epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Павук

У сетку з дзіўна хітрасплеценых нітак папалася муха.

Сетку зрабіў і наставіў павук. Зрабіў і наставіў, — як рабілі і настаўлялі такія ж самыя сеткі павуковы дзяды і прадзеды.

Папалася ў сетку муха, як пападаліся ў такія ж сеткі яе бабкі і прабабкі. Як там было ў гэткіх сетках бабкам і прабабкам, муха чула і ведала, але цяпер, трапіўшы сама туды, як толькі наляцеў на яе павук з сваімі клюшнямі дый пачаў накідаць кандалы, сцягваючы і звязваючы імі крыллі з ножкамі, — яна заартачылася.

— Слухай ты, — кажа, — крывапіўца: натуру тваю дасканальна знаю і ведаю, што дабра ад цябе не спадзявацца; дай жа хоць слова сказаць...

— Э-э, — адказвае павук, — ведаю я гэтыя гутаркі вашыя — старая песня! Кожная з вас, як толькі пападзецца да мяне, усялякімі тонамі галосіць: "Павук крывапіўца!" А ці ж я адзін такі? Ці мала такіх жа крывапіўцаў паміж вашага брата? Глянь на аваднёў, камароў: іх цэлыя хмары! Ды і з твайго роду ёсць такія, што калі ўрэжа ў лытку...

— Не, павук, — перапыніла муха, — тое — дый не тое: праўда, ссуць і яны кроў, але жыцця не адбіраюць, а і то, праўду кажучы, хоць іншым разам і ім не даеш ты спуску, усё ж такі лічым мы іх больш тваімі спадручнікамі, чым нашымі. Такія, як я, нічога супольнага з імі не маюць: мы жывём божым дарам...

— Чым бы вы там ні жылі, — ужо злосна пераняў мову мухі павук, — гэта мне ўсё роўна; мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не звядзецца, то і павукам крыві хваціць.

— А ці ведаеш жа ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо яшчэ не адна такая, як я, але як зразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады не толькі яна паляціць у ласкуткі, я, бадай, і ты жывым не выйдзеш? Здзекаваўся ты, пакуль па адной нас перабіў, але зыкну я толькі, і цэлая хмара...

— Ха-ха-ха! — зарагатаў павук і наляцеў ужо на галаву мухі. — Зыкнеш? Ты зыкнеш? Недачаканне! Недачаканне тваё!

I павук, запеніўшыся са злосці, як бач прабіў галаву мусе і пачаў смактаць з яе кроў.

Ніколі, здавалася павуку, не смакавала так яму кроў, як гэтай мухі. Ніколі такой прагавітасці ў яго не было, як вось цяпер. Вісеў ён над мухай, ажно пакуль што да капелькі крыві не выссаў з яе, і тады толькі адбегся і глыбока заціснуўся ў сваю шчыліну.

Хоць сыт быў — не спаў гэтай ночы павук. Неспакойныя думкі наляталі на крывёй заліты павуковы мозг. А што, калі і праўда наляціць зразу цэлы рой мух? Ці ўтрымаецца сетка? Ці здолее ён даць усім адразу рады? I як гэта адважылася гэткая паганая муха такое слова яму, яму — павуку сказаць? Не адна муха мо не раз ужо і думала так, але каб сказаць?

Не спаў гэтай ночы павук, а назаўтра, надумаўшыся, зрабіў і наставіў новых яшчэ дзесяць сетак...



Крыніца: bookmate.com