epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Пачатак сяброўства

— Вось вам новенькая,— сказала Вера Паўлаўна, уваходзячы ў клас.

Новенькая ў канцы лютага?!. Па партах праляцеў лёгкі шэпт здзіўлення, і трыццаць пар цікаўных вачэй нацэліліся на тонкую бялявую дзяўчынку ў сінім пушыстым світэры.

Але дзяўчынка не пачырванела, не апусціла вачэй. На твары яе не было і следу збянтэжанасці і разгубленасці, як гэта бывае звычайна з усімі новенькімі. Наадварот, яна глядзела на нас смела, нават крыху насмешліва, нібы хацела сказаць: «А я вас ніколечкі не баюся, можаце пазіраць на мяне, колькі вам хочацца».

— Завуць яе Люда Арловіч. Яна выдатніца,— дадала настаўніца.

— Адразу відаць, што задавака,— парашыў чамусьці мой сусед па парце Віця Савіч. Словы «выдатнік», «выдатніца» заўсёды вельмі злавалі яго, і гэта, мабыць, таму, што сам ён ніколі не атрымліваў пяцёрак.

— Чаму задавака? — спытаў я паціху.

— Бачыш, як глядзіць. Нібы яна Гулівер, а мы ліліпуты.

— Паглядзім яшчэ, якая яна выдатніца,— надзьмуўшыся, прашаптала сваёй суседцы Оля Голуб. Оля не магла ўявіць сабе, каб хто-небудзь у класе вучыўся лепш за яе.

Тым часам Вера Паўлаўна прабегла вачыма па партах і, звярнуўшыся да Любы Захарэвіч, сказала:

— Люба, табе прыйдзецца перасесці да Соні Верас, а на тваё месца сядзе новенькая. Яна не зусім добра бачыць.

— А хіба я вінавата, што нехта дрэнна бачыць,— прабурчала Люба.— Мы з Алай сябруем з трэцяга класа...

— Люба!..— дакорліва прамовіла Вера Паўлаўна.— Гэта так сустракаюць новых сяброў?

Люба пачала збіраць свае кнігі і, скоса пазіраючы на новенькую, усё яшчэ бурчала нешта сабе пад нос.

— Прапалі мы!..— штурхануў мяне ў бок Віця.

— Чаму? — здзіўлена спытаў я.

— Чаму, чаму? А хто цяпер будзе падказваць?

Трэба шчыра прызнацца, што наш шосты «Б» не карыстаўся ў школе добрай славай. Большасць вучняў у нас — хлопчыкі, народ неспакойны і менш старанны, чым дзяўчынкі. Асабліва не ладзілася ў нас з матэматыкай, і каб не Люба Захарэвіч, то шмат каму не раз прыйшлося б вельмі туга. Справа ў тым, што Люба ўмела добра падказваць, і для многіх гэта быў паратунак, што іменна яна, а не хто іншы сядзіць на першай парце, перад самай дошкай.

Новенькая заняла сваё месца і, не звяртаючы ніякай увагі на калючыя позіркі суседкі, пачала па-гаспадарску ўладкоўвацца за партай.

Вера Паўлаўна адзначыла ў класным журнале адсутных і выклікала Віцю. Віця разгубіўся, пачырванеў і падаўся да дошкі. Глянуўшы на новенькую, ён цяжка ўздыхнуў і ўзяўся за крэйду.

Вера Паўлаўна прадыктавала задачу. Віця паўтарыў яе, запісаў на дошцы патрэбныя лічбы і паспрабаваў рашаць. Ён некалькі разоў нешта запісваў, сціраў, зноў запісваў і скончыў тым, што ўтаропіўся ў дошку няўцямлівым позіркам.

— Ну што? — павярнулася ад стала Вера Паўлаўна.— Не ведаеш, з чаго пачаць? Хто з вас, сябры, можа дапамагчы Віцю? — спытала настаўніца.

— Я магу,— пачуўся голас Люды Арловіч.

Адкінуўшы назад свае доўгія бялявыя косы і паправіўшы світэр, новенькая накіравалася да дошкі.

— Падліза,— прашаптаў ёй услед Міша Паўловіч.— На чужой бядзе хоча пяцёрку зарабіць.

Люда тым часам падышла да Віці, узяла з яго рук крэйду і пачала спакойна рашаць задачу.

— Хопіць,— усміхаючыся, сказала Вера Паўлаўна, калі Люда скончыла першае дзеянне і збіралася прыступіць да другога,— далей прадоўжыць сам Віця.

Але і на гэты раз Віця аказаўся бездапаможным, і Вера Паўлаўна вымушана была пасадзіць яго на месца. Праходзячы каля Люды, Віця злосна тузануў яе за касу. Новенькая акінула яго зняважлівым позіркам.

— Ну, а цяпер мы папросім суседа Віці,— глянуўшы на мяне з-пад акуляраў, сказала Вера Паўлаўна.

Я пакорна пакрочыў да дошкі.

Калі гаварыць праўду, у матэматыцы я адчуваў сябе не дужа моцна. Ідучы да дошкі, я часта больш спадзяваўся на Любу Захарэвіч, чым на свае веды. Цяпер на месцы Любы сядзела новенькая, якая, відаць, зусім не збіралася ратаваць мяне ад двойкі.

«Паспрабую ўсё ж»,— вырашыў я і, выбраўшы хвіліну, калі Арловіч нарэшце глянула на мяне, недвухсэнсоўна падміргнуў ёй. Але яна адвяла вочы, нібы нічога не разумеючы, і пачала пісаць нешта ў сшытку. Абураны гэтым халодным раўнадушшам новенькай, я закіпеў ад злосці і зусім перастаў разважаць. Калі б у той момант настаўніца запытала ў мяне, колькі будзе пяццю пяць, я не адказаў бы нават на такое пытанне.

— Ну што ж, ідзі на месца,— пачуў я дакорлівы голас Веры Паўлаўны.— Раю табе і Віцю менш захапляцца боксам і больш сур'ёзна заняцца матэматыкай,— дадала яна і, паставіўшы ў маім дзённіку двойку, зноў звярнулася да Арловіч: — Люда, ты, здаецца, ужо скончыла? Раскажы рабятам, як ты рашыла задачу.

Новенькая ўстала і пачала адказваць.

Як я ненавідзеў яе тады! Ды хіба толькі я адзін?

Нарэшце празвінеў званок. І не паспела Вера Паўлаўна схавацца за дзвярыма, як у класе загуло, зашумела:

— Задавака!

— Сядзіць ля самай дошкі і маўчыць як рыба.

— Рабяты, можа, яна нямая?

— Не будзем з ёю дружыць,— заявіў Міша Паўловіч.

— Ты будзеш падказваць ці не? — грозна закрычаў над самым вухам дзяўчынкі Віця.

— Не буду! — смела адказала Люда.— Не буду! — паўтарыла яна.

Ну пачакай жа!

З гэтага дня мы стараліся на кожным кроку паказаць Людзе сваю варожасць. Але яна, здавалася, зусім не звяртала на нас увагі. Застаўшыся на перапынку адна, яна або чытала кніжку, або, калі было цёплае надвор'е, выходзіла на школьны двор.

Усе настаўнікі, нібы згаварыўшыся, хвалілі новенькую і ставілі яе нам у прыклад, чым яшчэ больш распальвалі нашу злосць.

— Ведаеце, што я прыдумаў?..— хітра падміргваючы мне і Віцю, сказаў неяк раз Міша Паўловіч, атрымаўшы чарговую двойку.

Ён адвёў нас у куток і раскрыў свой план наступлення на Люду Арловіч.

— Пакляніцеся, што ні адна душа не будзе ведаць аб гэтым,— пранізваючы нас позіркам, сказаў Міша.

— Клянёмся! — не разважаючы ні хвіліны, у адзін голас адказалі мы.

І наступленне пачалося.

Назаўтра была кантрольная дыктоўка. Настаўнік раздаў сшыткі і пачаў дыктаваць. Мы запісалі сказ і скоса зірнулі на Люду. Яна важдалася са сваім пяром і вельмі хвалявалася.

— Чаму ты не пішаш, Арловіч? — спытаў Віктар Платонавіч.

— У мяне з пяром нешта здарылася, не піша яно...— чырванеючы, адказала Люда.

— А ну, пакажы.

Праз хвіліну настаўнік вярнуў ёй ручку і сказаў:

— Ручку трэба трымаць у пенале, а не разам з бутэрбродамі. Ты запэцкала пяро ў масла.

— Я і трымаю яе ў пенале,— яшчэ больш пачырванеўшы, адказала Люда.

— У каго ёсць лішняе пяро? — звярнуўся да нас Віктар Платонавіч.

Наташа Ваўчок памкнулася падняць руку, але Міша тузануў яе ззаду за касу, і ў дзяўчынкі адразу адпала ахвота выручаць Люду.

Так і прасядзела новенькая да самага званка.

Мы радаваліся: першая наша помста ўдалася.

На другі дзень у Люды Арловіч зноў здарылася непрыемнасць: хтосьці разліў у яе парце чарніла, і Люда запэцкала ўсе свае кнігі.

І так амаль кожны дзень з Людай Арловіч здаралася што-небудзь незвычайнае. Але яна нікому не жалілася і трымала сябе па-ранейшаму: выдатна рыхтавалася да ўрокаў і быццам не заўважала нашай непрыязнасці.

«Няўжо ёй не сумна адной? — думаў я.— Няўжо не хочацца пагуляць разам з усімі?»

Не ведаю, як доўга працягвалася б наступленне нашай тройкі на Люду, каб з Віцем не здарылася бяда.

Неяк у пачатку апошняй чвэрці Віця зламаў нагу і вымушаны быў надоўга развітацца са школай. Узнікла сур?ёзная небяспека, што са сваімі поспехамі па матэматыцы яму давядзецца застацца на другі год.

— Рабяты, хто з вас будзе займацца з Віцем па алгебры і геаметрыі? Можа, ты, Оля? — звярнулася аднойчы да нас Вера Паўлаўна.

— Я займаюся з Наташай Ваўчок,— адказала Оля.

— Я дапамагу Віцю,— пачуўся раптам голас Люды.

Я быў бы менш здзіўлены, калі б у класе разарвалася бомба. І не толькі я: усе глядзелі на Люду, не верачы сваім вушам.

— Добра, Люда,— сказала Вера Паўлаўна.— Сёння пасля ўрокаў мы сходзім да Віці разам.

Я ледзь дачакаўся вечара, каб хутчэй пабегчы да сябра і даведацца, ці была ў яго Люда.

— Ведаеш, як яна добра растлумачыла мне задачу! — з захапленнем расказваў Віця.— Я амаль адразу рашыў.

— Ты, мабыць, здзівіўся, калі яна прыйшла да цябе?

— Вядома! Але яна так проста, па-свойску, узялася за ўрокі, што я і адумацца не паспеў, як пасябраваў з ёю. І ведаеш, што яна сказала мне?

— Што?

— Яна сказала: «Я ведала, што гэта ты з Мішам і Толем сапсавалі мне пяро і залілі чарнілам «Тайну двух акіянаў». Я ведаю, што вы ненавідзіце мяне».

— Дык чаму ж яна маўчала? — не вытрымаў я.

— Вось, вось! — расказваў далей Віця.— І я аб гэтым у яе адразу спытаў, а яна кажа: «Каб я скардзілася на вас, вы б яшчэ больш не любілі мяне, а мне і так было вельмі цяжка».

Хутка я і Міша таксама пасябравалі з Людай. Мы прыходзілі да Віці, і ўсе разам рыхтавалі ўрокі.

— А чаму ты не хацела падказваць нам? — спытаў неяк у Люды Міша.

— Чаму? — Люда пачырванела, апусціла вочы і пачала перабіраць кончыкі піянерскага гальштука.— Мая мама была настаўніцай,— неяк вельмі ціха загаварыла Люда.— Яна вельмі любіла школу, дзяцей. Але я ніколі не забуду, як маму абурала і крыўдзіла, калі хто-небудзь з вучняў спрабаваў ашукаць яе. Я вельмі любіла маму і дала ёй слова, што заўсёды буду паважаць сваіх настаўнікаў і сяброў.

— А дзе твая мама? — спытаў я.

— Яна памерла...— прашаптала Люда.

— Даўно... памерла?

— Зімой... Тады вось я і прыехала сюды да бабулі.

— А таты ў цябе таксама няма? — асцярожна спытаў Міша.

— І таты няма. Ён загінуў пад Берлінам, калі мне было ўсяго тры месяцы. Ён лётчыкам быў...

Ад гэтых слоў Люды ўсім нам зрабілася не па сабе. Нам было вельмі шкада Люду і сорамна за сябе, за тое, што мы былі такімі жорсткімі і несправядлівымі да яе.

— А бабулька ў цябе добрая? Яна не крыўдзіць цябе? — парушыў раптам няёмкае маўчанне Віця.

— Крыўдзіць? Не, бабулька ў мяне вельмі добрая, толькі яна часта хварэе,— адказала Люда.

Пазней мы даведаліся, што Люда выконвае дома амаль усю хатнюю работу. Яна прыбірае кватэру, носіць ваду, а калі бабулька адчувае сябе зусім дрэнна, Люда нават паліць у печы і гатуе абед.

З гэтага дня мы пакляліся быць вернымі сябрамі Люды і ва ўсім дапамагаць ёй.

— Мы табе і ваду насіць будзем, і дроў насячэм, і ў магазін збегаем, і ў печы выпаліць дапаможам,— запэўніў дзяўчынку Віця.

— Ты толькі загадвай, гавары нам, што трэба рабіць, і мы заўсёды зробім,— дадаў Міша.

Адзін перад адным мы стараліся цяпер загладзіць сваю віну перад Людай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 167-173
Крыніца: скан