epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

За кампанію

За перагародкай размаўляюць Ганна Міхайлаўна з маці. Валодзя ляжыць у бакавым цёмным пакойчыку, больш за ўсё баючыся, што настаўніца яго пакліча і яму прыйдзецца выйсці да яе з-за перагародкі.

Валодзя крануў пальцамі губы. Яны апухлыя, раздутыя, як шары, і вывернуліся яшчэ болей, чым удзень. Канечне, з такімі губамі перад настаўніцай паказвацца нельга. Яна адразу здагадаецца, у чым справа. Пачне распытваць, дзе і з кім ён курыў.

У Валодзі на душы нядобра, брыдка. Ён не курыць, да курэння яго зусім не цягне, і віной усяму пахвальная грамата, якую раніцай перад усім класам дала яму Ганна Міхайлаўна. Праз гэтую грамату ўсё і пачалося.

«Ён у вас дужа старанны,— чуе Валодзя голас настаўніцы.— Я проста здзіўляюся, у хлопчыка вельмі развіта пачуццё абавязку. Цяпер няхай бегае, гуляе. Ён па развіцці апярэдзіў сваіх таварышаў на цэлы клас...»

Валодзю душаць слёзы. Што з таго, што ён апярэдзіў Сяргея Пахомчыка і Стася Вашчылу, якім далі падрыхтоўку на лета? Яны з ім проста не хочуць гуляць. Грэбуюць ім. Калі, аднёсшы дамоў пахвальную грамату, Валодзя выйшаў з двара, нядаўнія дружбакі сустрэлі яго насцярожана.

— Выдатнік,— прамовіў Сяргей, зняважліва цыркнуўшы праз зубы сліной.— Да настаўніцы падлізваешся.

Стась Вашчыла і астатнія злавесна маўчалі.

Да такога абыходжання Валодзя прывык. Адзін на адзін ён добра сябруе са Стасем, з астатнімі хлопцамі, але варта паявіцца ў кампаніі Сяргею, які вучыцца, бадай, горш за ўсіх, як усё мяняецца.

— Я ні да каго не падлізваюся,— сказаў Валодзя.

— Завошта ж грамату далі? Усё сядзіш ды зубрыш. Хадзем, хлопцы!..

Кампанія рушыла прэч. Валодзя стаяў і не ведаў, што рабіць. Сёння якраз можна пагуляць, бо прыехала бабуля, не трэба няньчыць Нюрку і зганяць з градаў курэй.

«Ён у вас трохі адасоблены,— гаворыць далей Ганна Міхайлаўна.— Проста часцей выпраўляйце яго да таварышаў. У такім узросце дрэнна губляць сувязь з калектывам, адасабляцца...»

Нічога яна не разумее, думае Валодзя пра настаўніцу. Хоць і інстытут скончыла. Калі б хлопцы нават не пазвалі, ён бы за імі пайшоў. Але яны пазвалі. Адышоўшы ад Валодзі крокаў на пяцьдзесят, кампанія раптам спынілася.

— Давай да нас! — гукнуў Сяргей, махнуўшы рукой.

Валодзя, не тоячы радасці, падбег да таварышаў.

— Мы ідзём есці зайцаву цыбулю,— сказаў Сяргей.— Потым будзем курыць. Калі не хочаш — адвальвай. Толькі нікому ні слова. Зразумеў?..

Курыць Валодзю не хацелася. Але каб ён пра гэта сказаў, хлопцы проста б не ўзялі яго з сабой.

Зайцаву цыбулю яны збіралі на пясчаных пагорках за Бібікавым дубам. Потым расклалі вогнішча і сталі сушыць вішнёвае лісце, якога Сяргей прынёс поўныя кішэні. Курылі, набіваючы сухой пацярухай маленькія, выразаныя з дрэва піпкі.

Валодзя стараўся дыму не глытаць. Толькі ўцягваў яго ў рот і адразу выпускаў. Але пацярухі было многа, і пакуль яны ўсю скурылі, у роце зрабілася горка і непрыемна.

Губы ў Валодзі сталі пухнуць і выварочвацца, калі ён ужо ішоў дамоў. Ён цяпер нават слова не мог прамовіць, бо адна губа не даставала да другой.

«Трэба развіваць у ім таварысцкія пачуцці,— вядзе сваё настаўніца.— Паўнацэнная асоба вырастае толькі ў калектыве. У астатніх адносінах ён бездакорны хлопчык...»

Ганна Міхайлаўна нарэшце пайшла, і ў Валодзі як камень з душы зваліўся. Навошта, каб нехта бачыў яго ганьбу? Ён зрабіў так, што нават бабуля нічога не заўважыла. Маці, калі трэба, ён прызнаецца. Але адной толькі маці. Вячэраць не пойдзе, скажа: баліць галава. А да заўтра губы, можа, атухнуць. Не будуць жа яны вечна такія тоўстыя, як каўбасы...


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 516-518
Крыніца: скан