epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Баба

Даўно гэта было. Пад той час хадзіў яшчэ па свеце Пан Езус са святым Пятром глядзець, які парадак на зямлі.

Ідуць гэта яны дарогай, гутараць, а Пан Езус і пытае: «А як бы ты, Пётра, хацеў: ці кабета, ці мужчына каб быў важнейшым у хаце?» Св. ГІётра давай прасіць за кабету.

— Добра,— кажа Пан Езус,— зайдзем жа ў гэту хатку нанач.

Зайшлі ды просяцца ў гаспадара, каб пазволіў пераначаваць. «3 ахвотай пусціў бы я вас,— адказвае гаспадар, не спазнаўшы, да каго гаворыць,— але жонкі баюся, ліхая баба! Як вернецца з карчмы ўночы, то і мне, і вам, як аднясці, надасць».— «Нябойсь,— кажа св. Пётра,— не будзе чапаць».

Гаспадар згадзіўся, прынёс саломы, паслаў як мае быць, і ўсе, паклаўшыся, паснулі. Ажно чуе гаспадар, як у дзверы — грак! грак! Ён гэта пакуль расчухаўся дын трапіў на закрутку, жонка, ляскаючы зубамі на марозе, аж пену са злосці пусціла і, як толькі ўляцела ў хату, так зара за качаргу дый да сгарога; той ходу, яна за ім дый, зачапіўшыся за Пятровы ногі, грымсь, як доўгая, сярод хаты.

«А гэта яшчэ што?!» — усхапіўшыся, накінулася баба на мужыка. «Падарожныя нанач папрасіліся»,— адказвае той, спусціўшы вочы. «Падарожныя? — зараўла баба.— Дык ты тут без мяне нейкіх валацугаў наводзіш? Пачакай жа: спраўлю я табе лазню, спраўлю і тваім падарожным!» — дый, скочыўшы да св. Пётры, давай яго пражыць. Корчыўся, корчыўся св. Пётра, але замаўчаў. Сагнаўшы ахвоту, баба, засопшыся, кажа: «3 гэтага годзе, трэба таго — з другога боку пачаставаць»,— дый заходзіць ад сцяны, дзе ляжаў Пан Езус. Спанатрыў св. Пётра, што справа кепская, дый кульгіць борздзенька праз Пана Езуса на другі бок і ляжыць ціханька; а баба, не ўгледзеўшы гэтай штукі, давай ізноў ківацца над св. Пётрам: усё як гоп дык гоп. «Ну, гэтаму,— кажа,— мо ўжо і перадала; той першы гатоў загневацца, што яго скрыўдзіла — мала дасталося, трэ надкінуць!» — дый ізноў заходзіць на другі бок да Пана Езуса. Бачыць св. Пётра: з бабай жартаў няма; ізноў дрэнна выходзіць. Вось ён — шлык! дый смаргануў праз Пана Езуса на сваё старое месца, а баба ўжо тут і давай яму прыклады зноў рабіць: як па ім так па ім, ажно пакуль не змарылася і не пайшла спаць. А Пан Езус праз увесь час ляжыць сабе спакойна, быццам спіць.

Назаўтра яшчэ і сонца не ўзнялося, будзіць Пана

Езуса св. Пётра дый давай прасіць, каб скарэй ісці ў дарогу («Хаця б, думае, баба не прачхнулася»), Выйшлі. Пан Езус, як бы і нічога, пытае: «Ну, як жа табе, Пётра, спалася ? Як бабіны парадкі спадабаліся?» — «Як спалася, то спалася, а што да парадкаў, хай бы ўжо, пане мой, лепшмо мужчына іх вёў...»



Крыніца: bookmate.com