epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Пташнікаў

Сцяпан Жыхар са Сцешыц

1
2
3
4
5
6
7


1

 

Чалавек заўсёды смялейшы на тых сцежках, якія ён шмат таптаў...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

2

 

Тут паварочваў трамвай, тут канчаўся і горад. Ад павароту Пецю Гурбану трэба было прайсці яшчэ шашой, каб падняцца на пагорак, дзе пачынаўся стары Лагойскі тракт. З пагорка добра быў відаць горад - паўночная ўскраіна, - з бурымі, як дзёгаць, дымамі над комінамі, з белымі і жоўтымі клеткамі невысокіх дамоў у новым раёне; з пераплеценымі, што павуціна, радыёмачтамі над чырвонымі цаглянымі домікамі, што стаялі недалёка ад дарогі.

Сонца, схіліўшыся на захад, пякло яшчэ і плавіла асфальт - ён, здавалася, аж пырскаў з-пад машын. Пахла яловай смалой, і дзёрла ў горле. Заліваў пот, хацелася піць.

На пагорку, адышоўшыся ад дарогі і саставіўшы клункі ля тэлефоннага слупа, галасавалі «пасажыры» - усе разам: жанчыны з вёскі, пассоўваўшы хусткі з галоў на плечы; няголены інвалід - з палачкай у руцэ і на мыліцы - быў ён у клятчастай новай жоўтай сарочцы, усё выціраў рукавом твар; маладая, таўставатая дзяўчына ў шырокай чорнай спадніцы і з касой на малінавай кофтачцы. Пасля Пеця Гурбан падумаў, што яна, мусіць, маці, бо ўсё падыходзіла да слупа і, закідваючы за плечы тоўстую касу, якая спадала ёй на грудзі, кратала дзіцячую новую калясачку - недзе купіла і везла дамоў. Воддаль ад іх, падаставаўшы насавыя хустачкі, махалі адна перад адной дзве дзяўчынкі з рамеснага, у чорных картовых сукенках з белымі каўнерыкамі, ля ног у іх стаялі два маленькія чамаданчыкі.

Гэта былі людзі, якія не хацелі ехаць некуды на вакзал, таўчыся там ля касы ды чакаць аўтобуса, - яны падаліся, спадзеючыся на спадарожныя машыны і на «добрых» шафёраў, якія на колькі там ужо, а на дзесяць капеек, лаячыся, саступяць. Было тут некалькі «кабецін на Маладэчына», тыя, што з «ванзэлкамі», з імі галасаваў і інвалід; былі і «на Бегамля» - гэтыя з «хатулькамі» і «шклуначкамі», - да іх далучыліся і дзяўчаткі з рамеснага.

Пеця Гурбан доўга стаяў воддаль, старонячыся кампаніі, пасля да яго, адлучыўшыся ад «цётак на Бегамля», падышлі дзяўчаткі з рамеснага, пазіралі коса спадылба, але не зачапілі, - і ён маўчаў.

«Дзе воз мудрасці, там і тры дурасці. Трэба было ісці на вакзал...»

Ён падышоў бліжэй да тэлефоннага слупа. Ля клункаў на зямлі ў ямцы на выгаралай рудой траве валялася рваная камера ад зісаўскага кола, прысыпаная жарствой і прыціснутая кавалкам белай цэглы; былі рассыпаны запалкі; папрыліпалі да пяску акуркі і пачкі ад папярос. Усюды былі сляды ад гумовых ботаў, - відаць, тапталіся тут усю вясну і лета людзі з вёскі.

Смажыла, хацелася курыць, але не было чаго.

Ужо даўно падабрала новенькая машына-будка «кабецін ва Маладэчына» і тоўстую жанчыну з каляскай; сеў у кабіну «аж да хаты» няголены інвалід; «бегамскія» цёткі ўкуліліся ў кузаў да маладзенькага лысага шафёра і закапаліся ў мяшках, як мышы, - шафёр страшыў інспекцыяй, - а на Сцешыцы ці хоць бы ў той бок машыны не ішлі.

Пеця Гурбан застаўся адзін ля слупа: ад яго пасля адышліся і дзяўчаткі - селі пад дашчаты частакол у цень.

Было горача і сумна. У горадзе гулі машыны, на кальцы званілі трамваі, і Гурбан, павярнуўшыся ад сонца, прыпёрся плячыма да слупа.

Стаяў ён, мусіць, доўга, бо пачалі балець ногі. Не згледзеў, як з'ехала з шашы машына, пачуў толькі, як скрыгатнулі, як хто зубамі, ззаду за ім тармазы і бразнулі аб кузаў дзверцы. Ускочылі з-пад частаколу, што спалоханыя, дзяўчаткі.

- А-а-а... Пятух... Здароў. А што гэта за канарэйкі з табой? Твае? Не? Ну здароў. А я не пазнаў. Пацісні маю руку... Куды? Дамоў? А ў кішэні - вецер? Знаю, раз выйшаў на дарогу. Студзент. Нічога. Гора тваё не гора - а толькі пілюля. Глытаў сам, знаю. Марш у кабіну, а канарэек садзі ў кузаў, і з іх не вазьму, толькі хай прыкарэюць там, як камар да карыны. Ды ім, відаць, не прывыкаць. А бабак няма? Былі? Гм-дэ... Сплылі далары...

Што гэта Сцяпан Жыхар, Пеця пазнаў толькі тады, калі той, падняўшы сядзенне, вылез з кабіны і стаяў, - адна нага долках, другая на падножцы, - закрываючы сваімі метровымі плячыма ў чорнай сарочцы ўсю кабіну. Вочы яго глядзелі ўніз, недзе пад ногі, пасма русых валасоў змокла ад поту і прыліпла да лба, - падстрыжаны ён быў высока, і адтаго адтапырваліся чырвоныя, што з бурака, вушы і рабіўся доўгі, як гладыш, буры ад загару твар. Тонкі доўгі нос у яго хадзіў ходырам, - чалавек, разамлелы і распараны ў кабіне, дыхаў цяпер, што рыба на пяску.

...Стары ЗІС-5, відаць, быў пасля капіталкі, бо на ім стаяла новая драўляная кабіна і на пярэднім шкле быў падняты новы «дворнік». Матор гудзеў гусценька і роўна, пастукваў, як хто дзе палкай па частаколе, тады Сцяпан кратаў сваімі вялікімі нагамі ў новых жоўтых паўбацінках, клаў на рычаг руку, як сасновую лапату, на якой носяць у печ буханкі хлеба: мяняў хуткасць.

У кабіну дыхала цёплым ветрам, здавалася, што сядзіш на парозе ў натопленай лазні; свяціла ў вочы сонца, і Сцяпан моршчыўся, лаячыся.

Пеця Гурбан глядзеў на абочыну дарогі, дзе за канавай стаялі маладыя, пажаўцелыя ўжо ў сярэдзіне лета ясені, тырчалі састаўленыя стрэшкамі шэрыя шчыты, якія расстаўляюць зімой ад снегу; далей, дзе на павароце беглі насустрач белыя слупы, скошаную лагчыну ўсыпалі вароны: раскрывалі раты, нагіналіся, каркалі, але іх не было чуваць. Далёка ў полі стаялі брухатыя самалёты - тут быў аэрадром.

- Дык што, Пятух, не хвалішся, - Пеця Гурбан успомніў, што так яго дражнілі пасля вайны ў вёсцы, даўно тое было, - што не хвалішся, кажу. У інжынеры не вылез яшчэ? Доўга ты нешта вучышся. А ў салдаты цябе не заграбуць? - Сцяпан Жыхар глядзеў пяпер толькі на яго. Здавалася, ён зусім забыўся, што сядзіць у кабіне, і вось-вось выпусціць з рук руль.

- Возьмуць, а што?

- А як вучоба? Не выгадна ж. Забудзешся.

- Вярнуся і кончу. Я ўжо на трэцім курсе.

- А на каго выйдзеш? Думаеш, я ўсё помню.

- Тэхнікам-ліцейшчыкам. На практыцы быў і астаўся на ўсё лета на работу. У мяне майстар добры. Дамоў еду да цёткі. Першы раз за ўсё лета...

- Н-тэк... Бацька з маткай прадалі хату і на цаліну з калгаса драпнулі. Думаеш, не вернуцца? Вернуцца. Дамоў, яно, цягне... Будзеш яшчэ на старасці іх карміць, не выкруцішся. Панкі, чуў, скора вернуцца, натуральна. Хату гэтыя нябось не загналі. Забілі вокны і дзверы, стаіць вунь, гніе будыніна, але ў запасе ёсць, нічога не скажаш. Панкі за жызню ўмеюць трымацца. Абедзвюма рукамі яны... Манька Панкова дык і дудку і вяршнікі з сабой павезла. Х-хе... Самагонку на цаліну гнаць паехала. Рабіць дык яна, ведаю, як рабіла. Гультай. Злодзі. А дом, ён цягне. У мяне там цяпер толькі мачыха. А вось, як падвярнулася машына на базе, - выпрасіў на нядзелю. Парожны не прыеду. Ты ж ведаеш, раней там і ў мяне цётка жыла, а цяпер і яе ў горад пацягнула. Але пакуль на работу не стане, я ёй не дам прадаваць хаты. Без работы - няма і кватэры, я-то знаю. А прадаваць сваю яна масціцца. Ды ну іх к чортавай мацеры... З бабамі ваяваць... - Сцяпан Жыхар паволі кратаў языком, як і нагамі, і яго нудна было слухаць.

- Яно і так можна, і так можна... - толькі і адказаў Пеця Гурбан.

Маўчалі. Азіраліся праз акенца ў кузаў на дзяўчатак. Тыя сядзелі на каленечках упобачкі ля барта, склалі галоўкі, як птушкі ў гняздзе, і глядзелі ўперад на дарогу. Вецер растрасаў і блэціў іхнія кароткія валасы. Дзяўчаткі жмурыліся і ўсміхаліся адна адной.

- А ты, Пятух, не прападзеш. Дзе б ні быў: у арміі ці за арміяй. Цяпер яно, брат, проста. Дзяржава, яна, брат, што квактуха. Глядзіць вас, курчатак. Кожнае курчо пад сваё крыло. А там ты ўжо і металург. У нашых Сцешыцах такіх яшчэ не было. Металург. Пралетарый... Рэвалюцыя... Вучыў. А там і Дзень металурга святкаваць будзеш. Ёсць такое свята, у календары відзіў. А вось ты мне скажы, а чаму няма Дня шафёра? Што, шафёраў менш, ці што?

- Шафёры часта п'юць. Самі сабе свята робяць.

- Іш ты!

Сцяпан раптам змяніўся - не ўсміхаўся, супакоіўся, глядзеў на дарогу, налягаў на газ, пасля закратаў сваімі шырокімі, на ўсю кабіну, плячыма:

- Я шафёр яшчэ той. - Пеця Гурбан успомніў, калі Сцяпан прыязджаў дамоў з арміі і гаварыў: «Я салдат яшчэ той». - У салдатах злажыўся і правы цяпер маю. Думаю на базе з пад'ёмнага крана за руль сесці. І табе трэба ў салдатах пабыць. Занадта ты ціхі. Там, брат, разварушаць і язык падвесяць. - Сцяпан пляваў на пальцы і выціраў паўбацінак: пацелі ногі і на паўбацінку выступалі белыя плямы. Рабіў ён гэта часта, відаць, прывык. - Але пра сябе трэба, брат, і самому падумаць. Бог, пакуль Адама стварыць, адпусціў сабе бараду. І ты дзеля таго вучыцца падаўся, і я еду, брат, у вёску, хоць там мяне, можа, ніхто і не чакае.

Мільгалі слупы на абочынах з дарожнымі знакамі, пачынаўся лес, і ў вочы кінуліся падвешаныя на павароце між дзвюх сосен вялікія квадратныя літары, якія былі збіты з аскобленых сасновых палак. «Лес - наше богатство» - можна было прачытаць зблізку. Насустрач пранесліся два матацыклы з каляскамі, адзін за адным; чырвоненькі трактар цягнуў два прычэпы з зялёным сенам.

Блізка быў вечар, сонца стала густое і мяккае, пачырванела на захадзе чыстае неба.

Пеця Гурбан не чуў, як стукае і гудзе матор, як распінаецца, балбочучы, Сцяпан Жыхар, як смяюцца ў кузаве дзяўчаты. Ён будзе скора дома, дзе вось гэтак, як цяпер, сонца заходзіць спачатку за горку ў канцы вёскі, і яшчэ доўга не цямнее, цягнецца вечар. У такі час ціха на дварэ, і, павячэраўшы, высыпаюць на лаўкі і прызбы ўсе ў Сцешыцах - гамоняць на ўсю вёску, забыўшыся, што сцямнела і што заўтра трэба рана ўставаць, да дня яшчэ, каб падаіць і выгнаць кароў на адранак. Звіняць вечарам над вухам камары, лезуць плоймай у вочы, аблепліваюць ногі, і тады ломіш у гародчыку адцвілы бэз, каб бараніцца... Гудзяць жукі, крычаць на балоце за ракой узагнаныя пад вечар пастухамі кнігаўкі, ды далёка за лесам на полі ціха ракоча трактар. Пасля змаўкае і ён. Тады чуваць у тым канцы вёскі дзявочая песня. Яна спачатку ціхая, нясмелая, бо на вуліцы шмат яшчэ старых мужчын. Але хай яны разыдуцца ў пуні спаць на сена, тады песня паплыве над вёскай далёка-далёка за лясы... Пасля сціхае кнігаўка, узыходзіць з-за лесу поўны месяц, белы, як снег; паўзе ў вёску з-за рэчкі з выгану туман, хаваючы ад вачэй платы і гароды; у небе, як ва ўчарашнім прыску на вогнішчы, пырскаюць зоркі... І тады не чуеш, як мерзнуць ад зямлі босыя ногі...

Машыну было кінула ўбок, нешта стукнула ў кузаў, зазвінела; заківаўся руль у руках у Сцяпана, справа мігнулася грузавая машына, - і зноў яны былі адны на шашы. Пеця Гурбан помніў толькі, што ў машыны былі адкінуты дзверцы і шафёр у майцы, стоячы на падножцы, калупаўся пад капотам. Сцяпан не згледзеў добра, ці што; зачапіў бортам дзверцы, і яны ўдарылі па шафёру.

- Эх... тваю... чорт!.. Глядзі, Пятух, ці будуць даганяць. Праваронілі... А той... зад падставіў. З'ехаць паляніўся... Я мог бы і пацалаваць. Але ж мой ЗІС пасля капіталкі. Такія штучкі ў капейку... Не гоняцца? Хаця, чаго... Сам разява. А дзевачкі што прыціхлі?.. Сцюцюрыліся, як канарэйкі. Дзеці яшчэ, а тут шыбіна дзынкнула. Магло быць і горш. Відаць, руль, яно, трэба кожны дзень у руках трымаць, тады, можа, імпэт і нажывеш. А так... апомнішся па часе. Сваю машыну і лепш глядзеў бы... Сваё, яно, Пятух, беражэш. Мой напарнік, Жэнька з базы... На тым тыдні палучыў кватэру. Засяляўся. Шафу вёз, столікі, зэдлікі і ўсякія там «цэтлікі». Па бруку трэба было яму з кіламетр прапхнуцца... Памагаў я. Сяджу ў кабіне і гляджу, што гэта з чалавекам робіцца. Ён ледзь ківаецца. Нагу з тормаза не спускае, упіўся рукамі ў руль, плячмі ўпёрся ў сядзенне, расчырванеўся, што ля агню, аж пот з яго вядром. Гэта ж, каб менш машына дрыжала. Чалавек сваё вёз. Яно-то сваё ёсць сваё, але каб так напіцца, не... Паглядзі, не гоніцца? Не? Ну і чорт з ім.

Уязджалі ў мястэчка. У кабіну пастукалі. Сцяпан з'ехаў з дарогі і затармазіў.

- А вы гэта куды, канарэйкі? Не з маім Петухом?

- Мы ў Жардзяжжа. А Петуха вашага не знаем.

- Не знаеце? Усё адно не вазьму з вас. Не бразгайце там сваімі гузічкамі. Цукерак купіце.

- Спасіба, дзядзечка. Давайце пацалуем вас...

- Гм... Канарэйкі. Ты відзіў. Пасмялелі ля дому... Мог бы кінуць вам Петуха, нацалаваліся б, але ён мне самому патрэбен.

Дзяўчаткі зарагаталі і, размахваючы чамаданчыкамі, пераскочылі цераз канаву на жоўты пясок - на дарожку.

Зайшло сонца. Пахаладнела. У мястэчку на ўсю вуліцу крычала радыё.

Да Сцешыц было яшчэ далёка.

- Ацямнеем, Пятух. А на грэблі недзе блішчыць, добра ведаю. Дажджы ішлі. Ну, стукні дзверцамі, а то тут такі асфальт пачнецца, што...

Праз паўгадзіны сцямнела, і яны ўключылі святло. Але дарога была ў густым тумане, і ехалі як вобмацкам.

 

3

 

Вечарынку спраўлялі ў Панковай хаце. У Панка была вялікая сям'я; вялікая - на дзве палавіны - і хата. Стаяла яна цяпер - з забітымі вокнамі - уся абвешаная з гародаў і ад вуліцы чырвонымі рабінамі. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Сёння ўсё тут было абложана і здратавана за адзін вечар. Частакол у гародчык быў паабрываны, і дзеці з усёй вёскі выерзалі дзве градкі, на якіх Панкова суседка, што жыла цераз вуліцу, пасеяла вясной агуркі. У Сцешыцах так: калі вечарынка - гароды не ўпільнуеш. Думай на каго хочаш, не злавіўшы, - была вечарынка, яна вінавата. Затое пасля цэлы дзень бабы клялі на вёсцы ўсіх дзяцей: і сваіх, і чужых.

На двары ля сеначак і ля студні парос канаторжнік, і на ім цяпер вісеў, як расцягнутыя аборы, доўгі агурочнік. Ён нават ляжаў на палене, якое прыціскала дошкі на невысокім новым зрубе на студні.

Дзверы ў сеначках былі скінуты з крукоў і ляжалі пад абламаным частаколам. На іх цяпер і ўселіся дзеці, баючыся патыкацца ў хату, - пры агні былі не надта смелыя.

На другім баку вуліцы на прызбе, пад варыўнёй, сядзелі жанчыны, якія жылі блізка ля Панка і якім карцела не прапусціць ніводных танцаў у вёсцы.

На дварэ быў ціхі і густы пасля гарачыні вечар. Зорак на небе не было відаць - яго зацягнула смугой, а месяц узыдзе толькі недзе пад раніцу. На захадзе за вёскай палавела зара - яна цяпер не стухне да дня, ідучы загуменнем на ўсход, за пагорак.

На вуліцы глуха быў чуваць гармонік - з замураванай хаты - і стук абцасаў: тра-та-та, тра-та-та... У хаце было, відаць, горача, бо хлопцы аддзёрлі ад акна, што з вуліцы, дошку і адчынілі фортку.

Пеця Гурбан стаяў на вуліцы, апёршыся на частакол ля студні, і глядзеў у акно: у хаце пры яркай лямпе насіліся ў кругу дзяўчаты. Гэта яны сёння самі справілі вечарынку, паслаўшы запіску гарманісту ў Дзвінасу, - яны цяпер больш за ўсё самі і спраўлялі вечарынкі ў Сцешыцах: хлопцаў сваіх не было, а на танцы прыходзілі трактарысты з брыгады, што асушала балота, з блізкіх вёсак прыязджалі «ўхажоры» на веласіпедах. Клуба ў Сцешыцах няма, і дзяўчаты «пускалі вечарынкі» ў хату па чарзе. Сёння вечарынка прыйшла да Лілі Міронавай, але бацька яе не пусціў нікога і блізка на парог. Тады Ліля выпрасіла хату ў Юлькі, якая сцерагла Панковы вуглы і жыла цераз вуліцу.

Пеця Гурбан схадзіў ужо і польку, і кракавяк, і страданне, але танцаваў ён нязграбна, і дзяўчаты ішлі з ім у танец нехаця, нават Ліля моршчылася. Нарэшце яго за танцы нехта назваў «Рэпа», і ён, плюнуўшы на ўсё, выйшаў на вуліцу.

Аднекуль, мусіць, з Ляды і Камена, панаехала на веласіпедах хлопцаў у чорных касцюмах і пад гальштукамі, яны пазастаўлялі двор веласіпедамі, паразганялі дзяцей куды каторае і павалілі ў хату. Закрычаў на ўсю сілу гармонік, і ад стуку застагнала падлога. Паўставалі з-пад варыўні бабы і падаліся ў сенцы - паглядзець на чужых хлопцаў.

З'явіўся Сцяпан Жыхар - прыйшоў з вёскі. Доўга стаяў у варотцах, нібыта баючыся ступіць да Панка на двор, пасля свіснуў, як бы знайшоўшы чорт ведае што:

- Фі-іў... Ану ідзі сюды. Гэта ты, Пятух? Давай, брат, марш у хату! Я табе натапчу памяло... Каб лядскія адны нашы падлогі абівалі?.. А мы? Ды з намі пойдзе любая...

Сцяпан Жыхар быў п'яны.

- Расступіцеся, бабкі, здаровы былі...

Зайшоўшы ў хату, ён на парозе падхапіў Лілю, выйшаў у круг і, скрывіўшыся і паклаўшы на плячо галаву, заспяваў моцным сіпаватым голасам:

 

Дайце ходу, дайце ходу,

Дайце параходзіку.

Разрашыце пагуляць

Чужому народзіку...

 

- Здароў... Адкуль такі чужы з'явіўся? Ці даўно сам вечарынкі спраўляў...

- З'ехаў у горад і чужы...

- Ды ён мне за самагонку вінаваты. Можа, цяпер прывёз ды аддасць.

- А бадай цябе, як ты і гэта яму прыпомніла. Даўно ж было.

- Набраўся ж ужо ў некага. Ці ў Альжбеты, ці мо ў Волькі... Не прыйшла на танцы. А ходзіць жа.

- Ціш... Пачуе. У Волькі цяпер нямашака. Не гоніць.

Жанчынам трэба было за што зачапіць язык.

- Бабкі, бабкі!.. Цішэй там. Фесціваль устроілі. Сёння мне пад ногі не пападайся. Стапчу. Сёння я падкаваны. Спакойна там, у парозе. Свае людзі - расплоцімся... - І Сцяпан зноў сіпата закрычаў:

 

В'ёцца, в'ёцца над калодцам

Шэры вараб'ёначак...

Ой, ніўжэлі не найдзёцца

Для міня мілёначак?..

 

Пасля полькі гралі вальс; выстуквалі абцасамі і абцасікамі па хаце кракавяк, а Сцяпан Жыхар не выпускаў з рук белавалосую, тонкую, як саломінка, Лілю. Гойсаў, распіхаючы ў крузе дзяўчат, як бычок дзе ва выгане разганяў цялят; тупаў паўбацінкамі, стоячы на месцы, тады круціўся на адных абцасах, адкінуўшы назад галаву і заплюшчыўшы вочы... Ліля неяк вырвалася ў яго з рук і шмыгнула ў першую хату. Ён не пабег даганяць яе, - ужо спагнаў сваё. Падхапіўшы каго папала, зноў рассунуў круг і пайшоў у танец... На яго ўжо касавурыліся хлапчукі ў чорных касцюмах і пад гальштукамі, але «пагаварыць» баяліся: такія плечы і рукі... А сваёй кароткай стрыжанай галавой Сцяпан даставаў да столі.

Ліля, выскачыўшы з сеначак, убачыла Пецю на палене ля студні. Ён сядзеў, апёршыся галавой на рукі, і ўсё глядзеў праз акно ў хату. За яго плячыма на вуліцы шапталіся, штурхаючы адно аднаго, дзеці.

Яна ледзь не стукнулася з ім і спалохалася. Стаяла, махаючы хустачкай ля шыі. Яны разам хадзілі некалі ў школу, а цяпер вось праз гады два як павырасталі...

- Надоўга прыехаў?

Ён усміхнуўся, адсунуўся і пасадзіў яе на бервяне на сваё месца.

- Ды не... На адзін дзень...

Маўчалі. Дзеці з вуліцы прасоўвалі праз частакол рукі, цягалі яго за сарочку, а яе даставалі і тузалі за рукаво. Яна паднялася і доўга сыкала на іх, як на гусей...

- Ідзі ў хату, а так недзе дзяўчат не хапае. Веласіпедаў, во, цэлы двор. Што са мной ля плота сядзець? За дзецьмі і слова не скажаш. Гароды паабрывалі, цяпер адзежу з плячэй рвуць...

- Рэпа! Пятух! Фі-іў!.. - закрычалі і засвісталі на вуліцы.

Яна і віду не падала.

- Мне на гэтых, - паказала на веласіпеды пад хлеўчыкам, - не пашанцавала. Як схапіў Жыхарчык на парозе, дык і ногі адтаптаў, муштруючы. Стары конь, а жартачак не кідае. Яшчэ пасля вайны, помню, калі мы дзяцьмі паказваліся ў хату на вечарынку, ён гойсаў. Тады яшчэ не так. Даваў дзягі ўсім малым. А цяпер, глядзі, і я яму спатрэбілася, у танец звадзіў. Як ён там жыве з Веркай у горадзе?

- Пра гэта ён мала гаворыць. А я ні да кога да тых, што з нашай вёскі, не хаджу. Ды і многа іх там. Як выехалі, дык назад ніхто ж не вярнуўся.

- Пабыў бы...

- Не. У панядзелак на першую змену. Я на рабоце.

- Ведаю. Юлька ваша гаварыла.

- А яшчэ што яна казала?

- А яшчэ я ні пра што не пыталася. Трэба, відаць, ісці. Нешта холадна.

Ён хацеў быў схадзіць з ёй у хату, але захліпнуўся гармонік, і ў хаце падняўся вэрхал. На двор першыя выбеглі дзяўчаты. Іх гнаў перад сабой Сцяпан Жыхар - куды каторую... Угледзеўшы на бервяне Лілю - яна была ў белай сукенцы, - затупаў цераз двор, лапаючы па кішэнях, дзе бразджалі запалкі, - шукаў закурыць. Пасля спыніўся пасярод двара і пачаў зыбацца на нагах. Твару яго ў цемнаце не было відаць.

- А-а-а, Пятух... Не блага ўстроіўся... А я думаў, ты са мной адлучышся. Чарку зрабілі б... Вечарам я цябе не знайшоў. Што? Не зломак ты, кажу. Не горш тых, лядскіх. Напінаюцца, шчанюкі. Пачарнелі ў танцах, што гаршкі. Ну, будзь здароў! Я пачапаў. Фесціваль кончуць і без мяне.

Сцяпан Жыхар зноў падаўся ў вёску.

На ўсю вуліцу крычалі дзяўчаты, смяяліся і курылі хлопцы. Нехта п'яны на ўвесь двор «шукаў у баб» самагонкі, нехта выкручваў пасля танцаў «мокрую, як юхта», сарочку...

На загуменні шырэй занялася зара, і пасвятлела на вуліцы. Туман ад рэчкі прыпоўз аж да Панка ў гарод. Дзяцей што карова языком злізала; разыходзіліся па хатах, гамонячы, жанчыны, каму трэба было рупіцца рана ўставаць; бразгалі кручкі і ляпалі вароты.

Пад лесам у канцы вёскі гукала сава, а ў тумане ля ракі ржаў конь, там недзе кашлялі начлежнікі. Пахла гарэлым торфам, агуркамі і ўлежанымі яблыкамі-ападкамі.

Зноў азваўся гармонік, і ўсе пасыпалі ў хату.

Пеця Гурбан, адхінуўшыся да частаколу, чакаў, ці пойдзе Ліля. Яна не пайшла.

 

4

 

Дзверы былі запёрты, і ён доўга драгаў, пакуль не адчынілі.

- Што, на завалу ўзяла? Каго баішся?

- А-а... Гэта ты... Пакуль на плечы лахман ускінула...

- Ну здарова...

- Як сабе хочаш. Чаго прыйшоў?

Агню ў сенцах не было, і Сцяпан доўга глядзеў: Волька гэта ці не Волька. Яна стаяла на высокім парозе ў хаце ў раскошнай сукенцы і чорнай жакетцы на плячах. Высокая, з расплеценай касой. У цемнаце былі белыя яе шыя і босыя ногі.

- Гм... Прыйшоў, і ўсё. Можа, дзеля гэтага і ехаў.

- Можаш ехаць назад. Не лезь на ногі. Босая я. Не бачыш... - яна хацела зачыніць дзверы, але ён піхнуў яе ў хату, ускочыў на парог, схапіў за плечы, хочучы, мусіць, прыхінуць да сябе. Яна рванулася і, вырваўшыся, адскочыла аж да акна. Ён адчуў, што ў яе падужэлі і пацвярдзелі рукі - за гэтыя гады... «Робіць дзень і ноч у калгасе», - падумалася яму.

- Буду крычаць, чуеш? Агонь запалю... Ты на нагах чуць стаіш.

- Крычы, палі, калі людзей не баішся.

Ён адышоўся да стала, што стаяў у кутку на высокіх ножках, пасля смела пайшоў да каморкі. Яна не кінулася да яго ад акна, і ён адразу падумаў: там нікога няма.

- Дзе сын?

- Валеркі ты не руш... - у яе голасе пачуўся плач і злосць, і Сцяпан, здрыгануўшыся, павярнуўся да яе на хату:

- Дзе ён? Спіць?

- На танцы адаслала... - яна раптам засмяялася скрозь слёзы.

Ён не ведаў, што рабіць.

- Ну што з табой, Оля?.. Я яму касцюмчык... Тут во... Шпінгалет недзе ўжо ладны... - Ён ішоў да яе, вялікі, няскладны, здавалася, мяккі, і з ім можна рабіць усё, што хочаш.

Гэтага яна кожны раз баялася, а цяпер больш за ўсё.

Яна кінулася ў слёзы, пасля раптам неяк зледзянела ўся, бы яе аблілі на марозе вадой, сціснула абедзвюма рукамі ва грудзях жакетку.

- Няма ў цябе сына! Гэта не твой... Не твой... - апошнія словы яна сказала шэптам, ціха-ціха, і яму было неяк дзіўна: «Не твой...» Ён раптам на хвіліну паверыў у тое, што пачуў. Рукі ў яго абвялі, ногі сталі чужыя, не слухалі, і ён не мог цяпер пайсці з хаты, каб і хацеў. Падышоўшы паволі да стала, ён зашамацеў там паперай - на стале ляжалі газеты - і прысеў на лаву. Лава трэснула, зарыпела, пасля ў хаце зноў стала ціха, бы ў ёй нікога і не было.

- Я заўтра паеду... - раптам сказаў ён ні з таго ні з сяго.

Яна маўчала.

- Чаму не прыйшла на вечарынку? Ходзіш жа.

- Ведала, што ты там.

Яна, мусіць, здагадалася, што ён спытаў гэта так сабе, што пра Валерку ён яшчэ будзе гаварыць, і ў душы недзе радавалася, мусіць, помсціла яму хоць гэтым за ўсё.

Гарэла лямпа, скакаў у шкелцы белы агеньчык, дробненька, бы яго хто тузаў знізу, навязаўшы на нітку - гэта пакуль угарэўся. На афарбаваную ў зялёнае сцяну лёг густы цень ад ружы і бальзамінкі, што стаялі на лаве ля акна ад вуліцы. На другім канцы лавы, на якой сядзеў Сцяпан, стаяў малады фікус у алюмініевым маленькім гаршчэчку, у яго ўпіраліся дзверы ад шафы, - шафа была прыадчынена. Убачыўшы на шастку сукенкі, Сцяпан адвярнуўся: яму стала несамавіта.

Волькі на хаце не было. Пасля, пераапрануўшыся, яна выйшла з каморкі, прычыніла шафу, стукнуўшы дзверцамі, і села з другога канца стала.

- Ну што ж. Госць дык госць. Як мой бацька казаў: і я ля гасця.

Сцяпан убачыў на ражку стала карабок сярнічак, успомніў, што хочацца курыць, але не знайшоў у кішэнях папярос. Нарэшце ён падняў на яе вочы. Яна была зграбная і прыгожая, чуць-чуць папаўнела. Твар загарэлы, ад агню ружовы і адтаго зусім малады. Вочы вялікія, спалоханыя, бегаюць, не ведаючы, дзе дзецца, - яна ўсё-такі недзе вунь як перакалацілася. Каса ў яе была заплецена ў вузел, на поўнай круглай шыі скакала жылка. Сцяпан закратаў плячыма, пад ім заскрыпела лава, - ён стаў падымацца.

Яна ўзняла на яго вочы - шэрыя і калючыя, яны блішчалі.

- Не бойся, калі і разваліш. Не гэта разваліў.

З ёй сёння цяжка было гаварыць, ён пачуў - і пачынаў шукаць, адкуль бы падступіцца.

- Не баішся, што людзі нас згледзяць, ідучы з вечарынкі?

- Бойся ты. Я сваё перабаялася. Я іду замуж.

Зноў стала ціха. Яму здалося раптам, што ён лучыў недзе ў чужую вёску і яго апанавалі сабакі. Ён не паверыў таму, што пачуў... Звыкся, нават жывучы далёка ад вёскі, што недзе там у Сцешыцах за грэбляй, ля самай дарогі на павароце, калі ехаць у вёску, жыве яна. Адна - маладая, з чорнай касой на грудзях, без мужа... Жыве - дзеля яго. Можа, нават часта чакае, каб прыехаў. Прыехаў, бо яна знебылася па ім, бо без яго ёй не жыццё, а з ім - яна плюе на ўсё на свеце. Бо калі яна з ім, - што ёй да таго, што ў яго ў горадзе жонка, што плявузгаюць у Сцешыцах бабы, ідучы ля яе хаты кожную раніцу на работу. Бо калі яна з ім, - нікога для яе няма. Яны - двое на свеце. Ён і яна... А Валерка?

Сцяпан першы раз за вечар адвярнуўся: яму не хацелася цяпер глядзець на яе, ён ведаў, што пазнае па яе вачах: усё, што сказала яна, - праўда.

За акном ціха стаяла цёмная вярба. Яна заблішчыць толькі пад раніцу, калі ўзыдзе месяц і будзе ўся што заінелая, як і тады...

«Як даўно было...» - падумаў ён і адчуў, што цесна за сталом.

- Я выходжу замуж. Ён экскаватаршчык. Паехаў на нядзелю дамоў. Я з ім даўно...

Ён лавіў кожнае яе слова: натапырыўся ўвесь, плечы ў яго падняліся ўгару, аж сарочка ля шыі сабралася ў складкі. Ён чакаў, што яна скажа яшчэ, і нечага баяўся.

- Блага, Сцяпан, пра мяне не думай. Ты ў мяне быў адзін... Я выходжу замуж... - гэта яна сказала хутка-хутка, і ў голасе ў яе была радасць, тая радасць, якой даў веры нават ён і якой мо гэтулькі чакала яна, хаваючыся ад усіх, доўга і ў пакутах, каб цяпер сказаць яму, самаму некалі блізкаму і цяпер самаму нялюбаму чалавеку, якога яна ненавідзіць...

Ён хуценька павярнуўся на хату, аж крутнуўся. Убачыў яе і ўвесь падаўся цераз стол, мо інстынктам, а мо раптам забыўшыся на ўсё. Яна была чыстая з твару, аж белая; вочы яе сталі чорныя і блішчалі. Яны глядзелі на яго. Яны былі рады, і яны зноў маладзілі яе на ўсе тыя доўгія чатыры гады... Ён падняўся быў з-за стала і рвануўся да яе, але вочы ў яе былі спакойныя, як у чалавека, які вунь як напрацаваўся, а цяпер сеў, каб на адну толькі хвіліну адпачыць і ўспомніць, што ў яго ў жыцці ёсць радасць.

Ён спыніўся, яму здалося, што нехта дужы схапіў яго ззаду за сарочку. Стала горача... Гарачыня пасля абдала яго ўсяго, ён пачуў, як у яго тахкае сэрца і стукае жылка на скроні. Цяжка было ў грудзях, - здавалася, уся гарачыня збіралася сюды. У горле было горка. Пасля ён забыўся на ўсё гэта, яго абдало густым холадам, бы гэта ў хаце хто выбіў акно і з двара з начы дыхнула сцюдзёным ветрам. Ён адчуў пасля, што нешта абмякла ў яго ўсярэдзіне і стала лёгка-лёгка... Як праз туман на другім канцы стала ўсміхаліся вочы. Ён павёў даланёй па твары: яна стала мокрая. Ён здагадаўся тады, што плача. Падумаў яшчэ, што плача перад ёй першы раз за ўсе чатыры гады. І яму стала шкада сябе і яе, бо мо яна без яго не раз плакала.

Ён сеў і падпёр кулакі пад падбародак. Глядзеў на не накрыты абрусам край стала, на выглянцаваныя сасновыя дошкі, сашрамленыя нажамі і відэльцамі. Яму мігнулася было ў галаве, што гэты стол пабачыў за сваё жыццё і голад у вайну, і бясхлебіцу, - неабразаную дробную бульбу, а то і проста гаршчок з заціркай, непрыбеленай і непрыскваранай; ён жа, стол, і ламаўся ад яды ў багатыя вяселлі, калі яго пазычалі суседзі. (Сталы на бяседы ў Сцешыцах людзі заўсёды пазычалі адзін у аднаго.) Цяпер ад стала пахла салёнай рыбай, і Сцяпану карцела спытаць, як яна, Волька, усё ж такі жыве з Валеркам, але яму нешта гнула шыю, і ён не мог падняць галавы.

- Ты недзе думаеш пра сваю Верку. Знаю... Ты яе вельмі любіш... А ў мяне ты сваё ўжо ўзяў. Можа, толькі душа баліць, што цаніць не мог, - пачуў ён, як сказала яна, і аж уздрыгнуў: пра Валерку ён цяпер не думаў.

- Я, Оля, дзяціны бацька, і ў мяне яно адно... - Ён не падымаў вачэй, і яна не дала яму дагаварыць.

- Валерка мой. Не прападзе. Быў бы ў хлапчаняці бацька... - Яна памаўчала і сказала, відаць, не тое, што хацела: - Не мацюкалася б яно. А то ўсё прыносіць з вуліцы, што пачуе. - Яна сціхла і, здалося яму, закраталася на другім канцы лавы. - Але я выйду замуж...

- А дзе Валерка? - яму цяжка было слухаць якраз тое, пра што яна несціхана гаварыла.

- Я сказала. Я яго на вечарынку пусціла. Кавалер...

Сцяпану раптам успомнілася, як за ім сёння ўвечары ішлі ззаду дзеці з усёй вёскі, дражнілі «Гусаком» і кідалі ўздагон агрызкі ад агуркоў. З усімі быў недзе і Валерка. Не ведаў ён, што гэта ішоў яго бацька, а каб ведаў, то мо пусціў бы ўслед не агрызак, а камень. А мо і не кінуў бы, хто ведае. Дзеці заўсёды добрыя.

Яны маўчалі. У хаце было ціха, і чуваць былі галасы аж з вёскі з вуліцы. Ён нарэшце падняў вочы на хату. Каля лямпы пырхаў маленькі сівы матылёк, уляцеў, відаць, вечарам, на агонь, калі было расчынена акно.

Пасля ён скоса зірнуў на яе, - яна сядзела, як і перш, толькі неяк падалася наперад да яго, і яе рука, што ляжала на стале, дрыжала, здавалася, што Волька ў глыбокім одуме перабірае пальцамі. Чорная жакетка ў яе спаўзла з плеч і ляжала ззаду на лаве. У вачах у Волькі была тая ж радасць, і яму здалося, што ўсё тое, пра што яна гаварыла цэлы вечар, - зман... Яна рада яму, каго так доўга не бачыла і чакала. Ён угадаў гэта па яе вуснах - яны так заўсёды варушыліся, крыху адтапырыўшыся і дрыжачы, калі яна хінулася сама да яго...

Калі ён нарэшце смела глянуў ёй у вочы, то здзівіўся самому сабе: як гэта ён яшчэ не пацалаваў яе...

Ён глядзеў на яе і, мусіць, усміхаўся, бо ўсміхнулася яна. І ў яе зноў затрымцелі вусны...

Тады яго падхапіла з месца...

Ён помніў, як Волька ад яго чамусьці загарадзілася рукамі, пасля закрыла твар...

- Оля... - Ён успомніў яшчэ, што такім шэптам зваў яе заўсёды там, за перагародкай, дзе грубка.

Калі ён схапіў яе на рукі, пачуў, што яна такая ж, як і была некалі, зусім не пацяжэла. Ён, забыўшыся на ўсё, шукаў яе вусны і не ведаў, чаму яна закрываецца рукамі... Пасля яго раптам ударылі недзе пад грудзі. Яму здалося, што гэта ён усё яшчэ за сталом: падняўся нечага, і гэта яго Волька зноў цягне сесці, бо ён доўга стаіць і ў яго закруцілася ў галаве. Ён разняў рукі, якімі трымаўся за рог стала, і стаў апускацца на лаву. Але раптам патухла лямпа, і лава далёка-далёка адсунулася ад яго. Ён ударыўся галавой аб сцяну... Здалося, грукнулі дзверы і некуды выбегла Волька. Ён хацеў яшчэ клікнуць яе, але балюча было дыхаць... Нарэшце яму сцяла горла, і ў вачах стаў вялікі чорны павук.

Ён не ведаў, што сам, як павук, падкурчыўшы пад сябе рукі і ногі, ляжаў на падлозе ля самай дашчатай перагародкі. На галаву яму звешвалася тоўстая суконная ў клетку пасцілка, якая замест дзвярэй закрывала ўваход туды, куды некалі хадзіў ён, Сцяпан.

 

Ідучы цераз доўгія цёмныя сенцы, выставіўшы ўперад рукі, каб не наткнуцца на што, ён чуў, як шаркаюць па няроўнай глінянай падлозе яго ногі і далёка, прыглушана, цяпер ужо за сценамі, плакаў дробненькім голасам яго сын - Валерка. Моцна гаварыла Волька, але ён не разбіраў што. Мусіць, угаварвала Валерку.

У сенцах пахла сырой глінай і вялай травой - канаторжнікам і палыном. Сцяпан пачуў, як яму падварочвае пад грудзі, - ён прыхінуўся да сцяны і піхнуў нагою дзверы. У сенцах павіднела, і ён, бачачы, куды ісці, павалокся на двор.

Кружылася галава, - ён апёрся локцямі на частакол і ўспомніў, што яго ўдарылі ў хаце.

- Эх, тваю... - вылаяўся ён.

З-пад частаколу пахла палыном, але радзей, чымся ў сенцах; зводдаль, з град, несла агуркамі і кропам, і Сцяпан, разявіўшыся, дыхаў і дыхаў на ўсе грудзі.

Пачуўшы зноў з хаты галасы, успомніў, як Волька падняла была крык, калі ён курчыўся на падлозе. Не праз яго спалохалася, - прачнуўся Валерка і выбег з другога пакойчыка з-пад пасцілкі на хату, тручы вочы кулачкамі. Яму, Сцяпану, манілі. Хлопчык быў дома і ўсё чуў... Ляжаў толькі ў пасцелі ні жывы ні мёртвы. Баяўся...

Волька падхапіла яго на рукі, занесла за перагародку і хуценька вярнулася:

- Уставай, Сцяпан... Ідзі. Сам відзіў, якая я цяпер... - голас у яе быў ціхі, яна, відаць, стрымлівала сябе. Пасля закрычала раптам на ўсю хату: - Я даўно пракляла і тую ноч, і тое месца... І тады ты быў такі ж п'яны, як і цяпер...

Сцяпан згледзеў, як паляцеў з лавы ў сенцы праз расчыненыя дзверы скрутачак у белай паперыне.

«Касцюмчык, - падумаў ён. - Дурніца... Чаму яна не крыкнула «вон!»? Як гоняць з хаты, крычаць «вон!».

Калі ён падняўся і, апіраючыся на дашчатую сцяну, сунуўся да дзвярэй, яна ішла за ім ззаду, і на руках у яе быў Валерка. Выскачыў, відаць, зноў з-за пасцілкі. Сцяпан нават не зірнуў на яго, - нечага баяўся, каб падняць галаву.

...Ён стаяў цяпер, апёршыся на частакол, і дрыжаў ад холаду. Тут блізка было да ракі, і туман вісеў аж над страхой над свіронкам, што стаяў на другі бок вуліцы ў аселіцы. У канцы вёскі, ля Панка, дзе была вечарынка, нехта яшчэ гаманіў, - усё было чуваць аж тут, ля Вольчынай хаты.

Сцяпан агледзеў, што ля ног у яго была лавачка з новай дошкі. Хацеў быў сесці, павярнуўся нават і выпусціў з рук частаколіну. Але на лаўцы сядзеў чорны кот, стары і вялікі. Не зважаў на яго, хроп курню. У Сцяпана памякчэла на сэрцы.

- Ка-цы, ка-цы, ка-цы... Катапу-у-льт... - паклікаў ён.

Кот сціх і падняў на яго вочы. Жоўтыя-жоўтыя.

- Ка-цы, ка-цы... - Сцяпан асунуўся на лаўку і падняў рукі, каб пагладзіць ката, але той, зафыркаўшы, ускочыў на лапы і выгнуўся, як вялікі чорны абаранак. На хвасце ў яго ўстала поўсць.

- Катапульт чортаў! - Сцяпан вылаяўся на ўсю вуліцу. Яго раптам ахапіла злосць на ўсё на свеце. У яго заляскалі зубы. Ён адчуў, што мерзне, і падняўся, каб ісці аж у канец вёскі, за лагі, дзе ён паставіў машыну ў сваёй мачыхі, Альжбеты Канешлі.

Калі ён ішоў вуліцай, чуў, як з хлявоў пахла сенам, як недзе за аселіцамі ў тумане пісклявіла качаня, адбіўшыся ад маткі.

На ўсходзе, у кутку за вёскай, па небе як бы хто расплёхаў размешаную гліну, бралася ранішняя зара. На вуліцу краўся дзень.

 

5

 

Што ён уграз, Сцяпан пазнаў адразу, калі матор аж зазвінеў, як напятая струна.

Ён даў назад: колы круціліся на месцы, і праз аконца ў кабіне было відаць, як асядае кузаў. Здалося, што паніжэла сядзенне. Сцяпан выключыў счапленне; выцер белыя пляйстры на паўбацінку. Дастаў з кішэні памяты пачак папярос, закурыў і плюнуў. Саскокваць не трэба было, ён проста ступіў на траву: падножка ляжала на самай зямлі.

Абышоў вакол машыны, згінаючыся і заглядаючы пад рысоры, якія аселі на гнілыя альховыя абломкі, пасля адышоўся і глядзеў на скошаны зашыек на балота, якое адгэтуль ішло лесам да Сцешыц. Яно было роўнае і зялёнае, як вясной: на ім парасла атава. Ля бярэзніку, відаць, дзе сушэй, - адзін ля аднаго стаялі два рудаватыя худыя стагі. Ля мастка, што быў воддаль ад дарогі, і па якім некалі тралявалі з бору дрэва леспрамгасаўцы, і па якім хацеў рыскнуць праехаць і Сцяпан, тырчалі дзве сухія тычкі. Насупраць іх з аднаго і другога боку зашыйка вылазілі з балота два новыя сасновыя слупы: тут ішлі межы.

Убачыўшы над зашыйкам канюха, ён успомніў, як сёння раніцай прыйшла ў хлеў будзіць яго Альжбета, дзе ён спаў на сене. Пасля, калі ён мыўся на двары ля студні, бачыў, як яна на лагу, згінаючыся, збірала ў падол пер'е - там хадзілі калгасныя гусі. Згіналася аж на каленечкі: была хворая і нядужая.

- Усё роўна ў пярыне не пахаваюць!.. - выплюнуў ён з рота акурак і, уваліўшыся ў кабіну, уключыў счапленне і націснуў на газ.

Матор роў на ўвесь лес, дрыжаў, і здавалася, вось-вось выскачыць з-пад капота. Сцяпан варушыўся, напінаўся, пацеў, выціраў рукавом пот з ілба і зноў са злосцю сціскаў рукамі чорны каструбаваты руль. Глядзеў, як трасецца за шыбамі зямля, і яму здавалася, што трасецца, апусціўшыся на каленкі, Альжбета, трасецца, седзячы на край стала, Волька, трасецца ён сам, точачыся пад раніцу ў сена і не могучы ніяк сагрэцца. Ён у сене, так і не сагрэўшыся, заснуў знянацку. Доўга пасля яшчэ падхопліваўся са сну: здавалася, што недзе на ферме пажар. Там бралася ўзыходзіць сонца. І калі ён зноў зводзіў павекі, - перад ім сядзела на рог стала Волька, і ў вачах у яе была радасць...

У кабіне стала горача - пераграваўся матор.

«Аж пара чхае з радыятара», - падумаў ён і, скінуўшы газ, выключыў зажыганне. Па прывычцы хацеў забраць у кішэню ключы, але махнуў рукой, і яны на тасёмцы доўга бразгалі па цьмяным шкле ўжо сапсаванага пасля капіталкі спідометра. Не вылазіў, думаў цяпер пра Пецю Гурбана.

«У калгас папёрся снапы на машыну нагружаць. Калгас яму трэба... Спадніца Ліліна ў галаве. Памог бы тут. Займаў толькі ўчора месца ў кабіне ўсю дарогу. Падбяры, падвязі бясплатна. Ласку зрабі!»

Выцягнуўшы пасля сядзенне з машыны, ён усеўся на яго, што мядзведзь на муравейнік, і доўга курыў, гледзячы, як за старыя асіны апускаецца вячэрняе сонца. Дзень стаяў гарачы, і цяпер пахла з лесу яловай смалой і багуном - недзе адтуль, з другога боку балота. Там пачынаўся барок, парослы саснячком і белым мохам. За ім лысела пасека, куды вяла гэта праклятая грэбля, дзе леспрамгас за зіму выразаў аж тры кварталы - усю пушчу, дзе некалі стаялі кутузаўцы. Ад іх яшчэ засталіся нават цэлыя зямлянкі. Абгарэлі толькі ад агню, а дрэва не пагніло. Пасека ўся ў шліхтах, аж адгэтуль відаць...

Убачыўшы, што зверху на колах пачынае засыхаць гразь і бялець падзолісты пясок, ён вылаяўся і ўсхапіўся з сядзення. Стаўшы на каленкі і не чуючы, як мокнуць ногі, ён пачаў адграбаць альховым паленам гразь з-пад задняга кола.

Пачуўшы, як над самай галавой застракаталі сіваваронкі, што сарокі, ён спалохаўся і плюнуў.

Зноў стракатала, недзе ўжо воддаль на дрэве, сіва-варонка, - ён не зважаў на яе: стаяў па самыя калені ў гразі, сартуючы пад машынай альховыя абломкі...

Не чакаў цяпер чалавека і, калі пачуў, што нехта кашляе над ім, не паверыў, падумаў: сіваваронкі. І калі ўжо нехта смела штурхнуў яго ззаду ў плячо, - суцішыўся і азірнуўся, угледзеўшы нечыя бліскучыя новыя гумовыя боты.

- Здаро-оў! - пачуў ён залівісты голас і пачаў вылазіць з-пад машыны.

- Здароў, каб па табе поп зароў, - адказаў ён, яшчэ добра не пазнаючы, што перад ім Аверка са Сцешыц, аж пакуль той, заплюшчыўшы вочы і пакруціўшы галавой, не засмяяўся:

- Хі-хі... А бадай ты... Ды я ж цябе адразу не пазнаў.

Аверку было гадоў пяцьдзесят, але выглядаў ён молада і твар у яго быў нейкі хлапечы. Можа, таму, што ў яго і пад старасць расла русая барада і ён яе галіў раз у тыдзень - у суботу, калі ішоў да каго чужога памыцца ў лазні. Учора была субота, але Аверка не пагаліўся, - відаць, ніхто ў вёсцы не паліў лазні, у Сцешыцах летам рэдка тапілі лазні, - і ў яго адрасла ладная бародка, з-пад якой высвечваў чырвоны твар: Аверка быў п'яніца. Пасля вайны ён стаў лесніком - прапіваў лес, аж пакуль не выгналі. Пайшоў пасля ў леспрамгас. Быў то возчыкам, то грузчыкам, цяпер - вартаўніком: глядзеў шліхту, ездзіў разам з «пэтээс станцыяй», як ён казаў, і пільнаваў электрапілы на эстакадах.

Стаяў ён цяпер ля Сцяпана ў новым картовым касцюме і ўсё сіпеў:

- Хі-хі-і-і... А я думаў, хто гэта?.. Але я цябе злавіў... Знаю: паленца хацеў ускінуць. Метраў бярозавых - машынку нагрузіць, а ночкай - фіць. - Ён быў змоўк, пасля перамяніўся з нагі на нагу, што конь, якому абрыдла стаяць у гразі, і сказаў, ціха і не смеючыся: - А яны ёсць. І бяроза ёсць. Цэлы бор вуньдзека... Толькі не там ты хацеў пераскочыць цераз гэты зашыек. - Ён убачыў, што Сцяпан на яго падняў вочы - слухае, і зноў стаў залівацца: - Тут толькі адзін наш Глымбоцкі на сваім ЗІСу напрамую рве. Я і думаў, што гэта Глымбоцкі... Але ж, думаю, чаго гэта ён у нядзелю. Нікога ж на стакадах няма, толькі я. Чаго гэта ён, думаю. Але ж гэта ты, я цябе адразу і не пазнаў...

- На, закуры... - перабіў яго Сцяпан і падаў пачак папярос. - Адну вазьмі... - дабавіў ён, калі ўгледзеў, што Аверка панёс пачак у кішэню пінжака. - Я сказаў: закуры... І сядзенне ўкінь у машыну, а то з нагамі на яго ўзаб'ешся, а я тады буду выёрзваць гразь...

Аверка зрабіў усё са спрытам, але папярос не хацеў аддаваць.

- Давай сюды, брат. Я сказаў: закуры, - Сцяпан выцягнуў сваю доўгую руку, - і давай вунь тыя «метры», што ля вывараткі, пад машыну...

Аверка разявіўся, і папяроса выпала ў яго з рота. Пасля ён цюпаў гумовікамі па гразі, адыходзячыся ад Сцяпана задам. Вусны ў яго скакалі, нібыта ён сёрбаў гарачую ваду, вочкі зрабіліся маленькія-маленькія, як вушка ў іголцы.

- Дык жа я... Як гэта? Ды мне... Самі...

Аверка, баючыся, упіраўся.

Калі Аверка прывалок сырую асінавую плашку да машыны, Сцяпан калупаўся ў гразі пад кузавам - тырчалі толькі яго ногі з закасанымі на лытках штанамі. Аверка пасмялеў:

- А я думаў, што гэта наш Глымбоцкі дунуў напрамую. Галава садовая... П'е і лупіць цераз балота. Але ж думаю, чаго ён у нядзелю?..

Сцяпан маўчаў, варочаючыся з боку на бок, і Аверка падсунуў плашку яму да самых ног:

- Х-хі... Знаю, паленца хацеў ускінуць... Але калі ты мне не зробіш... - Аверка памаўчаў. - Усе так робяць. Ты маеш. Цэлы кузаў недзе з горада баб падкінуў. Нашы шафёры, Глымбоцкі, вунь, якая тут дарога, а маюць... А ты...

- Не трубі нада мной. Занясі плашку на той бок...

- Не трубі, не трубі... - закрычаў Аверка. - А ты мной не папіхай! Камандуе. Я думаў, ты за гэта... А то я нумарок ад тваёй машынкі на паперку і - куды следуе. А там з цябе - чык-чырык, не гэта ўрвуць.

Сцяпан заварушыўся і пачаў вылазіць з-пад машыны. Аверка сцяўся і панёс плашку на другі бок пад кола.

- Ідзі сюды...

Пачуўшы, што яго клікнуў Сцяпан, ён вярнуўся з плашкай у руках.

- Хі... Я гэта так сказаў... Дзеля слова...

- Я табе нумарок скора на носе як чык-чырыкну... Асмакаваўся, відаць...

- Сцяпан... Сцяпанка... Ды я што? Я ж нічога. - Аверка мітусіўся, бачком падаючыся на сухое, бы хацеў уцячы.

- Не сіпі... Я знаю цябе... - Сцяпан ступіў да яго, атрасаючы ад гразі рукі. - І каб толькі можна мне было даць сабе волю... Я цябе, як плашку, у гразь бы... Смоўж... Толькі я пэцкацца не стану. А вот якія ты тут нумаркі з дрыўмі адкалваеш - дзе-дзе, а ў леспрамгасе знаць будуць. Можаш на ўсе чатыры стараны... Бяжы!

Сагнуўшыся, Аверка быў адбегся з дарогі. Але Сцяпан больш на яго не глянуў, перагнуўся ў паясніцы, ускочыў у кабіну. Калі зараўла машына, Аверка закрычаў:

- Сцяпан!.. Ты гэтага не зробіш! Ты не скажаш... Я табе яшчэ сам за гэта магу не такую ласку... Што тая машына дроў... Толькі ты не скажаш. Нада мной вісіць ужо... Ты не скажаш...

Лежачы зноў пад машынай, пад якую цяпер ледзь падсунуўся, - яна так асела, што на карданны вал наматалася сырой травы, - Сцяпан чуў, як яго просіць Аверка, цёпкаючыся ззаду па свежай гразі, якой накідалі колы. Адлягала злосць. Нарэшце ён, забыўшыся на Аверку, сцішыўся пад машынай і доўга ляжаў. Тады вылез, выцер аб траву рукі.

- Заткніся! Ён яшчэ тут!.. - закрычаўшы, ён пачуў, як і па лесе пайшло рэха. Вечарэла, з балота ўжо не было відаць сонца. Дым вісеў у кустах, як туман, не распаўзаўся. - Рысора... Лопнула...

- Дзе? Рысора? Якая рысора? - Аверка зноў забегаў каля яго. - Гэта не жартачкі. Я знаю. У Глымбоцкага раз... Дамкрат трэба. Можа, я што памагу... Можна збегаць на бор, адамкнуць кладоўку і ўзяць лом ці лапату. А то і рысору. Там усё можна знайсці, парыўшыся добра.

Сцяпан не слухаў яго. Абышоўшы разы два вакол машыны, ён прысеў і доўга глядзеў пад заднюю вось, думаючы. Пасля ўскочыў:

- Капіталка! Пасля капіталкі ЗІС! Галовы б іхнія ў капіталку...

- Ага... Капіталка. І я кажу. Капі-аталка. Рукі бог ведае дзе...

- Вось што, - перабіў Аверку Сцяпан, - чашы ў вёску.

- Як? У вёску?

- У вёску.

- А стакада? Там пілы, там тросы... Там усё... Не-не...

- Надта пра мяне не трубі, - Сцяпан усё не падымаўся. - Знойдзеш Пецю Гурбанчыка. Чуеш? Са мной той прыехаў. Знойдзеш ці на ферме, дзе снапы складаюць, ці ў Юлькі. Хай шафёра калгаснага бярэ. З машынай. Гурбана Пецю! Не чуў? - Сцяпан раптам ускочыў на ногі. - Знойдзеш. Ён усё знае, што к чаму. А не - то твая галава на карку для чаго?

- Ды я... З мілай душой. А стакада? Можа, Глымбоцкі падскоча...

- Ды ну яго... твайго Глымбоцкага... - Сцяпан ішоў проста на яго, разгінаючыся, і адтаго рабіўся вышэйшы і шырэйшы ў плячах. - Пойдзеш балотам. Бліжэй. І каб Гурбан мне дацямна тут быў. З шафёрам...

Аверка скокнуў са старога драўлянага насцілу ў высокую, неабкошаную рудую траву і зацёпкаў па вадзе.

- Глядзі стакаду!.. Глядзі стакаду! - крыкнуў ён ужо ад стагоў. - А калі будзе Глымбоцкі...

Сцяпан не разабраў, што трэба рабіць, калі будзе Глымбоцкі.

Ён доўга стаяў і глядзеў услед Аверку; глядзеў, як далёка за імшарамі заходзіць сонца. Пасля яму здалося, што недзе там пажар, што агонь бяжыць верх лесу аж сюды, у зашыек на балоце. Калі ён глянуў угару, убачыў недалёка на сухім бары старую высокую рабіну, усю чырвоную ад ягад. Яны аж гарэлі: іх яшчэ даставала сонца.

Ён глядзеў на рабіну і бачыў, як і яна пасля пачала стухаць. Тады ў яго заныла ўсярэдзіне: ён успомніў Вольку.

 

6

 

Усе гэтыя дні стаяла на пагодзе, а сёння раніцай узняўся вецер, запахла зямля, з-за ракі пацягнуліся на вёску хмары. Закрычалі кнігаўкі, бліскаючы белымі грудкамі на чорным небе, - прыляталі з выгану ў Сцешыцы аж на аселіцы.

Збіралася на дождж.

Сцяпан апёрся на плот і глядзеў на пагорак, дзе з-за чорных хмар-тулягоў выкочвалася сонца, як вялікі нагрэты камень з печы.

З фермы вуліцай пагналі коней. У другім канцы вёскі за гумнамі рыкала скаціна.

Сцяпан згледзеў, як па загуменні, недзе адтуль, з Вольчынага гарода, пагнаў карову хлопчык у нечым чырвоным. Махаў дубцом і пускаўся подбегам: скаціна была ўжо далёка за гумнамі.

Спяпан быў злякнуўся і падаўся ўвесь на плот, аж недзе спаднізу затрашчалі жэрдкі.

«Валерка...» - падумаў ён, і ў яго зашчымела ўсярэдзіне. Хацеў закурыць - не знайшоў сярнічак. Трэба было ісці куды ў хату, але ён не крануўся, павіс яшчэ больш на плоце.

Калі з-за хлева дзьмуў вецер, Сцяпан падстаўляў яму твар, тады свяжыла і знімала сон. Нават плечы ў халадку пераставалі балець і не ныла спіна.

Ён з таго самага часу, як схаваўся з вачэй Аверка, прасядзеў пад машынай да самага цямна. З вёскі Гурбан з шафёрам прыехалі толькі ў поўнач. Машыну вытарабанілі, пасля ўсю ноч, расклаўшы агонь, сядзелі пад «заднім мастом» ля Альжбеты на вуліцы.

Сёння раніцай на двары ён доўга думаў, што ўсё ж нязручна ехаць паражняком, - гэтулькі навалаводзіўся. Машыну сюды ён загнаў яшчэ ноччу, бо, калі ехалі з лесу, успомніў, што пад хлявом у Альжбеты ляжаў клён. Вазы са два бярвення. І не доўгае. Немаведама для чаго яго згрузілі тут. Відаць, некалі Альжбета купіла дроў у шафёраў, і клён гніе пад хлевам у гнаі.

Падагнаўшы машыну да самага хлева, ён адкінуў борт і адзін цягаў у кузаў калоды. Угрэўся і распарыўся, варочаючы шліхту, каб выбраць што лепшае.

...Пахла клёнам на ўвесь двор. Здавалася, што гэта з хаты пахне рашчынай, - замясілі хлеб у вялікай дзяжы, як заўсёды рабіла яго маці, калі Сцяпан быў малы. Ён дрэнна помніць маці. Здавалася яшчэ, што на дварэ вясна. Пад платамі ляжыць лёд, не хоча раставаць, бо на ім гурба трасочніку - за зіму на двары шмат было дроў. Зіма стаяла халодная, Сцяпан помніць тую зіму, - тады ён быў у лапцях і адмарозіў на назе вялікі палец. Халодная была і вясна. Ветраная - гнала пясок з загумення аж у вёску. Але затое было ціха ў лесе. Ціха і добра. І там яшчэ пад мохам ляжаў лёд, але Сцяпан бегаў ужо за бацькам спускаць кляновы сок. Тады Сцяпан быў такі ж, як цяпер Валерка, і бацька яго вунь як любіў. Тады пахла клёнам і хлебам на ўвесь лес.

На двары пахла клёнам...

Сцяпан, апёршыся на плот, доўга глядзеў на загуменне, дзе на полі ў лазе стаялі дзве старыя асіны. За імі быў лес. Далёкі, цёмны і сіні. Недзе сыры яшчэ ад расы. Захацелася пераскочыць цераз плот і пабегчы па бульбянішчы туды, дзе маладзенькі сасняк. Там ямы, там хаваюць на зіму бульбу. За імі - пасека. Там ён пасвіў некалі кароў...

Вецер налятаў цяпер аднекуль з вуліцы, і ў плоце ныла сухая трава. Але ён угледзеў пасля, як варушыцца ў гародзе ад ветру бульбеўнік, - гэта туды далей, дзе вецер дзьмуў з поля.

З-за хаты на гарод глянула сонца, і Сцяпан убачыў, як увесь бульбеўнік стаў белы, нібыта найшло снегу.

Гэта цвіла бульба. Сцяпан не бачыў ніколі, каб так яна цвіла. Ад хаты да самай мяжы, дзе расла яблыня-дзічка, гарод быў усыпаны белым цветам. Белым і густа-сінім... Сцяпан не помніць добра: сінім, мусіць, цвіла сібірка. Белым - гэта паспешка, ён ведае. Ён капаў яе колькі вунь у гародзе. А тую, што цвіла сінім, маці заўсёды крычала, каб не падкопвалі...

Сцяпан успомніў, як увосень, калі яны выбіралі бульбу ў тым гародзе, што ля фермы, на вёску наляцелі нямецкія самалёты і пачалі кідаць шашкі. Загарэлася пуня. Яны пабеглі наўцёкі - у Лазу на загуменне. Сцяпан помніць - бяжыць, а ўверсе недзе стукае кулямёт. Фюр-р-р?.. Фюр-р-р!.. - ляцелі пустыя гільзы. Сцяпан сам іх збіраў у Лазе.

У Лазу пагнаў карову Валерка...

Сцяпан выпрастаўся і доўга яшчэ глядзеў на загуменне і на гароды, дзе над лесам хавалася ў хмары сонца. Пасля падышоў да машыны, закрыў і зашчапіў кузаў. Узбіўшыся з нагамі на яловы калок, падняў яго з зямлі і ўскінуў на машыну. Знайшоў у машыне - у адтуліне-скрыначцы пад пярэднім ветравым шклом - даўні, запэцканы ў мазуту карабок сярнічак, закурыў.

Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Стукнуўшы дзверцамі, Сцяпан адпусціў тормаз, і машына сама пакацілася да варот: двор быў пакаты.

На вуліцы ён доўга сігналіў, думаючы, што трэба ж забраць Гурбанчыка. Хлопцу ж на работу, і той позніцца праз яго, Сцяпана.

Сігналячы, ён і наклікаў зноў бяду на сваю галаву. Аднекуль з гародаў, пераскочыўшы цераз плот, на вуліцу выбег Аверка і, махаючы рукамі, кінуўся ледзь не пад машыну. Быў чыста паголены, надзеў і чыстую шэрую кепку - яшчэ больш памаладзеў.

Сцяпан узяў на тормаз. Аверка спрытна з тратуара ўскочыў на падножку і праз апушчанае шкло ўсунуў у кабіну галаву.

- Сцяпан... У мяне душа свярбіць. Не губі. Ну, можа, калі што, сам ведаеш, сам ехаў і набраў, во, недзе. А мяне з работы...

- Чаго ты хочаш? - Сцяпан націснуў на газ, машына зараўла, і Аверка зноў закрычаў:

- Не губі!.. Ты можаш зрабіць, я знаю. А што тады мне?..

- Ану адсюль! Гэта табе не сані, хеўра... Націснуўшы на газ, ён павярнуў да частаколу і штурхануў Аверку ў плячо. Той саскочыў з падножкі і, пачуўшы за плячыма частакол, прыстыў да яго.

Сцяпан затармазіў аж ля Юльчынай хаты, дзе начаваў Пеця Гурбан. Убачыўшы на другі бок вуліцы за рабінай Панкову будыніну з забітымі вокнамі, дзе ўчора былі танцы, Сцяпан скорчыўся ўвесь у кабіне, адвярнуў галаву, адчуўшы, як злубянела спацелая сарочка і рэзала шыю.

- Дзе Пеця? - крыкнуў ён на двор.

- А дзеткі... Дык ён жа і спаць не лёг. Цэлую ноч недзе... Учора - дык на танцах, удзень снапы вазіў, а гэтую ноч зноў недзе... І не заснуў, не прылёг... - пачуўшы яго, Юлька ішла да варот.

- Паедзе ён ці не?

- А дзеткі... Ды ён жа... Пабег на аўтобус. Я ж кажу: і не заснуў. Намардуецца ў дарозе... Пакуль да той шашы. Я яму казала: пачакай. А ён... Спяшыць... Прыехаў, во, і не аддыхнуў...

Завярнуўшыся на лажку, Сцяпан імчаў праз вёску як шалёны, помніў толькі, што трымае нагу на тормазе і глядзіць перад сабой.

На вуліцы з зямлі падняліся гусі...

Сцяпан збавіў ход і пачаў сігналіць. Высунуўшыся з кабіны, ён бачыў, як разбягаюцца белыя гусі якраз ля Вольчынай хаты...

Звярнуўшы з вуліцы на дарогу, ён памчаўся да маста. Але трэба было яшчэ «напаіць машыну», і ён падумаў, што яму цяжка сёння выбрацца ў дарогу.

 

7

 

Вядро ляжала ў кузаве, і Сцяпан сплюшчыў яго кляновымі чуркамі. Выцягнуўшы цяпер і разагнуўшы - паставіў бокам на падножку і падціснуў зверху каленам, - ён подбегам пусціўся з горкі да рэчкі. З гэтай горкі ён, калі быў малы, толькі раз з'ехаў на самаробных лыжах... Успомніў, што ён баіцца і цяпер з'язджаць з гары на лыжах...

Мост цераз раку ляжаў зусім нізка, над самай вадой, але пад ім было каменне; вялікае, аброслае мохам, яно, мокрае, вытыркалася з вады, і тут можна было прымасціцца, каб не зачарпнуць гразі: рака была мелкая. Рака ля Сцешыц заўсёды была мелкая, нават вясною рэдка разлівалася, і Сцяпан падумаў, што партызаны ў апошнюю блакаду, калі чакалі немцаў, дарэмна спалілі мост. Сцяпан помніць, як і ён тады - і ўсе дзеці з вёскі - насілі з фермы ахапкамі салому на мост. Пасля яе падпалілі партызаны. Новы мост - яго зрабілі толькі перад самай вайной - быў на высокіх палях, увесь з сасновых смаляных плашак. Гарэў ён чорным дымам ад палудня да вечара. Тады была пагода, і палі вытлелі за ноч да самай вады. Не пагнілі, яшчэ і цяпер тырчаць з вады...

Засіліўшы вады, Сцяпан цяжка падымаўся на горку, гледзячы пад ногі. Калі ён нарэшце зірнуў на дарогу, то ўбачыў ля маста хлопчыка. Той стаяў да Сцяпана плячыма, махаў дубчыкам і глядзеў пад задзёрты капот у машыне, дзе, пасапваючы, пыхаў матор. Хлопчык быў у чырвонай кашульцы і штоніках на шлейках, - адна шлейка з'ехала з пляча... Сцяпан заўважыў яшчэ, што адна калошка ў штоніках у хлопчыка падкасана да калена, а другая, што целяпалася па назе, была мокрая і ў жоўтым пяску. Хлопчык не чуў, што ў яго за плячыма чалавек, падскочыў раптам да машыны, ткнуў дубцом туды, дзе лётаў прапелер, і зноў адбегся - проста ў рукі Сцяпану.

- Ах ты... - Сцяпан схапіў яго за шлейкі. У кулак заграблася разам і ягоная чырвоная кашулька. Сцяпан адчуў, што яна мокрая і халодная. - Я цябе зараз з галавой у матор, калі ў цябе рукі доўгія... Што маўчыш? Ты што?.. Гэта ты?.. Ну я ж табе... Дык гэта ты?..

Сцяпану раптам захацелася, каб хлопчык закрычаў, як толькі можа, тады б ён выпусціў яго, і той знік бы адразу з вачэй дзе-небудзь за плотам у бульбеўніку. Але хлопчык маўчаў, толькі пачаў часцей дыхаць, павярнуўшы галаву і гледзячы яму, Сцяпану, проста ў вочы. Сцяпану стала горача: ён не ведаў, што рабіць.

Гэта быў Валерка.

Сцяпан даўно адпусціў руку, разагнуў пальцы, што былі ў кулаку, і даланёй выцер пот; пасля прыгладзіў пасму валасоў на лбе і паскроб патыліцу.

- А я нічога і не рабіў... - залапатаў раптам хлопчык, замахаў рукамі, як злоўленая птушка крыльцамі. На зямлю ўпаў дубчык. - Бо каб што зрабіў, то заглох бы матор. А ён не заглох... А ён не заглох...

- Ну добра... - Сцяпан адчуў, што голас у яго грубы і дрыжыць. - А чаго ты тут?

- А я ўвідзіў тваю лайбу...

- Што? Што?

Хлопчык падняў дубчык, адбегся, глядзеў Сцяпану ў вочы і маўчаў.

- Хто цябе навучыў?

- Леспрамгасаўцы. Яны катаюць у кабіне. І Жук, і Вярбіцкі... Я ў кабіне ездзіў...

- Гм... - Сцяпан збіў даланёй накрыўку з радыятара і, падняўшы вядро, пачаў ліць у трубку ваду, пазіраючы коса на Валерку. Яму кінулася ў вочы, што той мурзаты і босыя яго ногі ў гразі. Тая, што відаць па калена са штаноў, абдзёрта ля шчыкалаткі... Сцяпан заміргаў вачыма, яму дыхнула ў твар парай з радыятара, пасля апусціў руку з вядром і доўга не зводзіў вачэй з хлопчыка, аж той засоўгаў ножкай па пяску. Тады Сцяпан перавярнуў вядро дном угару, не зважаючы, што цэдзіць гразь на паўбацінак.

- Ну, мне, брат, ехаць трэба... - сказаў ён хутчэй самому сабе: трэба ж нарэшце выбрацца ў дарогу, але цяпер адчуў, што зрабіць гэта яму будзе цяжэй, чым калі.

Валерка яго не слухаў. Падышоўшы да самай падножкі, гладзіў даланёй бліскучае сядзенне, не выпускаючы з рук падсохлага лазовага дубчыка.

Сцяпан паволі падышоў да кузава, ускінуў на кляновыя калоды вядро і, вярнуўшыся, стаў ля кабіны, гледзячы праз зашклёныя дзверцы на Валерку. Адтуль на яго зірнуў высокі рослы чалавек - шкло павялічвала, - і Сцяпан уздрыгнуў. Яму раптам здалося, што на дарозе поўна пяску і ён уграз па калені.

Яму захацелася гаварыць і гаварыць з Валеркам: ён не малы, хоць яго галава толькі дастае да сядзення. Ён такі, які здаўся праз шкло, хоць Сцяпан другі раз праз шкло і не хоча глядзець на яго. Надта ўжо непрыгожы твар тады ў хлопчыка, выцягнуты, і вушы, як сподачкі. А сам Валерка прыгожы. І твар у яго прыгожы, кругленькі, і вушы маленькія, хоць і адтапырыліся, і вочы чорныя, аж круцяцца. І блішчаць, як у Волькі. І валасы ў яго цёмныя, як у маці. Толькі нос будзе такі, як у яго, Спяпана. І бровы так хмурыць...

Яму захацелася яшчэ ўзяць яго на рукі. Ён успомніў, што ні разу яго не браў на рукі, нават не падпускаў блізка, калі прыязджаў у вёску і быў у Волькі. І яна прывыкла да таго, заўсёды гнала з вачэй Валерку. Але ж тут нікога няма, ля маста, тут іх ніхто не бачыць. Не, тут іх усе бачаць, тут яны на відку ўсёй вёскі...

- А ты знаеш, хто я? - сказаў ён тое, чаго зусім не думаў.

- Ты - Сцяпан. Я знаю. Ты ўчора быў у нас, і ты перш быў у нас. Толькі ты горш за Жука і за Вярбіцкага. Ты баішся мяне падкатаць.

Сцяпан уздрыгнуў. Тое, што яму ніяк не магло прыйсці ў галаву, падказаў хлопчык, ягоны сын...

Сцяпан пасадзіць яго ў кабіну, падвязе, падвязе да другога маста, што на канец грэблі...

Ён доўга не рашаўся. Падняўся быў, ступіўшы на кола, у кузаў, узяў адкінуў да самай кабіны вядро - яно мазоліла яму вочы. Скочыўшы на зямлю, доўга глядзеў на вёску, тады за раку на выган. Адтуль несла рэдкія хмары, дзьмуў вецер... Ад машыны пахла клёнам.

- Ну, брат, скакай... Лезь сюды... А то ты змерз. Раніца халодная. А ты мокры. Мокры ўвесь. Лезь. Пагрэемся. А назад не будзеш баяцца ісці? Я цябе далёка не павязу. Да таго маста. Добра?.. - Сцяпан нават не ведаў, чаму ён гэтак многа гаворыць. Як бы яго за язык што цягне.

- Я і не баюся, я і не змерз. Гэта ты баяўся мяне ўзяць, - Валерка быў ужо з дубчыкам у кабіне. Сцяпан захлопнуў з яго боку дзверцы і падумаў, што ў хлопчыка не дастаюць яшчэ з сядзення да падложкі ногі.

Доўга ехалі па масце, сунуліся памалу, што на кані: Сцяпан ведаў, што пад коламі недзе ўгінаюцца старыя сасновыя легары. На грэблі было яшчэ горш. Разбалабошаная ў слату, яна цяпер была ў глыбокіх калдобах. У кабіне тармасіла і кідала ўперад. Валерка саскочыў быў з сядзення і ехаў стоячы, аж пакуль Сцяпан не пасадзіў яго зноў.

- А ты, брат, гарачы...

- Гэта ў кабіне.

- А колькі табе гадоў будзе, ці ведаеш?

- Пяты.

- А зваць як?

- Валерка.

- А прозвішча?

- Ляпеха.

- Гм...А па бацьку? Гм...

- Не знаю. А ў цябе дзе ўключаць агонь? Я ў Вярбіцкага дык знаю дзе... Ля руля пацягнуць трэба... А сігнал у цябе, як у «Пабедзе»? У Вярбіцкага дык як у «Пабедзе».

- У Вярбіцкага твайго, відаць, МАЗ. У МАЗах такія сігналы. А Вярбіцкі цябе часта вазіў?

- Не. Адзін раз праз вёску. І я сігналіў...

- І мама не крычыць на цябе?

- Мама - дрэнь. Крычыць і будзіць кожную раніцу праганяць у поле карову...

- Хто цябе так вучыць, хлапец? Ты, брат, не тое гаворыш. За такое даюць дзягі. Вушы рвуць.

Валерка змоўк, зачмыхаў і пачаў азірацца па баках.

- Не бойся. Ды я, брат, нічога. Я, брат, толькі так. Толькі ты такое пра матку не гавары.

- Угу... - Валерка выцер рукавом нос.

- А цяпер адкасай калашыну, і ты будзеш як мужчына.

Валерка адкасаў калашыну дзвюма ручкамі і супакоіўся, хінучыся да Сцяпанавага пляча.

Сцяпан ехаў паволі, з калдобы ў калдобу, баючыся, што хутка кончыцца грэбля і яму трэба будзе высадзіць Валерку. Ён пра гэта цяпер не хацеў думаць, ён цяпер хацеў гаварыць і гаварыць з ім, каб нагаварыцца на ўсю дарогу, на ўвесь дзень... Нагаварыцца наперад, бо хутка ён высадзіць яго, высадзіць свайго сына, аднаго, недзе ў канцы грэблі ля маста. Высадзіць - і кабіна стане пустая. Пустая?

Сцяпан зірнуў праз акно на абочыну дарогі, дзе пачыналася за логам поле.

«Кабіна будзе пустая, як поле... Як поле?» - зноў падумаў ён і закратаў плячыма: было мулка.

У кабіне густа запахла дымам. Рабілася горача.

Трэба было пераключаць хуткасць.

- Асцярожна, брат. Бяры за руку. Падгонім нашага каня, а то чуць паўзём. Ты ж, брат, недзе прывык хутка ездзіць. Глымбоцкі ці, як яго, Вярбіцкі так, мусіць, не сунецца.

- Вярбіцкі... Глымбоцкі злосны і ніколі ў вёсцы не становіцца...

- Гм... Ты, брат, усіх шафяроў тут ведаеш.

- Угу.

- А сам кім ты хочаш быць?

- Шоферам. Як Вярбіцкі. І ў мяне будзе такая ж, як у яго, машына. І сігнал будзе такі, як у яго, ад «Пабеды». І я буду катаць усіх дзяцей з вёскі, як ён. Ён усіх катае. Сам становіцца і бярэ ў кабіну. Не любіць толькі, калі за прычэпам бяжыш. З дзягай тады... У-у-у... - У хлопчыка было гутаркі, як вады.

Паабапал грэблі, ля прарытых канаў, чарнелі нассованыя бульдозерам гурбы торфу. Ля адной кучы, што была бліжэй да канавы, стаяў і бульдозер, пабліскваючы на сонцы вычышчаным лемяхом, што вялізная жывёла срэбным зубам, як здалося Валерку. А Сцяпан падумаў, што ў Сцешыцах «марнуецца тэхніка» і бульдазерыст недзе «гультай» і «паваляка».

З кабіны добра было відаць - бы з якой гары, - што вада, мусіць, вясною, разрыла аплеценыя канавы: падмыла берагі і пакроіла іх на кавалкі, сцякаючы па разорах з грэблі. У канавах цяпер без парадку пахіліліся бярозавыя калкі і ляжаў на самым дне невысокі парканчык з доўгіх тонкіх бярозавых жэрдачак. Сям-там ён яшчэ тырчаў, уеўшыся ў глей і торф. Па ім пусцілася ўжо расці трава. Калі Валерка сказаў, што ён з дзецьмі бегае канавай аж да маста ў канцы грэблі лавіць курмялёў, Сцяпан падумаў, што бярозавы паркан ляжыць у канаве, як шкілет ад чортведама якой рыбы, і што сцешыцкаму брыгадзіру - Паўлюку - трэба даць па руках. Канавы заплываюць граззю, і хутка на грэблі трэба будзе зноў цягаць машыны трактарамі, як некалі.

Канавы з двух бакоў усё мялелі і мялелі, аж пакуль Сцяпан не здагадаўся, што канчаецца грэбля. За мастком на лагу пасвіліся коні; нехта ў белай сарочцы пёрся насустрач з горкі на веласіпедзе. Пад ім на сонцы бліскалі спіцы, нібы пырскалі іскры.

Сцяпан не хацеў думаць, што яны прыехалі ўжо да маста, і падумаў пра другое: добра, што распагодзілася, вецер разагнаў хмары і ўлёгся, не чуваць яго. Зноў цэлы дзень пастаіць пагода, будуць у Сцешыцах звозіць з поля снапы на машынах, касіць у Кур'янаўшчыне ржышча і атаву на лагу ля сажалкі; зноў будуць лескатаць на грэблі калёсы позна ўвечары і ноччу, падымаючы за сабою руды пыл ад торфу, што густы туман. І пасля яму, Сцяпану, стукнула ў галаву, што дарозе няма канца. Па ёй ад мастка можна звярнуць на Кур'янаўшчыну па снапы, па ёй можна і ехаць прама ля школы і ля могілак, ехаць і ехаць, аж пакуль не выскачыш на шашу, дзе брук, дзе так не гушкае ў кабіне і дзе Валерка ні разу не ехаў. Можна ехаць далей, за масток, можна, - дарозе ж няма канца... Ехаць з ім, з Валеркам...

У Сцяпана нешта цёплае палілося ў грудзях, пасля стала горача ўсяму...

- А ты, брат, быў калі ў Сушкаве? Сушкава - вёска за Сцешыцамі.

- Быў. У магазін хадзіў з мамай.

- А за Сушкавам? Далей туды, на шашы?

- Не-е... - Нясмела зірнуў на Сцяпана Валерка, і ў яго загарэліся вочы.

- А хочаш, мы аж на шашу махнём? Гм?

- Хачу... - У Валеркі гарэлі вочы, і ён увесь раптам задрыжаў.

- А хочаш ехаць і ехаць... - Сцяпану было горача, ён выціраў з твару пот. - Ехаць цэлы дзень. Дзень да вечара.

- Х-хачу...

- А хочаш аж у горад? Да мяне ў горад?

Валерка маўчаў.

- Да мяне ў госці. У горад. Там, брат, трамваі і цырк. Там - звярынец на Камароўцы. Там, брат, мядзведзі, сланы, - сказаў ён і падумаў, што яму вунь як хочацца, каб Валерка паехаў з ім, і яшчэ падумаў, пасля ўжо: «Мае ж права з'ездзіць у госці сын да бацькі».

Валерка маўчаў.

- Ну, брат, як?..

Валерка раптам нечага заварушыўся, замахаў рукамі, аж падскочыў на сядзенні, у вачах у яго мільгнуў страх. Пасля Валерка супакоіўся і маўчаў. Маўчаў, схмурнеў і Сцяпан. Больш у Валеркі ён нічога не пытаўся. Яны мінулі масток, сталі падымацца на горку. Насустрач ім паплыла школа, пакрытая чырвонай бляхай.

- Сцяпан, а ты не маніш? Ты і прыходзіў учора, каб везці мяне ў горад?

Сцяпан зноў уздрыгнуў. Памаўчаў, як і Валерка.

- Не, брат, не. Не маню.

- А я хачу. Хачу ў горад і да мамы хачу...

На Сцяпана тады нахлынула нешта зусім незнаёмае... Яму захацелася выпусціць з рук руль к чортавай мацеры і падхапіць у ахапак гэта ўмурзанае хлапчаня... Ён памкнуўся быў увесь наперад, затармазіў пасля адпусціў тормаз, зірнуў на спалоханага Валерку - таго штурхнула было - і, паклаўшы яму руку на плечы, доўга ехаў, кіруючы адной рукой. Тады прыняў руку ў яго з плячэй і асцярожна пагладзіў па галаве. Пачуў, што валасы ў яго пасля машынкі шорсткія і што спацела рука.

«Якая сёння цяжкая дарога», - падумаў ён. Яму захацелася курыць, але ён не стаў.

- Ну вось і парадак... - нарэшце сказаў ён і падумаў:

«Да горада яно, брат, мусіць, для цябе далекавата... Я цябе - яшчэ трошачкі... Ну, вось сюды, да школы, ну... да могілак. Ну, скажам, да магазіна ў Сушкаве. Тут ты быў, ведаеш дарогу, вернешся сваімі малымі ножкамі назад, прыйдзеш дамоў да мамы, дабяжыш. А то цябе хопяцца дома... Хопяцца - і няма. - Ён доўга думаў: хопяцца. - Хаця мы, брат, з табою не малыя дзеці. Дадзім тэлеграму. З дарогі, калі ўжо на тое пайшло-паехала. Так і так. Сын у бацькі ў горадзе. Жывы-здаровы, таго і вам жадае...» Сцяпан доўга глядзеў на дарогу.

- Толькі ты, брат, нешта сцішыўся. Не спі. А так у мяне з табой хірым будзе кароткі. Станцыя Беразай...

Валерка зарагатаў...

- А я знаю, што гэта. А я знаю...

- Ну вось. Не спі. Угавор.

«Хлапчаня, - думаў ён. - Намарылася за раніцу, набегалася, надыхалася - засне як піць даць. Што птушка сцюцюрыцца. Вось табе і маеш. Вось табе і будзе горад. Сланы-мядзведзі. Горад... - Ён уздыхнуў. - А ў мяне, у горадзе, брат, дом. Ты, брат, не знаеш. Вялікі дом. На Сельгаспасёлку... Туды з Камароўкі два аўтобусы ходзяць. Дом сам строіў, тры гады. Ён у мяне на дзве палавіны, у адной тры пакоі, у другой... Кухня асобна. Веранды дзве. Я яго на нямецкі вугал... Вокны, брат, з аканіцамі. Аканіцы зялёныя, і веранда зялёная. Сёлета вясной у новую фарбу перашарсціў. Падмурак высокі, з цэменту. Яго я, брат, у белую фарбу ўзяў. У мяне, брат, дом, - ваўкоў ганяй. У мяне, брат, дом... Але ў ім пуста. У ім, брат, і не спяць, і не смяюцца дзеці. Не плачуць. Не б'юць талерак і акон. У мяне, брат, каторы год цэлыя вокны ў верандах. А каб ты быў... Ты б, я знаю... За табой шыбін не налатаўся б... А так, брат, яны цэлыя. Цэлыя, брат...»

Сушкава праехалі толькі краем: дарога вёскай не ішла. Па вуліцы гналі скаціну, і давялося пастаяць, каб размінуцца.

Калі зноў у вокнах закруцілася поле - пабегла назад, Сцяпан сказаў зноў:

- Не спі...

Валерка расчырванеўся ад духаты, на носіку ў яго выступіў пот. Вочы пасалавелі: закалыхала.

- Не спі, брат... - ціха сказаў Сцяпан і падумаў:

«Маё ты хлапчанё... Мы з табой, брат, паедзем проста да мяне, на Сельгаспасёлак. Мы з табой, брат, пачнём жыць па-мужчынску. Я, брат, і шмат не п'ю, а то і зусім кіну. Я табе і тэлевізар куплю, і рыбак... Я табе, брат... Я табе ўвесь дом аддам. Я строіў яго, бо думаў, што ў мяне пойдуць такія, як ты... Ажно... Але ў мяне ёсць ты. Ты ёсць у мяне. Табе нялёгка будзе ступіць да мяне на парог, не думай надта. Не думай, што гэта проста. Верка - яна як і ўсякая жонка. Што ты... Тут, брат, не скандал будзе, а нешта большае. Верка - то яшчэ Верка, а цешча... Але мы з табой - мужчыны. Мы, брат... А Верка... Верку я люблю... Каб не любіў - не жаніўся б. Праз Верку я, брат, згубіў быў цябе. Было. Але я яе люблю і не кіну. Яна разумная... Толькі... Толькі ці палюбіць цябе яна так, як я... Яна, брат, і мяне не ведаю ўжо, ці любіць. Хто скажа? Ды я ў яе пра гэта не пытаюся ўжо, ды і ні ў кога. Я, брат, яе люблю, колькі хочаш і каму хочаш пра гэта скажу. А яна? А яна і з другой змены пазней прыходзіць, і ў грыбы часта з «падругамі» ездзіць. І раз ноччу позна з'явілася - у «падругі» імяніны былі. Яно, брат, так. Не будзеш жа сачыць. Можа, брат, я і лішняе думаю пра яе... А Волька... Ты, брат, малы, ты нічога ў гэтым не разбярэшся, хоць і мужчына. Так, брат, выйшла. Толькі я цябе нікому не дам. Ніякаму экскаватаршчыку. Каб ён над табой... Ты, брат, мне сын. Ты сын мне... Вось так...»

Машына імчала палявой дарогай, уздрыгваючы на каменні. Калі Сцяпан, высунуўшыся з кабіны, азіраўся назад, згледзеў, як падымаецца ўслед за імі пыл і стаіць над дарогай. Недзе над лесам за Сцешыцамі вісеў дым, і далёка-далёка за ім жаўцелася поле - маленькая палоска. Калі ўгледзецца, - там былі відаць белыя будынкі, але на сядзенні страшэнна зыбала. Сцяпан падумаў, што ў пачатку дарогі заўсёды азіраешся назад, як нечага забыўся...

Ён павярнуўся, пакратаў плячом:

- Эх ты, мой сонны чалавек. Ты нават не пачуў бы, каб я табе пра ўсё гэта гаварыў. Ты, брат, спіш. Заваліўся мне за плечы і спіш. Ну што мне рабіць з табой? Што? Скажы. Я ўжо ў цябе пытаюся. Ты мужчына. Сам скажы. Тут, яно, Валерка, сур'ёзна. Гэта табе, брат, не ў хаванкі з дзецьмі гуляць у Сцешыцах на вуліцы. Тут ёсць бацька, маці, ёсць суд. Тут, яно, брат... Маўчыш усё? Ну а мне што рабіць? Што рабіць бацьку, у якога адзін сын... Гарачы, сонны... Босы, з абдзёртай ножкай... Ну, не маўчы!..

Валерка спаў.

Ля дзвюх старых разгатых бяроз канчалася дарога, што ішла ад Сушкава полем, і Сцяпан выехаў на шашу. Азірнуўшыся яшчэ раз назад, ён заўважыў толькі, як радзее і растае пыл.

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая