epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Што сказаў певень

Казка

Жыў-быў на свеце такі чалавек, каторы разумеў усю гутарку ці то скаціны — звяр’я, ці птушак божых; ці як лес шуміць, ці трава шапаціць. Толькі нельга яму было прызнацца да гэтага: скажа каму — самому паміраць трэба. Меў гэты чалавек жонку, і жылі яны паміж сабой складна. Гаспадарку мелі невялікую: асла і быка. Асёл стаяў у хлеве і авёс жраў, на быку гаспадар вазіў дровы і карміў яго саломай.

Вось аднаго разу прывёз гаспадар галля з лесу, адпрог вала і пусціў у хлеў; не паспеў яшчэ і варот прычыніць — чуе, стаў вол жаліцца аслу: «Паганае маё жыццё, братка асёл, пашанасці і ўвагі ніякай не маю ад свайго гаспадара: араць — ты, Рабы, ідзі; вады прыцягнуць — запрагай Рабога; дроў прывезці — зноў Рабы ў адвеце. Усё як Рабы, дык Рабы: каму пугай на баку? — Рабому; каму яда — салома? — Рабому. А вось ты, асёл, стаіш, нічога не робіш, а сена ды авёс толькі глуміш!» Разжаліўся асёл над доляй Рабога; стаў ківаць ён сваёй вялікай галавой, каб прыду-маць якую раду для вала. 3 вялікай натугі свайго аслячага розуму застрыг доўгімі вушамі дый, апусціўшы ісподнюю лупу, зашаптаў: «Ты, вол, захварэй, дык гаспадар і да работы цябе не возьме і карміць лепш пачне».

Пачуўшы гэта, гаспадар вярнуўся ў хату ды смяецца сам сабе. «Чаго смяешся?» — пытае жонка. «От, так сабе смяюся»,— адказаў мужык.

Назаўтрае, даў Бог дзень, пайшоў гаспадар у хлеў. Глядзіць: вол, адкінуўшы хвост і галаву, ляжыць на баку дый паглядае з-пад вока на гаспадара, што будзе? Гаспадар, быццам нічога не ведаючы аб хітрыках Рабога, закінуў яму сена, усыпаў аўса і, прыйшоўшы ў хату, смяецца. Жонка ізноў давай прыставаць да яго: «Чаго шчырышся? Мо з мяне чаго? Кажы праўду!» Мужык і кажа: «Не магу я табе праўды сказаць, чаго смяюся, бо тагды смерць мая прыйшла б па мяне». На другі дзень ідуць гаспадар з гаспадыняй быка даведацца; ляжыць Рабы, хоць сена і авёс дачыста спытляваў, толькі на другі бок перавярнуўся. Гаспадар і кажа да жонкі: «Няма рады: зарэжам быка, бо страта будзе вялікая, а так то хоць што-колечы выручым».— «Пачакай да заўтрага,— кажа жонка,— калі не паправіцца — рэж». Выйшлі яны з хлева, жонка пайшла ў хату, а мужык стаў пад варотамі слухаць, якая будзе нарада паміж яго жывёлай. Ажно бык і кажа аслу: «Дрэнную ты, асёл, раду мне прыдумаў; што ж мне без пары пад нажом гінуць? Цяпер парадзь, братка, як з бяды выкруціцца?» Думаў, думаў асёл — нічога. «Няма,— кажа ён,— іншае рады, папраўляйся, бык! Гля-дзі, каб заўтра ты быў ужо здароў, бо гэтыя жарты дрэнна могуць скончыцца: з цябе скуру злупяць, а мяне ў хамут на тваё месца ўшчэмяць!»

Чуўшы гэта, прыйшоў мужык у хату дый смяецца: «Заўтра наш Рабы здароў ужо будзе!» — «А ты скуль ведаеш? Чаго вышчырыўся? Кажы! — крычыць, тупаючы нагамі, жонка.— Зара мне кажы! Ты хіба нешта пра мяне ведаеш, што абы ў хату, дык смяешся! Ну? — «Смерці маёй ты, кабета, хочаш, ці што? — адказвае мужык.— Гаварыў я табе, што калі прызнаюся перад табой, чаго я смяюся, дык у той час паміраць мне прыйдзецца».

На другі дзень прыходзіць гаспадар у хлеў, ажно бык ужо стаіць ды скоса ўсё паглядае на яго рукі, ці не прынёс нажа з сабой; але гаспадар — нічога; адчыніўшы хлеў, вы- выпусціў вала да вады і сам за ім ідзе. Рабы, каб паказацца перад гаспадаром, што ён саўсім ужо здароў, паставіўшы хвост дагары, як дуду, давай выбрыкваць як мага заднімі нагамі, а сам збоку паглядае, ці добра бачыць гэтыя штукі яго гаспадар. Але мужык, напаіўшы вала, загнаў яго ў хлеў, вярнуўся ў хату дый смяецца сабе. Як угледзела ізноў яго смех гаспадыня, калі ўз’елася яна, калі не пачне яго лаяць. «Здохні ты,— кажа,— лепей, а скажы прычыну твайго смеху! Вытрываць больш не магу!» Зазлаваў і мужык. «Ну,— кажа,— калі табе не шкада мяне, хай ты пропадам прападзі! Даставай з кубла смяротную адзежыну,— скажу ўжо табе ўсю праўду, хоць сам памру!» Кінулася з радасці жонка да кубла, выцягнула смяротную адзежыну, а сама ажно ўстаяць на месцы з цікаўнасці не можа. Гаспадар, уздыхнуўшы, стаў памалу рыхтавацца на смерць. Скінуўшы апратку, памыўся, надзеў смяротную кашулю... толькі чуе гэта ён, як сабака, што ляжаў пад сталом, пачаў плакаць і кажа да пеўня, каторы хадыром хадзіў па хаце каля перапялёсценькіх курыц: «Ах, певень, певень! Як табе не сорам? Гаспадар уміраць рыхтуецца, а табе вунь што ў галаве!» А певень, пад’ехаўшы на адным крыле, калі зараве: «Дурны гаспада-а-ар! Я маю дзевяць жонак, дый ліха мяне не бярэ, а ён праз адну памірае!» Пачуўшы гэту гутарку пеўня, сціснулася спярша з жалю сэрца гаспадара, а пасля падпала такая злосць на жонку, што, доўга не чакаўшы, схапіў ён пугу ды калі стаў сцябаць сваю гаспадыню пугаўём, што тая з болю ажно занямела...

I спужаўся, і шкада зрабілася мужыку жонкі сваёй, усцягнуў ён яе на ложка, накрыў, а сам пабег па зелле да баб. Назаўтра, каб барзджэй жонка моцы набралася, зарэзаў і спёк для яе пеўня. Ачуняла ўскорасці гаспадыня, але больш ужо не лезла ў вочы свайму мужыку, і зноў сталі яны жыць паміж сабой складна.



Крыніца: bookmate.com