epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

За імклівым днём сучаснасці

(Выступленне на VII з’ездзе пісьменнікаў БССР).

 

Я памятаю ІІ з’езд пісьменнікаў Беларусі, на ім прысутнічаў у якасці госця. Гэта было ў 1949 годзе, дваццаць сем гадоў назад. Шмат што змянілася з таго часу, вырасла новае пакаленне, якое зусім не ведае вайны і многіх іншых рэчаў, што прыйшлося зведаць пакаленню, да якога належу я.

Імкліва ў індустрыяльным напрамку развіваецца наша краіна. На вачах сучаснікаў мяняецца яе геаграфія, сацыяльны склад грамадства. Пісьменніку нялёгка ўгнацца за «днём бегущим», даць назву, мастацкую «прапіску» новым з’явам, працэсам, асэнсаваць тое, што мы называем духоўным кліматам грамадства.

Але гэтыя вось перамены, асабістая пісьменніцкая прылучанасць да іх і ёсць тая іскра, з якой разгараецца творчы агонь. Ёсць штосьці радаснае і адначасна шчымліва-сумнае ў вяртанні праз многія гады на сцежкі маладосці, на тыя мясціны, што запалі табе у душу назаўсёды.

Відаць, для кожнага літаратара родныя мясціны, людзі, якіх ён ведае змалку, нарэшце, перамены, якія адбываюцца з гэтымі мясцінамі і людзьмі, служаць адной з найважнейшых творчых крыніц. Гэта я бачу па сабе і па некаторых сваіх таварышах. Родныя аселіцы, мабыць, будуць сніцца нам да скону дзён. Даўно мы сталі гарадскімі жыхарамі, а ў кожным новым зборніку вершаў, апавяданняў, у паэмах, раманах, аповесцях — ранішнія росы, туманы, шум роднага бору, салаўі, журавы, вясковыя краявіды, што сталі часцінкаю сэрца яшчэ ў дні басаногага дзяцінства.

У маіх родных мясцінах, а гэта поўдзень рэспублікі, такія раёны, як Рэчыца, Васілевічы, Мазыр, салаўёў і журавоў, відаць, стала менш, бо сярод балот, лясоў паўсталі нават новыя гарады, напрыклад Светлагорск, буравыя вышкі, з зямных нетраў у тых мясцінах цячэ нафта, ёсць многа іншых адмецін індустрыяльнага пейзажу. Пра ўсё гэта нельга не пісаць.

Цяпер, калі формы гарадскога жыцця, індустрыяльнай працы распаўсюджваюцца і на вёску, я іншы раз задаю сабе пытанне: ці будзе служыць новаму часу тая дэмакратычная культура, якая дасталася нам ад продкаў, і перш за ўсё маральна-этычныя, эстэтычныя элементы гэтай культуры.

Мой бацька пражыў жыццё чыгуначнікам, і дзед, спрадвечны селянін, яго за гэта вельмі не любіў. Дзед лічыў, што бацька пайшоў на чыгунку шукаць лёгкага хлеба.

Што гэтым я хачу сказаць? Толькі тое, што нам, г. зн. людзям майго пакалення, прыйшлося жыць на вялікім гістарычным пераломе.

Мы яшчэ памятаем і — больш таго — разумеем селяніна, якога малявалі Купала і Колас. Свой надзённы кавалак хлеба селянін зарабляў крывавым мазалём і потам, марнатраўцаў не любіў і стварыў надзіва цэльны маральна-этычны свет, у якім межы добрага і дрэннага, дабра і справядлівасці былі пазначаны вельмі выразна.

Мы былі сведкамі няўхільнага росту асобы. На нашых вачах мянялася сама філасофія жыцця, карэнныя прынцыпы шматвяковага народнага бытавання. Мой дзед, напэўна, лічыў, што жыццё ёсць ланцуг пераважна пакутлівых выпрабаванняў, што галоўнае месца ў жыцці займае праца, прычым праца цяжкая, святы, радасці выпадаюць рэдка і трэба сумленна пранесці свой крыж праз жыццё.

Наш сучаснік, хто б ён ні быў, здзівіўся б з такога вызначэння асноўных жыццёвых вартасцей. Мы сёння хочам мець ад жыцця пабольш прыемных, радасных уражанняў. Змяняецца змест працы, яна чым далей, тым больш падмацоўваецца магутнасцю тэхнікі, робіцца больш складанай, набываючы рысы большай калектыўнасці, сацыяльнасці. Колькі земляробаў замяняе, скажам, трактар ДТ-54 і колькі землякопаў самаходны, так званы «шагающий» экскаватар? Як і што адчувае чалавек, які кіруе гэтай тэхнікай?

Можна без нацяжкі сказаць, што трактарыст і экскаватаршчык выраслі як асобы ў параўнанні з тым даўнім земляробам, селянінам, што хадзіў за плугам, падганяючы коніка, і землякопам, адзінай тэхнікай якога была рыдлёўка.

Але прызнаемся, што ў нашым сённяшнім жыцці можна напаткаць грамадзяніна ці грамадзянку, якія фізічнай працай грэбуюць, а да інтэлектуальнай не надта здольны, лічаць, што жыццё — суцэльны паток асалоды, і хочуць, каб свята было кожны дзень. Што гэта за разняволеныя асобы і ад чаго яны разняволены, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё ад абавязкаў перад грамадствам.

Калі светаадчуванне такіх людзей прыўносіцца ў літаратуру, нараджаецца штосьці няяснае, неакрэсленае, «туманнае», без выразнага размежавання дабра і зла.

Не так даўно я меў размову з адным літаратарам (у якой рэдакцыі ішла гаворка і нават у якім горадзе, не мае значэння). Мы з тым літаратарам размаўлялі пра аповесць, у якой герой і гераіня (абодва людзі сямейныя) любяць адно другога, ходзяць пад асеннімі зоркамі і вядуць бясконцыя лірычныя размовы. Мой апанент шчыра здзівіўся з такіх паводзін закаханых. «Можа той мужчына быў паранен на вайне? — спытаў ён у мяне.— Ці фізічна слабы? Усё ходзіць, гаворыць. Хіба паблізу няма якой-небудзь лавачкі ці кустоў, каб затуліцца!..»

Калі я чую такое, мне хочацца прызваць на дапамогу мараль майго дзеда. І ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, відаць, літаратура трымаецца на вымярэнні жыцця па найвышэйшых законах чалавечага духу. Увогуле дзіўная рэч літаратура. Не на сваім месцы слова ў сказе — і ад усяго сказа патыхае фальшам. У матэматыцы ад перастаноўкі складаных сума не мяняецца, у літаратуры — мяняецца. Гэта мы павінны памятаць.

У лепшых нашых пісьменнікаў К. Крапівы, П. Броўкі, М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, І. Мележа, І. Шамякіна, Я. Брыля, М. Лужаніна, В. Быкава, М. Лобана, А. Васілевіч, А. Пысіна дый у маладзейшых І. Пташнікава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, Г. Бураўкіна, П. Макаля, А. Кудраўца і многіх іншых партыйны, сацыялістычны ідэал сплаўлен з народным. Наша літаратура апошняга часу пераканаўча даказала, што самыя сучасныя ідэі можна апранаць у народныя вопраткі, на падзеі сучаснасці глядзець праз прызму народнага светабачання, і менавіта гэта забяспечвае творам трывалы поспех.

У літаратуры, як і ў культуры ў цэлым, павінен прысутнічаць пагляд на свет, мараль працоўнага чалавека, інакш яна ператворыцца ў элітарную, якую будзе разумець абмежаваная колькасць людзей, або ў літаратуру мяшчанскую, якая «потрафляет расхожим вкусам».

Я думаю, што мастацкая літаратура ў сённяшнім жыцці мае некалькі іншую ролю, чым мела ў мінулым. Раней літаратура апрача мастацкіх, маральна-этычных задач у значна большай ступені, чым сёння, нясла інфармацыйную службу. Сёння падобныя функцыі ад яе забралі газета, радыё, тэлебачанне, навукова-папулярныя выданні. Удзельная вага творчай інтэлігенцыі сярод усёй інтэлігенцыі зменшылася, а роля літаратуры, мастацтва ў вырашэнні грамадзянскіх задач развітага сацыялістычнага грамадства, у выхаванні чалавека камуністычнай будучыні ўзрасла. Гэта накладвае на нас дадатковыя абавязкі ў сэнсе клапатлівых, беражлівых адносін да кожнага здольнага, таленавітага чалавека, асабліва ў пару яго творчай маладосці.

Літаратура пачынаецца з любві. З любві да роднага кута, краю, да людзей, якіх пісьменнік сустракаў у жыцці і добра ведае. Для прозы, у прыватнасці, адной любві мала, патрэбна веданне жыццёвага матэрыялу, які кладзецца ў аснову твора, прычым не простае, прыблізнае веданне, а дакладнае, дасканалае. Нездарма многія лепшыя раманы беларускай літаратуры ўзнікалі як вынік пройдзеных пісьменнікам жыццёвых дарог.

Мне здаецца, настаў час, каб стварыць для тых пісьменнікаў, якія могуць з гэтай задачай справіцца, умовы для глыбіннага, дасканалага вывучэння спраў на заводзе, на фабрыцы, у калгасе. Разлічваць на тое, што выдатны твор, скажам, пра рабочы клас з’явіцца ў выніку наездаў на завод таварыша, які сам працуе ў рэдакцыі, з заводам сур’ёзна не сутыкаецца, не прыходзіцца. Выдатны твор можа нарадзіцца з таго, што глыбінна перажыта самім пісьменнікам, што запала яму ў сэрца, што яго хвалюе, радуе, абурае. І калі ў пісьменніка пачуцці сапраўдныя, дык, пішучы твор, ён абавязкова дасць гэта адчуць і перажыць чытачу. Любоў да таго, пра што пішаш, выключнае замілаванне, адданасць, захопленасць — першая ўмова для ўзнікнення мастацкага твора. А інакш і чытач застанецца абыякавым, раўнадушным, калі не адчуе святога трапятання сэрца пісьменніка.

Усе нашы лепшыя мастацкія творы з гэтага нараджаліся.

Набыткі нашай літаратуры немалыя. Мне яны бачацца перш за ўсё у тым, што сённяшняя беларуская літаратура адпавядае сучаснасці, запатрабаванням чалавека выхаванага, адукаванага. Але не ўзнятых літаратурай жыццёвых пластоў, праблем яшчэ многа. Новыя, маштабныя працэсы адбываюцца ў заводскіх, рабочых калектывах, у вёсцы, і наша літаратура павінна адлюстроўваць гэтыя перамены, дакладна, глыбока даследаваць духоўны, маральны клімат грамадства.

Зараз, пасля гістарычнага XXV з’езда КПСС, калі партыя мабілізоўвае савецкі народ на здзяйсненне новых велічных задач камуністычнага будаўніцтва, нам, пісьменнікам, трэба падрахаваць, належным чынам ацаніць тое, што ў нас ёсць, чаго дасягнулі і на што ў першую чаргу звярнуць увагу, думаючы пра заўтрашні дзень літаратуры.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 200-204
Крыніца: скан