epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Падласенькі

Прыждаў Падласы сынка падласенькага, а з практыкі жыццёвай ведаў добра стары Падласы, што цяперашнім часам з бычачым розумам далёка не зайдзеш. Вось, параіўшыся са сваёй жонкай — Красуляй, надумаўся ён аддаць свайго сына ў навуку. Аддаць-то аддаць, ано чым заплаціць? Раіліся, раіліся — нічога. Падласы, як рупны бацька, і кажа: "Прадам хоць сваю скуру, абы толькі вучыўся сынок".

Выбраўся Падласы ў глаўны горад, да важнейшага разніка, дый кажа: "Купляй ты, скуралуп, маю скуру — за сабачыя грошы аддам, абы з сына свайго, бычаняці, зрабіць чалавека".

Стаў шчупаць скуралуп Падласаву скуру і пачаў яе, як і прыстала на добрага купца, ганіць: і лінялая яна, і вуграватая, і абмуляна шмат, усёй цаны — рубель. Артачыўся спачатку Падласы, бо ведаў добра, што разнік лжэць, і хоць, праўда, скура вельмі абмулена, але нашто тое — на юхтовыя боты хоць куды; аднак жа мусіў і на рубля прыстаць, бо скуралуп заверыў, што цяперашнім часам з бычаняці і за дзесятку зробіш чалавека, каторы пасля будзе браць вялікія грошы, і за іх, быкоў, заступіць, каб не так намулівалі ім скуру.

Старгаваўшы ледзь не задарма валовую скуру, разнік скамандаваў яму стаць задам да сцяны і, падрэзаўшы каля рагоў і ног скуру, залупіў яе на два бакі, прывязаў да прымацаваных у сцены гужоў дый кажа: "Ну, братка, панатужся дый вылазь". Напрогся Падласы і — хоць боль узяў — вылез аблуплены. Глянуўшы на апаўшую скуру, жаль ахапіў Падласага: успомніў ён, як гэтую рыжую на левым баку лапіну не раз лізала яго Красуля; успомніў, як на курчавую каля рагоў яго шарсціну ласа спаглядалі ялаўкі, але чаго не зробіш дзеля дзіцяці: абы чалавекам стаўся. Вярнуўся ў хлеў аблуплены да чырвана Падласы. Гледзячы на яго, Красуля неяк не так мыкнула, але Падласы прынадзеяў яе — другая, кажа, нарасце скура — не бядуй; а тым часам сынка падласенькага аддалі ў добрыя навукі.

Мінуў год, другі, і шле ліст за лістом бычачы сын, каб прыслаў бацька больш падмогі, бо за дзесятку быком, піша, не будзеш, але і чалавекам не станеш. Замаркоціўся Падласы, бо, пашчупаўшы свае бакі, пераканаўся, што новая скура не расце. Рупны бацька давай нагаварваць жонку — Красульку: "Прадай, — кажа, — скуру, — сына чалавекам прычакаеш". — "Так-то так, — кажа Красуля, — для роднага сына і скуры не пашкадую, але хай прыедзе да нас, — глянем на яго, як ён на чалавека рыхтуецца". Добра. Паслалі ліст. Чакаюць дый чакаюць. Ажно адной начы, калі хлеў быў добра зачынены, нехта раз-другі стукнуў і, рохкаючы, пачаў ламаць вароты. Усхапіўся Падласы, расштурхаў Красулю, і адчынілі вароты... Глянулі і абамлелі: сын-то сын — і падласенькі, толькі морда свінячая, і не мычыць, а рохкаць стаў. Зараўлі з жалю Красуля і Падласы, але сынок скора іх усцешыў: "Гэта я, — кажа, — толькі так — да часу, а калі хочаце, каб саўсім стаўся чалавекам, то на навуку не адну, а тры скуры спусціце..."



Крыніца: bookmate.com