Як рыбка — прытная; як зорка — ясная; як раса — чыстая; як котачка — дурэла; як галубка — варкавала; як матылёк — пырхала.
Так было вясной.
Як мурашка — рупная; як пчолка — дасужая; як красачка — зацвіўшая; як сонца ў ясны дзень — усюды яе поўна.
Так было ўлетку.
Надышла восень. Спахмурнела. I чы то ад гэтых хмар, чы ад летняй яшчэ спякоты — пацямнела яна, спаважнела.
Насунулася зіма. Мароз. Сцюжа. Прытуляючыся да грудзей маіх: «Адагрэй мяне, ажыві мяне!» — шаптала яна. Аж у грудзях маіх цяпла не было. «Прыйдзе вясна — яна адагрэе і ажывіць цябе»,— пацяшаў я яе.
I вясна прыйшла. Зноў заблішчала сонца; зноў загудзела вада; зноў зазелянеў лес; зноў закрасавала поле; зноў зашчабяталі птушкі.
Вясна адагрэла, вясна ажывіла ўсё. Вясна нс адагрэла, вясна не ажывіла... толькі яе.
Чаму??