epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Чортава ласка

На ўсю нашу вёску (а вёска — хат 60) не было набажнейшага чалавека за Пранука Агорчыка. Ніводнага свята, бывала, не прапусце, каб не схадзіў Богу памаліцца; да споведзі не то што раз — а разы два-тры ў год дападзе; кут хатні — увесь абразамі залеплен; а што лаянкі, дык хоць бы як там яму дапякло,— ніколі ніякай ад яго не пачуеш! Аж дзіва, бо вядома: у нашай прастаце без чорта, паралюша ці яшчэ там як — абысціся трудна. Шапталі людзі, што наш Пранук не заўсягды гэтакі быў: слова, бывала, не скажа, каб брыдка не вылаяцца; але як і што там гэтак яго перарабіла — ніхто добра не ведаў. Маўчаў і я, бо абяцаўся да пары маўчаць,— але цяпер, калі ўжо пад зямлёй ляжыць Агорчык,— раскажу.

У цёплую, відную летнюю ночку паехалі мы аднаго разу з Прануком на начлег. Ніхто болын не прыехаў да нас,— спаць не было як класціся, дык сталі то аб тым, то аб сім гутарыць.

— Дзядзенька,— пытаю,— што гэта пра цябе людзі выдумляюць?

— На тое людзі,— махнуўшы рукой, кажа Пранук.

— Раскажы, дзядзенька! — стаў я прыставаць.— Родненькі, я нікому не скажу! — ды ў адну руку цмок, у другую...

— Ну, добра ўжо, добра,— раздабрухаўшыся, кажа стары.— Ідзі толькі коні перавяжы.

Скокнуў я, агнём справіўся, прыбег, прысеў каля Пранука і аж трасуся з цікавасці. А ён пачаў баяць:

— Быў я тады, як гэта зрабілася, за лесніка і жыў на адзіноце каля Чорнай Лужы. Жанаты ўжо быў і двое дзетак меў. Любіў сваю Агату так, як вы цяпер і не патрапіце, а дзетак? — прападаў за імі! Жылося нішто. Дабытак меў: і свінку, і авечкі, і каня, тры каровы...

Надумалі мы з жонкай каня прагандляваць: ціхават быў і дыхавіца прычапілася. Даў я такога-сякога зелля, каб не было знаку дыхавіцы, і павёў на кірмаш; там каню ўліў яшчэ кручкі са два гарэлкі, каб развейшы быў, і паставіў на рынак. Як слова сказаць, падбягае да майго каня нейкі чорны, хударлявы, малады яшчэ хлопец, чыста ў крамнае адзеты. Паглядзеў на каня, на мяне і пытае: «Колькі хочаш?» — «Пяцьдзесят»,— кажу (а яму ўсбй цаны 30!). «А шустры?» — ізноў пытаецца. «Як ве-цер!» — кажу. Ускочыў ён на каня, праехаўся (а конь, ве-дама, ап’янеўшы — ірвецца на ўсе бакі), пад’ехаў да мяне ды ізноў: «Браку ніякага няма?» — «Які брак? — кажу.— Няма!» — «Можа, уступіш хоць на барыш?» — пытае. «Не хачу,— кажу,— ні барыша і ўступаць не думаю». Так ён, не злазячы з каня, зараз шасць у кішэнь, дастаў грошы, адлічыў 50 рублёў, даў мне, зарагатаў па кані сцебануў і прапаў...

Стаю, як дурны, і сам сабе не веру: за гэтакую падлу 50 рублёў! Вар’ят, думаю, нейкі — і пайшоў шукаць сабе каня. Прайшоў раз, другі рынак, бачу: стаіць чорны жарэбчык; падышоў, абгледзеў — аж вока рве: сыт, складзен, малады... «Можна папрабаваць?» — пытаю. «Чаму не,— кажа прадавец,— толькі чы ўседзіш?» «Э-э, дам рады»,— думаю і, ускочыўшы на каня, пакаціў. Ну, хлопча, і конь жа быў: агонь, а не конь! Вярнуўся; торг у торг — перабіваю руку на 75 рублёў. Дастаю грошы плаціць... «Пачакай,— кажа прадавец,— конь не мой; гаспадар прыйдзе — яму і заплаціш, а то гатоў не паверыць». Аж якраз падбягае той самы чорны... Ну, думаю, можа, агледзеўся — будзе бяда! Тут ён да мяне: «Купіў майго коніка?» — «Купіў»,— кажу. «Маладзец! Але я не такі скупы,— кажа,— як ты: ідзём у карчму на барыш, там і заплаціш».— «Пайшлі». Чаго мы там не пілі?! І гарэлку, і ніва, і віно,— і за ўсё ён сам плаце. «Ну,— кажа нарэшце, узяўшы за каня грошы,— годзе піць! Дзякую табе за кампанію і дзякую за коніка: заслугу, вялікую заслугу будзеш мець...» «Перад кім?» — здзівіўшыся, пытаю. «Перад чортам! — кажа.— Прадаў ты каня за здаровага, а ён і дыхавічны, і выпіць кручок, другі можа,— такіх мне і трэба! Удружыў ты мне! Так слухай жа: ласку за ласку: чаго толькі зажадаеш да дзевяці разоў,— помні — не больш дзевяці,— скажы: зараз тое споўніцца...» — «Згінь ты, прападзі, нячыстая сіла! — крыкцуў я.— Чаго ты да мяне прычапіўся?!.» Зарагатала нешта... «Гэта раз!» — толькі пачуў я; гляджу — нікога няма!

Кепска, думаю я; скарэй на воз; як па кані, так па кані, і не агледзеўся, калі да хаты прыляцеў, ды скарэй да жонкі: так і так, кажу, прыгода якая выйшла. «Дурань ты,— кажа Агата,— выпіў цераз меру; але маладзец, што каня добрага выгандляваў; кладзіся спаць!» Злосць нейкая мяне ўзяла, а і барыш разабраў: давай я крычаць: спаць?! выпіў многа?! Лжэш!! Капейкі на гарэлку не страціў — па грошах глянь! ГІашто плаціць за гарэлку? Крыкну толькі: давай, чорт, гарэлкі! — і будзе гарэлка зараз!.. Але гарэлка на стале не паказвалася, і жонка стала кпіць з мяне. Аж тут убягае ў хату старшы сынок і пытае мяне: «Тата, тата, чы гарэлку сюды несці?» — «Якую гарэлку?» — пытаю, вылупіўшы вочы. «Я ў драбінцы шукаў абаранкаў,— адказвае,— а знайшоў чатыры пляшкі гарэлкі». Здзівіўся я, бо помню, што не купляў. Збялела і жонка: «Можа, хто памыліўшыся ўлажыў пляшкі не ў свой воз? — кажа, гледзячы на мяне.— А можа, і праўда тут што нячыстае — цераз лад ужо з коньмі пашэнціла!.. Засні, Пранук, крыху; як схаладае, каровы выпусці, а я з’езджу з дзяцьмі да таткі: ён стары — хітры,— можа, што параіць». «Едзь»,— кажу.

Астаўшыся адзін, стаў я думаць: а ну ж і праўда, што ўсякае жаданне маё споўніцца? Дзевяць жаданняў! Праўда, два ўжо прапалі: чорта гэнага з карчмы выгнаў і гарэлкі набраў, але яшчэ сем! Чаго ж, думаю, зажадаць? Зямелькі бы? Бо хоць у вёсцы і ёсць траціна, дык што ж гэта значыць? Валоку, дзве, а то і ўсе пяць! Будынкі мураваныя... Немаведама толькі, раздумляю, чы на кожны будынак пойдзе па аднаму жаданню, чы адно — на ўсе? А коні, коні! Якіх і ў пана няма — буду мець!.. Скаціну, свіней, зярна,— а грошы, грошы!.. Гэтую самую пустош, чуў, прадае пан; от адкупіць бы!.. Дай, думаю, прайдуся, пагляджу, як граніцу правясці, дзе запусціць, дзе ўздзерці, бо ўжо калі карыстаць з чортавай ласкі, дык карыстаць!..

Толькі гэта выйшаў я, гляджу: куры ў пшаніцы, свіння ў бульбе, авечкі найлепшы мурог дратуюць! От, думаю, бабскі дагляд! Узлаваўся, забыўся ўжо аб сваіх думках, хапіў нейкі сук ды, ціханька ззаду падкраўшыся, хлясь свінню па спіне (а свіння вялізная — пудоў 12, ды на апарасенні). Тая са страху не па сухапуцці, а цераз трасучую балоціну сморг — уцякаць! Але куды там — гэтакая туша! Як віш і асела, храпе, сапе ды ваду ўсё цямкае... Я і за вушы, я і за хвост, а яна ўсё глыбей едзе... Бачу: адзін не дам рады; можа, думаю, як дам ёй спакой, сама як выберацца. «Чорт цябе бяры, тапіся!» — крыкнуў я і бягу да авечак; па дарозе закруціў сукам над галавой ды пусціў ім у пшаніцу па курах. «Каб вас ястраб гэтак дзёр, як вы маю пшанічку дзерыцё!» — кажу і бягу далей. Авечкі, згледзеўшы мяне, ходу пад лес на дзірван! «Ну, і воўк вас зарэж! — закрычаў я.— Там шкоды не зробіце!..» Гляджу: як добрыя падцёлкі, выскачылі два ваўкі, занялі авечкі і гоняць іх перад сабой у гушчар! «Ага — цю! Ага — цю!»— нарабіў я гвалту, а яны і не зважаюць: гоняць! Я назад — ляту як мага да хаты па стрэльбу. Ажно бачу: на мяжы каля пшаніцы дзярэ ястраб кур, толькі пер’я ўгару ляцяць, а на балоціне свіння ўжо і сапці перастала,— толькі спіна відаць... Уляцеў я ў хату, схапіў з калка стрэльбу ды ў ногі, а тут калі трэснуся аб вушак лбом! — толькі ў вушах зазвінела. «Няхай цябе агонь!» — застагнаў я і паляцеў авечак бараніць. Дабягаю да лесу — чую: трашчыць нешта. Аглянуўся: гвалт! Хата гарыць! Кідаю стрэльбу аб зямлю, дзяру ва ўсе лапаткі кароў выганяць, бо хлеў пры самай хаце! Але куды там! Раве скаціна, аж на сцену лезе, а з хлева ані руш! Тузаўся я,

тузаўся — хоць вас няхай павыцягваюць! — зароў я сам нема ды кінуўся цягаць з хаты што папала... Каб хоць жонка ды дзеці дома былі: памаглі б... А тут і бэлькі трашчаць сталі... «Згіньце, прападзіце вы ўсе разам!» — як шалёны, крыкнуў я, выскачыў з хаты ды ізноў у хлеў. Аж тут пасярод яго ляжаць мае кароўкі: вочы вылупіла, языкі павыпірала!.. Як непрытомны выскачыў на двор ды давай у адзін голас выць: «Гвалт! Ратуйце! Гвалт! Ратуйце! Гвалт!..»— аж пакуль не ахрып, не асунуўся, не абамлеў...

Як праз сон стаў я разбіраць, што тут парабілася, ды як успомніў — аж валасы дыбам сталі!! Гэта ж я сам усяму вінават! Сам! Гэта ж мае жаданні споўніліся!.. Гэта тая чортава ласка! Ласка чортава!! «Дзевяць жаданняў, казаў — дзевяць!»

А колькі споўнілася? Стаў лічыць спачатку: чорта прагнаў, гарэлкі ўзяў, перавёў куры, свінню, авечак,

кароў, хату спаліў і жонку з дзецьмі запрапасціў,— значыць, восем! Добрыя жаданні — няма чаго казаць! Скарыстаў! От дурань, от дурань! — стаў я сам сябе лаяць... Ну, але яшчэ адно — дзевятае жаданне асталося! Каб тут не прамахнуцца... Чаго жадаць? Грошы! Што найбольш грошы! Усё адаб’ю!.. Але тут успомніў жонку з дзеткамі... Як жа з імі будзе? Іх за грошы не выкупіш!.. Такая схапіла мяне жаласць, што і сказаць не магу... Давай прасіцца: «Чарточак, міленькі, даражэнькі! Аддай жонку, дзетак, скаціну!..» Не, думаю, так нічога: жаданне адно, мусіць, было, а тут іх шмат набярэцца... Круціў я мазгамі, круціў, аж злосць забрала, ды як крыкну:

— Чорт лазаты! Аддай усё, што забраў у мяне! Аддай, рагаты, не то і рогі табе павыкручваю! Усё, што забраў,— гэта дзевятае і апошняе маё жаданне!..

«...Пранук, Пранук! Расчухайся — устань, жарабца няма!..» Усхапіўся я, разглядаюся, як непрытомны,— бачу: жонка нада мной стаіць; хата цэлая; дзеткі, увесь дабытак на месцы — усё, як было, толькі, значыцца, жарабца не хватае. I ведаеш, хлопча: што нашукаліся,— як у ваду ўпаў!

Чорт чортам! Праўда, слова здзяржаў: дзевяць жаданняў маіх споўнілася, але аб жарабцу гутаркі не было, і чы я, чы чорт у гэтым дзеле вінават — сам добра не разбяру. Вось з чаго лаянку кінуў.



Крыніца: bookmate.com