epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Пташнікаў

Танцы

Ён доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма, глядзеў у закураную ўгары ля коміна столь і ніяк не мог даўмецца, чаму над ім шуміць лес... Шуміць, як бы сабраліся з усяго канца вёскі бабы і шэпчуць над вухам.

Яшчэ ён чуў, як нешта лопае ў галаве, як адубелі ногі, - іх не скранеш, не варухнеш пальцамі. Ён тады адно толькі і зрабіў, што павёў вачамі - рэзала, як бы малаціў у таку цэлыя суткі ячмень і ў іх набілася дробнага-дробнага, пасечанага, асця, якое можна дастаць толькі языком. У нагах убачыў, як з'ехала да брыжа і звісае аж на падлогу некалі чырвоная ў жоўтыя кветкі, тканая ў два ніты са зрэбнага рыззя пасцілка, што прыкрывала салому. Пасцілка выліняла, але і цяпер яшчэ калючая, уся ў кастрыцы, - адчуваеш босымі нагамі. Ён убачыў і брыж ложка з белых негабляваных яловых дошак. У ложку былі клапы, і Юлька іх выганяла лучынай з агнём, - на дошках чарнелі палосы, нібы хто сцёбаў па іх анучай, якой бяруць з прыпечка гаршчок з бульбай.

Ён здагадаўся, што прачнуўся, што яго разбудзілі, калі ён, мусіць, сніў сон. За сцяной недзе крычалі і дугалі па зямлі нагамі: дуг, дуг, дуг...

«Каторы раз вачэй не даюць звесці, - падумаў ён. - Паназбіраецца баб з усёй вёскі... Панаводзяць з сабой пісклят...»

Ён сеў, звесіў ногі з нізкага ложка аж на падлогу, - яна тут, у парозе, была халодная, як сырая зямля, - і падпёр рукамі падбародак. Сядзеў доўга, аж пакуль ад вострых худых локцяў не забалелі калені. Тады стаў пагойдвацца, мусіць, каб адышла балючая паясніца, паволі-паволі. Пад ім зашастала збітая на ўмецце салома і зарыпелі дошкі ў брыжы, што ад сцяны. І яму зноў здалося, што над галавой шуміць лес, сасняк, праз які яму, Піліпёнку, заўсёды трэба ганяць леспрамгасаўскіх коней з участка, дзе былі дзве новыя канюшні, да вады на Плавы. Зімой і летам. Другі ўжо год пасля вайны ў іх, у Лесніках, быў леспрамгас. Дзень і ноч ён, Піліпёнак, шлэпаў за коньмі да самай ракі, - за тымі, якіх позна выпрагалі возчыкі, і трухаў конна за жарабятамі, якія пёрліся куды глядзелі вочы. Зімой пад нагамі ў коней хрумсцеў снег, летам звінела аб падковы каменне, і толькі лес заўсёды на адны лады шумеў над галавой: манатонна, густа і нудна. Да яго цяжка было прывыкнуць, ад яго заўсёды ішоў па спіне шорах і балела доўга галава. Тады Піліпёнак стараўся хоць што гаварыць: калі не да коней, дык сам да сябе, каб толькі не маўчаць. Так у Лесніках сталі шаптаць, што ён вар'яцее, і, сустрэўшыся з ім, кожны спыняўся і доўга глядзеў услед. Гаварылі, што Піліпёнак не любіць людзей, бо ён не ішоў ні да каго ў вёску. Жыў на ўчастку ў кладоўцы, дзе скідвалі, а зімой сушылі хамуты і ўсякую леспрамгасаўскую вупраж, і рэдка паказваўся ў Лесніках. Аднаго яго нідзе ніхто не бачыў - толькі з коньмі.

Не хадзіў Піліпёнак і ў кантору на ўчастак, што была недалёка ад канюшні, - за лазняй, дзе сушылі бярозавыя чуркі для леспрамгасаўскіх машын - «чугрэяў». Не браў у касіра, які прыязджаў заўсёды на легкавой машыне на ўчастак, зарплаты. Хадзіў толькі ў магазін, які быў у канторы з прыходу ля дзвярэй, і браў у васпаваценькага магазіншчыка Федзі, на якога ніколі не падымаў вачэй, бохан хлеба і кіло цукерак-падушачак. Ніколі не плаціў грошай і прыходзіў да Федзі, відаць, тады, калі не было чаго есці. Затое за ягоную зарплату ў касіра ў ведамасці заўсёды распісваўся Федзя. Казалі, што ён абдурваў Піліпёнка (адным хлебам зарплаты ніколі не выбераш!), казалі і другое, што вось добры чалавек знайшоўся: дарма корміць людзей і што на яго месцы так зрабіў бы кожны. Ды з рабочага па якому граму і схітрыць можна - рабочыя народ добры.

Ніколі б не пайшоў Піліпёнак у вёску, калі б не захварэў. Бальніцы блізка не было, у раён ехаць ён не даўся, не ўгаварылі, хоць прыслалі па яго з лесу з дзялянкі нават легкавушку, на якой касір прывозіў зарплату. Але ж хто яго, старога і хворага Піліпёнка, стане даглядаць у той кладоўцы? І яго адвезлі на той жа легкавушцы ў хату да Юлькі, якая жыла ў Лесніках ля самага лесу і хадзіла мыць падлогу і паліць зімою грубкі ў канторы. Цэлы месяц праляжаў Піліпёнак у Юлькі ў запечку, пакуль зноў не вярнуўся да коней. А вярнуўшыся, пацягнуўся ў сушылку і ў магазін да Федзі. Перастаў гаварыць сам з сабой, прыходзіў адзін раз у вёску да Юлькі і сядзеў у яе на двары пад варывенькай, гледзячы за раку на выган, дзе пасвіліся коні. Юлька яго ніколі не праганяла, чулі нават, як яна казала яму, што ён можа жыць у яе ў першым пакоі (там жа ніхто не начуе), але ён не ішоў. Толькі часам - з суботы на нядзелю, калі за яго на начлег ездзіў напарнік, Піліпёнак мыўся тады самы апошні ў лазні - сушылцы для чурак, - якую сам паліў і ў якой грэў каменнем у бочках з-пад селядцоў ваду. Першым мыўся начальнік участка, які любіў хвастацца, не баяўся чаду і якому трэба было ехаць дадому аж за пяць вёрст; потым - мужчыны-рабочыя, што заставаліся на ўчастку, пасля Юлька з бухгалтаркай з канторы, і, калі была цёплая вада, мыўся і Піліпёнак. Пасля лазні апранаў новую фуфайку, якую яму выдаў Федзя вясной з магазіна, і ішоў у вёску. Ішоў начаваць перад нядзеляй у хату да Юлькі, на той ложак, які стаяў ля самага парога ў запечку і на якім гэтулькі праляжаў ён «пасля прастуды».

 

...Яму хацелася спаць. Учора ўсю ноч калясіў па балоце на Плавах, выбіўся аж на луг пад пушчу, пабываў ля крыніцы, а нідзе не было і звання таго жарэбчыка, перазімка. Ён быў ад сівой маленькай кабылы-сібірачкі, такі ж малы і шалёны - скура на ім гарэла.

Толькі пад самую раніцу, калі на Плавах закурэўся туман і лагі сталі белыя, як ад снегу, жарэбчык заіржаў у Земфондзе на пасецы: залез у грэчку.

«Лезе пад ваўкоў... Зарэжуць - не адробіш да смерці».

Пад раніцу, калі Піліпёнак заняў і пагнаў жарэбчыка да коней, усхадзіўся вецер; сыры і востры, ён працінаў да касцей. Было холадна ў ногі, і зябла спіна. Тады, раніцай, пад ветрам зашумеў лес. Зноў - густа і нудна, і зноў па спіне пайшоў шорах, як і раней, пачалі бегаць мурашкі. Ён адчуў, што яго водзіць галава.

«Воўк іх рэж, гэтых коней...»

Так ён і сказаў сёння раніцай начальніку ўчастка, чулі ўсе возчыкі, - запрагаліся ехаць на тралёўку.

Начальнік маўчаў, заняты быў, ці што? І Піліпёнак, не падымаючы на яго вачэй, зноў сказаў: «Воўк іх рэж!» - і пайшоў на дарогу, што вяла ад канюшні да Леснікоў.

Ён пагойдваўся на ложку - пад ім шамацела старая салома - і думаў, што, калі ён ішоў сёння да Юлькі, здавалася, не было і ветру, а так шумеў лес... А можа, і тады, калі ён зганяў з грэчкі жарэбчыка, не было ветру?.. Мо стала холадна ад таго, што вымак, поўзаючы па кустах?

На дварэ быў дзень і свяціла сонца. На падлозе ля парога блішчэла жоўтая вышчарбленая квадратная паласа - ад акна, якое рогам закрывала старая Юльчына шырокая шафа. Яму, калі ён, расплюшчыўшы вочы, утаропіўся ў падлогу, здалося спачатку, што там валяецца далікатная новая жоўтая хустка з загнутым ражком. І яму тады захацелася падняць яе з-пад ног («Такое дабро топчуць»). Ён выпрастаўся, з-пад падбародка ў яго выкаўзнуліся рукі і, матлянуўшыся, апусціліся на калені. Недзе ў парозе на судніку, дзе была пасуда, бразнула і зазвінела нешта шкляное.

Падняўшы рукі, ён доўга цёр пальцамі вочы, аж пакуль яны не сталі балець. Яму здалося яшчэ, нібыта трапіў у цёмную, як ноч увосень на начлезе, хату, дзе па сценах ходзяць жоўтыя кругі. Жоўтыя і чырвоныя, як полымя ноччу ад агню з печы, ліжуць сцены. Ён адчуў, што і пальцы ў яго шорсткія-шорсткія, як старая яловая карына... Перад вачыма ў яго ўсё яшчэ вісела шэрае, што туман, павуцінне. Ён выпрастаў тады пальцы і правёў далонямі па твары. Падумаў, што не помніць, калі бачыў сябе ў люстэрку. Можа, перад самай вайной. Але ўспомніў, што і тады ў яго быў лоб увесь у складках і на шчоках пажаўцела скура. Пачалі расці дробныя сівыя валасы каля самых вачэй, хаваючы маршчыны. Цяпер яму здалося, што твар яго шорсткі, цвёрды і халодны, як камень, і яму стала на нейкую хвіліну шкада чагосьці далёкага-далёкага і зрабілася ўсяму горача. Успомнілася чамусьці самае высокае месца ў бары за Леснікамі, дзе людзі капалі жоўты пясок і ямы; белае каменне - валуны, і сырая-сырая зямля... Ён нават пачуў, як яна пахне... Гэта самае першае, што ён, мусіць, пачаў помніць малы, бо прападаў на выспе дзень і ноч... Яму здалося цяпер, што ён зусім дзіця, як і Колечка, яго ўнук. Тады адразу падумаў, што трэба было падстрыгчы бараду хоць бы ножніцамі, калі не пагаліць. Схадзіць бы да Федзі, у яго ёсць яшчэ даваенная машынка, і ён перад лазняй заўсёды стрыжэ леспрамгасаўцаў, за што яны скідваюцца па рублю і п'юць з ім самагонку. Леспрамгасаўцы-возчыкі любяць піць. Але ж дзе ты таго Федзю ўпросіш: ён ад цямна да цямна ў магазіне. Калі няма возчыкаў ці баб з Леснікоў ля прылаўка, ён, замкнуўшыся ў кладоўцы, грукае нечым там увесь дзень. Каб толькі падпільнаваць Федзю, калі будзе лазня. Але ж цяпер лета, начальнік участка даўно не мыўся, відаць, купаецца ў Віліі, калі ездзіць да возчыкаў. То хіба і яму, Піліпёнку, лезці ў раку на старасці? Не, у ваду ён не палезе, ён вунь як баіцца змачыць на начлезе на Плавах ногі. Толькі ж каб узяў ды напаліў для сябе аднаго лазню. Чурак там цяпер процьма. Але ж так на ўчастку ніхто яшчэ не рабіў.

Зноў пачалі дугаць нагамі, бегаючы на дварэ вакол хаты: дуг, дуг, дуг. Скрыпелі вароты, што былі ў гародчыку, - відаць, на іх каталіся, насеўшы, дзеці.

Калі ён стаў на ногі, у яго зашумела і залопала ў галаве, падперла ззаду шыю - не выпрастаеш. Тады ён падумаў, што віною ўсяму дзеці.

«Так грукаць... Піскляты. Галаву адбіць можна... Хату абярнуць можна...»

Ён падаўся да парога, цярэбячы рукою худыя грудзі. Ішоў памалу, думаючы, што пачынае балець галава і вунь як цягне на сон. І не сціхае шум, як бы вісіць зашыты ў мяшку там, пад столлю, дзе шасток з цыбуляй. Ён гэтыя два гады не любіў так свой чорны з магазіна хлеб і чырвоныя «падушачкі», як сон. У сне ён бачыў выспу, парытыя ў сырым пяску ямы і малога сябе. У сне над ім ніколі не шумеў лес, не было коней і не было так нудна. Не балела сярэдзіна і не трэсліся рукі. У сне ён бачыў Колечку...

З-пад дзягі ў яго выехала чорная, колькі ўжо разоў не мытая картовая кашуля, напялася, як накінутая на абруч, і калі ён, ідучы, махаў рукою, чуў, што яна здубела, як мокрае на марозе. У сенцах ён доўга не мог знайсці клямкі, а знайшоўшы, доўга не мог адчыніць дзвярэй, пакуль не здагадаўся, што яны, мусіць, аселі. Падняўшы іх і адкінуўшы да сцяны, ён выйшаў на падворак і ўбачыў, што, мусіць, сваім грукам спалохаў і прагнаў ад ганка белых Юльчыных курэй, і яны адскочылі аж пад асвер, дзе ляжала пасцілкі са дзве растрэсенага сена. Успомніў, што Юлька загадала раніцай дзецям «ганяць з панадворку куры». Прыхінуўшыся да сцяны, ён заўважыў, што падгніло з двара ў старой Юльчынай хаце бярвенне і што між пазоў вісіць сухі мох чортведама якой даўнасці; падумаў, што Юльцы вунь як трэба перасыпаць хату і што ёй цяжка нанасіць на плячах травы карове на ўсю зіму, хоць Юлька і маладая - па гадах яго дачка. І памагчы ёй няма каму: жыве з малой. Знайшоўся, калі былі партызаны, Юльцы муж, але пасля вайны пра яго ні слуху ні духу, відаць, кінуў бабу, бо казалі, што бачылі яго аднаго разу на рынку.

На дварэ ярка свяціла сонца - біла ў вочы, - і ён, засланяючыся далонню, падаўся да частаколу; у цяні, дзе сцяна, не было за што трымацца. Між частаколу з гародчыка на двор лез агрэст і калоўся ў пальцы; ён адрываў тады рукі ад частаколін і цёр пальцамі аб злубянелую кашулю.

Пакуль дадыбаў да варотцаў у гародчык, задыхаўся, - сэрца трапяталася, як у птушкі, ад поту змоклі і лоб і бровы. Ён прыхінуўся да старога дубовага вушака, на якім віселі варотцы, і доўга яшчэ не мог угледзець, што ж робіцца ў гародчыку: з-за маладога дубка, што рос ад вуліцы, па вачах сцябала калючае сонца, як хто махрамі ручніка.

Ён тады апусціў вочы долкі.

Убачыў, што з прыходу ад варотцаў было чыста падмецена і пасыпана жоўтым пяском. Пяском былі спырсканы і камлі дуба, і маладой яшчэ грушы-дзічкі. На пяску валялася прытаптанае абабітае зялёнае лісце ад бэзу і чаромхі. Тут жа, пад самымі варотцамі, стаяў жоўты ржавы магазын ад старога, даваеннага яшчэ ліхтара, з якім у Лесніках хадзілі ўночы на ферме вартаўнікі; валяліся парожнія бутэлечкі з-пад адэкалону, карабкі ад запалак, на шчарбатым сподачку ляжалі пакрышаныя грушы-дзічкі. Воддаль, пад прызбай, ляжаў чырвоны круглы камень ад старых Юльчыных жорнаў, якія яна купіла ў вайну і ў якія насілі да яе мліва з усіх Леснікоў. На камені сядзела Юльчына Лінка (ён заўважыў яе толькі тады, калі падняў галаву), плячыма да яго. Схіліўшы калматую белую галоўку на плячо і закінуўшы нагу на нагу, яна дзвюма рукамі расцягвала вялікі гармонік, зроблены з цэлай газеціны, перабірала на далонях пальчыкамі і лапатала на чым свет стаіць:

 

А-ля-ля-ля, ля-ля-ля,

А-ля-ля-ля, ля-ля-ля...

 

Ён доўга лыпаў вачыма, пасля, падняўшы рукі, пачаў церці вочы пальцамі, як і тады ў хаце. Праклятая шэрая павуціна вісела і тут, недзе перад самым носам, і ён ніяк не мог яе змахнуць.

Ён цяпер нічога не бачыў, чуў толькі, што дугаюць і дугаюць нагамі.

«Піскляты...» - падумаў ён і, яшчэ не ведаючы, што стане рабіць, падаўся адшчапіць кручок ад варотцаў у гародчык.

Яго, мусіць, яшчэ ніхто не згледзеў: у гародчыку былі заняты сваім.

Юльчына Лінка расцягвала на ўсе рукі папяровы гармонік, а ля самай прызбы (ён толькі цяпер убачыў іх) на ўбітай дарожцы пад старым разгатым бэзам круціліся ў парах дзяўчаткі. Дзве пары - чатыры дзяўчынкі. Адну з іх, самую меншую, ён не пазнаў, трое ж былі дочкі Юльчынай суседкі Шульгі, якая рабіла на ўчастку дарожніцай і не мела мужа. Іх пазнаў ён адразу: яны былі як блізняты, усе чорнагаловыя з бліскучымі чорнымі вачыма і ў аднолькавых сукеначках з карычневага пакамечанага і палінялага корту. У валасы яны пазапляталі белыя стужкі, відаць, падраўшы на палосы паркалёвую хустку, акрамэскі ад якой віселі на частаколе. Босыя ногі іх былі чыста вымыты, і да іх паналіпала жоўтага пяску. Ашчапіўшы адна адну за плечы, яны круціліся і тупалі па ўбітай сцежцы нагамі: дуг, дуг, дуг...

«Танцы...» - чамусьці першае падумалася яму; пасля ён падумаў, што яны зусім яшчэ малыя. Юльчына Лінка то хоць хадзіла ўжо ў школу, зіму ці дзве, ён добра не помніць... А Шульга... Адной трэба было ўжо, відаць, і пайсці, але маці летась яшчэ не пусціла: не было з кім пакінуць меншых. Ён доўга думаў, што яны ж яшчэ зусім малыя і што ім за гэтыя танцы трэба было ўсыпаць дзягі. Пасля яму неяк стукнула ў галаву, што ў іх усё гэтак жа, як і ў Лесніках на вечарынках. Ён, Піліпёнак, помніць, як колькі тут дзён назад, калі прыязджалі ў вёску салдаты на машыне вазіць снапы, справілі на ферме вечарынку. На дварэ, на дзядзінцы. Тады гэтак жа, як цяпер Юльчына Лінка, сядзеў ля плота на камені маладзенькі салдат і расцягваў белы гармонік, тады гэтак жа, як цяпер дзеці, танцавалі з салдатамі на дзядзінцы леснікоўскія дзяўчаты...

Ён толькі цяпер убачыў, што ў Лінкі на галаве была пілотка з газеты, маленькая, трымалася на самай макаўцы, як прылепленая.

Дзяўчынкі дугалі нагамі, выгіналіся, прысядалі, «факстроцілі», крычалі «злева» і перабягалі адна да другой.

«Малыя - што старыя...» - ён уздыхнуў, цяжка, на ўсе грудзі, сам не ведаючы чаму. Пасля абапёрся на дубовы вушак; зашумела ў галаве - недзе ззаду, у патыліцы. Падперла нечым шыю, не крануць было галавы. Стала цяжка дыхаць. У гародчыку закружыліся карычневыя матылькі. Ён падумаў, што з ім такога яшчэ не было, што ён можа зваліцца з ног, - хацеў закрычаць, але сціснула горла... Ён ухапіўся абедзвюма рукамі за частаколіну і сціскаў яе з усёй сілы... Пачуў пасля, што баляць пазногці, як бы хто совае пад іх чым вострым.

Ён яшчэ не ўпаў.

У яго перад вачыма кружыліся карычневыя матылькі, раслі, рабіліся вялікімі матылямі, махалі крыллем, перагіналіся і ўзляталі ў неба. Здалося, што ў вёсцы з хат пазрывалі стрэхі, падкінула ўгару і яны вісяць там, вісяць і кружацца; здалося, перагнулася вуліца, і ён тады ўбачыў далёка-далёка, недзе на краі свету, другі канец вёскі і свой пусты агарод пад раку, на якім ад пажарышча засталося толькі белае каменне... Белае як снег; блішчыць на сонцы. Пасля другі канец вёскі падняўся высока-высока, туды, дзе лёталі карычневыя стрэхі ад хат, і сюды, пад лес, на ферму, пакацілася вуліцай белае каменне. Белае, як снег... Ён нават чуў, як яно грукае, коцячыся: дуг, дуг, дуг, лясь, лясь, лясь...

Толькі б не зваліцца з ног - яно прыдушыць, засыпле. Але яно не кранула яго; яно падкацілася да ног і застыла... Каменне... Яго каменне, з яго хацішча, дзе ён некалі жыў - даўно... Сто гадоў назад... Дзе ў яго быў бацька, маці, дзе ў яго быў сын і ўнук Колечка... Дзе праз акно з хаты была відаць рака - доўгая-доўгая і белая. Белая, што каменне ля ног. Якое яно халоднае! Як лёд... Ведама, воблакі з неба, гэта ж вунь аж куды паднялася вуліца ў тым канцы... Ён гладзіў яго рукамі, - яно было халоднае і шорсткае, і, калі доўга гладзіў яго, балелі пазногці...

Тады яму раптам здалося, што ён маленькі-маленькі пабег у поле ў Земфонд за авечкамі. На выспе гарыць агонь, ля агню яго бацька - стары, няголены, у заношанай картовай кашулі. Восень, мароз сцяў зямлю, на полі груда, белая груда, а па ёй разбрыліся авечкі. Пасвяцца па зялёнай руні... А рунь зялёная і ў белым інеі. Цёпла ля агню, і хочацца капаць зямлю, - выкідаць наверх, на самую выспу, жоўты пясок. Але мароз сцяў зямлю ў камень, і ад таго баляць пазногці, калі доўга грабеш пясок...

Пасля ён неяк падумаў, што гэта не ён, малы, быў з бацькам на полі, а Колечка, з ім жа, дзедам. І гэта не ён, а Колечка так любіў корпацца на выспе ў жоўтым пяску...

Раптам ён адчуў, што яму холадна, і ўспомніў, як у Земфондзе, не на выспе, а бліжэй да вёскі, дзе былі бульбяныя ямы, пасля апошняй блакады ў партызанскім акопе знайшоў кажух. Кароткі кажух, да калень, заплесніўся быў ужо, але з добрых аўчын і цёплы. У яго ён хутаўся ўжо дзве зімы, калі начаваў у канюшні ля коней у праварыне ці склеў у сушылцы.

Ён добра помніць, што тады, пасля блакады, калі ў вёсцы нікога не было і калі летам стаяла такая цішыня, што шумела ў вушах, хадзіў адзін па вогнішчах і партызанскіх акопах, чакаючы, што з Паліка вернуцца людзі, сын Міша і Колечка... Колечка ўжо быў тады, калі з Леснікоў уцякалі на Палік, такі, як цяпер дзеці Шульгі... І ў яго за плячыма была маленькая белая торбачка... З сухарамі. Торбачкі многа ў каго былі за плячыма... У маленькага Колечкі торбачка... Усё адно як да авечак у поле выпраўлялі...

З Паліка не вярнуліся ні Міша, ні нявестка, ні Колечка. Ён іх перастаў чакаць... Ён пасля неўзлюбіў белыя торбачкі, не мог на іх глядзець, калі ў іх насыпалі аўса і давалі коням леспрамгасаўскія возчыкі. Тады ў яго пачынала шумець у галаве.

Калі ён успомніў пра коней, успомнілася чамусьці, што недзе на свеце - ён забыў, што гэта ля яго ў гародчыку, - ёсць танцы. Носяцца ў крузе карычневыя матылькі-людзі, носіцца ён сам, яго сын Міша з нявесткай і Колечка...

Колечка... Ён добра помніць яго твар - белы-белы і белую галоўку. Белыя рукі... Не, Колечка не быў белы. Але чаму ён у памяці белы-белы?

Тады Колечка стаў карычневы, як дзеці Шульгі, і закружыўся ў танцы. Маленькі-маленькі і раптам вялікі, як Міша, а тады зноў маленькі. Яго падхапіла пад пашкі тая маленькая дзяўчынка, якой не ведаў ён, Піліпёнак, якая, мусіць, была дачкой Юльчынай сястры, - прыехала з горада і давай дугаць нагамі: дуг, дуг, дуг. Пасля адбеглася ад яго некуды далёка-далёка на вуліцу, аж у той канец вёскі, і закрычала:

- А я балетніца!.. А я балетніца!.. - і пусцілася адтуль у скокі на адной назе, стоячы на белым камені.

Камень каціўся проста на Колечку...

- Колечка!.. Ко-леч-ка!.. Тваю маць!..

Яму стала шкада Колечкі, яму здалося, што на Колечку коціцца з таго канца вёскі, дзе былі могілкі, смерць.

- А я балетніца!.. А я балетніца!.. - на камені была Юлька, уся ў белым, пасля - ягоная, Піліпёнкава, бабка, якой ён зусім ужо не помніць, пасля - маці. Ён хацеў крыкнуць: мама! Яму так захацелася крыкнуць «мама!». Ён даўно-даўно такога не крычаў, - сто гадоў. Але на камені быў ужо нехта чужы, пасля сталі скакаць адна за адной бабы з усіх Леснікоў.

- А я балетніца!.. А я балетніца!.. А-ля-ля!.. - каціўся і каціўся белы камень, проста на Колечку. Над каменем круціліся стрэхі, пазрываныя з хат.

Колечка стаяў адзін, ужо не ў гародчыку, а за Леснікамі на выспе, і ў яго на плячах была белая торбачка. Стаяў там, адкуль кожны дзень два гады чакаў яго Піліпёнак, чакаў, што ён будзе ісці і весці за руку Мішу...

- Колечка!.. Сынок!.. - ён закрычаў і выцягнуў уперад рукі, і тады адразу знік белы камень, тады памчаўся, запрэжаны ў калёсы, белы конь. Леспрамгасаўскі Баян, шалёны, раз'ятраны, на якім ездзіў начальнік участка. Памчаўся проста на выспу, на Колечку. На сонцы блішчэлі, як агонь, белыя колы ў калёсах.

- Колечка!.. - выцягнуўшы рукі, ён кінуўся пад калёсы.

Выпусціўшы частаколіну, Піліпёнак падаў на каменне пад прызбай.

 

«Янук!.. Янук!..»

Яго клікала Юлька, а яму здавалася, што ён бег з вёскі, бег, як толькі мог, на выспу, на ўчастак, дзе былі яго коні, яго сушылка, у якой зімой цёпла і ціха трашчаць у печы дровы, - і гэта Юлька хоча вярнуць яго.

«Янук!.. Янук!..» Здавалася, над полем вечар і крычыць, плачучы, груган, здавалася, за ім, Януком, бегла ўся вёска, бег Федзя і начальнік участка. Яны смяяліся, што стары Янук звар'яцеў па Колечку... Яны лавілі яго ў лейцы, як ён, Янук, часта лавіў са сваім напарнікам на Плавах начальнікавага Баяна. Яны крычалі яшчэ, што не дадуць больш яму глядзець коней, што ён здурнеў, што яго не пусцяць на ўчастак, не пусцяць начаваць у сушылку... А ён быў рады, што бяжыць з вёскі, ён ім крычаў, што ён ніякі не вар'ят, што Колечка яго жывы. І што яго, Янука, ніхто не можа прагнаць ад коней, бо ў яго ж нікога, нікога няма, толькі коні, і што яго не прагоняць з сушылкі, бо дзе ён тады будзе жыць. Да Юлькі ў вёску ён ніколі ўжо не вернецца, бо там ёсць дзеці, бо дзеці спраўляюць танцы, а з імі няма Колечкі.

Яны яго ніколі б не дагналі, каб не дождж. Дождж урэзаў ужо ля самага лесу...

Калі ён расплюшчыў вочы, убачыў над сабой Юльчыну ў чырвоныя клеткі хустку, пасля - яе вялікія-вялікія вочы. Калі яна адхінулася, ён убачыў неба, высокае-высокае, з белымі маленькімі воблачкамі, як насенне малачаю. Там, недзе ўгары, было сонца. Яшчэ ён убачыў над загуменнем цяжкія белыя хмары. Яны паўзлі на вёску. Пад імі над галавой дрыжала груша-дзічка, на малым дубе былі зялёныя жалуды, на адцвілай дзікай грушы завязаліся зялёныя збаночкі. На частаколіне ля яго віселі дзіцячыя хустачкі.

Ён крануў рукою, каб за што зачапіцца і ўстаць, - намацаў ля сябе паперыну. Убачыў пасля, што гэта пакамечаны гармонік з газеты.

Калі яму памагла падняцца Юлька і ён сеў, - угледзеў ля сваіх ног перавернуты дагары магазын ад ліхтара; пад ім ляжала, прыціснутая, папяровая пілотка.

На двары было ціха і пуста, па сене ля студні хадзілі куры, у куточку, між частаколам і хатай, збіліся ў кучу дзеці і пазіралі на яго, як спалоханыя птушаняты. Ён убачыў, што ў іх чорныя, у гразі і ў крыві, паабдзіраныя ногі.

«Бегалі па Юльку на поле, дзе жнуць», - падумалася яму.

Ідучы па двары і абапіраючыся на частакол, ён бачыў, як за ім ідуць ззаду дзеці і маўчаць.

Ля ганка яго падхапіла пад руку Юлька, і ён змог яшчэ азірнуцца назад. Варотцы ў гародчык былі расчынены, а там, дзе ён ляжаў, скакала на адной ножцы незнаёмая дзяўчынка. У руках у яе быў пакамечаны папяровы гармонік.

І тады ён успомніў усё, што здарылася, і ўжо на парозе заплакаў на ўсе грудзі - сіпата і хрыпла.

Дзеці прыйшлі за ім аж у хату і пасталі ў парозе, ззаду за Юлькай.

Калі ў яго зноў залопала ў галаве, ён, не чакаючы, памалу апусціўся на ложак, на разгоеную старую салому.

Над ім зноў шумеў лес.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая