epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

При исполнении служебных обязанностей

А казаў я, колькі раз казаў Сымону Лябёдку — свату, значыцца, свайму — не лезь ты, гад, з языком сваім, куды не трэба, не патыкайся, а то, брат, нарвешся! Дык не: не паслухаў, не вытрываў! Ну і добра — не шкодзіць. Не на маё выйшла? Не нарваўся? Сядзі цяпер, сядзі і кукуй!

Язык — языком: трэба ведаць і статкавацца, куды, калі і нашто ён патрэбны.

Нашаму брату — селяніну — язык патрэбны бывае разы са два ў год канечна: на Каляды і Вялікдзень. У гэтыя дні мясная яда — ну дык трэба ж і аблізацца, а чым жа абліжашся, калі не языком.

Патрэбны яшчэ язык і маладому, як жэніцца: бяз прысягі не выкруцішся, а пасля... пасля ўжо маўчы: і за сябе і за цябе жонка насакоча.

Ну, але справа не ў тым. Лепш раскажу ўсё толкам, па парадку, што і як было, а там... самі ўжо разбірайцеся,— чы ж не праўду я казаў, што Сымон — гад?

Перш-наперш трэба вам ведаць, што Сымон вялікі манюка: выдумае такое іншым разам, што табе і ў жыцці не снілася, а як раскажа, распіша,— здаецца, і сапраўды так было і так ёсць. Але і гэта яшчэ не бяда. Горшая бяда ў тым, што гэты самы Лябёдка страшэнны задзірака: старшыне — ніколі чаркі не паднясе; сустрэўшыся з ураднікам, а хоць бы нат з самім прыставам — да шапкі ані дакранецца; а такіх, як стараста чы там які выбарны — дык і саўсім не шманае.

Дык не дзіва, што кожны гэткі чын рад бы насаліць Сымону, а тут якраз здарылася прычына.

У двары нашым зрабілася пакража, і то, мусіць, па-кража не абы-якая, калі, як толькі агледзеліся — ноччу яшчэ зараз жа паляцелі на станцыю і далі знаць у горад тэлеграмкай, каб адтуль прыслалі сабаку-сышчыка.

Хіба вы ўжо чулі, што цяпер і гэткія сабакі завяліся? Досыць гэткаму цюцьку абнюхаць хатнія рэчы, паміж каторымі здарылася пакража, і тыя месцы, да каторых дакратваўся злодзей рукамі чы нагамі, як ужо сышчык-сабака следам давядзе да праступніка і носам яго спазнае.

Праўда, не заўсёды бывае ўдача хоць бы і такому нюхайлу, бо іншым разам пройдзе снег чы дождж, пакуль прыедзе на следства «яго міласць», і гэтак залье след, што і сам сабачы нос нічога не паможа. Тады кідаюцца часамі на іншы спосаб: паказваюць западазроных людзей сабаку, а той, абшохваючы іх, знаходзіць паміж іх вінавайцу.

У тую ноч, як сталася пакража ў двары нашым, шмат было там чужых людзей: удзень былі яны на рабоце дапазна дый заначавалі. Паміж іншымі быў Сымон, быў і я. А што, як на ліха, перад тым, пакуль прыехаў гэты важны сабака, прайшоў дождж і заліў слсд, дык прыйшлося хапіцца таго другога спосабу, аб якім я гаварыў: запрэзантаваць сышчыку западазроных людзей.

Добра. Сагналі ўсіх: і падзённых рабочых, і ўсю дворную  службу, каб крыўды, значыцца, нікому не было.

Перад дворным ганкам, дзе збор быў назначаны, чалавек сорак набралася. Паразбіваліся на кучкі паводлуг знаёмства, кумаўства, сваяцтва. Пайшлі гутаркі, жарцікі, смешкі. У цяні, пад старой ліпай, стаяў ураднік і ляскаў нагайкай па сваіх бліскучых халявах; побач — стараста, казюрачы вочы на мядаль, які целяпаўся на грудзях яго світкі; а ззаду іх — выбарны нашай вёскі. Ліха надало неўздалёк гэтай кампаніі выбраць сабе месца і Сымону Лябёдку: рассеўся ён каля нейкага чырвонага куста загранічнага, як на сваёй дзядзіне, з кумой Агатай Гамашыхай і швагрусём сваім Андрэем Дударом; прыкуцнаў і я тут каля іх, не столькі дзеля сяброўства, колькі, праўду кажучы, дзеля цікаўнасці, бо ведаю добра, дзе ўжо ўблытаецца наш Сымон, то там гладка не пойдзе,— грэх гаварыць, любіў наварыць кашы, а і затаўкі не жалеў. Моладзь, якая знала і любіла язычок Сымона, абступіла ўвакол нашу кампанію.

— Ну і дажыліся,— першым пачаў жаліцца Андрэй,— гэткі-то здзек над хрышчоным народам: наводзіць на чалавека нейкага сабаку, каб ён абнюхваў яго, як звяр’ё якое.

— Мужчын-то ён не абнюхвае: абы глянуў толькі на яго, то ўжо ведае, што за чалавек, а ось з бабамі — праўда — не дасць рады, не абнюхаўшы,— растлумачыў Сымон.

— Божухна-бацюхна,— пачала лямантаваць кума

Агата.— Што я чую? Што выдумаў — нюхаць?! А каб яго воўк вантробы нюхаў, каб з яго дух выперла. Такі там, мусіць, і сабака, калі пушчаецца на гэткія штукі: няйнакш як пранцуз або немец, пераадзеўшыся за сабаку.

— Э, гэта што! — пачаў зноў Сымон.— Я вам лепшую штуку раскажу. Не чулі? У прыстава чацвёртага стану выкралі з лядоўні масла, сыры і кумпяк бараніны. Прыстаў, разумеецца, зараз жа паслаў па сабаку. Праз колькі гадзін прыкаціў гэны сабака, само сабой, з правадыром сваім. Абследаваў ён — сабака гэны самы — зараз усю лядоўню, выскачыў адтуль, шох-нюх у адзін бок, нюх-нюх у другі дый прэ на дзядзінец да станавога пісара. А там стаяла сама пісарыха. Угледзеўшы сабаку ды ведаючы, у чым справа, сцяміла баба, што можа быць дрэнна (быў, відаць, нейкі грашок),— яна тады на сабаку вокам мірг-мірг...

Хлопцы — у рогат, а Тамашыха стала дзівіцца і дапытвацца:

— А-а-а-а? А што ж сабака?

— А што ж сабака? — цягнуў памалу Сымон.—

Сцяміў і ён, гад, адразу, бо — чы дасцё веры, чы не — адміргнуў! А пасля пакруціўся яшчэ праз нейкі час, мабыць, для фасону, па тым самым дзядзінцы ды як упёрся носам да

паркану — хоць ты што. Прымчалі драбніну, прыставілі да плота; сабака спрытна, як той нячысцік, на драбніну ды праз паркан на друі  бок сморг і пайшоў круціцца, водзячы носам па зямлі, па местачковых агародах.

— Ну, і знайшлі? — пытаемся ўсе, зацікавіўшыся гэтай справай.

— Але, знайшлі,—- адказвае Сымон,— знайшлі, як у лесе рэха. Дзе ж вы бачылі, каб знайсці, калі яны ўспелі пераміргнуцца. Казалі толькі, што ўсю ноч пасля гэтага ў гіісара балявалі: пісар, правадыр, пісарыха і гэны сабака; да раніцы так усе напіліся, што хоць ты іх выкручвай.

— Як-то ўсе? — здзівіліся мы.— I сабака напіўся?

— Не,— зважна кажа Сымон,— правадыр толькі піў, а сабака закусваў, а як гэта ў іх выйшла, што п’яныя былі ўсе — кадук іх ведае; стораж станавога, як ішоў раніцай па ваду, бачыў і пісара з пісарыхай, і правадыра з саба-кам, як каля паркана ўсёй кампаніяй, шануючы вас, казлы дзёрлі.

— От пайшла распуста на божым свеце! — пачала зноў лямантаваць кума Тамашыха,— сабака і той даўся на падкуп.    

— Што ж вы хочаце,— кажа Сымон,— пападзі толькі ў паліцыю, там як бач навучаць, а ён жа сабака паліцэйскі.

— От я табе пакажу і навучу: будзеш ты помніць і станавога, і пісара, і паліцэйскага сабаку,— гакнуў неспадзеўкі ўраднік з-пад ліпы, а нос яго з сіняга колеру, як у індыка, ажно забялеўся.

А Сымон — хоць бы што! Спакойна так адказвае:

— Дарэмна работа ваша будзе. Я сам знаю: вы, прымерам, называецеся — паліцэйскі ўраднік, а ён — паліцэйскі сабака. Нічога не зробіш: кожнаму свой чын. Чуў нават я, што той сабака мае мядаль за свае заслугі; толькі як і дзе яго носе — пе давялося бачыць. Пэўна ж, не на грудзях, як наш, не раўнуючы, стараста...

Усе нявольна глянулі на старасту. Той, пачырванеўшы як рак, лупаў вачыма, як бы плакаць збіраўся. Ураднікава нагайка пачала шыбчэй яшчэ ляскаць па халявах, і немаведама, чым бы гэта ўсё скончылася, каб у гэты момант не ўехала брычка на дзядзінец, у каторай сядзелі прыстаў і правадыр з сабакам. Пад’ехаўшы пад ганак, яны саскочылі і пайшлі ў пакоі.

Жарцікі і смяшкі сціхлі. Нат Сымон замоўк. Неяк зрабілася непрыемна. Бадай што кожнаму на думцы было тое, што і ў мяне: а што, калі гэты самы сабака прычэпіцца да цябе, нявіннага чалавека? Гэта ж згубіць можа на векі вечныя.

Чакаць прыйшлося нядоўга. Ускорасці выйшаў станавы, за ім правадыр з сабакам. Людзі паўставалі. Вочы ўсіх былі звернуты толькі на сабаку. Сярэдняга росту, от як наш Лыска чы Разбой, толькі масці паджарай — падхадзя на ганчака, морда даўгаватая, невялікая, як у ваўка вушкі, саўсім кароткі (мусіць-то адсечаны) хвост.

Абход пачаўся з другога ад нас канца, але чы нам здалося, чы й сапраўды гэта цырымонія так хутка йшла, што і не агледзеліся, як гэты сабака, тыркаючы носам то туды, то сюды, мінуў ужо ўсю шарэнгу людзей, мінуў і мяне і Сымона, нюхнуў лапаць кумы Агаты і тыц пад той чырво-ны куст, каля каторага мы перш сядзелі, а тут, як з неба, пад самы нос сабачы кот — гойц! — і стаў.

Скуль гэты кот узяўся, вансак яго ведае; мо ў кусце сядзеў і птушак пільнаваў, а мо, як ураднік цвярдзіў, штуку гэту падстроіў Сымон, каб закпіць з начальства. Праўду кажучы, шмат хто і з-паміж нас гэтаксама думаў, хоць я гатоў быў прысягнуць, што сам Сымон гэтага не зрабіў, бо я тут жа каля яго стаяў і бачыў добра; хіба ён раней падмовіў каторага з дзецюкоў, і той трымаў за пазухай да часу тую мышыную смерць — гэта стацца можа, але праўды такі і не дабіліся.

Кот, апынуўшыся перад самай мордай сабакі, уцякаць зразу не адважыўся, бо — чы то бок, чы яшчэ горш — зад з хвастом апынуўся б у небяспецы. Трэ было пушчацца на хітрыкі і адвагу. Выгінаючы спіну ў дугу і саставіўшы лапы ў кучу, стаў ёп падымацца на іх, а калі яшчэ наставіў хвост дугой і ўсю шэрсць пашупырыў, то ўжо пэўны быў, што такога высокага і страшнага звера і сам сабака не над-та адважыцца зачапіць, а каб яшчэ большага пуду задаць, кот разінуўся, як мог; найшырэй і стаў фыркаць і сыкаць, а пасля раптам — пэц! па мордзе свайму ворагу і сам ходу. Сабака ажно якнуў з болю.

— Ось так яго, каток, так! Курту гэтага! Воўчае мяса! Сышчык паліцэйскі! С-сук...

Але Сымон так і не скончыў свайго павіншавання: ураднік, як каршун, наляцеў і пацягнуў яго да прыстава. Які там даклад зрабіў ураднік начальству свайму — гэтага не скажу: не чуў. А толькі пагналі Сымона ў пакоі, там ураднік напісаў пратакол, а ад’язджаючы, пасадзіў яго побач сябе.

Я падышоў да брычкі і пытаю:

— За што цябе, Сымонка?

— «За оскорбленне при исполнении служебных обязанностей»,— сярдзіта адрэзаў ураднік.

— Каго ж ты, сваток, абразіў? — дапытваю.

— Паліцэйскага; але чы паліцэйскага сабаку, чы палі-цэйскага...

Сымон і на гэты раз не скончыў: брычка пакаціла.



Крыніца: bookmate.com