epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

За капусту

Сяргейка не можа растлумачыць сам, чаму згадзіўся пасвіць рабую Антонішыну свінню. Можа, таму, што ў той дзень вучняў адпусцілі на канікулы, Сяргейка прэмію атрымаў за трэці клас — кнігу «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра,— і ў яго быў лагодны настрой.

Калі ён ішоў са школы, несучы пад пахай кнігу, Антоніха — высокая і худая, як жэрдка,— стаяла ў веснічках свайго двара.

— Свіней пагоніш пасвіць? — спытала яна Сяргейку.

— Паганю.

— Займі маю рабую. Вунь яна ходзіць на мусах.

Сяргейка марудзіў з адказам, і Антоніха, бачачы яго разгубленасць, паспешліва загаварыла:

— Я вунь капусту кончыла садзіць. Палавіну агарода засадзіла. Расады Антон з саўгаса прынёс. Ведаеш жа, якая ў саўгасе расце капуста. Кожны качан па пуду. Восенню набераце ў мяне капусты. Колькі захочаце. Які ў вас там агарод, а сям’я вялікая...

Сяргейка з неахвотай згадзіўся і пайшоў дадому. Ён расказаў маці, што за капусту падмеўся на час канікул пасвіць Антонішыну свінню.

— Не палучыш ты ў яе ніякай капусты. Знайшоў з кім звязвацца. Свае тры байбусы без дзела ходзяць, а цябе забрытала.

У Антоніхі тры сыны — Васіль, Іван і Косцік, але рабая, доўгая, чымсьці падобная да сваёй гаспадыні свіння бегае самапасам. Старэйшы Васіль скончыў сямігодку, збіраецца паступаць у школу памочнікаў паравозных машыністаў. Перарос ён пару, калі пасвяць свіней.

Іван з Косцікам, прасядзеўшы па тры гады адзін у трэцім класе, другі — у чацвёртым, з навукай разлічыліся і часу мелі дастаткова. Паназіраць за ўласнай свіннёй яны, вядома, маглі б. Але Іван на дрывяным складзе, на станцыі абстругвае дручкі, а Косцік заняты на пякарні, якая якраз размяшчаецца побач з іхнім дваром. Носіць Косцік пекарам ваду са студні, за гэта нібыта палучае штодзень буханку хлеба, а падгарэлых скарынак можа есці колькі захоча.

Пасвіць свіней — справа вясёлая, таварыская. Хлопцы з Сяргейкавай вуліцы займаюць свіней і гоняць за пераезд, за чыгунку: там, на выгане, на папарах, а пасля жніва на ржышчы найлепшы прастор для такой неспакойнай скаціны, як свінні.

Ёсць цвёрды закон: хто колькі свіней займае, той столькі разоў узапар бегае адварочваць усю чараду. Сяргейку болей за ўсіх прыходзіцца бегаць, бо ў чарадзе яго ўласная свіння, два цётчыны парсюкі (Сяргейкава і цётчына сем’і жывуць у адным двары) і рудая Антонішына пантэра.

Намучыліся хлопцы з гэтай няўрымслівай, проста такі ненавіснай жывёлінай. Кожнай хвіліны лезе ў шкоду. Сама раскладуць пастушкі агонь, пачнуць пячы бульбу, смажыць на ражончыках сала, а ўжо трэба бегчы адварочваць ненасытную пантэру. Ужо ўбілася ў маладую бульбу альбо латошыць чые-небудзь грады.

Кончылася тым, што хлопцы наогул адмовіліся адварочваць Антонішыну свінню незалежна ад чаргі. Папабегаў за ёй Сяргейка, папакалоў на ржышчы ногі!..

Тым часам канікулы скончыліся. Збіраючыся ў школу, Сяргейка ў апошні раз загнаў у Антонішын двор рудую свінню, якая за лета прыкметна пабольшала. Калі ён выйшаў на вуліцу, у веснічках паявілася гаспадыня.

— Вусень паела ўсю капусту! — голасна пачала скардзіцца.— Не качаны, а фігі. Самой не хопіць на зіму. Хадзі, Сяргейка, я табе семечак у кішэню насыплю...

Ад семечак Сяргейка адмовіўся наадрэз.

Усю восень хлопчыка душыла крыўда. Гэтак абвяла яго вакол пальца языкатая суседка! Ідучы ў школу міма Антонішынага двара, Сяргейка нават у той бок не глядзеў. Калі спатыкаў Антоніху на вуліцы, наўмысна адварочваўся.

Між тым у сяло кінаперасоўка прывезла першае гукавое кіно. Карціна называецца «Юнацтва Максіма» і будзе ісці толькі адзін вечар. Вельмі хочацца Сяргейку трапіць у клуб, паглядзець незвычайную карціну. Але грошай, як назло, няма, і няма ў каго іх пазычыць. Да апошняга часу меў Сяргейка сярэбраны паўрубель, але не вытрымаў, у апошні кірмашовы дзень праеў на яблыках. Пра тое, што паўрубля няма, нават маці не ведае.

Нарэшце Сяргейка ўспомніў: правярае білеты ў дзвярах клуба недалёкі сусед Антон. Няўжо ён забыў, што Сяргейка цэлае лета ягоную свінню пасвіў?

Антон, бачачы, што білета ў хлопчыка няма, спачатку рукой загарадзіў уваход у клуб. Але Сяргейка так на Антона зірнуў, што ён, нібы спалохаўся, паспешліва адвёў руку.

Гукавой карцінай Сяргейка быў вельмі задаволены, і з гэтага часу злосць на Антоніху пачала растайваць.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. Літ., 1983. - с. 433-435
Крыніца: скан