epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Звіні, званок!

Чытаць і лічыць Міця навучыўся да школы. У іхняй хаце вісеў прыгожы, расфарбаваны ў чырвоны і сіні колеры, плакат з вялікімі літарамі, надрукаванымі ўнізе. На плакаце быў намаляваны ружовашчокі хлапчук, які старанна мыў рукі пад рукамыйнікам. Па гэтым плакаце Міця і пачаў вучыцца чытаць, бо дужа хацелася ведаць, што напісана аб прыгожым, хораша апранутым хлопчыку. Васьмідзесяцігадовы Міцеў дзед ведаў толькі дзве літары — «о» і «р» і ахвотна растлумачыў іх сэнс Міцю, астатнія паказала маці. На плакаце было напісана: «Чысціня — зарука здароўя», і, прачынаючыся, Міця кожнае раніцы чытаў гэты подпіс, каб маці не падумала; што ён пазабываў літары.

Мыць рукі самому не вельмі хацелася, аднак Міця мыў іх, бо цяпер ён быў пісьменны і адчуваў сябе ніякавата перад ружовашчокім, прыгожым хлопчыкам. Аднойчы бацька, вярнуўшыся з начной змены з чыгункі, пачуў, як Міця чытае, і ў наступны раз прывёз яму з горада буквар. Па буквары Міця вывучыў астатнія літары, якіх не было на плакаце.

З лічэннем было яшчэ прасцей. Лічыць да дзесяці ўмелі ўсе хлапчукі з Міцевай вуліцы, нават тыя, што не хадзілі ў школу і не ведалі літар. Хоць дзед быў і непісьменны, але ўмеў лічыць і да ста, і да тысячы, і гэтую навуку ў яго лёгка пераняў Міця. Не ўмеў Міця толькі пісаць.

Адзвінела вясёлае зялёнае лета. Ночы сталі даўжэйшыя, дні — карацейшыя. Міця пачаў збірацца ў школу. Цвёрдай упэўненасці, што яго прымуць, у Міці не было, бо яму яшчэ не споўнілася сямі год, аднак у школу ён дужа хацеў. Міця даўно зайздросціў хлапчукам і дзяўчынкам, якія, гучна размаўляючы, шыбавалі з сумкамі і кнігамі паўз яго двор у сямігодку. У школу збіраўся таксама Міцеў сусед і сябра Адам, якому ўжо было сем з палавінай год. Разам з ім падаўся ў навуку і Міця.

Той дзень не прынёс хлопцу радасці. Усіх, каго прынялі ў першы клас, настаўніца выклікала па спіску, размаўляла з імі, а Міцева прозвішча нават не назвала. Тады Міця ўстаў з-за парты сам.

— Я ўмею чытаць і лічыць,— сказаў ён.

— А колькі табе год? — спытала настаўніца.

— Шэсць з палавінай.

— Ты яшчэ малы. Ідзі дамоў. Прыйдзеш у школу праз год.

— Я магу палічыць да мільёна! — выгукнуў Міця, але настаўніца яго не слухала...

Давялося ісці дамоў...

Зімой Міця лавіў сіллямі снегіроў і хадзіў да Адама чытаць новы буквар. Гэты буквар ён вывучыў на памяць. Начытаўшыся, Міця з Адамам станавіліся на лаву і знізу глядзелі на насценны гадзіннік. Яны дзівіліся з малюсенькіх шрубак і гаечак, якімі быў прымацаваны механізм да футляра, і весела рагаталі.

Летам пачаліся яшчэ цікавейшыя справы. Міця вельмі любіў птушак і за лета адшукаў шмат гнёздаў. Ён прынёс дамоў чатырох варанят, двух галубоў-туркалікаў, аднаго шызага голуба, трох чыжоў і берасцянку. Птушкі жылі ў клетках, якія Міця змайстраваў сам. Карміў ён іх варанай бульбай, хлебам, мушкамі, камарамі, а таксама чарвякамі, якіх адкопваў за хлявом, у тлустым чарназёме. Міця ведаў, што цяпер яго прымуць у школу, і яму хацелася пахваліцца вучням і настаўніцы сваімі птушкамі.

Зноў надышло першае верасня. У той дзень было цёпла і сонечна. Маці пашыла Міцю новыя штаны і сарочку, а бацька купіў бліскучыя чаравікі. Міця не спяшаючыся ішоў па вуліцы ў школу, і яму здавалася, што ўсе, каго ён ні сустракае, глядзяць на яго абноўкі. Па шырокім школьным двары бегалі старэйшыя вучні, дзяўчаты гулялі ў класы. Было шумна і весела. Нарэшце зазвінеў званок.

Міця прыбег у клас першы і сеў за парту. Настаўніца прыйшла маладая, ветлівая. Яна адразу спадабалася Міцю. Хутка яна назвала яго прозвішча, і хлопец устаў з-за парты.

— Я ведаю, ты ўмееш чытаць і лічыць,— сказала настаўніца, і Міцю стала прыемна, што яго пахвалілі пры ўсіх.— Будзеш памагаць другім вучням. А пісаць і рашаць задачы навучышся. Яшчэ шмат чаго трэба ведаць.

На перапынку Міця падышоў да настаўніцы. Яму хацелася сказаць ёй што-небудзь прыемнае і таксама хацелася, каб яна яшчэ раз яго пахваліла.

— У мяне ёсць птушкі,— сказаў Міця.— Яны жывуць у клетках. Я ўмею рабіць сіллі і магу колькі хочаш налавіць сініц.

Твар настаўніцы спахмурнеў.

— А хіба гэта добра трымаць птушак у клетках і лавіць іх сіллямі? — спытала яна.

— Я іх кармлю бульбай і чарвякамі.

— Але ж птушкі хочуць лятаць, спяваць, а ты іх трымаеш у клетках.

— Яны і ў клетках спяваюць.

— Вось што, Міця,— ласкава прамовіла настаўніца.— Ты хутка сам усё зразумееш, а цяпер паслухай мяне. Выпусці птушак. І ніколі не бяры іх з гнёздаў і не лаві сіллямі. Птушкам патрэбны воля, прастор, і тады яны прыносяць вялікую карысць людзям: знішчаюць розных шкоднікаў лесу, поля, саду. У нас будзе ўрок прыродазнаўства, і тады я пра гэта раскажу больш падрабязна.

— Я выпушчу птушак,— шчыра паабяцаў хлопчык.

Міця пабег да Адама, які ўжо вучыўся ў другім класе, пахваліцца, што цяпер і яго прынялі ў школу.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 425-427
Крыніца: скан