epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Як мы з Паўлікам былі рабінзонамі

Улетку мы з Паўлікам паехалі ў піянерскі лагер. Мы ведалі, што лагер знаходзіцца ў лесе, на беразе Дняпра, і таму ехалі з вялікай ахвотай.

Лес і рака! Што яшчэ трэба чалавеку? А самае галоўнае — свабода! Не будзе побач бацькоў, якія ўсё яшчэ лічаць нас маленькімі.

Усю дарогу мы толькі і гаварылі аб тым, якое цікавае жыццё чакае нас наперадзе.

— Любата! — усміхаўся Паўлік, пазіраючы праз акно аўтобуса на лясы, якія то расступаліся, то зноў цёмнай сцяной абступалі шашу.

— У лясах гэтых, мабыць, у вайну партызаны хадзілі,— заўважыў я.— Вось каб нам пашчасціла знайсці хоць адну партызанскую зямлянку.

— І знойдзем!—упэўнена сказаў Паўлік, бліснуўшы на мяне сваімі чорнымі, нібы пераспелыя вішні, вачыма.— У лясах, калі добра пашукаць, яшчэ і не тое можна знайсці. Зброю розную, танк, а то і самалёт...

— Самалёт? — недаверліва паглядзеў я на Паўліка.

— А што? Збівалі ж самалёты? Збівалі. А думаеш, усе яны пагарэлі?

Ад думкі, што мы з Паўлікам можам знайсці самалёт, у мяне нават сэрца замерла. Гэта ж мы адразу праславіліся б на ўсю рэспубліку. Ды што на рэспубліку — на ўвесь Савецкі Саюз! А калі б нас запыталі, што мы хочам атрымаць за сваю знаходку, мы сказалі б: «Нічога нам не трэба.

Пашліце нас вучыцца на лётчыкаў, бо ў школе нам ужо вельмі надакучыла». І нас бы, вядома, паслалі. А тады... Тады б мы з Паўлікам паказалі, чаго варты. А пасля нас паслалі б вучыцца на касманаўтаў, і мы першыя паляцелі б на Месяц...

І толькі гэта я «апынуўся» на Месяцы і пачаў выдумляць розныя дзівосныя прыгоды, якія там маглі адбыцца з намі, як аўтобус раптам з усяго ходу спыніўся, і я так чмякнуўся носам аб Паўлікава плячо, ажно іскры з вачэй пырснулі.

— Прыехалі! — абвясціў шафёр, і мы высыпалі з аўтобуса.

— А паветра якое! Чысты кісларод! —уцягваючы ў сябе водар лесу і скошаных траў, летуценна прамовіў Паўлік.

Я таксама пацягнуў носам і пачаў разглядацца на ўсе бакі.

Лагер нам спадабаўся. Ён стаяў на высокім беразе Дняпра, з трох бакоў цёмнай сцяной яго абступаў лес.

На першым часе, пакуль мы ўладкоўваліся на новым месцы ды знаёміліся з наваколлем, усё ішло добра. Але мінуў тыдзень, другі, і мы з Паўлікам засумавалі. Справа ў тым, што гульні, якія прапанавала важатая, былі нам добра знаёмы, і гуляць у іх не было ніякай ахвоты. Нам хацелася пайсці ў далёкі паход, начаваць ля вогнішча ў лесе. Пабудаваць свой піянерскі плыт і зрабіць падарожжа па Дняпры з прывалам на якім-небудзь неабжытым востраве. Адным словам, мы прагнулі нечага новага, марылі аб цікавых знаходках і адкрыццях.

Не пашанцавала нашаму атраду і з важатай. Яна ўвесь час не зводзіла з нас вачэй, не дазваляла без нагляду хадзіць у лес і на раку, і ўвесь час толькі тое і рабіла, што як цень хадзіла следам за намі і напамінала аб тым, што піянеры павінны быць дысцыплінаванымі і паказваць прыклад малодшым. Да ўсяго яшчэ наша важатая баялася вужоў і навальніцы і зусім не ўмела плаваць.

— Ёй толькі малых у дзіцячым садзе забаўляць,— бурчаў Паўлік, калі важатая прапанавала нам якую-небудзь даўно знаёмую гульню.

І вось аднойчы ўвечары, калі да ад?езду з лагера заставаліся лічаныя дні, Паўлік адвёў мяне ўбок і сказаў:

— Слухай, Юрка, давай уцячом заўтра з лагера і хоць адзін дзень правядзём так, як нам захочацца. Возьмем лодку і паплывём па Дняпры далёка-далёка.

— Дык нас жа адразу пачнуць шукаць,— запярэчыў я.

— Ну і што з таго? Затое мы прычалім да якога-небудзь вострава і папагуляем уволю, а то з нашай важатай можна ашалець з нуды. Ну дык як, махнём? — запытаў Паўлік, нацэльваючы на мяне свой звадыяцкі позірк.

— Я і сам не ведаю...

— Не ведаю, не ведаю! — перадражніў мяне Паўлік.— Ну і сядзі тут, кісні, а з мяне хопіць.

Паўлік устаў, засунуў у кішэні рукі і, глянуўшы на мяне так, нібы перад ім была нейкая нікчэмная казяўка, сказаў:

— Ну што ж, пагавару з кім-небудзь другім, калі ты гэткі слімак.

— Сам ты слімак,— ускіпеў я.— Хіба я супраць? Толькі што мы будзем есці на тым востраве?

— Не бядуй. У мяне засталося яшчэ з паўкіло цукерак і дзве пачкі пячэння. Раніцай за снеданнем напіхаем за пазухі хлеба. Не памром. Партызаны ў вайну па некалькі дзён не елі, а ты спалохаўся.

Амаль да самага світанку мы з Паўлікам абмяркоўвалі план свайго падарожжа. А раніцай, добра паснедаўшы, пакінулі лагер і рушылі ў бок дома адпачынку, пры якім была лодачная станцыя. Падышоўшы да маленькага зялёнага доміка, над уваходам у які вісела шыльда з надпісам «Лодачная станцыя», мы спыніліся і пачалі старанна вытрасаць свае кішэні. Але колькі мы іх ні трэслі, усяго капіталу ў нас набралася толькі семдзесят чатыры капейкі. Аб тым, каб узяць лодку на цэлы дзень, не магло быць і гаворкі. Ды і стары, які загадваў усім на лодачнай станцыі, сказаў, што лодкі выдаюцца толькі дарослым і ў заклад за іх трэба пакідаць які-небудзь дакумент.

Мы з Паўлікам былі ў адчаі. Нас клікаў Дняпро, залітыя сонцам прасторы абяцалі нам шмат нязведаных цудаў і радасцей, і раптам... Не, ніякая сіла не магла зараз прымусіць нас адмовіцца ад сваёй задумы. Прыпыніўшыся пад зялёным разложыстым клёнам, мы ліхаманкава шукалі выйсце.

— Эх, была не была! —усклікнуў раптам Паўлік.— Пайшлі да старога.

Ён схапіў мяне за руку і рашуча пакрочыў да зялёнага доміка.

— А, гэта зноў вы, жэўжыкі? — глянуўшы на нас з-пад калматых броваў, прамовіў стары.

— Дзядзечка, дайце нам лодку хоць на паўгадзінкі, мы толькі ля самага берага трошкі паплаваем,— умольна пазіраючы на старога, пачаў Паўлік.

— Ля самага берага, кажаш? — усміхнуўся лодачнік.

— От паглядзіце, ля самага берага! — паўтарыў Паўлік.

— Ну, калі так, то бярыце. Ды глядзіце, каб праз гадзіну лодка была на месцы,— злітаваўся нарэшце стары.— Бярыце вунь тую, крайнюю,— падаючы вёслы, сказаў ён.

Мы з Паўлікам ледзь не танцавалі ад радасці. Нас зараз зусім не турбавала ні тое, што будзе з намі, калі мы не вернем праз гадзіну лодку, ні тое, колькі клопату наробім мы людзям, знікшы з лагера.

— Поўны наперад! — скамандаваў Паўлік, як толькі мы ўзяліся за вёслы.

Нейкі час мы, як і абяцалі лодачніку, плылі паўз бераг, але як толькі зялёны домік лодачнай станцыі знік з вачэй, павярнулі на сярэдзіну ракі і рушылі ўніз па цячэнню.

 

Раскинулось море широко,

И волны бушуют вдали...

Товарищ, мы едем далеко,

Подальше от нашей земли,—

 

на ўвесь голас заспяваў Паўлік.

Я далучыўся да яго.

— З гэтай хвіліны мы з табой адважныя падарожнікі, якія выйшлі на сваім караблі ў акіян адкрываць новыя, дасюль не нанесеныя на карту, землі!—урачыста прамовіў Паўлік.

Аддаўшыся сваім лятункам, мы забыліся пра ўсё на свеце. Лодка наша, пагойдваючыся на хвалях, плыла ўсё далей і далей ад лагера. На душы ў нас было лёгка і весела.

— Зямля! Бачу зямлю! — пераможна абвясціў я, угледзеўшы на павароце ракі зялёны чубок невялікага вострава.

Паўлік, які ляжаў у лодцы, падставіўшы сонцу голыя плечы, ускочыў, схапіў вясло і рэзка павярнуў лодку да вострава.

— Кінуць якары! — загадаў ён, калі наш «карабель» уткнуўся носам у бераг.

Пакінуўшы лодку, мы пайшлі аглядаць востраў. Зарослы густой лазой і акружаны з усіх бакоў вадою, ён нам вельмі спадабаўся, і мы парашылі правесці на ім увесь гэты пагодлівы ліпеньскі дзянёк.

Перш-наперш мы ўзяліся рабіць будан. Траціць шмат часу на такую дробязь нам не хацелася, а таму, выбраўшы ўтульнае месцейка, мы наламалі тонкіх галінак, звязалі імі паміж сабой верхавінкі двух лазовых кустоў, і будан быў гатовы.

Пасля мы змайстравалі сабе лукі, стрэлы і, як сапраўдныя падарожнікі, рушылі ў глыб «джунгляў».

Мы то палявалі на «тыграў», то распачыналі крывавыя баі з «піратамі», то дапамагалі «індзейцам» змагацца з «белымі», якія хацелі захапіць іх у рабства.

Пасля мы гулялі ў вайну. Засеўшы на востраве, мы смалілі з гармат па гітлераўскіх караблях, якія стараліся прарвацца ў наш савецкі порт.

Захапіўшыся гульнёй, мы не заўважылі, як схавалася за воблакамі сонца, і апамяталіся толькі тады, калі над галавой загрукатаў гром. З захаду проста на наш востраў паўзла вялікая чорная хмара, якую раз-пораз паласавалі вогненныя бічы маланак.

— Уцякайма ў будан! — закрычаў Паўлік, калі над нашымі галовамі з трэскам раскалолася неба і буйныя кроплі дажджу дружна залапаталі ў лісці дрэў і кустоў.

Выпярэджваючы адзін аднаго, мы кінуліся ў лазовы гушчар да нашай схованкі.

Навальніца з кожнай хвілінай убіралася ў сілу. Будан наш быў разлічаны на сонечнае надвор'е і ані не ратаваў ад дажджу, якому, здавалася, не будзе канца. Прытуліўшыся адзін да аднаго, мы пазіралі на зацягнутае хмарамі неба і на ўсе лады пракліналі навальніцу.

Толькі пад вечар неба нарэшце ачысцілася ад хмар і засвяціла сонейка.

— Ну, пайшлі, а то сонца зойдзе, тады ўпоцемку прыйдзецца дабірацца да лагера,— сказаў Паўлік, выціскаючы калашыны трусікаў.

— Давай пакупаемся перад дарогай,— прапанаваў я.— Пасля навальніцы вада, ведаеш, якая цёплая.

Мы з асалодай паплюхаліся ў цёплай, бы сырадой, вадзе і рушылі берагам да таго месца, дзе пакінулі лодку, у якой ляжаў наш правіянт і вопратка.

— Ой, Паўлік, а дзе ж лодка? — устрывожана ўсклікнуў я, убачыўшы здалёк сваю блакітную майку, якую мы павесілі замест сцяга на месцы стаянкі нашага «карабля».

Апынуўшыся ля старой алешыны, на якой матлялася мокрая майка, мы нейкі час стаялі моўчкі, не даючы веры сваім вачам.

— А можа, мы яе не тут пакінулі? — прамовіў нарэшце Паўлік.

— Ты што, аслеп? — раззлаваўся я.— Вось жа і майка вісіць. Тут яна была, ля гэтай крывой алешыны.

— Куды ж яна падзелася? На востраве, апрача нас, здаецца, нікога не было? А можа, яе вадой знесла? Ці...

— Якая нам розніца, куды яна падзелася,— ускіпеў я.— Ты лепш скажы, што нам цяпер рабіць? Як выбрацца адсюль?

Нейкую хвіліну Паўлік моўчкі пазіраў за раку, а пасля спакойна, нібы нічога і не сталася, сказаў:

— Ну што ж, сядзем на беразе і будзем чакаць. Мо лодка ці катэр які сюдой паплыве.

Мы селі на вільготны ад дажджу пясок і прыціхлі. Настрой у нас быў канчаткова сапсаваны. У галаву лезлі невясёлыя і трывожныя думкі. У жываце папісквала ад голаду. А тут яшчэ накінуліся на нас камары. Здавалася, яны зляцеліся сюды з усяго вострава, каб высмактаць з нас усю кроў.

Насоўваўся змрок. Ад ракі падзьмула халадком. З адзежыны, апрача маек і трусікаў, у нас нічога не было. Усё засталося ў лодцы. Мы, як маглі, адбіваліся ад камароў, ляскалі зубамі ад холаду і дакаралі сябе за тое, што забыліся выцягнуць лодку на бераг і прывязаць яе да алешыны.

— Цяпер мы сапраўдныя рабінзоны,— пажартаваў Паўлік, пляскаючы з усёй сілы сябе па патыліцы.

«Яму яшчэ хаханькі ў галаве»,— злосна падумаў я, дрыжучы ад холаду.

Чым гусцейшым рабіўся змрок, тым больш безнадзейным здавалася мне наша становішча.

Я з жахам думаў аб тым, што нас чакае наперадзе, і з зайздрасцю пазіраў на вясёлыя агеньчыкі, якія загараліся ў дамах на тым баку Дняпра.

Відаць, не лягчэй на сэрцы было і ў Паўліка, бо ён прыціх і толькі час ад часу ўздыхаў.

— Што там зараз у лагеры робіцца. Важатая, мабыць, з ног збілася, нас шукаючы. Ну і ўсыплюць жа нам, як вернемся,— скоса зірнуў я на Паўліка.

— Ды не ный ты, і без цябе моташна,— адмахнуўся ён.

— І навошта толькі я цябе паслухаў. Цяпер сораму і непрыемнасцей не абярэшся.

— Спалохаўся? — падхапіўся Паўлік.— Паплач, мо палягчэе крыху.

— Глядзі, каб самому яшчэ не давялося плакаць. Рабінзон! — падкалоў я Паўліка.

Сварку, як гэта звычайна бывае, варта толькі пачаць, а тады ўжо яе не спыніш. Яна раскручваецца, нібы той клубок, калі яго пацягнеш за нітку. Мы пачалі прыпамінаць адзін аднаму даўно забытыя крыўды, абвінавачваць адзін аднаго ў бядзе, якая напаткала нас. Невядома, чым бы ўсё нарэшце скончылася, калі б раптам не пачулася вуркатанне катэра, які паказаўся з-за павароткі ракі. Забыўшыся на сварку, мы як па камандзе на ўсё горла пачалі клікаць на дапамогу. І нас пачулі: катэр рэзка павярнуў да вострава, асвятляючы сваім зіркастым вогненным вокам бераг, на якім, нібы звар'яцеўшы ад радасці, скакалі я і Паўлік.

Першым, каго мы ўгледзелі, апынуўшыся на катэры, была наша важатая.

— Знайшліся! Жывыя! Здаровыя! — выціраючы далонню слёзы і смеючыся, прыгаворвала яна, абнімаючы то мяне, то Паўліка.

— Мы вас з самага абеду шукаем. Добра яшчэ, што на старога з лодачнай станцыі натрапілі, у якога вы лодку ўзялі,— хмурачы бровы, гаварыў начальнік лагера Андрэй Пятровіч.— А што, дарэчы, з вашай лодкай?

Збіваючыся і папраўляючы адзін аднаго, мы пачалі былі расказваць яму пра нашу сумную прыгоду.

— Прыехалі,— перапыніў нас раптам Андрэй Пятровіч.— Заўтра вы раскажаце пра ўсё на піянерскай лінейцы. А зараз — мыцца, вячэраць і спаць! — строга загадаў ён і, звяртаючыся да важатай, ужо больш лагодна дадаў: — Глядзіце, каб гэтыя рабінзоны зноў не надумалі ад вас уцячы.

А раніцай, на піянерскай лінейцы... Ды што пра гэта расказваць? Вы, напэўна, і самі здагадваецеся, як дасталося нам за наша самавольства. Добра яшчэ, што лодка знайшлася,— яе раніцай прыгналі на лодачную станцыю рыбакі з суседняй рыбалавецкай арцелі,— а то за яе нашым бацькам давялося б разлічвацца.


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с.
Крыніца: скан