epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Далёка на Поўначы

Прыляцелі
Ёлка
У школе
Ваду прывезлі
Тата
Паўночнае ззянне
«Южак»
Я іду ў школу
Сонца
Сход
Пра шамана
Першыя заняткі
Прагулка
У яранзе
Красавік
Першыя чацвёркі
Непрыемнасць
Першае мая
Медзведзяня
Аб чым расказала люлька
Заўсёды разам
Заўтра летнія канікулы
Параход прыйшоў
Лета
Ліпеньскія снежкі
У саўгасе
Па бычкоў
Агурочкі
У зверабояў
Сябры прыехалі
Першае верасня
Ля кастра
Мы ад’язджаем
На параходзе
У Карскім моры
Ля Карскіх варот
Пра маленькіх неграў
У Баранцавым моры
Архангельск
Добры дзень, Масква!


 

Прыляцелі

Вось мы нарэшце на магаданскім аэрадроме. Гэта наш апошні прыпынак.

Цяпер ужо хутка, вельмі хутка мы будзем у таты! Як даўно мы не бачыліся з ім: цэлыя тры гады! Ён паехаў на Поўнач, калі я толькі збіраўся пайсці ў школу.

Самалёт наш задрыжаў, шпарка пабег па зямлі, адарваўся ад яе і пачаў узнімацца ў неба.

Я гляджу ў акно. Пад намі ў сонечных праменнях праплывае горад Магадан. Гэты горад, што раскінуўся на ўзбярэжжы Ахоцкага мора, зусім яшчэ малады: ён пачаў будавацца пасля Вялікага Кастрычніка.

Адсюль, зверху, горад выглядае нібы цацачны: такое ўсё маленькае.

Хутка дамы застаюцца недзе далёка ззаду, і наш самалёт пачынае набіраць вышыню.

Калі казаць праўду, дык наша паветранае падарожжа цікавіла мяне ўжо менш, чым у першыя дні. Самалёт наш я вывучыў дэталёва; у акно глядзець надакучыла, бо зямля згубілася недзе вельмі далёка і на ёй цяжка што-небудзь убачыць.

Згуляўшы з мамай некалькі партый у даміно, я зручней усеўся ў мяккім крэсле і задрамаў.

Калі прачнуўся, дык заўважыў, што мы ляцім ужо над белымі шапкамі сопак, над бясконцымі снегавымі прасторамі.

— Хутка і Чукотка,— сказаў адзін з нашых спадарожнікаў, які сеў у Магадане і, відаць, ужо не ўпершыню ляцеў гэтым маршрутам.

— Нават не верыцца! — сказала мама.— Толькі тры дні, як мы развіталіся з Масквой, а ўжо апынуліся аж на Чукотцы.

І сапраўды! Ці ж даўно я сказаў «да пабачэння!» сваёй школе, сябрам, настаўнікам — і мы ўжо далёка на Поўначы. А ўсё самалёт! І прыдумалі ж людзі такую цудоўную машыну!

— Вам пашанцавала,— абазваўся зноў наш сусед.— А я вось два тыдні ў Магадане сядзеў. То Чукотка не прымае, то ў Магадане нялётнае надвор’е.

— Нам трэба толькі лётнае надвор’е,— ласкава пазіраючы на мяне, гаворыць мама.— Мы спяшаемся ў школу.

— Прызямляемся! — абвяшчаю я, адчуўшы ўжо знаёмае мне за час палёту ўражанне, калі ўвесь раптам нібы адрываешся ад падлогі і падаешся ўверх.

Лёгкі штуршок...

— Вось і прыляцелі!—узрадавана гаворыць мама, і мы ідзём да выхада.

Нарэшце зямля! Бегай, хадзі па ёй, колькі хочаш.

На аэрадроме гарэлі кастры, стаяла многа самалётаў. Да нашага самалёта спяшаліся людзі. І хоць было цемнавата, я адразу пазнаў сярод іх свайго тату. Ён бег наперадзе ўсіх. Падбегшы да самалёта, тата працягнуў да мяне рукі, і я кінуўся ў абдымкі.

— Татачка, дарагі мой, гэта ты?

— Я, Славачка, я! —усміхаючыся і тулячы мяне да грудзей, казаў ён.

Апусціўшы мяне на зямлю, тата дапамог сысці маме. Калі яны віталіся, у мамы на вачах чамусьці блішчалі слёзы. Зняўшы чамаданы і пакункі, мы ўсе накіраваліся да машыны, якая стаяла непадалёк ад самалёта. На ёй мы прыехалі ў пасёлак, дзе жыў тата.

Памыўшыся, мы з вялікай прыемнасцю селі за стол. Тут было шмат смачных страў, а я, сказаць праўду, моцна прагаладаўся. Калі на стале з’явіліся мае любімыя калдуны, я быў у захапленні. А калі тата сказаў, што яны зроблены з аленевага мяса, калдуны здаліся мне яшчэ смачнейшымі. Тата нам прапанаваў пакаштаваць струганіну. Струганіна — гэта дробна наструганая мёрзлая сырая рыба або аленіна, прыпраўленая соллю і перцам. Яе на Поўначы ядуць для таго, каб не захварэць цынгой. Мне гэтая страва не вельмі спадабалася, але я ў гэтым не прызнаўся.

Мама расказвала тату, як мы падарожнічалі, як спяшаліся да яго на Чукотку.

— Заўтра Новы год. Як добра, што мы будзем сустракаць яго разам!

Тата з мамай яшчэ доўга гаварылі, а я, прымасціўшыся каля іх на канапе, заснуў.

 

Ёлка

Раніцай я прачнуўся і ўсё чакаў, калі развіднее. А дня ўсё не было, хоць стрэлкі гадзінніка ўжо сышліся на дванаццаці.

— Чаму ўсё яшчэ цёмна? Калі ж будзе дзень? — запытаў я ў таты.

— Узімку на Чукотцы дня не бывае, сынок.

Я ўспомніў, што чытаў пра гэта ў кніжцы, але ўсё адно здзівіўся.

Мы паснедалі, і тата сказаў, што пойдзе па ёлку. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях.

Хутка вярнуўся тата і прынёс ёлку. Такой ёлкі я ніколі не бачыў. Яна была зроблена з фанеры і пафарбавана ў зялёны колер. Я здзіўлена запытаў:

— А чаму ты не купіў сапраўдную ёлку?

Тата сказаў, што на Чукотцы няма не толькі дрэў, але нават кустоў.

— У нас вельмі холадна, і зямля заўсёды мёрзлая, сказаў тата.— Дрэвы на лёдзе расці не могуць. Ды і вятры тут такія моцныя, што ніводнае дрэва не ўстаіць супроць іх. Вось сам убачыш, якія ў нас вятры.

Мы дасталі скрынку з ёлачнымі цацкамі, цукеркі, пячэнне, вату, «сняжок» і пачалі ўпрыгожваць сваю незвычайную ёлку.

Фанерныя галіны, каб яны былі падобны да яловых, мы абклеілі махрамі, зробленымі з зялёнай паперы.

Калі мы прыбралі ёлку ў навагодні ўбор і паставілі ў кутку на тумбачцы, у пакоі зрабілася па-святочнаму ўтульна і весела.

— Ну, як вам падабаецца наша чукоцкая ёлка? — запытаў тата, усміхаючыся.

— Прыгожая ёлачка! — адказала мама.

Я быў згодны з ёй.

Потым мы сустракалі Новы год.

— У нас, на Чукотцы, Новы год ужо настаў,— сказаў тата,— а ў Маскве яго будуць сустракаць праз дзевяць гадзін. У дзевяць гадзін раніцы мы прывітаем яго зноў разам з усёй нашай Радзімай, з Масквой. А потым пойдзем на ёлку ў школу.

 

У школе

Калі я на другі дзень прачнуўся, дык адразу ж пачаў хутчэй мыцца і апранацца. Я баяўся, каб не спазніцца ў школу на ёлку. І ўсё прыспешваў тату і маму.

Мне здавалася, што час ідзе вельмі марудна. Я часта паглядаў на гадзіннік і не мог дачакацца, калі гэта будзе адзінаццаць і мы пойдзем у школу.

Нарэшце мы выйшлі з дому. Было цемнавата. Месцамі па баках тратуара стаялі высачэзныя снегавыя сцены. Моцныя чукоцкія вятры наносяць цэлыя горы снегу, у якіх прыходзіцца капаць калідоры. Тата сказаў, што гэтыя вятры называюцца «южакамі», таму што дзьмуць з паўднёвага боку.

У школе таксама стаяла фанерная ёлка, такая, як і наша, толькі яна была значна большая. Хутка прыйшоў і Дзед Мароз. Ён раздаваў дзецям падарункі. Было вельмі весела. Дзеці спявалі, смяяліся, танцавалі, бегалі.

Я заўважыў, што тут многа хлопчыкаў і дзяўчынак, вельмі падобных паміж сабой. У іх ва ўсіх былі шырокія твары, вузкія чорныя вочы і чорныя, чорныя валасы. Я запытаў у таты:

— Тата, гэта ўсё браты і сёстры?

Тата ў адказ засмяяўся:

— Не, Слава. Гэта чукчы, карэнныя жыхары нашай Чукоткі. Іх бацькі жывуць далёка ад пасёлка, у тундры, а дзеці жывуць тут, у інтэрнаце, і вучацца ў школе.

Сярод дзяцей-чукчаў мне асабліва спадабаўся адзін хлопчык. Ён быў вельмі жвавы, рухавы. Звалі яго Тынэлькут. Даведаўшыся, што я нядаўна прыехаў з Масквы, ён смела падышоў да мяне і пачаў распытваць пра метро, пра Крэмль, пра Маўзалей і пра многае іншае. Вучыўся ён у трэцім класе.

— Зімой я вучуся ў школе, а ў час канікул хаджу з бацькам на паляванне,— расказваў Тынэлькут.

«Ого! — падумаў я.— Такі малы, а ўжо паляўнічы!»

— Прыходзь хутчэй у школу! Будзем сябраваць з табой. У нас тут вельмі цікава,— сказаў ён мне на развітанне.

 

Ваду прывезлі

У дзверы зазірнула жанчына, якая жыла ў суседнім з намі пакоі, і сказала:

— Ваду прывезлі!

Мама хутчэй узяла вядро і пабегла. Па калідоры беглі і другія жанчыны. У некаторых з іх у руках былі кошыкі, міскі. А дзядзька Фёдар, які з раніцы да вечара паліў на кухні ў вялізнай пліце і прыбіраў калідор, пабег па ваду з мехам.

Я вельмі здзівіўся: чаму бягуць па ваду з кошыкамі, мяхамі, і кінуўся глядзець, якая там вада. Выбегшы на ганак, я ўбачыў, што ля кацельнай, побач з нашым домам, стаіць грузавік, а з яго скідаюць лёд. Усе жанчыны, і мама, і дзядзька Фёдар пачалі насіць гэты празрысты лёд у вялізныя жалезныя бочкі, якія стаялі тут жа на кухні, ля пліты.

— Чаму лёд, а не вада? — запытаў я ў дзядзькі Фёдара.

— Прэсная вада ў нашым пасёлку ёсць толькі ў возеры, а яно прамярзае да самага дна, вось і прыходзіцца лёд калоць, а пасля з лёду рабіць ваду,— адказаў ён.

Цяпер я зразумеў, чаму ля кацельнай, ля бальніцы, ля лазні, ля сталовай ляжыць так многа лёду.

— Гэта наша чукоцкая вадзіца. Добрая, чыстая вадзіца! Тут ужо ніякіх табе мікробаў няма! Усе павымярзалі,— кажа дзядзька Фёдар, высыпаючы лёд з меха ў жалезную бочку.

 

Тата

На узбярэжжы мора, скаванага моцным лёдам, стаіць бальніца.

Тут працуе мой тата. Ён хірург і галоўны ўрач бальніцы.

— Чаму ты паехаў працаваць так далёка на Поўнач? — запытаўся я неяк у таты.

Вось што ён мне адказаў:

— Юнаком я заўсёды марыў аб далёкіх падарожжах, аб невядомых краінах. І калі пасля заканчэння інстытута мне прапанавалі паехаць на Чукотку, я з радасцю згадзіўся і прыехаў вось сюды, дзе цяпер стаіць наш вялікі пасёлак.

— А тады хіба яго не было тут?

— Ды не! На месцы пасёлка стаяла некалькі палатак, у якіх жылі людзі, што прыехалі сюды з розных канцоў Радзімы, каб будаваць новую Чукотку. Каго толькі тут не было: настаўнікі, урачы, геолагі, будаўнікі, шафёры, механікі — адным словам, людзі самых розных прафесій.

Мне было вельмі цікава слухаць тату.

— У адной з такіх палатак арганізавалі тады амбулаторыю, у якой я і пачаў працаваць. Пасля прывезлі сюды гатовыя дамы, будаўнічыя матэрыялы, і пачалося будаўніцтва нашага пасёлка. Пабудавалі і бальніцу. І вось стаіць яна, светлая, прыгожая, а хворых няма. Не хацелі чукчы ісці лячыцца да ўрача, баяліся яго.

— А чаму баяліся? — здзівіўся я.

— Раней яны былі вельмі цёмныя. Усё новае іх страшэнна палохала. Самалёт, машына, радыё, лазня — усё ім здавалася справай злых духаў. Ды, акрамя таго, чукоцкія кулакі і шаманы навучалі іх не верыць рускім, не сябраваць з імі.

— І чукчы слухалі гэтых людзей?

— Спачатку слухалі, але з часам пачалі пераконвацца, што памыляюцца. Яны ўбачылі, што рускія людзі жадаюць ім толькі дабра, што яны дапамагаюць чукчам будаваць лепшае жыццё.

— І тады яны пачалі прыходзіць да цябе ў бальніцу?

— Ну, вядома. Спачатку прыходзілі больш смелыя, а пасля, пераканаўшыся ў тым, што бальніца пабудавана для іх карысці, да нас пачалі ісці не толькі хворыя, але і цікаўныя. Іх вельмі здзіўляла тое, што ўрачы не бралі ў хворых платы, у той час, як чукоцкія шаманы абіралі іх страшэнна, гаворачы людзям, што чым большая плата, тым лепшымі будуць вынікі замоў.

— Вось ашуканцы! — з абурэннем усклікнуў я.

— Аднойчы ўвосень,— расказваў далей тата,— чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Калі я пачаў адмаўляцца ад платы і тлумачыць, што за работу мне плоціць дзяржава, стары і слухаць мяне не хацеў. Скончылася ўсё гэта тым, што мне прыйшлося, каб не пакрыўдзіць старога, адправіць некалькі аленяў на кухню бальніцы, а рэшту прымусіць гнаць назад у тундру...

Тата праводзіў у бальніцы ўсе дні, а часамі хадзіў туды і ноччу, каб даведацца, як адчувае сябе хворы пасля аперацыі.

Чукчы вельмі паважалі бацьку, глядзелі на яго, як на свайго лепшага сябра. Тата часта выязджаў у далёкія стойбішчы, аглядаў там хворых, вучыў чукчаў жыць у чыстаце, не верыць у забабоны.

Тата мой не толькі ўрач, але і мастак. У вольны ад работы час ён малюе. Я вельмі люблю сядзець тады побач з ім і назіраць за яго работай.

Малюючы, ён звычайна расказвае нам розныя прыгоды з свайго жыцця на Чукотцы.

У таты ёсць фельчар — чукча. Завуць яго Эйнес. Некалькі год таму назад Эйнес цяжка захварэў і лёг у бальніцу. Знаходзячыся там, ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася вакол яго, пра ўсё пытаўся, усё разглядаў і запамінаў. Самыя нязначныя дробязі прыводзілі яго ў захапленне.

Бацьку гэты юнак вельмі спадабаўся, і калі прыйшоў час выпісваць яго з бальніцы, тата прапанаваў Эйнесу пайсці на медкурсы, якія ў той час адкрываліся ў пасёлку. Эйнес з радасцю згадзіўся. Вучыўся ён вельмі старанна. Пасля таго як Эйнес закончыў курсы, тата ўзяў яго да сябе, у хірургічнае аддзяленне.

Тата цаніў Эйнеса яшчэ і таму, што, працуючы разам з ім, лягчэй было гаварыць з чукчамі, з якіх тады мала хто яшчэ ведаў рускую мову.

Эйнес марыць стаць у будучым хірургам, і тата гаворыць, што ён будзе ім.

 

Паўночнае ззянне

Неяк увечары прыйшоў тата і сказаў:

— Хутчэй апранайцеся і пойдзем глядзець паўночнае ззянне. Сёння яно вельмі яркае.

Мы выйшлі з дому. Усё неба палала агнямі. Мне здавалася, што мы трапілі ў чароўную казку. Неба было зусім нізка над намі і такое яркае, прыгожае. На ім звіваліся вялізныя агністыя змеі, дзівосныя волаты-птахі луналі над зямлёй, узмахваючы сваімі пурпуровымі крыламі. І якіх тут толькі не было агнёў! Зялёныя, аранжавыя, ружовыя, жоўтыя, блакітныя — ды ўсіх і не пералічыш. То ўсе яны збіраліся ў каляровы букет, то адзін з іх вырываўся і з канца ў канец перасякаў усё неба, то ўсе разам яны раскрывалі над намі свой шматкаляровы агністы парасон, то ўтваралі раптам гіганцкую заслону, якая злёгку калыхалася.

А навокал ляжалі белыя снегавыя прасторы, па якіх палахліва прабягалі фантастычныя цені. І так было ціха-ціха, нібы ўся зямля раптам заснула.

Мы, як зачараваныя, не маглі адарваць вачэй ад расквечанага жывымі фарбамі неба. І нават тады, калі агні цудоўнага ззяння зніклі і на цёмным небе зноў засталіся толькі яркія зоркі, мы ўсё яшчэ пазіралі ўгору, ахопленыя незабыўным хвалюючым уражаннем.

У той вечар мы доўга блукалі пад гэтым зорным небам, і перад маімі вачыма ўсё яшчэ, здавалася, гарэлі агні казачнага паўночнага ззяння.

 

«Южак»

Аднойчы я пайшоў сустракаць тату. Калі выходзіў з дому, надвор’е было ціхае. Але не паспеў я прайсці і паловы дарогі, як раптам узняўся моцны вецер. Пакуль я ішоў паміж дамоў і снегавых сцен вуліцы, было яшчэ паўбяды, але як толькі трапіў на адкрытае месца, вецер наляцеў на мяне з такой шалёнай сілай, што я не ўстаяў на нагах і ўпаў у снег. Я спрабаваў падняцца, але адразу падаў пад ударамі страшэннага ветру.

«Южак»,— прамільгнула ў маёй галаве. Я ўспомніў усё, што расказваў пра «южакі» тата, і крыху спалохаўся. Гэты вецер можа падхапіць чалавека і занесці далёка ў бухту, у сопкі, кінуць там і засыпаць снегам.

Я парашыў не ўставаць больш на ногі, а прабірацца праз адкрытае месца паўзком. Снег калоў мне вочы, шчокі, набіваўся за каўнер, у рукавы, у валёнкі. А я ўсё поўз наперад.

— Слава?! Як ты сюды трапіў? — пачуў я раптам над сабой голас таты.

Як я ўзрадаваўся! Тата ішоў з другімі мужчынамі. Усе яны моцна трымаліся адзін за аднаго. Я схапіўся за тату, і мы, падаючы і падымаючыся, пачалі прабірацца дамоў. Было і цяжка, і весела змагацца з гэтым асілкам-ветрам. Ён кідаўся на нас, як звер, роў, свістаў, рагатаў. У паветры ляцелі скрынкі, дошкі, каціліся, з тарахценнем падскокваючы, жалезныя бочкі.

У адной жанчыны, якая таксама ішла з намі, вецер сарваў з галавы шапачку, і яна паляцела хутка-хутка і знікла ў снежнай завірусе.

А жанчына крычала:

— Ой, ой, лавіце!

Але хто там будзе лавіць яе, калі на нагах устаяць нельга!

Нарэшце мы дабраліся дадому. Тата ледзьве адчыніў дзверы. Мы не ўвайшлі, а ўляцелі ў дом: так моцна нас упіхнуў туды вецер. Абодва мы былі заснежаныя, як Дзяды Марозы, і адразу не маглі вымавіць і слова.

Мама вельмі ўзрадавалася, што мы прыйшлі. Яна дапамагла нам распрануцца і ўсё баялася, што я застудзіўся і захварэю.

А мне было вельмі весела, і я смяяўся, успамінаючы, як нападаў на нас вецер, як усё навокал нас імчалася і танцавала ў паветры.

За вячэрай тата расказаў нам, як аднойчы ён сам ледзь не зрабіўся ахвярай «южака», калі апынуўся ў непагоду сярод тундры.

— Было гэта ў першую маю зіму на Чукотцы,— расказваў тата.— Аднойчы прыйшлі па мяне нарты: трэба было неадкладна паехаць у стойбішча да цяжкахворага пастуха. Я апрануўся, сеў на нарты, і каюр — паганяты запрэжкі — пагнаў сабак. Толькі з вачэй нашых знік пасёлак, як пачаў кружыцца снег і падзьмуў вецер. Я глыбей нацягнуў шапку, наставіў каўнер. Вецер мацнеў з кожнай хвілінай, і хутка за два крокі нічога не стала відаць. Сабакі пачалі прыпыняцца. Мы саскоквалі з нартаў і, трымаючыся за іх, ішлі побач, правальваючыся ў снег, задыхаючыся ад моцнага ветру. Хутка і мы, і сабакі канчаткова выбіліся з сілы.

— Прыйдзецца заначаваць! — сказаў каюр.

— Што мы тут будзем рабіць сярод тундры? — устрывожана запытаў я.

— Спаць,— спакойна адказаў мой спадарожнік.

І перш чым я паспеў што-небудзь адказаць яму, ён спыніў сабак і дастаў з нартаў спальныя мяхі.

— Лезь у мех і кладзіся вось тут,— загадаў каюр, залазячы і сам у мех.

Мы ляглі, забраўшыся з галавой у мяхі з аленевай шкуры. Сабакі палеглі навокал, прытуліўшыся да нас, а над намі шумела, скавытала бура. Хутка, аднак, усё гэта нібы абарвалася: я заснуў.

Пад раніцу стала ціха, і калі мы выбраліся з снегавых гурбаў, у вочы нам ударыла яркае красавіцкае сонца. Мы запрэглі сабак і рушылі далей.

— Нямала бяды прыносяць гэтыя шалёныя паўночныя буры. Навічку можна вельмі лёгка стаць іх ахвярай,— закончыў сваё апавяданне тата.

Усю ноч дом дрыжаў пад ударамі моцнага ветру, і я доўга не мог заснуць. А калі засынаў, мне ўсё здавалася, што мяне засыпае снег, я хачу вылезці з яго і ніяк не магу.

 

 

Я іду ў школу

Пасля зімовых канікул я пайшоў у школу.

Настаўніца Ніна Мікалаеўна пасадзіла мяне з Тынэлькутам. Мы былі ўжо знаёмыя і вельмі абрадаваліся адзін аднаму.

На ўроку ён уважліва слухаў тлумачэнні настаўніцы, сачыў за кожным яе словам і рухам. Яго вузкія чорныя вочы блішчалі і ўсміхаліся.

Пасля званка мы выйшлі з класа і, узяўшыся за рукі, пачалі хадзіць па калідоры.

— Дзе ты жывеш? — запытаўся я.

— Тут, у інтэрнаце. А бацькі жывуць далёка адгэтуль, у тундры. Мой бацька — паляўнічы. Ёсць у мяне і брат. Зараз ён вучыцца ў Хабараўску,— з гонарам паведаміў Тынэлькут.

— Я быў у Хабараўску, калі ехаў сюды, на Чукотку,— сказаў я.

— Праўда! — узрадаваўся Тынэлькут.— Ну, раскажы, раскажы мне, які ён, гэты горад.

Я расказаў Тынэлькуту пра ўсё, што паспеў убачыць у Хабараўску, дзе мы з мамай прабылі ўсяго адзін дзень.

— Я таксама паеду вучыцца да брата, як скончу сямігодку. Ведаеш, я мару стаць лётчыкам! Гэта ж так цікава, лётаць над зямлёй высока, высока!

Калі Тынэлькут даведаўся, што з самай Масквы на Чукотку я ляцеў на самалёце, дык ён аж запляскаў у далоні.

— Анкат, Расхына! — закрычаў ён на ўвесь калідор.— Слава прыляцеў да нас на самалёце, ён раскажа нам, як ляцеў над зямлёй.

Празвінеў званок, і мы пайшлі ў клас.

На ўроку чыталі апавяданне пра Мічурына. Калі настаўніца прачытала аб тым, што амерыканцы давалі Мічурыну вялікія грошы, каб ён паехаў працаваць у Амерыку, Тынэлькут гнеўна прашаптаў:

— У-у, праклятыя!

А калі ён даведаўся далей аб тым, што Мічурын не паехаў у Амерыку, бо моцна любіў сваю Радзіму і свой народ, Тынэлькут ледзь не танцаваў ад радасці.

— Правільна зрабіў Мічурын! — уголас сказаў ён.— Мічурын разумны чалавек.

Да канца дня мы з Тынэлькутам былі ўжо сапраўднымі сябрамі, і я запрасіў яго прыходзіць да мяне. Тынэлькут з падзякай прыняў маё запрашэнне.

 

Сонца

Неяк раніцай я прачнуўся ад таго, што на калідоры было вельмі шумна. Стукалі дзверы, бегалі людзі, голасна размаўлялі, смяяліся. Нехта, перакрываючы ўсе галасы, весела гукнуў:

— Таварышы, сонца! Сонца!

Мы ўсхапіліся з пасцелі, хутка апрануліся і выбеглі з дому. На вуліцы сабралася многа людзей, і твары ва ўсіх былі светлыя, узрадаваныя. Усе позіркі былі звернуты на ўсход. А там, на спакойным снегавым гарызонце, ледзь-ледзь, адным краёчкам, выглядвала яркае сонца.

Як усе насумаваліся па ім за доўгую палярную ноч!

З самай восені не было сонца, не было дня.

Тата мне сказаў, што з’яўленне сонца ў Запаляр’і — вялікае радаснае свята. У гэты дзень у кожным доме, у кожнай яранзе звіняць песні, смех.

— Хутка сонца зусім не будзе пакідаць нас, будзе і ўдзень і ўночы свяціць нам,— сказаў тата.

Як я хацеў, каб хутчэй надышла гэтая цікавая пара!

 

Сход

Неяк перад апошнім урокам да нас у клас зайшоў Чыні, наш піянерважаты, і паведаміў:

— Рабяты, пасля ўрокаў класны сход.

Усе мы засталіся паслухаць, што будуць гаварыць на сходзе.

— Вось што, рабяты,— пачаў Чыні,— хутка канец трэцяй чвэрці. Усе мы павінны закончыць яе з добрымі адзнакамі, каб парадаваць нашых бацькоў, настаўнікаў, нашу любімую Айчыну. На жаль, яшчэ не ўсе добра разумеюць, як трэба вучыцца, як трэба паводзіць сябе ў школе і дома.

— Хто не разумее? Хто? — пачулася з усіх бакоў.

— Возьмем, напрыклад, Віцю Андрэева. У яго з вучобай усё добра, а вось паводзіны зусім дрэнныя. Віця заўсёды крыўдзіць дзяўчынак. Вось і ўчора ён падставіў ножку Асі, і яна да крыві разбіла нос. Навошта ты так зрабіў? — звярнуўся да Віці Чыні.

Віця ўстаў, пачырванеў, як рак, і прабурчаў:

— Хай не задзіраецца.

— Яна не задзіралася з табой, няпраўда! — заўважыў нехта з рабят.

— Не люблю я дзяўчынак. Задавакі, пляткаркі...

— Ды ён і сястру сваю, што ў другім класе, таксама крыўдзіць,— сказала Ніна Казлова.

— А табе што за справа да маёй сястры? Абы цябе не чапаў.

— Ніна дасць табе здачы, таму ты яе не чапаеш.

— Ён толькі тых крыўдзіць, хто слабейшы за яго! — сказала Галя.

— Бач, які герой! З дзяўчынкамі ваюе! — засмяяўся Толя.

Віця паказаў яму з-пад парты кулак.

— Ён і звеннявую не слухае. Кажа, што трэба зрабіць для хлопчыкаў і дзяўчынак асобныя звенні,— сказала Галя.

— Як усё гэта непрыгожа! І завошта ты так не любіш дзяўчынак? — запытаў Чыні.

— Я люблю смелых, адважных. А дзяўчынкі што? Піскухі. Ды ну іх!

— Ты вельмі памыляешся! — сказаў Чыні і пачаў расказваць пра Зою Касмадзям’янскую, пра дзяўчат з «Маладой гвардыі». Ён прывёў шмат прыкладаў, калі ў гады Айчыннай вайны савецкія дзяўчаты дапамаглі змагацца з ворагам. А ў канцы звярнуўся да Віці:

— Ну што ты цяпер скажаш?

Віця маўчаў, яму не было чаго гаварыць.

— Мы спадзяемся, што ты не будзеш больш крыўдзіць дзяўчынак, будзеш жыць з імі дружна.

— Пастараюся,— апусціўшы галаву, адказаў Віця.

— Далей у нас ідзе Эльхына. Яна робіць шмат памылак па рускай мове. У яе двойка. Трэба падумаць, рабяты, як ёй дапамагчы.

Эльхына ўстала, вочы яе напоўніліся слязьмі.

— Эльхына вельмі стараецца. Але ёй, вядома, цяжэй, як нам, рускім, даецца гэты прадмет. Ды і хварэла яна больш за тыдзень,— сказала звеннявая Ніна Казлова.

— Ты не плач, Эльхына,— звярнуўся да яе Чыні, калі заўважыў, што з вачэй дзяўчынкі часта закапалі слёзы.— Мы табе дапаможам выправіць двойку.

— Трэба, каб хто-небудзь, у каго па рускай мове выдатна, узяўся ёй дапамагчы,— сказала Галя.

— Гэта трэба даручыць Віцю. Ён лепш за ўсіх ведае рускую мову,— сказала Ніна.

— Яшчэ што прыдумала! — абурыўся Віця.— Ты звеннявая — ты і дапамагай. Ды і наогул, дзяўчынкам хай дапамагаюць дзяўчынкі.

— Ты зноў за сваё! — дакорліва кінула Галя.

— Ніна сказала правільна. Віця дапаможа Эльхыне выправіць двойку і тым самым давядзе, што ён нічога не мае супраць дзяўчынак. Згода, Віця? — звяртаючыся да Андрэева, запытаў Чыні.

— Правільна! Правільна! — падтрымалі вучні.

— Толькі хай слухаецца мяне і стараецца, а то...— не дакончыў Віця.

— Слабавата з рускім пісьмом і ў Тынэлькута. Па ўсіх прадметах пяцёркі, а па рускай мове тройкі ды двойкі,— гаварыў далей Чыні.— Трэба і Тынэлькуту дапамагчы. Ён хлопец старанны, сур’ёзны.

Я ўстаў і сказаў, што буду дапамагаць Тынэлькуту, што мы будзем разам рыхтаваць гэты прадмет.

— Вось і добра!—сказаў Чыні.— А самая дрэнная паспяховасць у нас у класе ў Мары Розава,— гаварыў далей важаты.— У яго шмат пропускаў і дзве двойкі: па арыфметыцы і па рускай мове. Ды і па астатніх прадметах усё толькі тройкі. Мара лянуецца вучыцца.

Мара ўстаў. Твар яго пачырванеў, але ён глядзеў на ўсіх весела і ўсміхаўся. Убачыўшы, што ён смяецца, я не вытрымаў:

— Мара страшэнны гультай. Я жыву разам з ім у доме і добра ведаю, чым ён займаецца.Ён цэлы дзень важдаецца ля клеткі з лісамі, а ўвечары, калі трэба класціся спаць, садзіцца рабіць урокі. А як іх рабіць, калі ўжо галава нічога не варыць?

— Ён ніколі не прыходзіць на кантрольныя работы. Ніна Мікалаеўна ўчора сказала: «Трэба будзе праверыць, чаму гэта ты, Мара, перад кожнай кантрольнай работай хварэеш»,— сказала Галя.

— Давайце паслухаем самога Мару, што ён думае рабіць далей са сваімі двойкамі. Ну, гавары, Мара,— звярнуўся да яго Чыні.

— Буду вучыцца на пяць!—усміхаючыся, заявіў Мара.

Ажно злосць бярэ, які ён несур'ёзны.

— Ого! Адразу і на пяць! — засмяяліся з усіх бакоў вучні.

Твар Мары таксама расплываецца ва ўсмешцы.

— Чаго ты смяешся? — абурана кідае Толя.— Герой! Нахапаў двоек ды пасмейваецца сабе!

— А яшчэ заўсёды хваліцца: «У нас у Маскве. Я — масквіч».

Усе мы пачалі сароміць Мару, і ён перастаў ужо ўсміхацца і глядзеў не на рабят, а кудысьці ў акно. Відаць-такі, непрыемна зрабілася.

— Гультай, пустасмех!—ляцелі з усіх бакоў калючыя, як шпількі, словы.

— Ну досыць, рабяты! Што вы ўсе напалі на яго, як тыя чукоцкія камары? Гэтак справе не дапаможаш. Я думаю, што пасля сённяшняга сходу Мара возьмецца за вучобу як належыць і выправіць свае двойкі, — сказаў Чыні.

— Хай Слава дапамагае яму па рускай мове, а Тынэлькут — па арыфметыцы,— сказала Ніна.

— А мне здаецца, што яму ніхто не дапаможа, калі ён сам не захоча,— заўважыў Толя.— А Славу даволі таго, што ён афармляе нашу атрадную насценгазету ды Тынэлькуту будзе дапамагаць.

— Я буду разам займацца і з Тынэлькутам і з Марам. Паглядзім, хто з іх лепш будзе паспяваць па гэтаму прадмету,— сказаў я.

— Хай Мара дасць чэснае піянерскае, што ён будзе старацца вучыцца як след, калі хоча быць піянерам,— прапанавала Галя.

— Ну, Мара, адказвай рабятам. Ты перад класам вельмі правініўся. У цябе самая горшая паспяховасць,— сказаў Чыні.

— Ну, абяцаю! — сказаў, нахмурыўшыся, Мара.

— А ты не нукай, ты сур’ёзна! — крыкнуў нехта з рабят.

— Я сур’ёзна,— цішэй, чым заўсёды, сказаў Мара.

— На гэтым можна і скончыць наш сённяшні сход. А цяпер — за справу, рабяты! Жадаю вам поспехаў! — сказаў Чыні і, абкружаны з усіх бакоў рабятамі, пайшоў з класа.

 

Пра шамана

Мы вельмі любілі свайго піянерважатага Чыні. Чыні — чукча. Калі ён скончыў сямігодку, камсамол накіраваў яго старшым піянерважатым у школу нашага пасёлка. Чыні ведае шмат цікавага аб сваім краі і аб яго людзях. А як хораша ён умее расказваць! Мама гаворыць, што ён сапраўдны артыст.

Аднойчы мы папрасілі Чыні расказаць нам пра шамана.

Слова гэта мы чулі даволі часта, але не зусім ясна разумелі, што яно азначае.

— Добра, рабяты! Збяромся ў нядзелю вечарам, я вам пакажу шамана,— адказаў Чыні.

— Ого, нават пакажаце! А дзе вы яго возьмеце? — дапытваліся мы, але Чыні ў адказ толькі ўсміхаўся.

Гэта было ў сераду, і мы з нецярплівасцю чакалі нядзелі.

Нарэшце прыйшла і нядзеля. Усе мы рана сабраліся каля школы, чакаючы важатага.

І вось ён ідзе, як звычайна, вясёлы, а ў руках нясе чамадан.

— Што там у вас у чамадане? — запытаў Толя.

— Шамана злавіў, каб вам паказаць! — жартуе важаты.

— Дык адчыніце, пакажыце! — просім мы, абступіўшы яго навокал.

— Пачакайце, пачакайце! Гэта не так проста,— сур’ёзна адказвае ён.

І мы ідзём у школу.

— Рабяты, вы пачакайце крыху ў сваім класе, а калі Анкат пакліча вас, ідзіце ў залу і ціха сядайце на лаўках. Толькі каб парадак быў, а то шамана не ўбачыце! Ніна, глядзі за парадкам! — выходзячы, загадаў Чыні.

Мы засталіся ў класе.

Праз некаторы час убег да нас Анкат і сказаў, панізіўшы голас:

— Пайшлі. Толькі не шумець.

Ціха ступаючы, мы накіраваліся ў залу.

Толькі мы паселі на лаўках, як святло ў зале пагасла, і на сцэне за заслонай пачуліся нейкія дзіўныя гукі: не то песня, не то завыванне і ўдары ў бубен. Мы сядзелі, стаіўшы дыханне. Нарэшце заслона ўстрапянулася і пачала рассоўвацца. На сцэне гарэла вогнішча, ля вогнішча на шкурах нехта ляжаў і стагнаў, а вакол яго скакаў і бегаў чалавек. Ён быў без кашулі, у адных аленевых портках. На галаве ўзвышалася нейкая дзівосная рагатая шапка. Твар яго быў размаляваны. З пояса гэтага дзіўнага чалавека звешваліся чырвоныя стужкі, раменьчыкі і розныя бразгаўкі. Ён моцна біў у бубен, спяваў, завываў, балбатаў і скакаў, як звар’яцелы. Нам было і смешна, і крыху страшнавата.

— Анкат, гэта і ёсць шаман? — запытаў я ціха.

— Шаман, шаман.

— А што ён робіць?

— Шаманіць, з духамі гаворыць, хворага лечыць.

У гэты час і ў зале, і на сцэне загарэлася святло, шаман кінуў аб падлогу свой бубен, сарваў з галавы шапку і весела засмяяўся.

— Чыні, Чыні! — узрадавана закрычалі мы і кінуліся да яго на сцэну.

— Ну вось, я паказаў вам, рабяты, як выглядае шаман і як ён шаманіць. А цяпер слухайце!

Чыні сеў тут жа на шкуру, а навокал яго паселі і мы.

— Да савецкай улады чукчы былі вельмі цёмнымі людзьмі,— пачаў Чыні.— Яны не ўмелі растлумачыць самай простай з’явы прыроды. Чукчы лічылі, што існуюць духі, якія ў любы час могуць пакрыўдзіць людзей. Захварэе чалавек — гэта злы дух усяліўся ў яго. Загінулі паляўнічыя ў ільдах, паляванне не ўдалося — злыя духі так зрабілі. Бура шалее — злыя духі яе паслалі на людзей. Галодны год настаў — і гэта іх справа. Злых духаў трэба было заўсёды задобрываць, упрошваць, прыносіць ім ахвяры. Знайшліся сярод чукчаў хітрыя людзі, якія выкарысталі гэтую людскую цемру ў сваіх мэтах. Яны заявілі, што ўмеюць гаварыць з духамі, умеюць улагоджваць іх. Так з'явіліся шаманы. Захварэе хто-небудзь — клічуць шамана. Той бярэ бубен і пачынае шаманіць. Бегае, скача вакол хворага, б’е ў бубен — хворага лечыць. За шаманства ён, вядома, браў плату.

— А калі памрэ хворы, што тады? — запытаў Толя.

— Шаман тады скажа, што мала падарункаў далі і злы дух Келе не адступіўся ад хворага,— адказаў Чыні.

— Вось хітрун які! — заўважыў нехта з рабят.

— Шаману аддавалі ўсё, што ён пажадае. Яго не толькі слухалі, але і баяліся: ён жа можа злых духаў наклікаць на чалавека,— расказваў далей Чыні.— Збіраюцца паляўнічыя на паляванне — зноў ідуць да шамана, каб той упрасіў злых духаў не перашкаджаць ім. Шаман патрабуе прынесці яму шкуркі пясцоў, лісаў, тушу аленя. Нясуць паляўнічыя. Чым лепшымі будуць падарункі, тым большай будзе здабыча на паляванні. Так ім гаварыў шаман.

— Вось брахун! — не ўтрымаўся Толя.

— А дзе яны цяпер? Як жывуць? — запытала Ніна.

— Цяпер іх амаль няма, перавяліся яны,— адказаў Чыні.

— Хто іх цяпер будзе слухаць? Няма дурных! — горача заявіў Тынэлькут.— У нас у стойбішчы таксама быў шаман. А калі захварэў яго сын, дык ён хутчэй да доктара ў пасёлак пабег.

— І пра бубен свой забыўся! — жартуе нехта.

— Шаманства адышло ў нябыт,— гаворыць Чыні.

Мы смяёмся...

 

Першыя заняткі

— Э! Дык ты ж зусім не ведаеш табліцы множання,— заўважыў Тынэлькут, звяртаючыся да Мары, калі мы пачалі рашаць прыклады.— Бачыш, колькі памылак нарабіў?

— Я ніяк не магу яе вывучыць, вельмі ж яна доўгая,— адказаў збянтэжаны Мара.

— А хіба ты яе не вучыў у другім класе? — сказаў я.

— Ты, відаць, яе ніколі як след не вучыў. Праўда, Мара? — запытаў Тынэлькут.

— Мне яна не давалася, таму я яе не ведаю.

— Не вучыў, таму і не давалася. Вось бярыся цяпер і вучы кожны дзень адзін слупок.

Мы пачалі рашаць задачу. Я і Тынэлькут ужо даўно рашылі яе, а Мара ўсё яшчэ нешта вылічаў, закрэсліваў, злаваўся і нарэшце заявіў:

— Не выходзіць! Не дзеліцца лічба!

Мы пачалі правяраць, як ён рашаў, і адразу знайшлі памылку.

— Ну вось, бачыш, зноў цябе табліца падвяла! — сказаў Тынэлькут — Хіба, калі сем памножыць на восем, будзе шесцьдзесят чатыры?

— Бярыся, браток, за табліцу,— яшчэ раз параіў я,— Табе ж і Ніна Мікалаеўна казала вывучыць табліцу...

Пасля арыфметыкі мы ўзяліся за рускую мову. Мара быў вельмі няўважлівы і нават пры спісванні з кнігі рабіў шмат памылак.

— Ну дзе твае вочы? — злаваўся Тынэлькут.— Што ты пішаш?

— Я не прывык усе ўрокі рабіць адразу. Трэба зрабіць арыфметыку, а пасля, праз гадзіны дзве-тры, рускую мову, а яшчэ праз гадзіны дзве — чытанне. І так усе ўрокі.

— О-го-го! Так табе і часу не хопіць. Сутак будзе мала, калі ты пасля кожнага ўрока будзеш адпачываць па тры гадзіны,— засмяяўся Тынэлькут.

— А я не магу ўсе ўрокі падрад вучыць. У мяне не ўмяшчаецца ўсё адразу ў галаве, разумееце? — сур’ёзна зазначыў Мара, аднак пісаць не пакінуў.

Нарэшце і заданне па рускай мове было выканана. Праўда, прыйшлося загадаць Мару два разы перапісваць практыкаванне. Ён вельмі злаваўся, але стараўся быць больш уважлівым і зрабіў цяпер толькі тры памылкі.

— Ну, як сабе хочаце, а я больш займацца не буду. Астатнія ўрокі будзем рыхтаваць увечары,— катэгарычна заявіў Мара.

— Не ўвечары, а цяпер! — не менш катэгарычна сказаў я-— Даю на адпачынак дваццаць мінут.

Мара ўзрадавана ўсхапіўся з месца і пабег дамоў. Прайшло ўжо больш чым паўгадзіны, а ён усё не з’яўляўся. Мы пайшлі да яго самі. Мара, як звычайна, быў ля клеткі з лісамі.

— Ну, пайшлі, ужо адпачылі,— сказаў я.

— Я, мабыць, захварэю, калі буду так многа займацца,— уздыхнуў Мара.— Мама гаворыць, што ў мяне слабая галава і дрэнная памяць.

— «Слабая, слабая»! Нармальная ў цябе галава. Ты проста лянуешся,— абураецца Тынэлькут...

Мы чытаем апавяданне з хрэстаматыі.

— Ну, Мара, цяпер пераказвай змест,— кажу я.

Мара пачынае расказваць, але хутка збіваецца і заяўляе:

— Няхай перш Тынэлькут расказвае, а пасля я.

— Не, браток! Ты варон лавіў, калі мы чыталі, дык чытай яшчэ раз і тады раскажаш змест,— гаворыць Тынэлькут.

Мара незадаволена пазірае на яго, але рабіць няма чаго,— прыходзіцца слухацца.

— Вось бачыш? Галоўнае, трэба быць уважлівым, тады ўсё пойдзе як па масле,— гавару я, калі ён досыць складна пераказвае змест апавядання.

Заняткі скончаны. Мара глянуў на гадзіннік і ўсклікнуў:

— Амаль дзве гадзіны займаліся! Ды я і паўгадзіны б не ўседзеў, каб адзін вучыў урокі.

— Ну, а цяпер на свежае паветра! — прапануе мама.

Мы прыводзім у парадак кніжкі, апранаемся і выходзім з дому.

Тры дні бушаваў «южак». Ён пананосіў цэлыя горы снегу. Сярод іх добра пагуляць у снежкі.

У адзін момант сабралася многа жадаючых прыняць удзел у гульні. Над намі ясна гараць зоры. Марозны ветрык пашчыпвае шчокі і нос, снежкі часамі б’юць балюча, але ніхто не звяртае на гэта ўвагі.

Калі мы разыходзімся, Мара кажа:

— Як добра, што ўсе ўрокі ўжо зроблены! А то, бывала, гуляеш, а як успомніш, што ўрокі яшчэ не зрабіў, дык увесь настрой псуецца.

— Толькі пра табліцу не забудзься. Перад сном падвучы адзін слупок, а раніцай паўтары яго на свежую галаву,— прапануе на развітанне Тынэлькут.

 

Прагулка

Сёння мы хадзілі з татам на прагулку.

Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Снег быў моцна спрасаваны вятрамі, і здавалася, што ідзеш па асфальту. Дабраўшыся да самай верхавіны, мы паглядзелі навакол. Увесь пасёлак ляжаў цяпер перад намі, як на далоні.

Сярод дамоў, якія адсюль здаваліся зусім маленькімі, я ледзь-ледзь адшукаў свой дом.

— Глядзіш, і не верыцца, што яшчэ зусім нядаўна гэтага пасёлка тут не было,— сказаў тата.

Спускаючыся з сопкі, я спатыкнуўся, сеў і паехаў уніз. Мне вельмі спадабалася ехаць такім спосабам, і я некалькі разоў падымаўся ўгару, а потым садзіўся і з’язджаў з сопкі ўніз,

— Трэба з лыжамі прыйсці сюды,— сказаў я.

Толькі мы вярнуліся дамоў, як да нас прыбег Тынэлькут. Ён расчырванеўся і задыхаўся.

— Тата прыехаў здаваць пушніну. Хочаш паглядзець нашых сабак і пакатацца на нартах?

Я запляскаў у далоні ад радасці і пачаў апранацца. Мама таксама апранулася, і разам з Тынэлькутам мы накіраваліся да факторыі.

Факторыя — гэта вялікі магазін, куды паляўнічыя прывозяць пушніну і дзе атрымліваюць за яе розныя тавары і грошы.

Каля факторыі стаяла некалькі нартаў. Нарты, да якіх мы падышлі, былі запрэжаны чатырма парамі сабак на чале з сабакам-важаком.

Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Усе яны былі калматыя, густашэрсныя. Сабака-важак быў большы за ўсіх. Тынэлькут узяў з нартаў мёрзлую рыбу і пачаў частаваць сваіх чацвераногіх сяброў.

Неўзабаве да нартаў падышоў і бацька Тынэлькута —дзядзька Гэмаль.

На ім была вопратка з аленевых шкур; ён курыў люльку і ветліва ўсміхаўся.

Мы прывіталіся з ім, а мама сказала:

— Прыйшлі пазнаёміцца з вамі.

— Добра, вельмі добра! — адказаў дзядзька Гэмаль.

Ён паказаў нам шкуркі пясцоў і лісаў. Якія яны былі прыгожыя, пушыстыя!

Калі бацька Тынэлькута пайшоў здаваць пушніну, я запытаў свайго сябра:

— Чаму ў твайго таты і другіх паляўнічых уся вопратка з аленевых шкур?

— Вопратка з аленевых шкур вельмі цёплая і лёгкая,— адказаў ён.— У нас з аленевых шкур робяць не толькі вопратку. З аленевых шкур робяць жыллё, а з аленевых сухажылляў — ніткі. Ну, а мяса і малако аленяў ядуць. Ды і ў нарты запрагаюць аленяў.

— А чым жа іх узімку кормяць? — запытаў я.

— Яны самі кормяцца,— адказаў Тынэлькут.— Адкопваюць з-пад снегу капытамі мох-ягель і ядуць яго. Для іх не трэба, як для сабак, назапашваць на зіму харчы.

Нарэшце дзядзька Гэмаль выйшаў з факторыі, і мы селі на нарты. Тынэлькут узяў астол — кій з вострым, акаваным жалезам канцом, якім у дарозе тармозіць пагоншчык сабак,— і ўсеўся наперадзе. А затым гукнуў на сабак, і нарты рушылі.

Мне вельмі падабалася ехаць на нартах. Я хацеў імчацца на іх бясконца, але мама сказала, што сёння далёка ехаць нельга.

Дзядзька Гэмаль запрасіў нас у госці, і мама паабяцала, што мы абавязкова прыедзем да яго, як толькі трапіцца зручны выпадак.

Нарты спыніліся. Мы развіталіся з бацькам Тынэлькута і пайшлі дамоў.

 

У яранзе

Неяк у нядзелю раніцай да нас прыбег Тынэлькут і паведаміў:

— Тата прыехаў! Запрашае вас у госці! Я таксама паеду. Праз паўгадзіны нарты будуць каля дома.

Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў.

Я, Тынэлькут і дзядзька Гэмаль селі на першыя нарты, а мама з татам — на другія. Калі мы ўселіся, дзядзька Гэмаль абышоў і па-гаспадарску агледзеў абедзве запрэжкі. Потым ён ускочыў на нарты і гукнуў на сабак. Спачатку нарты ішлі не вельмі хутка, але, як толькі мы выехалі за пасёлак, дзядзька Гэмаль зноў крыкнуў на сабак, Тынэлькут сказаў мне «трымайся», і мы памчаліся...

Сонечны яркі дзень. На небе ніводнага воблачка. Снегавы іскрысты пыл ахутвае нарты. Вельмі хораша ехаць на сабаках. Навокал снег, лёд, сонца, а мы ляцім па неабсяжных белых прасторах, як на казачным дыване-самалёце...

Праз некалькі гадзін мы пад’ехалі да ярангі Тынэлькута.

Яранга — гэта жыллё круглай формы. Робіцца яно са шкур маржоў ці аленяў, нацягнутых на жэрдкі або на маржовыя косці.

Калі нашы нарты спыніліся, з ярангі выйшла маці Тынэлькута. Яна прывіталася з намі і запрасіла ў ярангу.

Яранга была падзелена на дзве палавіны. У першай, халоднай, палавіне жылі сабакі і ляжалі розныя рэчы. Другая палавіна — цёплая і большая за першую — уся была заслана аленевымі шкурамі. Пасярод яе быў зроблен ачаг для агню.

Ля агню сядзеў, падкурчыўшы пад сябе ногі, дзед Тынэлькута і курыў доўгую люльку. Ён быў ужо зусім старэнькі.

Дзед гасцінна запрасіў нас прысесці ля ачага. Мы распрануліся і селі на мяккія пушыстыя шкуры. Над ачагом вісеў чайнік, а з жароўні прыемна пахла смажанай аленінай.

Упарадкаваўшы сабак, у ярангу ўвайшоў бацька Тынэлькута. Ён распрануўся і прысеў да нас. Неўзабаве пачалося частаванне. Елі смачную аленіну, струганіну, пілі пахучы моцны чай з цукеркамі і пячэннем.

Бацькі Тынэлькута былі вельмі гасцінныя людзі і частавалі нас наперабой. Пасля чаю мама пачала прасіць дзядулю расказаць нам аб яго мінулым жыцці.

Дзед закурыў люльку, памаўчаў. Твар яго зрабіўся сур’ёзны і сумны.

— Дрэнна, вельмі дрэнна было нам да савецкай улады. Я і сыны мае былі добрымі паляўнічымі, здабывалі шмат пушніны, а жылі вельмі бедна... Мне ўжо восемдзесят зім. Было ў мяне шмат дзяцей, а засталіся жывымі толькі два сыны. Астатнія ўсе памерлі ад розных хвароб і голаду. Бальніц не было, урача не было, чукчы хварэлі і паміралі як мухі...

— А каму ж вы прадавалі сваю пушніну? — запытаў я.

— О, на пушніну гаспадароў хапала! Мы былі сляпыя, цёмныя, як наша доўгая чукоцкая ноч. Нас ашуквалі і царскія чыноўнікі, і нашы багацеі, і шаманы, і амерыканскія купцы. Купцы прыязджалі да нас у тундру па пушніну, паілі нас гарэлкай і амаль задарма забіралі дарагія шкуркі пясцоў, лісаў, гарнастаяў, мядзведзяў...

Дзядуля памаўчаў, пазіраючы на агонь, і цёплая ўсмешка прабегла па яго зморшчаным твары:

— Пасля прыйшлі рускія, бальшавікі. Мы іх спачатку баяліся. Шаманы ды багацеі ненавідзелі рускіх, казалі, што яны ворагі нашы. Толькі хутка мы пераканаліся, што рускія людзі да нас з добрым сэрцам прыйшлі, з добрай душой. Цяпер чукчы багата жывуць. За пушніну грошай шмат атрымліваюць, і ўсё ў нас ёсць. Дзеці нашы ў школе вучацца, кніжкі чытаюць цікавыя. Старэйшы мой сын у саўгасе жыве, аленяў гадуе. Там вялікія светлыя дамы. Ён брыгадзір, яму за працу ордэн далі,— з гонарам скончыў расказваць дзядуля.

Пагутарыўшы яшчэ крыху з бацькамі Тынэлькута, мы пачалі збірацца дамоў.

Неяк у час веснавых канікул да мяне прыехаў Тынэлькут.

— З’ездзім да нас. Паглядзіш, як ловяць пясцоў,— прапанаваў ён.

Я пачаў прасіць маму, каб яна дазволіла мне паехаць да Тынэлькута.

Мама ніяк не згаджалася пускаць мяне аднаго, але, на маё шчасце, прыйшоў тата.

— Праз тры дні Слава вернецца! — запэўніваў мой сябар.

— Калі так — хай сабе едзе! — дазволіў тата.

Ад радасці я кінуўся абдымаць Тынэлькута.

Мама наклала мне поўны чамаданчык рознай ежы, апранула мяне як мага цяплей, і мы пайшлі да факторыі, дзе чакаў нас дзядзька Гэмаль.

Неўзабаве мы ўжо выязджалі з пасёлка.

Неба зіхацела казачнымі агнямі паўночнага ззяння. Сабакі беглі хутка, і нарты імчаліся, падскокваючы на застругах.

— Ведаеш, як нашы людзі даўней тлумачылі паўночнае ззянне? — запытаў у мяне Тынэлькут.

— Як? — зацікавіўся я.

— Лічылі, што гэта душы памёршых гуляюць у небе.

І не паспеў я нічога адказаць на гэта, як нарты раптам з ходу спыніліся, і мы абодва паляцелі ў снег. Адначасова грымнуў стрэл.

— Курапаткі! — смеючыся з нас, сказаў бацька Тынэлькута.— А ну, бяжыце! Вунь за тым узгоркам упалі.

Мы імчымся навыперадкі па курапатак.

— Смачная вячэра будзе,— усміхнуўся дзядзька Гэмаль, хаваючы курапатак у торбу з нерпавай шкуры.

Мы садзімся на нарты, дзядзька Гэмаль выхоплівае са снегу астол, і зноў чуецца яго вясёлае, крыху хрыплаватае «Поць-поць!». Сабакі стараюцца з усіх сіл.

Пасля язды прыемна было апынуцца ў цёплай яранзе. Смажаныя курапаткі здаваліся смачнейшымі за ўсе на свеце прысмакі.

Павячэраўшы, мы ляглі на мяккую мядзведжую шкуру, якую сцелюць звычайна для гасцей, і заснулі салодкім сном.

Раніцай, пасля снедання, мы зноў імчаліся на нартах па прасторах снегавой чукоцкай тундры.

— Здаецца, тут? — сказаў дзядзька Гэмаль, спыняючы астолам нарты.

— Глядзі, колькі слядоў нарабілі! — звярнуўся да мяне Тынэлькут, паказваючы на снег.— Гэта яны да нерпы ў госці хадзілі,— жартуе мой сябар.

— Як гэта ў госці? — не разумею я.

— Вельмі проста. Паляўнічыя кладуць нерпу, а навокал стаўляюць пасткі. Пясцы бягуць грызці нерпу, ды і трапляюць у пасткі.

— А я думаў, пясцоў са стрэльбы б’юць,— сказаў я.

— Ды не! Вось убачыш, як гэта робіцца.

Тым часам дзядзька Гэмаль перавярнуў нарты ўгору палазамі, убіў між капылоў астол і ўлажыў сабак.

— Ціха,— прыглушаным голасам сказаў Тынэлькут, адкідаючы з галавы малахай і прыслухоўваючыся. Я зрабіў тое ж самае.

Недзе зусім блізка пачуўся брэх.

— Ёсць адзін! — узрадавана ўсклікнуў мой сябар і заспяшаўся наперад да невялікага снегавога ўзгорка. Я таксама прыбавіў кроку.

На ўзгорку мы спыніліся. За некалькі метраў ад нас кідаўся цудоўны белы пясец і брахаў, зусім як сабака. Лапка яго была заціснута ў пастцы.

Твар Тынэлькута ззяў шчасцем, ён хваліў здабычу і смяяўся.

Выняўшы дабітага пясца з пасткі, бацька Тынэлькута сказаў:

— А цяпер паставім пастку зноў.

— Дай я,— папрасіў Тынэлькут і, звярнуўшыся да мяне, дадаў: — Глядзі, як гэта робіцца.

Ён паставіў пастку на снег, абвёў вакол яе нажом, выняў цвёрды камяк снегу. Атрымалася ямка. Наведзеную пастку Тынэлькут асцярожна апусціў у гэтую ямку. Пасля ён узяў цвёрды камяк снегу і зрабіў з яго нажом тонкую пласцінку. Гэтай пласцінкай ён закрыў ямку, у якой ляжала пастка.

— Вось і ўсё! Калі ласка! — весела сказаў ён.

— Цікава! — зазначыў я, здзіўлены спрытам Тынэлькута.

А дзядзька Гэмаль любоўна пазіраў на сына, пыхкаючы сваёй люлькай.

Калі мы вярталіся з палявання, пачалася пазёмка.

— Вось і добра! Усе нашы сляды прысыпле снегам,— сказаў дзядзька Гэмаль.

У гэты дзень мы прывезлі з палявання трох пясцоў.

Усе ў яранзе былі задаволены здабычай, разглядалі, хвалілі пясцоў...

Тры дні мінулі непрыкметна.

— Цяпер я і сам магу ставіць пасткі,— хваліўся я, калі мама сцягвала з мяне аленевыя нагавіцы і тарбасы.— Я дзве пасткі сам паставіў, і дзядзька Гэмаль сказаў, што пясцы, якія трапяць у іх,— мае!

— Ну, раз ён сказаў, значыць, так яно і будзе! — адгукнуўся бацька.— Чукчы — народ вельмі сумленны і слоў сваіх на вецер не кідаюць.

 

Красавік

У красавіку на Чукотцы вельмі многа сонца. Яно ўжо зусім не сыходзіць з неба і свеціць так ярка, што ўся заснежаная зямля ззяе, іскрыцца тысячамі агнёў.

— Вось табе веснавы падарунак,— сказаў аднойчы тата, падаючы чорную скрыначку.

Я адчыніў яе. Там былі... акуляры. Здзіўлена паглядзеўшы на тату, я запытаў:

— Навошта мне акуляры? Мае вочы і без акуляраў бачаць вельмі добра.

— Цяпер, сынок, на прагулку без гэтых цёмных акуляраў не выходзь. Бачыш, якое яркае сонца, як ззяюць ільды і снягі.

...Мара не захацеў насіць акуляраў. Ён усё хваліўся, што вочы яго не баяцца сонца. Пахадзіўшы цэлы дзень на сонцы, увечары ён ужо не мог глядзець. Маці яго вельмі спалохалася і прыбегла да таты за парадай. Тата сказаў, каб Мару пасадзілі ў цёмны пакой, і праз некалькі дзён хлопчык будзе зноў добра бачыць.

Сядзіць Мара ў пакоі з завешанымі шторамі і сумуе. Вось і дастукаўся! Цяпер некалькі дзён не будзе хадзіць у школу ды зноў адстане, а хутка кантрольная работа па пісьму. Прыйдзецца неяк займацца з ім, бо атрымае двойку, і тады ўся работа марна згіне.

— Што рабіць цяпер? Не магу ні пісаць, ні чытаць. Вочы нібы пяском засыпаны: рэжа, баліць, слёзы цякуць.

— Затое пахадзіў без акуляраў, пафасоніў,— адказваю я.— А займацца ўсё роўна трэба, а то зноў будзе бяда.

— Ну як, як займацца? — у роспачы ўскліквае Мара.

— Пісаць і чытаць ты, вядома, не можаш. Давай будзем выконваць заданні вусна, вучыць разам правілы, паўтараць. Сляпыя ж таксама вучацца, ды яшчэ як вучацца!

— Ну добра, паспрабуем,— згаджаецца Мара.

Мы пачынаем займацца. Я чытаю правілы, і мы разам завучваем іх, прыдумваем прыклады. Выходзіць зусім нядрэнна, і мы абодва вельмі задаволены.

— А ведаеш, мне нават падабаецца займацца вось так, з заплюшчанымі вачыма,— кажа Мара.

Я чытаю ўрывак з хрэстаматыі, а Мара ўважліва слухае. Потым мы пачынаем пераказваць змест урыўка.

— Ну вось і ўсё! Зараз я з Тынэлькутам пайду загараць,— кажу я.

— Эх, як шкада, што баляць вочы і я павінен сядзець у цёмным пакоі!

Прыходзіць Тынэлькут, і мы ідзём у сопкі. Мой сябар не носіць акуляраў: ён нарадзіўся і вырас у гэтым краі, і яго вочы не баяцца красавіцкага сонца.

Мы паднімаемся на сопку, выбіраем зацішнае месца. Тынэлькут сцеле сваю кухлянку, мы распранаемся і пачынаем загараць.

Навокал нас снягі, ільды, а ўсё ж пахне вясной.

— Люблю я красавік,— кажа мой сябар,— у красавіку на Чукотцы многа сонца і многа самалётаў.

Нібы пацвярджаючы яго словы, нашу гутарку абрывае гул самалёта. Ён ляціць зусім нізка над сопкамі. Мы ўсхопліваемся, узрадавана махаем звонкакрылай птушцы і доўга сочым за яе палётам. Вочы Тынэлькута гараць ад захаплення.

— Абавязкова буду лётчыкам! — горача заяўляе ён.— Усю зямлю нашу аблятаю. Пабываю і ў Хабараўску, і ў Маскве!..

Мы доўга песцімся ў праменнях красавіцкага сонца. Я расказваю Тынэлькуту пра нашу вясну з пахучымі лісцікамі, сінімі пралескамі, маладой шаўковай траўкай, звонкімі песнямі жаваранкаў. Мой сябар зачаравана слухае, і толькі час ад часу з вуснаў яго злятае: «Какомэй!» — слова, якое на мове чукчаў азначае здзіўленне.

 

Першыя чацвёркі

Празвінеў званок, і неўзабаве ў клас увайшла Ніна Мікалаеўна. У руках у яе быў стосік нашых сшыткаў.

Сёння мы яе асабліва чакалі: нас вельмі цікавілі вынікі апошняй кантрольнай дыктоўкі.

— Цікава, што атрымае Эльхына? Яна ж амаль тыдзень хварэла! Я так баюся за яе! —хваляваўся Віця Андрэеў.

Нарэшце ў руках Ніны Мікалаеўны сшытак Эльхыны.

— Малайчына, Эльхына! — кажа настаўніца,— зрабіла толькі дзве памылкі. Я паставіла табе чацвёрку. Пастаралася, папрацавала, і вось вынік.

— Гэта ж Віця дапамог,— прамовіла, пачырванеўшы, Эльхына.

— Ды што там Віця, Віця...— прабурчаў Андрэеў і разам з Эльхынай пачаў разглядаць яе сшытак. Праз хвіліну пачуўся яго незадаволены голас:

— Ну як гэта ты ў слове лёд напісала «т»? Ты ж і правіла гэтае добра ведаеш... Ніна Мікалаеўна! — звярнуўся да настаўніцы Віця,— гэта ж нейкая недарэчнасць. Эльхына добра ведае правілы, вось запытайце яе.

— Добра, добра, Віця, я запытаю, але не зараз,— адказвае настаўніца.

А Віця ўсё не можа супакоіцца і гаворыць Эльхыне:

— Вось сёння на гэтае правіла будзеш мне дыктоўку пісаць!

— Я ведаю, Віця, гэтае правіла і больш ніколі не зраблю такой памылкі,— вінавата адказвае Эльхына.

— Не зраблю, не зраблю...— бурчыць Віця.

— Што ты на яе злуеш? Яна пісала дыктоўкі амаль заўсёды на двойку, а цяпер атрымала чацвёрку. Малайчына Эльхына! — умешваецца Ніна.

А Мара зноў атрымаў тройку. І ўсё гэта праз сваю няўважлівасць. Замест «горы» напісаў «роры», замест «клас» — «квас», замест «горад» — «гораб».

— Вось варона! — злосна гаворыць Тынэлькут.— І аб чым ён толькі думае ў час дыктоўкі?.. Эх, Мара, Мара! Ну як табе не сорамна?

— Мне галава вельмі балела. Другі раз я напішу на пяць,— апраўдваецца Мара.

— Ты ўсё толькі абяцаеш, а як прыйдзецца да справы, дык выходзіць дрэнна,— кажу я.

Мне вельмі крыўдна, што Мара атрымаў тройку. Я ведаю, што ён можа атрымаць і пяцёрку, калі будзе больш уважлівы.

— Што ты на мяне злуеш? Вось даю табе чэснае піянерскае, што ў наступны раз не падвяду,— запэўнівае мяне Мара.

— Ну глядзі! А то зусім не буду з табой займацца,— адказваю я.

Звініць званок, і мы выходзім з класа...

На ўроку арыфметыкі настаўніца выклікала да дошкі Мару. Ён правільна рашыў задачу, толькі адзін раз крыху памыліўся.

Ніна Мікалаеўна пахваліла яго і паставіла чацвёрку. Румяны, пухлы твар Мары заззяў шчаслівай усмешкай, а Тынэлькут ад радасці так штурхнуў мяне ў бок, што я ледзь не зваліўся з парты. Увесь клас быў задаволены поспехамі Мары.

— Дзеці! Заўтра кантрольная па арыфметыцы. Я спадзяюся, Мара, што ты цяпер не захварэеш? — жартуе Ніна Мікалаеўна.

— Не, цяпер не захварэю! — бойка адказвае Мара.

— Яго Слава з Тынэлькутам вылечылі ад гэтай таямнічай хваробы,— смеючыся, кажа Толя.

— Сёння паўтару ўсю табліцу і заўтра кантрольную напішу на пяць,— шэпча Мара.

— Калі не будзеш варон лавіць,— адказваю я.

Заняткі скончаны, і мы выходзім са школы.

— Які сёння харошы дзень! — кажа Тынэлькут.

— Паўтары правапіс назоўнікаў, увечары будзеш пісаць дыктоўку!

Гэта Віця Андрэеў крычыць услед Эльхыне, якая бяжыць у інтэрнат.

Насустрач нам ідзе Чыні.

— Чыні, Чыні! У нас сёння радасны дзень. Мара атрымаў чацвёрку па арыфметыцы, Эльхына і Тынэлькут — па дыктоўцы,— дакладвае Галя.

Чыні падыходзіць да нас, і мы абкружаем яго шчыльным і шумным колам.

— У мяне таксама для вас падарунак: сёння ўвечары будзем глядзець кіно. Прывезлі «Аповесць аб сапраўдным чалавеку»,— кажа Чыні.

Ад радасці ўсе мы пляскаем у далоні. Мы даўно чакалі гэтага фільма.

Які цудоўны сёння дзень!

 

Непрыемнасць

— Што з табой? Ты нечым усхваляваны? — запытала ў мяне мама.

Вось якая яна: адразу ўсё заўважыць.

— Галава крыху баліць,— паспрабаваў схітрыць я.

— Нешта не верыцца. Ты ўжо другі дзень ходзіш засмучаны. Лепш раскажы мне ўсю праўду. Можа, я табе і дапамагу чым.

— Непрыемнасць здарылася,— сказаў я, не могучы больш хаваць ад мамы сваёй таямніцы.

— Якая непрыемнасць? — запытала мама, прысеўшы побач са мной.

І я расказаў маме ўсю праўду.

А справа была вось у чым. Ніна Мікалаеўна папярэдзіла нас, што праз два дні будзе кантрольная работа па скланенню назоўнікаў.

І трэба ж так здарыцца,— у Мары напярэдадні кантрольнай быў якраз дзень нараджэння. Ён, вядома, увесь дзень прагуляў і за граматыку не браўся.

Раніцай, перад самай кантрольнай, ён, задыхаўшыся, убег у клас, падняў угору рукі і, зрабіўшы трагічную міну, закрычаў:

— Ратуйце, людзі добрыя! Нічога не паўтараў.

Пачалася кантрольная. Я ўжо заканчваў сваю работу, калі на парту ўпала запіска. «Пагражае двойка, ратуй!» — пісаў Мара.

Не падумаўшы ні хвіліны, я раз — і пераслаў Мару свой сшытак з работай, а перад сабой на парце паклаў другі, яшчэ не пачаты. Гэта каб Ніна Мікалаеўна не заўважыла, што ў мяне няма сшытка з работай.

Празвінеў званок. Настаўніца сабрала сшыткі. Мара падбег, схапіў мяне ў абдымкі і сказаў:

— Вось гэта сапраўдны сябар. Выратаваў мяне ад бяды. Дзякую!

Назаўтра Ніна Мікалаеўна раздавала правераныя сшыткі. Калі чарга дайшла да Мары, настаўніца ўважліва паглядзела на яго і запытала:

— Скажы, Розаў, ты сам выконваў работу?

— Ну вядома, сам, Ніна Мікалаеўна,— сказаў Мара і так пачырванеў, што нават рабацінне на яго твары знікла.

— Ідзі да дошкі,— сказала настаўніца.

Стоячы ля дошкі, Мара за плячыма настаўніцы пачаў строіць такія грымасы, што ўсе зразумелі: зараз ён абавязкова схопіць двойку.

Напісаўшы пад дыктоўку Ніны Мікалаеўны сказ, ён пачаў разбіраць яго і заблытаўся.

Настаўніца пасадзіла яго на месца, а ў класным журнале супраць прозвішча Мары паставіла зграбную двоечку. Зрабіўшы гэта, яна акінула клас строгім позіркам і сказала:

— Цікава, хто гэта з вучняў патурае гультаям і разам з імі спрабуе ашукаць настаўніцу?

І раптам сэрца маё абарвалася, кроў прыліла да твару.

Я адчуў, што зрабіў вельмі і вельмі нядобра. З гэтай хвіліны я пачаў пакутаваць...

— Ну як, як цяпер выправіць гэтую памылку? — у роспачы запытаўся я ў мамы і дадаў раззлавана: — А ўсё гэты гультай Мара. Не мог ён нарадзіцца ў які-небудзь іншы дзень, абавязкова напярэдадні кантрольнай.

— Мара тут ні пры чым. Ніколі не звальвай сваёй віны на другога. Гэта вельмі нядобра,— сказала мама і, памаўчаўшы крыху, дадала: — Ну, а выправіць усё гэта можна вельмі проста.

— Як?

— Трэба вам абодвум пайсці да настаўніцы, шчыра ва ўсім прызнацца і папрасіць прабачэння.

— Не, гэта немагчыма! Гэта ж так сорамна!

— А ашукваць настаўніцу хіба не сорамна? — дакорліва запытала мама.

— Мамачка, ну ўяві сабе ўсю гэтую справу. Ды пасля майго прызнання настаўніца будзе глядзець на мяне, як на самага апошняга чалавека.

— Не, не будзе,— сказала мама.— Той, хто памыліўся і меў мужнасць прызнаць сваю памылку, варты не толькі прабачэння, а нават і павагі.

Мы доўга яшчэ сядзелі з мамай і гутарылі. Скончылася ўсё тым, што я пайшоў да Мары.

— Ні ў якім разе не пайду! — катэгарычна заявіў Мара, нават не выслухаўшы мяне да канца.— Разумны які знайшоўся! Ідзі сабе, прызнавайся, а я не хачу.

— Ну што ж, і пайду, толькі табе ад гэтага будзе горш. Хадзем лепш разам. Чаго ты так спалохаўся?

— І зусім не спалохаўся, а проста я не згодзен з табой прынцыпова,— адказаў Мара.

— Ды ты не гарачыся, а падумай добра. Што будзе, калі Ніна Мікалаеўна даведаецца пра гэта сама? Што тады? Ды і наогул я не хачу больш маўчаць, разумееш? Мы ж піянеры...

— Ну добра, я пайду. Толькі расказваць пра ўсё будзеш ты сам,— згадзіўся нарэшце Мара.

Нясмела пастукалі мы ў дзверы Ніны Мікалаеўны, а калі пачулі «ўваходзьце!», нашы ногі нібы прыраслі да падлогі.

Выслухаўшы наша блытанае прызнанне, Ніна Мікалаеўна сказала:

— Будзьце заўсёды такімі сумленнымі і мужнымі. Я веру, што вы ніколі больш не будзеце так памыляцца. Я дарую вам.

Выйшлі мы ад настаўніцы самымі шчаслівымі на свеце людзьмі.

 

Першае мая

Навокал снягі, зіма. Мора яшчэ закавана льдамі. Але ўсё ярчэй і ярчэй свеціць сонца.

У пасёлку ідзе падрыхтоўка да свята. На будынках ужо чырванеюць сцягі, палотнішчы лозунгаў і плакатаў.

На дошцы Гонару перад будынкам Упраўлення вісяць фатаграфіі лепшых людзей Чукоткі.

У нашым доме таксама ідзе падрыхтоўка да свята: прыбіраюць, пякуць, вараць. Мітусня на кухні стаіць ад ранку і да ночы. А Ольга Сцяпанаўна, якая працуе загадчыцай бібліятэкі, цэлы дзень спявае песні: яна ўдзельнічае ў самадзейнасці і рэпеціруе нават на кухні ля пліты. Часам яна так захапляецца спевамі, што страва прыгарае.

Заўтра пойдзем на дэманстрацыю. Вельмі цікава, якая тут дэманстрацыя?

Увечары тата з мамай пайшлі на ўрачыстае пасяджэнне, а я з Вовам — сынам нашага суседа-геолага — гуляў у даміно і шашкі. Потым я захацеў спаць. Вова таксама пайшоў спаць. Так і не чуў, калі прыйшлі дамоў мама з татам.

Раніцай, калі мы ішлі на дэманстрацыю, тата паглядзеў на сопкі і сказаў:

— Мабыць, «южак» перашкодзіць нам: сопкі пачынаюць курыцца.

Я таксама глянуў на сопкі і ўбачыў, што над імі сапраўды нібы курыцца белы дымок.

На пляцоўцы перад двухпавярховым будынкам Упраўлення сабраліся амаль усе жыхары нашага пасёлка са сцягамі, з плакатамі, з лозунгамі і партрэтамі правадыроў. Іграў аркестр. На трыбуну ўзышоў начальнік Упраўлення, і першамайскі мітынг пачаўся.

Раптам з сопак наляцеў на пасёлак «южак». Але людзі, сабраўшыся шчыльней, стаялі вакол трыбуны, і ніхто не падумаў ісці дамоў. Вецер ірваў сцягі, сыпаў у твары прыгаршчамі снегу, свістаў, скуголіў. Бура люта кідалася на людзей, нібы злавалася на іх за тое, што яны не звярталі на яе ніякай увагі.

Грымнула шматгалосае «ўра!», аркестр выканаў «Гімн Савецкага Саюза», і толькі тады ўсе пачалі разыходзіцца.

Вецер шалеў. За два крокі нічога не было відаць. Мы паціху, перамагаючы вецер, прабіраліся дамоў.

А ўвечары мы слухалі Маскву. Там была сонечная майская раніца. Над Краснай плошчай у ясным веснавым небе плылі эскадрыллі самалётаў. Па вуліцах пад гукі аркестра бясконцым патокам праходзілі войскі, калоны працоўных, моладзь, школьнікі, фізкультурнікі...

 

Медзведзяня

Аднойчы прыехаў бацька Тынэлькута і прывёз мне маленькае медзведзяня. Якое яно мілае! Бялюткае, як снег, тоўсценькае, пушыстае, а вочкі, нібы чорныя пацеркі. І вельмі, вельмі пацешнае.

Тата даў яму бляшанку са згушчоным малаком. Медзведзяня пахадзіла вакол яе, а пасля згрэбла бляшанку ў тоўсценькія пушыстыя лапкі і прагна пачало лізаць малако ружовым язычком.

Мама хацела пагладзіць медзведзяня, але яно павярнулася, забурчала і вышчарыла белыя вострыя зубкі.

— Ого, якое ты злоснае! — сказала мама.

— Я буду называць яго Сняжок! — сказаў я.

Медзведзяня пад’ела, пахадзіла па пакоі, а потым прымасцілася на татавых мяккіх туфлях і соладка заснула.

Дні ішлі, і мой Сняжок рос. Часта мы бралі яго на прагулку. На неабсяжным лёдавым прасторы бухты было многа вялізных таросаў. Наш Сняжок любіў узбірацца на іх і з'язджаць на жывоціку ўніз. Ён дурэў, хапаў нас за пяткі, калі мы ішлі ўперадзе. Я вельмі любіў вясёлыя прагулкі з маім калматым сябрам.

Мой Сняжок таксама быў у захапленні ад гэтых прагулак. Ён ужо ведаў, калі я гаварыў яму:

— Сняжок, гайда на прагулку!

Медзведзяня садзілася ля дзвярэй, нецярпліва бурчала, пазіраючы на мяне бліскучымі вачанятамі, нібы хацела сказаць мне: «Хутчэй, хутчэй!»

З кожным днём Сняжок рабіўся ўсё больш неспакойным. Ён быў вельмі цікаўны, забіраўся ўсюды і ўсё, што яму траплялася, грыз сваімі вострымі зубамі. Уночы ён сцягваў з мяне коўдру і ўкладваўся на ёй тут жа, каля канапы.

Ён вельмі любіў салодкае, і калі бачыў у руках у мяне цукар, дык не адыходзіў датуль, пакуль не атрымліваў пачастунак. У доме ён папсаваў нямала рэчаў, і мама ўсё часцей выказвала сваё незадавальненне. А галоўнае, ён рабіўся злосным і спрабаваў кусацца ўсур'ёз, асабліва тады, калі быў не ў гуморы.

Неяк да нас зайшоў знаёмы лётчык. Ён збіраўся ляцець у Маскву, і мама прапанавала яму завезці ў заапарк майго Сняжка.

Мне вельмі не хацелася расставацца са Сняжком, але я і сам бачыў, што ён ужо вялікі і дома далей трымаць яго нельга.

Раніцай мы накіраваліся ў аэрапорт. Надвор’е было прыгожае: весела свяціла сонейка, пад нагамі звонка хрупалі веснавыя льдзінкі, высока над галавой у чыстым блакіце неба пераклікаліся птушкі.

Сняжок быў у самым найлепшым настроі і весела бег побач са мной. А мне было вельмі сумна.

Вось і аэрадром. Сняжок спыняецца і асцярожна прыслухоўваецца да шуму матораў. Я падбадзёрваю яго, і ён асцярожна ідзе побач.

Праз хвіліну мы ўжо ў самалёце. Сняжок цікаўна заглядае ў кожны куток. Вакол яго збіраецца ўвесь экіпаж самалёта, а ён нездаволена бурчыць і агрызаецца, калі хто-небудзь хоча пагладзіць яго, пагуляць з ім.

Усе смяюцца, жартуюць, а ў мяне слёзы падступаюць да вачэй.

— Бывай, мой Сняжок! — шапчу я, абдымаю свайго калматага выхаванца і выходжу з самалёта, хаваючы слёзы.

Яшчэ хвіліна, другая, і самалёт адрываецца ад зямлі. Я гляджу яму ўслед да таго часу, пакуль ён не знікае за белымі шапкамі сопак.

— Даруй, мой сябар! Калі-небудзь я прыеду пабачыцца з табой! Не сумуй!

 

Аб чым расказала люлька

Чарговы збор атрада вырашана было прысвяціць мінуламу Чукоткі. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку мы ўсе ўжо сабраліся ў класе.

Эльхына, наш «звеннявы санінспектар», як мы, жартуючы, называлі яе, крытычным вокам акідвае рабят і робіць свае заўвагі:

— Розаў, папраў гальштук. Галя, прыгладзь крыху валасы. Толя, зашпілі кашулю.

«Санінспектар» наш строгі: усё заўважыць. У нас ужо ў прывычку ўвайшло: як убачым Эльхыну, дык адразу наводзім парадак.

Роўна ў вызначаны час у клас увайшоў Чыні. Ён такі: ва ўсім любіць парадак, дакладнасць і патрабуе гэтага ад кожнага піянера. Слова яго цвёрдае, як сталь: сказаў — і скончана.

Прывітаўшыся з намі, Чыні палажыў на стол доўгі футарал, абцягнуты нерпавай шкурай, потым выняў з яго вялікую, зробленую з маржовай косці, люльку і сказаў:

— Я раскажу вам гісторыю гэтай цудоўнай люлькі. Сядайце бліжэй.

Мы здзіўлена глянулі адзін на аднаго, хуценька расселіся і прыціхлі.

— Гэтай люльцы больш як сто гадоў. Яна дасталася ў спадчыну майму дзеду яшчэ ад яго бацькі.

Род наш славіўся мастакамі-кастарэзамі. Нямала цудоўных рэчаў, зробленых маімі продкамі, амаль задарма забіралі амерыканскія купцы, якія да савецкай улады гаспадарылі тут як хацелі.

Мой прадзед пражыў доўгае і вельмі цяжкае жыццё.

Я ніколі не бачыў свайго прадзеда, але бацька расказваў мне, як ён паміраў, і ўсе падрабязнасці гэтай смерці нібы стаяць перад маімі вачыма.

Цёмная, пракураная яранга. На аленевых шкурах ляжыць мой прадзед. Пасінелымі губамі ён ловіць паветра, рукі яго сутаргава скрабуць аленевую шкуру, што ўсцілае полаг.

Вакол хворага скача, як ашалелы, шаман, б’е ў бубен, скуголіць.

Урэшце шаман загадвае дапамагчы хвораму перасяліцца на той свет. На шыю старому накідваюць пятлю, якая сціскае яму горла і кладзе канец перадсмяротным пакутам.

— А хто ж гэта дазволіў задушыць старога? — з гневам гаворыць Віця.

— Такі быў звычай, народжаны цяжкім жыццём.

— Ой, як страшна! — ускліквае нехта з дзяўчынак.

— Бабулькі апранаюць нябожчыка, прывязваюць яму «ў дарогу» торбачку з тытунём, люльку, некалькі разьбярскіх інструментаў, запалкі, кавалачак мяса. Пасля выразаюць у сцяне ярангі дзірку і выносяць праз яе нябожчыка...

Чыні маўчыць з хвіліну, а потым расказвае далей:

— Дык вось, прадзед мой быў выдатным мастаком-кастарэзам. Гэтая люлька — яго апошняя работа. Тады яна была толькі яшчэ пачата. На ёй былі выразаны гэтыя вось няшчасныя паляўнічыя, якіх нясе на адарванай ільдзіне далёка ў мора, ды вунь тыя ўбогія ярангі пад сопкай.

За некалькі дзён да смерці прадзед паклікаў сына і ўнукаў і сказаў ім:

«Гэтую люльку беражыце. Хай кожны з нашага роду пакіне пасля сябе на ёй памяць. Гэта будзе наша родавая люлька...»

Дзеду майму ўжо давялося крыху пажыць пры савецкай уладзе, і вось яго след на люльцы: яснае сонца, што ўзыходзіць над тундрай, алені, параход, які паказваецца на гарызонце.

Мы з цікавасцю разглядаем люльку. Якая яна цудоўная! Усё на ёй нібы жывое.

— А вось гэта ўжо работа майго бацькі і яго старэйшага брата. Над прасторамі тундры плывуць самалёты. Ідуць людзі са сцягамі. А там, на ўзбярэжжы, ужо стаяць новыя дамы, высокая радыёмачта. Гэта на Чукотку прыйшло новае шчаслівае жыццё.

А вось гэтая разгорнутая кніжка, глобус, камсамольскі значок — гэта ўжо работа... мая,— заканчвае Чыні.

Цудоўная белая люлька пераходзіць з рук у рукі, і мы не можам на яе наглядзецца.

 

Заўсёды разам

— Чаму гэта не прыйшоў у школу Віця? — запытала Ніна пасля першага ўрока.— І сястрычкі яго таксама няма ў школе,— заклапочана дадала яна.

— Будзем ісці са школы, абавязкова зойдзем да яго,— сказаў я.

Пасля ўрокаў я, Мара, Галя і Ніна пайшлі да Віці.

Калі мы ўвайшлі ў пакой, Віця стаяў ля электрычнай пліткі і нешта мяшаў у каструлі. Побач на крэсле сядзела яго сястрычка Аня. Твар яе быў заплаканы. У пакоі панаваў непарадак: ложкі былі незасланы, на стале стаяў непамыты посуд, усюды было параскідана адзенне.

Віця глянуў на нас, нявесела ўсміхнуўся і прыглушаным голасам сказаў:

— Гаспадару вось...

— А дзе ж мама? — запытала Ніна.

— Маму на досвітку завезлі ў бальніцу,— сказаў, апусціўшы галаву, Віця, і з яго вачэй пасыпаліся слёзы. Зірнуўшы на брата, Аня таксама залілася слязьмі.

Усе мы прыціхлі, засмучаныя горам свайго таварыша.

— А што з мамай? — запытала Галя.

— Не ведаю. Кажуць, патрэбна неадкладная аперацыя.

— Не хвалюйся! Я зараз збегаю ў бальніцу да таты. Ён яшчэ павінен быць там,— сказаў я, зірнуўшы на гадзіннік і кладучы на крэсла свой партфель.

— А мы хуценька паабедаем і прыйдзем да цябе,— паабяцала Ніна.

Задыхаўшыся, я падбег да бальніцы. На ганку стаяла санітарка Тэюнэ і пыхкала сваёй маленькай люлькай.

— Тата яшчэ ў бальніцы? — запытаў я.

— У бальніцы, у бальніцы,— ветліва ўсміхнулася Тэюнэ,— толькі зараз ён на аперацыі.

— А каму робяць аперацыю? — устрывожана запытаў я.— Не ведаеце?

— Жанчыне, што прывезлі раніцай, пасялковай,— адказала Тэюнэ.

Выцершы добра ногі, я пайшоў у татаў кабінет і пачаў чакаць. На сэрцы было вельмі трывожна, а час, здавалася, ішоў вельмі, вельмі марудна.

Нарэшце да маіх вушэй даляцеў голас таты. Я ўсхапіўся з крэсла і выбег на калідор.

Тата выходзіў з аперацыйнай, сястра здымала з яго халат і маску. Следам за татам неслі на насілках Віцеву маму. Якая яна белая! Я заплюшчыў ад страху вочы, сэрца маё застукала часцей.

Глянуўшы на спакойны, крыху стомлены твар таты, я адразу зразумеў, што ўсё ў парадку, і супакоіўся.

— Чаму ты не дома, а тут? — здзіўлена запытаў тата, заўважыўшы мяне.— Што здарылася?

— Татачка, я да цябе па важнай справе. Што з Віцевай мамай? Ты зараз зрабіў ёй аперацыю?

— Ах, вось яно што! Значыць, ты хочаш супакоіць свайго таварыша? — Тата ўзяў у свае мяккія, крыху халаднаватыя далоні мае шчокі і ласкава паглядзеў на мяне.— Скажы Віцю, што дзён праз пяць мама будзе дома. Хай не хвалюецца і даглядае сястрычку.

— Татачка, дазволь тады Віцю і Ані зараз прыйсці пабачыцца з іх мамай,— папрасіў я.

— Не, зараз, сынок, нельга. Заўтра, калі ласка! А сёння хворая павінна адпачываць.

— Тады скажы ёй, хай яна не хвалюецца і хутчэй папраўляецца. Наша звяно будзе ўвесь час з Віцем,— сказаў я і выбег за дзверы.

Я імчаўся так, што на ганку ледзь не збіў з ног Тэюнэ, якая несла дровы. Мне хацелася хутчэй супакоіць сваіх засмучаных сяброў.

— Усё ў парадку! Праз пяць дзён ваша мама вернецца. А заўтра тата дазволіў вам яе наведаць,— адным духам выпаліў я, ускокваючы ў кватэру Віці.

— Дзякую табе, Слава! — сказаў Віця, пазіраючы на мяне з удзячнасцю. А Аня абхапіла мяне рукамі за шыю і весела засмяялася.

— Ну, я абедаць. Пасля прыйду і будзем вучыць урокі,— сказаў я і пабег дамоў.

За абедам мама падала мне смачныя румяныя піражкі з мясам.

— Мама, а што, калі я некалькі піражкоў занясу Віцю з Аняй?

Мама выбрала самыя лепшыя піражкі, паклала іх у місачку, загарнула паперай і сказала:

— Прашу! Трымай!

Узяўшы місачку, я пабег да Віці.

Тут цяпер кіпела работа. Віця прыбіраў пасцелі. Ніна завіхалася ля пліткі, Галя мыла посуд, Эльхына заплятала коскі Ані, а Мара старанна падмятаў пакой.

Я паставіў місачку на стол, разгарнуў паперу і сказаў:

— Калі ласка! Гарачыя піражкі з мясам. Віця, Аня, ешце! А то пакуль зварыцца ваша каша, дык жываты да спіны прысохнуць.

— Навошта гэта, Слава! Хіба ў нас няма чаго есці? Вось зараз зварыцца,— збянтэжана сказаў Віця.

— Правільна, Слава! — усклікнула Ніна і, бразнуўшы дзвярыма, выбегла з пакоя.

Ніна вярнулася даволі хутка і паставіла на стол каструлю з супам і слоік з кісялём.

— А вось першае і трэцяе! — сказала яна.

— Ну навошта, рабяты! Не трэба,— пратэставаў Віця, але ўсё ж сеў разам з сястрой за стол і з апетытам паабедаў.

Калі ў пакоі быў наведзены парадак, мы ўзяліся за ўрокі.

З гэтага дня мы штодзённа пасля абеду збіраліся ў Віці. А некаторыя з членаў звяна нават начавалі ў яго.

Віця з сястрой хадзілі ў школу, наведвалі сваю маму, і ўсе былі задаволены.

Калі Віцева мама вярнулася з бальніцы, яна застала дома поўны парадак.

 

Заўтра летнія канікулы

Сёння ў класе пануе асаблівае ажыўленне. Настрой ва ўсіх узняты.

Ды яно і зразумела: заўтра пачынаюцца летнія канікулы.

Пасля трэцяга ўрока — класны сход. Прыходзіць Чыні.

— Ну, рабяты, віншую вас з адпачынкам! — гаворыць ён.— Папрацавалі вы нядрэнна: у класе няма ніводнага другагодніка. Асабліва пастаралася звяно Ніны Казловай. У гэтым звяне ў табелях — ніводнай тройкі... Некаторыя з вас цяпер паедуць да бацькоў у тундру, некаторыя застануцца тут, у пасёлку. Адпачываць прыемна. Але я хацеў бы, рабяты, каб вы ў час адпачынку не забываліся пра кніжку і не цураліся працы. Хутка і да нас на Чукотку прыйдзе лета. Лета наша вельмі кароценькае, а зрабіць на працягу яго трэба вельмі многа. Вы ў меру сваіх сіл дапамагайце дарослым. Часу хопіць і на гульню, і на працу. А папрацаваўшы, і адпачываць весялей. Дык давайце, рабяты, дамовімся, што кожны з вас хоць чым-небудзь — ці то дома, ці ў калгасе, ці тут, у пасёлку,— будзе дапамагаць у працы дарослым.

— Згода, згода! — адгукнуліся на гэту прапанову рабяты.

— Я буду дапамагаць вяліць юколу! — абазваўся Анкат.— Я па вешалах, як акрабат, хаджу.

— А я з бацькам буду пасвіць аленяў. У нашым калгасе аленяў многа,— сказала Эльхына.

— А чым будзем займацца мы, пасялковыя? — запытаў Толя.

— Будзем рамантаваць школу, інтэрнат,— сказаў Чыні.

— Вось гэта работа! —узрадаваўся Мара.

— Работы ўсім хопіць, абы толькі ахвота была,— сказаў Чыні.

— Я да пачатку навучальнага года вырашчу для школы многа кветак. Іх будзе поўна і ў класах, і ў калідорах,— запэўніла Ніна.

Піянеры доўга яшчэ абмяркоўвалі прапанову важатага. Ніхто не хацеў стаяць у баку ад гэтай важнай справы.

— Чыні, а дзе будзеш адпачываць ты? — запытала Ніна.

— Усюды! —усміхнуўся Чыні.— І ў пасёлку, і ў тундры. Мы будзем бачыцца часта.

— Вось гэта добра! — весела выгукнуў Толя.

— Ну і летнія канікулы! Навокал снягі ды льды! — сказаў я, калі мы ішлі дамоў.

— А ў Маскве зараз футбольны сезон у самым разгары,— уздыхнуў Мара — заўзяты балельшчык каманды «Дынама».

— А ў нас у Адэсе ўсё ў кветках, у зеляніне. Людзей на пляжы поўна. Загарай, купайся колькі хочаш!—уздыхнуў Віця.

— Не сумуйце, рабяты! І на Чукотку хутка прыйдзе лета,— падбадзёрваючы нас, абазваўся Тынэлькут.

— Ды якое тут лета? У мінулым годзе без паліто ніводнага дня не хадзілі,— незадаволена сказаў Віця.

— А камары! Я ніколі не думаў, што дзе-небудзь іх столькі бывае. Іншы дзень як наляцяць, ну хоць рукамі разграбай іх ідучы,— падтрымаў яго Мара.

— Ну вось і насы павесілі! — сказала Ніна.— Чукоцкае лета не такое благое. У ім таксама ёсць свая прыгажосць... Давайце лепш заспяваем песню, што вучылі на апошнім зборы атрада. Ну, пачынай! — звяртаецца яна да Толі, нашага звеннявога запявалы.

І вясёлая дружная песня ляціць наперагонкі з ветрам у сонечныя далі.

 

Параход прыйшоў

Сонца цяпер ужо зусім не сыходзіла з неба. Яно свяціла дзень і ноч, нібы хацела ўзнагародзіць нас за доўгае чаканне. Надышоў палярны дзень.

Снег пачарнеў і пад паўднёвымі вятрамі пачаў хутка асядаць і раставаць.

Лёдавая паверхня мора пакалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Вецер адносіў ад берагоў вялізныя льдзіны, ачышчаючы бяскрайнія прасторы мора.

Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета.

Аднойчы ў сонечны ліпеньскі дзень над пасёлкам гучна загуў параходны гудок.

Увесь пасёлак высыпаў на бераг, каб прывітаць першы ў гэтым годзе параход. Людзі махалі яму хусцінкамі, шапкамі, рукамі, радасна крычалі, смяяліся.

За акіянскім параходам плылі катэры, вельботы і звычайныя байдары, зробленыя з маржовых шкур. Гэта жыхары чукоцкага ўзбярэжжа, якія жылі за дзесяткі кіламетраў ад пасёлка, віталі далёкага падарожніка.

У пасёлку панавала ажыўленне. Порт быў прыбраны па-святочнаму. Начальнік порта — высокі шыракаплечы марак, якога мы называлі «дзядзя Сцёпа», апрануты ў парадную марскую форму, хадзіў шчаслівы, нібы імяніннік...

З гэтага дня мора ажыло. Па яго бязмежных прасторах ішлі параходы, цягнуліся баржы, бясконцай стужкай плылі плыты.

Я з сябрамі цяпер увесь свой вольны час праводзіў на беразе, сустракаючы і праводзячы параходы...

— Бачыў, раніцай прыйшоў параход «Мікаян»? Сёння пойдзем у госці да капітана Грыневіча,— сказаў аднойчы тата.

І мы пайшлі.

Трапілі мы якраз на абед, і капітан парахода — даўні знаёмы таты — запрасіў нас да стала.

З якім апетытам я еў кіслую капусту і сапраўдную смажаную бульбу з маласольнымі агуркамі!

На Чукотцы гародніна не расце. Яе прывозяць сюды ў сухім выглядзе або ў кансервах. Сушаная бульба, капуста, морква, буракі, цыбуля — усё гэта далёка не тое, што свежая гародніна...

Капітан расказваў, як ім прыйшлося змагацца з шалёным штормам у Баранцавым моры, як на хаду рамантавалі прабоіну, трапіўшы ў лёдавае акружэнне.

Пасядзеўшы крыху ў кают-кампаніі, мы выйшлі на палубу і падняліся разам з капітанам на капітанскі мосцік.

На параходзе і вакол яго кіпела работа. Высачэзныя стрэлы лябёдак то апускалі свае доўгія хобаты ў трум парахода, то падымаліся адтуль з грузам і ныралі за борт, на прыстань.

На прыстані ўвачавідкі раслі высокія горы розных тавараў.

І чаго толькі не было тут! Будаўнічыя матэрыялы, машыны, розныя кансервы, мука, масла, цукар, кнігі, прамтавары, медыкаменты і нават дзіцячыя цацкі.

У паветры чулася «Віра!», «Майна!», гулі сірэны аўтамашын, звінеў смех.

— Праз тры дні адчальваем! — сказаў капітан, калі мы спускаліся з мосціка.

— А выгрузіць і нагрузіць паспеюць? — запытаў тата.

— Трэба паспець, а то зазімуем тут, чаго добрага, як два гады таму назад. Памятаеце? — запытаў капітан Грыневіч.

— Ды як не памятаць. У той год лета ў нас амаль не было,— адказаў тата.

— Ты, мабыць, любіш кіно? — запытаў у мяне капітан.— Прыходзь увечары — паглядзіш новы фільм.

— А можна з усім звяном? — папрасіў я.

Тата і капітан Грыневіч усміхнуліся.

— Ну што ж, прыходзь са сваім звяном. Усім месца хопіць.

— Дзякую! — узрадавана адказаў я.

Увечары я, Ніна, Мара, Віця і іншыя члены нашага звяна, што адпачывалі ў пасёлку, сядзелі ў кают-кампаніі і глядзелі мастацкі фільм «Сталінградская бітва».

Праз тры дні параход «Мікаян» адыходзіў ад нашых берагоў. Мы глядзелі яму ўслед, пакуль ён не схаваўся ў тумане, што лёгкай белай заслонай апусціўся над хвалямі Усходне-Сібірскага мора.

 

Лета

Усё навокал прачнулася, ажыло, загаманіла на розныя галасы. Нерпы высоўваюць над халоднай паверхняй вады свае тупыя морды. З’явіліся белакрылыя чайкі, якія пакінулі апошнімі нашы суровыя берагі. А за чайкамі прыляцелі з поўдня кайры, гагі, гусі, лебедзі, качкі ды іншыя крылатыя госці. Над пасёлкам стаіць шматгалосы птушыны гоман...

Паляўнічыя прыводзілі ў парадак сваю паляўнічую амуніцыю, ішлі ў тундру, у сопкі, на вялізныя «птушыныя кірмашы» і вярталіся адтуль з багатай здабычай.

Гарбатыя сопкі скінулі свой цяжкі снегавы кажух і зазелянелі пад шчодрым сонцам.

Жоўтыя, ружовыя, чырвоныя, сівыя імхі заслалі квяцістым дываном прасторы тундры. Сям-там блішчалі срэбраныя люстэркі азёр.

Мы часта хадзілі цяпер гуляць да мора, у сопкі.

Я любіў узбірацца на сопку і аглядаць адтуль наваколле.

Унізе, ля самых сопак, вілася дарога на руднікі і капальні. Па ёй беглі грузавікі, нагружаныя лесам, машынамі, прадуктамі. А ля дарогі, яшчэ ніжэй, шумела неспакойнае халоднае Усходне-Сібірскае мора.

Я вельмі палюбіў мора, якога раней ніколі не бачыў, і гатоў быў сядзець ля яго цэлымі днямі.

Жыццё тут цяпер бурліла. Рыбакі закідалі і выбіралі напоўненыя рыбай сеткі; у паветры час ад часу чуўся працяглы моцны гудок прыбываючага ў порт парахода; рассякаючы з шумам белагрывыя хвалі, прабягаў катэр. Часамі за параходам цягнуліся доўгія стужкі плытоў.

Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночныя кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі і яшчэ нейкія жоўтыя і белыя кветкі, назвы якіх мне былі невядомы.

Назад мы звычайна ішлі берагам, які ўвесь быў усеяны прыгожымі, адшліфаванымі прыбоем каменьчыкамі і ракавінкамі, доўгімі гірляндамі марской капусты.

 

Ліпеньскія снежкі

Стаяў прыгожы ліпеньскі вечар. Было ціха і сонечна.

— Шкада, што такіх ціхіх, ласкавых вечароў у нас мала. Вятры не расстаюцца з намі ні ўзімку, ні ўлетку,— гаворыць тата.

Ціха. Толькі ўсплёскваюць хвалі ды шамаціць прыбярэжная галька. Я кідаю ў ваду каменьчыкі, капаю на беразе каналы, будую масты, раблю запруды ды пускаю на ваду лодачкі, змайстраваныя з кары.

— Вось калі б мора было не такое халоднае, ледзяное, я купаўся б, бегаў па вадзе,— кажу я.

— У гэтым моры льды — вечныя госці. Сёння іх няма, а заўтра ўся бухта можа быць забіта льдамі, сынок... Ну, мусіць, пойдзем дамоў,— кажа тата.— Зараз палова дванаццатай, пара спаць.

А сонца свеціць ярка і не збіраецца заходзіць. Яно толькі апусціцца над гарызонтам ды зноў пачынае падымацца. Вось ён, палярны дзень, якога ўзімку я ніяк сабе не мог уявіць.

Мы прыходзім дамоў, вячэраем. Мама «робіць ноч», апускаючы на вокнах цёмныя шторы, і мы кладзёмся спаць.

Назаўтра раніцай, як толькі я прачнуўся, мама сказала мне:

— Слава, паглядзі ў акно.

Я глянуў і анямеў ад здзіўлення: за акном была зіма. Усё навокал засыпаў снег. Вялізныя гурбы месцамі дасягалі дахаў.

— Што гэта, мама? Адкуль узяўся снег? — здзіўлена запытаў я.

— Усю ноч шалела пурга, дзьмуў паўночны вецер,— адказала мама.— Відаць, зіма прытаілася недзе блізка і вырашыла зазірнуць да нас у госці.

Прыйшоў тата.

— Што ж цяпер будзе? — запытаўся я ў яго.— Хіба лета ўжо скончылася?

— Не, сынок,— з усмешкай адказаў тата.— Лета вернецца. Гэта зіма жартуе з намі. Вось падзьме паўднёвы вецер і з’есць гэты снег.

Я хуценька паснедаў і выбег на вуліцу.

— Слава, Слава, хадзем гуляць у снежкі! — кліча Толя.

— Ліпеньскія снежкі! Ну дзе яшчэ бывае такое? — смяецца Віця.

На вуліцы ўжо кіпіць гульня, і я далучаюся да рабят. Нагуляўшыся ў снежкі, мы пачынаем ляпіць снежную бабу. Зноў, як і ўзімку, робім у снежных гарах тунелі, пячоры, крэпасці, гуляем у адважных паляўнічых і падарожнікаў...

Апоўдні падзьмуў цёплы паўднёвы вецер, і ад яго подыхаў снег пачаў хутка асядаць. Увечары ад нашых снежных збудаванняў не засталося і следу.

Толькі іскрыстыя ручайкі спявалі сваю вясёлую песню.

 

У саўгасе

Неяк прыйшоў тата і сказаў, што ён разам з Эйнесам едзе на катэры ў саўгас. Там здарыўся няшчасны выпадак, і выклікаюць хірурга.

Я пачаў прасіць тату ўзяць мяне з сабой. Тата хвіліну падумаў і згадзіўся. Праз паўгадзіны мы ўжо адплывалі. Дзень выдаўся ціхі, сонечны, і на моры было асабліва прыгожа. Катэр хутка імчаўся, разразаючы халодныя, пазалочаныя сонцам хвалі. Спачатку мы плылі ля падножжа высокіх сопак, а потым перад вачыма раскінулася шырокая тундра. На яе бязмежных прасторах пасвіліся статкі. Дзе-нідзе трапляліся ярангі і цэлыя стойбішчы. Неўзабаве паказаліся будынкі саўгаса. Катэр наш, прабегшы яшчэ крыху, прычаліў да берага. Мы саскочылі на сырую прыбярэжную гальку і накіраваліся ў прыёмную амбулаторыі. Тата сказаў, каб я пасядзеў тут, пакуль ён агледзіць хворага, і пайшоў у другі пакой.

Амбулаторыя была чысценькая і зусім новая. Ад яе сцен пахла сасновым лесам.

Праз некаторы час тата вярнуўся ў прыёмную, даў некалькі парад фельчару амбулаторыі і мы выйшлі на вуліцу.

Ішлі мы шырокай вуліцай саўгаснага пасёлка ў суправаджэнні Эйнеса. Усе будынкі ў саўгасе былі яшчэ зусім новыя. У цэнтры стаяў вялікі светлы клуб. Крыху далей — магазін, дзіцячы сад, лазня і шматкватэрныя дамы для рабочых саўгаса.

Хутка мы апынуліся ля дома, у якім жылі бацькі Эйнеса. Нас сустрэлі, як самых дарагіх гасцей.

Бацька Эйнеса — брыгадзір аленяводчага саўгаса. Жывуць яны ўтраіх: бацька, маці і старэйшы брат Эйнеса — Ілюль.

Ілюль быў выдатным мастаком-кастарэзам. З маржовых іклаў ён вельмі добра выразаў птушак, звяроў, людзей, паўночныя пейзажы. Мы доўга любаваліся цудоўнымі работамі мастака-самавучкі. Мне асабліва спадабалася аленевая запрэжка. Алені былі як жывыя. Ілюль падарыў мне гэтую сваю работу.

Потым мы абедалі. Каб было весялей, маці Эйнеса ўключыла радыё. Калі яна вярнулася да стала, Эйнес, усміхаючыся, паглядзеў на яе і сказаў:

— А ну, маці, раскажы, як ты рэпрадуктар разбірала!

Маці пачырванела, збянтэжана ўсміхнулася і замахала на яго рукамі. Тата папрасіў Эйнеса расказаць, аб чым гаворка. І Эйнес пачаў расказваць:

— Калі сям’я наша пераехала ў саўгас, вось у гэты дом, усё для нас, асабліва для маці, было тут новым. Замест цёмнай і цеснай ярангі ў яе цяпер быў прасторны, светлы пакой, замест дымнага ачага — вялікая пліта, у якой ярка гарэў чорны камень — вугаль. А калі аднойчы ўвечары загарэліся ў доме электрычныя лямпачкі, радасці не было канца. Але самы цікавы выпадак здарыўся ў маці з рэпрадуктарам.

Аднойчы бацька прыехаў з пасёлка і прывёз рэпрадуктар. Калі яго ўключылі і пачуліся галасы і музыка, мая маці спалохалася і нават адбегла да дзвярэй. Але пераканаўшыся, што радыё — рэч бяскрыўдная, яна асцярожна падышла да рэпрадуктара і пачала яго аглядаць, кратаць рукамі.

Калі маці засталася дома адна, яна захацела паглядзець, хто сядзіць у гэтай невялікай скрынцы і так хораша спявае. Яна зняла заднюю сценку рэпрадуктара, але, на яе вялікае здзіўленне, у скрынцы нікога не было. Рэпрадуктар змоўк, таму што вілка выпала з разеткі. Маці вельмі спалохалася. Яна падумала, што са скрынкі нехта ўцёк. Так і застаў я яе ўстрывожаную ля рэпрадуктара. Прымацавалі мы сценку, я ўставіў вілку, і скрынка зноў загаварыла, зайграла.

Маці Эйнеса сарамліва апраўдвалася:

— Што ж мы бачылі ў сваіх цёмных ярангах? Дурныя мы былі, сляпыя. Я сапраўды думала, што ў скрынцы нехта ёсць, і хацела ўбачыць яго...

Тата гутарыў з бацькам Эйнеса пра саўгас, пра яго поспехі, пра рабочых.

— Заданне ўрада мы даўно перавыканалі. Людзі нашы працуюць вельмі старанна. Ну і жывём мы добра: і грошай, і мяса ў нас многа.

Бацька Эйнеса — добры паляўнічы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён першы пачаў здаваць пушніну ў фонд абароны. Ад яго не адставала і жонка. Яна арганізавала жанчын, і тыя пачалі шыць футраныя шапкі, рукавіцы для франтавікоў. І бацька, і маці Эйнеса ўзнагароджаны за гэта медалямі «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне».

 

Па бычкоў

Выдаўся цёплы і ціхі дзянёк, якіх на Чукотцы трапляецца вельмі мала. Я, Віця і Мара вырашылі пайсці лавіць бычкоў.

— Пойдзем пасля абеду. Пад вечар рыба асабліва добра ловіцца! — сказаў Віця.

Пасля абеду Мара забег па мяне, і мы пайшлі да Віці.

Падышоўшы да дзвярэй Віцевай кватэры, мы пастукалі. Замест адказу з пакоя пачулася:

— Ну, смялей, смялей! Геолаг павінен быць смелым, рашучым чалавекам.

— Ой, я звалюся зараз! — дрыжачым голасам адказвала Аня, сястра Віці.

Мы пастукалі мацней. Галасы сціхлі, нешта бразнула аб падлогу, і на парозе з’явіўся Віця, а з-за яго пляча высунулася ўскудлачаная галава Ані.

Мы ўвайшлі.

У пакоі на стале стаяла крэсла, з шафы спускаўся вяровачны трап, праз увесь пакой была працягнута тоўстая вяроўка, на падлозе ляжала драўляная рэйка.

— Што вы тут робіце? — здзіўлена запытаў я, аглядаючыся навокал.

— Займаемся! Кожны дзень з трох да чатырох гадзін мы трэніруемся,— адказаў Віця.

— Для чаго такая трэніроўка? — пацікавіўся я.

— Я і Аня парашылі стаць геолагамі. А геолаг павінен быць смелым і спрытным чалавекам. Вось мы і займаемся, каб загартаваць сябе.

— Цікава паглядзець, як вы трэніруецеся,— сказаў Мара.

— Калі ласка. Нам засталося займацца яшчэ пятнаццаць хвілін. Сядайце на канапе і глядзіце. А пасля пойдзем лавіць бычкоў,— сказаў Віця.— Увага! — звярнуўся ён да сястры.— На нашым шляху глыбокая горная расколіна. Недзе ўнізе бурліць вада. Нам трэба перабрацца на той бок.

З гэтымі словамі Віця ўскочыў на крэсла і, схапіўшыся рукамі за вяроўку, павіс на ёй, а пасля пачаў перасоўвацца з аднаго канца пакоя ў другі. Потым ён загадаў рабіць гэта і сваёй сястрычцы.

— А цяпер мы лезем на скалістую сопку,— паведаміў Віця і так спрытна палез па вяроўцы, якая звісала са столі, што я замёр ад здзіўлення. Следам за ім паслухмяна лезла яго сястра.

— Вы сапраўдныя акрабаты! — усклікнуў я, не стрымліваючы больш свайго захаплення.

— А што ж ты думаеш? Сапраўдны геолаг павінен быць і добрым фізкультурнікам, і паляўнічым,— сур’ёзна прамовіў Віця, здымаючы са стала крэсла.— А цяпер будзем скакаць.

З гэтымі словамі ён умацаваў пасярэдзіне пакоя драўляную рэйку. Аня лёгка пераскочыла цераз яе. Тады Віця падняў рэйку вышэй. Дзяўчынка ўзяла і гэтую вышыню.

— Давай я паспрабую,— сказаў Мара.

Віця апусціў рэйку ніжэй. Мара адышоў да дзвярэй, потым разбегся і скочыў. Першы раз усё абышлося добра, але за другім разам, калі Віця крыху вышэй паставіў рэйку, Мара скочыў, зачапіўся і бразнуўся на падлогу. Аня пачала пляскаць у далоні і смяяцца.

— Чаго ты смяешся? Я ж ніколі не трэніраваўся,— пакрыўдзіўся Мара, паціраючы збітыя калені.

Роўна ў чатыры, узяўшы свае рыбацкія прылады, мы весела рушылі ў бухту. Нашы чукоцкія вудачкі былі нечым іншым, як метровымі кіямі, да якіх былі прымацаваны доўгія лёскі. Прынадай служылі стужачкі кумачу.

На моры было зусім ціха. Над вадой лёталі белакрылыя чайкі.

Прымасціўшыся на плытах непадалёку адзін ад аднаго, мы пачалі рыбачыць. Нашы чырвоныя паплаўкі мерна гойдаліся на вадзе, а мы пільна сачылі за імі.

— Ёсць! — узрадавана ўсклікнуў Віця і спрытна выхапіў з вады лёску. На кручку трапятаўся вялікі галавасты бычок.

— Бярэ! Бярэ! — радасна закрычаў Мара.

— Не крычы! Усіх бычкоў разгоніш,— раззлаваўся я, пазіраючы на свой паплавок, які спакойна пагойдваўся на вадзе.

— Другі! — смеючыся, усклікнуў Віця.— Ды які вялізны, глядзіце!

Я бокам глянуў на Віцевага бычка і спахмурнеў.

— Злавіў! Папаўся! — закрычаў Мара і, зняўшы з кручка вялікага бычка, падбег да мяне.

— І чаго ты крычыш? Бычка не бачыў, ці што? — узлаваўся я.

— Хлопцы! Глядзіце! Не бычок, а сапраўдны бык папаўся! Ледзь лёску не абарваў,—зноў пачуўся ўзрадаваны вокліч Віці.

Я быў у роспачы: мой пракляты паплавок, як зачараваны, нават і не кратаўся. «Мо перайсці на другое месца?» — падумаў я. І раптам мой паплавок здрыгануўся раз, другі. Сэрца заскакала ад радасці. Я выхапіў лёску і зняў бычка.

Рыба лавілася добра. Каля кожнага з нас ужо ляжала па нізцы бычкоў, але нікому не хацелася ісці дамоў.

Між тым настаў вечар,— сонца лягло на мора. Свежы ветрык дыхнуў нам у твары.

— Ну, яшчэ па адным зловім і дамоў! — прапанаваў Віця.

Мы згадзіліся з ім і ў апошні раз закінулі лёскі.

— Ой! Ай! — закрычаў раптам на ўсю моц Мара.— Схапіла! Панесла!

Мы кінуліся да яго і ў адзін голас запыталі:

— Што з табой? Хто каго схапіў?

— Бычкоў чайка схапіла. Што цяпер рабіць? Няўжо без рыбы вяртацца дамоў.

Мы паспачувалі таварышу, але не ведалі, як дапамагчы яго бядзе.

— Я прыдумаў! — сказаў праз хвіліну Віця.— Зараз мы ўсе разам наловім табе бычкоў. І наогул усіх бычкоў падзелім пароўну. Ты згодзен, Слава?

— Ну, вядома, згодзен!

Твар Мары заззяў шчаслівай усмешкай, і мы зноў узяліся за лоўлю.

Сонца, паляжаўшы крыху на хвалях мора, зноў пачало падымацца. Надыходзіла наша летняя чукоцкая «ноч».

З жартоўнай песняй пра вясёлага рыбалова мы вярталіся ў пасёлак.

 

Агурочкі

У нашым пасёлку была доследная цяпліца, у якой вырошчвалі зялёную цыбулю, радыску, салату, агуркі. Невялікі ўраджай гэтай цяпліцы аддавалі ў дзіцячы сад і бальніцу. Мама таксама пасадзіла два калівы агуркоў у скрынцы на акне.

Мы з мамай старанна даглядалі іх. Я сачыў, каб яны былі заўсёды паліты, і нават апырскваў іх з пульверызатара.

Расліны цягнуліся ўгару, але мама ўсё гаварыла, што ім нечага не хапае.

Нарэшце сярод лістоў агурочніку з’явіліся жоўтыя кветачкі. Іх было даволі многа. Мама зрабіла штучнае апыленне. Кветкі адцвілі, на іх месцы з’явіліся маленькія агурочкі. Але яны чамусьці жаўцелі і адпадалі, што вельмі засмучала і маму, і мяне.

Аднойчы я прыйшоў і ўбачыў цуд: на агурочніку сярод лісця зелянелі два ладныя агурочкі.

«Як гэта мы не заўважылі іх?» — падумаў я.

Не чакаючы ні хвіліны, я пабег клікаць маму і тату. І вось усе мы стаім і глядзім на свае агурочкі, а ў мяне слінка цячэ: так і хочацца з’есці свежы, зялёны агурок з соллю і хлебам.

Тата гаворыць:

— Ну што ж, здымай свой ураджай. Мама якраз смажыць рыбу на вячэру, з агурочкамі будзе вельмі добра.

Пачаў я здымаць агурочкі і бачу: яны ледзь прыкметна прычэплены да агурочніку рыбалоўнымі кручкамі.

Гэта тата пажартаваў з нас: яго пачаставалі агуркамі, а ён прынёс іх дамоў і цішком ад мяне з мамай прычапіў да агурочніку.

Я быў крыху расчараваны, але агурочкі былі такія смачныя, пахучыя, што я хутка забыўся на сваё расчараванне.

 

У зверабояў

Аднойчы раніцай тату выклікалі ў зверабойны калгас да хворага. Гэта было ў жніўні, калі якраз ішло паляванне на маржоў. Тата вырашыў узяць мяне з сабой, каб я паглядзеў, як працуюць адважныя чукоцкія зверабоі. Было толькі пяць гадзін раніцы. Спаў я ў гэты час моцна, але як толькі тата сказаў мне аб паляванні, я адразу ж усхапіўся з ложка...

На ўзбярэжжы, у зверабойным калгасе, куды мы неўзабаве прыехалі на катэры, было весела і шумна. Тут гаманілі паляўнічыя, аддаваў нейкія распараджэнні старшыня калгаса, смяяліся і крычалі дзеці, трашчалі маторы катэраў, вельботаў і шхун.

Тату акружылі зверабоі, аднаму з якіх ён і даручыў мяне, а сам падаўся ў калгасны медпункт.

Мой апякун павёў мяне на шхуну. Але не паспеў я яшчэ ступіць на палубу, як пачуў узрадаваны вокліч:

— Слава, Слава! Сюды, да мяне!

Насустрач мне па палубе бег вучань нашага класа — Рынтын.

— Гэта мой тата. Ён капітан шхуны,— не без гонару прамовіў мой сябар, кіўнуўшы ў бок чалавека, які прывёў мяне на судна.

Капітан аддаў каманду, і наша шхуна, разразаючы хвалі, пайшла насустрач шырокім прасторам мора. Лёгкі ранішні ветрык кідаў нам у твар салёныя пырскі. Раптам усе на палубе забегалі, і Рынтын, паказаўшы рукой уперад, сказаў:

— Вунь, бачыш?

Я глянуў у той бок, куды паказваў Рынтын, і ўбачыў вялікі статак маржоў. Да іх і плыла наша шхуна. Маржы, узмахваючы ластамі, то знікалі ў хвалях, то зноў паказваліся на вадзе ў другім месцы. Капітан не драмаў. Ён, відаць, добра ведаў усе звычкі гэтых звяроў і цяпер пільна сачыў за важаком статка.

Раптам грымнулі стрэлы, усе замерлі на месцах, шхуна прыцішыла свой бег. Недалёка ад нашага борта паказалася вялізная галава маржа з белымі магутнымі ікламі. Вада навокал яго рабілася чырвонай.

— Чаму не страляюць? Ён жа яшчэ жывы? — устрывожана запытаў я ў свайго сябра.

— Насмерць забіваць нельга: патоне адразу. Зараз трэба гарпуніць.

І не паспеў Рынтын дагаварыць, як адзін са зверабояў спрытна кінуў у шырачэзную цёмную спіну маржа гарпун. Гарпун — гэта моцнае кап'ё з вострым кручком на канцы, да другога канца яго прывязаны доўгі рэмень, прымацаваны да напоўненага паветрам цюленевага меха. Калі гарпуншчык кідае гарпун, кручок упіваецца ў цела маржа, рэмень размотваецца і спаўзае з палубы ў мора. Разам з ім падае ў ваду і мех-паплавок. Морж цяпер загарпунены, і, куды б ён ні падаўся, мех-паплавок будзе скрозь ісці за ім. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Праз момант мех-паплавок зноў усплыў на паверхню і стаяў цяпер нерухома.

— Ну, цяпер усё! — узрадавана сказаў Рынтын.

Пакінуўшы забітага маржа, шхуна памчалася ў пагоню за другімі.

Калі на паверхні мора плавала ўжо некалькі такіх паплаўкоў, наша шхуна падплыла да аднаго з іх. Рэмень з паплаўком прымацавалі да лябёдкі і пачалі выцягваць здабычу. Неўзабаве велічэзны марскі звер быў ужо на палубе.

— Які волат! — здзіўлена ўсклікнуў я.

— Тоны тры будзе! —тонам знаўцы адказаў Рынтын.

Тут жа на палубе зверабоі пачалі спрытна разбіраць тушу на часткі і грузіць у трум.

Вылавіўшы і разабраўшы ўсіх забітых маржоў, шхуна накіравалася да берага. Яшчэ здалёк я ўбачыў наш катэр. Тата махаў мне хусцінкай. Развітаўшыся з Рынтынам і яго бацькам, я пабег да таты...

Увечары, калі мы прыехалі дамоў, да нас прыйшоў Эйнес.

Я расказаў яму пра тое, што бачыў у зверабойным калгасе.

— Любяць нашы паляўнічыя маржовы промысел,— гаворыць Эйнес.— Ды як яго не любіць, гэтае паляванне, цяпер, калі да паслуг паляўнічых ёсць і катэры, і вельботы, і шхуны, абсталяваныя добрымі маторамі і ўсім патрэбным для палявання.

— А як раней было? — пытаюся я ў Эйнеса.

— Як было? Ішлі паляўнічыя ў мора на малых байдарках, зробленых з маржовай шкуры. Трэба і паляваць, і веславаць, і звера асцерагацца. Далёка заходзіць у мора на байдарках нельга было, бо як узнімецца вецер, дык назад не вернешся. Каля берага ці многа маржоў заб'еш, калі лета такое кароткае? А каб пракарміць сям'ю ды абагрэць, асвяціць ярангу праз усю доўгую зіму, трэба здабыць маржы тры, бо інакш з голаду прыйдзецца загінуць. Нялёгка было паляваць на маржоў ды і небяспечна.

— А чаму небяспечна? — дапытваўся я.

— Байдарка — невялікае, кволае судна, а маржы, бачыў, якія вялізныя ды дужыя. Ледзь недагледзеў, не разлічыў паляўнічы,— і морж байдарку тую разам з паляўнічымі перакуліць. Быў у нас такі выпадак. На вачах у мяне байдарка і пяць паляўнічых затанулі. Морж трапіўся вельмі буйны і не хацеў паддавацца паляўнічым. Паранены, ён кінуўся на байдарку, і раней чым паляўнічыя паспелі даць яму адпор, байдарка перавярнулася, і людзі загінулі.

— А чаму ж яны не плылі да вас? — запытаў я.

— Чукчы плаваць не ўмеюць. Дзе ім вучыцца плаваць? Вада ў нашым моры і азёрах халодная, як лёд.

Мы доўга яшчэ гаварылі аб паляванні. Эйнес расказаў мне шмат цікавага аб чукоцкіх зверабоях.

 

Сябры прыехалі

Заўтра першае верасня. Як хутка праляцелі летнія канікулы!

У пасёлку з самай раніцы шумна. Адзін за адным прычальваюць вельботы, садзяцца на ваду гідрасамалёты, бягуць машыны. Гэта з усіх куткоў неабсяжнай тундры з’язджаюцца ў школу вучні.

За лета яны адпачылі, падраслі, набраліся новых сіл і цяпер з радасцю спяшаюцца ў школу.

Я, Віця, Мара ўвесь час на беразе. Мы чакаем сваіх сяброў: Тынэлькута, Эльхыну, Айвана, Рынтына.

— Як добра, што сёння няма туману і ветру,— кажа Мара.

— Ну што там? Не нашы? — пытаюся я ў Віці, які пільна глядзіць у бінокль.

— Пачакай, пачакай! Здаецца... Нашы! Нашы!..— ускліквае Віця.

Вельбот бяжыць па хвалях, набліжаючыся да берага. Мы вітаем яго, размахваем шапкамі.

— Слава, Слава! — далятае да мяне голас Тынэлькута.

Ён стаіць на вельбоце і, склаўшы рупарам далоні, крычыць.

Зашаргацела прыбярэжная галька, белагрывыя хвалі з шумам узляцелі на бераг, кідаючы ў твар халоднымі пырскамі вады.

Рабяты адзін за адным жвава саскочылі на бераг і весела прывіталіся з намі.

— Я табе ўсе падручнікі купіў. Вось яны! — кажу я, падаючы Тынэлькуту кніжкі, загорнутыя ў газету.— Тут і геаграфія, і гісторыя.

— Ой, як добра! Дзякую табе, Слава,— гаворыць Тынэлькут.— Ведаеш, як я засумаваў па школе.

— А ў гэтым годзе будзе яшчэ цікавей: будзем вывучаць новыя прадметы,— кажу я.

— Хутчэй бы было заўтра,— усміхаецца Тынэлькут.

— Рабяты, гляньце, як вырасла Эльхына! —кажа Віця.— А кнігі, што я табе даў, усе прачытала? — звяртаецца ён да дзяўчынкі.

— Усе, усе! Якія яны цікавыя! Вельмі цікавыя! — горача гаворыць Эльхына.

— А якая спадабалася найбольш? — не сунімаецца Віця.

— Гайдара. Асабліва пра Чука і Гека,— адказвае Эльхына.

— Чыні! Чыні!—усклікаюць хорам прыехаўшыя, калі на беразе з’яўляецца наш важаты.

Усе акружаюць яго шумным, вясёлым натоўпам, пытанні сыплюцца адно за другім.

Чыні смяецца, затульвае вушы і гаворыць:

— Рабяты, усе за мной! Вас даўно ўжо чакае смачны абед, лазня, настаўнікі і доктар.

Ён ветліва вітаецца з бацькамі, жартуе і падбадзёрвае навічкоў.

Усе мы накіроўваемся да будынка школы.

Школа наша сягоння выглядае па-святочнаму. Гірлянды чырвоных сцяжкоў і электрычных лямпачак, заклікі, плакаты ўпрыгожваюць прышкольную пляцоўку і будынкі школы і інтэрната. Гэта пастараліся пасялковыя піянеры і камсамольцы, каб як належыць сустрэць нашых сяброў.

Увечары да мяне прыйшлі Тынэлькут і Мара.

— Ведаеце, хлопцы, у нашым стойбішчы будуюць дамы. Адзін ужо гатовы зусім, а ў другім засталося толькі шыбы ўставіць,— радасна паведамляе Тынэлькут, сядаючы на падлогу. Ён любіць пасядзець часам па-чукоцку, скрыжаваўшы ногі.

Мы таксама садзімся па прыкладу Тынэлькута на падлогу. Ён весела смяецца.

— А якія дамы, каб вы бачылі! Бярвенні — во, не абхапіць, такія таўшчэзныя. А зараз я вам нешта пакажу,— таямніча падміргваючы, гаворыць Тынэлькут.

З-пад сваёй новай кухлянкі ён дастае паперку і, асцярожна разгарнуўшы, падае мне.

— Ого! —кажу я, прачытаўшы паперку, і з павагай гляджу на свайго сябра.

— Ды ты ўголас прачытай! — просіць Мара.

Я чытаю:

 

«Гэтым паведамляем піянерскую арганізацыю школы, што вучань Тынэлькут добра працаваў на будаўніцтве дамоў стойбішча. Выказваем падзяку школе і піянерскай арганізацыі, якая выхавала добрага піянера.

Брыгадзір будаўнічай брыгады Іваноў».

 

— Вось гэта я разумею! — сказаў Мара.— Цяпер ты будзеш знатным піянерам нашай школы! — не без зайздрасці дадаў ён.

— А ведаеце, адкуль гэтыя будаўнікі да нас прыехалі? Ажно з горада Архангельска! Усё стойбішча наша дапамагала будаваць. Цяпер бацькі мае зімаваць будуць у цёплым светлым доме.

— А як твой дзядуля? Можа, не захацеў пераходзіць з ярангі? — запытаў Мара.

— Куды там! — усміхнуўся Тынэлькут.— Дзед мой цэлыя дні прападаў на будаўніцтве. Як дзіця малое, радаваўся, калі перайшлі ў дом.

— Правільны ў цябе дзед, перадавы! — кажу я.

— Вось толькі спаць на ложку адмовіўся. Паслаў новую аленевую шкуру ля печы, і нічога на свеце яму не трэба. Сядзіць, папыхквае сваёй люлькай ды гаворыць: «Цяпер, мабыць, яшчэ зім сто буду жыць. Які дурань цяпер паміраць захоча?»

Мы смяёмся, слухаючы расказ Тынэлькута, перасыпаны вясёлымі жартамі.

— І яшчэ ў мяне ёсць навіна,— памаўчаўшы, гаворыць Тынэлькут.

— Якая?

— Бацька падарыў мне стрэльбу. Прывезлі сёлета на параходзе «Мікаян». Стрэльба — цудоўная. Цяпер я не абы-хто, а сапраўдны паляўнічы,— важна гаворыць наш сябар.

Мы ў сваю чаргу расказваем пра пасялковыя навіны. Пра тое, як мы дапамагалі рамантаваць школу. Пра тое, як сустракалі вялікія акіянскія параходы. Пра тое, як былі ў гасцях у маракоў «Мікаяна».

Зірнуўшы на гадзіннік, Тынэлькут раптам заспяшаўся:

— Ой, ледзь пра сваіх «падшэфных» не забыўся! Пяцёра іх прыехала сёлета ў першы клас з нашага стойбішча. Трэба дапамагчы ім павячэраць і легчы спаць, а то будзе, як некалі са мной.

— А што з табой было? — пытае Мара.

— Чаго толькі не было са мной, калі я ўпершыню трапіў у школу. Памятаю, лёг я спаць на ложак, як мне паказалі. Круціўся, круціўся — усё неяк нязручна. Калі ўсе сцішыліся, злез я з таго ложка, разаслаў на падлозе сваю кухлянку, лёг на яе і адразу ж заснуў.

— З непрывычкі яно ўсё цяжка,— заўважае Мара.

— Ну, да заўтра! — кажа Тынэлькут і бяжыць у інтэрнат.

 

Першае верасня

— Вось і зіма прыйшла,— сказала мама, пабудзіўшы мяне раніцай і павіншаваўшы з пачаткам новага навучальнага года.

Я ўсхапіўся з ложка і глянуў у акно. Навакол было бела. Па халодным небе плылі цяжкія калматыя хмары. Паміж іх час ад часу выглядала невясёлае восеньскае сонца.

За паўгадзіны да пачатку заняткаў па мяне забег Мара, і мы разам пайшлі ў школу.

Паўночны вецер дыхаў холадам. Вочы мімаволі заплюшчваліся ад яркай белізны снегу.

— Глядзі, як пачарнела мора! — здзівіўся Мара, калі мы завярнулі за вугал свайго дома і перад намі раскінулася бухта.

І сапраўды, сярод белых чыстых снягоў мора выглядала амаль зусім чорным. На буйнай адшліфаванай гальцы замярзала пена. З сумным крыкам над хвалямі ляталі белакрылыя чайкі.

«Поць-поць!» — даносіліся здалёк знаёмыя выгукі. Гэта каюр весела пакрыкваў на сваю запрэжку.

— І лета амаль не было, а ўжо зноў зіма,— расчаравана гаворыць Мара.

— А памятаеш наш верасень? Сонца, сады ў восеньскай пазалоце, тонкія павуцінкі, кветкі, цяпло, яблыкі,— успамінаю я.

Успаміны заносяць нас туды, на шумныя вуліцы роднага горада. Якімі святочнымі і вясёлымі бываюць яны ў гэты першы дзень навучальнага года.

А вось і наша школа. Ля яе сёння таксама весела і людна. Стаяць запрэжкі сабак, мітусяцца дарослыя і дзеці. Твары ва ўсіх радасныя, шчаслівыя. Толькі першакласнікі, нібы ўстрывожаныя маленькія алені, усё яшчэ горнуцца да бацькоў і падазрона пазіраюць навокал.

Каля навічкоў завіхаюцца вучні старэйшых класаў. На рукавах у іх чырвоныя павязкі. Гэта шэфы першакласнікаў. Яны дапамагаюць настаўнікам знаёміць малых з парадкам іх новага школьнага жыцця.

Школа сустрэла нас пахам свежай фарбы і крэйды. Падлога, сцены, парты, дошкі — усё навокал зіхацела і нібы ўсміхалася.

— А гэта нашы юннаты пастараліся! — паказваючы на скрынкі з астрамі, настуркамі ды іншымі кветкамі, растлумачыў Віця.

Калі на двор увайшла Ніна Мікалаеўна, мы ўсе кінуліся да яе.

— Добры дзень, Ніна Мікалаеўна! — загуло з усіх бакоў. Прывітаўшыся з намі, настаўніца сказала:

— Дайце я пагляджу на вас, рабяткі!

Яна акінула нас сваімі добрымі вясёлымі вачыма:

— Выраслі, падужэлі, пахарашэлі!

— Ніна Мікалаеўна, а мы і адпачываючы не забывалі аб школе,— сказала Ніна Казлова.— Падрыхтавалі для яе шмат падарункаў. Гурток юннатаў сабраў гербарый «Нашы чукоцкія расліны». Прыгожы гербарый атрымаўся. Вось убачыце самі.

— А я зрабіў у падарунак школе чучала палярнай савы,— паведаміў Тынэлькут.— Яна зусім як жывая.

— А Слава аформіў дошку для атраднай насценгазеты. Заўтра прынясём яе ў школу,— сказаў Віця.

— А Мара сваіх лісаў падарыў юннатам,— сказаў я.

— Вось гэта правільна! А то гэтыя лісічкі ледзь яго на другі год не пакінулі,— пажартаваў Толя.

Прагучаў горн. Ён клікаў нас на першую ў гэтым годзе лінейку. Шум і гамонка сціхлі.

На першым уроку Ніна Мікалаеўна сказала нам:

— Апрача тых прадметаў, што былі ў вас у трэцім класе, мы цяпер будзем вывучаць геаграфію, гісторыю, прыроду. Усё гэта вельмі цікавыя прадметы, і я ўпэўнена, што вы будзеце добра іх ведаць.

Яна пазнаёміла нас з раскладам урокаў і яшчэ раз напомніла, якім павінен быць правільны рэжым дня.

Першы ўрок прайшоў так хутка, што мы нават здзівіліся, калі празвінеў званок.

Хутка прайшлі і астатнія ўрокі.

А пасля заняткаў Ніна Казлова сабрала наша звяно і сказала:

— Заўтра нядзеля. Давайце правядзём першы збор звяна ў сопках. Згода?

— Вядома, згода! —дружна адказалі рабяты.

— Збяромся а дзесятай гадзіне каля школы і адтуль — у сопкі! — сказала Ніна.

 

Ля кастра

Раніца была невясёлая. Над самымі вяршынямі сопак віселі шэрыя хмары. Прасторы мора хаваліся ў восеньскім тумане.

Але мы не звярталі ўвагі на надвор'е: нам было весела.

Ідучы паўз лесапільню, мы прыпыніліся, каб паглядзець, як ідзе тут работа.

Уся бухта была забіта доўгімі плытамі. Рыпела лябёдка, выцягваючы з вады тоўстыя бярвенні.

Іх тут жа распілоўвалі на дошкі, складалі ў штабелі, грузілі на грузавікі.

Зірнуўшы на цэлыя горы абрэзкаў, я падумаў: «А што, каб узяць нам на сопку дроў і раскласці там касцёр?»

Я выказаў сваю думку рабятам.

— Вось гэта ідэя! — падхапіў Віця.

— Зараз! — сказала Ніна і пабегла.

Пагутарыўшы аб нечым з высокім чалавекам, што трымаў у руках палявую сумку, яна паклікала нас:

— Рабяты! Гайда за мной!

Мы кінуліся навыперадкі па дровы.

— Бярыце толькі сухія! — крыкнула Ніна.

Набраўшы дроў, мы весела рушылі далей.

Падняўшыся ў сопкі і выбраўшы зацішнае месца, мы пачалі распальваць касцёр. Неўзабаве вясёлыя агеньчыкі забегалі па дровах. Ад кастра пацягнула прыемным цяплом.

Мы цесным колам абселі вогнішча і дружна заспявалі нашу любімую песню:

 

Эх, хорошо в стране Советской жить!

Эх, хорошо страной любимым быть!

 

Ля кастра было весела і ўтульна. Твары ва ўсіх расчырванеліся, позіркі пасвятлелі.

— Рабяты! — сказала Ніна.— Мінулы навучальны год мы закончылі нядрэнна. Мы добра дружылі і дапамагалі адзін аднаму. Давайце ў гэтым навучальным годзе вучыцца і дружыць яшчэ лепш!

— Мне нават не верыцца, што я ўжо ў чацвёртым класе,— сказала Галя.— Здаецца, яшчэ зусім нядаўна была ў першым.

— Так не заўважым, як і школу скончым. А пасля паедзем усе разам вучыцца туды, на Вялікую зямлю,— задуменна прамовіў Тынэлькут.

— Я паеду вучыцца ў марское вучылішча. Скончу яго і буду вадзіць сюды, на Чукотку, вялікія акіянскія караблі. Буду капітанам далёкага плавання,— сказаў я.

— А мастаком? — хітра пазіраючы на рабят, запытаў Мара.

— І мастаком! У вольны ад работы час.

— Рабяты, давайце расказваць пра свае мары!—прапанавала Ніна.

— І сапраўды! Давайце марыць! —усклікнуў узрадавана Тынэлькут, пляснуўшы ў далоні.

— Пачынай, Ніна! Ты звеннявая. Табе і першае слова,— сказаў Віця.

— Ну што ж! Я магу! —усміхнулася Ніна.— Я мару быць мічурынцам. Скончу школу, паеду вучыцца далей, а пасля абавязкова вярнуся на Чукотку, вось сюды, у наш пасёлак.

— О! Тады тут ужо будзе не пасёлак, а горад з вялікімі дамамі, як у кіно! — сказаў Рынтын.

— Ну вядома, горад! Тут будуць шматпавярховыя дамы, заасфальтаваныя вуліцы, трамваі, тэатры... А я прыеду азеляняць наш горад! — сказала Ніна.

— Ого! А пра вечную мерзлату ды пра вятры ты хіба забылася? — падміргнуў сябрам Віця.

— Не, не забылася! І ведаеце, што я прыдумала!

— Што, што? — пачулася з усіх бакоў.

— А вось што! Пад плошчамі, дзе мы разаб'ём нашы скверы, будуць пракладзены трубы паравога ацяплення. Круглы год яны будуць саграваць зямлю.

— Вось гэта цікава!

— На скверах мы зробім вялізныя прыгожыя клумбы,— гаварыла далей Ніна,— з дэкаратыўных кустоў і дзікай ружы. Пабудуем фантаны, з якіх будзе біць цёплая вада...

— А мяне ты возьмеш да сябе ў памочніцы? — запытала Эльхына.— Я вельмі люблю кветкі.

— Калі ласка! — весела адказала Ніна.

— Цікава, Ніна, прыдумала! У нашым краі — ружы, многа кветак! — з захапленнем прамовіў Тынэлькут.

— А я,— пачаў Віця,— мару быць геолагам, як тата. Тата мой быў смелым чалавекам, і, каб не загінуў на вайне, ён адшукаў бы ў чукоцкай зямлі незлічоныя багацці. Я абавязкова паеду вучыцца на геолага. Я знайду ў гэтых сопках такія скарбы, якіх няма ва ўсім свеце. Вось толькі б хутчэй скончыць школу!

— А я,— сказаў Тынэлькут, да якога дайшла чарга,— буду лётчыкам. Я аблячу ўсю нашу вялікую Радзіму! У льдах буду паказваць шлях караблям, буду вартаваць нашы граніцы ад ворага, лятаць у Маскву.

— А я хачу працаваць у зверабойнай флатыліі. Вельмі ж люблю паляванне,— сказаў Рынтын.

— А я ветурачом буду,— заявіў Мара.— Мне падабаецца даглядаць звяроў і птушак і лячыць іх.

— Баюся, каб ты праз сваю няўважлівасць не пераблытаў часам лякарствы ды не нарабіў бяды,— пажартаваў Віця.

— Не бойся! Гэта я цяпер такі, а падрасту, дык убачыш, які буду сур'ёзны,— адказаў Мара.

— А ты аб чым марыш? — звярнулася Ніна да Айвана.— Цяпер твая чарга.

Айван пачырванеў і збянтэжана адказаў:

— Коо1

— Як гэта не ведаеш? — здзівілася Ніна.— Кожны чалавек абавязкова аб чым-небудзь марыць.

— Я вельмі люблю спяваць і танцаваць. Я люблю музыку. Не ведаю, кім мне быць,— сумна закончыў Айван.

— Вось дзівак! — усклікнула Ніна.— Ты арганізуеш чукоцкі ансамбль песні і танцаў. Будзеш сам складаць песні.

— Яшчэ і ў Маскву паедзеш са сваім ансамблем! — дадаў Віця.

— Коо! — усміхнуўся Айван.

Мы яшчэ доўга сядзелі ля кастра і марылі аб будучым нашага чукоцкага пасёлка, і толькі тады, калі пасыпаў часты халодны дождж з ліпкім мокрым снегам, пайшлі дамоў.

Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.

Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы.

 

1 Коо — па-чукоцку «не ведаю».

Мы ад’язджаем

У той вечар тата прыйшоў дадому вельмі ўсхваляваны і ўзрадаваны.

— Едзем! — весела сказаў ён, схапіўшы мяне ў абдымкі.

— Куды едзем? — здзіўлена запытала мама.

— Едзем у Маскву! Атрымаў адпачынак за ўсе чатыры гады працы.

— Вось гэта здорава! Колькі ж ты будзеш адпачываць? — запытаў я.

— Амаль цэлы год!

— А калі ад’язджаем? — запытала мама.

— Праз тыдзень,— адказаў тата і дадаў, звяртаючыся да мяне: — І ведаеш, хто з намі едзе?

— Хто? Мабыць, Эйнес?

— Чыні. Вучыцца едзе. У Ленінград. Настаўнікам хоча быць.

— Гэта яго сапраўднае прызванне. Я вельмі рада за яго,— сказала мама.

З гэтага дня мы пачалі збірацца ў дарогу.

Нас чакала вялікае і вельмі цікавае падарожжа па Вялікім Паўночна-Марскім шляху. І ўсё ж мне было сумна, калі я думаў, што хутка трэба ад'язджаць. Шкада было расставацца са сваімі сябрамі, са сваёй школай.

Я палюбіў гэты суровы край на ўзбярэжжы Усходне-Сібірскага мора, яго заснежаныя сопкі, велічныя скалістыя горы, бязмежную тундру. Я пачынаў разумець тату, які часта гаварыў:

— Хто хоць раз пабывае ў Арктыцы, таго заўсёды будзе цягнуць сюды,

У доме цяпер быў непарадак, мітусня. Складалі рэчы, рыхтаваліся ў далёкую дарогу.

Нарэшце надышоў дзень нашага ад'езду. Гэта было дзесятага верасня. Надвор'е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер.

З самай раніцы да нас пачалі прыходзіць знаёмыя. Эйнес і Тынэлькут прыйшлі яшчэ на досвітку. Яны былі вельмі засмучаны, што прыходзіцца расставацца з намі.

— Не сумуй! — сказаў тата, паляпваючы па плячы Эйнеса.— Хутка ўбачымся! Зноў будзем працаваць разам.

Калі да ганка падышла машына, на вачах Тынэлькута заблішчалі слёзы. Мы абняліся і пацалаваліся.

Сеўшы ў машыну, я яшчэ раз напомніў яму:

— Глядзі ж, пішы мне!

Мы развіталіся з усімі, і машына ўжо кранулася з месца, як да мяне даляцеў голас Ніны Казловай. Яна бегла ад школы, размахваючы сваёй васільковай шапачкай, і крычала:

— Пачакайце! Спыніцеся!

Разам з Нінай беглі ўсе піянеры нашага звяна. Яны, відаць, хацелі яшчэ раз развітацца са мной.

Машына спыняецца. Рабяты падыходзяць да яе. Паціскаючы на развітанне руку, яны жадаюць мне ўсяго найлепшага.

— Прыязджай зноў сюды! Будзем разам вучыцца далей,— гаворыць Анкат.

— Прывітай ад мяне Маскву і стадыён «Дынама»! — просіць Мара.

— Пішы нам, не забывай звяно! — гаворыць Ніна.

— Шчаслівага падарожжа! — крычыць наўздагон Віця, калі машына зноў кранаецца з месца.

Сябры доўга махаюць мне шапкамі, рукамі...

Неўзабаве мы прыехалі ў порт і ўбачылі вялізны акіянскі параход. Я прачытаў яго назву. Яна была прыгожая і гордая — «Арол».

Па бясконца доўгаму трапу мы пачалі ўзыходзіць на борт волата-парахода, а нашы рэчы, падхопленыя стралой лябёдкі, праплылі над галовамі і плаўна апусціліся на палубу.

— Віра! Майна!—чуліся воклічы матросаў. Навокал стаяў гоман, мітусня.

Калі мы апынуліся ў цёплай каюце, за ілюмінатарам было ўжо зусім цёмна. Я так стаміўся за апошнія дні, што адразу лёг і заснуў.

Мяне пабудзіла мама: .

— Уставай, Слава, адплываем.

Мы выйшлі на палубу. У порце гулі ўсе параходы і катэры, развітваючыся з нашым «Арлом». Ён павольна адыходзіў ад берага.

Мы стаялі на палубе, аж пакуль не зніклі з вачэй апошнія агні нашага пасёлка.

— Поўны наперад! — пачулася з мосціка каманда капітана.

«Арол» смела выходзіў на шырокія прасторы Усходне-Сібірскага мора. Хвалі з шумам біліся аб магутныя грудзі нашага карабля. Вільготны вецер дыхаў холадам. Пастаяўшы яшчэ крыху на палубе, мы пайшлі ў сваю цёплую ўтульную каюту.

 

 

На параходзе

Раніцай мы выйшлі на палубу. Дзень быў хмарны. Навокал аж да самага небасхілу неспакойна хвалявалася свінцовае мора. За кармой цягнулася шырокая паласа, акаймаваная пенай.

Мы прайшлі на нос карабля. Тата крыху прыўзняў мяне, і я паглядзеў уніз, за борт парахода.

Параход сваім магутным носам урэзваўся ў высокія хвалі, і яны з шумам рассыпаліся зеленавата-жамчужнымі пырскамі, даючы дарогу нашаму волату. Хвалі так моцна шумелі, што мне не чуваць было, што гаворыць тата.

Пабывалі мы і на капітанскім мосціку. Адсюль, як на далоні, відаць было ўсё, што рабілася на палубе і далёка ў моры.

Пасля снедання мы пайшлі аглядаць карабель.

Абапал доўгага калідора цягнуліся дзверы светлых кают.

Усё тут зіхацела чысцінёй, усюды быў узорны парадак.

Мы зайшлі ў душ, у амбулаторыю. З цікавасцю пастаяў я ля крацістай сцяны камбуза, дзе ля вялізнай пліты завіхаліся два кокі. Абодва яны былі ў бялюткіх куртках, фартухах і каўпаках.

Зазірнулі мы і ў сталовую, дзе снедалі маракі, якія вярнуліся з начной вахты.

Потым мы спусціліся паверхам ніжэй. Тут знаходзіліся склады, халадзільнікі ды іншыя службовыя каюты.

Але самае вялікае ўражанне зрабіла на мяне вялізная машынная зала. Тут не было замурзаных качагараў і машыністаў. Людзі, якія працавалі ў машыннай зале, былі ў чысценькіх спяцоўках і спакойна сачылі за работай розных механізмаў і прылад.

Сваё падарожжа па караблі мы закончылі ў кают-кампаніі. Гэта быў прасторны, светлы пакой. Ля сцен стаялі мяккія канапы, а перад імі — вялікія сталы, накрытыя белымі абрусамі.

Пазней я бываў у кают-кампаніі амаль штодня, бо тата маляваў з натуры партрэты маракоў. Вечарамі тут часта праводзіліся кінасеансы, якія я акуратна наведваў.

Бывалі мы часта і ў чырвоным кутку, слухалі радыё, чыталі часопісы, гулялі ў даміно, шашкі і шахматы.

 

У Карскім моры

Амаль кожную раніцу пасля снедання мы выходзілі на палубу. Часам мама брала з сабой кавалачкі хлеба і кідала іх чайкам, якія суправаджалі наш параход, калі дзе-небудзь недалёка была зямля. Чайкі на ляту хапалі хлеб, а калі не паспявалі схапіць яго ў паветры, то кідаліся за ім у ваду.

Я любіў назіраць за гэтымі птушкамі. Асабліва мне падабалася, калі яны сядзелі на хвалях і разам з імі то падымаліся ўверх, то апускаліся ўніз, нібы гойдаліся на гушкалках.

Калі на небасхіле з’яўляўся параход, на палубу падымаліся амаль усе пасажыры. Прывітаўшы адзін аднаго гудкамі, караблі разыходзіліся. Але часам параходы кідалі якары. Тады на ваду апускалася шлюпка, і некалькі чалавек з каманды сыходзілі ўніз па вяровачнаму трапу, садзіліся ў шлюпку і плылі да сваіх таварышаў.

Караблі абменьваліся кінафільмамі, пласцінкамі, апошнімі навінамі.

Аднойчы раніцай я выйшаў на палубу і ўбачыў, што ўсё мора пакрыта нібы рыбнай луской. Гэта быў малады, зусім дробны лядок, які на мове маракоў называецца «салам».

— Хутка пачнуцца сапраўдныя льды,— сказаў тата.— Карскае мора амаль на працягу ўсяго года пакрыта льдамі.

І сапраўды, на другі дзень на моры пачалі з’яўляцца льдзіны — то па адной, то цэлымі групамі.

Ільдзіны былі вялізныя, асляпляльна белыя ўверсе і светла-зялёныя ўнізе, ля вады. Калі свяціла сонца, плывучыя ледзяныя скалы — айсбергі — ззялі, як люстэркі. «Арол» ішоў наперад, абыходзячы вялікія льдзіны і рассоўваючы сваім магутным носам меншыя.

Каманда парахода была цяпер увесь час напагатове, а капітан амаль зусім не сыходзіў з мосціка.

Пачалі сустракацца маржы. Яны спакойна ляжалі на льдзінах па аднаму, па два, а то і цэлымі статкамі.

Вялізныя марскія жывёліны не звярталі ніякай увагі на наш параход. Яны не падымаліся з месца нават тады, калі параход рассоўваў носам ільдзіны. Усе пасажыры з цікавасцю глядзелі на маржоў.

— У гэтых месцах, відаць, іх ніколі ніхто не турбаваў, таму яны такія смелыя,— сказаў нехта з пасажыраў.

Параход наш параўняўся з вялізнай ільдзінай. Тут было столькі маржоў, што, здавалася, іх нехта знарок сагнаў на гэтае ледзяное поле. Адчувалі яны сябе зусім спакойна, нібы ні нас, ні нашага волата-парахода тут і не было.

Некаторыя з маржоў клалі свае ікластыя морды на суседзяў, каб зручней было адпачываць.

— Логвішча! — усхвалявана ўсклікнуў Чыні, які выйшаў і стаў побач з намі на палубе.

— Што, душа гарыць? Папаляваць ахвота? — звярнуўся да яго тата.

— Ой, як хочацца! — адказаў Чыні і ўвесь падаўся ўперад, нібы хацеў скочыць уніз, на лёд.

 

Ля Карскіх варот

Ільды з кожным днём усё шчыльней і шчыльней абступалі наш карабель. Цяпер ужо па паверхні мора плылі не асобныя льдзіны, а цэлыя лёдавыя палі. Параход ішоў павольна, асцярожна прабіраючыся сярод ільдоў.

Чым бліжэй мы падыходзілі да Карскіх варот, тым больш сур'ёзнымі рабіліся твары маракоў. Не чуваць было цяпер ні жартаў, ні смеху, ні баяна.

Увечары мора ахутаў туман. За некалькі метраў ад парахода нічога не было відаць. «Арол» пасылаў частыя гудкі ў лёдавыя прасторы мора, і ад іх рабілася сумна і трывожна.

Позна ўвечары мы ляглі спаць. Я ўжо зусім засынаў, як раптам нешта страшэнна заскрыгатала, загрымела. Параход здрыгануўся ўсім сваім целам і спыніўся. Усе ўстрывожана выбеглі з кают і кінуліся на палубу. З мосціка пачуўся строгі голас капітана.

— Таварышы, спакойна! Не падымаць панікі! Разысціся па каютах!

Тата пайшоў даведацца, у чым справа.

— На гэты раз абышлося,— сказаў ён, вярнуўшыся ў каюту.

У тую трывожную ноч ніхто ўжо не клаўся спаць. Капітан загадаў падрыхтавацца да магчымай высадкі на лёд. Гаварыў ён аб гэтым зусім спакойна, нібы трэба было перасесці з цягніка на цягнік. Мама вельмі хвалявалася за мяне. А я зусім не баяўся і нават хацеў, каб мы высадзіліся на льдзіну, як чалюскінцы, і каб нас пасля ратавалі.

Але раніцай падзьмуў вецер, разагнаў туман, і ля Карскіх варот мора амаль зусім ачысцілася ад ільдоў. Капітан аддаў загад:

— Поўны наперад!

Наш «Арол» рушыў наперад, з шумам рассякаючы высокія хвалі.

І вось Карскія вароты засталіся ззаду. З прычыны шчаслівага выхаду з іх, на параходзе была прыгатавана святочная вячэра. У кают-кампаніі наладзілі танцы і гульні.

Я таксама танцаваў. Спачатку з радыстам парахода я станцаваў «Яблычка», а пасля, ужо адзін,— «Кабардзінку». Мне вельмі апладзіравалі і падкідалі ледзь не пад самую столь кают-кампаніі.

 

Пра маленькіх неграў

У час нашага плавання я моцна пасябраваў з некаторымі маракамі. Ад іх я даведаўся многа цікавага: яны ж бывалі ў шмат якіх краінах свету, плавалі амаль па ўсіх морах і акіянах.

Перад тым як ісці на Чукотку, «Арол» пабываў у адным з амерыканскіх портаў. Капітан парахода паказваў нам здымкі, зробленыя ў Амерыцы, і расказваў, у якіх умовах жывуць працоўныя ў гэтай краіне. Асабліва цяжка там жывецца неграм.

Амерыканцы не лічаць неграў за людзей і ўсяляк здзекуюцца з іх. Шмат неграў-падлеткаў працуюць грузчыкамі ў портах. Іх прымушаюць насіць цяжкія скрынкі, мяхі і ўсялякі іншы груз.

Хлопчыкі-негры працуюць аднолькава з дарослымі, а атрымліваюць за сваю работу значна менш. Неграў абражаюць і нават б’юць.

— Аднойчы наш параход разгружаўся ў амерыканскім порце,— расказваў боцман.— Сярод грузчыкаў было шмат хлопчыкаў ва ўзросце ад 14 да 16 год. І вось адзін з іх спатыкнуўся і разам з грузам паляцеў з трапа ўніз. Ніхто не спяшаўся да яго на дапамогу, а наглядчык, стоячы на трапе, моцна лаяўся. Тады да хлопчыка падбеглі нашы матросы. Яны паднялі яго і аднеслі ў сваю амбулаторыю. Рука ў хлопчыка была зламана. Наш карабельны ўрач зрабіў перавязку. Маракі накармілі яго, сабралі грошай і далі яму. Ад радасці і здзіўлення хлопчык амаль забыўся пра боль. Да яго, чорнага хлопчыка, ніколі не адносіліся так сардэчна белыя людзі.

Ён расказаў, што яму чатырнаццаць год. Дома ў яго хворая маці і маленькая сястрычка. Бацька загінуў на вайне, і сям’я засталася без кармільца. А цяпер вось і яго прагоняць з работы. Ды і рука, мабыць, доўга будзе балець. Прыйдзецца шукаць работы ў іншым месцы, але дзе яе шукаць? У Амерыцы так многа беспрацоўных!

Ён не ведаў, як і дзякаваць нашым матросам за сабраныя грошы.

Нямала беспрацоўных маракоў і сярод партовых грузчыкаў. Тут можна сустрэць былых капітанаў, механікаў, штурманаў, матросаў. Усе яны жывуць вельмі бедна і не маюць ніякай надзеі працаваць па сваёй спецыяльнасці.

Слухаючы гэтыя расказы, я думаў: «Як добра, што я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе!»

Мне шкада было хлопчыкаў-неграў, у якіх не было ні хлеба, ні дома, ні школы, якія не ведалі ў сваім жыцці ніякай радасці. Я яшчэ больш узненавідзеў амерыканскіх багацеяў.

 

У Баранцавым моры

Мы шчасліва мінулі тры паўночныя моры: Усходне-Сібірскае, мора Лапцевых і Карскае. Перад намі былі яшчэ Баранцава і Белае моры.

Баранцава мора вельмі неспакойнае, асабліва цяпер, увосень. Як толькі наш параход увайшоў у яго воды, пачалася гайданка. Наш вялізны «Арол» перавальваўся з боку на бок. Стукалі дзверы, бразгацеў недзе посуд, падалі са сталоў і паліц розныя рэчы. А ў камбузе быў сапраўдны шумавы аркестр: падскаквалі каструлі, патэльні, вёдры, тазы. Мы выйшлі на палубу, і я ўбачыў, як высока падымаецца то адзін, то другі борт нашага «Арла».

Матросы пад камандай боцмана ўмацоўвалі снасці, прыбіралі з палубы ўсё, што нельга было замацаваць.

Шмат хто з пасажыраў адчуваў сябе вельмі дрэнна. Мама мая ўсё храбрылася, але потым пайшла ў каюту і лягла.

Ноччу шторм узмацніўся, і наш параход пайшоў ратаваць нейкае судна, якое пацярпела аварыю.

Раніцай шторм спыніўся. Ярка свяціла сонца, і мора было зусім спакойнае.

На параходзе кіпела работа. Матросы са шлангаў лілі ваду, мылі палубу. Зноў чуліся песні, жарты, смех.

За нашым параходам на буксіры ішоў карабель, які пацярпеў уночы аварыю. У параўнанні з нашым «Арлом» ён быў зусім маленькі.

Па палубе хадзілі маладыя маракі ў форме ваенна-марскога вучылішча.

— Адкуль яны ўзяліся? Іх жа не было на «Арле»? — запытаў я ў таты.

— Яны перайшлі да нас вунь з таго пацярпеўшага судна, на якім праходзілі марскую практыку. А вучацца яны ў Ленінградзе ў марскім афіцэрскім вучылішчы,— адказаў тата.

Усе курсанты былі загарэлыя, статныя і вясёлыя.

Вырасту і таксама пайду вучыцца ў марское вучылішча і абавязкова буду плаваць на ледаколе. Я ў бінокль бачыў яго, калі стаяў на капітанскім мосціку. І буду плаваць толькі ў Арктыцы, таму што тут хоць і небяспечна, але вельмі цікава.

 

Архангельск

Мы падыходзілі да апошняга на нашым шляху вострава і порта Дзіксан. Праз лёгкі туман відаць скалістыя абрысы вострава. Механік, які стаяў з намі на палубе, расказваў, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ён плаваў тут на лінкоры. Яго сябар — другі механік лінкора — страціў у баях руку і цяпер жыве ў Архангельску і вельмі сумуе па Арктыцы, дзе ён праплаваў амаль дванаццаць год.

У порт Дзіксан мы не заходзілі, таму што наш карабель меў у запасе і ваду, і паліва, і прадукты. Мы сталі на рэйдзе. Хутка з Дзіксана да нас падышло буксірнае судна і пацягнула за сабой карабель, выратаваны «Арлом» у час шторму ў Баранцавым моры.

Вакол вострава Дзіксан многа маякоў і бакенаў. Дно мора тут вельмі скалістае, і плаваць у гэтых месцах трэба асцярожна.

Нарэшце наш параход даў тры гудкі і рушыў далей.

Заўтра Архангельск! Заўтра канец нашай марской дарозе!..

Раніцай мяне разбудзіла мама:

— Слава, уставай! Мы ўжо ў Архангельску.

Я хутчэй апрануўся і пабег на палубу. Наш «Арол» стаяў у вялікім порце. Нягледзячы на вельмі ранні час, у порце кіпела работа. Тут стаяла многа параходаў, катэраў, барж. На прыстані мітусіліся маракі, грузчыкі, гулі маторы машын.

Велічэзныя пад’ёмныя краны перасоўваліся ўздоўж берага па рэйках, разгружалі і нагружалі судны.

То тут, то там на беразе ўзвышаліся высокія штабелі бярвенняў. Пахла рыбай, смалой, пілавіннем, морам.

Развітаўшыся з маракамі, мы сышлі на бераг. Над нашымі галовамі, як і ў дзень ад’езду з Чукоткі, праплылі і плаўна апусціліся на зямлю нашы рэчы.

Тата пайшоў заказваць таксі, а мы з мамай засталіся чакаць яго.

Абвёўшы позіркам усе караблі, што стаялі ў порце, я не без гонару сказаў:

— Паглядзі, мама, наш «Арол» большы за ўсіх.

Праз некалькі хвілін мы ўжо імчаліся па горадзе.

А ноччу мы селі на цягнік, які ішоў на Маскву.

 

Добры дзень, Масква!

Раніцай мы з татам занялі месца ля акна і амаль да позняга вечара не адыходзілі ад яго.

За акном праплывалі лясы, апранутыя ў маляўнічы восеньскі ўбор, мільгалі серабрыстыя стужкі рэк, масты, пожні, статкі на паплавах, сады, агароды.

Тата, як зачараваны, не мог адарваць вачэй ад гэтых краявідаў. На твары яго блукала шчаслівая ўсмешка.

Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы.

Звяртаючыся да мяне, ён сказаў:

— Ты, сынок, добра запомні гэтыя руіны! На ўсё жыццё запомні, каб ненавідзець усім сэрцам ворага і вайну.

На другі дзень раніцай у сонечным бляску перад нашымі вачыма раскінулася Падмаскоўе.

Спачатку за акном прабягалі дачныя месцы з утульнымі дамамі, верандамі, альтанкі ў залатых бярозавых гаях, а неўзабаве задымілі фабрыкі, заводы.

Зіма, снег, ільды, бураны — усё гэта засталося далёка. Насустрач нам плыве красуня Масква, дарагая Масква, з яе велічнымі высотнымі дамамі, школамі, паркамі, музеямі, тэатрамі, метро, Маўзалеем і зубчастымі сценамі старога Крамля.

— Добры дзень, Масква! — у захапленні вітаю я сталіцу нашай цудоўнай неабсяжнай Радзімы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


1954?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 5-88
Крыніца: скан