epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Саракавік

Беларусазнаўства

ПРАДМОВА
РАЗДЗЕЛ І. УВОДЗІНЫ Ў БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА
  1. ПАНЯЦЦЕ, ПРАДМЕТ І МЕТАДАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА
  2. МЕСЦА КУРСА Ў СІСТЭМЕ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК
  3. БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА ЯК НАВУКА І ВУЧЭБНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА
  4. ЗАДАЧЫ БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА ЯК ВУЧЭБНАЙ ДЫСЦЫПЛІНЫ


ЗМЕСТ

 

ПРАДМОВА

РАЗДЗЕЛ І. УВОДЗІНЫ Ў БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА

          1. Паняцце, прадмет і метадалогія беларусазнаўства

          2. Месца курса ў сістэме гуманітарных навук

          3. Беларусазнаўства як навука і вучэбная дысцыпліна

          4. Задачы беларусазнаўства як вучэбнай дысцыпліны

РАЗДЗЕЛ ІІ. ФАРМАВАННЕ БЕЛАРУСКАГА ЭТНАСУ, ЭТНІЧНЫЯ МЕНШАСЦІ Ў БЕЛАРУСІ

          1. Асноўныя канцэпцыі этнагенеза беларусаў

          2. Дэмаграфічныя катаклізмы і іх уплыў на развіццё беларускага этнасу

          3. Этнічныя меншасці ў Беларусі

РАЗДЗЕЛ ІІІ. ФАРМАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ ЭТНІЧНАЙ ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСАЎ

          1. Асаблівасці фармавання этнічных зямель беларусаў

          2. Фармаванне этнічнай тэрыторыі беларусаў

          3. Этнічная беларуская тэрыторыя ў складзе Рэчы Паспалітай

          4. Інкарпарацыя этнічных зямель беларусаў Расейскай імперыяй

          5. Становішча этнічных зямель у гады першай сусветнай вайны

          6. Становішча беларускай этнічнай тэрыторыі ў перыяд альтэрнатывы гістарычнага развіцця Беларусі (1917-1921 гады)

          7. Этнічная тэрыторыя беларусаў у 20-х-30-х гадах XX стагоддзя

          8. Этнічная тэрыторыя беларусаў у гады ІІ сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд

РАЗДЗЕЛ ІV. ПРЫРОДНЫЯ ЎМОВЫ, ЭКАЛАГІЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ

          1. Прыродныя ўмовы - асяроддзе жыццядзейнасці беларусаў

          2. Багацці беларускіх нетраў

          3. Экалагічнае становішча Беларусі

РАЗДЗЕЛ V. ВЕРАВЫЗНАННІ БЕЛАРУСАЎ

          1. Вераванні старажытных продкаў

          2. Увядзенне хрысціянства

          3. Дзейнасць праваслаўнай царквы (да XVІІ стагоддзя)

          4. Каталіцкая царква ў Беларусі (да канца XVІ стагоддзя)

          5. Пратэстанцтва ў Беларусі

          6. Вуніяцтва ў Беларусі (канец XVІ-XVІІІ стст.)

          7. Хрысціянства ў Беларусі ў XVІІ-XVІІІ стагоддзях

          8. Канфесійнае становішча ў Беларусі напрыканцы XVІІІ-XX стст.

          9. Хрысціянства ў Беларусі (люты 1917 - канец 80-х гадоў XX ст.)

          10. Сучасны стан канфесій у Беларусі

 

 

ПРАДМОВА

 

З пачатку 90-х гадоў нашага стагоддзя ў вышэйшай школе стаў уводзіцца курс «Беларусазнаўства». А рашэннем калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 1992 года ён быў уключаны ў лік базавых дысцыплін гуманітарнай падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах усіх тыпаў.

Выкладаць новую дысцыпліну сталі выкладчыкі гісторыі, філасофіі, мовазнаўцы, этнографы, і, зразумела, у курсе лекцый прэваліраваў адпаведны падыход - гістарычны, філасофскі, этнаграфічны, літаратурна-мовазнаўчы і г.д. Паступова стаў назапашвацца вопыт выкладання ва ўмовах практычнай адсутнасці неабходнай літаратуры. На змест курса лекцый уплывалі і тып навучальнай установы, і спецыялізацыя студэнтаў, і магчымасці ВНУ.

У 1997 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выдаў навучальны дапаможнік «Беларусазнаўства» пад рэдакцыяй прафесара Пятра Брыгадзіна. І хаця гэтая праца, нават па прызнанню П.Брыгадзіна, «не з'яўляецца навучальным дапаможнікам у класічным выглядзе», аднак яна вельмі каштоўная для выкладчыкаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў: у адной кнізе сабраны публікацыі вядомых аўтараў па асобных тэмах курса.

Аддаючы належнае гэтай рабоце, аўтар спрабуе комплексна, на аснове новых гістарычных, этнаграфічных, філасофскіх і іншых гуманітарных ведаў даць сваё разуменне і бачанне гэтага складанага, але так неабходнага нашым студэнтам курса. Зразумела, аўтар не прэтэндуе на ўсебаковае і поўнае раскрыццё праблемы. Задача пастаўлена больш сціплая: на аснове даследаванняў вучоных розных галін ведаў, публікацый як айчынных, так і замежных аўтараў паспрабаваць сістэматызаваць матэрыял па тэмах і храналагічна, паказаць эвалюцыю тых ці іншых з'яў і падзей; выкласці асновы беларусазнаўства.

На шляху да вырашэння гэтай сціплай задачы перад аўтарам узнікла шмат цяжкасцей. Найперш, адсутнасць устойлівага падыхода да зместу праграмы курса, розныя метадалагічныя падыходы, якія звязаны са светапоглядам даследчыкаў і выкладчыкаў; адсутнасць падручніка і класічнага тыпу навучальнага дапаможніка; шмат навуковых праблем у сілу розных прычын, у тым ліку ідэалагічных і палітычных, раней былі забаронены для даследаванняў і сёння яўна не хапае адпаведнага матэрыялу для выкладання. З другога боку, невялікі тыраж сучасных навейшых публікацый не заўсёды дазваляе пазнаёміцца з імі. Існуюць і праблемы паслядоўнасці выкладання тэм, іх аб'ёму і г.д.

Пры падрыхтоўцы навучальнага дапаможніка аўтар шырока карыстаўся фундаментальнымі працамі розных навуковых і навучальных устаноў, манаграфіямі, брашурамі, папулярнымі выданнямі, матэрыяламі перыядычнага друку, архівамі. Аўтар асабліва шчыра ўдзячны даследчыкам тых прац, вынікі якіх выкарыстаны ў навучальным дапаможніку.

Сам дапаможнік складаецца з асобных раздзелаў, якія адпавядаюць тэмам праграмы, яны ў сваю чаргу падраздзяляюцца на асобныя пытанні і застаўкі. Кожны раздзел пачынаецца з аўтарскай тэзіснай канцэпцыі тэмы і завяршаецца адпаведнымі спасылкамі на першакрыніцы ў выпадку, калі падаецца, як правіла, навейшы ці спрэчны матэрыял. Такі падыход дазваляе лепш асэнсаваць праблему. Часам спецыяльна прыводзіцца развёрнуты факталагічны матэрыял для лепшага разумення тэмы.

Аўтар пастараўся не абыходзіць «вострых вуглоў» пры выкладанні тэм. Наадварот, для навукова-вучэбнага выдання характэрны праблемны падыход, разгляд і спрэчных бакоў жыццядзейнасці беларусаў. Пры гэтым студэнтам даецца магчымасць на аснове поглядаў розных вучоных, навуковых школ самастойна вызначыцца па той ці іншай праблеме.

Праца падрыхтавана найперш для студэнтаў і выкладчыкаў беларусазнаўства. Ёю могуць карыстацца шырокія колы чытачоў, што цікавяцца рознымі бакамі жыццядзейнасці беларускага этнасу і яго краінай.

У гэтым навукова-вучэбным выданні разглядаецца толькі частка праблем беларусазнаўства. Пытанні этнічнай самасвядомасці і этнапсіхалогіі, духоўнай і матэрыяльнай культуры, мастацтва, станаўлення і развіцця дзяржаўнасці, атрыбутаў нацыянальнага суверэнітэту, беларускай дыяспары будуць пададзены ў наступным выпуску.

Аўтар будзе ўдзячны ўсім, хто выкажа заўвагі і пажаданні.

 

РАЗДЗЕЛ І. УВОДЗІНЫ Ў БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА

 

Канцэпцыя тэмы

Кожная навука і вучэбная дысцыпліна, і курс «Беларусазнаўства» не выключэнне, маюць сваё вызначэнне і свой прадмет, карыстаюцца навуковай метадалогіяй, займаюць пэўнае месца ў сістэме гуманітарных навук.

 

1. Паняцце, прадмет і метадалогія беларусазнаўства.

2. Месца курса ў сістэме гуманітарных навук.

3. Беларусазнаўства як навука і вучэбная дысцыпліна.

4. Задачы беларусазнаўства як вучэбнай дысцыпліны.

 

1. ПАНЯЦЦЕ, ПРАДМЕТ І МЕТАДАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА

 

Па вызначэнню З.Шыбекі, беларусазнаўства - гэта «навука, што вывучае адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі і ролю ў сістэме міжнароднай супольнасці народаў у мінулым і сучасным» [1, 346].*

* Першая лічба ў дужках азначае нумар крыніцы ў спісе літаратуры, які змешчаны ў канцы раздзела, наступныя - нумары старонак. Дадзеныя аб розных крыніцах раздзяляюцца кропкай з коскай.

У шырокім сэнсе слова беларусазнаўства - гэта сістэма навуковых ведаў аб найбольш агульных заканамернасцях фармавання і развіцця беларусаў і ўсяго, што з імі звязана. Менавіта навуковыя веды і адрозніваюць іх ад звычайных, павярхоўных уяўленняў аб беларусах і іх Бацькаўшчыне.

У вузкім сэнсе слова беларусазнаўства - гэта навука аб беларусах і Беларусі.

Кожная навука мае свой прадмет - пэўны спектр вывучаемых заканамернасцяў развіцця прыроды і грамадства. Прадметам беларусазнаўства з'яўляюцца найбольш агульныя заканамернасці фармавання, станаўлення і развіцця беларускага этнасу, яго самасвядомасці, этнічнай тэрыторыі беларусаў, іх дзяржаўнасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры, узаемаадносін з іншымі этнасамі і дзяржавамі.

Неабходна пры гэтым зазначыць, што беларусазнаўства вывучае не ўсе заканамернасці, скажам, станаўлення і развіцця матэрыяльнай ці духоўнай культуры чалавека, яго веравызнанняў ці фармавання ў цэлым этнічнай тэрыторыі і г.д. Гэта будзе прадметам іншых навук - напрыклад, этнаграфіі, літаратура-мова-мастацтвазнаўства, гісторыі дзяржавы і права, гісторыі і г.д. Беларусазнаўства засяроджвае ўвагу толькі на даследаванні беларускага этнасу і яго ўзаемаадносін з грамадскім і прыродным наваколлем.

У сувязі з гэтым беларусазнаўства разглядае асноўныя канцэпцыі этнагенезу беларусаў, паходжанне іх назвы, дэмаграфічныя змены, этнічныя меншасці на тэрыторыі Беларусі і іх узаемаадносіны з беларусамі, асаблівасці складвання этнічнай тэрыторыі, яе становішча ў розныя гістарычныя перыяды, адметнасці фармавання самасвядомасці беларусаў, іх ментальнасці, канфармізма і г.д.

Беларусазнаўства, як і іншыя навукі, для больш аб'ектыўнага і поўнага вывучэння свайго прадмета, выкарыстоўвае метадалогію - савакупнасць найбольш агульных прынцыпаў, спосабаў навуковага пазнання.

Метадалагічнай асновай даследавання могуць выступаць пэўныя філасофскія накірункі: дыялектычны матэрыялізм, ідэалізм, а таксама пазітывізм, неапазітывізм, зкзістэнцыяналізм, прагматызм, персаналізм і інш., іх выкарыстанне ў многім звязана са светапоглядам вучоных, ступенню іх навуковай сталасці. Яны дазваляюць высветліць асноўныя накірункі, падыходы вырашэння праблемы, але не вырашаюць канчаткова праблему.

Для гэтага існуюць спецыяльныя навуковыя метады даследавання. Сярод іх можна вылучыць гістарычны, калі з'ява ці падзея разглядаецца ў іх развіцці на працягу ад некалькіх гадоў (а часам гадзін і дзён) да стагоддзяў; лагічны з яго аналізам і сінтэзам, індукцыяй і дэдукцыяй. Аналіз дазваляе даследчыку ўмоўна падраздзяліць цэлае на састаўныя часткі і тым самым лепш асэнсаваць іх, а разам з тым і цэлае. Напрыклад, курс «Беларусазнаўства» падраздзяляецца на асобныя праблемы-тэмы, яны, у сваю чаргу, таксама падраздзяляюцца на праблемы-пытанні і г.д.

Сінтэз дапускае злучэнне элементаў у адзінае цэлае. Так, сінтэзуючы веды аб станаўленні і развіцці беларускага этнасу, этнічнай тэрыторыі, уплыву прыродных умоў і экалагічнага становішча, веравызнанні беларусаў, іх духоўнай і матэрыяльнай культуры, станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці, мы атрымаем пазнанне беларусазнаўства ў цэлым.

Пры даследаванні і вывучэнні беларусазнаўства шырока выкарыстоўваецца таксама параўнаўчы метад, што дазваляе лепш усвядоміць адметнасці, напрыклад, праваслаўнай рэлігіі ў параўнанні з каталіцкай і вуніяцкай. Структурна-функцыянальны метад дазваляе авалодаць унутранай структурай кожнай праблемы - тэмы, якія, у сваю чаргу, самі ўваходзяць як структурные элементы ў больш агульную структуру. Кожны з элементаў выконвае пэўную функцыю і дыялектычна ўвязаны з іншымі структурнымі элементамі. Разгляд аб'екта як сістэмы і ў пэўнай паслядоўнасці яго структурных элементаў належыць сістэмнаму падыходу.

Не меншае значэнне мае праблемны метад, які дазваляе глыбока і ўсебакова даследаваць тую ці іншую праблему; статыстычны метад пры апрацоўцы, напрыклад, дэмаграфічных дадзеных, здабытых карысных выкапняў, паказчыкаў забруджвання навакольнага асяроддзя і г.д.

Выкарыстоўваюцца і іншыя метады. Усе яны, як правіла, звязаны паміж сабою, дапаўняюць адзін аднаго і таму прымяняюцца даследчыкам у розных спалучэннях, што дазваляе атрымаць больш аб'ектыўны вынік працы.

 

2. МЕСЦА КУРСА Ў СІСТЭМЕ ГУМАНІТАРНЫХ НАВУК

 

Адметнасць беларусазнаўства як навукі і вучэбнай дысцыпліны найлепш выяўляецца з разглядам яе ў сувязі з іншымі грамадскімі навукамі.

Як вядома, да грамадскіх навук адносяцца гісторыя, філасофія, эканамічная тэорыя, сацыялогія, паліталогія, этнаграфія, дэмаграфія, мова-літаратура-мастацтвазнаўства і многія іншыя. Праблемы этнасу, яго тэрыторыі, дзяржаўнасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры і г.д. даследуюцца не толькі беларусазнаўствам, але і многімі іншымі гуманітарнымі і прыродазнаўчымі навукамі. Аднак кожная з гэтых навук пазнае праблемы беларусазнаўства з улікам сваёй спецыфікі, што дазваляе ім найбольш поўна і ўсебакова высвяціць свой навуковы прадмет, сваю вучэбную дысцыпліну. Для гэтага яны выкарыстоўваюць і свае спецыфічныя навуковыя метады.

Беларусазнаўства ўсебакова, дыялектычна звязана з іншымі гуманітарнымі і прыродазнаўчымі навукамі. Яно не можа існаваць ізалявана, у «чыстым» выглядзе ад тых працэсаў грамадскага развіцця і прыроднага наваколля, якія адбываюцца, а гэта значыць і ад грамадскіх навук. Асаблівасць беларусазнаўства якраз і заключаецца ў тым, што яно вывучае розныя бакі Беларусі і жыццядзейнасці беларускага народа ва ўсёй рэальнасці і разнастайнасці, выкарыстоўваючы для гэтага дасягненні розных навук, асабліва этнаграфіі, гісторыі Беларусі, геаграфії Беларусі, гісторыі дзяржавы і права Беларусі і іншых. Так, даследаванне праблемы фармавання беларускага этнасу і этнічных меншасцей у Беларусі немагчыма без дадзеных этнаграфіі, гісторыі, дэмаграфії Беларусі. Пры вывучэнні праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці шырока выкарыстоўваюцца дасягненні гісторыі Беларусі і гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Духоўная культура Беларусі разглядаецца і на аснове абагульненняў педагогікі, мова-літаратуразнаўства, этнаграфіі Беларусі.

З другога боку, грамадазнаўства карыстаецца дасягненнямі беларусазнаўства як базавай грамадскай навукі. Напрыклад, канкрэтна-гістарычны матэрыял беларусазнаўства аб станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці з'яўляецца асновай для абагульненняў такой навукай, як тэорыя дзяржавы і права. Падобныя прыклады можна прывесці па філасофіі, этнаграфіі, паліталогіі, дэмаграфіі і іншым навукам.

Вось чаму ў працэсе выкладання беларусазнаўства як вучэбнай дысцыпліны важна ўстанаўліваць міжпрадметныя сувязі, размежаваўшы пэўны матэрыял паміж пэўнымі дысцыплінамі дзеля таго, каб не адбылося паўтора.

 

3. БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА ЯК НАВУКА І ВУЧЭБНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА

 

Беларусазнаўства як навука і вучэбная дысцыпліна адносна маладая, мела свае пад'ёмы, і спады ў развіцці. Першапачаткова ўзнікла як навука. Затым у межах навукі пачало развівацца асветнае беларусазнаўства. І нарэшце з 1918 года - як вучэбная дысцыпліна, якая інтэгрыравала веды розных навук аб беларусах і Беларусі.

Найбольш плённа беларусазнаўства як навука і вучэбная дысцыпліна пачала развівацца ў перыяд беларусізацыі, а таксама пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь практычна ў канцы XX стагоддзя.

З.Шыбека выдзяляе некалькі этапаў развіцця беларусазнаўства, з якімі можна ў цэлым пагадзіцца [1, 346-348; 2, 82].

 

Падрыхтоўчы этап

Пачынаецца ў канцы XVІІІ ст. і прадаўжаецца да 80-х гадоў XІX ст. Першымі піянерамі ўсведамлення самастойнасці беларускай нацыянальнай ідэі сталі вучоныя і студэнты Віленскага ўніверсітэта Ігнат Даніловіч, Яўхім Лялевел, Язэп Ярашэвіч, Ігнат Анацэвіч, Іван Лабойку, Міхаіл Баброўскі, Антон Марціноўскі і іншыя. Сярод іх вылучаўся даследаваннем беларуска-літоўскага летапісання Ігнат Даніловіч. Яшчэ ў студэнцкія гады з сыноў вуніяцкіх святароў быў створаны гурток моладзі ў ліку Міхаіла Баброўскага, Антона Марціноўскага, Ігната Анацэвіча і іншых для пошуку старажытнаславянскіх кніг і рукапісаў.

Заслуга Ігната Даніловіча і яго паплечнікаў у тым, што велізарныя зборы рукапісаў былі ўмела класіфікаваны і крытычна разабраны. У бібліятэцы графа Румянцава Даніловічу ўдалося адшукаць Судзебнік Казіміра ІV (быў выдадзены ў 1826 г.), а ў Супрасльскім манастыры - г.зв. Супрасльскі летапіс. Працаваў у камісіі М.М.Спяранскага па падрыхтоўцы звода законаў Расейскай імперыі (падрыхтаваў звод мясцовых законаў заходніх губерняў). Апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Летувы. Па сутнасці працы І.Даніловіча далі пачатак навуковым даследаванням праблем беларусазнаўства.

Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг. улады імкнуліся нейтралізаваць «польскі» уплыў на грамадства Беларусі. З гэтай мэтай у 30-60-х гг. XІX ст. прадстаўнікі адміністрацыі краю пачалі збор і сістзматызацыю архіўных матэрыялаў для даказвання «исконно русского и православного» характару насельніцтва Беларусі і «законнасці» яго далучэння да Расеі. Пры падтрымцы ўраду Пецярбургская археаграфічная камісія пачала шырока друкаваць матэрыялы з гісторыі Беларусі. Менавіта ў гэты перыяд была закладзена аснова вялікадзяржаўна-манархічнай версіі развіцця Беларусі на базе «Актов западной России» (у 5-ці тамах), «Актов, относящихся к истории Южной и Западной России» (у 15 тамах), гісторыі «Западной Руси» М.Устралава.

Важнае значэнне для развіцця беларусазнаўства мела адкрыццё ў 1855 годзе ў Вільні Археалагічнай камісіі пад старшынствам Яўстахія Тышкевіча. Яна імкнулася скласці збор старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манетаў, артыкулаў, зброі, палотнаў мастацтва Беларусі і Летувы; прадставіць свае фонды для даследчыкаў. У складзе камісіі апынуліся найбольш кампетэнтныя даследчыкі: А.Кіркор, Ю.Крашэўскі, М.Маліноўскі, Т.Нарбут. Менавіта ў гэты час Адам Кіркор выдаваў літаратурна-навуковыя альманахі, часопіс «Віленскі зборнік», Юзаф Крашэўскі рэдагаваў віленскі часопіс «Атэнэум», напісаў навуковую працу «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні», Тэадор Нарбут стаў аўтарам «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1-9), увёў у навуковы ўжытак «Кроніку Быхаўца». У 1858 годзе было выдадзена «Собрание государственных и частных актов, касающихся Литвы и соединенных с нею владений (1387-1710 гг.)».

Зразумела, што матывы звяртання расейскіх, польскіх, беларускіх вучоных да праблем мінуўшчыны Беларусі былі рознымі. Асабліва кантрастнымі былі інтарэсы расейскага і польскага бакоў. Кожны з іх імкнуўся «даказаць» сваё «законнае» права на беларускі этнас і яго край. Але, як гаворыцца: «Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло». У гэтай канфрантацыі ў дадзеным выпадку выйграў беларускі бок. Мінулае і сучаснае Беларусі стала суб'ектам даследавання розных бакоў. І гэта ўжо само па сабе прынясло станоўчы плён.

Яркай старонкай падрыхтоўчага этапу стала грамадска-палітычная дзейнасць Кастуся Каліноўскага. Менавіта ён першы абгрунтаваў неабходнасць барацьбы за палітычнае і духоўнае вызваленне беларускага народа. Менавіта ён першы паставіў на павестку дня практычнае вырашэнне пытання аб свабоднай і незалежнай Беларусі. К.Каліноўскі, па меркаванню В.Шалькевіча, падзяляў думку А.І.Герцэна пра стварэнне ў далейшым федэрацыі незалежных дзяржаў свабодных славянскіх народаў [2, 359]. Аптымістычна ацэньваў будучыню беларускага этнасу М.А.Дабралюбаў у артыкуле «Черты для характеристики русского простонародья». «Паглядзім, - пісаў ён, - што яшчэ скажуць самі беларусы» [3, 114].

Паўстанне 1863-1864 гг. і яго мэты, а таксама жорсткасць уладаў да паўстанцаў ускалыхнулі не толькі Расею, але і ўсю Эўропу. Таму царскі ўрад яшчэ больш энергічна стаў «даказваць» сваё «права» на землі Беларусі. У гэтым яму заўзята дапамагалі расейскія славянафілы і ліберальная інтэлігенцыя ў асобе Ю.Самарына, І.Аксакава, А.Гільфэрдынга, нашага земляка М.Каяловіча і інш.

Аднак іх намаганняў было мала і віленскі генерал-губернатар М.Мураўёў у дакладных запісках Аляксандру ІІ раіў «спыненне выкладання скажоным чынам гісторыі краю, у якой гаварылася пра наезд расейскага ўраду, пра тое, што расейскага ніколі і нічога там не было і г.д.», а таксама прапаноўваў напісаць гісторыю Расеі і Заходняга краю Маскоўскаму ўніверсітэту з мэтай «знішчэння ўсіх палітычных падкопаў польскай прапаганды» [4, 11].

Навуковае даследаванне краю з мэтай гістарычна-дакументальнага «доказу» праваслаўнай і «исконноруской» прыроды Беларусі праводзіла Віленская археаграфічная камісія (1864-1915 гг.). 68 тамоў актаў і зборнікаў, выдадзеных ёю, між тым, сведчылі аб самабытнасці народа гэтага краю, яго багатай і сваеасаблівай гісторыі. Менавіта ў час працы камісіі ў Тураве М.Сакалоў знайшоў Эвангелле XІ ст., А.Рачынскі ў Гарадзенскай губерні - згублены Супрасльскі летапіс. П.Гільтэнбрант і А.Міратворцаў у Нясвіжскім архіве Радзівілаў выявілі ўрывак Слуцкага летапісу. За невялікі час было знойдзена звыш ста старажытных рукапісаў і старадрукаў.

Другім, пасля Вільні, важным цэнтрам збора, апрацоўкі старажытных і сярэдневяковых дакументаў і матэрыялаў, звязаных з мінулым Беларусі, стаў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў (1852-1903 гг.). Асабліва важны ўнёсак у выпуск прадукцыі вышэйшага археалагічнага ўзроўню ўнеслі А.Сазонаў, А.Сапуноў, Дз.Даўгяла. Найбольш каштоўным вынікам іх працы з'явілася выданне серыйнай публікацыі «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном Витебском архиве» [4, 15].

Пэўны ўнёсак у вывучэнне гісторыі Беларусі зрабіў Паўночна-Заходні аддзел Расейскага геаграфічнага таварыства ў Вільні (1867-1915 гг.), які надрукаваў 4 кнігі «Запісак». Найбольш актыўнымі яго даследчыкамі праявілі сябе М.Нікіфароўскі, А.Смародзкі, М.Чагін, Е.Раманаў і інш.

Аднак, першае сапраўднае выяўленне беларускай ідэі і свядомае зацвярджэнне яе як ідэі не правінцыйна-польскай і не правінцыйна-расейскай, а самастойнай і незалежнай ад аднаго і другога бакоў, адносіцца да 70-х гадоў, да дзейнасці Ф.Багушэвіча.

А.Цвікевіч слушна заўважае, што беларускае адраджэнне, як і кожная сацыяльная з'ява, не магло быць вынікам голай ідэі, не абапёртай і не звязанай з тымі эканамічнымі прычынамі, якія яго выклікалі. Сама па сабе гэтая ідэя і не магла з'явіцца. Яна магла толькі зарысоўвацца як пэўная альтэрнатыва, як пэўная патэнцыяльная магчымасць, але яна не магла знайсці сабе месца ў жыцці як рэальны грамадскі фактар. Лунала ў паветры, але не набыла рэальнай формы, так як не было адпаведных матэрыяльных умоў і перш за ўсё шляхецка-дваранскага саслоўя як носьбіта нацыянальнай ідэі. Больш дакладна, яно было, але ў стане дэнацыялізаваным, паўпольскім. Справа ў тым, што шляхецка-дваранскае саслоўе было цесна звязана эканамічна з Польшчай, прадстаўляючы ў сутнасці гаспадарчае адзінае цэлае, і таму не магло пазбавіцца сваёй польскасці і вярнуцца ў лона беларускасці. Польшча, па словах А.Цвікевіча, душыла Беларусь сваім зямельным капіталам з такой сілай, што нават Расейская імперыя, з ўсёй яе дзяржаўнай, ваенна-палітычнай, культурнай магутнасцю, нічога тут не магла парабіць. Нават разграміўшы паўстанні 1794, 1830-1831, 1863-1864 гг., Расея не дасягнула чакаемага выніку. Польскасць як праява польскай эканамічнай сілы ў беларускім краі заўсёды перамагала і зводзіла на нішто ўсе афіцыйныя наскокі расейскай палітычнай улады [5, 30-31].

Ва ўмовах польскага эканамічнага ўціску і выкліканага ім культурнага даўлення беларускасць магла падтрымлівацца толькі мясцовымі звычаямі, традыцыямі, мясцовай мовай. Каб вызваліцца ад польскасці, неабходна было або стаць рэвалюцыянерам і весці барацьбу за свае ідэалы, або, каб эканамічная сіла Польшчы на беларускай зямлі была парушана.

Менавіта ў 70-х гадах XІX ст. польскі капітал быў парушаны ў Беларусі дзеля канцэнтрацыі сваёй у карэннай Польшчы для хуткага развіцця фабрык і заводаў у Лодзі, Варшаве і іншых польскіх гарадах. Больш таго, аграрны крызіс 80-х - пачатку 90-х гг. XІX ст., які па часе супаў у Беларусі з надыходам сюды шырокай расейскай фабрычнай прамысловасці, яшчэ больш пахіснуў польскі капітал. Пачалася новая фаза барацьбы на беларускай зямлі інтарэсаў польскага і расейскага капіталаў. Як тонка зазначыў А.Цвікевіч, на гэтым эканамічным пераломе - адыходу польскага капіталу з Беларусі і набліжэння надыходу расейскага, і зазначыўся крытычны момант у гістарычным жыцці Беларусі, калі ў асобе сваіх выдатнейшых прадстаўнікоў яна знайшла сама сябе [5. 31].

Гэтаму спрыялі і іншыя фактары. «Вайна за вызваленне славян» 1877-1878 гг. (расейска-турэцкая вайна) стала своеасаблівым каталізатарам для этнаграфічнага даследавання расейскай навукай славянскіх народаў на месцах, у тым ліку і ў Беларусі. З гэтага часу бярэ пачатак па сутнасці і беларуская этнаграфія, вынікі працы якой падштурхоўвалі ў сваю чаргу развіццё беларускай нацыянальнай ідэі. Пэўны ўплыў на яе мела і народніцтва, асабліва ўкраінскае («Гурток трынаццаці» ў Пецярбургу).

 

Другі этап

Другі этап развіцця беларусазнаўства ахоплівае перыяд з 1880 па 1904 гады. Асаблівасць яго ў тым, што ў гэты час зроблена першая спроба тэарэтычнага абгрунтавання існавання самабытнага беларускага этнасу студэнтамі-народнікамі з Беларусі на старонках падпольнага часопісу «Гоман» у 1881 годзе. Свае вывады яны рабілі на аснове фундаментальных даследаванняў многіх вышэй згаданых этнографаў у парэформенны перыяд.

Менавіта на старонках «Гомана» ўпершыню ў гісторыі беларускага грамадска-палітычнага руху была канкрэтызавана ідэя аб праве беларускага народа «на аўтаномную федэратыўную самастойнасць у сям'і іншых народнасцей Расеі», сцвярджалася самабытнасць беларускай мовы, неабходнасць развіцця беларускай культуры [2, 236].

У гэты час з'явілася і новая генерацыя беларускіх даследчыкаў у асобе М.Янчука, І.Завіша, М.Доўнар-Запольскага, Г.Татура, В.Стукаліча і інш. Яны правялі наступленне на вялікадзяржаўна-манархічную трактоўку гісторыі Беларусі, якую ў 60-70-х гг. XІX ст. выпрацавалі і прапагандавалі М.Каяловіч, П.Бацюшкоў, П.Баброўскі, П.Баранцаў, С.Шалковіч [4, 18].

Ля вытокаў беларусазнаўства стаялі таксама пісьменнік Франішак Багушэвіч, збірацель песень, казак Карусь Каганец, археолаг Генрых Татур. У гэты перыяд з'яўляюцца асобныя творы на беларускай мове.

Важнае значэнне ў развіцці беларусазнаўства мела дзейнасць такіх арганізацый, як «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (1902-1904 гг.), Беларуская сацыялістычная грамада. У «Круг» уваходзілі студэнты з Беларусі, якія вучыліся ў Петраградскім універсітэце і тэхналагічным інстытуце. Працавала арганізацыя фактычна падпольна. Выдала «Вязынку» Я.Лучыны (1903 г.) і «Казкі» (1904 г.), а на гектографе - зборнікі «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка» (1904 г.).

Арганізатарамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) з'яўляліся Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Аляксандар Бурбіс, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Вацлаў Іваноўскі, Аляксандар Уласаў і інш. На першым этапе яна выступала за поўнае самавызначэнне народаў, у тым ліку і беларускага.

У цэлым гэты этап характарызаваўся свядомым самапазнаннем беларускага этнасу. Даследаванні па сутнасці вяліся нелегальна-прыватнымі асобамі, грамадскімі арганізацыямі, нацыянальнымі партыямі па асобных навуках з мэтай самаабароны ад русіфікацыі і паланізацыі і абазначэння самабытнасці беларускага народа.

Агульны тон шматлікіх гістарычных і этнаграфічных прац, напрыклад, М.Доўнар-Запольскага - «гэта доказ спрадвечнай дзяржаўнай адасобленасці беларускага народа, яго адрозненне ад іншых славянскіх народаў і яго права на самастойнае існаванне» [6, 395].

 

Трэці этап

Трэці этап ахоплівае перыяд 1905-1917 гг. Рэвалюцыя 1905-1907 гг. прымусіла самадзяржаўе выдаць 17 кастрычніка 1905 года маніфест «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку». У ім абвяшчаліся недатыкальнасць асобы, свабода сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыя палітычным вязням, скліканне заканадаўчай Думы з удзелам у выбарах усіх саслоўяў насельніцтва. Дзякуючы гэтай перамозе працоўных мас беларусазнаўства, што характэрна, набывае легальныя формы, выходзіць з падполля. Зняцце забароны на ўжыванне роднай мовы прывяло да ажыўлення беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. У Вільні пачынае выходзіць газета «Наша доля» на беларускай мове. Выйшла ўсяго шэсць нумароў. Выступала за сацыяльную і нацыянальную свабоду, развіццё асветы на роднай мове.

У гэты час у Пецярбургу паяўляецца легальнае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906-1914 гг.), якое замяніла сабой «Круг беларускі». Заснавана яно на кааператыўных асновах па ініцыятыве Б.Эпімах-Шыпілы. За час існавання выдала 38 кніг агульным тыражом звыш 100 тысяч экзэмпляраў. Перш за ўсё былі выдадзены падручнікі «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» А.Цёткі, а таксама кнігі Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская», «Смык беларускі», «Скрыпачка», В.Марцінкевіча «Пан Тадэвуш» (пераклад), «Гапон», «Вечарніцы», першыя кнігі Я.Купалы «Жалейка», З.Бядулі «Абразкі», Ц.Гартнага «Песні» і інш. Асноўная частка тыража накіроўвалася ў Беларусь.

Аднак найбольш важкі ўклад у справу развіцця беларусазнаўства ўнесла штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветная і літаратурна-мастацкая газета «Наша ніва» (1906-1915 гг.), якая выдавалася ў Вільні на беларускай мове. Вакол яе сабраліся лепшыя беларускія сілы. Заснавалі яе браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Цётка і інш. Рэдактарамі-выдаўцамі былі С.Вольскі, А.Уласаў, Я.Купала.

Газета змагла аб'яднаць вакол сябе пісьменнікаў, публіцыстаў ліберальна-дэмакратычнага, радыкальна-рэвалюцыйнага і сацыяльна-дэмакратычнага накірункаў, аб'яднаных ідэяй дзяржаўна-палітычнага і нацыянальна-культурнага самавызначэння беларускага народа. Яна выступала за нацыянальна-культурную і тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў складзе будучай дэмакратычнай федэрацыі народаў Расеі. Сярод некаторых яе супрацоўнікаў і актывістаў развівалася ідэя суверэннасці Беларусі.

Заслуга газеты і ў тым, што яе актыўныя аўтары Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Цётка, А.Гарун, З.Бядуля, М.Гарэцкі і іншыя беларускія пісьменнікі заклалі трывалыя асновы беларускай класічнай нацыянальнай літаратуры. А менавіта яна разам з мовай з'яўляецца найважнейшай крыніцай ведаў найперш пра ўнутраны свет беларускага этнасу.

Гэты этап характэрны і тым, што з'яўляюцца навуковыя працы на беларускай мове пра Беларусь, чытаюцца лекцыі па нацыянальнай гісторыі, распачынаюцца спробы комплекснага даследавання народнай мовы, фальклора, этнаграфіі, гісторыі мастацтва края. Упершыню даецца вызначэнне беларусазнаўства як сістэмы ведаў пра Беларусь.

Менавіта ў гэты перыяд рэдакцыйны сакратар «Нашай нівы» Вацлаў Ластоўскі надрукаваў у Вільні сваю першую навуковую працу «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910 г.). Сакратар Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, гісторык, аўтар прац па гісторыі Віцебшчыны, складальнік зборніка дакументаў XІ-XІX стст. «Віцебская даўніна» прафесар (з 1913 г.) Аляксей Сапуноў у 1911-1924 гг. чытаў курс лекцый па гісторыі Беларусі ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытуга, а затым у Віцебскім інстытуце народнай асветы.

Важным асяродкам развіцця беларусазнаўства стаў Пецярбург, у якім у той час пражывала вялікая колькасць беларусаў. Тут выдаваўся літаратурна-мастацкі альманах «Маладая Беларусь» (1912-1913 гг.) на беларускай мове суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». У ім друкаваліся і навуковыя артыкулы наконт Беларусі і яе жыхароў. Тут жа па ініцыятыве студэнта фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Я.Хлябцэвіча быў заснаваны і працаваў беларускі навукова-літаратурны гурток (1912-1914 гг.). Яго навуковым кіраўніком быў дацэнт А.Разенфельд, а старастам - студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Б.Тарашкевіч. Мэта гуртка - «навуковае азнаямленне з духоўным (мова, літаратура, народная славеснасць) і грамадскім (этнаграфія, статыстыка, народная гаспадарка) жыццём Беларусі» [1, 437]. Заслуга яго ў тым, што пры актыўнай падтрымцы такіх вядомых вучоных, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў, як Е.Раманаў, А.Шахматаў, Б.Эпімах-Шыпіла і іншых былі распрацаваны па сутнасці комплексная праграма даследаванняў беларускай мовы, літаратуры, фальклору, мастацтва, этнаграфіі, а таксама асноўныя накірункі, асветніцкай дзейнасці. Так, Б.Тарашкевіч працаваў над тэмамі «Фанетычная транскрыпцыя беларускіх твораў», «Развіццё беларускай нацыянальнай ідэі», А.Грыневіч - «Беларуская народная музыка», Я.Хлябцэвіч - «Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры», К.Душэўскі - «Вывучэнне старажытных гістарычных помнікаў і ахова даўніны» і г.д. [1, 437].

 

Чацвёрты этап

Гэты этап ахоплівае перыяд з 1918 па 1928 гг. У гэты перыяд адбываецца ўздым у развіцці беларусазнаўства. Для яго характэрная падтрымка з боку дзяржавы (БНР, БССР). У той жа час незавершанасць працэсу фармавання беларускай нацыі, складаныя крокі на шляху да дзяржаўнасці, ваенна-стратэгічныя памкненні суседзяў як з Усходу, так і з Захаду стымулявалі беларусазнаўства як навуку і вучэбную дысцыпліну.

У гэты перыяд упершыню быў выдадзены на расейскай мове ў Маскве (1920 г.) «Курс Белорусоведения» як цыкл лекцый, якія былі прачытаны ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве ў 1918 годзе. У.Пічэта разглядаў у ім гісторыю беларускага народа (гісторыю Беларускага племені да канца XІІІ ст., дзейнасць праваслаўнай царквы, каталіцкую рэакцыю і царкоўную вунію, жыццядзейнасць жыдоў у Беларусі, беларускае адраджэнне XVІ ст., беларускае сялянства ў XVІІ-XVІІІ стст., рэлігійную палітыку расейскага ўраду, сялянскую рэформу 1861 г. і яе вынікі, народную гаспадарку ў другой палове XІX і пачатку XX ст.); Д.Анучан - пытанні беларускай тэрыторыі; І.Сілініч даў геаграфічны нарыс; А.Фартунатаў - сельскагаспадарчую стататыстыку пяці беларускіх губерняў; Е.Чэпуркоўскі - антрапалогію беларусаў; М.Янчўк - этнаграфічны нарыс; П.Растаргуеў разглядаў беларускую мову ў яе сучасным і мінулым стане; Д.Жылуновіч - беларускую літаратуру; М.Сілішчэўскі - методыку радзімазнаўства. Да лекцый была прыкладзена этнаграфічная карта Я.Карскага. Сам курс грунтаваўся на даследаваннях Я.Карскага «Беларусы» (3 тамы), А.Кіркора «Нарысы гарадоў Віленскай губерні», П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессю і Беларускім краі», Е.Раманава «Беларускі зборнік» (10 выпускаў), М.Доўнар-Запольскага «Календарь Северо-Западного края», В.Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу» і на іншых работах папярэднікаў.

У 1921 годзе ў Вільні выходзіць глыбокае па змесце філасофскае эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) «Адвечным шляхам. Даследзіны беларускага светагляду». У ім аўтар адным з першых паспрабаваў раскрыць драматызм гістарычнага лёсу беларусаў пад уплывам Усходу і Захаду, іх неадольнае імкненне захаваць незалежнасць сваёй самабытнасці.

Па заключэнні З.Шыбекі на гэтым этапе беларусазнаўства як навуковая плынь пачало дзяліцца на айчынную, міграцыйную, замежную [1, 347].

У БССР развіццю беларусазнаўства садзейнічала палітыка беларусізацыі правячай партыі бальшавікоў. Яго праблемамі афіцыйна займаўся дзяржаўны орган - народны камісарыят асветы, у складзе якога існавалі Беларускі аддзел (з 1920 г.), Акадэмічны цэнтр (з 1921 г.) навукова-тэрміналагічная камісія (з 1921 г.). Затым гэтыя праблемы пачаў вырашаць Інстытут беларускай культуры, надаючы перавагу навуковаму беларусазнаўству. Даследаванні праводзіліся на комплекснай аснове, ахопліваючы шырокія пласты розных бакоў жыццядзейнасці беларускага этнасу і яго палітычнай арганізацыі. Вынікі працы друкавалі ў перыядычных выданнях і найперш у «Запісках аддзела гуманітарных навук» Інбелкульта. З мэтай падсумавання вынікаў працы ў розных галінах беларусазнаўства і вызначэння далейшых шляхоў іх распрацоўкі Прэзідыум ІБК 10 снежня 1924 года прыняў рашэнне правесці навуковы з'езд беларусазнаўцаў. Ён выліўся ў акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі 14-19 лістапада 1926 года ў Менску. У ёй прыняло ўдзел 69 чалавек як з навуковых устаноў БССР, так і навуковых цэнтраў РСФСР, УССР, Летувы, Латвіі, Германіі, Польшчы. Галоўнае значэнне канферэнцыі ў тым, што яна змагла сабраць разам вядомых айчынных і замежных спецыялістаў-беларусістаў, абагуліла дасягненні беларускай філалагічнай навукі і вызначыла галоўныя накірункі яе далейшага развіцця.

Аднак з другой паловы 20-х гадоў па меры ўмацавання сілы бальшавізма пачалася ідэалагізацыя навукі і адукацыі ВКП(б) і КП(б) Беларусі і ў той жа час ігнараванне іх нацыянальнай формы. З пераўтварэннем Інбелкульта напачатку 1929 года ў Беларускую акадэмію навук беларусазнаўства наогул было адцеснена на другі план. У вышэйшых школах так і не былі адкрыты кафедры беларусазнаўства, якія б сталі цэнтрамі распрацоўкі яго розных праблем.

Паралельна з развіццём навуковага беларусазнаўства ў гэтыя гады ў цэлым плённа, пры падтрымцы дзяржавы, развівалася і асветнае беларусазнаўства. З 1920-1921 навучальнага года яно як прадмет было ўведзена ў школы. Больш таго, на месцах арганізоўваліся курсы і гурткі беларусазнаўства. У Менску ў 1924-1927 гг. нават дзейнічалі вышэйшыя курсы беларусазнаўства, дзе праходзілі падрыхтоўку настаўнікі і лектары. Аднак са згортваннем палітыкі беларусізацыі пачалося занядбанне і асветнага беларусазнаўства.

У Заходняй Беларусі развіццё беларусазнаўства апынулася ў больш складаных умовах, калі дзяржава - Польша - не толькі не падтрымлівала яго, а наадварот, вяла актыўную барацьбу супраць яго. Таму беларусазнаўства трымалася тут дзякуючы самаадданай працы актывістаў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху. Так, у Вільні на грамадскіх па сутнасці асновах дзейнічалі Беларускае навуковае таварыства і музей імя Івана Луцкевіча, Таварыства беларускай школы. Пры актыўным удзеле прадстаўнікоў Рады БНР у 20-х гг. была вядома дзейнасць такіх цэнтраў беларусазнаўства за межамі этнаграфічнай Беларусі, як Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе, дзе знаходзіліся эміграцыйны ўрад і рада БНР, Беларускае навуковае таварыства ў Рызе.

 

Пяты этап

Гэты этап прыходзіцца на канец 20-х - першую палову 30-х гадоў і ў цэлым характарызуецца заняпадам беларусазнаўства ў БССР з невялікімі ўспышкамі нязначнага яго адраджэння. Аналагічны працэс назіраўся і ў Заходняй Беларусі, дзе польскія ўлады праследвалі ўсё беларускае.

Гэты этап у БССР звязаны з палітыкай ВКП(б), накіраванай на зварочванне нацыянальна-дэмакратычных працэсаў нават пад кантролем Савецкай улады, жорсткім праследваннем яго ўдзельнікаў, масавымі рэпрэсіямі. Кіраўніцтва ВКП(б), СССР лічыла, што далейшае развіццё нацыянальна-дэмакратычных працэсаў у саюзных рэспубліках, уключаючы БССР, можа прывесці да вяршэнства нацыянальна-дэмакратычнай ідэі над камуністычнай і ў канчатковым выніку да выхаду рэспублік з Саюзу ССР. А гэта сур'ёзна б падарвала ўладу бальшавікоў і наогул ставіла б яе пад сумненне. Таму той, хто яшчэ ўчора праводзіў у жыццё афіцыйную палітыку РКП(б) па развіццю беларусізацыі, украінізацыі і г.д. у канцы 20-х - пачатку 30-х гадоў быў абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме (нацдэмаўшчыне) і рэпрэсіраваны, а ў другой палове 30-х гадоў многія з іх былі расстраляны.

У навучальных установах, асабліва ў вышэйшай школе, прыярытэтнае значэнне набывае расейская, а не беларуская мова, выкладанне ўсіх прадметаў пачынае весціся на расейскай мове. Беларуская мова ўжывалася толькі ў літаратуры і мастацтве і таму не мела шырокага спектра ўздзеяння. У меншай ступені, чым прадстаўнікі іншых навук, падпалі над ідэалагізацыю вучоныя ў галіне фалькларыстыкі, археалогіі, этнаграфіі. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў часы барацьбы Л.Берыя за ўладу назіраўся невялікі ўсплеск развіцця беларускасці, але ён не мог істотна паўплываць у цэлым на развіццё беларусазнаўства. З курсам Камуністычнай партыі на пабудову камунізму да 1980 года, затым на развіццё сталага, развітога сацыялізму на першае месца была пастаўлена задача фармавання новай сацыяльнай супольнасці людзей савецкага чалавека. А таму ўсё нацыянальнае аб'яўлялася як не супадаючае з гэтым курсам і таму не толькі не падтрымлівася, а нават пераследавалася. Найбольш актыўных беларусістаў выключалі з КПСС і ВЛКСМ, калі яны з'яўляліся іх сябрамі. Зразумела, што ў такіх умовах афіцыйнай дэнацыяналізацыі, пазбаўлення насельніцтва нацыянальных правоў шансаў на развіццё беларусазнаўства не заставалася. У той жа час такія ўмовы вялі да скрытага жадання этнічнага самапазнання, знаёмства інтэлігенцыі з нелегальнай літаратурай па гэтай праблеме, скрытага супраціўлення афіцыйнай уладзе па нацыянальным пытанні.

Калі ў БССР у гэтыя гады па віне дзяржаўнай улады адбываўся заняпад беларусазнаўства, то гэта нельга сказаць пра цэнтры беларускай эміграцыі, дзе падтрымлівалася беларуская духоўнасць. Менавіта ў Чэхаславакіі, ЗША, Канадзе, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі нашыя суайчыннікі, ствараючы і развіваючы бібліятэкі, музеі, навуковыя і навучальныя ўстановы на грамадскіх пачатках імкнуліся развіваць беларусазнаўства. І ў гэтым плане дабіліся пэўных поспехаў стараннямі Б.Кіта, А.Адамовіча, Л.Акіншэвіча, Я.Запрудніка, А.Калубовіча, В. і З. Кіпель, І.Любачкі, У.Сядуры, У.Урбана, Ю.Туронка і многіх іншых нашых суайчыннікаў.

 

Шосты этап

Шосты этап ахоплівае перыяд з канца 80-х гадоў да 1995 года.

Глыбокі крызіс савецкай сацыялістычнай сістэмы, развал Саюза ССР прывялі да адраджэння беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, стварэння цэлага шэрагу розных па накірунку нацыянальных суполак, таварыстваў і нават палітычных партый. Сярод іх Таварыства беларускай мовы, Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф.Скарыны і ў яго складзе аддзел беларусазнаўства. Беларуская мова абвяшчаецца дзяржаўнай мовай.

Важнае значэнне ў развіцці беларусазнаўства меў Першы міжнародны кангрэс беларусістаў, які быў праведзены ў Менску 25-27 траўня 1991 года. Ён разгледзеў сучасны стан, у якім апынулася беларусазнаўства і канкрэтныя меры па яго развіццю. Кангрэс зазначыў, што беларусазнаўства як навука можа стаць сапраўды дзейсным сродкам забеспячэння духоўнага здароўя беларускай нацыі толькі пры ўмове, што яно будзе абапірацца на дзяржаўную сістэму асветы і прапаганды суверэннай Беларусі [1, 348].

Кангрэс заснаваў Міжнародную асацыяцыю беларусістаў (МАБ), якая аб'яднала вучоных, выкладчыкаў, перакладчыкаў, усіх тых асоб, якія займаюцца беларусазнаўствам. Сталі дзейнічаць нацыянальная і рэгіянальная арганізацыі беларусістаў. Па дадзеных Г.Цыхуна найбольш шматлікія з іх у Польшчы, Расеі, ЗША; параўнальна невялікія, але актыўныя ў навуковым плане згуртаванні ў Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Летуве, Санкт-Пецярбургу; ёсць нацыянальныя асацыяцыі ў Балгарыі, Вугоршчыне і іншых краінах [2, 480].

Асацыяцыя правяла шэраг плённых навуковых мерапрыемстваў: міжнародны «круглы стол» па пытаннях месца Беларусі ў ВКЛ (Менск, 1992 г.), беларуска-летувіскі - па пытаннях агульнай гісторыі (Гервяты, Астравецкі раён, 1992 г.), беларуска-італьянскую навуковую сустрэчу (Венецыя, 1992 г.), канферэнцыі па вывучэнню развіцця нацыянальнай свядомасці ў беларусаў (Маладэчна, 1992 г.), беларуска-польскую па гісторыі адукацыі ў абедзвюх краінах (Берасце, 1993 г.), міжнародную «Рым-4» па праблемах гісторыі і сучасных узаемаадносін у гуманітарнай сферы Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны (Горадня, 1993 г.) і інш. Выдае штогоднік «Беларусіка-Albaruthenica».

Істотнае значэнне для развіцця навуковай і асветнай беларусістыкі мела рашэнне калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 1992 года, згодна з якім беларусазнаўства было ўключана ў лік базавых дысцыплін гуманітарнай падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах усіх тыпаў.

 

Сёмы этап

Сёмы этап пачынаецца з траўня 1995 года. Пасля травеньскага 1995 года агульнадзяржаўнага рэферэндума, прыняўшага рашэнне аб наданні расейскай мове фактычна статуса дзяржаўнай, пачынаецца абвальнае прыніжэнне беларускай мовы. Рэзка скарочваецца колькасць вучняў у школах з беларускамоўным навучаннем. Па сутнасці ў Беларусі не дзейнічаюць беларуская вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школы. Адбываецца перагляд нацыянальнай гісторыі. Не атрымлівае падтрымкі і далейшае развіццё беларусазнаўства.

Такім чынам, асноўныя этапы развіцця беларусазнаўства паказваюць, што яно трывала звязана з унутранай і знешняй палітыкай дзяржавы. Жаданне мець дзяржаўную незалежнасць і абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэта адпаведна прыводзіла і да больш разнабаковага развіцця беларусістыкі, і наадварот, ігнараванне беларускай дзяржаўнасці прыводзіла да заняпаду або нязначнага развіцця беларусазнаўства як навукі і вучэбнай дысцыпліны.

У той жа час беларусістыка ў той ці іншай ступені развівалася за межамі Беларусі коштам намаганняў беларускіх эмігрантаў. Там ствараліся беларускія навукова-асветныя і культурныя ўстановы. І цяпер у Нью-Ёрку працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва, у Лондане - Беларуская бібліятэка імя Ф.Скарыны, а таксама беларускія ўстановы ў Польшчы і Летуве.

 

4. ЗАДАЧЫ БЕЛАРУСАЗНАЎСТВА ЯК ВУЧЭБНАЙ ДЫСЦЫПЛІНЫ

 

Курс «Беларусазнаўства» прадугледжвае веданне студэнтамі праблем:

фармавання беларускага этнасу і развіцця нацыянальных меншасцей;

фармавання этнічнай тэрыторыі беларусаў;

геаграфічнага становішча, прыродных умоў, экалагічнага стану і іх уплыву на беларусаў;

складвання і развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, супярэчлівасці іх развіцця ў розныя гістарычныя перыяды;

гісторыі зараджэння і развіцця розных канфесій;

фармавання і развіцця нацыянальнай самасвядомасці беларусаў;

складанасцей станаўлення беларускай дзяржаўнасці;

атрыбутаў нацыянальнага суверэнітэту;

з'яўлення і стану беларускай дыяспары;

асаблівасцей жыццядзейнасці беларускага народа на фоне суседніх этнасаў.

Разам з тым курс па беларусазнаўству прадугледжвае набыццё студэнтамі ўменняў глыбока аналізаваць працэсы грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, духоўнага развіцця беларускага народа, панарамна ўсведамляць гістарычныя, этнаграфічныя, дэмаграфічныя і іншыя з'явы і падзеі, даваць ім навуковую ацэнку, здабываць з мінулага і выкарыстоўваць іх у сучасным у імя Бацькаўшчыны, пранікаць у сутнасць супярэчлівасцей грамадскага развіцця.

На аснове цэласнага курса «Беларусазнаўства» неабходна даць студэнтам інтэгратыўныя веды аб Беларусі і яе народзе;

усвядоміць адзінства, цэласнасць свету, узаемазалежнасць розных народаў і дзяржаў, прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцей;

дапамагчы авалодаць студэнтам навуковым мысленнем;

садзейнічаць выхаванню ў студэнтаў пачуцця нацыянальнага патрыятызму.

 

Спасылкі на літаратуру. Раздзел 1

 

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мн., 1993.

2. Беларусь. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995.

3. Кісялёў Генадзь. З думай пра Беларусь. Мн., 1996.

4. Караў Дзмітрый. Пачаткі беларускага крыніцазнаўства. // Спадчына. 1994. № 5.

5. Цьвікевіч А. Западно-руссізм. // Спадчына. 1992. № 2.

6. Доўнар-Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.

 

 

Далей будзе

1995-1998?

Тэкст падаецца паводле выдання: Іван Саракавік. Беларусазнаўства. Менск, Веды, 1998. ISBN 985-450-010-1
Крыніца: скан