epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Пратэст

(Адкрыты ліст у рэдакцыю «Н. Н.»)

«Мы, ніжэйпадпісаўшыеся, аддыхаючы ці то грэючыся пасля цяжкай і сумленнай працы пад лавай або сталом у хаце, не раз чуем, як нашы гаспадары чытаюць пісаную ў іх мове газету «Нашу Ніву», у каторай часта ўспамінаецца слова «брахня». Брахнёй, як мы заўважылі, называець «Наша Ніва» выдумкі і лгарствы, якія прыдумваюць нейкія там нанятыя за грошы людзі. Проціў гэтага мы пратэстуем.

А пратэстуем вось чаму. Што іншага — выдумка і лгарства, што іншага — брахня. Брэшам толькі мы, сабакі. Дык ведайце, што брахня — не выдумка і не лгарства, бо ніводзін сумленны сабака ані за грошы, ані без дай прычыны брахаць не будзе; гэта могуць пасведчыць нашы гаспадары. Дык не маеце права нас зневажаць, раўнуючы да гэных паноў, аб каторых пішаце.

Бываюць, праўда, і паміж нас (але зусім мала!) гіцлі, каторыя, каб убіцца ў хату, дзе чуюць яду, і пажывіцца, пачынаюць быццам шчыра брахаць. Гаспадар, разумеецца, выгляпе праз дзверы: што за неспакой? А той лодыр шусь яму пад ногі і ўжо каля стала хвастом круце! Гэткі прайдоха шмат шальмоўства робіць, бо пакуль суседнія сабакі добра яго не распазнаюць, дык не раз і іх падвядзе, пачаўшы брахню, і другія падымаюць напрасную трывогу. Гэткі гад у нас, так, як і ў вас, завецца правакатарам. Розніца толькі ў тым, што ў вас гэткаму пану кланяюцца, вітаюцца з ім і грошы плацяць, а наш брат, калі свайго гэткага спаткае, дык і хвастом не кране, а ўсёй заплаты ім, калі гаспадар палкай перацягне...

Бываюць яшчэ паміж нас так званыя ляпайлы (але не брахуны!). Ляпайлай завуць у нас прыдуркаватага або падслепаватага сабаку, каторы прывык таптацца толькі па адных і тых самых, змалку знаных яму сцежках; дык калі такі бядак наткнецца на сваёй дарожцы на які-колечы ражончык ці што якое (мала хто можа кінуць што туды?), вось ён, спалохаўшыся, і адскоча ўзад дый, не разнюхаўшы добра, у чым справа, пачынае ляпаць ды ляпаць — дзень і ноч.

Але з ляпайламі, а яшчэ менш з правакатарамі мы, сабакі-брахуны, нічога супольнага не маем.

Лыска — Міхалкі Канцавога, з вёскі Граек;

Разбой — Тадора Серадняка, з вёскі Булькаў;

Жук — Сцяпана Крывога, з вёскі Засілля, і другія.

Па іх просьбе ліст папісаў і за неграматных распісаўся

Ядвігін Ш.



Крыніца: bookmate.com