epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Цікавая сустрэча

На зямлю павольна, нібы нехаця, падалі буйныя калматыя сняжынкі. Яны лёгка кружыліся ў паветры, чапляліся за валасы, за вейкі, усцілалі ўсё навокал свежай святочнай беллю.

— Глядзі, Косцік, які вясёлы снег! — спыняючыся пасярод тратуара, усклікнуў Генка.— А ў скверы, у скверы як прыгожа! Ну зусім, як у тым казачным царстве. Вось каб узяць ды намаляваць гэтак.

— А ты паспрабуй. Увосень вунь якія пейзажы маляваў. Сам Ігнат Ціханавіч цябе Левітанам тады назваў. А ён жа на пахвалу не вельмі шчодры.

— Не, не, ты толькі паглядзі, як прыгожа ў скверы! А бярозы, бярозы якія красуні. Ад іх проста вачэй не адвесці,— не сунімаўся Генка.

— Ды і вербы не горшыя,— заўважыў Косцік. Помніш у Паўлюка Труса:

 

Расчасалі вербы шоўкавыя косы,

Уранілі долу снегавы вянок.

 

— А ў Паўлюка Труса зусім не вербы, а вішні,— засмяяўся Генка.

Усё сёння здавалася хлопчыкам нейкім адметным, святочным. І вуліца, і прахожыя, што крочылі насустрач, і нават тралейбусы, якія беглі адзін за адным. Так, напэўна, заўсёды бывае з людзьмі, калі збываецца іх даўняя мара. А яна сёння якраз і збылася: Генку і Косціка прынялі ў камсамол. Хлопчыкі яшчэ ніколі не адчувалі сябе такімі шчаслівымі.

Ім хацелася дурэць, спяваць, смяяцца. І таму Косцік зусім не здзівіўся, калі Генка раптам пачаў на ўвесь голас падпяваць рэпрадуктару.

Налюбаваўшыся ўдосталь хараством зімовага парку, хлопчыкі рушылі да тралейбуснага прыпынку. Але не паспелі яны зрабіць і двух крокаў, як Генка раптам усклікнуў:

— Глядзі, Косцік, што я знайшоў.

Ён хуценька нахіліўся і падняў з зямлі ўжо даволі пацёрты кашалёк.

— Зараз праверым, што ў ім ёсць,— паспешна засунуўшы знаходку за пазуху, сказаў Генка і пацягнуў Косціка да бліжэйшага пад'езда. Апынуўшыся ў пад'ездзе, Генка дастаў кашалёк і ўзяўся за яго рэвізію.

— Рубель. Траячка. Яшчэ рубель. Пяць рублёў! — радаваўся Генка, перабіраючы дрыжачымі рукамі грошы.— А вось нейкі рэцэпт і паведамленне на атрыманне пасылкі. Яшчэ адна траячка. Вось гэта здорава! Столькі грошай! Пачакай, пачакай... Гэта ж дзесяць рублёў. Цэлы капітал! Я куплю сабе новы набор фарбаў, альбом з рэпрадукцыямі Трэцякоўкі. А яшчэ... а яшчэ...

Косцік як аслупянелы глядзеў на свайго сябра і не пазнаваў яго. Ён нагадваў яму зараз драпежніка. Нешта хцівае, прагнае было ў яго вачах і рухах.

— Што гэта ты вярзеш? Хіба гэта твае грошы? — задыхаючыся ад абурэння, запытаў Косцік.

— А то чые ж яшчэ? — здзіўлена пазіраючы на Косціка, запытаў Генка.— Я іх знайшоў, і выходзіць, што яны цяпер мае.

Генка закрыў кашэль, засунуў яго глыбей за пазуху і, зірнуўшы на Косціка, злосна запытаў:

— Ды чаго ты глядзіш на мяне, як тая каза на афішу? Не пазнаеш, ці што?

А Косцік сапраўды не пазнаваў зараз свайго сябра. Яму нават хацелася, каб гэта быў не Генка, без якога ён і дня пражыць не мог, а нехта іншы.

— Грошы гэтыя чужыя, і мы павінны зараз жа аддаць іх гаспадару. Чуеш? — ледзь стрымліваючы свой гнеў, сказаў Косцік.

— Што? — прыжмурыўшы вочы, іранічна запытаў Генка.

— Тое, што ты чуеш,— адрэзаў Косцік.

— Бач, што прыдумаў. Дзе гэта мы будзем шукаць таго гаспадара?

— А яго і шукаць не трэба. Адрас напісаны на паштовым бланку, які ляжыць у кашальку,— спакойна адказаў Косцік.

Генка надзьмуўся. Яму, відаць, вельмі не хацелася расставацца з грашыма.

— Ну скажы, Косцік, які гэта дурань вяртае знойдзеныя грошы? — міралюбіва запытаў ён праз хвіліну.

— Мяне не цікавіць, як у такіх выпадках робяць дурні, але я ведаю, што павінны рабіць камсамольцы. Мы зараз жа вернем гэтыя грошы гаспадару. Або... або... ты больш не камсамолец,— рашуча закончыў Косцік.

— Ну, ты, асцярожней! — збянтэжана прамовіў Генка.— Я...

Генка не дакончыў. Нейкі час ён моўчкі стаяў перад Косцікам. Пасля ўзняў на сябра свае вінаватыя вочы, дастаў з-за пазухі кашалёк, падаў Косціку і глуха сказаў:

— Глядзі той адрас ды пойдзем.

Гаспадар кашалька жыў далёка, на другім канцы горада. Хлопчыкі доўга блукалі па вуліцах, пакуль знайшлі нарэшце патрэбны дом. Дзверы адчыніла высокая немаладая жанчына.

— Нам патрэбен Павел Сцяпанавіч Лазавы,— сказаў Генка.

Жанчына запрасіла ўвайсці ў дом і, прыадчыніўшы дзверы ў адзін з пакояў, паклікала:

— Паўлуша, тут да цябе нейкія маладыя людзі прыйшлі. За дзвярыма пачуліся крокі. Неўзабаве з пакоя выйшаў высокі шыракаплечы чалавек. Ён акінуў хлопчыкаў гарэзлівым позіркам і гучна, нібы даўні знаёмы, прывітаў іх.

— Добры дзень, сябры! Добры дзень! Уваходзьце, калі ласка!

— Вы Павел Сцяпанавіч Лазавы? — адказаўшы на прывітанне і стараючыся напусціць на сябе строгасць, запытаў Генка.

— Я самы! —у тон Генку сур'ёзна адказаў мужчына.

— У нас да вас справа ёсць,— працягваў Генка.

— Справа? — здзіўлена перапытаў мужчына.— Тады распранайцеся ды праходзьце ў пакой.— І гаспадар шырока расчыніў перад імі дзверы.

Генка з Косцікам зірнулі адзін на аднаго, скінулі сваю заснежаную вопратку, прыгладзілі валасы і падаліся ў пакой.

Пакой, у які яны трапілі, быў увесь застаўлены карцінамі. Адны з карцін былі ўжо зусім гатовы, другія толькі-толькі пачаты.

Гаспадар паказаў хлопчыкам на шырокую канапу, а сам сеў насупраць у крэсла і падрыхтаваўся слухаць.

— Вы нічога не згубілі сёння? — запытаў Генка, уважліва ўглядаючыся ў Лазавога.

— Я — не. А маці згубіла кашалёк.

— А які ён? Ну... якога колеру?

— Некалі быў карычневы, а цяпер пастарэў, пацёрся. А хіба вы знайшлі яго? — запытаў ён.

— А што ў ім было? — не звяртаючы ўвагі на пытанне гаспадара, працягваў свой допыт Генка.

— Ды было ў ім рублёў дзесяць грошай і паведамленне на пасылку.

— Выходзіць, ваш,— усё так жа паважна і строга сказаў Генка і запытальна паглядзеў на Косціка. Той кіўнуў галавой у знак згоды і працягнуў Лазавому кашалёк. Лазавы ўсміхнуўся і паклаў кашалёк на стол.

— Праверце, ці ўсё на месцы,— сказаў Генка.— Ды другі раз не губляйце, а то, бывае, знойдзе хто, ды не верне. Ёсць яшчэ і такія.

Косціку аж горача зрабілася ад гэтых Генкавых слоў, ад яго разважлівасці і строгасці.

— Вы не ўяўляеце, хлопчыкі, як я вам удзячны,— усхвалявана прамовіў Лазавы.— У пасылцы той знаходзяцца фарбы, якіх мне так не хапае, каб закончыць карціну. Хадзем я пакажу вам яе.

Генка з Косцікам усталі з канапы і пайшлі за гаспадаром у другі канец пакоя.

— Генка, глядзі, а ў яго ж адной рукі няма,— штурхнуўшы сябра ў бок, прашаптаў Косцік.

І праўда, правы рукаў гімнасцёркі Лазавога быў акуратна запраўлены за шырокі вайсковы рэмень. Бязрукі мастак? Гэтага хлопчыкі яшчэ ніколі не чулі.

Тым часам гаспадар падвёў іх да вялікай, амаль на ўсю сцяну, карціны. На ёй была намалявана партызанская ноч у зімовым лесе. Карціна была выканана з такім майстэрствам, што хлопчыкам на нейкі момант здалося, быццам яны самі знаходзяцца ў сапраўдным лесе, сярод партызан. Нейкі час яны стаялі як зачараваныя і не маглі вымавіць слова.

— І ўсё гэта малявалі вы самі? — нарэшце парушыў маўчанне Генка.

— Вядома сам. Што, падабаецца?

— Вельмі...— узрушана прамовіў Генка.— Толькі як жа гэта... без рукі?

— Без рукі...— усміхнуўся Лазавы.— Марэсьеў страціў абедзве нагі і застаўся лётчыкам, дык чаму ж гэта я, страціўшы толькі адну руку, мушу адмовіцца ад сваёй любімай справы?

— Маляваць без рукі...— нібы сам да сябе прамовіў Генка і праз хвіліну, звярнуўшыся да Лазавога, запытаў: — А што сталася з вашай рукой?

— Руку я страціў у вайну. Яе адсеклі фашысты.

— Як гэта — адсеклі? Чаму? — уражаны словамі Лазавога, запытаў Косцік.

— Было гэта, сябры мае, у нямецкім палоне. Крадком ад гітлераўцаў, я рабіў замалёўкі з нашага лагернага жыцця. Я хацеў, каб яны некалі расказалі людзям пра жудасныя пакуты ваеннапалонных. Сшыткі з гэтымі замалёўкамі я вельмі старанна хаваў ад лагернай адміністрацыі, бо ведаў, што за іх мяне па галоўцы не пагладзяць. Знайшоўся аднак нягоднік, які паведаміў фашыстам пра мае замалёўкі. Іх знайшлі. А мяне збілі, вывелі на пляцоўку і перад строем усяго лагера адсеклі правую руку. «Гэта, каб ты ніколі больш не маляваў»,— яхідна ўсміхаючыся, сказаў начальнік лагера. Але я рашыў застацца мастаком і, як бачыце, слова сваё стрымаў. Мінула шмат часу, пакуль я навучыў сваю левую руку слухацца мяне. Бывалі хвіліны, калі я ў адчаі гатоў быў адступіцца ад сваёй задумы. Але настойлівасць і вернасць слову перамаглі. Я выратаваў свой талент.

Да позняга вечара заседзеліся ў Лазавога Генка з Косцікам. Яны любаваліся яго цудоўнымі карцінамі, распытвалі пра вайну, вялі з ім шчырую сяброўскую гутарку, пілі чай. А калі нарэшце пачалі збірацца дадому, Генка, хвалюючыся, прызнаўся:

— Я таксама мару стаць мастаком. Дазвольце мне прыходзіць да вас маляваць. Па выхадных. У вас так добра.

— Прыходзь, абавязкова прыходзь! Я буду вельмі рады табе,— весела сказаў Лазавы, выходзячы следам за хлопчыкамі на ганак.

На дварэ ўсё яшчэ ішоў снег. Буйныя калматыя сняжынкі павольна, нібы нехаця, падалі на зямлю, лёгка кружыліся ў паветры, чапляліся за валасы, за вейкі, усцілалі ўсё навокал свежай святочнай беллю.


1976?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с.196-201
Крыніца: скан