epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Як мы сваю каманду выручалі

У час летніх канікул мы з Юркам паехалі адпачываць у спартыўны піянерскі лагер. Ну, вы самі разумееце, у спартыўным лагеры сабраліся тыя, хто захапляецца спортам. Лагер наш неўзабаве быў падзелены на дзве каманды: каманду «зуброў» і каманду «ласёў».

Мы з Юркам трапілі ў каманду «ласёў» і пачалі разам з усімі «ласямі» змагацца за першынство ў спаборніцтвах. І трэба вам сказаць, што змагаліся нядрэнна. Па шахматах, напрыклад, выйшлі на першае месца, па валейболу — таксама, спаборніцтвы па тэнісу закончылі з нічыйным лікам. Адным словам, мы адчувалі сябе героямі, пакуль не былі абвешчаны спаборніцтвы па футболу. З футболам справа ў нас не ладзілася. І ўсё праз Віцьку Навіцкага — варатара каманды «зуброў». Колькі мы ні гулялі з «зубрамі», ён ніколі ніводнага нашага мяча ў свае вароты не прапусціў.

Праўда, у нашым атрадзе таксама быў неблагі варатар, але да Віцькі Навіцкага яму далёка. Адным словам, у нас не было ніякай надзеі на тое, што мы выйграем сустрэчу па футболу. І чым бліжэй была гэта сустрэча, тым больш мы непакоіліся.

— А што, калі я пагавару з Віцькам? Ён збірае маркі. У мяне ёсць дзве вельмі рэдкія маркі. Віцька даўно ходзіць за мной і просіць памяняцца. А я аддам яму проста так, без абмену, пры ўмове, што заўтра ён прапусціць у свае вароты наш мяч,— прамовіў Юрка, абводзячы нас пытальным позіркам.

— Не, Віцька ніколі на гэта не пойдзе. Я добра ведаю яго,— уздыхнуў Толік Шпілеўскі.— Ён жа камандзір «зуброў». А які камандзір згодзіцца падвесці сваю каманду? Гэта ж... Гэта ж, калі ты хочаш ведаць, самая сапраўдная здрада. Не, трэба прыдумаць нешта іншае.

— Давайце накормім яго марожаным,— пасля некаторага маўчання падаў новую прапанову Юрка.— Я як толькі з?ем лішнюю порцыю марожанага, адразу пачынаю хварэць ангінай. А Віцька таксама ангіны баіцца.

— Марожанае, марожанае! — перадражніў Юрку Вадзік Высоцкі.— Ну падумай толькі, дзе ты возьмеш у лесе тое марожанае?

— І праўда,— згадзіўся Юрка і, ссунуўшы свае выгаралыя на сонцы бровы, задумаўся.

— Прыдумаў! Прыдумаў! — усклікнуў ён раптам.

— Што прыдумаў? — ухапіўшы Юрку за штаніну, закрычаў я.— Кажы хутчэй, не цягні!

Юрка падсеў да нас, акінуў усіх змоўніцкім позіркам і таямніча зашаптаў:

— Заўтра Віцька не будзе стаяць у варотах «зуброў».

— Як гэта — не будзе? — падазрона зірнуўшы на Юрку, запытаў Толік.

— Вельмі проста,— усміхнуўся Юрка.— Вы ж ведаеце, які ён заўзяты грыбнік. Дзеля аднаго баравіка гатоў цэлы дзень лазіць па лесе. Дык вось я скажу яму, што ведаю адно месцейка, дзе баравікоў тых, хоць возам вазі. Віцька, вядома, пачне прасіць, каб я паказаў яму тое запаветнае месца. Я спачатку буду аднеквацца, цягнуць, а калі ён разгарачыцца, скажу:

«Ну што ж, бяры ладны мех. Заўтра пасля абеду пойдзем на маю грыбную плантацыю. Толькі глядзі, нікому не кажы, куды ідзеш. За якія паўтары-дзве гадзіны мы вернемся ў лагер з поўным мехам адборных баравікоў...» У лесе Віцька слаба арыентуецца. Я завяду яго далей ад лагера, а пасля скажу, што збіўся з дарогі, і пачну блукаць з ім па лесе. Паваджу яго, а як сцямнее, прывяду ў лагер. Футбольны матч будзе ўжо скончаны і «зубры» пабіты.

Мы слухалі Юрку, затаіўшы дыханне. Задума яго ўсім нам вельмі спадабалася.

— Я таксама пайду з вамі. Утрох будзе весялей і больш надзейна,— сказаў я, калі прапанова Юркі была канчаткова абмеркавана і прынята.

Назаўтра пасля абеду я, Юрка і Віцька цішком пакінулі лагер і накіраваліся ў лес. Бесклапотна мармычучы сабе пад нос песню пра адважнага капітана, які аб'ездзіў шмат розных краін, Юрка наўмысна, каб збіць з панталыку Віцьку, пятляў ляснымі сцяжынкамі, прадзіраўся праз гушчар, адыходзячы ўсё далей ад лагера.

— Юрка, а ты часам не заблудзішся? — устрывожана запытаў Віцька, калі пачалі спускацца па сцежцы ў глыбокі, зарослы алешнікам яр.

— Я? — усміхнуўся Юрка.— Ды я табе з любога лесу дарогу дадому знайду. Я сакрэт такі ведаю.

— Ну, глядзі. У пяць гадзін пачнецца сустрэча па футболу. Не пазней як у чатыры гадзіны я павінен быць у лагеры,— папярэдзіў Юрку Віцька.

— Усё будзе ў парадку,— запэўніў Юрка, і мы, выбраўшыся з яру, пайшлі далей.

— Юрка, а ты ведаеш, у якім баку наш лагер? — праз колькі часу спытаў я шэптам.

— А ліха яго ведае. Ды гэта зараз мяне не цікавіць. Галоўнае — не выпускаць з рук Віцьку. Хай за яго пастаіць сёння ў варотах Сашка Качан. З ім нашы «ласі» дадуць сабе рады.

— Дзе ж твая баравіковая плантацыя? Ідзём ужо амаль гадзіну, а яе ўсё няма,— пачаў непакоіцца Віцька.

— Ужо недалёка,— супакоіў Юрка.— Праз якія мінут дваццаць будзем на месцы.

Але мінула яшчэ з паўгадзіны, а абяцаных грыбоў не было і блізка.

— Вы сабе як хочаце, а я мушу вяртацца у лагер,—не вытрымаў нарэшце Віцька.— Не магу я падводзіць сваю каманду. Кажы, кудой тут бліжэй да лагера? — спытаў ён у Юркі.

— Каб жа я ведаў сам, дзе той лагер,— заклапочана прамовіў Юрка.— Еідаць, сёння я перагрэўся на сонцы і галава мая зусім не варыць. Нічога не памятаю, у галаве ўсё кругам ідзе. Заблудзіўся я, хлопцы,— сказаў Юрка і апусціўся на аброслы мохам пень.

— Заблудзіўся?! — прастагнаў Віцька.— Абяцаў цэлы мех адборных баравікоў, а цяпер — заблудзіўся. Алесь, можа, ты ведаеш, як нам з гэтага лесу выбрацца? — звярнуўся ён да мяне.

— Не, не ведаю...— шчыра прызнаўся я.— Я спадзяваўся на Юрку.

— Што ж цяпер нам рабіць? — ледзь не плакаў Віцька.— Што падумаюць пра мяне мае сябры па камандзе?

— Падумаюць, падумаюць! — злосна перадражніў Юрка Віцьку.— Ты лепш скажы, куды нам ад навальніцы схавацца. Бачыш, якая чорная хмара сунецца,— задраўшы ўгору галаву, спалохана прамовіў Юрка.

Нібы ў адказ на яго словы, над лесам успыхнула яркая маланка, а следам за ёю грымнуў гром. У лесе зрабілася адразу змрочна, ціха. Усё стаілася ў чаканні нечага незвычайнага. А неўзабаве сыпануў дождж. Спачатку рэдкія буйныя кроплі яго залапаталі ў лісці дрэў і кустоў, а пасля з неба на зямлю лінулі струмені вады, ад якіх не было дзе схавацца. Прытуліўшыся адзін да аднаго, мы цішком сядзелі пад старой разложыстай елкай і чакалі канца навальніцы. А яна ўсё не сунімалася, нібы ёй не было ніякай справы да таго, што на дварэ ўжо вечар, што мы пачынаем «прадаваць дрыжыкі», а жываты нашы даўно просяць есці. Але ўсякаму ліху бывае канец. Навальніца нарэшце пачала сціхаць. Мы выбраліся з-пад сваёй яліны і сталі раіцца, што рабіць далей, як шукаць дарогу ў лагер.

— Трэба знайсці паляну і раскласці вялікі касцёр, каб яго заўважылі з лагера,— параіў Віцька.

— А дзе ўзяць запалкі? — пачуўся голас Юркі.

— А што, каб узлезці на гэтую яліну? З яе вершаліны далёка відаць,— заўважыў я.

— Лезь,— абыякава сказаў Юрка.— Я не верхалаз, і вочы ў мяне не каціныя, каб поцемкам па дрэвах лазіць.

— Хлопцы, цішэй, здаецца, нас нехта гукае!—узрадавана ўсклікнуў Віцька.

Мы сцішыліся. І сапраўды, не мінула і хвіліны, як недзе спераду пачуўся голас нашай важатай.

— Юра! Алесь! —клікала яна.

— Ірына Паўлаўна! — склаўшы рупарам далоні, хорам пачалі крычаць мы.

Неўзабаве сярод дрэў замільгалі агеньчыкі кішэнных ліхтарыкаў. Гэта наша важатая з атрадам хлопчыкаў шукала нас.

— Ура! — закрычалі мы, кідаючыся насустрач агеньчыкам.

Самае смешнае было тое, што мы заблудзіліся ўсяго за тры кіламетры ад лагера і ўвесь час кружылі вакол яго.

— Чыя каманда выйграла матч? — ледзь апамятаўшыся ад радасці, запытаў Юрка ў важатай.

— Які матч? З-за навальніцы і адсутнасці варатара каманды «зуброў» сустрэча па футболу адкладзена на заўтра,— сказала важатая.

Мы з Юркам пераглянуліся, цяжка ўздыхнулі і разам з усімі накіраваліся ў лагер.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 211-215
Крыніца: скан