epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Здарэнне на паўстанку Вялікія Іваны

Здаляка, з вышыні парослага сасной узгорка, тры белыя домікі паўстанка здаюцца зусім маленькімі. Паўстанак называецца Вялікія Іваны, і гэта можа выклікаць толькі здзіўленне, бо ніякай вёскі ці паселішча з такой назвай у бліжнім наваколлі няма. Ёсць дом адпачынку, размешчаны на сасновых узгорках, ён носіць паэтычную назву «Арлінае гняздо». Па той бок чыгункі віднеюцца баракі торфапрадпрыемства, заснавальнікі якога не прыдумалі нічога лепшага, як назваць барачны пасёлак «Тарфяны ўчастак № 7». Кажуць, што некалі ў лагчыне, дзе цяпер штучнае возера, стаяў хутарок, які так і называўся — Вялікія Іваны. Хутарок спалілі немцы, потым, пасля вайны ўжо, рачулка, якая цякла па лагчыне, была перагароджана пясчанай дамбай — так утварылася штучнае возера, у якім купаюцца тыя, хто адпачывае ў «Арліным гняздзе». На возера аднекуль прылятаюць нават сапраўдныя, марскія чайкі. Вялікія Іваны засталіся толькі назвай паўстанка.

Стаіць харошы беларускі верасень, напоўнены цеплынёй няяркага сонца, празрыстасцю паветра, аздоблены мяккасцю фарбаў і тонаў. Сасновы бор на процілеглым беразе возера ахутан сіняватай павалокай смугі, лашчаць вока вясёлыя бярозавыя гайкі на гэтым беразе, дыша прахалодай і спакоем люстраваная, як матавае срэбра, роўнядзь возера.

Уладальнікі прафсаюзных пуцёвак, якія даюць права на гэты двухтыднёвы рай, займаюцца тым, чым займаюцца ўсе, хто трапіў у дом адпачынку. Снедаюць, абедаюць, нават спяць днём, купаюцца ў возеры, вандруюць па алейках, пасыпаных жоўтым пяском, гойдаюцца ў гамаках, гуляюць у валейбол. Трапляюцца і досыць зухаватыя кавалеры, да якіх належаць людзі самага рознага ўзросту. Гэтыя старанна адпрасоўваюць белыя штаны і безрукаўкі, заводзяць знаёмствы з дзяўчатамі і жанчынамі, катаюць іх на лодках па возеры, водзяць па лесе, паказваюць найбольш прыгожыя і адметныя мясціны.

Вечарам у доме адпачынку кіно, пасля — сон. Нягледзячы на строгі рэжым і распарадак, правілы якога вывешаны ў калідоры кожнага корпуса, знаходзяцца такія, што, не клапоцячыся аб здароўі, значна ўкарачаюць час, адведзены для сну. У дальніх бяседках нават пасля той пары, калі ў небе павісае зеленаватая зорка Венера, можна ўбачыць парачку-другую, што ніяк не могуць нашаптацца. Дальнія бяседкі жартам называюць востравам расчаравання і слёз.

У нас свая кампанія, досыць выпадковая, але трывалая. Я хаджу з Васілём Голубам, высокім, саракагадовым інжынерам з прыдняпроўскага гарадка. Мы з ім жывём у адным пакоі. З Васілём добра — ён маўклівы, не даймае роспытамі, днём, вынесшы раскладушку ў сасоннік, праглытвае кнігу за кнігай, а ноччу спіць. Да нас далучаецца Валя, прыгожая, досыць маладая жанчына з вялікімі сінімі вачыма і бялявымі завіткамі перманенту. Валін муж працуе на тым самым заводзе, што і Васіль Голуб. Жанчына далучаецца да нас часцей за ўсё ў перадвячэрнюю пару, калі мы збіраемся на паўстанак. У гэты час прыходзіць пасажырскі цягнік, прывозіць новых уладальнікаў пуцёвак ў «Арлінае гняздо» і свежыя газеты, якія можна купіць у паштовым аддзяленні на паўстанку.

Валя ходзіць разам з намі па лісты ад мужа. Лісты прыносяць у дом адпачынку вечарам, а Валя, відаць, не хоча чакаць. Тут ёсць і свая жаночая палітыка. Ходзячы з намі, Валя як бы засведчвае сваю добранадзейнасць у вачах Васіля Голуба. Тым болей што з усіх жанчын яна ў доме адпачынку, бадай, самая прыгожая, на яе заглядваюцца. Ёсць у яе і сталы кавалер, Алёша, памочнік рэжысёра з кінахронікі, малады, стройны халасцяк з кучаравай чорнай шавялюрай і прыемным мужным тварам.

Алёша, калі мы ідзём на паўстанак, заўсёды далучаецца да нашай кампаніі, але, вядома, не з-за нас, а з-за Валі. Яму не адмовіш у розуме, дасціпнасці, ды і наогул з усіх кавалераў сасновага царства ён найбольш фацэтны. З той жа мужчынскай праніклівасцю мы адчуваем, што Валя глядзіць на памочніка рэжысёра як на вясёлую забаўку і прымае яго заляцанні да пэўнай мяжы. Гэта падабаецца нам, не зусім маладым мужчынам, у якіх дома жонкі і дзеці. Падабаецца ўсё болей з кожным днём па адной вельмі немалаважнай прычыне, аб якой ведаю я, бо жыву з Голубам, і, відаць, не ведае Алёша. Валін муж пакалечаны вайной, у яго няма правай рукі і знявечаны асколкамі твар. Ён п’е, раўнуе жонку і работнік не вельмі добры — яго ўжо два разы звальнялі з завода. Ліста ад яго Валя не атрымала пакуль што ніводнага.

З Валяй мы як бы ў маўклівым згаворы. Алёша гэтага не разумее, злуецца, шукаючы прычыну відавочнай марнасці сваіх заляцанняў. Прычыну ён, відаць, бачыць у тым, што Валя не абыякавая да Голуба, і ўвесь двухкіламетровы шлях да паўстанка як можа падколвае майго суседа. Трэба сказаць, што Алёшу гэта ўдаецца. Нават Валя, звычайна строгая ў прысутнасці Голуба, іншы раз не вытрымлівае і заліваецца бесклапотным смехам. Я не магу яе зразумець: знешне яна нічым не адрозніваецца ад тых апранутых па апошняй модзе дзяўчат і жанчын, некаторыя з якіх ужо на другі дзень свайго знаходжання ў «Арліным гняздзе» катаюцца на лодках, ахвотна прымаюць ад мужчын розныя паслугі і нават трапляюць на «востраў расчаравання і слёз».

Гэта здарылася на дзесяты дзень нашага жыцця ў сасновым раі. Відаць, у доме адпачынку быў нехта яшчэ з прыдняпроўскага гарадка, і, зрэшты, Алёша ўведаў сапраўдную прычыну правалу сваіх кавалерскіх намераў.

У той ціхі надвячорак, калі мы ішлі на паўстанак, ён як ніколі быў насмешлівы і калючы.

— Ветэраны вайны...— кідаў ён з’едлівыя кепікі.— Маладая Яраслаўна, якая аплаквае паланёнага мужа ў Пуціўлі, на гарадской сцяне. Глупства ўсё... Жыццё ёсць жыццё. Хіба не смешна гаварыць у атамную эпоху пра вернасць?..

Голуб, не зважаючы на прысутнасць Валі, брыдка вылаяўся. Я ніколі не бачыў яго такім злосным. Валя ішла з пабялелым тварам.

На паўстанак мы прыйшлі маўклівыя, незадаволеныя адзін другім. Купілі газеты. Валя нарэшце атрымала першы ліст ад мужа і, прачытаўшы, схавала яго ў рыдыкюльчык, які нагадваў мініяцюрную дубовую бочачку. На пероне, на пафарбаванай у зялёны колер лаўцы, сядзеў сярэдніх год мужчына з хваравітым, жаўтлявым тварам і побач з ім хлопчык. Калі мы вярталіся назад, мужчына раптам захрыпеў, на губах у яго паказалася пена, а твар зрабіўся чорна-сіні, як толькі што вывернутая скібіна падзолу. Ён упаў з лаўкі і пачаў біцца галавой аб жарству.

— Доктара!.. Доктара! — закрычаў нехта з тых, што вылезлі з пасажырскага цягніка.— Чалавек памірае...

Хлопчык між тым паводзіў сябе спакойна. Ён дастаў з кошыка белае прасцірадла і накрыў ім чалавека, цела якога зводзілі сутаргі. Потым прысеў на кукішкі і аберуч, пад прасцірадлам, узяў чалавека за галаву.

Сабраўся натоўп. Падышоў дзяжурны паўстанка ў вогненна-чырвонай шапцы.

— Гэта мой бацька,— спакойна растлумачыў яму хлопчык.— Ён хутка ўстане, не трэба доктара. Такая хвароба ў яго з вайны. Яго расстрэльвалі немцы і прабілі галаву. Я таму заўсёды з ім разам хаджу. Мамка прасцірадла дае. Не трэба, каб людзі твар бачылі...

Чалавека трэсла, падкідвала, а малы сын яго цярпліва, з выразам спакою на поўным тварыку сядзеў над ім, не даючы бацьку пабіць галаву. Натоўп пачаў разыходзіцца. Алёшы каля нас ужо не было. Мы вярталіся ў дом адпачынку ўтраіх.

Валя ішла маркотная, але як бы з нейкай лагоднай прасветленасцю на твары.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 389-392
Крыніца: скан