. Звяртаюць на сябе ўвагу хіба толькі дасканала, тонка накіданыя пейзажныя мазкі: «...Тут, на самым краі светлай баравіны, было суха, цёпла ад зямлі, нагрэтай сонцам, густа ўсыпанай шорсткім шыголлем і кволымі лусачкамі маладой сасновай кары. Седзячы, можна было доўга глядзець на неба, што свяцілася за калматымі хвоямі, любавацца ласкавым золатам высокіх ствалоў» («Двое ў лесе»). Або яшчэ: «Раніцай Казік ішоў на завод і бачыў: вастраваты ветрык трымаў на падворках сумных пасля золкай ночы вераб’ёў, жаўтлявымі плямамі ўзялася на застарэлай наледзі вуліц учарашняя вада. У тонкіх выслойках воблачкаў палавела над горадам неба. Паволі, нібы крыга на быстрыню, выходзіла з-пад пасмаў дыму сонца, і ружовы марозік адпаўзаў да зацененых падмуркаў і сцен» («Суседзі»).

Спрачацца не прыходзіцца — малюнкі вельмі добрыя. Але ў той жа час не пакідае пачуццё нездаволенасці. На чым яно грунтуецца? Зрэшты, прыходзіш да думкі, што гэтыя настраёвыя малюнкі існуюць у апавяданнях самі па сабе, бадай, незалежна ад герояў. Героі па сваёй душэўнай арганізацыі «не дараслі» яшчэ да таго, каб так глядзець на свет. Проза патрабуе адзінства духоўнага жыцця героя і яго бачання свету, значнасці канфліктаў, а ў названых апавяданнях гэтага яшчэ няма. Карацей кажучы, Міхась Стральцоў тут яшчэ не здолеў падняць быт да ўзроўню паэзіі, таму яго настраёвыя малюнкі нібы павіслі ў паветры. Але ўжо гэтыя апавяданні як бы прыўзнімаюць заслону над творчымі пошукамі маладога празаіка. І вельмі добра тое, што ў адным і тым жа зборніку пошукі паўстаюць у пэўным сінтэзе, завяршэнні. Я маю на ўвазе астатнія творы невялікай па аб’ёму кніжкі — «Дома», «Восеньскі ўспамін», «Блакітны вецер» і «Перад дарогай». Лепшыя ў зборніку — два апошнія апавяданні.

«Блакітны вецер» — надзвычай тонкі, сатканы з музыкі, настраёвасці і адчувальнай рэчавай фактуры паэтычны эцюд. Эцюд гэты, як і ўсялякі добры твор, нельга перадаць сваімі словамі, бо сэнс яго трымаецца на настроі, на тых ледзь прыкметных нюансах, якія змяняюцца, наплываюць адзін на адзін кожнае імгненне. Але ўсё ж зраблю спробу хоць схематычна, у агульных абрысах перадаць сутнасць гэтай паэтычна-псіхалагічнай замалёўкі.

Выкладчык інстытута Лагацкі прачнуўся сярод ночы, ахоплены дзіўным настроем. «Тое няўлоўнае і хісткае, што яшчэ лунала над ім, было, напэўна, успамінам аб сне. Сон адыходзіў у святле, у пахах, у струменнасці ветру. Нібыта стала над нейкім возерам у духмянай парнасці сонца. Пахлі сосны, узнімаўся над вадою блакітны вецер, і такі звонкі і чысты чуўся на беразе смех. Як хораша, як лёгка! Вось нібыта Лагацкі бяжыць да вады — як прыемна жвір халодзіць босыя ногі, як засцілае вочы блакітны вецер!»

Герой — яго можна нават назваць лірычным — чуе, як, смеючыся, праходзяць паўз акно яго кватэры работніцы з фабрыкі, ловіць іншыя гукі ночы. Апранаецца, выходзіць на вуліцу, блукае па начным горадзе. У Лагацкага надзвычай востры зрок і слых, ён радуецца пахам, гукам, подыхам ветру, начным малюнкам і ценям, у той жа час адчуваючы балючую нездаволенасць самім сабой. Адкуль ідзе гэтая нездаволенасць? Па-першае, чалавек вельмі змарыўся лекцыямі і яшчэ больш усялякай нерабочай мітуснёй. Па-другое — і гэта самае галоўнае,— ён страціў першародную цэласнасць адчування паўнаты жыцця з усімі яго вялікімі і малымі радасцямі. «Лепш за ўсё было Лагацкаму, калі не турбавалі яго. І тады можна было сядзець, не слухаючы, засяродзіўшыся ў сабе,— і гэта было чаканнем дзіва. І яно прыходзіла і шчымліва кралася ў сэрца то нечым голасам, пачутым з калідора, то скразнячком, што біўся ў фортку, то шчодрым пахам вады, невядома кім распырсканай па падлозе. Гэта блукаў недзе і трывожыў Лагацкага блакітны вецер».

Няма сумнення, што малады пісьменнік імкнецца паказаць, як адбіваецца паток жыцця, падкрэсліваю, гарадскога жыцця, з яго тлумам, мітуснёй, какафоніяй дзённых гукаў, праз псіхіку, праз успрыманне чалавека, які цалкам гарадскім яшчэ не стаў. Лірычны матыў «блакітнага ветру» — гэта ўспамін аб днях вясковага маленства, калі свет паўставаў у дзівосным адзінстве фарбаў, ліній і гукаў, напаўняючы істоту радасцю, адчуваннем прыгажосці «жыцця як існавання»; гэта і мара аб светлым горадзе будучыні, у які яшчэ больш хлынуць сады, паркі, дрэвы, хлыне ўся цудоўная прырода і творчая цішыня. Век касмічных ракет, хоча сказаць пісьменнік, не азначае, што чалавек стане чэрствым, як стаў ім калега Лагацкага Парукаў, страціць здольнасць любавацца ўсходам і захадам сонца, спевам птушак, кропелькай расы на іголцы хвоі.

У «Блакітным ветры» Міхася Стральцова найменш цікавяць індывідуальныя рысы героя, яму куды важней перадаць супярэчлівую дыялектыку яго пачуццяў. Зусім іншае ў апавяданні «Перад дарогай». Уласна кажучы, і тут нічога не адбываецца, калі гаварыць аб традыцыйным разуменні сюжэта. У вёску па грыбы прыехалі шафёр Сямён Захаравіч з жонкай і бухгалтар аўтабазы Саўчанка. Пайшоў дождж, і яны сядзяць у вясковай хаце, размаўляючы з гаспадыняй. На вельмі абмежаванай прасторы апавядання пісьменнік даў жыццё ўсім чатыром героям, здолеў сказаць штосьці вельмі істотнае аб іх характарах, звычках, схільнасцях і — самае галоўнае — аб тым, што ўсе яны страшэнна ненавідзяць вайну. Малады празаік і тут шчодра паказвае гукавое, фарбавае, рэчавае багацце навакольнага свету, але малюнкі прыроды знітаваны, з’яднаны тут з настроем дзеючых асоб, з іх арганічным уменнем бачыць навакольнае. «За акном нетаропка шапацеў дождж, і відно было ўсё ў садзе: змакрэлыя яблыні, апалыя жоўтыя яблыкі ў прытаптанай траве, бульбоўнік на барознах і зусім блізка, ля акна, рабінка — вялікія зеленаватыя кроплі дажджу віслі на яе галінах, адрываліся, падалі долу. У суседняй хаце, за садам, відаць, таксама палілі ў печы: па мокрым даху слаўся дым».

Вельмі ўдалую, цікавую творчую заяўку зрабіў Міхась Стральцоў сваім першым зборнікам. Гэта ж вельмі добра, калі можна сказаць, што ў маладога пісьменніка свой почырк. А такі почырк у М. Стральцова сапраўды ёсць: пільная ўвага да гукавой, настраёвай арганізацыі сказа, здольнасць вельмі рэльефна, «рэчава» маляваць навакольны свет. Аб праліках ужо гаварылася. Можна дабавіць тое, што не заўсёды празаік адчувае эстэтычную, эмацыянальную сілу жыццёвага матэрыялу, перанагружваючы некаторыя апавяданні дробязямі і падрабязнасцямі побыту, ад чаго чытаць іх сумнавата. Будзем спадзявацца, што з гэтымі «грахамі», бясспрэчна, таленавіты малады пісьменнік у далейшым справіцца.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 255-259
Крыніца: скан