epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

З дадаткам

— Дзе ты дзеў той рубель, што ў цябе астаўся? — спытаў бацька, і Саша адразу знямеў.

Бяда здарылася пазаўчора. Вася ішоў са школы, не ўтрымаўся і зазірнуў у краму. Там, у куточку, побач са слоікамі яблычнага і вішнёвага кампоту, якога ніхто не купляе, стаіць некалькі парудзелых кніжак. Адну з іх, «Прыгоды Тома Сойера», Саша марыў купіць даўно. Ён чытаў гэтыя прыгоды, браў у школьнай бібліятэцы, але кніжка такая цікавая, што яе можна чытаць хоць дваццаць разоў.

— Дзе дзеў рубель? — зноў спытаў бацька.

Рубель застаўся ў Сашы з пяцёркі, калі два тыдні назад маці пасылала яго ў краму купляць крупы і цукар. Бацька быў лагодны і дазволіў Сашу рубель пакінуць сабе. «Толькі не траць грошы на што папала»,— сказаў тады бацька.

Саша думаў, што пра рубель забылі. У бацькі была новая палучка, ён прынёс Нінцы новыя чаравікі, Стасі і Людзе аднолькавыя вязаныя кофтачкі, а Сашу — нічога. Саша не пакрыўдзіўся, але з таго часу ён лічыў сябе паўнаўладным гаспадаром рубля. Гэта вынікала як бы само сабой.

— Чаго маўчыш? — закрычаў бацька.— Рубель, мабыць, таму вісусу аддаў? Яго са школы выгналі, а табе другіх хлопцаў няма.

Бацька гаворыць пра Уладзіка Сікору. Але са школы Уладзіка не выгналі. Ён сам не захацеў вучыцца, бо яму дванаццаць гадоў і сядзець разам з Васем у другім класе яму сумна. Дый да грошай, якія растраціў Саша, Уладзік не мае ніякага дачынення. Вінавата Ксюха, крамшчыца. Кніжка пра Тома Сойера каштавала шэсцьдзесят капеек, але яна дала Сашу ў прыдачу дзве заседжаныя мухамі брашуркі — пра малярыйнага камара і тарфяныя машыны. Саша не хацеў браць брашуркі: але Ксюха ледзь не сілай усунула іх Сашу. Рэшты з рубля дала толькі тры капейкі.

Бацька яшчэ больш раззлаваўся, калі Саша нарэшце паказаў яму кніжкі. Пра «Тома Сойера» не сказаў нічога, а брашуркі кінуў у парог:

— Сабаку пад хвост такія кніжкі!.. Занясі і аддай. Грошы табе няма куды дзяваць?!.

Маці маўчала, але з дакорам пазірала на сына. Саша апрануўся, забраў брашуркі і пайшоў з хаты. На вуліцы разводдзе, ацеслівы, як каша, снег і гразь. Сашавы чаравікі прамоклі яшчэ тады, калі ён ішоў са школы, і нагам у іх вельмі няўтульна. Але яшчэ больш няўтульна ў хлопчыка на душы. Настрой у яго панылы, і выйсця са свайго становішча ён не бачыць, бо крамшчыцу Ксюху ведае. Ксюха нізавошта грошай назад не аддасць. Тым болей што на адной брашурцы Нінка паспела накрэмзаць розных каракуляў.

На бацьку Саша не крыўдуе. Бацька працуе начным вартаўніком на дрывяным складзе, у яго хворыя ногі, і з дзяжурства ён прыходзіць злосны. Злосны ён яшчэ і таму, што грошай ад палучкі да палучкі не хапае, асабліва калі прыходзіцца купляць новую вопратку і абутак. А Саша ўсё-такі неразумна патраціў рубель. Мог бы ён купіць «Прыгоды Тома Сойера» летам, калі наносіць і наздае ў сельпо крушынавай кары. Тады б і Ксюха непатрэбных брашурак не ўсунула.

Саша прыйшоў у краму і стаў ля прылаўка. Ксюха, убачыўшы ў яго руках пакамечаныя кніжачкі, адразу адвярнулася. Як бы і не яна сама пазаўчора сілком усунула іх Сашу.

У краме мокрая асклізлая падлога, кіслы непрыемны пах. Адчыняюцца і зачыняюцца дзверы, прыходзяць новыя пакупнікі. Ксюха важыць каўбасу, рыбу, кідае на прылавак боханы хлеба, ставіць пляшкі з гарэлкай, віном. На Сашу яна зусім не глядзіць. Нібы яго ў гэтай краме няма.

Сашу разбірае злосць. Нікуды ён з крамы не пойдзе. Нават тады, калі Ксюха пачне яе замыкаць. Брашурак ён не прасіў, таму мае права аддаць назад. Што з таго, што прайшло два дні, і адну кніжачку Нінка трохі запэцкала? Каб Саша не прынёс яе дадому, то нічога б і не было. Усё адно пра тарфяныя машыны і малярыйнага камара ніхто чытаць не будзе. Дзе знойдзеш такіх дурняў?

Гадзіны дзве прайшло, а Саша стаіць. У краме цямнець пачынае, і Ксюха запальвае лямпу.

— Што табе трэба?— нарэшце злосна пытае яна ў Сашы.

— Вазьміце кніжачкі. Я іх не прасіў.

Ксюха, зірнуўшы на цану і нават не заўважыўшы Нінчыных каракуляў, кідае брашуркі ў кут, а Сашу адлічвае дваццаць адну капейку і дае восем карабкоў запалак.

— Вось і працуй з такім народам. За капейку гатовы павесіцца.

Дамоў Саша ляціць на крылах. А дома неяк усё змянілася. Бацька, відаць, адумаўся, што дарма накрычаў на Сашу, грошай назад не ўзяў, а запалкі схаваў у пячурцы. Бацька нават пагладзіў Сашу па галаве і, закурыўшы, адвярнуўся і стаў глядзець у акно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 518-520
Крыніца: скан