epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Пташнікаў

Львы

1
2
3
4
5


Міколу Мятліцкаму прысвячаю

 

1

 

Джукі блажыла.

Яму выварочвала нутро і язык, - язык рабіўся доўгі, выцягваўся з рота, чырванеў, як агонь, слаўся на траву і на жоўтыя ў цвеце кунатыя адуванчыкі, і з яго цякла зялёная сліна - пенай. Калі блага адпускала, яго адразу хапаў кашаль - сухі, дзяркаты, глыбокі, ад яго падцінала духі, спірала ў вузкіх, маладых яшчэ сабачых грудзях - Джукі не было яшчэ і двух гадоў, - і ён тады задыхаўся ад сухой гарачкі, якая паліла ў горле і востра пахла растаптаным палыном і ёдам.

Ён бег тады з двара, пасля бег вуліцай з Бабчына на лог, пасечаны на чорныя сцежкі кароўімі капытамі яшчэ ад згону зімы, шукаў жыватом халодную пляйстру зямлі, клаўся аблогай і выцягваў сваю чорную як смоль з белай ласачкай на носе морду ў купіну - у густую цёмную ніжыперніцу, на якой увесь дзень, горача ці холадна, віселі буйныя, па ягадзе, кроплі расы. Тады адпускала, можна было перавесці дух. Язык цямнеў, рабіўся ліловы, не лез назад у рот, ляжаў на купіне, выцягнуты і здранцвелы, не хацеў нават злізваць расу. Па языку адразу пачыналі поўзаць мурашкі. Маленькія, худзенькія, рудыя і жоўта-выцвілыя, яны абсыпалі яго і пяклі, што крапівай ці чорт ведае чым... І тады Джукі чуў, што ён яшчэ жывы... Падымаў сваю доўгую чорную з ласачкай морду з купіны і адплюшчваў балючыя вочы. Яны рэзаліся ад пяску, пылу, дыму, смуроду і былі мокрыя ад гарачых слёз. Ён цёр тады іх сагнутай крывой правай лапай - зраслася абы-як пасля того, як ён сунуў яе ля магазіна пад машыну; калі апускаў лапу - уваччу было жоўта ад адуванчыкаў. Яны раслі, старчма і абвісшы, на купіне, на сцежцы, воддаль на лагу, усыпалі поле, як скінуць балючымі вачыма, перабягалі за шэры асфальт і знікалі пад самым лесам ля Вялікай Пелі - балотца. Ад іх уся зямля, увесь Бабчын і нават зацягнутае густой тумановай завалаччу сіняе неба акрывавілася нейкай праціўнай успененай чырвонай жаўцізной... Здавалася, што ўвесь свет жоўты... Каб хоць сонца ўгары не было жоўтае. А то і яно крывава-жоўтае і, падняўшыся над лесам і над дарогай, круціцца і круціцца, як вялікае сабачча вока... Ад яго пачынае круціцца зямля падыспадам з полем, Бабчынам, шэрай шашой, далёкім лесам, - каб і хацеў, дык не ўдзержыш яе пад сабой сваімі пакалечанымі кволымі сабачымі нагамі. Як ні чапляйся...

І тады зноў падступае блага... Так тузае, што, здаецца, галаву сарве з карка і адкіне за жоўтую купіну...

Блажыць пачало тыдні два назад, калі з начы выпаў сіні іней. Джукі тады сарваўся з прывязі - адцяў два кружочкі ад ланцуга, яны і цяпер, калі ён бяжыць, бывае, звіняць на ашыйніку на грудзях, там, дзе спірае кашаль. Ён бег у тую раніцу вуліцай, а над ёй вісеў густы нейкімі жоўта-бурымі клубамі - ад ранішняга сонца, ці што? - туман. Ні хат, ні платоў не было відаць. Вуліцу ён чуў толькі носам - пахла пылам і палыном, што рос ля платоў і частаколаў. Туман быў цёплы, як пара, і пах нейкай праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам, гнілой ворванню, ад якой выварочвала нутро, і... ёдам. Джукі бег за вёску, шукаючы ў рудым тумане хоць які ўзмежак з прытаптанай вільготнай дзяцельніцай, куды можна было б уткнуць нос. Спачатку ён дыхаў палыном. Пасля і палын пачаў смярдзець, бензінам, гнілой ворванню і ёдам... Ні ля калгаснай студні, ні на ўзмежках, ні на дзядзінцы ля фермы не было ратунку...

Выбегшы за вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней - насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам, але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць - вырвала на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў курыным карыце, і пагнала зялёную пену... Ужо нічога не давала рады: ні палын на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён жвакаў у роце зубамі, - адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў нос... Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца - расла, сцелячыся сваім шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як лёд, і на ёй вісела раса.

На другі дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага мінала.

І Джукі, пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў ніжыперніцу...

 

2

 

Пасля ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні, грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і задзіраючы морду, назад у Бабчын - на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй, што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла сама маладая гаспадыня - гальніком, дзержачы на руцэ малое.

На двары было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было, грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё - не выключылі.

Джукі, прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай плямкай на носе і доўгі чырвоны язык - выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл, пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі пасля благі - ад зялёнай пены.

Джукі глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны, чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі, пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа, асцярожна, далікатна - і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць, ніколі не закрывалася, - і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў.

Джукі лёгка клаў маладому гаспадару лапы на плечы - быў у свае няпоўныя два гады рослы - на высокіх лапах; доўгі - калі клаўся пад дзверы, займаў увесь ганак; з доўгім хвастом - хвост чорным цяжкім выцягнутым сярпом цягнуўся за ім аж па зямлі. Сам Джукі быў, відаць, беспародны, аблавухі дварняк, толькі, што ні кажы, - разумны і, ў дадатак да ўсяго, чорны, як бог ведае ў што афарбаваны, і бліскучы, аж палыскаўся. Малога яго звалі Бімам, пасля, калі падрос і ўжо ганяў курэй, сталі зваць Жукам. А летась увосень на цэлы месяц прыехаў дамоў іхні сусед - таксіст з Кіева. Высокі, вышэй маладога гаспадара, ценкі, цяней за гаспадара, з доўгімі, аж на плечы, кучаравымі чорнымі валасамі, даўжэйшымі, чымся ў маладога гаспадара, з чорнымі вусамі, большымі, чым у гаспадара, хадзіў ён заўсёды ў белых штанах, чырвонай рубашцы, пад чорным, як у яго, Джукі, хвост, доўгім гальштукам і ў чорных, такіх бліскучых туфлях, што на іх не было як глядзець - слеплі сабачыя вочы. Ён зваў яго не Жук, а Джукі - на загранічны манер. І перахрысціў сваёй лёгкай рукой. Адразу...

За акном усё яшчэ звінела радыё і муха - білася ў шкло. Гаспадар не выйшаў ні з хаты, ні з хлява. Джукі тады скочыў у сад - у кут да студні. У два скачкі, з ганка цераз частакол... Закалыхалася толькі ўгары голле ад яблыні і пасыпаўся на сцежку пад лапы позні белы цвет... Д'жукі не бачыў яшчэ, каб так цвіў сад - быў увесь белы ад цвету, як ад пены, зрабіўся нейкі празрысты, нібы шкляны, і цягнуўся ўгару - здавалася, за гэтыя дні ён пачаў шугаць у неба адным белым цветам. І трава ў садзе так буяла, што ў ёй хавалася дзежачка з вадой, якая стаяла пад яблыняй...

У садзе было ціха - каб дзе муха зазвінела. Джукі, не знайшоўшы ў садзе гаспадара, бег ад студні белай ад цвету сцежкай на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых пчол... Яму яшчэ здалося, што ў хаце заплакалі малыя гаспадаровы дзеці. Ён спыніўся ля ганка і задзёр угару галаву - у сінім небе над вёскай нылі самалёты, цягнучы за сабой белыя, як цвет на яблыні, пеністыя дарожкі - іх было аж чатыры, - і за сцяной у хаце звінела радыё...

І Джукі, як і ўчора, не знайшоўшы дома маладога гаспадара, выбег на вуліцу і пусціўся ў канец вёскі да школы, дзе ён бачыў свайго гаспадара апошні раз. Выбегшы на вуліцу, ён быў яшчэ спыніўся - хацеў павярнуць на шашу, каб пабегчы ў лес да свінакомплекса, дзе ўсягды дзень і ноч прападалі яго малады гаспадар і маладая гаспадыня і дзе ў дзесяці доўгіх і высокіх мураваных будынках было гэтулькі свіней, што калі б давялося забрахаць на кожную адзін толькі раз, не хапіла б сабачага жыцця... Але ён ужо бегаў туды ўчора. Маладога гаспадара там не было. Адно галодныя свінні вірашчалі так, што здавалася, поўсць стане дыба...

І Джукі пабег у канец Бабчына пад Стралічава.

 

3

 

Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе - мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй - у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы - у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей - у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе - прыедзе...

У грумадзе ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры - ну і што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія, крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў рад вялікія чырвоныя аўтобусы...

Джукі адразу сунуўся ў грумаду - пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах гаспадара - пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага рэзкага - так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках; малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле. Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў, красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак... Ён круціўся ўзад-уперад, задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён закульгаў... Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы - усё пахне сёння гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху.

Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў - такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым - над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам... Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках...

Над вёскай павіслі гарачае сонца - паліла з засмужанага жоўтага неба - і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя автобусы - садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам - аж зрывала нос.

У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны.

Астатняя грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі пясок, села ў крытыя брызентам машыны.

Ля школы асталося некалькі чалавек з вёскі - пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара...

Тады яго зноў зблажыла...

 

4

 

Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі - самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна - уставала на хібе поўсць...

У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі.

Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак.

Яны сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі. На беразе стаяў чырвоны трактар - пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя цэлафанавай плёнкай, душы - адзін і воддаль яго - другі. За плёнкай відаць былі цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў - аднаго і другога - выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна; знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары - з Украіны. Ля душаў, ля трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах...

Атакавалі яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве, кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе.

Джукі іх усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі - чакалі.

Самая першая ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая - і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай, як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У Брынзы быў гадаванец - Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам.

Воддаль Брынзы, павярнуўшыся да яе галавой, кашляў Руды. Дварняк з выбітым вокам. Невядома чый. Аціраўся каля ўсіх свіных карыт у Бабчыне і ў дадатак еў курыныя яйкі ў гнёздах.

За Рудым ніяк не мог улежаць - усё торгаўся і круціў па баках галавой - Палкоўнік, высокі, калі стане на ногі, рыжы, стройны ганчак-мяшанец. Жыў цераз вуліцу ад старой сучкі Брынзы. Гаспадар яго, прыйшоўшы некалі без нагі з вайны, крычаў, напіўшыся: я - палкоўнік! Гаспадар так і стаў у вёсцы Палкоўнікам, а цяпер і ягоны сабака. Палкоўнік-сабака быў усягды дагледжаны, накормлены. Меў раскошную новую, пафарбаваную ў чырвоны колер, як страха на хляве, будку і кожны раз кідаўся з яе на Джукі і хапаў адразу за горла, калі той забягаў на двор.

За Палкоўнікам ляжалі ўпобачкі Пушок і Чапа - Чапкоўскі. Пушок - маленькі, рыжанькі, кудлаценькі. Хатні. Жыў пасярод вёскі ў маленькай хаце адзінокай гаспадыні. Чапа - Чапкоўскі - быў чорны, прыземісты, даўгавухі - вушы аж па зямлі. Ніколі не задзіраў галавы, любіў дзяцей, бегаў за імі па вёсцы, і яны цягалі яго за вушы. Гаспадара яго Джукі не ведаў.

За імі, ускочыўшы раптам з зямлі, пачалі нюхаць адзін аднаго два Бімы - Вялікі Бім і Малы Бім. Абодва чорныя, у белыя плямы. Равеснікі Джукі. З новага пасёлка над Стралічавам. Жылі яны на размалёваных верандах, будак у іх не было.

Скочыўшы наперад, падбеглі і ляглі бліжэй за ўсіх да яго, Джукі, Вермут - карычневы, як спелы каштан, падобны на аўчарку шыракагруды здаравяк, і сучка Вілія - такая ж карычневая аўчарка - дзесятая вада на кісялі. Гэтыя жылі ў канцы вёскі ля школы. Ні будак у іх не было, ні жыцця добрага. Прывёз іх некалі абаіх са Стралічава п'яніца-трактарыст смаркатымі шчанятамі і кінуў на вуліцы... Яны і цяпер ляжалі ўсягды на вуліцы на пяску ўпобачкі, перахлябістыя, галодныя, і куры клявалі ім хвасты.

Далей кратаўся ў траве, як усё роўна рыў сабе яму, чорненькі маленькі Маркіз з белай манішкай на грудзях і стаячымі вушкамі. Гэтага Джукі добра не ведаў - прывезла яго фельчарка з Гомеля і рэдка выпускала з хаты.

Была тут і сучка Малекула, бурая, падгалая. Жыла ў настаўніка ля самай школы ў хітрай будцы з шыфернай стрэшкай. Лавіла курэй.

Апошнім у гэтай сабачай гайні, якая часта збіралася вечарамі ў Бабчыне на лагу, ля школы, на ферме, а то і аж на шашы пад свінакомплексам і рэдка разыходзілася з мірам жывая і здаровая, быў Мірон - чорная няўдалая барзяціна. Жыў Мірон на двары ў старшыні калгаса. Сядзеў усягды ці на ланцугу ля будкі, ці ў легкавой машыне з гаспадаром.

Ён першы і кінуўся на яго, Джукі, падскочыўшы з зямлі, як мячык... І ў гэту кароценькую долю імгнення, пакуль Мірон вісеў угары, Джукі згледзеў, што той аблез... Быў увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая чорная кудлатая поўсць у яго асталася толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва... Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі ў тэлевізары, калі гаспадар быў добры і пускаў яго вечарам у хату... Ён спопаразку затрымаўся на міг на месцы - а так бы ён скочыў убок! - тут яго і збіў з ног Мірон, пакаціўшы па траве... Коцячыся ўніз з беражніцы, Джукі згледзеў яшчэ, як усе яны, пачынаючы ад жоўтай Брынзы і канчаючы прагавітай Малекулай з Бімамі, Чапамі і Маркізамі - няшчаснай малечай, калі схапіць якую - на адзін зуб з кішкамі ў прыдачу - распласталіся ўгары ў шалёным скачку. І зноў Джукі разанула па вачах - усе яны аблезлі: і Брынза, і Малекула, і два Бімы... Хто знізу з жывата, хто зверху са спіны. Жоўтая Брынза была ўся голая...

Яго збіў з ног Мірон, Мірон яго і выратаваў. У той міг, калі жоўта-гола-шэрая беспародная гайня, сплёўшыся яшчэ ўгары над ім у раз'юшаны разяўлены клубок, сапучы гарачынёй, яхкаючы і рычачы, упала на яго зверху - яна лучыла на спіну Мірону, які ў гэты час прыціснуў яго, Джукі, перакуленага дагары, да зямлі і намагаўся сцяць зубамі за горла. Мірон заекатаў на ўвесь свой пярхаты, ахрыплы голас; пад ім распаўзліся ногі, і ён прыціснуў сабой - з усёй гайнёй, якую не ўтрымаў на спіне - Джукі да зямлі... Джукі пачуў, як у яго палезлі з вачніц вочы... Пасля гаты калючы, гарачы, раз'юшаны аблезлы клубок падхапіў яго вострымі кіпцюрамі з зямлі і, здзёршы ашыйнік, пакаціў па беражніцы, парытай кратамі, па ліпкай траве, запырсканай пенай, слінай, сікамі і кроўю. Ён чуў, як яго рвалі зубамі за спіну, за бакі, за хвост... і сам выпусціў кіпцюры і запусціў зубы, чуючы ў роце пясок, поўсць, якая была асталася яшчэ на баках аблінялай зграі, і салёную кроў, ад якой ён звярэў... Але іх, аблезлых, было многа... А ён быў адзін... І яны кацілі яго берагам да чырвонага трактара, пасля людзям пад ногі на мокрую траву і мыльную пену. Кацілі і рвалі зубамі... Калі яго выкацілі на чыстую беражніцу на чорны торф і сівы пясок, ён пачуў, што задыхнецца ад пылу, не вытрывае... Хапіў кашаль, і падступіла блага... Як кожную раніцу... Злавіўшы момант, калі яго зноў распласталі на спіне, ён сабраў у абкусаныя лапы ўсю сваю сабачую сілу, спружыўся, адштурхнуў ад сябе гарачы, запылены зубаты клубок і... астаўся ляжаць на зямлі... на спіне... Гарачы, раз'юшаны клыкасты клубок у гарачцы забыўся на яго і пакаціўся, гыркаючы, форскаючы і якочучы, сівым пясчаным логам, падымаючы з зямлі пыл, поўсць, камякі торфу, траву і жоўтыя адуванчыкі...

Джукі ляжаў на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым ветрам гнала на шашу пад Стралічава...

Блізка недзе ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі.

Яны і падышлі да яго, пачакаўшы - двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі...

Ён не даўся, каб яго пагладзілі па галаве.

 

5

 

Ён начаваў гэту ноч на ганку пад дзвярыма. Расцягнуўся на дашчатай пафарбаванай падложцы, паклаў галаву на лапы і глядзеў усю ноч на вуліцу праз расчыненыя вароты. Усю ноч было ціха ў вёсцы, як у яме; толькі звечара далёка на шашы, пад свінакомплекс, ціхенька шумелі машыны, лыпаючы падслепаватымі фарамі, позна ныла за акном у хаце радыё, падалі пасля спалоханы голас куры ля хлева, як усё роўна іх узагнала памаўзлівая Малекула, і ўсё сціхла, як вымерла. Толькі капала ў студню аднекуль зверху вада - ці не з дзіравага вядра на ланцугу - манатонна, раз за разам і не давала звесці вочы. Джукі так і не заснуў да самай раніцы - на жываце і на задніх лапах балела скура, востра, як пасыпаная прысакам. Калі ён кратаўся, чуў, што пад ім мокра і ліпка - з жывата, з раны, цякла сукравіца.

Усю ноч ён глядзеў на вуліцу і ўсю ноч думаў: чаму на яго напалі сабакі? Перш яны на яго так не нападалі: баяліся. Гыркалі, рвалі, бывала, у зборышчы за бакі, гыркаў, рваў і ён таго, хто лез яму на ражон ці пах такой паскуднай гнілой псінай, што лепш бы яму, такому, здыхаць у будцы, а не лезці нюхацца, разявіўшы паскудны рот...

Можа, напалі за тое, што завыў па-воўчы днём на гары пад Стралічавам, навёўшы жуду на сабачыя вушы? Сабакі выюць рэдка, можа, толькі чуючы смерць, і не любяць гэтага.

Пасля недзе ў яго напятым сабачым розуме мільганула здагадка, у якую ён і сам не хацеў верыць: напалі за тое, што ён не аблез... Яны аблезлі, а ён не. У яго толькі высыпалася поўсць з маленькай белай ласачкі на носе. Ёй не ведаў, што гэта была за бяда, але яна яго мінула, а іх не. А што бяда прыйшла, ён гэта чуў; не ведаў, не разумеў сваім сабачым розумам, якая яна, гэта бяда, але чуў - хацелася выць. Ляжаў усю ноч галавой да расхрыстаных варот на пустую вуліцу, а яму хацелася выць - хоць здохні. Ён пробаваў выць ноччу, але ад натугі балеў паранены жывот і густа цякла на ганак сукравіца.

Звёў вочы ён пад раніцу, у час, калі ўсё жывое млее і пускае па губах салодкую сліну, і адразу прачнуўся ад грукату. Спаць яму не далі.

Яшчэ не падымаючы галавы з лап, ён добра ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі сюды, у вёску, машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі бліскучымі гусеніцамі, як трактары. Узышло сонца за свінакомплексам і сцябала па бліскучых гусеніцах крывавым золатам. За нізенькімі машынамі ішлі высокія, дзюбатыя, як буслы, за імі парожнія кузаўныя; іх, здавалася, падпіхалі чырвоныя трактары, сунучы па зямлі перад сабой вялізныя металічныя белыя лемяхі. Джукі ўздрыгнуў, пачуўшы нешта нядобрае. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. З логу з ветрам прынесла гар - зноў падвярнула пад грудзі блага, як і кожную раніцу. Але на лог у ніжыперніцу не пабяжыш: там зялёныя машыны...

Пачакаўшы, Джукі ўбачыў, што ў вёску яны не ідуць: з'ехаўшы з дарогі, пачалі ссоўваць у кучы зямлю, і на дарозе і на полі, падымаць яе каўшамі ўгару, насыпаць у кузавы і адвозіць у бок свінакомплекса. Над полем і над дарогай падняўся высока пыл, засланіўшы рудой пасцілкай сонца. Ад грукату ўздрыгваў пад нізам ганак. Ну і што? Джукі такое бачыў і чуў і вясной і ўвосень. І не раз.

Блага прайшла. Захацелася раптам есці. Учора цэлы дзень блажыла, вярнула ахапкам сліна, і ў роце не пабывала нават макавай расінкі. Джукі ведаў, дзе яда: учора вечарам, калі людзі ў белых шапачках, выгнаўшы з хлява кароў і свіней, завярнулі іх на выган, дзе цяпер равуць машыны, а адтуль з усёй вясковай стадай пагналі ў лес пад свінакомплекс, суседка выпусціла з іхняга хлева на двор курэй і насыпала ім у карыта варанай бульбы. Джукі падумаў, што ў вёсцы асталіся цяпер адны куры...

Падняўшыся на лапы - чуць адліпла ад ганка мокрая ад сукравіцы скура на жываце, - Джукі асцярожна пацягнуўся, пазяхнуў на ўвесь сабачы рот, не могучы пасля схаваць за зубамі абвіслы язык - патрэскаўся за ноч і з яго пасачылася кроў, - сышоў паціху з ганка і пакавыляў да студні, да дзежачкі з вадой, што стаяла пад яблыняй, - піць хацелася больш, чымся есці: у роце было суха і горача.

Вярнуўшыся ад студні, ён не ўтрымаўся, каб не высунуць галаву на вуліцу...

Яму адразу заклала вушы...

Ён ляжаў дагэтуль на ганку, за дзвюма сценамі, і яму здавалася, што грукатала толькі на лагу ад шашы...

Свайго канца вёскі ён не пазнаў...

Вуліца была заслана пылам. Такія ж самыя дзюбатыя, як буслы, машыны ўзрывалі вуліцу, сілялі з яе пясок і сыпалі ў кузавы. Машыны, поўныя чорнага пяску, цяжка равучы, паўзлі гародамі пад сіні лес да свінакомплекса. І нідзе не было відаць людзей... Толькі з кабін высоўваліся чалавечыя галовы, бліскаючы замест вачэй шклом. Пад шклом у іх матляліся пажмаканыя трубкі, як кішкі...

Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу - падцяў толькі пад сябе паміж ног свой доўгі, паранены пасля ўчарашняга хвост. Цяпер ён добра бачыў, што зямлю бралі не толькі на вуліцы; забіралі яе і з гародаў. Секлі тапарамі яблыні - з іх сыпаўся на чорную ўзрытую зямлю белы цвет, як снег. Ламалі трактарамі платы і частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху. Стрэхі адразу накрывалі нечым белым...

Пахла глінай, торфам, гноем, палыном, падсмаленай шэрсцю і дымам... І сярод гэтага грукату і смуроду Джукі раптам выразна пачуў пах свайго гаспадара: рэзкі дух свінакомплекса і дзіцячых сікаў... Джукі не мог памыліцца: такі рэзкі дух ён ні з чым бы не зблытаў...

Ён рвануўся туды, адкуль ішоў дух - уздоўж разрытай вуліцы: гародамі ля знесеных платоў. Цягнучы носам пыл, ён прабег аж да магазіна. Ля магазіна было цішэй. Зямля з вуліцы тут была скапана, зеўрала толькі неглыбокая жоўтая лагчына, і ў яе адзін за адным зялёныя самазвалы ссыпалі шэры грудаваты пясок з дробным каменнем. Палівалі яго вадой і прыціскалі зверху цяжкім катком, як на дарозе пад свінакомплексам - Джукі такое ўжо бачыў.

Ён падбег да адной машыны, да другой. Густа запахла гаспадаром... Ён і да трэцяй падбег... Не мог злавіць толькі сваім сабачым розумам - чаму ўсе расступаюцца перад ім і даюць дарогу. Стаяць, апёршыся на рыдлёўкі, пазрывалі з твараў белыя павязкі...

Джукі хацеў падбегчы і да чацвёртай машыны: яе ён заўважыў толькі цяпер... Яна стаяла воддаль, ля самых дзвярэй магазіна. І тут Джукі раптам згубіў пах гаспадара і пацягнуў глыбока носам... Ён не згледзеў здалёку, што было ў кузаве чацвёртай машыны - самазвала, старога, зношанага, пагнутага, заляпанага белай вапнай, але сваім сабачым нюхам пачуў учарашні горкі і праціўны пах кіслай псіны - львінага клубка з логу... Ён тузануўся адразу назад, нібы яго рванулі за хвост, акруціўся ў адзін міг і ўбачыў, што стаіць адзін на чыстай шырокай пясчанай лапіне, а яго акружаюць з усіх бакоў людзі... Яны яго адумысла пускалі ад машыны да машыны, не праганялі - заманьвалі... Іх многа, і стаяць яны шчыльна - адзін ля аднаго. Ён чхаў на іхні зман, не ў такіх пераплётах бываў... Хоць і баліць рана на жываце, ён скочыць на таго, нізенькага, што стаіць з лапатай у руках і выціраецца ад поту. Нагамі ў грудзі - і лаві яго за хвост... Толькі яму раптам зрабілася горка-горка - дзе ж гаспадар?

Скочыць яму не даў стрэл - грымнуў якраз адтуль, куды ён хацеў сігануць - з-за недалугага чалавека з рыдлёўкай. Куля свіснула ля вуха і шлёпнулася пад ім, пад заднімі нагамі, узняўшы пыл. Стрэл быў ядраны, густы - з ружжа. Джукі чуў не раз такія стрэлы. Іх лавіла вуха і сёння раніцай. Лавіла і прапускала міма. Страляюць - хай страляюць... Джукі памыліўся... Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Летась па ім стралялі на шашы. Толькі ён шмыгнуў у бульбеўнік і лёг на зямлю. Пабегла шашой сучка Ванда, якая была з ім. Пачуўся стрэл, і яна, падскочыўшы, лягла і закруцілася на асфальце... Пасля заціхла, і яе драцяной пятлёй закінулі ў крыты металічны фургон...

Джукі ўсё адно б скочыў на таго недалугага з рыдлёўкай у руках, але ён раптам згледзеў міліцыянера: той, паявіўшыся ў недалугага з-за плячэй, ішоў проста на яго, наставіўшы ружжо. Джукі крутануўся да машын, што стаялі на дарозе - і там расставіў ногі міліцыянер з ружжом... Тады Джукі тузануўся да магазіна, дзе стаяў самазвал, ад якога несла кіслай псінай... Ля магазіна - вароты... Плот... Джукі ведаў тут усе падваротні...

Але і ля старога самазвала стаяў чалавек у клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі, з белай шапачкай на галаве і з ружжом у руках...

Джукі забегаў па пясчанай лапіне і закруціў хвастом. Пасля стаў рабіць вялікія кругі, шукаючы падваротні, куды можна было б шмыгнуць. Але падваротня ля магазіна была застаўлена скрынкамі. За старым самазвалам бялела доўгая магазінная сцяна з цэглы. Можна было рвануць толькі на вуліцу, але адтуль загарадзілі дарогу рабочыя і два міліцыянеры з ружжамі - вадзілі за ім доўгімі чорнымі стваламі. Ён не хацеў соваць нос пад ствалы. Не хацеў і бегчы: помніў, як пабегла летась сучка Ванда...

Ён кружыў узад-уперад, ціснучыся да людзей. Людзі пры людзях баяцца страляць сабак - баяцца параніць сябе.

Ён кружыў усё хутчэй і хутчэй, аж у вачах пайшлі кругі. Чорныя кругі, як дома дзверы ў будцы, тады кругі з беленькай тасьмы, якія, здавалася, лезуць яму на шыю і цягнуць у ваду на дно. Круг з беленькай тасьмы раптам сашмыкнуўся ў яго з галавы, і ён, маленькі яшчэ, толькі ўбачыў свет сваімі падслепаватымі вачамі, выплыў наверх, на ваду. Па вадзе ішлі кругі, і ён ніяк не мог тады вырвацца з іх, каб даплыць да берага ў мячэўнік...

Доўга кружыць ён цяпер не мог: упадзе ад знямогі на пясок і яго пасля стрэлу, узяўшы за ногі, ускінуць, як Ванду, у кузаў, адкуль пахне кіслай псінай...

Ён пачаў рабіць усё меншыя і меншыя кругі па пяску, ціснучыся да машыны пад магазін. Расчыненая кабіна з адвіслымі, заляпанымі вапнай дзверцамі пасоўвалася да яго ўсё бліжэй і бліжэй. Чуваць было ўжо, як з яе запахла мазутай і хлебам...

Вось грымне стрэл: міліцыянеры паднеслі да вачэй ружжы...

Джукі тады рвануўся ўперад, пакаціўшыся па пяску да самазвала, і... скочыў у кабіну... Пачуў пасля, як за ім грукнулі дзверцы, як стрэл з ружжа. Калі ён агледзеўся, убачыў, што ў кабіне ўжо сядзеў за рулём мужчына ў белай шапачцы і клятчатай рубашцы з закасанымі рукавамі і гаварыў - нешта добрае і лагоднае, як малады гаспадар.

Каб жа Джукі мог разумець, што ён гаворыць.

- Жыві, маць тваю так!.. - вылаяўся мужчына ў клятчатай рубашцы, выціраючыся ад поту. - Жыві, дарагі мой... Калі ты ўжо з такой крутаверці ад міліцыі вырваўся, то жыві - і... Тут ужо я сам не дам цябе застрэліць. Гэта ж падумаць... Ён да мяне ў кабіну. Ратавацца. І правільна зрабіў: жысь твая на валаску вісела. Правільна, брат, зрабіў... Жыві! Глянуў я на цябе, а ты з лапкі на лапку пераступаеш, вочы такія пакорлівыя, і такая ў іх туга, нібы гэта ты адзін вінаваты за ўсё тое, што мы натварылі. Нібы ты гэта сам нарабіў... Стаю, і рукі мае з ламачынай самі апусціліся. Не магу стрэліць, і ўсё... Аж пад грудзі падкаціла. Аж галаву маю павяло... Нагледзеўся я за дзень на вашага брата праз мушку... А ён што, ваш брат, вінаваты? Жыві, маць тваю барабан... Толькі ўбірайся з зоны к чортавай мацеры... Гэта табе я кажу. Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач, на маю Віцебшчыну... - Джукі чуў, што яны едуць па нечым няроўным: гайдала машыну. - Я, брат, з Віцебшчыны. Пасля вайны мяне, малога, сюды судзьбіна занесла. Ідзі, брат, на поўнач. Дабірайся. Там, гавораць, чыста, няма гэтай заразы. Я разумных цаню. А ты - не дурны-ы... Да мяне ў кабіну... Гэта ж падумаць... Жыві, брат, калі ўдалося выкруціцца... Тако-о-е звалілася на нашы галовы... Ніхто і не чакаў. Вецер, брат, падзьмуў на нас з табой з Чарнобыля. Далёка тут да яго. Узыдзі на гару за Стралічава... Відаць, як над ім вісіць, рудая хмара. А ты не дурны-ы... Гэта ж падумаць... У кабіну. Каб расказаць - дык не павераць. І ўмудрыўся - не аблез. Яны ўсе, - кіўнуў ён галавой на аконца ззаду ў кабіне, - аблезлі, а ты - не. А ты ведаеш, якую дозу яны хапянулі? Не ведаеш. А я ведаю. Павер. Усім ім - капцы б усё роўна... А колькі б яны гэтай заразы яшчэ разнеслі б. Ды схавай ты свой дурны язык. Высалапіў аж на падлогу... Трэба было б цябе праверыць. Хаця, калі ты не аблез дагэтуль... Можа, і выжывеш. Я, брат, і сам ратуюся, як і ты. Ёд п'ю, а ў дабавак і белую і шэрую. Адным словам, не жысь, а кабернэ... А хто скажа, чым усё кончыцца. Такія дозы... І скаціна і сабакі... зашкальваюць. А ваш брат рухавы, на адным месцы не сядзіць - разносіць усё гэта. Вось і спусцілі на вас загад. Усіх да аднаго ў зоне... Падчыстую. Але цябе я... Жыві, брат, можа, і выжывеш. Што не сядзіцца? Скрабешся на сядзенне? Залазь. Ды схавай ты свой сабачы язык, апух ён у цябе, ці што? Глядзець не магу... Жыві, можа, і выжывеш... Што? Не верыш, што я гавару? Паглядзі ў аконца. Там такія, брат, як ты-ы... Адвязу ў лес за свінакомплекс і... Як парасят. Пад агонь... Ці пад бетон... Ім ужо адзін хрэн. Такі, брат, загад...

Матор страляў, як з ружжа.

У кабіне пахла гарам, бензінам, бядой і, здавалася, маладым гаспадаром.

Мужчына ў клятчатай рубашцы загаварыў зноў, ласкава, як, бывала, малады гаспадар, прыйшоўшы дамоў пасля работы і адчыняючы шафку, але машыну пачало кідаць з боку на бок па рытвінах, і Джукі пачуў, як зноў падступае блага. Яго пачало тузаць, ён стаў на заднія лапы і паскрэбваў кіпцюрамі па шкле ў дзверцах, просячыся на волю. Шкло шчыльна загараджвала свет. Ён тады ўскочыў на сядзенне і высунуў, як толькі мог, галаву ў задняе аконца, дзе было выбіта шкло.

Каб хоць дыхнуць...

У кузаве ляжалі львы. Голыя, з доўгімі грывамі ля шыі. Ён іх добра бачыў.

Зверху былі ўчарашнія - ён пазнаў, - усе, хто качаўся на лагу ў дзікім клубку: Малекула, Палкоўнік, Брынза, два Бімы, Чапа, Руды, Вермут і Вілія... Воддаль іх, ля задняга борта, - Маркіз і Мірон...

Джукі тады споўз з сядзення і завыў на ўсю кабіну...

Мужчына ў клятчатай рубашцы змоўк і затармазіў. Пасля перагнуўся і адчыніў ля яго, Джукі, дзверцы:

- Убірайся з вачэй к чортавай мацеры... Ідзі! Можа, і выжывеш. Не хачу на цябе глядзець, воўча лыка. Ідзі! І схавай свой дурацкі язык...

Джукі скочыў на асфальт.

Стары самазвал рвануў з месца і стаў падымацца шашой на гару.

У кузаве ляжалі львы.

 

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая