epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

На лыжнай сцежцы

Напярэдадні лыжных спаборніцтваў у Аліка здарылася вялікая непрыемнасць. Вяртаючыся ўвечары з трэніроўкі, ён наскочыў на прысыпаны снегам корч і зламаў правую лыжу.

«Што цяпер рабіць? — думаў у роспачы Алік.— Хлопцы заўтра раніцай выйдуць абараняць гонар школьнай каманды, а ён, лепшы лыжнік, будзе сядзець дома склаўшы рукі, нібы гэтыя спаборніцтвы не маюць да яго ніякага дачынення».

— Дзе ўзяць лыжы? — ужо каторы раз голасна задаваў сам сабе адно і тое ж пытанне Алік, ходзячы па пакоі.

— Схадзі да Веры Галубовіч. Яна захварэла і ўсё роўна на лыжах заўтра не пойдзе,— параіла брату яго малодшая сястра Оля.

— Прыдумала! Буду я кланяцца дзяўчынцы. Толькі гэтага яшчэ не хапала,— адказаў Алік.— Ты ж ведаеш, што я з дзяўчынкамі не сябрую.

— І вельмі дрэнна, што не сябруеш,— сказала маці.— А яшчэ піянер.

— Калі я піянер, дык ужо не маю права мець сваіх прынцыпаў? — паспрабаваў запярэчыць Алік.

— Якія там прынцыпы? Дурасць, і толькі,— кінула маці, выходзячы на кухню.

Оля палічыла за лепшае на гэты раз змоўчаць і не даводзіць брату, што дзяўчынкі нічым не горшыя за хлопчыкаў. Гэта была іх даўняя спрэчка, і пераконваць Аліка, што ён памыляецца, асабліва зараз, было бескарысна. Сястра разгарнула кніжку і пачала чытаць.

— Вось асёл! — усклікнуў праз нейкі час Алік.— У Юркі ж Бельскага ёсць дзве пары лыжаў. Пайду зараз і папрашу.

Ён схапіў з вешалкі паліто і выскачыў з дому.

Не мінула і дзесяці хвілін, як Алік ужо ўзыходзіў на высокі ганак Юркавай кватэры. Была палова адзінаццатай, Юрка збіраўся спаць і вельмі здзівіўся, убачыўшы на парозе Аліка.

— Выручай, Юрка, у мяне бяда! — засопшыся ад шпаркай хады, выпаліў Алік.

— Якая бяда? — устрывожана спытаў Юрка.

— Лыжу адну зламаў.

— Як гэта зламаў?

— Ды наскочыў упоцемку на корч, а яна трэсь... і разляцелася. Цяпер уся надзея на цябе. Пазыч мне на заўтра свае лыжы, у цябе ж дзве пары.

— Свае паламаў, а цяпер хочаш паламаць мае? — нахмурыўся Юрка.

— Ды што ты пляцеш? Ты ж ведаеш, што я хаджу на лыжах лепш за ўсіх у класе. Чаго ты спалохаўся? — не адступаўся Алік.

— Лепш, лепш...— перадражніў яго Юрка.— Мае ж лыжы новыя. Зломіш, а тады што? Гэта ж падарунак дзядулі.

— Ды не зламлю я твае лыжы, не бойся.

— А свае зламаў?

— Дык гэта ж папацёмку, на корч,— апраўдваўся Алік.

Юрка хмура маўчаў.

— Ну што, не дасі? — не вытрымаў нарэшце Алік.

Юрка і на гэты раз нічога не адказаў.

— Эх ты, скнара! —зняважліва прашаптаў Алік і, грукнуўшы дзвярыма, выбег на вуліцу.

На двары было ціха. З чорнага неба паволі сыпаўся густы снег. Алік глядзеў скрозь яго жывую белую сетку на вясёлыя агні ліхтароў, і сэрца яго сціскала пякучая крыўда.

«Скнара! Спадзяецца, што калі заўтра мяне не будзе на спаборніцтвах, дык ён першы прыйдзе да фінішу. Ён заўсёды зайздросціў і цяпер, мабыць, радуецца маёй бядзе. Таварыш называецца!» — думаў Алік, крочачы па прыціхлай вуліцы.

— Ну што? Даў табе лыжы Юрка? — спытала Оля, адчыняючы брату дзверы.

— Адчапіся ты са сваімі лыжамі! — скідаючы паліто і праходзячы ў пакой, агрызнуўся Алік.

— Не даў? А яшчэ на адной парце седзіцё, сябруеце. Вось табе і хлопчыкі! — падкалола Оля брата.

— Сціхнеш ты нарэшце ці не? — крыкнуў на сястру Алік і падаўся ў спальню.

Сон у гэты вечар доўга не прыходзіў да хлопчыка. Думкі аб заўтрашнім спаборніцтве, крыўда на Юрку не давалі яму спакою. Ён доўга варочаўся на ложку, уздыхаў і заснуў толькі пасля таго, як гадзіннік у сталовай адлічыў два звонкія ўдары. Уночы Аліку снілася, што ён згубіў свае лыжы, доўга шукаў іх і што лыжы схаваў ад яго Юрка. Алік крычаў на яго, схапіўся з ім біцца. У гэты момант ён якраз і пачуў голас сястры.

— Уставай, уставай, а то спознішся,— гаварыла Оля, сцягваючы з брата коўдру.

Алік падхапіўся з ложка і хацеў быў ужо накінуцца на сястру за тое, што яна не дала яму даглядзець да канца сон, але замест гэтага радасна і здзіўлена закрычаў:

— Олечка, што гэта?!

Оля трымала ў руках амаль зусім новыя, адпаліраваныя да бляску лыжы і весела ўсміхалася брату.

— Хіба не пазнаеш? — спытала яна і гарэзліва падміргнула.

— Адкуль ты ўзяла іх? — не верыў сваім вачам Алік.

— Шмат будзеш ведаць — хутка старым станеш,— адказала Оля любімымі слоўцамі брата.— Глядзі на гадзіннік, а то спознішся.

— Ой, і праўда!—усклікнуў Алік і пачаў хутка апранацца.

На месца спаборніцтваў Алік прыбег якраз у той момант, калі прагучала каманда: «Падрыхтавацца!» Ён выпрастаўся на ўвесь рост, гатовы ў любы момант сарвацца з месца і кінуцца ў белы, заліты сонцам прастор. Пачуўся голас стартэра: «Марш!» Алік узмахнуў палкамі, адштурхнуўся і памчаўся наперад.

Алік ляцеў, нібы птушка, па снежнаму полю, пакідаючы за сабой лёгкае белае воблачка. Марозны ветрык пашчыпваў шчокі і нос, лёгкія паслухмяныя лыжы весела шалясцелі па снезе.

Вось, нарэшце, і самы цяжкі, самы адказны кавалак трасы — стромкі схіл. «Трымайся, брат, трымайся!» — падбадзёрвае сам сябе Алік, і сэрца яго б'ецца моцна і часта.

Алік ужо быў амаль на сярэдзіне схілу, калі міма яго куляй праляцеў лыжнік. Гэта быў Юрка.

— Абагнаць, абавязкова абагнаць!—усхвалявана прашаптаў Алік і рвануўся наперад.

Усё бліжэй і бліжэй сіні світэр Юркі. Алік ужо чуе яго перарывістае дыханне. Яшчэ хвіліна, і ён дагоніць. І раптам... Што гэта? На павароце Юрку раптам кінула ўбок, ён упаў і пакаціўся ўніз па схілу. Цяпер перад Алікам куляўся аблеплены снегам ком. Вось ён ужо зусім блізка, усяго некалькі метраў падзяляе хлопчыкаў. «Лявей, лявей!» — камандуе сам сабе Алік, і сэрца яго калоціцца так моцна, што, здаецца, вось-вось вырвецца з грудзей.

Абмінуўшы нарэшце Юрку, Алік з палёгкай уздыхнуў і зірнуў наперад.

Усё бліжэй і бліжэй чырвонае палотнішча фінішу і шумлівы натоўп рабят.

— Алік! Ура Аліку! — чуе ён звонкія галасы сяброў. Яны бягуць яму насустрач, абнімаюць, віншуюць з перамогай. Крыху воддаль ён бачыць сваю сястру, а побач з ёю захутаную ў цёплую хустку Веру.

«Дык вось чые гэта лыжы»,— мільгае ў галаве Аліка. Ён падыходзіць да дзяўчынак і весела, па-сяброўску гаворыць:

— Твае лыжы, Вера, вельмі шчаслівыя, дзякую табе за іх.

Вера смяецца. Яна цяпер упэўнена, што Алік больш ніколі не будзе глядзець на яе звысоку, што яго недарэчнай варожасці да дзяўчынак прыйшоў канец.

Але дзе ж Юрка? Пра яго ўсе забыліся. Алік азіраецца і бачыць, як Юрка, злёгку накульгваючы, паволі ідзе з-пад гары. Алік вырываецца з гаманлівага натоўпу рабят і спяшаецца насустрач сябру.

— Што з нагой? — пытаецца ён у Юркі.

— Ды нічога, ударыў крыху,— апусціўшы вочы, гаворыць Юрка.

— Баліць? — спачувальна пытае Алік.

— Баліць.

— Абапрыся на мяне. Вось так,— гаворыць Алік, беручы Юрку пад локаць і стараючыся ступаць з ім у нагу. Нейкі час яны ідуць моўчкі. Першым парушае маўчанне Юрка.

— Ты даруй мне, Алік...— гаворыць ён, і голас яго дрыжыць і зрываецца.

— Глупства,— абыякава кідае Алік і праз хвіліну пачынае расказваць сябру нешта вельмі смешнае.


1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 174-178
Крыніца: скан