epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Чырвоныя карэньчыкі

Айна, нібы зачараваная, стаяла пасярод цяпліцы.

— Ой, як хораша! — каторы ўжо раз паўтарала дзяўчынка.

Абапал праходу на доўгіх стэлажах весела зелянелі толькі што палітыя раслінкі. Сонца кідала праз шкляны дах яркія веснавыя праменні, і яны ўспыхвалі рознакаляровымі агеньчыкамі ў празрыстых кроплях вады на маленькіх лісточках.

Ці думала Айна, што вось тут, у яе родным заснежаным чукоцкім краі, магчымы такі цуд?

Рабяты шумнай гаманлівай чародкай прайшлі ў глыб цяпліцы, і толькі Айна ўсё яшчэ стаяла на месцы. Яна нібы баялася, што варта ёй скрануцца з месца, і гэтае цудоўнае відовішча знікне.

— Што, падабаецца? — ветліва спытала ў яе жанчына ў сінім халаце і белай касынцы, з-пад якой выбіваліся светлыя завіточкі валасоў. Вочы ў жанчыны вялікія, шэрыя, нібы тундравыя азёры ўлетку.

Жанчына абняла Айну за плечы, і яны павольна пайшлі па праходу.

— Зараз я вас пачастую нашай першай радыскай,— сказала жанчына і спынілася ля аднаго са стэлажоў.

І вось на гарачых далонях Айны ляжыць некалькі чырвоных вільготных радысак. Яна не спяшае частавацца гэтымі прыгожымі карэньчыкамі. Айна глядзіць на іх замілаванымі вачыма, і шчаслівая ўсмешка блукае на яе смуглым твары...

На дварэ бушавала пурга. Шостыя суткі ўсё навокал кружылася ў шалёным снежным танцы. Здавалася, што зіма ўсе свае апошнія сілы, усю сваю лютасць кінула на гэты невялікі пасёлак, наважыўшы пахаваць яго навечна ў халодных белых сумётах.

Рабяты сядзелі ў інтэрнаце і сумавалі па школе, па вясёлых гульнях на свежым паветры. Часамі здавалася, што і сам будынак інтэрната з яго ўтульнымі і цёплымі пакоямі імчыцца невядома куды сярод успененых снегавых хваль.

— І калі яна ўжо сціхне? — усё часцей паўтаралі дзеці.

Больш за ўсіх у гэтыя дні хвалявалася Айна. Увечары, калі рабяты засыналі і ў пакоях інтэрната рабілася зусім ціха, яна доўга ляжала з расплюшчанымі вачыма, прыслухоўваючыся да рогату і посвісту ветру, і трывожна думала: «А як там раслінкі? Ці не холадна ім пад высокім шкляным дахам сярод сумётаў?»

І пры думцы аб тым, што раслінкі могуць загінуць ад сцюдзёных подыхаў пургі, сэрца дзяўчынкі сціскалася ад роспачы.

«Як толькі сціхне, абавязкова пабягу паглядзець»,— думала, засынаючы, Айна.

І вось надышоў нарэшце дзень, калі на дварэ ўсё супакоілася. Прачнуўшыся раней за ўсіх, Айна лёгка саскочыла з ложка, падбегла да акна і адхінула штору. Вочы самі зажмурыліся ад яркіх праменняў майскага сонца. Прыкрыўшы іх далонямі, Айна пачала аглядаць пасёлак.

Пурга да непазнавальнасці змяніла яго аблічча. Увесь ён тануў у сумётах, а на месцы некаторых будынкаў цяпер узвышаліся белыя волаты-курганы, над якімі сям-там дыміліся чорныя коміны. Недзе злосна вурчаў бульдозер, упарта тарахцелі трактары, гучна пераклікаліся людзі. Зноў на вуліцах пракладваліся доўгія снегавыя траншэі, адкопваліся дамы. Аўрал па ўпарадкаванню пасёлка пасля пургі ішоў поўным ходам.

І ад усяго гэтага Айне зрабілася раптам так весела, што яна падбегла да суседняга ложка і пачала тармасіць сяброўку:

— Тэюнэ, Тэюнэ, уставай! Сонца свеціць!

Але дзяўчынка нешта замармытала праз сон, усміхнулася і, павярнуўшыся на другі бок, зноў моцна заснула. Тады Айна асцярожна прымасцілася побач, прыгрэлася каля цёплага боку сяброўкі і таксама задрамала.

— Айна! Дзе Айна? — пыталася ў рабят Тэюнэ, калі пасля заняткаў яны выбеглі пагуляць у снежкі.

Але колькі дзяўчынка не клікала сваю сяброўку, тая не адгукалася.

У гэты час Айна падыходзіла да будынка цяпліцы. Яна старанна абабіла з кухлянкі снег, адкінула з галавы малахай, выцерла рукавом успацелы лоб і ўзялася за клямку. Нейкі час Айна стаяла ў нерашучасці, прыслухоўваючыся да моцных і частых удараў сэрца. Нарэшце асмелілася і асцярожна адчыніла дзверы.

— Хто там? — даляцеў да яе знаёмы голас.

— Гэта я, Айна...

З-за стэлажоў паказалася Анна Ягораўна і, убачыўшы Айну, весела сказала:

— А, гэта ты. Ну праходзь, праходзь.

— Выбачайце, што я прыйшла... Але мне так хацелася паглядзець на вашы раслінкі. Я так непакоілася...— збянтэжана прамовіла Айна, прывітаўшыся з Аннай Ягораўнай.

З гэтага дня Айна амаль штодзень наведвала цяпліцу. Яна дапамагала Анне Ягораўне і з захапленнем слухала яе цікавыя расказы аб жыцці раслін, аб іх вялікай карысці для чалавека.

— Анна Ягораўна, а я магу навучыцца сама вырошчваць розныя расліны? — спытала аднойчы Айна.

— А чаму ж не? Вядома, можаш,— сказала Анна Ягораўна.

— А што для гэтага патрэбна?

— Што?..

Анна Ягораўна хвілінку памаўчала, абводзячы позіркам доўгія стэлажы цяпліцы, потым прамовіла:

— Па-першае, трэба добра вучыцца, а па-другое, любіць расліны, умець іх даглядаць... Вось, мабыць, і ўсё! — усміхнулася яна.

— Я вельмі, вельмі люблю...— прыціскаючы да грудзей далоні, прашаптала Айна.

Напярэдадні летніх канікул Айна забегла да Анны Ягораўны развітацца.

— А я табе падарунак падрыхтавала,— хітра пазіраючы на дзяўчынку, сказала Анна Ягораўна і, нахіліўшыся, дастала з-пад стэлажа невялікую драўляную скрынку з зямлёй.

— Што гэта? — спытала Айна.

— У гэтай скрынцы спяць маленькія зярняткі радыскі. Калі прыедзеш дадому, скрынку пастаў на акно і даглядай за пасевамі, як я вучыла цябе. Гэта будзе твой першы экзамен.

Усю дарогу Айна проста дрыжала над скрынкай. Хоць на дварэ свяціла яркае майскае сонца, але ад снегу, што ляжаў навокал, ад мора, закаванага ў моцны ледзяны панцыр, дыхала холадам.

Прыехаўшы дамоў, Айна асцярожна разгарнула аленевую шкуру, у якую была закручана скрынка, і паставіла падарунак на акно.

— Як добра, мама, што мы жывём цяпер не ў цёмнай яранзе, а ў такім прасторным доме з вялікімі вокнамі,— гаварыла дзяўчынка.

Калі ў скрынцы паказаліся першыя лісцікі — радасці Айны не было канца. Яна адразу ж паведаміла аб гэтым усім сваім сябрам.

Сабраўшыся ў пакоі Айны, рабяты шчаслівымі вачыма пазіралі то на маленькія зялёныя лісточкі, то на сваю старэйшую сяброўку.

Нарэшце і на Чукотку прыйшло лета. Сонца цяпер ужо свяціла і ўдзень і ўночы. Пад яго цёплымі праменнямі пачарнеў і растаў снег, а мора, разарваўшы цяжкія ледзяныя ланцугі зімы, зашумела, забурліла ўспененымі хвалямі. Сопкі і тундра апранулі свой летні маляўнічы ўбор, напоўніліся вясёлым птушыным гоманам.

У ціхія цёплыя дні Айна выносіла свае раслінкі на свежае паветра, «на прагулку». Яна рупліва даглядала іх, сачыла, каб ім хапала сонца і вады, разам з сябрамі радавалася, што яе «гадаванцы» з кожным днём убіраюцца ў сілу.

І вось настаў дзень, калі Айна паклікала ўсіх рабят і абвясціла:

— Сёння я пачастую вас чырвонымі карэньчыкамі.

З гэтымі словамі яна асцярожна зняла з акна скрынку і паставіла яе на стол, вакол якога паселі госці. У пакоі запанавала ўрачыстая цішыня. Нават гаманлівая звычайна Оля прыціхла і зрабілася сур'ёзнай.

— Матлю, Атык, Оля, Этай...— называла Айна па імені сяброў і падавала кожнаму радыску.

Дзеці любаваліся прыгожымі чырвонымі карэньчыкамі, каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню.

— Ну, усе атрымалі? — спытала Айна, абводзячы гасцей шчаслівымі вачыма.

— Усе! Усе!—дружным хорам адказалі рабяты.

Тады Айна вырвала яшчэ адну радыску і, спаласнуўшы яе вадой, паклала ў рот. І хоць радыска, што трапілася ёй, была крыху гаркаватая, Айне яна здавалася смачнейшай за ўсе прысмакі, якія толькі ёсць на свеце.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с.
Крыніца: скан