epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Сустрэча з морам

Мора
Дзядуля
Шукальнікі скарбаў
Таямніца горнай пячоры
Андрэйка зусім не «скупы рыцар»
Пасля шторму
Юркава знаходка
Аўрал
У гарах
Падарунак Нептуна
Як Юрка з Паўлікам шпіёна лавілі
Вінаград паспеў
Гарачы дзянёк


 

Мора

 

Дык вось яно якое — мора! Паўлік стаіць на высокім крутым беразе і зачаравана глядзіць на шырокі марскі прастор.

А яно і зусім не чорнае, гэтае мора. Яно рознае. Ля самага берага зеленавата-шэрае, крыху далей — ліловае, а на сярэдзіне і аж да самага гарызонта — серабрыста-сіняе.

А хвалі! Яны пачынаюцца далёка-далёка, там, дзе мора зліваецца з небам, і спяшаюцца, бягуць адна за адной сюды, да падножжа гэтых высокіх гор, каб з шумам разбіцца аб камяністы бераг і закончыць нарэшце свой доўгі неспакойны шлях.

Паўлік гатоў увесь дзень стаяць на беразе і любавацца морам.

Колькі прастору навокал, колькі сонца! На нейкі момант хлопчыку здаецца, што за плячыма ў яго раптам выраслі вялікія дужыя крылы, і ён стрымгалоў кідаецца ўніз па вузкай камяністай сцежцы. Сэрца яго моцна калоціцца. Паўліку крыху страшнавата і ад гэтай вышыні, і ад бегу. Кожную хвіліну ён можа спатыкнуцца і паляцець уніз з камяністай кручы.

І вось ён ужо ўнізе, на мокрай, адшліфаванай прыбоем гальцы. Ногі злёгку дрыжаць, галава кружыцца. Але затое як радасна, як прыемна адчуваць сваю сілу і смеласць! Шчаслівая ўсмешка — усмешка пераможцы свеціцца на яго ўсхваляваным твары, калі ён, закінуўшы назад галаву, глядзіць на высокую камяністую кручу.

Паўлік стомлена апускаецца ля самай вады, так, каб хвалі, набягаючы на бераг, абмывалі яго падрапаныя да крыві ногі, і падстаўляе разгарачаны твар салёным пырскам. І здаецца хлопчыку, што, апрача яго і мора, нічога не існуе зараз на зямлі.

— Мама, глядзі, які прыгожы каменьчык! — раптам чуе ён нечы радасны вокліч.

Паўлік аглядаецца. Непадалёк ад яго стаіць дзяўчынка, а побач з ёю жанчына пад вялікім стракатым парасонам.

— А вось яшчэ адзін! А вунь яшчэ! — радуючыся сваім знаходкам, весела ўскліквае дзяўчынка.

— Тут іх багата, дачушка. На ўсім Чарнаморскім узбярэжжы не знойдзеш такіх прыгожых каменьчыкаў, як тут,— гаворыць жанчына.— І ўсё гэта дары магутнага Карадага.

— А хто такі Карадаг, мама? — пытае дзяўчынка.

— Бачыш злева над морам вунь тую вялізную гару, што падобна на галаву каменнага асілка? Гэта і ёсць Карадаг.

З хвіліну яны стаяць моўчкі і пазіраюць на дзівосныя абрысы скал, што ўзняліся з мора магутнымі цёмнымі волатамі.

А каменьчыкі і сапраўды прыгожыя. Такіх Паўлік яшчэ ніколі не бачыў. Нібы нейкі казачны чараўнік размаляваў іх сваімі яркімі дзівоснымі фарбамі. Белыя як снег, зялёныя, карычневыя, нібы каштаны, празрыстыя, як кроплі расы, сінія з чырвонымі паяскамі, чорныя з белымі разводамі і кропачкамі...

«Назбіраю і завязу дадому»,— падумаў Паўлік і паволі пакрочыў берагам мора, прыглядаючыся да каменьчыкаў і падбіраючы тыя, якія найбольш падабаліся яму.

— Далей ні кроку! Тут мой бераг, тут я збіраю каменьчыкі! — прагучаў раптам чыйсьці голас.

Паўлік выпрастаўся. Перад ім стаяў тоўсты ружовашчокі хлапчук у белай панаме. Зеленаватыя прыжмураныя вочы яго глядзелі варожа і пагардліва.

— А табе што — каменьчыкаў мала? — здзіўлена спытаў Паўлік.— Паглядзі, колькі іх навокал.

— Ну адчальвай, адчальвай, пакуль не пазнаёміўся з маімі кулакамі! Тут мой бераг, чуеш? Адным словам, поўны назад! — падступаючы да Паўліка, сказаў хлапчук.

Паўлік хацеў быў ужо выканаць яго загад, як нечакана пачуўся другі, на дзіва спакойны і цвёрды голас:

— Гэй ты, белая панама, схавай свае кулакі! Я ўжо даўно да цябе дабіраюся, даўно сачу за табою.

Паўлік азірнуўся. На камені, што вытыркаўся каля берага з вады, стаяў чарнявы хлапчук. Ён, відаць, толькі што пакупаўся, бо яго карычневая, загарэлая скура блішчала на сонцы як адпаліраваная, а з мокрага чорнага чуба, які звісаў на самыя вочы, сцякала струменьчыкамі вада. Хлапчук лёгка саскочыў з каменя і, адкінуўшы назад валасы, звярнуўся да таўстуна ў белай панаме:

— «Мой бераг!», «Мае каменьчыкі!». Ды адкуль ты такі ўзяўся?

— З Масквы,— ганарыста адказаў той. Аднак, глянуўшы на каржакаватую, нібы адлітую з бронзы, постаць чарнявага, на ўсякі выпадак зрабіў крок назад.

— Можа, і Масква твая, і мора тваё, і неба? Ну, чаго маўчыш?

Таўстун надзьмуўся і пачаў корпаць нагой мокрыя каменьчыкі.

— Эх ты, перажытак капіталізму! — зняважліва прамовіў чарнявы і, паклаўшы далонь на плячо Паўліка, сказаў: — Хадзем купацца! А гэты «скупы рыцар» няхай сядзіць тут ды сцеражэ свае каменні... Як цябе завуць? — запытаў ён праз хвіліну.

— Паўлік.

— А мяне Міколка. Я жыву пад тымі таполямі,— паказаў ён рукой на маленькі белы домік, што тануў у засені высокіх дрэў.

— А я на гары. Бачыш вунь той чырвоны чарапічны дах? Гэта дзедаў дом,— паведаміў у сваю чаргу Паўлік.

— Ды ты ўнук Антона Паўлавіча Залужнага?!

— Унук.

— Ну, тады давай знаёміцца па-сапраўднаму! — весела ўсклікнуў Міколка і з усяго маху пляснуў сваёй загарэлай рукой па даверліва працягнутай далоні Паўліка.— Мы цябе даўно чакаем. Мой атрад з дзядулем тваім моцна сябруе.

— А што гэта за атрад? — пацікавіўся Паўлік.

— Ну, як табе сказаць, каб карацей...— усміхнуўся Міколка.— Адным словам, было гэта ўвесну. Прыходзіць з работы мая сястра — яна на вінаградніку працуе — і такая вясёлая, усхваляваная. Нешта напявае, усміхаецца. Гляджу я на яе, дзіўлюся, а пасля і пытаю, з чаго гэта на яе такая весялосць раптам найшла. А яна схапіла мяне за чуб і кажа:

— Ой, Міколка, што ў нас сёння на вінаградніку было! Камсамольцы нашы вырашылі змагацца за званне брыгады камуністычнай працы, а мяне брыгадзірам сваім абралі.

Тут яна мне і расказала, што гэта за брыгада такая, для чаго яна створана і як павінны жыць і працаваць у ёй людзі. Паслухаў я яе, ды і думаю сам сабе: «А што, калі і мы ў сваім атрадзе такую брыгаду створым? Чым мы горшыя за камсамольцаў? Нам жа таксама трэба прывыкаць жыць і працаваць па-камуністычнаму». Расказаў я пра ўсё старшыні савета нашага атрада Марынцы Арэшка, і пабеглі мы разам з ёю да твайго дзядулі. Мы, як што якое, заўсёды да яго бяжым. Спадабалася яму наша задума. Доўга сядзелі мы ў той вечар, усё чыста абдумалі, абмеркавалі, а калі ўсё перагаварылі, пачалі думаць, як назваць сваю брыгаду. І Антон Паўлавіч параіў нам назваць яе атрадам дружных... Ну, а як мы жывём і чым займаемся, сам убачыш.

— А ў гэтым пасёлку ты даўно жывеш? — пацікавіўся Паўлік.

— Усе трынаццаць год,— сказаў Міколка.— А ты адкуль прыехаў?

— Я здалёку, з Беларусі. Чуў, можа, пра горад Салігорск? Не чуў? Салігорску нашаму ўсяго некалькі год. Гэта першы ў нашай рэспубліцы горад шахцёраў. Там соль калійную здабываюць. Мой татка таксама шахцёр. Я з ім ужо два разы ў шахту спускаўся,— пахваліўся Паўлік.

— А я далей свайго пасёлка ды Феадосіі яшчэ нідзе не быў,— уздыхнуў Міколка.

— Затое ў вас тут мора, горы вунь якія высачэзныя, вінаград расце,— заўважыў Паўлік.— Мой дзядуля кажа, што прыгажэйшай мясціны, як ваша, нідзе не знойдзеш. А ён, ведаеш, колькі свету аб’ездзіў, колькі гарадоў розных бачыў!

— Ды я што? Я люблю свой пасёлак, а толькі хочацца мне пабываць на будоўлях, на цаліне, на шахтах,— сказаў Міколка.— Ну, гайда купацца, а то ад спякоты ажно скура гарыць! — і ён кінуўся з разгону ў набягаўшую на бераг белагрывую хвалю.

Карычневая спіна Міколкі на момант знікла з вачэй, а праз хвіліну хлопчык вынырнуў ужо далёка ад берага. Падхоплены новай хваляй, ён весела закрычаў:

— Паўлік, даганяй!

Паўлік з зайздрасцю глядзеў на Міколку, дзівіўся яго спрыту і смеласці. Яму да слёз было крыўдна, што ён не ўмее плаваць, не ўмее так адважна барукацца з хвалямі.

— Гэй ты, белагаловы, давай мірыцца,— пачуўся ў яго за спіной знаёмы голас.

Паўлік азірнуўся і ўбачыў хлопчыка ў шыракаполай панаме.

— На, вазьмі, гэта табе не абы-што, а сардалік, самы міравецкі камень,— гаварыў той, працягваючы на далоні ружова-залацісты каменьчык.

Паўлік хацеў быў узяць яго, такі ён быў прыгожы, але ўспомніў пра непрыемную стычку з таўстуном і адвёў руку.

— Не трэба мне твайго каменьчыка. Яшчэ заплачаш пасля.— Паўлік нават зрабіў некалькі крокаў назад.

Хлопчык пачырванеў і сярдзіта прыжмурыў на Паўліка свае зялёныя вочы. Так яны стаялі з хвіліну адзін перад адным, надзьмутыя, насцярожаныя.

— Ах так! Ну дык глядзі, які я «скупы рыцар»! — усклікнуў раптам хлопчык у панаме і, размахнуўшыся, шпурнуў каменьчык у мора.— Я зусім...

Але Паўлік не пачуў слоў хлопчыка. Нешта цяжкае навалілася раптам на яго плечы, збіла з ног і пацягнула за сабой у мора. Паўлік спалохана закрычаў, замахаў рукамі і знік у вадзе.

— Ратуйце! — закрычаў хлопчык у белай панаме і кінуўся следам за Паўлікам у мора.

Ён паспеў схапіць Паўліка за руку, і новая хваля панесла іх да берага.

— Бяжым! Хутчэй! — цягнуў за сабой амаль непрытомнага ад жаху Паўліка хлопчык.

У гэты момант вынырнуў непадалёк ад берага Міколка. Ён схапіў Паўліка за другую руку.

Неўзабаве яны ўсе трое разам ляжалі на цёплай гальцы, і Паўлік вінавата ўсміхаўся сваім выратавальнікам.

— Каб не ён, я ніколі не выбраўся б з мора. Я ж зусім не ўмею плаваць,— нібы апраўдваўся Паўлік.

— Цяпер ты сапраўдны марак,— падміргнуў Міколка.— Салёнай вады наглытаўся! А плаваць ты ў мяне будзеш як міленькі... Ну, «тваё-маё»,— павярнуўся ён да хлопчыка ў панаме,— давай руку, будзем мірыцца. Ты, бачу я, не такі ўжо благі хлопец, як мне здалося.

— Не «тваё-маё», а Андрэйка,— паправіў хлопчык, падаючы Міколку руку.

— Міколка-а! —пачуўся з высокага берага звонкі голас.

— Іду-у! — склаўшы рупарам далоні, гукнуў Міколка.— Гэта наша Марынка,— растлумачыў ён сваім новым знаёмым.— Сёння мы ідзём на птушкаферму дапамагаць птушніцам.— І, лёгка падхапіўшыся, ён пабег у пасёлак.

А Паўлік з Андрэйкам яшчэ доўга сядзелі ля мора і гутарылі аб розных хлапечых справах.

 

Дзядуля

Белы домік дзядулі прыляпіўся да схілу крутой гары, якая нібы шчаціннем парасла рыжай калючай травой. Домік стаіць на высокім, складзеным з каменняў падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак, на зялёныя калгасныя вінаграднікі, на шэрую стужку шашы, на шырокі прастор шумлівага мора.

Вакол доміка зелянее невялічкі садок, у якім растуць абрыкосы, чарэшні і вінаград.

Доўгія галіны вінаграду з густым разложыстым лісцем паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты.

Гаспадарыць у садку дзядуля. Ён даглядае дрэўцы, абразае сухія галінкі, падвязвае маладыя парасткі вінаграду, сочыць, каб не завяліся ў садзе якія шкоднікі.

Вось і цяпер ён пахаджвае сярод вінаградных лоз і абразае лішняе голле, каб даць больш прастору і сонца тым галінкам, якія застануцца.

— А што, калі іх не абразаць, дзеду? — пытае Паўлік.— Чым больш галінак, тым больш вырасце вінаграду.

— Лепш менш, ды лепш,— адказвае дзядуля.— Калі мы не абрэжам лішнія галінкі, дык вінаград будзе дробны, нікуды не варты.

Працуючы ў садку, дзядуля звычайна размаўляе з раслінамі. Вось і зараз, аглядаючы вінаградныя лозы і падвязваючы маладыя парасткі, ён ласкава прыгаворвае:

— Цеснавата вам было, праўда? А цяпер будзе прастарней. Расціце сабе, налівайце салодкім сокам гронкі.

Паўліку дзіўна і весела ад гэтай дзедавай гамонкі. Ён усміхаецца і пытае:

— Дзеду, ты з імі, як з дзецьмі малымі, гаворыш. Хіба яны разумеюць цябе?

Дзядуля нейкую хвіліну маўчыць, глядзіць на Паўліка блакітнымі, нібы палінялымі ад сонца вачыма, а пасля кажа:

— Добрае, спагадлівае слова кожнага радуе. Яго ўсё жывое на зямлі разумее, унучак. І чым часцей ты будзеш дарыць яго людзям, тым радасней і табе самому будзе жыць на свеце. Вялікую сілу яно мае. «Добрае слова і жалезную браму адчыніць» — гаворыць прыказка.

Паўлік задумваецца і прыходзіць да пераканання, што дзядуля мае рацыю. Колькі разоў яму даводзілася на сваім уласным вопыце ўпэўніцца, што добрым ветлівым словам можна зрабіць куды больш, чым злосцю.

— Дзядуля, дай і я таксама буду галінкі абразаць,— прапануе ён дзеду.

— Абразаць галінкі трэба ўмеючы. Адкуль жа ты будзеш ведаць, якую галінку пакінуць, а якую абрэзаць. Для гэтага, унучак, практыка патрэбна,— гаворыць дзядуля.— Ты лепш вазьмі вядзерца ды прынясі вады.

Паўлік з радасцю згаджаецца і, схапіўшы вядро, бяжыць да калодзежа.

Цяжка ў пасёлку з вадой. Калодзежаў тут небагата, ды і ў тых часта ў спякотнае лета вада перасыхае.

Набраўшы вады, Паўлік ідзе па камяністай сцяжынцы.

Насустрач яму спяшаецца дзядуля.

— Ну давай цяпер я панясу,— гаворыць дзед.— Стаміўся, нябось?

— Не, дзядуля, я сам данясу,— кажа Паўлік, хоць адчувае, як дрыжаць з непрывычкі калені, як самлела рука.

— Ну, сам дык сам. Толькі перадыхні хвілінку ля гэтага каменя. Тут якраз палова дарогі ад нашых веснічак да калодзежа.

Паўлік стаўляе вядро і садзіцца на вялікі шэры камень.

— А чаму, дзядуля, ты не пабудаваў свой дом унізе, ля калодзежа? — пытае ён.— Не трэба было б так далёка ваду насіць.

— Унізе нецікава,— тлумачыць дзед.— Ад шашы пылу не абярэшся, прастору ніякага вачам няма. А тут, на гары, я сябе арлом адчуваю. Выйду на ганак, а перада мной мора плюскоча, ні яму ні канца ні краю, паветра — дыхай не надыхаешся. А што вада далекавата, дык гэта не вялікае гора. Старым касцям фізкультура на карысць... Ну як, адпачыў крыху?

Паўлік падхоплівае вядро. Цяпер яно ўжо не здаецца хлопчыку такім цяжкім, і ногі перасталі дрыжаць.

— Давай перш-наперш градкі нашы напоім,— гаворыць дзядуля, пераліваючы ваду ў палівачку.

Вось і градкі. Іх тут небагата. Гародніна на гэтай высушанай сонцам і салёнымі вятрамі зямлі не вельмі што расце. Крыху цыбулі, салаты, радыскі, бурачкоў на халаднічок, кропу ды пятрушкі для прыправы — вось і ўсё. Паўлік нахіляе над градкай палівачку і, сам таго не заўважаючы, пачынае прыгаворваць:

— Піце, піце, мае харошыя! Нябось, ужо зачакаліся вадзічкі?

Цурчыць вада, дробнымі пацеркамі зіхацяць на лісці срэбныя кропелькі. Расліны нібы дзякуюць хлопчыку за яго добрую ўсмешку, за ласкавае слова. А непадалёку стаіць дзядуля, глядзіць на Паўліка і хітравата ўсміхаецца ў свае сівыя пракураныя вусы.

Не адзін раз спускаўся Паўлік да калодзежа, не раз адпачываў ля вялікага шэрага каменя. Ён напаіў вадой кожную раслінку, кожнае дрэўца ў дзядулевым садзе. А калі прынёс апошняе вядро, дзядуля сказаў:

— Цяпер пойдзем пад бабульчына акно, пальём яе чабарок.

— Які чабарок? — здзівіўся Паўлік.

— Самы звычайны чабарок, той, што яна калісьці прывезла ў скрыначцы са свайго Палесся.

Апынуўшыся пад бабульчыным акном, Паўлік адразу пачуў знаёмы пах роднага лесу, і сэрца яго ахапіла невыказная пяшчотная радасць.

— Ой, ды тут не толькі чабарок! Тут і наш верасок ёсць!, — схіляючыся над зялёным духмяным дываном, усклікнуў Паўлік і ўзяўся шчодра паліваць бабульчыну плантацыю, як называў гэты куточак саду дзядуля.

— Бабка над гэтай сваёй плантацыяй,— гаварыў тым часам дзед,— дрыжыць, як над малым дзіцем. «Калі памру,— кажа,— дык мой чабарок разам з роднай зямелькай перанясеш на маю магілу...» Так ужо, відаць, павялося на свеце, што свой родны кут, свая зямліца чалавеку мілей за ўсё на свеце, па ёй ён заўсёды сумуе, да яе заўсёды сэрцам горнецца. Родная зямля, яна, унучак...

Не паспеў дзядуля закончыць сваёй думкі, як пачуўся голас бабулі:

— А чабарок мой не забыліся напаіць?

— Не забыліся, не забыліся! — весела гукнуў Паўлік.

Бабуля ўсміхаецца і ідзе на летнюю кухню гатаваць вячэру.

Скончыўшы работу, Паўлік з дзядулем мыюцца, а пасля сядзяць на высокім ганку, дыхаюць чыстай свежасцю вечара, водарам траў і кветак, слухаюць шум мора. Яго зараз не відаць. Яно злілося з цёмным вячэрнім небам і, нібы знямогшыся за дзень, прыціхла.

— Хадзіце вячэраць, мужчыны,— гаворыць бабуля.— Стаміўся, мабыць, дзіцятка? — пытае яна, кладучы на плячо Паўліка сваю цёплую мяккую далонь.

Плечы і рукі Паўліка і сапраўды ныюць ад непрывычнай работы, ногі баляць ад лазання па горных сцежках, але на сэрцы ў яго лёгка і радасна ад таго, што ён напаіў садок, ад ласкавых слоў бабулі, ад смачнай вячэры, ад харошай усмешкі дзеда.

— Глядзіце, Паўлік ніколі не еў з такім апетытам,— дзівіцца мама, пазіраючы, як Паўлік падчышчае ўсё, што кладзе на яго талерку бабуля.

Паўлік усміхаецца, а дзядуля падміргвае яму і гаворыць:

— Што ж тут дзіўнага? Папрацаваў чалавек, а цяпер сілу сваю патрачаную набірае. Еш, хлопча, еш, наперадзе ў нас з табой яшчэ нямала работы.

Пасля вячэры мама з бабуляй прыбіраюць са стала, а Паўлік з дзядулем зноў сядзяць на ганку.

— Заўтра павязу цябе да рыбакоў,— кажа дзядуля, пыхкаючы люлькай.

Паўлік аж падскаквае ад радасці, пачуўшы гэтую навіну. Пабываць у гасцях у чарнаморскіх рыбакоў, пакатацца на катэры па моры — Паўлік даўно марыў аб такім цікавым падарожжы.

— Хутчэй бы тое заўтра! — уздыхае Паўлік.

— Ну што ж, і на гэтую бяду ёсць лекі,— гаворыць дзядуля.— Пойдзем зараз спаць, вось тое заўтра хутчэй і прыйдзе.

Дзядуля выбівае люльку, хавае яе ў кішэню, і яны ідуць у дом.

Пасцель ужо гатова. Яна вабіць Паўліка свежымі прасцінамі, узбітай клапатлівымі бабульчынымі рукамі падушкай, сваёй жаданай утульнасцю. Паўлік з асалодай выцягваецца на ложку. Цела прыемна ные, у памяці паўстаюць здарэнні перажытага дня, да слыху даносіцца далёкі, прыцішаны шум мора.

 

Шукальнікі скарбаў

Спёка стаіць страшэнная. Лісце на дрэвах прывяла. Зямля высахла і патрэскалася. Яна такая гарачая, што басанож ступіць нельга. Куры бабульчыны пахаваліся ў цянёк і сядзяць там, разявіўшы дзюбы і растапырыўшы крылы. Бобік забіўся пад ганак, высунуў ружовы язык і дыхае часта-часта.

А барометр усё пнецца ўгору. Яму ніякай справы няма да таго, што людзі чакаюць дажджу, што кожная раслінка пакутуе ад смагі. На небе ні хмурынкі, ні воблачка. Яно распалілася дабяла і дыхае гарачынёй з ранку да вечара. А цішыня стаіць такая, што нават лісток ніводзін не зварухнецца.

— Паўлік, хадзем купацца! — высоўваючыся з-за нізкай, складзенай з каменняў агароджы, кліча Міколка.

Паўлік з радасцю прымае прапанову, і праз хвіліну сябры ўжо спускаюцца па вузкай сцяжынцы ўніз, туды, дзе, ззяючы ў сонечным бляску, плюскоча мора. Сёння і яно разамлела ад гарачыні: хвалі ляніва б’юцца аб бераг, перабіраючы яркія рознакаляровыя каменьчыкі.

— Цёплая,— акунуўшыся ў ваду, расчаравана гаворыць Міколка. Ён заходзіць крыху глыбей і вядзе за сабой Паўліка, які, навучаны сумным вопытам, цяпер не вельмі давярае мору.

У вадзе ўсё ж добра. Яна змывае з цела гарачыню і зморанасць. Хлопчыкі падстаўляюць спіны набягаючым хвалям, смяюцца, дурэюць. Накупаўшыся ўволю, вылазяць з вады і бягуць у цянёк пад скалу, што навісла над берагам. Каменьчыкі тут не такія гарачыя і ў галаву не пячэ. Некаторы час яны сядзяць моўчкі. Першым парушае маўчанне Паўлік. Гледзячы на шырокі марскі прастор, ён гаворыць:

— Столькі вады, а ўсё навокал гіне ад сушы. Няўжо нельга нічога прыдумаць, каб зрабіць гэтую ваду такой, як рачная? На параходах жа марскую ваду робяць прэснай.

— Колькі там тае вады трэба параходу,— махае рукой Міколка.— А каб напаіць усе сады і вінаграднікі нашы, яе, ведаеш, колькі патрэбна?

— Гэта правільна,— згаджаецца Паўлік.— Але ж нешта трэба рабіць, каб мора дапамагала людзям вырошчваць вінаград. Я ўпэўнены, што калі нашы вучоныя добра падумаюць над гэтым, дык абавязкова што-небудзь знойдуць.

— Я і сам пра гэта часта думаю,— гаворыць Міколка.— Дай толькі мне скончыць школу, дык я, вось пабачыш, што-небудзь вынайду. Пабудую такія спецыяльныя помпы, якія будуць ачышчаць марскую ваду і гнаць яе па трубах проста ў пасёлак. Тады, ведаеш, якія тут будуць сады ды агароды!

Вочы Міколкі летуценна свецяцца, нібы ён ужо бачыць на яве ўсё тое, аб чым марыць. Паўлік глядзіць на ўпартую зморшчынку, якая пралегла між густых чорных броваў сябра, і верыць, што Міколка сапраўды напоіць некалі ўволю гэтую высушаную сонцам і салёнымі вятрамі зямлю і зробіць яе ўрадлівай і багатай.

«Харошы гэты Міколка,— думае Паўлік.— ён ніколі не пакеплівае, не зазнаецца і не задзіраецца. Добра мець такога слаўнага сябра!» Усё ў Міколку падабаецца Паўліку. І чорны ў завіточках чуб, і вясёлыя, бліскучыя, нібы абмытыя дажджом спелыя вішні, вочы, і шчырая ўсмешка, і ямачка на падбародку, і нават цёмная радзімка на шчацэ ля правага вуха. Паўлік побач з ім нібы кволая трысцінка. У яго нават сапраўдных мускулаў на руках няма, а ў Міколкі яны вунь якімі тугімі гузакамі пад скурай ходзяць.

— Ты што гэта так глядзіш на мяне? — смяецца Міколка.

— Мускулы ў цябе...— збянтэжана гаворыць Паўлік.

— Гэта ад работы. Бацькі ў мяне няма, памёр. Дома маці ды сястра. Вось я ўсю мужчынскую работу і ўзяў на сябе. Адной вады на агарод колькі трэба перацягаць за лета. Вось яны і дужэюць,— гаворыць Міколка, напружваючы і згінаючы ў локці чорную ад загару руку.— Бачыш, якія цвёрдыя. Памацай.

Паўлік націскае пальцам на Міколкаў біцэпс. Ён і сапраўды нібы са сталі адліты. «Вось бы мне такія!» — уздыхае Паўлік, крадком мацаючы сваю правую руку. «Кісель, а не мускулы»,— засмучана думае Паўлік.

А сонца не стаіць на месцы. Яно падбіраецца і сюды, пад скалу.

Хлопчыкі зашываюцца яшчэ глыбей, але сонца хутка знаходзіць іх і там.

— Каб падкапацца глыбей пад скалу, зрабіць пячору, тады б у любую спякоту можна было ля мора сядзець,— гаворыць Паўлік.— І гульні тут можна было б розныя наладжваць, у партызан ці ў пагранічнікаў. Праўда?

— Гэта ты добра прыдумаў. Толькі ж у такую спякоту шмат не накапаеш,— заўважае Міколка.

— А мы пад вечар прыйдзем. Дык што, дамовіліся?

— Дамовіліся,— адказвае Міколка.— А цяпер пакупаемся і ў пасёлак. Хутка маці з сястрой на абед прыйдуць, а мне трэба яшчэ сёе-тое зрабіць.

Дзядуля сустракае Паўліка ля веснічак.

— Дзе гэта ты, хлопча, у такую спёку бегаеш? — пытае ён.

— З Міколкам купацца хадзіў —Паўліку не церпіцца хутчэй падзяліцца з дзедам сваёй задумай.— Мы з ім пад скалой на беразе будзем пячору капаць. Ты дасі мне, дзеду, сваю малую рыдлёўку, добра?

— Добра, добра,— усміхаецца дзед.— А цяпер бяжы да бабулі, яна цябе хоча нечым пачаставаць, ды пойдзем у цянёк, адпачнём перад абедам.

Выпіўшы кубак смачнага халоднага кампоту, Паўлік ідзе пад зялёны шацёр вінаградных лоз, дзе стаяць выгодныя плеценыя крэслы-качалкі. Дзядуля ўжо там. Ён набівае тытунём люльку і аб нечым думае. Паўлік чакае, пакуль дзядуля закурыць. Кожны раз перад тым як расказаць што-небудзь унуку, дзядуля бярэцца за сваю старэнькую люльку, і Паўліку часам здаецца, што ў ёй, у гэтай маленькай пракуранай люльцы, схаваны ўсе цікавыя гісторыі.

Так і ёсць. Раскурыўшы люльку, дзядуля нейкую хвіліну маўчыць, пасля ўсміхаецца і пачынае:

— Пячору, кажаш, капаць надумалі, у партызан гуляць будзеце. Я таксама, калі быў вось такім хлапчуком, як ты, любіў выдумляць розныя гульні. Адзін час мы ўсё скарбаў шукалі. Гэта было тады, як паны пасля рэвалюцыі з маёнтка свайго ўцяклі. Помню, як зараз, прыбег аднойчы да мяне мой сябрук Янка Канцавы ды кажа:

— Ведаеш, Антоська, не можа таго быць, каб паны, уцякаючы, усё дабро з сабою забралі. Праваліцца мне на гэтым месцы, калі яны не закапалі дзе-небудзь скрыню з золатам ды з іншымі дарагімі рэчамі. Давай пашукаем. А як знойдзем, аддадзім усё нашым вяскоўцам. Пра нас тады, ведаеш, якая слава пойдзе, ого!

Вельмі спадабалася мне Янкава прапанова.

— Хутчэй за ўсё скарбы схаваны ў парку,— гаварыў Янка.— Там і пачнём пошукі. Заўтра ўранні пойдзем у парк, агледзім яго добра, а калі заўважым што-небудзь падазронае, ноччу пачнём капаць.

Так мы і зрабілі. Цалюткі дзень шныпарылі па парку, прыглядаліся ды прынюхваліся да кожнага, на нашу думку, падазронага месца. А пасля не адну ноч хадзілі на раскопкі, не адзін мазоль на далонях нацерлі, а скарбу як няма, так і няма. І вось аднойчы, калі ўжо амаль зусім страцілі надзею на поспех, убачылі мы сярод ночы чалавека, які выходзіў з каплічкі, у якой былі пахаваны дзяды і прадзеды паноў Прылуцкіх. Схаваўшыся за дрэва, мы счакалі, пакуль начны госць крыху адыдзецца, а пасля крадком рушылі следам за ім у канец парку. Мы ўжо дайшлі да пралому ў каменнай агароджы, як раптам пачулі ціхае ржанне каня.

— Гэта ж стаеннік маладога паніча, Віхор,— прашаптаў Янка, хапаючы мяне за руку.— Адкуль ён узяўся? Паны ж на ім у Польшчу ўцяклі?

Не паспелі мы падкрасціся бліжэй, каб як след разабрацца, у чым справа, як чалавек ускочыў у сядло і знік з нашых вачэй. Крыху ачухаліся мы і памчаліся да майго бацькі, якому было даручана ў той час вартаваць былы панскі маёнтак з усім яго дабром.

— Шкада, што ўцёк, бандзюга,— уздыхнуў бацька, калі мы расказалі яму пра ўсё.— Але дарма, вернецца яшчэ і нашых рук не міне. А вы, жэўжыкі, нікому пра гэта ні слова, чуеце? Час цяпер такі, што вуха трэба трымаць востра. Вакол нас ворагаў хоць гаць гаці. Яны толькі таго і чакаюць, каб на нас зноў хамут усцягнуць. А каплічку мы праверым, яна ад нас не ўцячэ. Галоўнае, каб таго начнога госця не правароніць.

Мы пакляліся бацьку, што будзем трымаць язык за зубамі, і пачалі штоночы сачыць за панскай каплічкай. Доўга не з’яўляўся наш госць. Але аднойчы, калі на дварэ ўсхадзілася навальніца і мы, забраўшыся ў старую альтанку, дрыжалі ад страху, зноў пачулася знаёмае ржанне. Неўзабаве не адзін, а ўжо два коннікі выраслі ў праломе агароджы. Прывязаўшы да дрэва коней і пастаяўшы крыху на месцы, яны накіраваліся да капліцы. Не чакаючы ні хвіліны, мы, нібы за намі гнаўся сам д’ябал, кінуліся ў палац, дзе ўсе гэтыя ночы дзяжурыў узброены атрад сялян. Неўзабаве капліца была акружана і начныя госці схоплены.

— І хто ж яны былі, дзеду? — не вытрымаў Паўлік, які ўвесь час слухаў, затаіўшы дыханне.

— Адзін з іх быў старэйшы сын пані Прылуцкай, а другі — атаман нейкай банды. А прыехалі яны, каб забраць зброю, якая была схавана ў капліцы.

— І шмат было там зброі?

— Ды нямала, унучак. Каштоўная гэта была знаходка. У гады грамадзянскай вайны кожны патрон на вагу золата быў, а там іх знайшлі некалькі скрынак, ды вінтовак з паўсотні... Мы з Янкам адчувалі тады сябе героямі. А ў падзяку за гэта нам прыслалі з горада дзве пары сапраўдных скураных чаравікаў, якіх мы дагэтуль і ў сне не бачылі, і па два фунты цукру...

— Тады кожны мог праславіцца, зрабіць які-небудзь подзвіг! — уздыхнуў Паўлік.

Дзядуля ўсміхнуўся і нічога не адказаў.

 

Таямніца горнай пячоры

Калі сонца павярнула на захад, Міколка і Паўлік зноў пайшлі да мора, капаць пячору. Пад скалой была даволі прыкметная западзіна. Яе вось хлопчыкі і вырашылі паглыбіць і пашырыць. Мясцінка гэтая была вельмі зручная: са сваёй пячоры яны маглі назіраць за ўсім, што рабілася на моры і на ўзбярэжжы.

— Добрая ў нас будзе схованка,— радаваўся Паўлік.— І турбаваць ніхто не будзе, і сонца не дастане пад скалой.

— Сапраўдную партызанскую зямлянку зробім,—падтрымаў Паўліка Міколка.— Тут, у гарах, у вайну іх шмат было.

Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Але хлопчыкі, захопленыя сваёй задумай, не адступалі. Там, дзе нельга было нічога зрабіць рыдлёўкай, працавалі старой, вышчарбленай сякерай, якую ўзяў з дому Міколка.

— Глядзі, Паўлік, а цяпер пайшло як быццам лягчэй. Яшчэ з метр які пракапаем, і хопіць,— выціраючы ўспацелы лоб, прамовіў ён.

— Мы тут як у сапраўднай крэпасці будзем, не хапае толькі гарматы ці кулямёта,— пажартаваў Паўлік.— А ўваход замаскіруем, праўда?

І яны зноў узяліся за рыдлёўкі.

— Ой, глядзі, бярвенні нейкія! Адкуль яны ўзяліся? — усклікнуў раптам Міколка.— Сцяна нейкая, ці што? А ну, давай пракапаем тут.

Але не паспелі хлопчыкі капануць і некалькі разоў, як на плечы ім з шумам і шоргатам пасыпалася зямля.

— Уцякайма, а то заваліць! — хапаючы сябра за руку, спалохана крыкнуў Міколка.

Выскачыўшы з пячоры, яны доўга адплёўваліся і абтрасалі з сябе пясок.

— Хадзем паглядзім, што там робіцца,— сказаў нарэшце Паўлік, калі яны крыху апамяталіся.

Падышоўшы да пячоры, хлопчыкі спыніліся і пачалі прыслухоўвацца.

— Ціха,— прашаптаў Міколка і асцярожна ўвайшоў усярэдзіну.

Следам за ім падаўся і Паўлік.

— Глядзі, а гэта ж не сцяна,— праз хвіліну прамовіў ён.— Сцяна вось тут, яна з каменняў складзена. А гэта, відаць, уваход нейкі. Толькі куды ён вядзе?

Крыху ачысціўшы ад зямлі чорныя бярвенні, хлопчыкі спынілі работу і задумаліся. «Што гэта за дзіўнае збудаванне? І куды вядзе застаўлены бярвеннямі ўваход?»

— Можа, там скарб які схаваны? — прашаптаў Паўлік.

— Эх, была не была! — навальваючыся плячом на адно з бярвенняў, усклікнуў Міколка.

Але бервяно нават не скранулася з месца. Відаць, ніжні канец яго ішоў глыбока ў зямлю.

— Прыйдзецца яшчэ падкапаць,— уздыхнуў Міколка і, папляваўшы на далоні, зноў узяўся за рыдлёўку.

Пакапаўшы крыху, ён сказаў:

— Паспрабуем яшчэ раз. Давай разам.

Хлопчыкі дружна ўперліся рукамі ў бервяно, яно зарыпела, заскрыгатала, асыпаючы іх зямлёй, і ўпала. З чорнага пралому дыхнула холадам і вільгаццю.

— Давай яшчэ адно павалім, тады лепш будзе ўвайсці,— прапанаваў Міколка.— А то як прыйдзецца лататы даваць, дык ушчэмімся ў гэтым праходзе.

З другім бервяном справа пайшла лягчэй. Уваход быў цяпер даволі шырокі, і хлопчыкі, затаіўшы дыханне, увайшлі ў невялікае, складзенае з каменняў, сховішча. Тут панаваў змрок, так што давялося нейкую хвіліну пастаяць на месцы, каб вочы прывыклі да цемры.

— Глядзі, Міколка, кулямёт,— усхвалявана прашаптаў Паўлік, паказваючы на чорнае, прысыпанае зямлёй дула.— Самы сапраўдны кулямёт! — захлёбваючыся ад радасці, усклікнуў ён і кінуўся да сваёй знаходкі.

Прысеўшы ля кулямёта, хлопчыкі пачалі з усіх бакоў абмацваць і аглядаць яго.

— Відаць, ён тут яшчэ ад вайны застаўся,— выказаў здагадку Міколка, зазіраючы ў дула.

— Угу,— згадзіўся Паўлік,— адсюль, з-пад гэтай скалы, нашы і смалілі па фашысцкіх караблях. Здорава прыдумалі, праўда?

— Цікава, колькі іх было і што з імі сталася? — задуменна прамовіў Міколка.

— Давай абыдзем пячору, мо знойдзем яшчэ што-небудзь,— прапанаваў Паўлік.

Сябры пачалі ўважліва прыглядацца да сцен і падлогі пячоры.

— Кацялок,— усклікнуў неўзабаве Паўлік.— Глядзі, на ім нешта напісана. Хадзем да святла, прачытаем.

Прысеўшы ля ўвахода ў пячору, сябры пачалі аглядаць знаходку. На кацялку вялікімі няроўнымі літарамі было напісана: «Сёння скончыліся патроны. Не пілі і не елі ўжо тры дні. Кулямёт ад ворага схаваем, а самі пойдзем у горы. Антон Апейка і Рыгор Залівака.

Нейкую хвіліну хлопчыкі моўчкі пазіралі на запіс. А пасля Міколка сказаў Паўліку:

— Бяжы пакліч дзядулю, а я тут пачакаю.

Паўлік кіўнуў галавой і, падхапіўшыся з месца, стрымгалоў памчаўся ў пасёлак.

Задыханы і мурзаты, ён ускочыў у дом і закрычаў з усёй сілы:

— Мама! Дзядуля! Там, у пячоры, мы... Міколка...

— Што з Міколкам? — спалохана ўсклікнула маці.— Заваліла ў пячоры?..

— Ды не! Мы кулямёт знайшлі... Дзядуля, хадзем хутчэй,— кінуўся Паўлік да дзеда.

— Які кулямёт? Што ты пляцеш? Паглядзі на сябе: на каго ты падобны,— брудны, падрапаны...

— Хутчэй, хутчэй!..— не звяртаючы ўвагі на словы маці, прыспешваў дзеда Паўлік і, ухапіўшы за руку, цягнуў яго да дзвярэй.

— Ды раскажы ты толкам, што здарылася? — дзівіўся той.

— Пасля, пасля, дзядуля! Дарогай раскажу. Там Міколка чакае.

Усю дарогу Паўлік то забягаў наперад, то зноў кідаўся назад і хапаў за руку старога, які ледзь паспяваў за ўнукам і ніяк не мог уцяміць, куды і навошта той яго цягне. І толькі калі яны спусціліся к мору і Паўлік правёў яго ў пячору, старому ўсё стала зразумела.

Агледзеўшы кулямёт, Антон Паўлавіч прысеў на камень і задумаўся.

— Ой, а пра кацялок мы забыліся! — успомніў Міколка.

— Пра які кацялок? — запытаў Антон Паўлавіч.

— Ды вось пра гэты. На ім і надпіс ёсць,— падаючы кацялок, сказаў Міколка.

Прабегшы вачыма напісанае, стары марак уздыхнуў, дастаў сваю люльку і, раскурыўшы яе, звярнуўся да хлопчыкаў:

— Знаходка ваша вельмі цікавая. Трэба паведаміць аб ёй у краязнаўчы музей. Там ведаюць, што з ёю рабіць. Я пайду пазваню ў Феадосію, а вы пакуль пабудзьце тут. Толькі памыйцеся, бо на вас глядзець страшна.

Антон Паўлавіч пайшоў у пасёлак, а хлопчыкі падаліся да мора.

— Ой, Міколка, які ты мурзаты! Цябе зараз і родная маці не пазнала б,— смяяўся Паўлік.

— Ды і ты не лепшы,— падміргнуў Міколка.— Адкуль у цябе гузак на лбе?

Паўлік памацаў лоб і паморшчыўся:

— Гэта ж яшчэ, як ад абвалу ўцякалі, стукнуўся...

Пасля цемры і вільгаці, што панавала ў пячоры, на сонечным беразе было асабліва хораша. Хлопчыкі з прыемнасцю падстаўлялі спіны набягаючым хвалям, давалі нырца пад іх, крычалі, смяяліся.

Накупаўшыся ўволю, яны схавалі ў пячоры свае трафеі і пабеглі дадому.

А пад вечар у пасёлак прыкаціла жоўтая «Пабеда», і Паўлік з Міколкам павялі супрацоўніка музея ў сваю пячору.

Той доўга аглядаў іх знаходкі, запісваў нешта ў блакнот, а пасля сказаў:

— Цяпер дазвольце сфатаграфаваць вас каля гэтай пячоры ды запісаць вашы імёны і прозвішчы. А па кулямёт мы прыедзем заўтра. Пакідаю яго пад вашу асабістую адказнасць.

Неўзабаве ўвесь пасёлак ведаў пра знаходку Паўліка і Міколкі. А праз дзень у газеце з’явіўся фотаздымак хлопчыкаў і карэспандэнцыя аб іх знаходцы.

З самага ранку Міколку і Паўліка пачалі атакоўваць пасялковыя рабяты, і сябры толькі тое і рабілі, што вадзілі іх у пячору ды паказвалі свой кулямёт.

Амаль да вечара Паўлік з Міколкам не адыходзіліся ад пячоры, і толькі калі кулямёт паставілі на грузавік, які прыйшоў з горада, хлопчыкі нарэшце падаліся дадому.

А яшчэ праз некалькі дзён у пасёлку зноў з’явілася жоўтая «Пабеда», і хлопчыкаў паклікалі ў праўленне калгаса.

— Добры дзень, сябры! — весела прывітаў Міколку і Паўліка ўжо знаёмы ім мужчына.— Па даручэнню супрацоўнікаў музея дазвольце перадаць вам гэты невялікі падарунак.— Ён паказаў рукой на стол, на якім ляжаў фотаапарат «ФЭД» і скрынка з плёнкай і ўсімі неабходнымі для фотааматара рэчамі.— Я думаю, што вы добрыя сябры і сварыцца за яго не будзеце.

— Вядома, не будзем! —усклікнуў Міколка. І, павярнуўшыся да Паўліка, прамовіў:—Цяпер мы, ведаеш, што зробім? Арганізуем пры сваім штабе фотагурток. Спачатку самі падвучымся крыху, а пасля навучым усіх нашых рабят.

— Добра,— з радасцю згадзіўся Паўлік. Яму даўно хацелася бліжэй пазнаёміцца з сябрамі Міколкі.

 

Андрэйка зусім не «скупы рыцар»

Мора сёння злуецца. Яно нахмурылася, пацямнела.

Паўлік стаіць на вялікім камені, што вытыркае з вады каля берага, і сэрца яго замірае ад хвалявання. Які ён маленькі, які кволы перад веліччу магутнай стыхіі!

Белагрывыя хвалі з разгону кідаюцца на бераг, разбіваюцца аб камень, заліваюць яго сваімі салёнымі пырскамі, аглушаюць тысячагалосым гоманам і шумам. І хлопчыку здаецца, што стаіць ён не на камені, а на высокім капітанскім мосціку карабля, які горда плыве сярод раз'юшаных хваль акіяна. Рыпяць высокія мачты пад напорам магутнага ветру, хвалі перакочваюцца цераз палубу, а ён, Паўлік, смела глядзіць уперад і спакойна аддае каманды свайму адважнаму экіпажу.

«Поўны наперад!»

«Ёсць поўны наперад!» — чуецца голас штурвальнага.

«Так трымаць!»

«Ёсць так прымаць!» — адказвае штурвальны.

І карабель бясстрашна плыве наперад, паслушны адважнаму капітану і яго слаўнай камандзе.

«Бераг! Бераг!» — радасна крычыць марсавы.

— Паўлік, зараз жа злезь з каменя! — чуецца раптам голас мамы.— Бачыш, якія вялікія хвалі. Сарвешся — ніхто цябе не выратуе.

Ад гэтага воклічу знікае прыгажун карабель, знікаюць мары аб адважным смелым капітане, аб далёкіх небяспечных падарожжах.

«І чаму гэта мама заўсёды ўсяго баіцца, усюды ёй мрояцца жахі?!» —думае Паўлік, саскакваючы з каменя на мокры, са шматкамі пены, пясок.

— Пойдзем дадому, сынок. Мора сёння такое неспакойнае,— гаворыць маці.

— А мне падабаецца, калі яно сярдзітае, кідаецца на бераг,— кажа Паўлік, і вочы яго блішчаць ад захаплення.— Глядзі, якія высачэзныя хвалі!

Але мама не чуе слоў Паўліка. Яна падымаецца ўверх па камяністай сцежцы. Нічога не зробіш, трэба ісці і Паўліку. Цяжка ўздыхнуўшы, ён акідвае позіркам марскі прастор і пляцецца следам за маці ў пасёлак.

На шашы ён сустракае Андрэйку.

— Андрэйка! Адкуль ты ўзяўся? — радасна вітаецца Паўлік.— Я думаў, што ты ўжо ў Маскву паехаў.

— Гланды, каб на іх ліха,— гаворыць Андрэйка.— Цэлы тыдзень праз іх у пасцелі валяўся. Думаў, звар'яцею. Ляжыш адзін з ранку да вечара ды глядзіш у столь. Учора толькі з дому выйсці дазволілі. А вы тут з Міколкам, я чуў, кулямёт нейкі знайшлі. Вось шчасліўчыкі!

— Ды яшчэ які кулямёт! З яго нашы па гітлераўскіх караблях смалілі. Нам з Міколкам за гэты кулямёт фотаапарат далі.

— Адзін? — чамусьці здзівіўся Андрэйка.

— Адзін.

— А як жа вы яго дзяліць будзеце?

— Ніяк. Ён будзе ў нас агульны.

— Дык ты ж не тутэйшы, ты ж дадому паедзеш?

— Ну і што з таго? На тое лета зноў сюды прыеду... А куды ты ідзеш? — пытае Паўлік.

— Ды нікуды. Купацца сёння нельга, мора вунь як бушуе. Затое пасля шторму, ведаеш, колькі каменьчыкаў на бераг выкіне. Можа, нават пару агатаў пашчасціць знайсці,— гаворыць Андрэйка. І нечакана прапануе: — Хочаш паглядзець маю калекцыю? Хадзем да мяне.

— Мама, я да Андрэйкі забягу! — гукнуў Паўлік, адразу прымаючы прапанову сябра.

У яго аж дух заняло, калі Андрэйка паставіў перад ім некалькі вялікіх каробак з-пад цукерак, у якіх на разасланай ваце былі раскладзены каменьчыкі самых дзівосных колераў і адценняў. А галоўнае, яны былі яркія і бліскучыя, нібы іх толькі што выхапілі з вады.

— У цябе яны чамусьці блішчаць, а мае, як толькі абсохнуць, адразу робяцца цьмянымі,— заўважыў Паўлік.

— А хіба ты не ведаеш, што трэба рабіць, каб блішчалі? Ты, як прынясеш іх дадому, вытры прамасленай ваткай,— параіў Андрэйка.— Або вось так.

Ён узяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў, паказаў свой колер.

— Хочаш, я табе палову сваіх каменьчыкаў аддам? — запытаў раптам Андрэйка.

— Раздавай, раздавай, а з чым у Маскву паедзеш? — пачуўся голас Андрэйкавай маці, якая сядзела ля акна і нешта вышывала.

Андрэйка пачырванеў, нахмурыўся і прабурчаў:

— Яны ж мае...

— Ну твае, твае. А навошта ж раздаваць?

— Не трэба, я сам назбіраю,— збянтэжана прамовіў Паўлік.— Пасля шторму будзем разам збіраць, добра?

Андрэйка моўчкі кіўнуў галавой.

— Ну, мне дадому пара, абедаць мама чакае,—сказаў Паўлік. Яму не хацелася заставацца болей у гэтым пакоі.

— Я правяду цябе да шашы,— падхапіўся Андрэйка і ўслед за Паўлікам выскачыў з дому.

Нейкі час хлопчыкі ішлі моўчкі, а пасля Андрэйка якімсьці не сваім, глухім голасам пачаў:

— Вось так заўсёды, усяго ёй мала, усяго шкадуе. Веласіпед рабятам не давай, бо зломяць, мяч на двор не вынось, бо адбяруць, кніжку з шафы не бяры, вокладку запэцкаеш.

Голас Андрэйкі зрываўся, у кожным яго слове адчувалася крыўда і горыч.

— Вось вы тады на мяне накінуліся, «скупым рыцарам» назвалі. І правільна. Але хіба я вінаваты, што мне забараняюць дзяліцца з дзецьмі сваімі рэчамі...

Паўліку шкада было Андрэйку, і, каб як-небудзь спыніць гэтую непрыемную гутарку, ён сказаў:

— Прыходзь пасля абеду, пойдзем да Міколкі. Толькі не падвядзі, я цябе чакаць буду. А жыву я вунь там, на гары.

— Абавязкова прыйду,— паабяцаў Андрэйка, і позірк яго крыху павесялеў.

Ідучы дадому, Паўлік думаў пра Андрэйку, пра яго маці, пра свайго дзядулю, пра Міколку. Пра тое, якія розныя бываюць на свеце людзі...

Андрэйку доўга чакаць не прыйшлося. Праз якую гадзіну Паўлік пачуў яго голас і выбег з дому. Андрэйка стаяў на камені ля дзядулевай сцежкі.

— Вось добра, што вы прыйшлі! — радасна прывітаў іх Міколка.— Мы тут з Марынкай якраз свой штаб да ладу даводзім, дапаможаце нам крыху.

Штаб «Атрада дружных» размяшчаўся ў альтанцы, густа аплеценай вінаграднымі лозамі. З сярэдзіны сцены альтанкі былі абшыты фанерай. Фанера пацямнела ад часу, і Марынка бяліла сцены, стоячы на высокім табурэце. Дзве сцяны былі ўжо белыя і амаль зусім сухія. На адной з іх Міколка прымацоўваў партрэт Леніна.

— К вечару будзе поўны парадак,— сказаў ён.

— А вы, калі прыйшлі, дык дапамажыце Міколку ўнесці сюды шафу, а то ўдваіх мы ніяк не маглі,— загадала Марынка, прыпыніўшы на хвіліну сваю работу і выціраючы кончыкам хусцінкі запырсканы мелам нос.

Вочы ў Марынкі вялікія, шэрыя. Глядзяць яны на хлопчыкаў строга. Андрэйка ніколі не дазваляў, каб ім камандавалі дзяўчынкі, і ён нават крыху раззлаваўся. Хацеў быў ужо сказаць ёй што-небудзь калючае, але, пачуўшы Міколкава «Пайшлі, хлопцы!», падаўся следам за ім і Паўлікам з альтанкі.

Калі шафа была пастаўлена на вызначанае ёй месца, Марынка сказала:

— А цяпер унясіце сюды скрыню з кніжкамі.

Хлопчыкі выканалі і гэты загад дзяўчынкі.

— Адкуль у вас столькі? Ой, ды тут і дзіцячая энцыклапедыя, і ўвесь Жуль Верн! — дзівіўся Паўлік, разглядаючы кнігі.

— А гэта мы пазносілі са сваіх кніжных паліц. А дзіцячую энцыклапедыю нам выпісаў твой дзядуля.

Дабяліўшы сцяну, Марынка саскочыла з табурэта, і хлопчыкі зноў пачулі яе строгі гаспадарскі голас:

— Міколка, прынясі вады, я падлогу буду мыць, а вы пагуляйце, пакуль яна высахне.

Міколка пабег да калодзежа, а Паўлік з Андрэйкам прыселі на лаўцы.

— Камандзір у спадніцы! — іранічна чмыхнуў Андрэйка.— Не люблю, калі дзяўчынкі ў начальнікі лезуць.

Паўлік крыва ўсміхнуўся. Ён быў згодзен з Андрэйкам, бо таксама не любіў, каб ім камандавалі дзяўчынкі. Але адказаць не паспеў. Вярнуўся Міколка.

— Ну, пайшлі. Пасядзім у нашай пячоры ды паглядзім, што на моры робіцца,— сказаў ён, аддаўшы вядро Марынцы.

Перабегшы шашу, хлопчыкі падаліся да мора.

— Ого, як разгулялася! Балаў восем будзе, не менш,— усклікнуў Міколка, калі хлопчыкі апынуліся на высокім беразе. Глядзі, да самай нашай пячоры дабралася, туды цяпер не пройдзеш, хвалі аж пад скалу шугаюць.

Ад таго, што неба было абложана хмарамі, мора здавалася амаль чорным. Яно раўло і кіпела. Высокія хвалі з лютай злосцю кідаліся на бераг, нібы наважылі змыць і скрышыць усё, што стаяла на іх шляху. Але каменныя гмахі скал маўкліва і непарушна баранілі сваімі магутнымі грудзьмі пасёлак ад раз’юшанай марской стыхіі.

Хлопчыкі крочылі сцяжынкай, якая то падымалася ўгору, то стромка падала ўніз. Салёны вільготны вецер дзьмуў ім у твар, свістаў ля вушэй, упіраўся ў грудзі. Пасля доўгіх спякотных дзён сёння дыхалася лёгка, і здавалася, можна ісці гэтай вузкай сцяжынкай хоць на самы край свету.

— Глядзіце, магіла нейкая! — сказаў Андрэйка, паказваючы на невялікі каменны абеліск, што стаяў на самым краёчку крутога берага.

— Гэта нашы дэсантнікі пахаваны,— спыніўся і Міколка.— Фашысты акружылі іх...

На белым абеліску залатымі літарамі было напісана: «Тут у 1942 годзе смерцю герояў загінулі 23 чарнаморскія маракі». Далей пералічваліся імёны і прозвішчы тых, хто знайшоў свой апошні прытулак на гэтым скалістым беразе.

— А ведаеце, як яны біліся? Да апошняга патрона, да апошняй кроплі крыві! Іх было ўсяго дваццаць тры, а фашыстаў — цэлая процьма,— горача загаварыў Міколка.— Маракі былі вось тут, дзе мы зараз стаім, а гітлераўцы лезлі з усіх бакоў. Упаў адзін матрос, упаў другі, трэці... А фашысты ўсё пруць і пруць. І вось засталося ўсяго тры маракі. І ўсе трое параненыя. Канчаюцца патроны. Фашыстаў ужо навокал цэлае войска палегла, але на змену ім падыходзяць новыя. І вось застаўся адзін марак, стаіць на самым краёчку берага. Нацельнік увесь у крыві, а ён усё страляе і страляе. Хоча як мага больш палажыць гадаў, адпомсціць за сваіх сяброў...

Міколка гаварыў так усхвалявана, нібы сам быў сведкам гэтага няроўнага паядынку. Паўлік з Андрэйкам слухалі яго, затаіўшы дыханне.

— Ну, а з гэтым апошнім што было? — спытаў Андрэйка.

— Вядома што,— уздыхнуў Міколка.— Убачыў ён, што адзін патрон застаўся, што не вырвацца яму з варожага кальца, прыставіў да сэрца пісталет і стрэліў...

Міколка скончыў свой сумны расказ, а перад вачыма Паўліка і Андрэйкі ўсё яшчэ быццам жывы стаяў той малады акрываўлены марак.

— Ля гэтай магілы мы ў свой атрад прымаем,— сказаў Міколка.

— А нас з Андрэйкам вы прымеце? — запытаў Паўлік.

— Цябе абавязкова прымем, а вось Андрэйку...

— Андрэйка харошы! І ён зусім не «скупы рыцар»! — перабіў Міколку Паўлік.

— Ты на мяне не крыўдуй,— павярнуўся Міколка да Андрэйкі,— але не па-нашаму гэта — «маё, тваё»... Разумееш?

— Я разумею...— глуха прамовіў Андрэйка і адвярнуўся ад хлопчыкаў.

— Сёння ў васемнаццаць нуль-нуль збор. Прыходзьце абодва,— сказаў Міколка, калі яны вярталіся ў пасёлак.

«З пустымі рукамі я да іх не пайду,— думаў Андрэйка.— Прынясу свой настольны тэніс і валейбольны мяч. Хай ведаюць, які я «скупы рыцар».

 

Пасля шторму

Паўлік з Андрэйкам прыйшлі ў штаб задоўга да вызначанага часу. Міколка ўжо быў там, сядзеў ля стала і запісваў нешта ў сшытку. Марынка расстаўляла на паліцах кніжкі.

— Вось, бярыце,— сказаў Андрэйка, кладучы на стол скрынку з настольным тэнісам і валейбольны мяч.— Гэта ад мяне...

Міколка глянуў спачатку на Андрэйку, а пасля на яго падарункі, і ў яго цёмных бліскучых вачах загарэліся вясёлыя агеньчыкі.

— А мы якраз збіраліся набыць тэніс, нават стол падрыхтавалі,— сказаў ён.— Ты нібы адгадаў, што нам трэба.— І раптам спытаў: — А табе не шкада?

— Калі даю, значыцца, не шкада,— хмура адказаў Андрэйка.

— Даюць, дык бяры, а б'юць, дык бяжы,— пажартаваў Паўлік.

У гэты час у альтанку ўвайшоў шчуплы, невысокі хлопчык з ружовым аблупленым носам, вакол якога дружна рассыпаліся вясёлыя буйныя вяснушкі.

— А вось і наш Шэрлак Холмс, наш разведчык Юрка,— адрэкамендаваў новага таварыша Міколка.

— Разведчык? — паціснуў плячыма Паўлік.— А што ён разведвае?

— Зараз пачуеце самі.

Услед за Юркам прыйшлі яшчэ некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, і ў альтанцы адразу зрабілася шумна.

Калі ўсе паселі вакол стала, Міколка сказаў:

— Ну, Юрка, выкладвай свае навіны.

Юрка ўстаў, абцягнуў выгаралы ад сонца нацельнік, адкашляўся і пачаў:

— Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не палівае. Пяць таполяў зусім засохла...— Юрка гаварыў хутка, нібы гарохам сыпаў. Быццам баяўся, што яго перапыняць і ён не паспее ўсё дагаварыць да канца.— А яшчэ мы надумалі прывесці ў парадак хату і садок дзеда Данілы, бо, як памерла бабка Тадора, у яго ў хаце ніхто не прыбіраў. Днямі калгас пасылае яго на два тыдні ў дом адпачынку, трэба будзе, пакуль ён вернецца, давесці да ладу яго гаспадарку.

— Толькі давайце зробім так, каб дзед Даніла нічога пра нашу задуму не ведаў,— прапанавала Наташа.— Вернецца ён з адпачынку і не пазнае сваёй хаты.

У карых вачах Наташы гарэзлівыя смяшынкі, валасы каштанавымі локанамі спадаюць на плечы, а на загарэлых шчоках — вясёлыя ямачкі.

— А яшчэ трэба магілу маракоў агледзець. Былі мы там сёння. Кветкі новыя трэба пасадзіць, бо тыя ўжо адцвілі, пасохлі,— сказаў Міколка.— Заўтра з раніцы гэтым зоймуцца Марынка з Наташай. А ўвечары ўсе пойдзем паліваць дрэўцы ў парку. А як толькі дзед Даніла паедзе ў дом адпачынку, правядзём у яго сядзібе аўрал...

Калі ўсе пытанні былі вырашаны, Міколка расказаў сябрам пра Паўліка і Андрэйку. Даведаўшыся, што Паўлік прыехаў з новага шахцёрскага горада Салігорска, Юрка папрасіў:

— Ты нам раскажы калі-небудзь пра свой горад.

— Не толькі раскажу, а нават фотаздымкі пакажу. Я дзядулі шмат прывёз.

Наташа ўбачыла настольны тэніс і прапанавала згуляць.

Не прайшло і гадзіны, а Паўлік з Андрэйкам ужо адчувалі сябе так, нібы былі даўнімі сябрамі Міколкавых таварышаў. За гульнёй рабяты не заўважылі, як на дварэ пацямнела. Над галовамі раптам пракаціўся моцны грукат.

— Навальніца! —усклікнула Марынка.

Рабяты выбеглі з альтанкі і, нібы вераб'і, рассыпаліся па пасёлку. '

— Спалохаўся, нябось. У нас у гарах грыміць не так, як у вас дома. Тут, браце мой, як з сотні гармат смаліць,— сказаў дзядуля, калі Паўлік, аглушаны новым магутным ударам грому, ускочыў на двор.— Ну, калі прыбег, то давай дождж сустракаць.

Дзядуля абярнуў вялікую жалезную бочку, што стаяла пад капяжом, выліў з яе рэшткі бруднай вады і разам з Паўлікам зноў паставіў яе на месца. Бабуля з мамай выносілі на ганак вёдры, тазы, начоўкі — адным словам, усё, што можна было напоўніць вадой, а Паўлік з дзядулем стаўлялі іх пад капяжы і проста пасярод двара.

Усю ноч над пасёлкам грукатаў гром і яркія маланкі вогненнымі путамі паласавалі чорнае неба. На момант яны выхоплівалі з цемры дзівосныя абрысы скал, золатам расплёскваліся ў моры, блакітным святлом залівалі пакой. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Буйны дождж біў у шыбы акон, заўзята барабаніў па даху.

Паўлік некалькі разоў прачынаўся ад моцнага грукату і доўга не мог заснуць. Закрываў галаву падушкай, моцна заплюшчваў вочы. А калі нарэшце засынаў, перад яго вачыма паўставалі постаці маракоў у акрываўленых нацельніках. Яны смела біліся з ворагам на высокім камяністым беразе, а з-пад гары, з пячоры, страчыў з кулямёта Міколка.

Пад раніцу вецер заціх, радзейшымі сталі водбліскі маланак і далёкія грымоты. Дождж цяпер быў роўны, спакойны. Пад яго аднастайны шум Паўліку спалася соладка і лёгка.

Два дні неба над пасёлкам было зацягнута хмарамі. Яны ахуталі шэрым вэлюмам вяршаліны гор, спаўзалі ў распадкі. Мора па-ранейшаму шумела і білася аб берагі. Быстрыя шэрыя ручаіны збягалі з гор у нізіны, зліваліся ў бурлівыя мутныя патокі, спяшаліся да мора. У пасёлку ў гэтыя дажджлівыя дні было ціха і пуста, але як толькі дождж крыху заціхаў» Да лужын спяшаліся малыя. Яны бегалі басанож па вадзе, крычалі, смяяліся, пакуль новы паток ліўня не разганяў іх па дварах.

Але нарэшце настала зноў сонечная вясёлая раніца. Яна ўсміхнулася яркай прамытай зелянінай дрэў, заіскрылася, заззяла срэбрам дажджавых кропель, рассыпаных на траве, загаманіла, заспявала галасамі птушак.

Паўлік стаяў на высокім ганку і жмурыўся ад яркіх праменняў ласкавага сонца. Пасёлак, які ляжаў перад ім унізе, выглядаў па-новаму. Абмыты шчодрым дажджом, ён, нібы той выхаплены з мора каменьчык, ззяў усімі сваімі фарбамі. Горы, якія яшчэ ўчора танулі ў шэрым клоччы хмар, сёння на фоне чыстага сонечнага блакіту здаваліся менш суровымі і таямнічымі.

— Добрай раніцы, дзядуля! — усклікнуў Паўлік, убачыўшы ў садку дзеда.

— А, прачнуўся, шпачок! — прывітаў яго дзед.— Ідзі снедай, ды пойдзем купацца. Мора сёння спакойнае, ласкавае. Павучу цябе плаваць.

— Я зараз, дзядуля! — стрымгалоў кінуўся на кухню Паўлік.

Стомленае штормам мора прыціхла, палагаднела. Хвалі ласкава ліжуць бераг, напаўняюць спакой раніцы ціхім плюскатам. На каменьчыках доўгімі зялёнымі гірляндамі ляжаць мокрыя водарасці. Сярод іх сям-там блішчаць на сонейку вялікія малочна-вадзяністыя медузы. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі.

— Пасядзім трошкі — і ў ваду,— гаворыць дзядуля і, сцягнуўшы з сябе сарочку, садзіцца на камень, пад якім схаваўся краб.

— Паўлік! — чуецца раптам аднекуль зверху.

Па вузкай звілістай сцежцы, хапаючыся за кусты, спускаецца Андрэйка.

— Я да цябе бегаў, каб каменьчыкі разам збіраць,— яшчэ здалёк гукае ён.

— А мы з дзядулем купацца прыйшлі. Буду вучыцца плаваць.

Павітаўшыся з Антонам Паўлавічам і заўважыўшы ў яго на руцэ вышэй локця наколку — сіне-ліловага дракона, Андрэйка ціхенька запытаў:

— Ён марак?

— Самы сапраўдны. Сорак год на моры плаваў. Таму і пасяліўся ў гэтым пасёлку. Я, кажа, без мора жыць не магу. Яно мяне як магнітам да сябе цягне.

— Сорак год! Вось гэта здорава! А наколка якая! Дракон зусім як жывы.

— Гэта яму адзін кітайскі марак на ўспамін зрабіў.

— Вось каб мне такую! Усе нашы хлопцы ад зайздрасці лопнулі б, каб убачылі. Толькі я ніжэй зрабіў бы і з самай вясны да маразоў хадзіў у тэнісцы,— шапнуў Андрэйка.

— Ну пайшлі купацца, маракі,— паклікаў іх Антон Паўлавіч.

Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, зайшоў па пояс у ваду і паплыў, перавальваючыся з боку на бок і разразаючы ваду дужымі загарэлымі рукамі.

Андрэйка таксама кінуўся ў мора і паплыў уздоўж берага, моцна б'ючы нагамі па вадзе і ўздымаючы фантаны пырскаў.

— Хваля малая! — крыкнуў ён Паўліку, стаўшы на ногі.— Сёння на дне кожны каменьчык відно. Хадзі сюды, не бойся.

Асцярожна ступаючы, Паўлік падышоў да Андрэйкі, і яны пачалі ўглядацца ў асветленае сонцам марское дно. Праз зеленаватую тоўшчу вады быў відаць кожны каменьчык, кожная самая маленькая ракавінка.

— Ну, Паўлік, давай брацца за навуку,— падплыў да хлопчыкаў Антон Паўлавіч.

Ён узяў Паўліка за руку і павёў на глыбейшае месца.

— Глядзі на мяне,— сказаў дзядуля і павольна паплыў паўз бераг.— Ну, паспрабуй цяпер сам. Ды не бойся, я цябе падтрымліваць буду.

Навучыцца плаваць аказалася не такой лёгкай справай.

Калі Паўлік пачынаў працаваць нагамі — забываў пра рукі, а калі пачынаў заграбаць рукамі — забываў дапамагаць сабе нагамі. Пакуль яго падтрымліваў дзядуля, было яшчэ паўбяды, але як толькі той адводзіў рукі, Паўлік палохаўся, цела рабілася непаслухмяным, і яго цягнула ўніз. Паўлік нямала наглытаўся салёнай вады і набраўся жаху, пакуль авалодаў сакрэтам плавання. Але затое якую гордасць адчуў ён, калі нарэшце ўдалося праплыць некалькі метраў зусім самастойна, без усякай дапамогі дзядулі. Вада цяпер нібы падабрэла і сама трымала яго на паверхні.

— А заўтра паспрабуем ныраць і плаваць брасам,— сказаў Антон Паўлавіч, калі яны ўсе трое, накупаўшыся ўволю, выйшлі на бераг.

— І мяне навучыце, добра? — папрасіў Андрэйка.— Я толькі «па-сабачаму» плаваць умею.

— І цябе навучу,— паабяцаў дзядуля.

Пагрэўшыся крыху на сонейку, Паўлік з Андрэйкам пачалі збіраць каменьчыкі, а Антон Паўлавіч папярэдзіў хлопчыкаў, каб яны не заходзілі на глыбіню, і падаўся дадому.

Ідучы берагам, хлопцы непрыкметна апынуліся на тым месцы, дзе тры дні назад была іхняя пячора, і не паверылі сваім вачам. Шторм зрабіў сваю справу. Зямля і каменне пад скалой асунуліся, і ад пячоры засталося толькі невялікае, вылізанае вадой паглыбленне. Пастаяўшы крыху перад ім, хлопчыкі рушылі назад. Яны ішлі павольна, прыглядаючыся да каменьчыкаў і падбіраючы самыя прыгожыя.

— Андрэйка, глядзі, які я знайшоў. Сам круглы, плоскі, а пасярэдзіне дзірка! —даганяючы сябра, гукнуў Паўлік.

— Гэта — курыны бог,— сказаў Андрэйка.— Кажуць, як знойдзеш сем такіх каменьчыкаў,— любое тваё жаданне збудзецца. У мяне іх ужо чатыры.

— А што ты загадаў? — запытаў Паўлік.

— Хачу стаць касманаўтам і першым паляцець на Месяц.

— Не паспееш,— безнадзейна махнуў рукой Паўлік.

— Ну тады на якую планету...

— А я хачу быць мараком, як дзядуля. Раней хацеў быць шахцёрам, як тата, а цяпер парашыў стаць мараком.

— А што, каб спачатку пабыць шахцёрам, пасля мараком, потым касманаўтам, а тады яшчэ кім-небудзь? — летуценна прамовіў Андрэйка.

— Так не бывае,— уздыхнуў Паўлік.

— А пры камунізме?

— Пры камунізме? — Паўлік задумаўся на хвіліну, а пасля сказаў: — Пры камунізме, можа, і будзе...

 

Юркава знаходка

На гэты загадкавы кошык з яйкамі Юрка натрапіў зусім выпадкова. Убачыў, што за плотам у суседкі цёткі Дар’і клубніка пачырванела, і захацелася ягад паспытаць. Дар’я была кабета злосная, скнара. Праз гэтую яе сквапнасць ды злосць, кажуць людзі, у яе і сын уцёк з дому. Не любілі Дар’ю людзі, не паважалі. А Юрка і тым больш. Па-першае, за тое, што яна іх ката Дымчыка забіла, прыдумала, нібыта ён у яе смятану злізваў. А яшчэ за тое, што яна футбольны мяч пасекла, калі ён пераляцеў цераз плот у яе грады. І ніякае шкоды гэты мяч у тых градах не зрабіў, і ніхто яго туды спецыяльна не кідаў, а вось пасекла, і ўсё. Юрка ёй гэтага ніколі не даруе. Хіба палез бы ён да каго іншага ў клубніку? Вядома, не. У іх дома і свая клубніка ёсць. А вось да цёткі Дар'і яму залезці прыемна, бо яна над кожнай ягадкай дрыжыць, кожную ягадку на базар цягне ды сем шкур за яе з людзей лупіць. Аднак клубніка клубнікай, але адкуль у градах гэты кош з яйкамі? І яшчэ так старанна лісцем закіданы. Курэй цётка Дар’я не трымае, баіцца, каб яны ягад не падзяўблі. А яек у кашы нямала, відаць, каля сотні будзе. Не выраслі ж яны на градах? А што, калі яйкі гэтыя яна з птушкафермы цягае? Яна ж птушніцай працуе.

«Трэба бегчы і пра ўсё расказаць Міколку»,— вырашыў Юрка і падаўся да сябра.

— Ясная справа — крадзе,— выслухаўшы яго данясенне, сказаў Міколка.— Вось змяя! Маці мая стараецца, працуе, а яна крадзе... Трэба абавязкова падпільнаваць яе з гэтым кошыкам. Падгледзець, як яна будзе ў яго крадзеныя яйкі выкладваць.

— Гэта я магу,— узняўшы на Міколку блакітныя вочы, запэўніў Юрка.— Ты толькі даведайся ў маці, у якой змене Дар’я працуе і калі будзе вяртацца дадому, а рэшта ўжо мой клопат.

Міколка тут жа памчаўся на птушкаферму да маці, а адтуль, даведаўшыся пра ўсё, што яго цікавіла, пабег да Юркі.

— Змена заканчвае работу ў васемнаццаць нуль-нуль,— паведаміў ён.

Яшчэ не было і пяці гадзін, калі Юрка падаўся ў канец агарода і прытаіўся ў кустах пад плотам цёткі Дар’і. Каб сядзець было не так сумна, ён узяў з сабой кніжку.

Юрка і не заўважыў, як мінула гадзіна, і апамятаўся толькі, калі пачуў радасны віск кудлатага Палкана, якім той вітаў прыход сваёй гаспадыні.

Не заходзячы ў хату, Дар’я накіравалася проста ў агарод. Спыніўшыся ля таго месца, дзе стаяў кошык з яйкамі, яна азірнулася па баках, прысела і пачала асцярожна даставаць з-за пазухі яйкі. Юрка налічыў іх ажно шэсць. Паклаўшы яйкі ў кош, Дар'я пакорпалася крыху на градах, вырвала некалькі пустазелін і падалася ў дом.

Як толькі яна знікла за дзвярыма, Юрка пераскочыў цераз невысокую каменную агароджу і пабег да Міколкі.

— Трэба зараз жа пра ўсё расказаць загадчыку птушкафермы. Павел Прохаравіч ведае, што рабіць,— сказаў Міколка.— Пайшлі да яго.

— Толькі хутчэй, а то яна, чаго добрага, перахавае кош, тады лаві ветру ў полі,— заспяшаўся Юрка.

Паўла Прохаравіча хлопцы сустрэлі па дарозе на птушкаферму. Выслухаўшы хлопчыкаў, ён нахмурыўся і нейкую хвіліну маўчаў, а пасля ўсміхнуўся і сказаў:

— Хадзем да цёткі Дар’і ў госці, клубнікай частавацца.

Міколка з Юркам аж вочы вылупілі ад здзіўлення. Цётка Дар’я хутчэй павесіцца, чым каго клубнікай сваёй пачастуе. Асабліва іх. Яна ж проста ненавідзіць хлапчукоў. Кажа, што ўсе яны шыбеніцы варты.

— Не, Павел Прохаравіч, не хочам мы яе клубнікі,— сказаў Міколка.— Вы ідзіце да яе, а мы з Юркавага двара глядзець будзем.

— Хай будзе па-вашаму,— згадзіўся загадчык.

Неўзабаве яны падышлі да дома цёткі Дар’і. Тут хлопчыкі пакінулі Паўла Прохаравіча і падаліся на Юркаў агарод.

Калі Павел Прохаравіч узышоў на двор, цётка Дар’я якраз мылася пад умывальнікам, што вісеў ля ганка. Убачыўшы загадчыка птушкафермы, яна вельмі здзівілася, але праз хвіліну твар яе расплыўся ў шырокай усмешцы.

— Добры дзень, Дар’я Ягораўна,— прывітаўся Павел Прохаравіч.— Іду гэта я каля вашага двара ды думаю: чаму б мне не зайсці праведаць сваю птушніцу, а заадно і клубнічкай свежай паласавацца.

— Калі ласка, калі ласка,— лісліва праспявала цётка Дар’я.— Я зараз, вось толькі на хвілінку ў хату забягу.

Неўзабаве яна зноў паказалася на ганку. Цяпер на ёй была сіняя сукенка ў белыя гарошынкі, у якой яна звычайна выходзіла на людзі. У руках Дар’я трымала невялікую белую місачку.

— Вы тут пасядзіце, Павел Прохаравіч,— паказала яна рукой на лавачку, што стаяла пад высокім разложыстым каштанам,— а я вам самых вялікіх набяру, самых спеленькіх.

— Навошта ж вам турбавацца, Дар’я Ягораўна. Я і сам не зломак, магу назбіраць сабе ягад,— запярэчыў загадчык птушкафермы.

— Што вы, Павел Прохаравіч! Як можна? Такі дарагі госць, ды каб сам у градах корпаўся! — зноў заспявала цётка Дар’я ліслівым галаском.

— Не, не, Дар’я Ягораўна. Я вельмі люблю ласавацца клубнікай проста з градкі,— сказаў Павел Прохаравіч і, не зважаючы больш на тое, што гаворыць, бегучы ззаду за ім, гаспадыня, рушыў у агарод.

— Не хадзіце далей, Павел Прохаравіч, там у цяньку яна яшчэ зялёная,— спалохана ўсклікнула Дар’я, убачыўшы, што загадчык ідзе проста да таго месца, дзе быў схаваны яе кошык.

Абагнаўшы госця, яна кінулася наперад і, відаць, нічога ўжо не цямячы ад страху, гэпнулася на кош.

— Ой! — крыкнула яна.— Нешта ў нагу кальнула. З месца скрануцца не магу.

— А я вам дапамагу,— ледзь стрымліваючыся, сказаў Павел Прохаравіч.

— Не, не! Трэба хвілінку пасядзець, яно і пройдзе,— запярэчыла цётка Дар’я.— Вы ідзіце сабе ў той канец, там ягады спялейшыя, саладзейшыя.

— А ну, хопіць прыкідвацца, уставайце! Куранят з гэтых патрушчаных яек вы ўсё роўна не выседзіце,— нейкім не сваім, асіплым голасам сказаў Павел Прохаравіч.— Зараз жа ўставайце, а то людзей паклічу.

Цётка Дар’я паспрабавала падняцца, але гэта аказалася не такой лёгкай справай: яна ўшчамілася ў кошыку і ніяк не магла выбрацца з яго. Нарэшце яна сяк-так устала. Убачыўшы, як з сукенкі ў яе сцякае густая, перамешаная з пацёртымі шкарлупкамі жоўтая вадкасць, Міколка з Юркам пакаціліся ад рогату.

Не гаворачы больш ні слова, Павел Прохаравіч узяў кошык з раструшчанымі яйкамі і панёс з агарода. На двары ён гукнуў Міколку.

Крыху апамятаўшыся, цётка Дар’я падбегла да загадчыка фермы і пачала прасіцца, каб ён дараваў ёй і «не сароміў перад людзьмі». Але Павел Прохаравіч не захацеў яе і слухаць.

— Бяжы пакліч сваю маці,— сказаў ён Міколку.— Хай паглядзіць, чаму яе звяно апошні час пляцецца ў хвасце.

Доўга ў гэты вечар гаманілі людзі ля дома цёткі Дар’і. Ніхто не спачуваў гэтай сквапнай жанчыне, ніхто не сказаў аб ёй добрага слова.

— Вось змяя,— абураўся Юрка.— А яшчэ моліцца ўвесь час, крычыць, што ўсе піянеры будуць на тым свеце ў гарачай смале кіпець...

— А ведаеш, куды яна яйкі збывала? — запытаў Міколка.

— Куды?

— У Феадосію. Я на свае вочы бачыў, як яна нейкі абвязаны хусткай кошык везла. Я тады думаў, што ў ім клубніка...

— Я даўно заўважыў, што цётка Дар’я ніколі людзям у вочы не глядзіць, а ўсё неяк бокам, міма цябе пазірае. А мой тата кажа, што гэта першая прыкмета злодзея ды манюкі.

Міколка слухаў сябра, а сам усё думаў пра нешта сваё.

— Ой, глядзі, зорка падае! — усклікнуў Юрка.— Хутчэй задумвай што-небудзь.

Не даляцеўшы да зямлі, зорка пагасла.

— Ведаеш, што я задумаў? — сказаў Юрка.

— Што?

— Каб стаць мне некалі такім сышчыкам, як Шэрлак Холмс.

— А што ты будзеш рабіць, калі ў нашай краіне ўсе злачынцы перавядуцца? — усміхнуўся Міколка.

— І праўда,— уздыхнуў Юрка.— А ўсё ж мне падабаецца Шэрлак Холмс. Памятаеш, як ён...

— Хадзем да Антона Паўлавіча,— перабіў сябра Міколка.— Я адну штуку прыдумаў, трэба параіцца.

Назаўтра ў пасёлку на самым відным месцы ля канцылярыі калгаса з’явіўся вялікі плакат. На ім была намалявана жанчына, якая ўшчамілася ў кошыку з яйкамі. У жанчыне кожны мог лёгка пазнаць цётку Дар’ю.

Пад карыкатурай акуратнымі літарамі было напісана:

 

Усім, хто ганьбіць лад калгасны,

Скажам мы: «З дарогі прэч!»

Груз мінуўшчыны праклятай

Скінем мы як бачыш з плеч.

 

Гультаям і спекулянтам

Абвяшчаем мы вайну.

Знішчым мы ў сваім пасёлку

І зладзейства, і ману.

 

Пад вершыкам замест подпісу стаялі ўсяго дзве літары — АД.

Ля плаката спыняліся людзі. Яны смяяліся, з ухвалой ківалі галовамі.

— Ну і малайчына гэты АД. Здорава дае прыкурыць.

А непадалёку, хаваючыся за дрэвамі, стаялі Міколка, Паўлік і Юрка. Яны падміргвалі адзін аднаму і ўсміхаліся. Амаль да самых пеўняў хлопчыкі працавалі над гэтым плакатам у доме Антона Паўлавіча. Стары марак нават сам дапамагаў складаць верш, і ўсе яны вельмі ганарыліся сваім першым паэтычным творам.

— Цётка Дар’я да смерці будзе помніць гэтыя яйкі,— смяяўся Юрка.— А плакат цяпер і ўночы ёй будзе сніцца.

 

Аўрал

Домік дзеда Данілы стаяў пад гарой у нізінцы. Зацішнае тут месцейка. Ад паўночных вятроў яго засланяла гара, а ад сонца — высокія старыя таполі. Ля веснічак дзеда Данілы знаходзілася студня, і таму ля двара яго было заўсёды людна і весела. Асабліва, калі жыла яшчэ дзедава жонка бабка Тадора, ветлівая і гаваркая жанчына. Але з паўгода назад старая нечакана памерла, і двор дзеда Данілы адразу неяк асірацеў і прыціх. Прыціх і сам дзед Даніла, які душа ў душу пражыў са сваёй жонкай больш за паўсотні год. Трох харошых сыноў выгадавалі яны на радасць сабе і людзям, і ўсе тры загінулі пад Севастопалем улетку 1942 года.

Але сёння на двары дзеда Данілы гуло, як у вулеі. З самага ранку тут закіпела дружная работа. На нізкай, складзенай з каменняў агароджы ляжалі падушкі ў яркіх чырвоных насыпках, віселі коўдры, посцілкі, палавікі. Усё гэта выгравалася і праветрывалася на сонейку. Каля нацягнутай цераз увесь двор вяроўкі пахаджвала Наташа. Яна развешвала толькі што памытую і прапаласканую ля студні бялізну. Юрка з Андрэйкам выносілі з хаты мэблю. Яе таксама трэба было агледзець і працерці ад пылу, пакуль Марынка з Наташай будуць бяліць і мыць хату.

У садку гаспадарылі Міколка з Паўлікам. Яны рыхлілі зямлю вакол дрэўцаў, падвязвалі вінаградныя лозы, падмяталі дарожкі. Двор проста на вачах мяняў свой выгляд і нібы радаваўся, што і ў яго нарэшце знайшліся такія руплівыя гаспадары.

— Прыедзе дзед Даніла і вачам сваім не паверыць. Падумае, што заблудзіўся, трапіў на чужы двор,— смяяўся Міколка.

— Вось каб яшчэ веснічкі ды аканіцы ў які вясёлы колер пафарбаваць,— уздыхнуў, разгінаючыся, Паўлік.

— Пачакай, пачакай,— Міколка адставіў убок матыку.— Нядаўна мы школьны паркан фарбавалі. А што, калі пайсці да дырэктара ды папрасіць, каб ён даў крыху тае фарбы? Я зараз...

Не прайшло і паўгадзіны, як ён ужо вярнуўся назад з вядзерцам светла-зялёнай фарбы і двума пэндзлямі.

К абеду хату дзеда Данілы было не пазнаць. Пабеленая ўсярэдзіне і знадворку, яна ветліва ўсміхалася кожнаму прахожаму сваімі да бляску прамытымі акенцамі і нібы прасіла: «Пастой, падзівіся, якая я стала прыгожая. Прыгажэйшай за мяне цяпер на ўсім пасёлку не знойдзеш».

Марынка з Наташай не маглі нацешыцца са сваёй работы. Сукенкі, шчокі і насы іх былі запырсканы мелам, хусцінкі спаўзлі на патыліцу, але гэта ніколькі не турбавала дзяўчынак. Яны радаваліся, што хатка дзеда Данілы памаладзела і павесялела, што стары не будзе больш адчуваць сябе такім адзінокім.

— Пакуль паабедаем, дык усё крыху прасохне і праветрыцца. А пасля навядзём парадак усярэдзіне,— сцягваючы з галавы хусцінку, сказала Наташа.— Толькі перш давай крыху памыемся.

Следам за Наташай і Марынкай да студні кінуліся і хлопчыкі. Узняўся шум, гоман. Дзеці аблівалі адзін аднаго вадой, крычалі, смяяліся. Пасля, нібы па камандзе, усе разбегліся па дварах, а ля студні засталася толькі вялікая лужына, у якой скакалі вясёлыя сонечныя праменьчыкі.

Пасля абеду двор дзеда Данілы зноў ажыў. Хлопчыкі ўнеслі мэблю і пайшлі фарбаваць веснічкі і аканіцы, а Марынка з Наташай пачалі прыбіраць у хаце. Яны старанна заслалі ложак гаспадара, накрылі свежым абрусам стол, павесілі на вокны адпрасаваныя, накрухмаленыя фіранкі. Працерлі і павесілі на месца партрэты сыноў дзеда Данілы ў шырокіх цёмных рамах. Памылі і спарадкавалі пасуду. Кожная рэч у доме старога рыбака цяпер стаяла на вызначаным ёй месцы і, як калісьці пры бабцы Тадоры, зіхацела чысцінёй.

— Ведаеш, што я надумала, Наташа? — сказала Марынка.— Давай будзем прыходзіць да дзеда Данілы кожны тыдзень. Яму будзе весялей з намі, а то ён зусім людзей цурацца пачаў, як бабка памерла.

— Абавязкова будзем прыходзіць,— згадзілася Наташа.— Глядзі, як хораша, нібы перад святам якім,— дадала яна, папраўляючы ля дзвярэй палавік.

Пастаяўшы з хвіліну на парозе, дзяўчынкі прычынілі дзверы і выйшлі на ганак. Сонца ўжо схілілася на захад і залівала ружовым святлом сцены дзедавай хаціны, садок і высокія старыя таполі.

— Ой, мяне ўжо, мабыць, зачакаліся дома,— усклікнула Наташа.— Міколка, мы сваю работу скончылі і ідзём дадому.

— Мы таксама зараз пойдзем. Вось толькі веснічкі яшчэ...

Дафарбаваўшы веснічкі, хлопчыкі выйшлі з двара і залюбаваліся на дзедаў домік.

— І сапраўды, як у той казцы пра рыбака і залатую рыбку. На месцы старой абшарпанай хаткі стаіць цяпер прыгожы беленькі дом,— сказаў Юрка.

— А цяпер купацца! — прапанаваў Андрэйка.— Глядзіце, якое спакойнае сёння мора. За мной!

— Ой, ды ты ўжо плаваць навучыўся! — здзівіўся Міколка, калі Паўлік следам за ім кінуўся ў ваду і паплыў уздоўж берага.

— Мы з ім і ныраць умеем,— пахваліўся Андрэйка.— Антон Паўлавіч нас навучыў.

Накупаўшыся ўволю, хлопчыкі селі на нагрэтыя сонцам каменні.

— Глядзіце, якія прыгожыя горы! Пасля дажджоў яны сталі зусім іншымі. От, мабыць, хораша там! — летуценна прамовіў Паўлік.

— А што, калі заўтра махнуць туды? — павярнуўся да Міколкі Андрэйка.— На ўвесь дзень.

— Цяпер можна. Дождж прайшоў, вады цягаць не трэба, вольнага часу хоць адбаўляй.

— Я не змагу,— адмовіўся Юрка.— Я заўтра з татам еду ў Феадосію. А вы ідзіце...

— Ну дык дамовіліся? Заўтра пасля снедання. Збор у мяне,— сказаў Міколка.

 

У гарах

Раніцай, як і было дамоўлена, Міколка, Андрэйка і Паўлік рушылі ў дарогу. Яны збіраліся прабыць у гарах увесь дзень, таму кожны ўзяў з сабой крыху ежы і пляшку вады.

— Пойдзем спачатку берагам,— прапанаваў Міколка.— Каля вады ісці лягчэй і весялей.

Мора было спакойнае. На пляжы ў гэты ранішні час не відаць ні душы. Толькі дзе-нідзе над амаль нерухомай паверхняй вады тырчалі галовы заўзятых купальшчыкаў.

Хлопчыкі знялі абутак і пайшлі па вадзе. Пясок пад нагамі быў мяккі і прыемна ласкатаў ногі. Вада ля берага — цёплая, ласкавая. Паветра, пранізанае ранішнім сонцам, пахла водарасцямі. Ціхі шаўковы плюскат хваль зліваўся з дружным стракатаннем цыкад у кустах глогу на схілах гор. Ісці вось так, берагам мора, ведаць, што наперадзе ў цябе доўгі харошы дзянёк, што побач з табой крочаць сябры, было вельмі радасна і прыемна. І хлопчыкі не заўважылі, як пасёлак застаўся далёка ззаду. Бераг пачаў звужацца, і каменныя аграмады скал усё бліжэй і бліжэй падступалі да мора.

Мінуўшы складзеную з каменняў рыбацкую хатку, вакол якой сушыліся разасланыя на зямлі і накінутыя на агароджу сеткі, хлопчыкі спыніліся.

— Давайце пакупаемся, перш чым падымацца ў горы,— сказаў Міколка.

Паўлік з Андрэйкам з радасцю сустрэлі гэтую прапанову.

Паклаўшы на беразе клуначкі з ежай, яны скінулі майкі і следам за Міколкам кінуліся ў ваду.

Пасля купання сябры адчулі сябе зноў бадзёрымі і дужымі. Прайшоўшы яшчэ з паўкіламетра, яны збочылі ўправа і апынуліся перад вялікай круглай гарой, схілы якой зараслі зялёна-рыжай калючкай і нізкім хмызняком.

— Гэта Лысая гара, падымемся спачатку на яе,— паказаў Міколка на вузкую сцежку, што шэрай звілістай стужкай вяла ўгору.

— Можа, пап'ём крыху, а то ў горле перасохла,— прамовіў Андрэйка, беручыся за пляшку.

— Калі з гэтага часу пачнём піць, дык у самую спёку застанемся без вады і прыйдзецца вяртацца ў пасёлак.

Андрэйка аблізаў засмяглыя губы, але пярэчыць Міколку не стаў.

— Хлопцы, ведаеце, што я прыдумаў? Давайце наладзім спаборніцтва. Хто даўжэй вытрымае без вады, таго будзем лічыць героем нашага паходу. Добра? — прапанаваў Паўлік.

— Добра,— згадзіўся Міколка.— Я люблю выпрабоўваць сілу волі. Мы аднойчы з Юркам паспрачаліся, хто даўжэй над агнём руку пратрымае. І я перамог. Во, і знак застаўся,— Міколка паказаў сябрам белую, падобную на знак ад воспы плямку ніжэй левага локця.

Падняўшыся на Лысую гару, хлопцы зрабілі прывал. Міколка паставіў перад сябрамі кубачак з клубнікай і запрасіў іх частавацца. Свежыя сакавітыя ягады былі вельмі дарэчы. Стомленыя доўгай хадой і спёкай — сонца пачало ўжо добра прыпякаць — хлопчыкі накінуліся на пачастунак, і кубак хутка паказаў сваё белае донца.

Адсюль, з вышыні, пасёлак выглядаў зусім маленькім. З гары вузкімі звілістымі струменьчыкамі збягалі ўніз камяністыя сцежкі. А навокал узнімаліся высокія каменныя гмахі скал. Усе разам яны нагадвалі сабой нейкі фантастычны акамянелы горад.

Паўліку яшчэ ніколі не даводзілася быць так высока ў гарах, і сэрца яго замірала, калі ён глядзеў уніз.

На момант яму нават здалося, што ён ужо ляціць у каменную бездань. Ён зажмурыўся і перасеў далей ад крутога абрыву.

Пасядзеўшы крыху на вяршыні, хлопчыкі пачалі спускацца ўніз, каб пачаць новы пад'ём на яшчэ больш высокую гару, вяршыня якой нагадвала старажытны замак з высокімі зубчастымі сценамі, вежамі і байніцамі.

— А што, калі гэта і сапраўды замак якога-небудзь сярэдневяковага рыцара або хана?!—усклікнуў Андрэйка.— І там схаваны дзе-небудзь старажытная зброя або скарбы? Вось было б здорава!

Падымацца на Замкавую гару, як назвалі яе нашы падарожнікі, было справай нялёгкай. Прыходзілася чапляцца за рэдкія сухія кусты і каменныя выступы. Сонца цяпер стаяла над самай галавой, і ад яго не было куды схавацца. Андрэйка больш не ўспамінаў пра скарбы... Затое ён некалькі разоў нясмела заводзіў гутарку аб тым, што варта вярнуцца назад, што нічога цікавага на гары, напэўна, няма. Але Паўлік з Міколкам не хацелі адступаць ад сваёй задумы, а каб лягчэй было ажыццявіць яе, прапанавалі гульню. Нібыта яны адважныя воіны, якія ўзяліся вызваліць сваіх таварышаў, што знаходзяцца ў палоне ў гэтым замку. Жыццё таварышаў у небяспецы, і толькі ад іх цяпер залежыць іхні лёс. Захопленыя гульнёй, хлопчыкі забыліся і на гарачыню, і на стому. Хапаючыся за каменныя выступы, за кусты, збіваючы да крыві ногі і рукі, яны крок за крокам пасоўваліся наперад.

І вось нарэшце, стомленыя, галодныя, з перасохлымі ад смагі губамі, яны пад сценамі таямнічага замка.

— Ура! — радасна крычаць сябры і кідаюцца на штурм.

«Ура-а-а!» — паўтарае іх воклічы рэха.

Нейкі час яны азартна шпурляюць каменні ў нябачнага ворага, а затым з пераможным клічам захопліваюць «замак».

— Давайце сцяг! — крычыць Паўлік, ускарабкаўшыся на адзін з выступаў скалы.

Міколка разгортвае хусцінку з ежай, прымацоўвае хусцінку да галінкі і падае яе Паўліку. І не бяда, што сцяг не чырвоны, а ружовы, з белымі крапінкамі! Хлопчыкі глядзяць на яго з захапленнем. Яны перамаглі ворага!

— А цяпер будзем баляваць! — весела гаворыць Паўлік.

Андрэйка рассцілае на зямлі белую сурвэтку, у якуюмама загарнула яму сняданак, і хлопчыкі складваюць на ёй усё, чым багаты.

Як прыемна падсілкавацца і ўволю напіцца вады пасля доўгага і цяжкага пад'ёму ў горы. Сябры адпачываюць, перакідваюцца жартамі, а пасля пяюць свае любімыя песні пра смелыя паходы, пра Чапаева, пра Валачаеўскія дні... Песні, падхопленыя рэхам, ляцяць далёка-далёка.

А сонца не стаіць на месцы, яно ўжо коціцца на захад. Пара вяртацца дадому, а то сцямнее, і тады не выбрацца з гэтага каменнага царства.

Спускацца з гары куды цяжэй, чым падымацца на яе. Кожную хвіліну можна паслізнуцца на гладкім камені і паляцець уніз. Стомленыя доўгім падарожжам ногі ступаюць ужо не так упэўнена і цвёрда. Усе ідуць моўчкі, не адрываючы вачэй ад сцежкі.

Адолеўшы нарэшце круты камяністы схіл і памахаўшы на развітанне Замкавай гары, не адпачываючы, рушылі далей. Да вяршыні Лысай гары хлопчыкі дабраліся даволі лёгка. Тут крыху пасядзелі і пачалі спускацца да мора.

— Зараз пакупаемся — і дадому! — радаваўся Андрэйка.— Мама ўжо, напэўна, сварыцца на бацьку, што ён дазволіў мне пайсці на ўвесь дзень.

— Ой! — пачуўся раптам спалоханы крык Паўліка.

Учапіўшыся рукой за куст, ён сядзеў на камені і трымаўся другой рукой за нагу. Паспрабаваў устаць і адразу ж са стогнам зноў апусціўся на камень.

— Відаць, вывіхнуў. Ступіць не магу,— крывячыся ад болю, сказаў Паўлік падбегшым сябрам.

— Як жа гэта ты? Дзе?

— Ступіў нядобра, а яна неяк падвярнулася і ажно трэснула...

— Можа, зламаў? — спалохаўся Андрэйка.— Мой тата пазалетась зламаў нагу, дык цэлы месяц у гіпсе ляжаў.

— Што ты каркаеш, як тая варона,— раззлаваўся Міколка.— Трэба нешта рабіць.

— І зусім я не каркаю, а кажу, як з маім татам было,— пакрыўдзіўся Андрэйка.

— Што ж рабіць? — паўтарыў Міколка, прыкідваючы вачыма адлегласць да мора.— Ведаеш, Паўлік, я зараз прысяду, а ты абхопіш рукой мяне за шыю, і паспрабуем спускацца на трох нагах. Толькі хворую падцягні ўгору.

— А я з другога боку буду падтрымліваць. Абапрыся на маё плячо,— прапанаваў Андрэйка.

— Добра, што бераг ужо блізка,— гаварыў па дарозе Міколка,— а каб там, на Замкавай гары, гэта здарылася? От бы пакукавалі...

Вось нарэшце і бераг. Хлопчыкі асцярожна апусцілі Паўліка на зямлю. Нага ў ніжнім суставе апухла, і калі Паўлік паспрабаваў паварушыць ёю, востры боль пранізаў аж да самага сэрца. Было ясна, што ісці далей ён не здолее.

Сонца ўжо схавалася за горы, ад высокіх скал на бераг упалі доўгія чорныя цені, ад мора пацягнула халадком.

— Як жа мы дабяромся дадому? — прашаптаў Паўлік.— Да пасёлка яшчэ далёка.

— Дабяромся, не бядуй. Вось толькі дома будуць хвалявацца...

— Вы ідзіце, навошта вам праз мяне непрыемнасці мець,— сказаў Паўлік.— Зойдзеце да дзядулі, і ён што-небудзь прыдумае. А я пасяджу, пачакаю.

— Як гэта мы цябе аднаго пакінем? — запярэчыў Міколка.— Давайце зробім так: Андрэйка няхай бяжыць да твайго дзядулі, а я каля цябе пабуду.

— Правільна! Я мігам! — не чакаючы згоды Паўліка, падхапіўся Андрэйка.

Змрок насунуўся неяк зусім нечакана. На сінім небе высыпалі яркія далёкія зоркі. Яны ўпалі ў мора і калыхаліся на яго чорнай, амаль нерухомай вадзе.

Незвычайная цішыня агарнула зямлю. Цішыня, ад якой на сэрцы рабілася нявесела і трывожна. Здавалася, што пад гэтым шырокім, усыпаным зоркамі небам Паўлік з Міколкам засталіся адны-адзінюткія.

— А страшна, мабыць, аднаму ў космасе? — прамовіў Паўлік.

— Вядома, страшна,— ніколькі не здзівіўся нечаканаму пытанню сябра Міколка. Яны, відаць, думалі аб адным і тым жа.

— Хутка, мусіць, нашы касманаўты на Месяц паляцяць,— летуценна прамовіў Паўлік.— Цікава, што яны знойдуць? Можа, там таксама калісьці жылі людзі?

— На Марсе, мабыць, і цяпер ёсць жывыя істоты,— сказаў Міколка.

І хлопчыкі пачалі расказваць адзін аднаму ўсё, што яны ведалі аб планеце Марс. Фантазія завяла іх так далёка, што яны забыліся пра ўсё на свеце. Паўлік нават пра хворую нагу забыў. І толькі калі пачулася стракатанне матора і сноп святла асвяціў бераг, Міколка ўсхапіўся на ногі і, размахваючы майкай, закрычаў:

— Сюды! Сюды!

Абдаўшы ўзбярэжны пясок шумлівай хваляй, белы катэр спыніўся ля берага.

 

Падарунак Нептуна

— Ну, альпініст, як справы? — уваходзячы ў пакой, пытае Антон Паўлавіч.

Ён прысаджваецца на край пасцелі і падае Паўліку вялікую залатую дыню.

— Гэта табе Юрка прынёс раніцай. Ты яшчэ спаў, і мы не хацелі будзіць цябе.

Дыня не вельмі радуе Паўліка. Яму крыўдна, што ён не можа пабегчы да сяброў, разам схадзіць да мора, а павінен валяцца ў пасцелі.

— Дзеду, а колькі мне яшчэ ляжаць з гэтай нагой?

— Ды дзянёк яшчэ прыйдзецца паляжаць.

— Дабегаўся, далазіўся па гарах,— дакорліва гаворыць маці.— Цэлымі днямі не стыкаўся, лётаў, а цяпер вось ляжы...

— Ну што ты на яго нападаеш? — перапыняе яе Антон Паўлавіч.— Грош цана таму хлопцу, які гузакоў ды сінякоў не носіць. Ён жа не дзяўчынка, каб увесь час за тваю спадніцу трымацца... Пакуль жаніцца — усё загаіцца,— усміхаецца дзед Паўліку.— Са мной яшчэ і не тое здаралася, калі быў такім.

— Вось-вось! Вы яшчэ яго навучыце, дык ён заўтра і галаву дзе-небудзь скруціць,— незадаволена бурчыць маці і выходзіць з пакоя.

— Дзядуля, раскажы мне пра свае прыгоды,— просіць Паўлік.

— Ці мала іх было, тых прыгод! Каб пра ўсе расказаць, дык і дня не хопіць.

— А ты мне пра адну якую-небудзь раскажы,— не сунімаецца Паўлік.

— Хіба што пра адну — згаджаецца дзядуля — Ну дык слухай. Раскажу табе, як мы мядзведзя ашукалі.

— Сапраўднага мядзведзя? — дзівіцца Паўлік.

— Самага сапраўднага.

І толькі гэта Паўлік выгадней уладкаваўся на ложку, каб слухаць дзядулю, як за акном пачуліся знаёмыя галасы.

— Вы пастойце тут, а я зайду ў дом, а то ўсім няёмка,— гэта гаворыць Міколка.

— Толькі глядзі не забудзь ад нас прывітанне перадаць, чуеш? — папярэджвае Марынка, і Паўлік уяўляе яе строгі твар, шэрыя вялікія вочы.

— А пра вінаград забыўся,— смяецца Наташа.

Дзядуля ідзе, адчыняе дзверы, і ў пакой уваходзіць Міколка. Ён усміхаецца Паўліку і стаўляе на стол міску з вінаградам.

— Гэта наш, самы ранні. Салодкі, як цукар,— кажа Міколка і сядае на крайчык ложка.— Ну, як нага, баліць?

— Ды не вельмі што баліць, але ляжаць яшчэ трэба,— гаворыць Паўлік.— Расцяжэнне сухажылля...

— А мы сёння са старшынёй калгаса гаварылі. Запрашаў нас на ўборку вінаграду. Кажа, работы ўсім хопіць...

— Міколка! — чуецца голас Наташы.

— Ой, ледзь не забыўся. Нашы табе прывітанне перадаюць, жадаюць, каб хутчэй папраўляўся. Ну, я пайшоў. Да заўтра!

Паўлік прыслухоўваецца да галасоў, якія паступова аддаляюцца і нарэшце зусім растаюць недзе там, пад гарой. Ён глядзіць на празрыстыя, нібы налітыя сонцам гронкі вінаграду і ўздыхае: «Хутчэй бы прыйшло тое заўтра!»

Раніцай, агледзеўшы Паўлікаву нагу, дзядуля сказаў:

— Ну можаш уставаць, альпініст, а то назе тваёй, чаго добрага, спадабаецца вылежвацца ў пасцелі, і яна зусім развучыцца хадзіць.

Пачуўшы гэта, Паўлік ускочыў з ложка і кінуўся абдымаць дзядулю.

— Пачакай, пачакай, не скачы гэтак! З нагой тваёй пакуль што трэба абыходзіцца беражна,— папярэджваў Антон Паўлавіч.

— А на мора можна пайсці? — пытае Паўлік.

— Дзень паходзіш каля хаты, а вечарам можна і на мора. Толькі памалу, асцярожна.

Паўлік быў на сёмым небе ад шчасця. А пад вечар да яго прыбег Андрэйка. Угледзеўшы, што Паўлік пахаджвае па двары, ён узрадавана ўсклікнуў:

— Ура! Дык ты ўжо на нагах! Здароў! — прывітаўся ён, працягваючы Паўліку руку.

— Пайшлі на мора,— замест адказу на прывітанне весела сказаў Паўлік.

— Пайшлі! — з радасцю згадзіўся той.— Засумаваўся, відаць, за морам, лежачы ў ложку?

— І не пытай! Думаў, звар’яцею ад нуды. А мора мне па начах снілася,— усміхнуўся Паўлік.

І вось перад вачыма Паўліка зноў шырокі марскі прастор, заліты перадвячэрнім ружовым золатам сонца. Хлопчык стаіць на высокім беразе і як зачараваны глядзіць у сінюю яго далячынь, слухае няспынны плюскат хваль, якія, даганяючы адна адну, набягаюць на бераг. Налюбаваўшыся ўдосталь, ён бярэ пад локаць Андрэйку, і яны асцярожна спускаюцца ўніз. '

— Ну як твая нага? Баліць? — спачувальна пытае Андрэйка.

— Балець-то яна не баліць, але хадзіць пакуль што шмат дзядуля забараніў.

— І правільна. Трэба, каб яна ў норму прыйшла, акрэпла. Гэта ж амаль два тыдні ты ляжаў у пасцелі. Дойдзем вунь да таго каменя і будзем адпачываць,— заўважае Андрэйка.

Хлопчыкі ідуць павольна ўздоўж берага, акаймаванага вузенькім белым паяском пены. А вось і камень. Адшліфаваны вадой, ён нагадваў галаву нейкага волата-мядзведзя з шырока разяўленай пашчай.

— Зараз адпачнем крыху і дадому, а то дзядуля будзе гневацца, што я...

Паўлік не дагаварыў. Ён зрабіў некалькі паспешлівых крокаў наперад, нахіліўся і падняў бутэльку, якую проста яму пад ногі выкінула мора.

— Глядзі, Андрэйка, бутэлька нейкая... А ў ёй паперка,— сказаў Паўлік, аглядаючы знаходку.

— Цікава...— Андрэйка ўзяў бутэльку, пакруціў яе ў руках, а пасля, зірнуўшы на Паўліка, прамовіў: —А што, калі мы яе аб камень ды дастанем гэтую паперку? А? Можа, на ёй што напісана?

Ён хацеў было ўжо выканаць сваё жаданне, але Паўлік схапіў яго за руку.

— Нельга. Трэба занесці яе дзядулю, і хай ён сам з ёю разбярэцца.

Андрэйка не пярэчыў. Ён аддаў бутэльку Паўліку, і яны разам заспяшаліся да Антона Паўлавіча.

— Эге! — выгукнуў, усміхаючыся, дзядуля, беражна беручы ад Паўліка бутэльку.— Паглядзім, што за пісьмо прыслаў нам Нептун.

Дзядуля сеў да стала, дастаў з кішэні сцізорык, надзеў акуляры і пачаў асцярожна адкаркоўваць бутэльку. Паклаўшы корак на стол, ён пінцэтам дастаў з бутэлькі скручаную ў трубачку паперку, не спяшаючыся разгарнуў яе і пачаў чытаць.

«Трымаемся да апошняга патрона, да апошняй кроплі крыві. Ужо трэці дзень адбіваем атакі фашыстаў. Нас засталося ўжо толькі чацвёра — механік Якубовіч, малодшы сержант Пятроў, матрос Астапаў і я, капітан Сініцын. Загінем, але ворагу не здамося! Смерць за смерць! Бывайце, таварышы!»

Прачытаўшы запіску, Антон Паўлавіч усхвалявана ўсклікнуў:

— Сініцын! Сцяпан Сініцын! Мой сябар! А я ўсё гадаў, дзе ён, ці жывы хаця. У вайну мы развіталіся з ім у Севастопалі і болей не сустракаліся. Дык выходзіць, што «Смелы», якім ён камандаваў, патануў разам са сваім капітанам.

Антон Паўлавіч нейкую хвіліну сядзеў моўчкі, час ад часу падносячы да вачэй пісьмо капітана Сініцына. Пасля ён уздыхнуў, дастаў з кішэні сваю запаветную люльку, раскурыў яе і, скруціўшы ў трубачку паперку, пачаў засоўваць яе назад у бутэльку.

— Бутэльку гэтую мы адашлём у Севастопаль. Хай даведаюцца людзі, калі і пры якіх умовах загінула каманда капітана Сініцына. Дзякуй Нептуну, што ён падарыў нам гэта пісьмо. Хоць прыйшло яно да нас з вялікім спазненнем, але мы даведаемся сёння аб лёсе нашых адважных маракоў, аб лёсе капітана Сініцына. Эх, Сцяпан! — сумна прамовіў Антон Паўлавіч, беручыся зноў за сваю люльку.

— Але ж і доўга вандравала ў моры гэта бутэлька. Ад канца вайны мінула ўжо ажно трыццаць гадоў,— заўважыў Паўлік.— Маруда ўсё ж гэты хвалёны бог мора — Нептун.

— Гэта праўда, з дастаўкай на бераг пісьмаў пошта Нептуна не вельмі спяшаецца. Я вылавіў некалі бутэльку з пісьмом, якое было напісана ажно ў 1750 годзе,— заўважыў Антон Паўлавіч.

— Ого! — усклікнуў Андрэйка і, памаўчаўшы хвіліну, дадаў: — Цікава, хто прыдумаў гэтую бутэлькавую пошту.

— На жаль, на пытанне гэтае адказаць пакуль што цяжка. Ёсць, праўда, меркаванне, што вынаходцам яе з’яўляецца Хрыстафор Калумб. У 1493 годзе на шляху ў Еўропу дзве каравелы Калумба трапілі ў жудасны шторм. Калі каравела «Нінья», якой камандаваў Калумб, пачала тануць, вялікі генуэзец перапісаў усе важнейшыя старонкі судовага журнала, адрасаваў іх каралеве Ізабеле Першай і, схаваўшы ў бочачку, кінуў у мора. Праўда, толькі ў 1852 годзе, амаль праз 360 год, капітан амерыканскай шхуны Джон Хайнас вылавіў гэтае «пісьмо» Калумба ля берагоў Гібралтара.

— Ажно праз 360 гадоў? Вось гэта здорава! — усклікнуў Андрэйка.

— Пошта Нептуна, сябры, налічвае ўжо сотні год. Даўней, калі не было яшчэ радыё, яна была адзіным сродкам інфармацыі аб лёсах загінуўшых караблёў. На працягу толькі апошніх шасцідзесяці год людзі вылавілі каля 500 пісьмаў-бутэлек. Цікавая гісторыя адбылася зусім нядаўна, у 1949 годзе, з хлопчыкам аднаго з рэстаранаў у Сан-Францыска. Ён знайшоў бутэльку з вельмі цікавым пісьмом. Вось што было напісана ў ім: «Лондан. 20 ліпеня 1927 года. Я завяшчаю сваю спадчыну чалавеку, які знойдзе гэту бутэльку, і майму адвакату Бары Кохену на аднолькавых умовах». Спачатку хлопчык падумаў, што гэта жарт. Хутка аднак высветлілася, што завяшчанне гэтае належыць былой уладальніцы вядомай на ўвесь свет фірмы Зінгер Дэйзі Аляксандр, памершай у 1940 годзе. Капітал яе складаў 12 мільёнаў долараў.

— Ого! Пашанцавала хлопцу! — не стрымаўся Андрэйка.

— Ды не вельмі, мой хлопча. Праўда, адвакат Бары Кохен быў яшчэ жывы і з радасцю ўхапіўся за завяшчанне сваёй памершай кліенткі. Але прадстаўнікі фірмы выступілі супраць яго, спасылаючыся на тое, што бутэлька, кінутая ў Лондане, ніяк не магла трапіць ажно ў Сан-Францыска, неверагодным здаваўся яе такі далёкі шлях. А між тым некаторыя з гэтых пісьмаў-бутэлек, перш чым трапіць у рукі людзей, зрабілі вельмі далёкае падарожжа. Рэкорд у гэтых адносінах належыць бутэльцы, якую назвалі «Лятучы галандзец». Яе кінулі ў мора ў 1929 годзе англійскія гідрографы каля Тасманіі. Праз шкло быў відаць надпіс на некалькіх мовах: «Таго, хто знойдзе бутэльку, просім паведаміць, дзе і калі ён знайшоў яе, і кінуць зноў у мора». На працягу шасці год «Лятучы галандзец» абышоў зямны шар і дапамог вучоным адкрыць некалькі невядомых марскіх цячэнняў.

Хлопчыкі з захапленнем слухалі Антона Паўлавіча. Шмат цікавых гісторый расказаў ім стары марак у гэты ціхі жнівеньскі вечар.

— Цяпер гэтыя Нептунавы пісьмы-бутэлькі мне будуць сніцца па начах,— развітваючыся з Паўлікам, сказаў Андрэйка.— А дзядуля ў цябе — во!—узняў ён угору вялікі палец.— Не дзядуля, а сапраўдная энцыклапедыя.

 

Як Юрка з Паўлікам шпіёна лавілі

Камень быў вялікі, адшліфаваны марскімі хвалямі і вятрамі. ён нагадваў сабой гіганцкую казачную чарапаху, што, накупаўшыся ўволю, хацела вылезці на бераг, ды так і застыла ў бухце на доўгія вякі.

— Давай забяромся на яго,— сказаў Паўлік.— Як на востраве будзем, праўда?

— А твая нага! Не баішся? — спытаў Юрка.

— Дзед казаў, я ўжо танцаваць магу. А тут па каменнях, з аднаго на другі — іх вунь колькі! —лёгка дабяромся.

— Тады давай,— згадзіўся Юрка і першы ступіў у ваду.

І вось яны ўжо на спіне каменнай чарапахі. Тут неглыбока, і зверху добра відаць усё, што робіцца на дне. Сярод каменняў поўзаюць нейкія вадзяныя жукі, варушацца маленькія чорныя крабікі. Іх шмат, і назіраць за імі вельмі цікава.

— Ціха, хто гэта? — раптам прашаптаў Юрка.— Чуеш?

Злева з-за скалы пачуліся ўсплёскі вёсел, затым галасы.

Хлопцы прыслухаліся. Размаўлялі двое. Адзін голас — густы, басавіты. Другі — мяккі і крыху дзіўны: чалавек дрэнна вымаўляў «р» і нібы глытаў канчаткі некаторых слоў.

— Ну, Джоні, бывай,— сказаў бас.— Можаш вяртацца на базу.

— Калі сустрэнемся? — запытаў картавы.

— Праз тыдзень, як дамовіліся. На гэтым жа месцы. Спадзяюся к таму часу ўсё закончыць...

Юрка схапіў Паўліка за руку і моцна сціснуў яе. Вочы ў яго зрабіліся круглымі, і ўвесь ён у гэты момант чымсьці нагадаў Паўліку іхняга ката Мурзу, калі той, седзячы на падаконніку, цікуе за вераб’ямі.

— Чуеш, якое імя? Джоні! Не наша, замежнае,— горача зашаптаў Юрка ў самае вуха Паўліку.— Можа, гэта шпіёны ад турэцкага берага да нас прыплылі? Схаваемся за камень.

Хлопчыкі спусціліся ніжэй. Аднак галасоў больш не было чуваць. Усплёскі вёсел аддаляліся.

— А можа, гэта рыбакі? — усумніўся Паўлік.

— Якія табе рыбакі! — злосна адмахнуўся Юрка.— Джоні! Дзе ты чуў у нас такое імя?

У гэты час з-за скалы паказаўся чалавек з чамаданчыкам у руцэ. Ён ішоў паўз самую ваду па пяску пляжа і спакойна пыхкаў папяросай. На чалавеку быў матроскі нацельнік, з-пад сіняга берэта выбіваліся чорныя кучаравыя валасы. На грудзях у незнаёмага вісеў бінокль.

Прыпыніўшыся насупраць каменя, на якім затаіліся хлопчыкі, чалавек кінуў папяросу, глянуў у адзін бок, у другі і, не спяшаючыся, пакрочыў далей па беразе.

— Ой, нехта за нагу ўшчыпнуў! — усклікнуў раптам Паўлік.

Юрка заціснуў яму рот далонню і злосна прашыпеў:

— Маўчы! Усю справу сапсуеш. Краба спалохаўся.

Ён нахіліўся і адарваў ад Паўлікавай нагі маленькага чорнага краба.

— Эх, каб была зброя!—ледзь не прастагнаў Юрка.— Мы б яго як бачыш затрымалі! Ну, ды нічога, нікуды ён ад нас не ўцячэ. Пайшлі следам! Толькі ціха...

Сябры асцярожна перабраліся зноў на бераг і падышлі да таго месца, дзе толькі што стаяў незнаёмы.

— Вось! — убачыўшы між каменьчыкаў белы муштук папяросы, узрадавана ўсклікнуў Паўлік. Ён ужо і сам паверыў у тое, што незнаёмы — чужы чалавек.

Юрка коршакам рынуўся да знаходкі.

— Наша, савецкая,— расчаравана прамармытаў ён, прачытаўшы на муштуку выразны надпіс: «Казбек». І тут жа, не задумваючыся, вырашыў: — Маскіруецца. Яны, брат, шпіёны народ асцярожны. Іх голымі рукамі не возьмеш.

Юрка гаварыў так упэўнена, нібы яму ўжо не раз даводзілася лавіць шпіёнаў.

— На зямлю! — тузануў ён раптам Паўліка за плячо.— Бачыш, спыніўся, азіраецца. Заўважыць нас, адразу сцяміць, што мы сочым за ім, і дасць ходу.

Чалавек з біноклем стаяў зараз на сцежцы, што вяла ў пасёлак, і аглядаў наваколле. Праз хвіліну ён рушыў далей. Хлопчыкі заспяшаліся за ім.

— Глядзі, газіроўку купляе,— штурхнуў Паўліка пад бок Юрка.— Цікава, якімі грашыма ён разлічвацца будзе?

Калі чалавек напіўся і пайшоў, Юрка падбег да кіёска з вадой, што стаяў ля шашы, якраз на паўдарозе паміж пасёлкам і пляжам, і запытаў у прадаўшчыцы:

— Скажыце, калі ласка, як разлічыўся з вамі гэты дзядзька?

Прадаўшчыца нейкі час здзіўлена глядзела на Юрку, потым сказала:

— Звычайна. Даў мне вось гэтыя дваццаць капеек, узяў рэшту і пайшоў.

Юрка доўга і ўважліва разглядаў дваццацікапеечную манету, узважваў яе на далоні, стукаў ёю аб прылавак.

— Ды што табе трэба, хлопча? — падазрона глянула на Юрку прадаўшчыца і, выхапіўшы з яго рук манету, кінула яе ў скрынку.

— Пайшлі,— шапнуў Паўлік,— а то яшчэ праваронім гэтага тыпа.

Хаваючыся за парканы і дрэвы, сябры назіркам падаліся за незнаёмым.

А чалавек ішоў сабе па шашы і нават паціхеньку насвістваў нейкую даволі знаёмую хлопчыкам мелодыю.

— Свішчы, свішчы, галубок. Паглядзім, як ты пасля засвішчаш! — мармытаў сам сабе пад нос Юрка.

— І куды гэта ён ідзе? Няўжо яго хто-небудзь у пасёлку чакае? — дзівіўся Паўлік.

— Зараз даведаемся, з кім ён тут сябруе.

— Вось будзе здорава, калі натрапім на цэлае шпіёнскае гняздо! Гэта будзе цікавей за наш кулямёт, праўда?

— Параўнаў! — зняважліва кінуў Юрка.

— Ой, Юрка, глядзі, чаго гэта ён да дзядулевага дома збочыў? — здзіўлена ўсклікнуў Паўлік, спыняючыся.

— Цікава, цікава...— шматзначна прамовіў Юрка.— А ну пайшлі следам.

Як толькі чалавек з біноклем апынуўся ля веснічак, Паўлік, абганяючы Юрку, кінуўся дадому. Хлопчыкі ўскочылі ў двор і аслупянелі ад здзіўлення. Насустрач незнаёмаму спяшаўся дзядуля.

— Сяргей! Якім ветрам занесла цябе да нас? Адкуль? — радасна прыгаворваў Антон Паўлавіч, абдымаючы чалавека з біноклем.

Яны доўга і шумна віталіся, паціскалі адзін аднаму рукі, смяяліся.

— Маці, глядзі, хто да нас прыйшоў! Ці пазнаеш госця? — весела спытаў у бабулі дзед, калі тая выйшла на ганак.

Усе трое яны пайшлі ў дом.

Паўлік з хвіліну глядзеў на расчараванага і збянтэжанага Юрку, а пасля схапіў яго за руку і пацягнуў за сабой.

— Знаёмцеся, унучкі,— сустрэў іх дзядуля.— Гэта славуты даследчык марскіх глыбінь.

— Навошта так гучна, Антон Паўлавіч,— крыху сумеўся незнаёмы.— Проста вывучаем жыццё нашых марскіх жыхароў.— Ён па-сяброўску падміргнуў хлопчыкам і па чарзе паціснуў ім рукі.— Сяргей Сцяпанавіч Сініцын,— адрэкамендаваўся ён.

— Сініцын?! — здзіўлена перапытаў Паўлік.

— Так, Сініцын. Патомак чарнаморскіх рыбакоў і матросаў Сініцыных. А чаму гэта ты так падазрона глядзіш на мяне?

— А Сцяпан Сініцын вам не сваяк? — запытаў Паўлік.

— Сцяпанам звалі майго бацьку. Ён загінуў недзе ў гэтых мясцінах. Ён...

— Ой, дык я ж ведаю яго! — усклікнуў Паўлік.

— Адкуль жа ты яго можаш ведаць, хлопча, калі ён загінуў больш як трыццаць год назад,— нявесела ўсміхнуўся Сяргей Сцяпанавіч.

— Дзеду, выходзіць, тую запіску, што мы знайшлі ў бутэльцы, пісаў бацька Сяргея Сцяпанавіча? — звярнуўся Паўлік да дзеда.

— Ён самы,— адказаў Антон Паўлавіч.

— Якая запіска? Дзе яна? — усхвалявана запытаў госць.

— Запіска твайго бацькі знаходзіцца зараз у Севастопалі. А як і дзе знайшлі, хай табе раскажа сам Паўлік.

І Паўлік пачаў расказваць, якім чынам трапіла да яго пісьмо капітана Сініцына. А калі ён скончыў свой расказ, Сяргей Сцяпанавіч сказаў:

— Заўтра ж паеду ў музей і папрашу, каб запіску аддалі мне, а сабе пакінулі копію. Запіска бацькі! Я ж быў вось такім хлапчуком, як вы зараз, калі ён на вайну пайшоў...

Паўлік з Юркам і не агледзеліся, як пасябравалі з Сяргеем Сцяпанавічам. Ён расказваў ім пра свайго бацьку, пра навукова-даследчую экспедыцыю, у якой ён удзельнічае і якая вывучае жывёльны і раслінны свет Чорнага мора, пра свайго намесніка з незвычайным імем Джоні...

Да самага вечара хлопчыкі з захапленнем слухалі яго расказы. Развітваючыся ля веснічак з Паўлікам, Юрка папрасіў:

— Ты ж глядзі, не ўздумай толькі рабятам расказваць, як мы шпіёна лавілі, а то жыцця не будзе, засмяюць.

— Не скажу, не скажу,— паабяцаў Паўлік.— Спі спакойна.

 

Вінаград паспеў

У пасёлку сёння ціха і бязлюдна. Затое на вінаградных плантацыях калгаса з самага ранку стаіць вясёлы шматгалосы гоман. Ураджай сёлета багаты, і, каб зняць яго своечасова, патрэбна нямала людзей.

Напярэдадні Міколка сабраў у штабе свой атрад.

— Заўтра ўранні пойдзем на вінаграднік,— сказаў ён.— А табе, Марынка, прыйдзецца над дзіцячым садам шэфства ўзяць. На час уборкі туды прывядуць многа дзяцей, вось і будзеш дапамагаць...

— Добра,— узмахнула доўгімі вейкамі Марынка.

— Я таксама пайду з вамі,— абазваўся Паўлік.— Нага мая ўжо зусім не баліць. Нават бегаць магу, праўда, Юрка?

— Ну, бегаць па вінаградніку надта не трэба,— усміхнуўся Міколка. І ўжо сур’ёзна закончыў: — Значыць, роўна ў шэсць буду чакаць вас. Дамовіліся? Глядзіце толькі не праспіце,— папярэдзіў ён.

— Не праспім! Не бойся,— адгукнуліся сябры.

Наташа прыйшла да Міколкавых веснічак самай першай.

Азірнуўшыся навокал, яна ўсміхнулася і схавалася ў кустах бэзу, што рос перад вокнамі.

Неўзабаве бразнулі веснічкі, і з двара, напяваючы песеньку, выйшаў Міколка. Ён прысеў на лаўку, што стаяла пад таполямі, і пачаў чакаць сяброў. Праз нейкі час на шашы паказаліся Андрэйка, Юрка і Паўлік.

— А што, Наташа яшчэ не прыходзіла? — запытаў падыходзячы Юрка.— Дзіўна,— паціснуў ён плячыма.

— А што тут дзіўнага. Усе дзяўчынкі — соні,— зняважліва кінуў Андрэйка.— Хадзем, чаго яе чакаць?

— Не, пачакаем крышку,— не згадзіўся Міколка.

Хлопчыкі паселі на лаўку і пачалі лузгаць семкі, якімі надзяліў усіх Юрка.

— Ну, пайшлі,— сказаў Міколка, калі з рэпрадуктара паліліся пазыўныя Масквы і крамлёўскія куранты адлічылі шэсць удараў.— Ніколі не думаў, што Наташа нас падвядзе.

— Ку-ку! — пачулася ў кустах бэзу.— Ку-ку!

— Наташка! —усклікнуў Юрка.

Наташа з вясёлым смехам выбегла з кустоў. Праз хвіліну рабяты вясёлай гаманлівай чародкай крочылі па дарозе, што вяла на вінаграднікі.

— Што, арляняты, дапамагаць прыйшлі? — прывітаў дзяцей старшыня калгаса.— Да каго ж мне вас прыкамандзіраваць?

— Не трэба нас прыкамандзіроўваць. Мы самі па сабе працаваць будзем, дзядзька Астап,— запярэчыў Міколка.— Скажыце толькі, дзе нам стаць.

— Ого, якія вы малайцы-ўдальцы! — усміхнуўся Астап Назаравіч і, дастаўшы з кішэні хустачку, пачаў выціраць узмакрэлы лоб.

Правай рукі ў Астапа Назаравіча няма. Ён страціў яе на вайне, недзе пад Смаленскам. З таго часу правы пусты рукаў яго гімнасцёркі заўсёды акуратна запраўлены пад шырокі скураны рэмень з бліскучай спражкай.

— Ну што ж, самі дык самі,— падумаўшы, згадзіўся старшыня і, гукнуўшы ўчотчыцу, загадаў адвесці Міколкавай брыгадзе асобны ўчастак.— У добры час, брыгадзір! — пажадаў ён Міколку.— Кошыкі з вінаградам будзеце зносіць у канец участка, да дарогі, а ўвечары здасце вінаград на прыёмны пункт. Там і ўбачымся.

Пад лёгкім ветрыкам таямніча шэпчуцца аб нечым высокія вінаградныя лозы. Сярод густога лісця вісяць залацістыя, быццам налітыя сонцам, цяжкія гронкі. Міколка, Андрэйка і Наташа знімаюць і складваюць іх у вялікія круглыя кашы, а Юрка з Паўлікам адносяць гэтыя кашы да дарогі.

— Калі зморыцеся — памяняемся месцамі,— сказаў Міколка.

Недзе зусім блізка чуецца вясёлы смех, а праз хвіліну звонкі дзявочы голас запявае песню.

— Гэта наша Аксана,— гаворыць Міколка і ўслухоўваецца ў пяшчотную мелодыю ўкраінскай песні.

А песня, падхопленая дружнымі дзявочымі галасамі, нібы крылатая вольная птушка, плыве над шырокімі прасторамі. Свавольнік вецер нясе яе далёка, далёка, аж да самых гор, што застылі ў задуменні пад сінім купалам неба.

— Выходзіць, побач з намі працуе брыгада камуністычнай працы,— кажа Юрка — Трэба нам паднаціснуць, каб не адстаць.

За працай час бяжыць непрыкметна. Рабяты і не заўважылі, як сонца ўзнялося высока ўгару і павісла гарачым распаленым шарам над іх галовамі. І толькі калі нехта ўдарыў у рэйку, абвяшчаючы абедзенны перапынак, усе адчулі, што ногі і рукі гудуць ад стомы. Аднёсшы кашы з вінаградам да дарогі, рабяты пайшлі пад павець, у цяньку якой стаяў доўгі, збіты з дошак стол і лаўкі. На стале, засланым новенькімі цыратамі, паравалі міскі з духмяным украінскім баршчом, ляжалі высокія, акуратна нарэзаныя стосікі свежага хлеба.

Гаспадарыла пад павеццю маці Юркі, высокая статная кабета з ветлівым загарэлым тварам.

— Вось і памочнікі нашы прыйшлі,— ласкава прывітала яна рабят.— Сядайце, даражэнькія мае, я вас зараз свежым баршчом ды варэнікамі пачастую.

Пасля працы на свежым паветры апетыт ва ўсіх быў цудоўны.

— Мо дабаўка каму патрэбна, дык вы, даражэнькія, не саромцеся, кажыце,— прыгаворвала гаспадыня, завіхаючыся ля стала.

Паўліку яшчэ ніколі не даводзілася абедаць у такой вялікай шумнай кампаніі, і яму прыемна было адчуваць, што ён таксама належыць да гэтай дружнай працоўнай сям’і, жыве яе радасцямі і клопатамі.

Пад павеццю было шумна, як на кірмашы. Вясёлыя жарты і смех перапляталіся з гаворкай аб надзённых калгасных справах. Людзі радаваліся багатаму ўраджаю, параўноўвалі яго з леташнім, нешта падлічвалі, раіліся, як найхутчэй скончыць уборку.

— Пабягу разведаю, колькі сабрала брыгада тваёй сястры,— шапнуў Міколку Юрка і, вылезшы з-за стала, падаўся на вінаграднік.

Падлічыўшы кашы, што стаялі на ўчастку Аксаны, Юрка заклапочана пакруціў галавой і заспяшаўся да Міколкі.

— Справа дрэнь,— паведаміў ён.— Паводле самых дакладных падлікаў, выходзіць, што нашы суседзі вырваліся далёка наперад. Кожны з іх сабраў на пяць кашоў больш вінаграду, чым мы.

— Трэба будзе пастарацца пасля абеду,— пачухаў патыліцу Міколка.

— Але ж і так ніводнай лішняй хвілінкі не адпачывалі,— заўважыла Наташа.— Можа, яны менш у кашы кладуць?

— Ого! Я сам бачыў, у іх усе кашы даверху напоўнены. Ды і навошта ім паўпустыя кашы здаваць. Вінаград жа ўсё роўна на прыёмным пункце ўзважваць будуць.

— А што, калі не чакаць канца перапынку, а ўзяцца за работу зараз? — прапанаваў Андрэйка.

— І праўда! Чаго нам чакаць, калі мы ўжо даўно паабедалі? — згадзіўся Паўлік.

— Хай яны сабе адпачываюць на здароўе, а мы іх даганяць будзем,— хітра падміргнуў Юрка.

Рабяты тут жа падхапіліся і пабеглі на свой участак.

Яны працавалі з невялікімі перапынкамі, аж пакуль сонца, завяршаючы свой шлях, не паружовіла вяршыні гор.

— Ой! Здаецца, скура на спіне зараз лопне,— распраўляючы плечы, усклікнуў Юрка.

— Пакупаемся зараз — і як рукою боль зніме,— супакоіў яго Міколка.

— У цябе ад усіх хвароб адно лякарства — мора,— засмяялася Наташа.

— А што, хіба я няпраўду кажу? Вось зараз сама ўбачыш, як мора з цябе ўсю стому змые. Мора, яно чалавеку сілу вяртае...

Калі ўвесь сабраны рабятамі за дзень вінаград быў пагружаны на грузавік, Наташа села побач з шафёрам у кабіну.

— Глядзі там добра, каб ніякай памылкі не выйшла,— наказваў Міколка.— Мы цябе будзем чакаць у бухце, каля каменнай чарапахі.

— Добра!

Машына кранулася. Хлопчыкі нейкі час пазіралі ёй услед, а пасля рушылі да мора.

З ціхім плюскатам набягалі на бераг хвалі, шапацелі ў каменьчыках, прыемна казыталі ногі. Вада была ласкавая і мяккая, як шоўк, і хлопчыкі з асалодай ныралі і плавалі, пакуль не ўбачылі Наташу. Яна спускалася ў бухту і яшчэ здалёк размахвала хусцінкай і нешта крычала. Хлопчыкі кінуліся ёй насустрач.

— Наша брыгада заняла сёння чацвёртае месца. Астап Назаравіч нас так хваліў, так хваліў, мне аж няёмка было,— задыхаючыся ад хуткай хады, паведаміла Наташа.

— Заўтра зноў пойдзем на вінаграднік,— сказаў Міколка.

— Вядома, пойдзем! — падтрымалі яго Юрка і Паўлік.— І пастараемся дагнаць Аксаніну брыгаду.

— А цяпер — вячэраць!

Андрэйка першы выскачыў з вады і пабег па сцежцы ў пасёлак.

— А што! Хіба няпраўда, што мора сілу чалавеку вяртае? — сказаў Міколка.— Бачыш, як Андрэйка смаліць, толькі пяткі блішчаць.

Наташа засмяялася і кінулася даганяць Андрэйку. Следам за ёю пабеглі Міколка і Юрка.

А Паўлік, развітаўшыся з сябрамі, адразу ж звярнуў на сцяжынку, што вяла дадому.

— З'явіўся нарэшце,— сустрэла яго бабуля.— А мы ўжо збіраліся без цябе вячэраць, думалі, ты заначуеш на вінаградніку.

— Каб яшчэ крыху, дык мы дагналі б брыгаду Міколкавай сястры,— пахваліўся Паўлік.— Па пяць кашоў на брата сабралі б яшчэ — і дагналі б. Ды нічога. Заўтра мы іх абавязкова дагонім.

— Ну, калі сёння апоўначы пойдзеце на вінаграднік, дык, можа, і дагоніце,— пажартавала мама.

«А што, калі і сапраўды выйсці раней. Не апоўначы, вядома, а так за гадзіны дзве да пачатку работы? — думаў за вячэрай Паўлік.— За дзве гадзіны можна вунь колькі зрабіць! Пабягу да Міколкі, параюся».

 

Гарачы дзянёк

Яшчэ толькі-толькі пачало світаць, а Паўлік быў ужо на нагах. Пакінуўшы маме запіску, ён асцярожна вылез праз акно і пабег у пасёлак. Каля хаты Міколкі ён тройчы ціхенька свіснуў.

— А я думаў, што мне прыйдзецца будзіць цябе,— усміхнуўся Міколка, выбегшы на яго сігнал.

— Я калі захачу, дык сярод ночы магу прачнуцца. Мне і будзільнік ніякі не патрэбны. Задумаю звечара а якой гадзіне ўстаць — і абавязкова ўстану,— сказаў Паўлік.

Неўзабаве па дарозе, што вяла на вінаграднікі, ужо крочыла гаманлівая чародка дзяцей. Наперадзе ішлі Юрка з Наташай, а следам за імі Андрэйка, Міколка і Паўлік. Навокал стаяла ўрачыстая перадранішняя цішыня, і толькі недзе справа за гарой цяжка ўздыхала вечна нястомнае мора.

— Хлопчыкі, дзед Тарас, — спалохана ўсклікнула Наташа і шмыгнула ў густыя зялёныя зараснікі.

Следам за ёю кінуліся і хлопчыкі.

— Ён, мабыць, не бачыў нас,— прашаптаў Юрка.— Давайце ціхенька абыдзем...

Але тут вартаўнік вінаградніку падняўся з каменя, на якім дагэтуль сядзеў, і, штосьці мармычучы сабе пад нос, пайшоў па дарозе. Параўняўшыся з тым месцам, дзе схаваліся рабяты, ён крыху пастаяў, паслухаў і рушыў далей.

— Ой, як добра, што ён нас не заўважыў! — з палёгкай уздыхнула Наташа.— А то, чаго добрага, нарабіў бы шуму і сарваў усе нашы планы.

Калі дзед Тарас крыху адышоўся, рабята падаліся глыбей у вінаградныя зараснікі.

— Вось і наш участак,— сказаў Юра.— Зараз як возьмемся, дык да абеду ўсіх абгонім. Вось толькі кошыкаў малавата, а падвозіць іх пачнуць не раней як гадзіны праз дзве. У што ж будзем складваць вінаград?

— Знайшоў аб чым бедаваць,— хмыкнуў Юрка.— Будзем складаць на траву, а як падвязуць кашы, мігам спарадкуем.

У густых, абсыпаных срэбнымі пацеркамі расы, лозах панаваў ранішні халадок. Работа спорылася, і неўзабаве ўсе кашы, што засталіся з вечара, былі даверху напоўнены. Рабяты пачалі складваць вінаград у кучу.

— Я не я буду, калі мы сёння не перагонім Аксану,— хваліўся Юрка.

— Не кажы гоп, пакуль не пераскочыў,— астудзіў яго запал Міколка.

Рабяты стараліся адзін перад адным. І хутка сярод лоз узвышалася ўжо даволі высокая горка вінаграду.

— Зірніце, як прыгожа! — усклікнуў Паўлік, глянуўшы на пранізаныя першымі праменнямі вінаградныя гронкі.

І тут раптам здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Дзед Тарас, робячы свой апошні перад пачаткам працоўнага дня абход, пачуў галасы рабят і пашыбаваў проста да іх.

— Ні з месца! — грозна закрычаў ён, узнімаючы старэнькую аднастволку.— Страляць буду, разбойнікі!

Спачатку ўсе шуганулі хто куды. Першым апамятаўся Міколка. Ён вярнуўся да вартаўніка і пачаў быў тлумачыць, чаму яны так рана апынуліся на вінаградніку, але той і слухаць яго не захацеў.

— Пайшлі ў праўленне. Астап Назаравіч разбярэцца, што да чаго. Думаеце, як я стары, дык мяне можна вакол пальца абвесці? А ну, марш!

Ён пагражальна наставіў стрэльбу, і рабятам нічога не заставалася, як скарыцца.

Некалькі разоў палонныя спрабавалі пачынаць з дзедам Тарасам перагаворы, але той і гаварыць не даваўся.

— Які гэта злодзей прызнаецца, што ён злодзей,— бурчаў ён.— Кожны маніць, выкручваецца, як вужака... Не першыя вы ў мяне пад канвоем маршыруеце.

— І як гэта мы забыліся на дзеда! — у роспачы гаварыла Наташа.

— Не бядуйце. Астап Назаравіч ва ўсім разбярэцца. Толькі б хутчэй трапіць да яго,— супакойваў сяброў Міколка.

Настрой ва ўсіх быў сапсаваны. Яны столькі збіраліся зрабіць, пакуль выйдуць на работу калгаснікі, даражылі кожнай хвілінай, а цяпер гэтулькі часу гіне марна. Рабяты скоса пазіралі на дзеда Тараса, які важна крочыў ззаду са сваёй аднастволкай, і дакаралі самі сябе за тое, што былі такімі неасцярожнымі.

Дайшоўшы да таго месца, дзе канчаліся вінаграднікі і дарога збочвала ў пасёлак, дзед Тарас скамандаваў:

— Стойце. Далей не пойдзем. Не магу ж я праз вас пакінуць свой пост. Сядайце, будзем чакаць, пакуль прыйдуць на работу людзі.

— Як гэта чакаць? — абурыліся рабяты.— Мы не можам сядзець склаўшы рукі. Нам трэба вінаград здымаць.

Але дзед Тарас, здавалася, не чуў іх. Ён сеў на камень пры дарозе, дастаў вялікі скураны капшук і пачаў, не спяшаючыся, скручваць цыгарку.

— Ой, глядзіце, Астап Назаравіч едзе! — усклікнула Наташа і кінулася насустрач «Масквічу», які выскачыў з-за павароту дарогі.

Машына спынілася ля дзеда Тараса, і не паспеў стары далажыць старшыні аб сваіх палонных, як тыя, перабіваючы адзін аднаго, пачалі тлумачыць, чаму яны так рана прыйшлі

— Дык вы, выходзіць, хацелі перахітрыць Аксану, а самі трапілі ў палон да дзеда Тараса! — пажартаваў Астап Назаравіч.

— А чаго ж яны крадком, без майго дазволу? — прабурчаў дзед.— Адкуль жа я ведаў, што яны задумалі.

— Дык мы ж вам казалі...— пачала была Наташа.

— Казалі, казалі. Ці мала што вы маглі казаць.

— Ну добра, добра. Вы на дзеда не злуйце, рабяты,— прамовіў Астап Назаравіч.— Яго справа — вартаваць, і ён сваю справу ведае. Ідзіце, адпачывайце сабе, Тарас Максімавіч,— глянуўшы на гадзіннік, сказаў старшыня.— А вы бяжыце даганяць Аксану Рыгораўну. Вы ж, мусіць, усю ноч не спалі, думалі аб гэтым.

— Астап Назаравіч, вы толькі нікому не кажыце, як мы ў палон да дзеда Тараса трапілі, добра? — папрасіў Юрка.

— Не скажу, не скажу,— супакоіў яго старшыня, адчыняючы дзверцы «Масквіча».

— Столькі часу змарнавалі,— уздыхнуў Міколка.— Пайшлі хутчэй, пакуль нас ніхто не ўбачыў.

Рабяты вярнуліся на свой участак. Але перш чым брацца за работу, Наташа прапанавала:

— Давайце падсілкуемся крыху, а то есці хочацца.

Хлопчыкі не пярэчылі. Ім і самім ужо даўно хацелася есці, але яны не адважваліся сказаць пра гэта.

Наташа прысела на зямлю, развязала свой клуначак і пачала раскладаць на хусцінцы лустачкі хлеба з маслам, брынзу, памідоры і соль.

— А на закуску будзе вінаград,— сказала яна, выбіраючы ў кошыку самыя буйныя гронкі.

Запрашаць асабліва нікога не трэба было. Усе прагаладаліся і елі з апетытам.

Паснедаўшы, рабяты зноў узяліся за работу. Неўзабаве ад дарогі пачуліся галасы.

— Вінаградары ідуць,— абвясціла Наташа.— Хай цяпер нас даганяюць!

Да самага вечара на вінаградніку кіпела дружная работа. З усіх бакоў чуліся вясёлыя жарты, смех, песні. Па дарозе, што шэрай стужкай вілася паўз вінаграднік, адна за адной беглі машыны, нагружаныя вінаградам і парожняй тарай. А калі сонца апусцілася за горы і падвялі вынікі, аказалася, што брыгада Міколкі заняла другое месца.

— Гэта ж падумаць толькі — з чацвёртага адразу на другое пераскочылі! Глядзі, Аксана, яны, чаго добрага, абгоняць і цябе,— жартаваў Астап Назаравіч.

— І абагналі б, каб не дзед Тарас,— пачаў быў Юрка, але Міколка тузануў яго за кашулю, і ён адразу змоўк.

— Ой, глядзіце, як пажаўцеў наш школьны сад! — усклікнула Наташа, калі яны, вяртаючыся дадому, праходзілі каля школы.

Дрэўцы ў садзе і сапраўды пачалі апранацца ў восеньскі ўбор. Здавалася, нябачны мастак размаляваў іх лісце ў дзівосныя казачныя колеры.

— Як хутка прамінула лета,— уздыхнуў Міколка, пазіраючы на яркае чырвонае палотнішча над уваходам у школу. Знаёмы, зроблены ім самім вялікімі белымі літарамі надпіс напамінаў аб тым, што да першага верасня засталіся лічаныя дні.

— Заўтра мы ад’язджаем,— сумна прамовіў Паўлік.

— Мы абавязкова прыйдзем цябе праводзіць,— паабяцала Наташа.

Развітаўшыя з сябрамі, Паўлік збочыў з шашы і падаўся да мора.

Сонца ўжо зайшло, але захад усё яшчэ палаў расплаўленым золатам. Косыя хвалі адна за адной набягалі на бераг і разбіваліся аб каменні. Непадалёк ад берага на грабянях хваль лёгка пагойдваліся чайкі. Шырокі ветразь, нібы казачны легкакрылы птах, вынырнуў з-за скалы і паплыў над вадой. З распадкаў гор нячутнымі крокамі спускалася ноч. Неакрэслены смутак агарнуў раптам Паўліка.

Намацаўшы ў кішэні манетку, хлопчык кінуў яе ў набегшую хвалю. «Бывай, мора!» — паціху сказаў ён і павольна пакрочыў дадому.

 


1962?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 89-158
Крыніца: скан