epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Варона

На шырокім і даўгім пазадворку было весела і крыкліва.

Найважнейшым па чыне лічыў сябе, разумеецца, індык. Зважна, хоць і не без страху азіраючыся ва ўсе бакі, пад’язджаў ён, нашупырыўшыся, час ад часу на скрыдлах, а з вялікай натугі бледнаватыя гузакі на галаве яго то чырванелі, то ажно рабіліся сінімі, урэшце, белымі, але затое, калі, бывала, гукане — вылае, як і прыстала на важны чын, на той момант ціхлі, прыслухаліся і дзівіліся ўсе; але толькі на момант.

Гусі — страшэнныя пляткаркі — доўга вытрываць моўчкі не маглі і адзываліся, спяшаючыся адна перад другой як мага болын нагагатаць, першымі.

Чырвоны, з велізарнымі косамі пявун, маючы пад сваім загадам не мала хоць і слабейшага роду падданых, таксама не надта быў падатны ўступаць хоць бы і самому індыку: ляпаў сябе па баках скрыдламі, дзёрся на ўсё горла ды, скрывіўшы набок галаву, доўга потым прыслухаўся да рэхвы свайго, як яму здавалася, вельмі пекнага голасу, а на астатак — для форсу — хоць на адным скрыдле — пад’язджаў і ён.

Качкі, не могучы ўтрымаць на сваіх кароткіх ножках раскормленае цела сваё, пераміналіся з нагі на нагу і, як больш спакойныя, бо здаволеныя з свайго жыцця, нізка ўсім кланяючыся, паддаківалі ўсім.

Толькі галубы ды павы ні на што не звярталі ўвагі, нічога быццам не бачылі, не чулі; не да таго ім было: адны былі заняты толькі любоўю, другія — толькі сваімі зікратымі хвастамі.

Рэшта, усялякая дробязь, якая круцілася і на пазадворку і па бліжэйшых, сумежных кустах і дрэвах, пішчала, крычала, свістала, і трудпа было разабрацца, ці каторыя з-паміж іх адзываліся да старшых з пашанай, ці з лаянкай, ці мо зусім з кпінамі.

Але гоман быў страшэнны. Страшэнны тым больш, што час быў веснавы, кожная з асобку грамада выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца; ішлі звадкі, бывалі бойкі; мелі свае клопаты, мелі і радасці; рыхтаваліся да новага жыцця, спадзеючыся прыбытку сям’і...

Рупнейшыя — ужо прыждалі гэтай сабе пацехі; іншыя — з дня на дзень чакалі, і, як на гэтых, так асабліва на першых спаглядалі ўсе з зайздрасцю і пашанай.

3 зайздрасцю, але без пашаны спаглядала на гэта ўсё адна толькі варона.

Скуль гэта варона тут убілася, якім парадкам трапіла ажно сюды — ніхто добра не ведаў, а яшчэ менш ведала аб гэтым яна сама.

Хадзілі толькі чуткі, што — як гэта варона сядзела яшчэ ў гняздзе разам з сваімі братамі і сёстрамі — наляцеў каршун. На кліч бацькоў зляцеліся цэлыя хмары варання; завязалася бітва з ворагам страшэнная, але раз’юшаны каршун да гнязда такі дабраўся, некаторых там пакалечыў, адну штуку выцягнуў, а наша варона, хоць добра лётаць яшчэ не ўмела, але ткі першая выскачыла з гнязда. Сасна была высокая, дык, шлёпнуўшыся вобземлю, пабілася моцна. Хоць боль браў вялікі, але страх быў яшчэ большы, і вось яна то бокам, то скокам уцякала ад гэтага страшнага месца наўгад — абы што найдалей, ажно пакуль не прыбілася да таго месца, дзе быў птушнік.

Тут, забіўшыся ў куст, сядзела бедная варона, пакуль голад не прымусіў яе вылезці. Праціснуўшыся праз дзірачку ў плоце, яна са зламаным скрыдлам, з выкручанай нагой скокнула колькі разоў наперад, прысела, уцягнула шыю, задзерла крыху галаву і моўчкі разінулася.

Пазадворкавае птаства, занятае кожнае сваімі асабістымі справамі, толькі цяпер агледзелася і спанатрыла чужынца.

Аб вароннім родзе чулі ўсе, некаторыя, як, напрыклад, куры, качкі — не адну справу ўжо мелі з варонамі, але каб гэта варона сама адна-аднюсенька адважылася залезці сярод усёй гэткай грамады свойскага птаства — проста дзіва!

Тым часам гусі ўспелі столькі ўжо ўсяго наплясці, што ўсіх агарнуў страх.

— Тут нешта будзе, будзе, будзе! — адазваўся індык і нават на скрыдлах пад’ехаць не адважыўся.

— Клопат, клопат,— прарочыла квактуха.

— Пад-вох! Пад-вох! — дзёрся певень.

— Так, так, так! — кланяючыся на ўсе бакі, з усімі згаджаліся качкі.

— Сся, сся! — усцішваў асцярожны качар.

Усе круціліся ўвокал вароны, каторая, быццам уросшы ў зямлю, ані краталася з месца, а толькі галаву паварочвала ў той бок, дзе большы паднімаўся крык, і, час ад часу зачыняючы дзюбу, каб перамачыць слінай засохшае горла, зноў яе шырока разяўляла, углядаючыся на ўсіх не то са страху, не то з хітрасцю сваімі бліскучымі чорнымі вочкамі.

Грамада птаства пільна прыглядалася да крывой, адстаўленай убок нагі, да апушчанага зламанага левага скрыдла, цікаўна заглядала ў раскрытае чырвонае, шырокае горла і судзіла на ўсе лады, а што гэта была яшчэ раніца — час не зусім прыдатны на даўгую палітыку — трэ было заняцца важнейшымі справамі: напхаць пустыя валякі, дык, нічым не скончыўшы, памаленьку ўсе разышліся.

Застаўшыся адной, устрапянулася спярша варона, паправіла пёркі, а пасля, агледзеўшыся ўвокал, падскакала да карыта, каля каторага, як яна ўжо ўспела прыкмеціць, найбольш завіхалася рознага птаства, заглянула туды і ажно ўсцешылася: яды, хоць мала знанай, было паўнюсенька. Дзёўбалі ўсе; праціснуўшыся нязначна, дзеўбанула і варона раз і другі — нішто: есці можна. Накаўтаўшыся як мае быць, паскакала варона зноў у кусты і забілася там, каб не мазоліць дарэмна вочаў другім, і адтуль квапна прыглядалася да ўсяго, як бы хацела спазнаць тутэйшыя парадкі і жыццё...

I спазнала. 3 таго часу дзень ада дня вароне жылося штораз лепей: набралася пэўнасці, смеласці. Разумеецца, не без таго, каб ёй часам не пападала, асабліва спачатку: не той, то другі — а таўкане, скубяне, але да ўсяго можна прывыкнуць — прывыкла і варона, а часам нават сама не раз слабейшага, бывала, дзеўбане, ушчыкне; ды яшчэ закруцс, а пасля і з роўнымі цягацца стала.

Вось гэтак-то і плыло вароне жыццё; плыло год, другі. Прыждала варона і трэцяй вясны, калі-то прыйшла ёй у галаву новая і смелая думка: а што, каб-то завесці сваю сямейку? а? Завесці-то завесці, справа добрая — ані слова, але як? Доўга думала над гэтым варона, але, відаць, такі нешта надумалася, бо, забіўшыся ў найгусцейшыя кусты, звіла сабе гняздо. I вось з таго часу стала яна пільнаваць, калі сядухі злётвалі з гнязда есці, тады асцярожненька, ціханька падкрадвалася, выкрадала адтуль яйкі і закачвала іх да свайго гнязда. Гэтак рабіла варона з сільнейшымі ад сябе птушкамі; з слабейшымі — справа была саўсім лёгкая: прыйдзе да сядухі, гаўзане, калі тая спіраецца, у галаву і бярэ, што трэба.

Гэткім парадкам, праз нейкі час, сабраўшы больш дзесяці розных колераў і велічы яек, варона села.

Прайшло некалькі часу. Выгаладаўшаяся, высахшая, як шчэпка, вылезла ўрэшце варона з кустоў, а за ёй сыпалася пісклівая на ўсялякія таны грамадка рознай дробязі.

Дзівіліся і цікавіліся ўсе, як гэта варона ўхітрылася завесціся гэткай сям’ёй?

А і ганарыстай жа стала варона: курам, качкам — ані прыступіся; пеўню бараду і грэбень акрывавіла; самому індыку чуць вочы не выдзерла!

— За сваіх родных дзетак жыццё аддам, а не папушчуся! — крычала варона.

Але і дзяцей сваіх варона трымала востра — у послуху: абы каторае не тым голасам запішчыць, як падабаецца вароне — куксу, ды такую куксу, што малое толькі

нагамі задрыгае ў паветры, і гатова. Хоць, праўду кажучы, і любіць — любіла іх варона: кураняткаў са двое з вялікай любоўю нават глынула — такія прыгожанькія былі!

Заляталі і заглядваліся на ўсё гэта дзіва сваяшніцы вароны, перад каторымі наша варона пахвалялася сваімі дзяцьмі; але тыя, доўга моўчкі ўглядаючыся, адляталі з крыкам: кра-кра-кра!

Гусі, добра, відаць, не дачуўшы, зараз жа ўсім разнеслі, што нават вароны пазналіся на моладзі сваяшніцы і кажуць, што яна іх крала. Як толькі разышлася гэта вестка, варона зразу страціла ўсю тую прыхільнасць, якую зазвычай маюць маткі.

— Прыблуда, прыблуда, прыблуда! — артачыўся індык

— Гнаць вон! Гнаць вон! — крычаў у адзін дух певень.

— Так, так, так! — кланяючыся, паддаківалі качкі.

Пасля гэтага вароне жыцця не было: адусюль гналі, усе таўклі. А тым часам і моладзь падкачалася, і як ні старалася ўтрымаць яе ў послуху варона, як ні муштравала, ні біла ўсіх сваіх дзяцей — нічога не памагала: мест гарнуцца да маткі — сталі распаўзацца куды каторае: кураняты прылучыліся да кур, качаняты — да качак і г. д., словам, пакуль падышла восень — пры вароне ўжо нікога не асталося.

Цяпер толькі агледзелася, спазнала ўсю сваю абмылку варона; зразумела яна ўрэшце, што нават слабейшымі за сябе птушкамі, як напрыклад галубкамі,— камандаваць яна ніколі не здолее. А што ж гаварыць аб роўных па сіле?

I хоць жаль было выгоднага месца, жаль гатовага, дар-мовага корму, але хоцькі-няхоцькі выбралася-ткі варона ў свой лес.

Час мінаў нязначна. Скрыдла ў вароны саўсім зраслося, толькі нага так і засталася крывой.

Пралятаючы неяк адной восені з цэлай хмарай сваіх сваяшніц над добра сабе знаным пазадворкам, дзе круцілася і завіхалася каля яды цэлая грамада рознага птаства, наша варона, паказваючы на птушнік, адазвалася:

— А ведаеце, сястрычкі, што? Гэта ж усё мае родныя дзеткі.



Крыніца: bookmate.com