epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвіга Бяганская

Трыццаць шэсць гваздзік

Вестка пра тое, што Ганна Паўлаўна больш не будзе працаваць у нашай школе, была для нас нечаканай. Асабліва цяжка было пагадзіцца з гэтай навіной нам, вучням сёмага «Б». Амаль тры гады Ганна Паўлаўна была нашым класным кіраўніком і вясёлым завадатарам. Разам з ёю мы бегалі на каньках і лыжах, гулялі ў валейбол, хадзілі ў паходы.

— Цікава, каго нам прышлюць замест Ганны Паўлаўны? — сказала Люба Саковіч.

— А якая розніца, каго? — адазваўся Казік Ракітніцкі.— Няўжо ты думаеш, што нехта іншы можа замяніць нам Ганну Паўлаўну?

— Другой такой настаўніцы няма і не будзе! — усклікнуў Уладзік Касцюшка.

І вось нарэшце надышоў дзень, якога з такой трывогай і нецярплівасцю чакаў сёмы «Б». Празвінеў званок на ўрок гісторыі, і ўсе трыццаць шэсць вучняў застылі на сваіх месцах.

— Ідзе! — адскочыўшы ад дзвярэй, усклікнуў Казік Ракітніцкі.

Дзверы адчыніліся, і, прапускаючы перад сабой сівую хударлявую жанчыну ў строгай цёмнай сукенцы, увайшоў дырэктар. Мы шумна ўзняліся са сваіх месц, адказалі на прывітанне Мікалая Антонавіча і нацэлілі свае насцярожаныя позіркі на новую настаўніцу.

Як жа яна была непадобна да нашай Ганны Паўлаўны! Тая была маладая, прыгожая, зграбная. А гэта маленькая, хударлявая і амаль зусім сівая. На правай шчацэ чырванеў глыбокі шрам.

— І адкуль толькі яе выкапалі на нашу галаву? — прашаптаў, нахіліўшыся да мяне, Уладзік.

— Знаёмцеся, сябры. Гэта ваша новая настаўніца гісторыі і класны кіраўнік Юлія Міхайлаўна Лазоўская. Прашу не засмучаць яе і сябраваць з ёю так, як вы сябравалі з Ганнай Паўлаўнай. А цяпер сядайце,— сказаў Мікалай Антонавіч і, акінуўшы нас доўгім строгім позіркам, выйшаў з класа.

Як толькі за дырэктарам зачыніліся дзверы і ў класе ўсталявалася цішыня, Юлія Міхайлаўна абвяла нас уважлівым позіркам і сказала:

— Ну што ж, давайце знаёміцца і працаваць.

Аказалася, што гісторыю Юлія Міхайлаўна выкладае не горш за Ганну Паўлаўну, а нават лепш, бо тыя ці іншыя гістарычныя падзеі Юлія Міхайлаўна ілюстравала ўрыўкамі з мастацкіх твораў і вершаў, якія чытала цудоўна.

Аднак сімпатыі нашы па-ранейшаму былі на баку Ганны Паўлаўны, разлуку з якой мы перажывалі вельмі балюча і не таіліся з гэтым ад нашай новай настаўніцы. І чаго граха таіць, былі сярод нас і такія, якія не саромеліся крадком рабіць ёй розныя прыкрасці. Але Юлія Міхайлаўна, здавалася, не заўважала іх. Яна ніколі не крычала на нас, не жалілася ні бацькам, ні дырэктару, калі паводзіны таго ці іншага вучня выходзілі за межы школьнага этыкету. Яна чакала і нібы ведала, што гэтыя нашы адносіны да яе з'ява часовая. Што рана ці позна яна заваюе нашу сімпатыю, нашу да яе прыхільнасць. І трэба прызнацца, што гэта яе цярплівасць і гэта чаканне паступова рабілі сваю добрую справу.

Аднойчы да нас зайшоў дырэктар школы і сказаў:

— Сёння ўвечары раю вам паглядзець тэлеперадачу, прысвечаную героям-партызанам. Магчыма, сярод іх вы ўбачыце каго-небудзь з вашых знаёмых.

Хто з нас мог адмовіцца паглядзець такую перадачу?

— Хлопцы, прыходзьце ўвечары да мяне, будзем разам глядзець,— сказаў Казік.— У нашага тэлевізара во які экран,— развёўшы шырока рукі, пахваліўся ён.

Увечары я, Уладзік Касцюшка і Казік яшчэ за паўгадзіны да пачатку перадачы сядзелі ля тэлевізара.

— «Слова аб подзвігу» — так называецца наша чарговая тэлеперадача,— абвясціў дыктар, і мы замерлі ў чаканні.

За вялікім круглым сталом, які праз хвіліну ўзнік на экране тэлевізара, мы ўбачылі людзей, грудзі якіх былі ўпрыгожаны баявымі ордэнамі, медалямі і зоркамі герояў.

— Хлопцы, глядзіце, Юлія Міхайлаўна! —усклікнуў раптам Казік.

І сапраўды, у самым цэнтры стала, побач з сівавалосым плячыстым палкоўнікам сядзела наша новая настаўніца. На грудзях яе ззялі Залатая Зорка Героя, ордэны Леніна, баявога Чырвонага Сцяга і некалькі медалёў. Мы аслупянелі ад нечаканасці і здзіўлення.

— Пра адважную партызанскую разведчыцу Юлію Міхайлаўну Лазоўскую раскажа Герой Савецкага Саюза палкоўнік Іван Паўлавіч Рудкоўскі,— паведаміў дыктар.

— Юлія Міхайлаўна — мая першая настаўніца і баявы таварыш,— пачаў палкоўнік.— Яна прыехала да нас у вёску пасля таго, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад нашай рэспублікі. Прыехала, каб арганізаваць школу і вучыць нас грамаце. Тады яна была яшчэ зусім маладзенькая, крыху старэйшая за некаторых сваіх першакласнікаў. Мне, напрыклад, у тую пару ішоў ужо шаснаццаты год.

Школа наша размясцілася ў двух вялікіх пакоях былога панскага палаца, які стаяў на высокім крутым беразе Нёмана, воддаль ад вёскі. Сюды ішлі вучыцца не толькі малыя. Вельмі часта побач з сямігадовай дзяўчынкай або хлопчыкам можна было ўбачыць рослага юнака, які старанна выводзіў у сшытку сваімі нязвыклымі да гэткай далікатнай работы пальцамі першыя палачкі і кручочкі.

Аднак вучыцца нам давялося нядоўга. Пачалася вайна. Неўзабаве наша вёска была захоплена гітлераўцамі, а ў панскім маёнтку, у нашай школе, размясціліся нямецкі гарнізон і камендатура на чале з афіцэрам, сынам нашага былога пана. Чырвоны сцяг, які яшчэ зусім нядаўна палымнеў над школай і радаваў вочы і сэрцы людзей, быў сарваны. Яго месца заняў варожы сцяг з чорнай злавеснай свастыкай. Для народа нашага настаў час жудасных выпрабаванняў і жорсткай барацьбы з акупантамі.

Мінула трывожная восень, следам за ёю — і галодная, поўная пакут зіма, і ў наш паднявольны знявечаны ворагам край завітала вясна: з бурлівымі ручаямі, са срэбнай песняй жаваранка, з пралескамі.

— Няўжо і заўтра над нашай школай будзе вісець гэты паганы сцяг? — гнеўна прамовіў нехта з хлопцаў, калі мы вярталіся ўвечары, напярэдадні Першага мая з лесу, са сваёй падпольнай камсамольскай сходкі, якую праводзіла наша маладзенькая настаўніца — камсамолка Юлія Міхайлаўна Лазоўская.

— Не будзе!—рашуча сказаў Міхась Панасюк.— Не будзе!..

Мы нічога не адказалі Міхасю, але па тону, якім было сказана гэта «не будзе», адчулі, што жартаваць ён не збіраецца...

Урачыстую цішыню першамайскай раніцы абарвалі стрэлы і злосныя воклічы гітлераўцаў. Вакол панскага палаца сноўдалі фашысты і іх памагатыя — паліцаі. Збялелы афіцэр сядзеў на сваім буланым кані і, размахваючы бізуном, падаваў ім нейкую каманду. А над нашай школай на месцы варожага сцяга са свастыкай горда і весела палымнела пад сонцам вялікае чырвонае палотнішча.

Апоўдні насельніцтву вёскі — і старым і малым — загадана было з'явіцца на панскі двор. Гітлераўцы акружылі людзей і нацэлілі на іх свае аўтаматы.

— Я лічу да трох, і калі вы не скажаце, хто асмеліўся зняважыць сцяг вялікага фюрэра і на яго месцы павесіць гэты чырвоны, усе, як адзін, будзеце расстраляны,— звяртаючыся да натоўпу на ламанай рускай мове, абвясціў афіцэр.— Я пачынаю,— пазіраючы на гадзіннік, дадаў ён і пачаў павольна лічыць.

Загаласілі жанчыны, заплакалі дзеці.

І раптам, калі фашыст гатоў быў сказаць «драй», з натоўпу выйшла наша маладзенькая настаўніца і, узняўшы на афіцэра свае вялікія вочы, сказала:

— Гэта зрабіла я.

У першы момант афіцэр аслупянеў ад здзіўлення, але тут жа апамятаўся і з усяго размаху выцяў яе па твары бізуном, след ад якога застаўся на ўсё жыццё.

Я агледзеўся і пашукаў вачамі Міхася Панасюка. Яго ў -натоўпе не было. Відаць, пасля начной аперацыі яму ўдалося ўцячы да партызан.

Людзям загадана было разысціся па хатах, а збітую да паўсмерці дзяўчыну, нашу любімую настаўніцу, павялі ў камендатуру. І хто ведае, што зрабілі б з дзяўчынай азвярэлыя фашысты, каб той ноччу партызаны не выратавалі яе.

Усю вайну Юлія Міхайлаўна была разведчыцай у нашым партызанскім атрадзе. Пра выключную кемлівасць і мужнасць маладой разведчыцы складалі легенды. Ну, а пасля вайны Юлія Міхайлаўна зноў вярнулася да сваёй любімай прафесіі. І вось ужо дваццаць пяць год працуе настаўніцай. Заўтра ваш дзень нараджэння, Юлія Міхайлаўна. Я віншую вас і дару вам гэтыя тры гваздзікі,— сказаў палкоўнік і пацалаваў руку нашай настаўніцы.

— А мы падорым ёй у дзень нараджэння трыццаць шэсць гваздзік! — усклікнуў весела Казік.— Ад кожнага вучня па кветцы. Здорава, праўда?

На другі дзень у нашай школе толькі і гаворкі было, што пра Юлію Міхайлаўну. А на нас, вучняў сёмага «Б», глядзелі, як на імяніннікаў, і не без зайздрасці казалі:

— Ну і пашанцавала вам! Класны кіраўнік — Герой Савецкага Саюза!

Назаўтра, як толькі празвінеў званок на ўрок гісторыі і Юлія Міхайлаўна ўвайшла ў клас, мы павіншавалі яе з днём нараджэння і падарылі ёй трыццаць шэсць чырвоных гваздзік — ад кожнага па кветцы.


1978?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бяганская Я. Нечаканая сустрэча: аповесці і апавяданні. Для сярэдняга ўзросту. - Мн.: Маст. літ., 1978. - с. 222-226
Крыніца: скан