epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Жывыя старонкі гісторыі

На першым з’ездзе пісьменнікаў Максім Горкі зацікавіўся пытаннем: у якіх рэспубліках напісаны гісторыі нацыянальных літаратур і што робіцца для іх стварэння там, дзе такіх гісторый яшчэ няма?

Ад першага з’езда нашы дні аддзяляе вялікі прамежак часу. Непараўнальна вырасла, узмужнела савецкая літаратура, а разам з яе поспехамі — крытычная і тэарэтычная думка. Сведчанне гэтаму — дзесяткі, нават сотні манаграфій, даследаванняў, крытычных прац, прысвечаных творчасці найбольш яркіх мастакоў слова і праблемным пытанням развіцця літаратуры і, нарэшце, гісторыі нацыянальных літаратур.

У нас, на Беларусі, гісторыя літаратуры «наспявала», калі можна так сказаць, бадай, залішне марудна. Даваенныя школьнікі і настаўнікі, напрыклад, мелі да паслуг толькі хрэстаматыі з невялікімі артыкульчыкамі-даведкамі аб творчасці пісьменнікаў. Не ў лепшым становішчы былі студэнты і выкладчыкі філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў.

Першыя «ластаўкі» паявіліся ў пасляваенныя гады. Спачатку манаграфіі, прысвечаныя асобным пісьменнікам, затым школьныя падручнікі па гісторыі літаратуры. Як прамежкавае звяно да «акадэмічнай» гісторыі беларускай савецкай літаратуры, узніклі яе нарысы, выдадзеныя ў 1954 годзе на рускай мове, а ў 1956 — на беларускай.

Ужо толькі з-за аднаго гэтага выхад у свет двухтомнай гісторыі беларускай савецкай літаратуры — цэлая падзея ў нашым літаратурным жыцці.

Мае нататкі прысвечаны другому тому «Гісторыі» («Гісторыя беларускай савецкай літаратуры», т. ІІ, Мінск, 1966 г.), які ўключае ў сябе аглядныя, «агульныя», раздзелы развіцця беларускай літаратуры перыяду Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннага часу, сучаснага этапу, а таксама раздзелы-манаграфіі аб творчасці найбольш відных сучасных пісьменнікаў і «Хроніку літаратурнага жыцця».

Другі том па кампазіцыйнай схеме, прыкладна, адпавядае трэцяму тому трохтомнай «Истории русской советской литературы» (Масква, 1961 г.).

Аднаму чалавеку не пад сілу дэталёва ацаніць работу даволі шырокага кола аўтараў «Гісторыі», таму я абмяжуюся некаторымі заўвагамі, якія датычаць перш за ўсё прыкладнога, практычнага значэння кнігі, пытання, што дае «Гісторыя» выкладчыку, студэнту-філолагу, бо кніга і напісана, як мне здаецца, з «прыцэлам» менавіта на гэтага чытача.

Я не хачу сказаць, што «Гісторыя» не ўлічвае дасягненняў сучаснай крытычнай і тэарэтычнай літаратурнай думкі. Не толькі ўлічвае, а і стала магчымай дзякуючы поспехам крытыкі і літаратуразнаўства, іх даволі высокаму сучаснаму ўзроўню. У гэтым сэнсе «Гісторыя» — значны крок наперад у параўнанні, напрыклад, з «Нарысамі па гісторыі беларускай літаратуры», дзе разгляд творчага працэсу вёўся пераважна па лініі ідэйных і сацыяльных катэгорый, а эстэтычны, мастацкі аналіз існаваў у выглядзе неабавязковых «дадаткаў».

І ўсё ж «учарашні дзень» нашага літаратуразнаўства не-не ды і прагляне ў гэтай, скажам без перабольшання, саліднай працы, якая ахоплівае шырокае кола літаратурных падзей і фактаў. Прагляне то ў выглядзе «заніжанай» — са скідкай на актуальнасць тэмы — ацэнкі, то ў імкненні навесці «хрэстаматыйны глянец» на пісьменніка, які трапіў у «Гісторыю», то ў паспешлівай скорагаворцы аб «асобных» недахопах і праліках там, дзе трэба сур’ёзная размова аб творчай, мастацкай няўдачы.

Не будзем спрашчаць пытання: задача аўтараў другога тома была шмат цяжэйшая, чым першага. Не гаворачы пра дзесяткі пісьменніцкіх імён, якія трапілі ў аглядныя раздзелы, нават раздзелы-манаграфіі, прысвечаныя, скажам, творам Івана Шамякіна, Пімена Панчанкі, Янкі Брыля, Івана Мележа, Піліпа Пестрака, напісаць было нялёгка. Аўтары гэтыя актыўна працуюць сёння, не ўсе, магчыма, дасягнулі творчага «зеніту». Вось гэтая «нявыверанасць» эстэтычна-мастацкіх ацэнак, недастаткова шырокае кола літаратурных назіранняў і фактаў абумовілі эскізнасць, нарысавасць некаторых раздзелаў-манаграфій, якія сваёй навуковай «фактурай» мала чым адрозніваюцца ад звычайных крытычных артыкулаў.

Аглядныя раздзелы вызначаюцца перш за ўсё імкненнем ахапіць пабольш фактаў, падзей, з’яў, намаляваць агульную карціну літаратурнага працэсу. Я тут пакідаю ўбаку спрэчкі аб тым, як было лепш будаваць «Гісторыю»: спалучэннем аглядных раздзелаў і раздзелаў-манаграфій, як і зроблена, ці разглядаць творчасць нават найбольш відных пісьменнікаў у агульным патоку. Для выкладчыкаў, студэнтаў найбольш прымальная, як мне здаецца, першая, ажыццёўленая форма, бо менавіта так вядзецца і выкладанне літаратуры ў вышэйшых навучальных установах, праграмы так пабудаваны.

Свае хібы такая форма, вядома, мае. Яны досыць выразна выявіліся ў абранай кампазіцыі. Скажам, пасля «агульных» раздзелаў, дзе разглядаецца ваенная, пасляваенная і сучасная літаратура, ідзе «манаграфічная» гаворка пра творчасць Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Максіма Танка, і адразу відаць несупадзенне «маштабаў» аглядных і манаграфічных частак кнігі, бо творчасць гэтых пісьменнікаў выходзіць далёка за межы названых літаратурных перыядаў.

З другога боку — непазбежны паўтарэнні: усе важнейшыя гістарычныя падзеі і творы апошніх дваццаці пяці гадоў паўстаюць перад чытачом двойчы, тройчы і г. д. Спачатку ў аглядных, затым у «манаграфічных» частках. І што асабліва прыкра — іншы раз не супадаюць мастацкія ацэнкі твораў, бо аглядны раздзел напісан адным аўтарам, манаграфічны — другім. Але аб гэтым пазней.

Раздзел «Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны» напісаны ўвогуле нядрэнна, дае даволі шырокую карціну развіцця нашай «ваеннай» літаратуры, асноўных яе тэндэнцый, матываў, вызначаецца багаццем выкарыстанага літаратурнага і публіцыстычнага матэрыялу. Беларуская літаратура перыяду Айчыннай вайны стваралася параўнаўча невялікім колам пісьменнікаў, і ўражанне «раскіданасці» пры чытанні гэтага раздзела меншае, чым, скажам, пры чытанні старонак, прысвечаных пасляваеннай і сучаснай паэзіі. Гэтыя старонкі проста стракацяць назвамі вершаў, зборнікаў, прозвішчаў паэтаў. Гаворачы жартам, трэба мець не звычайную галаву, а якую-небудзь кібернетычную сістэму, каб усё гэта запомніць.

Я не збіраюся асабліва дакараць аўтараў раздзелаў пра паэзію, у іх было тое багацце матэрыялу, з якім цяжка справіцца. Тым больш што карціна развіцця нашай паэзіі дадзена ўвогуле правільна, зроблена шмат трапных глыбокіх назіранняў.

Шляхам сціслых, «філасофскіх» назіранняў, фармулёвак, акцэнтуючы ўвагу на галоўным, акідваючы другараднае, відаць, і трэба ісці там, дзе ў аўтара-даследчыка «мора» матэрыялу. Зрэшты, гэта ў значнай меры зроблена, але побач — звычайны пералік прозвішчаў, назваў твораў, які больш чым бібліяграфічнай даведкай не назавеш. Многія аўтары аднаго-двух паэтычных зборнікаў і наогул паэты, голас якіх асаблівай арыгінальнасцю не вызначаецца, маглі б, скажам, не трапіць на старонкі «акадэмічнай» «Гісторыі літаратуры», і вялікай бяды ў гэтым не было б, але затое вызвалілася б месца для больш сур’ёзнай, сталай размовы пра паэтаў, што трывала «замацаваліся» ў літаратуры, але якім з-за тых ці іншых прычын манаграфічныя раздзелы не прысвечаны.

Больш-менш выразнага ўяўлення пра творчасць Максіма Лужаніна, Анатоля Вялюгіна, Аляксея Русецкага, Антона Бялевіча, Міколы Аўрамчыка, Рыгора Барадуліна, Сцяпана Гаўрусёва і іншых, прачытаўшы старонкі, прысвечаныя паэзіі, не складзеш, і гэта, бясспрэчна, пралік аглядных раздзелаў.

У пагоні за колькасцю страчана якасць.

Аглядныя раздзелы аб прозе і драматургіі ў гэтым сэнсе маюць перавагі. Тут адчуваецца пэўная сканцэнтраванасць вакол найбольш прыкметных літаратурных з’яў, у «фокусе» ідэйна-мастацкага аналізу аказваюцца якраз тыя творы, якія атрымалі прызнанне чытачоў, крытыкі. Старонкі аб прозе падкупляюць добрай «філасафічнасцю», эстэтычнай чуласцю, уменнем бачыць складаную сувязь паміж жыццём і літаратурным працэсам, «раскаванай», жывой манерай весці зацікаўленую размову з чытачом.

Недахопы старонак аб прозе адваротнага, чым аб паэзіі, характару. Калі там мы бачылі «нястрымны» паток імён, назваў, то тут кола аўтараў, аб творчасці якіх ідзе гаворка, намнога вузейшае. Магчыма, гэта правільна, калі мець на ўвазе, што раздзел напісаны для акадэмічнай «Гісторыі літаратуры» — выдання стабільнага, якое, відаць, не хутка паўторыцца. Але ж атрымаўся кампазіцыйны перакос — маладая паэзія (хоць імёнамі і назвамі твораў) прадстаўлена шырока, а маладая проза — аніяк. Аб тым, што дасягненні маладых празаікаў не меншыя, чым паэтаў, спрачацца не прыходзіцца.

Тут мы падыходзім да пытання, што такому выданню, як «Гісторыя беларускай літаратуры», хоць ствараў яе калектыў аўтараў, кожны з якіх можа мець свой эстэтычны густ, схільнасці, трэба мець адзіны погляд на літаратурны працэс, адзіную думку ў ацэнцы ідэйнай і мастацкай вартасці твораў. Гэта ў асноўным дасягнута. У гэтым сэнсе «Гісторыя» — вынік калектыўнай думкі, хоць кожны раздзел мае свайго аўтара.

Усё ж нязгладжаных «швоў», разнабою ў ацэнцы адных і тых жа твораў асталося нямала. Прывяду прыклад. У агульным, аглядным раздзеле верш М. Танка «Гастэла» ацэньваецца як пэўнае дасягненне («Лірызм моцна адчуваецца ў вершах М. Танка, прысвечаных людзям гераічнага подзвігу» («Гастэла»), стар. 20).

У раздзеле манаграфічным, прысвечаным творчасці Максіма Танка, чытаем штосьці адваротнае: «Ёсць у танкаўскай лірыцы ваеннага часу і прыкметныя недахопы. Гэта — галоўным чынам непераадольная рытарычнасць тых вершаў, у якіх паэтычнае пачуццё не можа «прабіцца» праз напластаванні ўзнёслых, урачыстых, але залішне агульных слоў, заклікаў, дэкларацый» (вершы «Над шырокім Дняпром», «Ля кастроў», «Гастэла», «У яркім сузор’і рэспублік свабодных», стар. 375).

У першым томе адносна творчага ўздзеяння на паэзію Аркадзя Куляшова чытаем: «Можна, напрыклад, з усёй упэўненасцю сказаць, што толькі праз вучобу ў Я. Купалы Аркадзь Куляшоў прыйшоў да цыкла вершаў «Юнацкі свет» (1938—1940), дзе выразна пачуўся яго самабытны голас» (стар. 189).

У манаграфічным артыкуле, прысвечаным А. Куляшову, даецца вытрымка з аўтабіяграфіі паэта, дзе ён, прызнаючы пэўную цягу да народнай песні, да паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пушкіна і Някрасава, усё-такі зусім інакш вызначае «нараджэнне» сябе як паэта: «Сачу за ўсім, што паяўляецца новага ў савецкай паэзіі... Нарэшце, як адкрыццё, як прасвятленне — «Краіна Муравія» Аляксандра Твардоўскага. Я ніколькі не перабольшу, калі скажу, што як паэт сваім нараджэннем я абавязан іменна гэтаму твору. «Краіна Муравія» не толькі па-новаму адкрыла мне свет народнага жыцця, але і з’явілася штуршком, які вывеў мяне, нарэшце, з творчага тупіка» (стар. 318).

Такія супярэчлівыя ацэнкі можна прыводзіць яшчэ.

Лепшыя з манаграфічных раздзелаў — раздзелы пра Міхася Лынькова, Петруся Броўку, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Янку Брыля. Лепшыя ў сэнсе цэласнасці погляду на творчасць пісьменнікаў, выяўлення іх непаўторнай творчай індывідуальнасці, бо, зрэшты, усе артыкулы прымальныя з пункту гледжання іх зместу і агульнага літаратуразнаўчага ўзроўню. Недахопам разглядаемай часткі «Гісторыі» я лічу не заўсёды разумнае размеркаванне ўвагі паміж галоўным і другарадным у творчасці пісьменніка, імкненне сказаць аб усім, нічога не прапусціць, што прыводзіць да перагружанасці апісальнага, статычнага матэрыялу, які не аналізуецца, а толькі называецца. Па сутнасці, гэта той самы «грэх», які мы бачылі ў аглядных частках пра паэзію.

Аднаму з лепшых «хрэстаматыйных» апавяданняў Міхася Лынькова «Над Бугам», якое вывучалі многія пакаленні моладзі, прысвечана дваццаць два радкі, напаўзабытай «прахадной» аповесці «Апошні зверыядавец» — удвая больш. Імкненне да агляднасці, «нарысавасці» відавочнае, канкрэтны аналіз нярэдка падмяняецца скорагаворкай, пералічэннем тэм, праблем.

Праўда, у нарысе пра Міхася Лынькова значна лепш напісаны старонкі, у якіх гаворка заходзіць пра мастацкі стыль. Тут аўтар выяўляе і добры мастацкі густ, і ўменне зрабіць трапныя, тонкія назіранні. Шкада толькі, што аналіз эстэтычны вядзецца з некаторым адрывам ад тэматыкі і праблематыкі твораў.

Бадай, такая ж карціна ў нарысе пра творчасць Броўкі. Старонка адведзена яго лепшай паэме 30-х гадоў «Праз горы і стэп», столькі ж месца паэме «1914» — мастацка слабейшай.

Дарэчы, як гаварылася ўжо, нарысы пра Лынькова, Броўку — з ліку лепшых. На невялікай плошчы, адведзенай разгляду іх творчасці (сярэдні памер нарыса 35—40 старонак), больш-менш удала зроблены творчыя партрэты. Але тут сустракаецца скорагаворка, залішне «глухі» пералік, асобныя выпадкі эстэтычнай непатрабавальнасці да ілюстрацыйнага матэрыялу, які закліканы падмацаваць тую ці іншую думку даследчыка.

У артыкуле пра паэзію Пімена Панчанкі ў якасці ілюстрацыі верша, што «напоўнены глыбокім філасофскім роздумам над веліччу подзвіга падлетка», даецца наступнае чатырохрадкоўе:

 

Тут спалучана ўсё: ярасць грому

                        і гнеў бліскавіцы

І найлепшыя мары, і сны,

                        і празрыстасць крыніцы.

Ты, нянавісць, трывожыш агнём

                        незгасаючым сэрцы,

Ты Тышкевіча Сашу вядзеш

                        на дарогу бяссмерця.

 

Ёсць у Панчанкі многа задуменна-філасофскіх вершаў, асветленых сапраўды «глыбокім роздумам», але гэтыя, таксама ўвогуле неблагія, радкі маюць дачыненне хутчэй да грамадзянска-публіцыстычнай, чым да філасофскай лірыкі паэта.

Ёсць некаторыя недакладнасці ў добрым увогуле раздзеле, прысвечаным творчасці Куляшова. Недастаткова акрэслена вызначаны жанр паэмы «Сцяг брыгады» — яна названа паэтычным дзённікам, і на гэтым аўтар артыкула палічыў сваю задачу выкананай. Спасылка на Твардоўскага, які назваў твор «народнай паэмай»,— хутчэй паэтычная ўмоўнасць. Цяжка пагадзіцца са сцверджаннем, што ў паэме «Прыгоды цымбал» А. Куляшову «ўдалося знайсці адпаведныя формы спалучэння казачна-сімвалічных сцэн і эпізодаў з рэалістычнымі, што надало твору характар жанрава-стылістычнай аднароднасці» (стар. 335).

Думаецца, што гэта не так. Не зусім удалося таленавітаму паэту планы рэальны і казачна-фантастычны сплавіць у адно цэлае, яны даволі аўтаномныя ў адносінах адзін да другога, і такая думка даволі пераканаўча даведзена ўсімі папярэднімі крытыкамі. Аўтару варта было даказаць правільнасць свайго тэзіса, а не даваць яму так катэгарычна права грамадзянства.

Я ўвесь час звяртаю ўвагу на недахопы, але хачу агаварыцца, што яны носяць хутчэй прыватны, чым агульны, вызначальны характар.

«Гісторыя» — даследаванне сур’ёзнае, грунтоўнае, і, як кажуць, не хочацца бачыць нават паасобных агрэхаў на добра ўзараным полі.

Няблага напісаны раздзел пра Пімена Панчанку крыху псуе некаторая «алеаграфічнасць», імкненне навесці на паэта хрэстаматыйны глянец, бачыць яго творчую дарогу роўнай, гладкай, без калдобін. Псуюць газетныя, трафарэтныя фразы, уласцівыя, дарэчы, не толькі гэтаму артыкулу, але і многім іншым («Панчанка патрабуе глыбокага пранікнення ў гістарычны сэнс падзей...», «Паэт змагаецца за тую дзейсную актыўную рамантыку...» і г. д.).

Раздзел пра творчасць Янкі Брыля вызначаецца глыбокай, арыгінальнай думкай, самастойнасцю погляду, добрай мовай. У цэнтр увагі пастаўлена якраз тое, што найлепш характарызуе творчы шлях пісьменніка. Уяўленне пра пошукі і здзяйсненні пісьменніка раздзел дае. Але і тут пра многае сказана «пункцірна», скорагаворкай. Апавяданне «Надпіс на зрубе» толькі названа, пра раман «Птушкі і гнёзды» — чатыры няпоўныя старонкі. Гэта ж, зрэшты, столькі, колькі пішацца ў невялікай рэцэнзіі.

Цікавыя думкі, назіранні знойдзе чытач у раздзелах пра Івана Шамякіна, Івана Мележа. Але творчасць гэтых пісьменнікаў, якія зрабілі ў літаратуры нямала, характарызуецца хутчэй з «агульнага» боку, глыбокага ўяўлення пра іх майстэрства нарысы-манаграфіі ўсё ж не даюць.

Наогул, як здаецца, «празаічныя» раздзелы маглі быць большыя памерам, чым ёсць, гаворка ў іх ідзе пра фундаментальныя з’явы літаратуры, і «нарысавасць», «агляднасць» у гэтай справе — толькі на шкоду.

І яшчэ два папрокі. У навуковым выданні, якім з’яўляецца «Гісторыя», безумоўна, патрэбна асвятленне барацьбы эстэтычных ідэй, поглядаў, каб канцэпцыя гісторыі беларускай савецкай літаратуры праглядвалася «на глыбіню», па меры поспехаў, здзяйсненняў сацыялістычнага рэалізму. Але раздзелаў пра станаўленне крытычнай, літаратуразнаўчай думкі няма, аглядныя і манаграфічныя часткі толькі ў мінімальнай ступені асвятляюць гэтае пытанне.

«Хроніка літаратурнага жыцця», якая займае немалое месца, дае толькі вонкавае, часта нават выпадковае, уяўленне аб працэсах, якія адбываліся ў літаратуры, і не можа замяніць ні раздзелаў пра крытыку і літаратуразнаўства, ні навуковага апарату, які штучна збеднены, бо бясспрэчна, што сам факт стварэння «Гісторыі» — не толькі вынік працы аўтарскага калектыву супрацоўнікаў Інстытута літаратуры АН БССР, а ўсёй савецкай і ў тым ліку беларускай эстэтычнай думкі.

Недапушчальна ў «акадэмічным» выданні блытаніна наконт часу ўтварэння літаратурных арганізацый, выхаду з іх тых ці іншых пісьменнікаў.

Аўтарскі калектыў другога тома «Гісторыі» ў асноўным справіўся з пачэснай і нялёгкай задачай паказаць сучасную беларускую літаратуру ва ўсім багацці яе пошукаў, здзяйсненняў, творчых індывідуальнасцей, і ў гэтым сэнсе яго можна павіншаваць. Кніга напісана «на вялікім дыханні», на добрым тэатрэтычна-мастацкім узроўні.

Гэта ў цэлым жывыя старонкі жывой гісторыі.

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 75-83
Крыніца: скан