epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Малекула

Гісторыя гэтая здарылася пасля таго, як мы з Міхасём пабывалі ў цырку. Ад усяго мы былі ў захапленні: і ад спрытных акрабатаў, якія пад самым купалам выконвалі свае смелыя нумары, і ад чараўнікоў жанглёраў, і ад клоунаў, якія выраблялі розныя смешныя штучкі. Але больш за ўсё нам спадабаліся маленькія дрэсіраваныя сабачкі. Такіх маленькіх сабачак мы з Міхасём яшчэ ніколі не бачылі. Некаторых з іх можна было засунуць у рукавіцу. А як прыгожа яны танцавалі, як кланяліся публіцы! Мы з Міхасём проста далоні паадбівалі, апладзіруючы ім.

— Я за такога сабачку аддаў бы ўсе свае маркі,— сказаў Міхась, калі мы выходзілі з цырка.

Я ажно прыпыніўся. Маркі! Ды Міхась за гэтымі маркамі гатоў бегчы на край свету! А тут раптам: «аддаў бы ўсе свае маркі». Я, вядома, не вельмі паверыў яму, разумеў, што сказаў гэта ён, пагарачыўшыся, але ў сваю чаргу дадаў:

— I я нічога не пашкадаваў бы за такога маленькага сабачку. Сказалі б аддаць веласіпед — і аддаў бы. Але ж дзе яго возьмеш такога?

З хвіліну мы ішлі моўчкі, а пасля Міхась і кажа:

— Ведаеш, Воўка, а мы можам і самі яго выгадаваць.

— Як гэта?! — здзівіўся я.

— Вельмі проста. Возьмем дзе-небудзь шчаня, пасадзім яго ў маленькую скрыначку і хай сабе там жыве. У скрыначцы яму не будзе куды расці, вось ён і застанецца назаўсёды маленькім.

— Здорава! — усклікнуў я, спыняючыся пасярод вуліцы.— І як толькі ты дадумаўся да гэтага!

Са скрынкай усё вырашылася даволі лёгка. У школьнай майстэрні ў гэты час рабілі шпакоўні, і мы самі маглі змайстраваць скрыначку патрэбнага памеру. Але дзе ўзяць маленькага сабачку,— вось задача.

Ды неўзабаве і гэтае пытанне вырашылася само сабой. У Міхасёвага суседа Юркі ашчанілася Пальма, і ён паабяцаў нам даць шчанятка, калі яно крыху падужэе і расплюшчыць вочкі.

— Толькі самае маленькае, разумееш? — папярэдзіў Міхась.

— Возьмеце сабе любое,— важна сказаў Юрка.

З гэтага дня мы пачалі з нецярплівасцю чакаць, калі шчаня расплюшчыць вочы і цвёрда стане на ножкі. Па некалькі разоў на дзень мы бегалі да Юркі і, выбраўшы момант, калі ў будцы не было Пальмы, правяралі, ці не час ужо забіраць шчаня. Нас вельмі непакоіла, каб яно часам не перарасло.

Праўду кажа прыказка, што няма нічога горшага, як чакаць ды даганяць. У мудрасці яе мы самі пераканаліся. Нам здавалася, што дні ніколі не цягнуліся так марудна, як цяпер.

Аднак кожнаму чаканню бывае канец. Аднаго разу да мяне ў пакой уляцеў Міхась і яшчэ з парога закрычаў:

— Расплюшчыла! Расплюшчыла!

Мы, як тыя дзікуны, пачалі скакаць па пакоі і выкрыкваць немаведама што. А як наскакаліся ўволю, Міхась сказаў:

— Дамо яму яшчэ два дні пабыць каля маці, агледзецца крыху, а пасля пасадзім у скрыначку.

Скрыначка наша даўно была гатова, і вось аднаго дня Юрка ўрачыста абвясціў:

— Прыходзьце сёння ўвечары па свайго шчанюка.

Мы з Міхасём ледзь дачакаліся вечара. Зрабіўшы сяк-так урокі і рашыўшы задачы, каб заўтра не схапіць двойкі, мы пабеглі да Юркі.

Юрка зачыніў у сенцах Пальму і падвёў нас да будкі, у якой, прытуліўшыся адно да аднаго, соладка спалі малыя шчаняткі.

— І навошта вам гэты заморак? Бярыце большае,— сказаў Юрка, здзіўлены нашым недарэчным выбарам.— Вось дзівакі! — паціснуў ён плячыма.

Юрка нічога не ведаў пра нашы планы. Мы парашылі да часу трымаць іх у сакрэце, каб пасля здзівіць усіх сваім маленькім дрэсіраваным сабачкам.

Ідучы дадому, мы з Міхасём дамовіліся, што шчаня будзе адзін дзень жыць у яго, а другі — у мяне. І каб нікому не было крыўдна, кінулі жэрабя, у каго яно будзе начаваць сёння. Пашчасціла мне.

Пасадзіўшы малое ў скрынку (мы ледзь уціснулі яго туды), я падаўся дадому. Але не паспеў прайсці і паловы дарогі, як пачуў за спіной голас Міхася. Ён бег да мяне і яшчэ здалёк гукаў:

— А імя, імя ж мы яму не далі!

Мы прыселі на краёчку тратуара і адзін перад адным пачалі выкрыкваць:

— Тузік!

— Муха!

— Жук!

— Бобік!

І нарэшце:

— Малекула! — выгукнуў Міхась.

— Малекула! — паўтарыў я.

Імя гэтае нам спадабалася, і мы разышліся.

Тата і мама ў гэты вечар былі ў тэатры. Маленькая Настачка, цмокаючы соскай, спала ў бабульчыным пакоі. Не ўключаючы святла, я прайшоў у спальню і паставіў скрыначку з Малекулай пад свой ложак. Затым павячэраў на кухні разам з бабуляй і падаўся спаць.

Сярод ночы я прачнуўся ад таго, што тата і мама, уключыўшы святло, хадзілі па пакоі і час ад часу да нечага прыслухоўваліся. А з-пад майго ложка чулася жаласнае скавытанне.

— Не хвалюйцеся, гэта мая Малекула,— падхапіўся я на пасцелі.

— Якая малекула? — здзіўлена запытаў тата.

— Не звяртай на яго ўвагі,— сказала мама.— Налётаецца, надурэецца за дзень, а пасля трызніць немаведама што.

Я тым часам кінуўся пад ложак, схапіў скрыначку, адсунуў вечка і дастаў свайго палонніка. Ён увесь калаціўся і туліўся да маёй цёплай рукі.

— Глядзі, бацька, што гэта робіцца?! — з абурэннем усклікнула мама.— Узяць жывое бездапаможнае стварэнне і ўпіхнуць яго ў скрынку. Яно ж магло задыхнуцца. Вось цябе б самога гэтак. Пакладзі яго на гэтую анучку,— загадала мама і падала маю старую кашулю.

— На анучку нельга! — запярэчыў я.— Яно павінна жыць толькі ў скрыначцы.

Мама ўзяла ў мяне з рук шчаня, загарнула яго і паклала ў куток за шафу.

— Заўтра раніцай мы высветлім, чаму ты без майго дазволу прынёс дадому шчаня і чаму яно павінна жыць толькі ў гэтай скрыначцы. А цяпер — спаць! — загадала мама і выключыла святло.

На нейкі час у доме ўсталявалася цішыня. Але не паспеў я заснуць, як з кутка зноў пачулася скавытанне Малекулы. «Вазьму да сябе пад коўдру»,— падумаў я, асцярожна устаў з ложка і на дыбачках пракраўся ў кут. Намацаўшы ўпоцемку шчаня, я занёс яго ў ложак.

Яно прыгрэлася ля майго боку, заціхла, але неўзабаве зноў пачало скуголіць і торкацца вільготным носам у маю далонь. Знайшоўшы палец, Малекула пачала прагна смактаць яго.

«Ой, ды яна ж галодная! Што рабіць? Як накарміць яе? — падумаў я. І тут у галаву мне прыйшла геніяльная думка: Дам Малекуле Настаччына малако!» Я кінуўся на кухню, дзе ў каструлі з цёплай вадой звычайна стаяла бутэлечка з соскай.

Каб вы толькі бачылі, як прагна ўхапілася Малекула за соску. Сэрца маё замірала ад радасці, калі я слухаў яе заўзятае цмоканне.

Малекула апаражніла бутэлечку і заснула. Задаволены сваім вынаходствам, неўзабаве заснуў і я.

Прачнуўся я ад прарэзлівага крыку Настачкі. Тата бегаў па пакоі, гушкаў яе на руках, а мама з бабуляй, зазіраючы ва ўсе куткі, штосьці шукалі.

— І куды толькі яна магла дзецца? Я ж сама паставіла, як заўсёды, у каструлю з вадой. Дзіва нейкае, ды годзе,— мармытала бабуля.

Я адразу скеміў у чым справа і, моцна заплюшчыўшы вочы, з жахам чакаў, што будзе далей. Парожняя бутэлька з соскай ляжала на самым краёчку ложка побач з падушкай. Баючыся, што мама можа заўважыць яе, я вырашыў схаваць бутэлечку пад коўдру. І тут здарылася тое, чаго я ніяк не чакаў: бутэлька ўпала на падлогу і з грукатам выкацілася на сярэдзіну пакоя. Усе кінуліся да яе. А пасля ўзяліся за мяне.

— Навошта ты браў Настаччыну бутэльку? — строга спытала мама.

— Гэта Малек... Не, гэта я... Мне захацелася ўночы малака і...— пачаў маніць я.

— Хлусіш! — закрычаў тата.

— Нягоднік! Ты карміў з Настаччынай соскі шчаня!

А тут яшчэ пад мой бок пацякло нешта мокрае і цёплае.

Аднеквацца было бескарысна. І я расказаў усё пра нашу з Міхасём задуму.

Бацька засмяяўся з мяне, а назаўтра ўвечары, прыйшоўшы з работы, прынёс кніжку, з якой я даведаўся, што памер сабакі залежыць выключна ад яе пароды і што парод гэтых на зямлі існуе вялікае мноства.

А з нашай Малекулы вырас з часам вялікі і разумны сабака.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 249-254
Крыніца: скан