epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Калі побач сябры

У старшыні атрада шостага «Б» Міхася Залуцкага клопатаў — не пералічыць. Да канца чвэрці застаецца ўсяго якіх два тыдні, а ва Уладзіка Адамчыка аніякіх зрухаў у вучобе. Ён па-ранейшаму прапускае заняткі, вучыцца дрэнна, супраць яго прозвішча ў класным журнале стаяць амаль адны тройкі ды двойкі. У класе ён трымаецца асобна, ні з кім не сябруе, а калі яго пачынаюць ушчуваць за чарговую двойку і прапануюць дапамогу, адмаўляецца або ўцякае. Вось і ўчора ён зноў схапіў двойку па матэматыцы.

«І адкуль толькі зваліўся на нашу галаву гэты абібок?» — заклапочана думае Міхась, цярэбячы свой выгаралы чуб.

А тут яшчэ, як на тую бяду, Вера Мікалаеўна захварэла, а без класнага кіраўніка Міхасю і зусім цяжка. Вера Мікалаеўна параіла б што-небудзь, падказала. Праўда, ёсць у школе піянерважаты, але ж у яго і без шостага «Б» клопату хапае. «Трэба сёння ж выклікаць Адамчыка на савет атрада і прымаць у адносінах да яго нейкія тэрміновыя меры!» — рашыў Міхась, адклаўшы ўбок кніжку пра адважнага салдата Швейка.

Неўзабаве савет атрада шостага «Б» у поўным складзе быў ужо ў альтанцы на Міхасёвым двары. Толькі Уладзік на пасяджэнне не з'явіўся.

— Каб не гэты Уладзік, мы былі б ужо даўно на першым месцы ў школе!—уздыхнула Оля Заяц, калі гутарка зайшла аб паспяховасці.

— Давайце напішам усім класам заяву дырэктару, каб яго перавялі ў іншы клас,— абводзячы сяброў сур'ёзным позіркам, рашуча сказаў Толік Кубліцкі.

— І што ён за чалавек такі? Ні з кім не гуляе, нікога не прызнае. Няўжо яму не сумна без сяброў? — пачуўся зноў голас Олі.— Цікава, як ён жыве?

— І праўда, як ён жыве? Чым займаецца пасля заняткаў у школе? Ніхто ж з нас дома ў яго не быў? — акідаючы сяброў запытальным позіркам, прамовіў Міхась.

На нейкую хвіліну ў альтанцы стала ціха. Відаць, кожны думаў над тым, з якога боку падступіцца да Уладзіка, што зрабіць, каб ён нарэшце ўзяўся за розум.

— Я сёння ж пайду да яго,— сказаў Міхась.

Дом, у якім жыў Адамчык, стаяў у самым канцы ціхай зялёнай вулачкі, што абрывалася на стромым беразе Дняпра. За Дняпром, як акінуць вокам, зелянеў шырокі лугавы прастор, на якім, падпіраючы восеньскі блакіт неба, стаялі высозныя стагі.

Міхась спыніўся каля веснічак дома нумар 38, у якім жыла сям'я Адамчыкаў, і нейкую хвіліну з цікаўнасцю аглядаў двор.

Няўтульна, нявесела было на гэтым двары. Усё,— пачынаючы ад агароджы, якая ледзь ліпела, і канчаючы перакошанымі прыступкамі ганка,— сведчыла аб тым, што гаспадар гэтага двара зусім не цікавіцца справамі сваёй гаспадаркі, і ніяк не вязалася з тым, што бацька Адамчыка быў сталяр і дасканала валодаў сякерай, пілой і рубанкам.

Міхась хацеў было ўжо адчыніць веснічкі і ўвайсці на двор, як на ганак раптам выйшаў Уладзік. На руках у яго была малая дзяўчынка. Яна, відаць, толькі што плакала, бо Уладзік падалом сукенкі выціраў ёй тварык, туліў да сябе і пяшчотна прыгаворваў:

— Ну, годзе, годзе, Марынка. Зараз я пакажу табе маленькіх трусянятак, а пасля накармлю цябе кашкай і раскажу казачку пра коціка.

Сышоўшы з ганка, Уладзік накіраваўся ў глыб двара і знік пад паветкай.

Уладзік у ролі нянькі! Гэта ніяк не ўкладвалася ў Міхасёвай галаве. Ён не ўяўляў, каб Уладзік мог некага любіць, шкадаваць. Ён прывык яго бачыць заўсёды злосным, насмешлівым. Асцярожна прычыніўшы за сабой веснічкі, Міхась пакрочыў следам за Уладзікам.

Нейкі час Уладзік не бачыў Міхася. Ён апусціў малую на зямлю і цяпер завіхаўся каля клетак з трусамі. Дастаўшы маленькае белае трусянятка, Уладзік пяшчотна прытуліў яго да шчакі, а пасля, прысеўшы перад малой на кукішкі, усміхнуўся і сказаў:

— А ну, патузай яго за вушкі, пагладзь па спінцы. Не бойся, не бойся, ён харошы.

Малая асцярожна пачала гладзіць шаўковую поўсць трусяняці, а Уладзік глядзеў на яе замілаванымі вачамі і ўсміхаўся. І тут раптам ён убачыў Міхася. Твар яго адразу спахмурнеў, і замест лагоднай усмешкі на ім з'явілася злосная іранічная ўхмылка. Цяпер перад Міхасём стаяў той самы Уладзік Адамчык, калючы, дзёрзкі, непрыступны.

— Ого, сам старшыня атрада! Чым я заслужыў такі высокі гонар, калі не сакрэт? — запытаў Уладзік.

— Прыйшоў паглядзець на тваіх гадаванцаў,— нібы не заўважыўшы з'едлівага тону гаспадара, спакойна прамовіў Міхась.— О, ды ў цябе тут цэлая трусаферма! І маленькія ёсць,— падыходзячы да клеткі, у якой мясціліся трусяняткі, усклікнуў Міхась.

Расчулены сімпатыяй Міхася да сваіх гадаванцаў, Уладзік адразу памякчэў. Ён ішоў разам з Міхасём уздоўж клетак з трусамі і, спыняючыся то ля адной, то ля другой, з захапленнем расказваў госцю шмат цікавых, а часамі смешных падрабязнасцей з жыцця сваіх даўгавухіх гадаванцаў. Так непрыкметна для сябе яны дайшлі да апошняй клеткі, і тут, нібы ўспомніўшы нешта, Уладзік раптам спыніўся і паглядзеў на Міхася.

— Ну, а цяпер скажы, чаго ты да мяне прыйшоў? Ды толькі не хітры, бо я гэтага не люблю.

І тут раптам у галаву Міхася прыйшла шчаслівая думка:

— Прыйшоў, каб ты дапамог нашаму класу арганізаваць трусятнік. Хочам, як і ты, гадаваць трусоў.

— А адкуль жа ты даведаўся, што я гадую трусоў? — не адступаўся Уладзік.

— Даведаўся,— коратка кінуў Міхась.— Ну як, дапаможаш?

Уладзік паглядзеў на Міхася, які зноў прыліп вачамі да клеткі, памаўчаў нейкую хвіліну, а потым сказаў:

— Вядома, памагу. Для пачатку дам нават сваіх трусянят.

— Праўда?!—узрадаваўся Міхась.

— А чаго? Вунь колькі сёлета ў мяне моладзі! — пахваліўся Уладзік.— Будуйце трусятнік і бярыце любую пару або нават і дзве.

— Тады прыходзь заўтра ды парай, як і дзе будаваць трусятнік,— сказаў Міхась.

— Гэта я магу. У мяне і інструмент патрэбны знойдзецца. Бацька ж мой сталяр,— заўважыў хлапчук.

І не паспеў ён гэтага сказаць, як раптам веснічкі адчыніліся і ў двор, хістаючыся, увайшоў пажылы п?янаваты чалавек.

Убачыўшы бацьку, Уладзік збялеў так, што з твару яго зніклі амаль усе вяснушкі. Кінуўшы Міхасю: «Чакай мяне тут!», ён заспяшаўся за бацькам у дом. Неўзабаве вярнуўся, узяў на рукі сястрычку, якая пачала румзаць, і, звяртаючыся да Міхася, глуха прамовіў:

— Глядзі, нікому не кажы пра тое, што бачыў. Чуеш? Бацька мой харошы... Ён не п'яніца, не. Гэта ён нядаўна. Пасля смерці мамы... Я не хачу, каб у школе пра гэта ведалі... Сорамна мне, разумееш... А ён харошы...

Міхась глядзеў на Уладзіка, слухаў яго сумную споведзь і не мог вымавіць у адказ аніводнага слова. Яму да слёз было шкада сябра, які хаваў ад усіх сваю сумную таямніцу.

— Буду маўчаць. Чэснае піянерскае! — горача прамовіў Міхась.

Ідучы дадому, Міхась увесь час думаў пра Уладзіка. Тое, што ён расказаў яму аб сваім жыцці, вялікім цяжарам лягло на яго сэрца. Маці Уладзіка памерла мінулай восенню, і пасля смерці яе ўсе хатнія справы ляжаць на яго плячах. Ён і прыбірае, і мые бялізну, і даглядае сястрычку, і нават гатуе ежу. «Што рабіць? Як дапамагчы сябру?» — у роспачы думаў Міхась. Каб не даў Уладзіку чэснае піянерскае, Міхась мог бы расказаць пра яго бяду маці, бацьку, сябрам, Веры Мікалаеўне. А так... На пытанне сваіх сяброў, чым скончыўся яго візіт да Уладзіка, Міхась толькі цяжка ўздыхнуў і сказаў:

— Уладзік вельмі няшчасны... Вельмі... У яго няма маці...

На другі дзень Уладзік у школу не з'явіўся. Не прыйшоў ён і на трэці дзень. Гэта акалічнасць вельмі занепакоіла Міхася, і ён рашыў пайсці да хлопчыка яшчэ раз.

Апынуўшыся на знаёмым двары, Міхась убачыў Уладзікавага бацьку. Той сядзеў на ганку, унурыўшы ў плечы сваю прыцярушаную сівізной галаву, і курыў. Па ўсім было відаць, што думаў ён невясёлую думу. Міхася ён заўважыў толькі тады, калі той падышоў да самага ганка і ветліва прывітаўся.

— А, гэта ты, хлопча? — нібы ўзрадаваўшыся Міхасю, усміхнуўся Адамчык.— Ты, мабыць, да Уладзіка, ён у хаце. Малая наша нешта захварэла. Вось ён і не адыходзіць ад яе ні на хвіліну. Хадзем у хату,— запрасіў ён Міхася, адчыняючы перад ім дзверы.

Гэтым разам Міхась заседзеўся ў Адамчыкаў да самага вечара. Бацька Уладзіка аказаўся вельмі цікавым чалавекам.

Ён расказаў хлопчыкам пра тое, як яшчэ юнаком будаваў у Маскве метро, як у вайну партызаніў у брыгадзе славутага Бацькі Міная, як пасля вайны адбудоўваў беларускую сталіцу.

— Можа, вы дапамаглі б нам пабудаваць школьны трусятнік? — нясмела запытаў Міхась.— Мы надумалі гадаваць трусоў. А яшчэ нам хочацца зрабіць альтанку ў сваім школьным парку.

— Ну, вядома, дапамагу,— згадзіўся Адамчык.— У пятніцу перад выхадным проста з фабрыкі прыйду да вас у школу і пачнём.

Міхась ледзь не танцаваў ад радасці, вяртаючыся дадому. ён быў ужо каля сваіх веснічак, калі раптам пачуў знаёмы голас.

— Вера Мікалаеўна! —узрадавана ўсклікнуў ён, убачыўшы настаўніцу.— Як добра, што вы нарэшце вярнуліся з бальніцы. Без вас нам так сумна.

— Ну, а што новага ў нашым шостым? Ці шмат у нас троек? Давай сядзем вось тут, і ты мне пра ўсё раскажаш,— сказала яна, апускаючыся на лаўку, што стаяла ля веснічак Міхасёвага дома.

«Усё, усё раскажу! — рашыў Міхась.— Яна ж не чужая. Яна для нас самая харошая».

— Малайчына, што не пакінуў сябра ў бядзе,— сказала Вера Мікалаеўна, выслухаўшы Міхася.— Я заўтра пагавару з дырэктарам. Магчыма, мы запросім Адамчыка працаваць у нашай школьнай сталярні.

— Вось гэта было б здорава! — узрадаваўся Міхась.

Доўга ў гэты вечар сядзеў Міхась з Верай Мікалаеўнай на лавачцы пад старым разложыстым клёнам. На неба ўжо даўно высыпалі яркія мігатлівыя зоркі. На вуліцах успыхнулі ветлівыя вясёлыя ліхтары, а размове яшчэ не было канца.

— Ой і заседзеліся ж мы з табой, Міхасёк! Гэта ж хутка ўжо адзінаццаць,— спахапілася нарэшце Вера Мікалаеўна, зірнуўшы на гадзіннік.

У пятніцу, яшчэ задоўга да канца змены, савет атрада шостага «Б» на чале з Міхасём ужо стаяў ля прахадной фабрыкі.

Угледзеўшы Адамчыка, піянеры акружылі яго вясёлай гаманлівай чародкай і разам з ім накіраваліся ў школу.

— Адамчык, ты куды? Хіба не пойдзеш з намі? — пачуўся раптам хрыплаваты голас.

Да Адамчыка, рассоўваючы людзей, спяшаўся высокі хударлявы мужчына з чорнымі, ліхаманкава пабліскваючымі вачыма.

Уладзік гнеўным позіркам змераў яго з галавы да ног і да болю сціснуў далонь Міхася.

— Сёння ён пойдзе з намі! — заступаючы дарогу мужчыну, сказаў Міхась.

— І наогул ён з вамі больш ніколі не пойдзе,— дадала Оля.— Ні-ко-лі!

* * *

Працаваў Адамчык спорна. Час ад часу даваў каманду сваім памагатым, і тыя навыперадкі кідаліся выконваць тое ці іншае яго даручэнне. Сонца яшчэ не зайшло, а палова работы была ўжо зроблена.

— Заўтра яшчэ папрацуем, і трусятнік ваш будзе гатовы,— выціраючы ўзмакрэлы лоб, сказаў Адамчьпс.— А там і за альтанку возьмемся.

Усім атрадам праводзілі ў гэты вечар Адамчыка дадому. Па дарозе Уладзік забег у дзіцячы сад па сястрычку. Оля тут жа падхапіла малую на рукі і сказала, што з гэтага дня яна разам са сваімі сяброўкамі бярэ над ёю шэфства.

— Мы і па гаспадарцы будзем вам дапамагаць,— сказала яна Адамчыку.— Без жаночых рук у доме вельмі кепска,— тонам спрактыкаванага чалавека дадала яна.

— А мы з Толікам будзем памагаць Уладзіку ў вучобе! — весела выгукнуў Міхась.

Адамчык з удзячнасцю паглядзеў на дзяцей, і ў яго вачах успыхнулі радасныя агеньчыкі.

— Ну, сынок, цяпер мы з табой не загінем,— паклаўшы на Уладзікава плячо сваю дужую, загарэлую далонь, сказаў ён.— З такімі сябрамі любая бяда — не бяда.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 227-233
Крыніца: скан