epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

З маленькім білецікам

Ці здарылася вам, браткі мае, ехаць на чыгунцы? Не? Ну і дзякуйце Богу! Мне бо давялося раз — няхай яна згарыць: чуць-чуць даехаў! А ехаць мусіў: у гарадской бальніцы ляжаў хворы ўнук — трэба было да яго дабрацца.

Жонка адвезла на вакзал, добрыя людзі параілі, як і дзе купіць білет, нават улезці мне памаглі на гэту шалёную кабылу, згіпь яна, прападзі!..

Людцы мае! Колькі ж там народу, народу! I ўсе разам: і жыды, і мужыкі, і паны, і бабы разам паміж усіхсядзяць... Толькі гэта я зірк у адзін, у другі бок, аж тут калі зазвоняць, засвісцяць, загудзяць, ды гуруруру — вагоны, значыцца, крануліся; калі схіснуўся я, то, каб нейкі добры пан мяне не паддзяржаў, мусіць, і костачак я не сабраў бы сваіх.

— Садзіся,— кажа да мяне,— старычок,— і сам пасунуўся крыху на зэдліку гэным.

Сеў я, глянуў на яго — бачу — крапчэй ён за панапаказвае: па шапцы пазнаў я, што чьноўнік нейкі, а каля яго дзве паненкі сядзяць, ну, але сказаў сесці, то і сяджу.

Толькі гэта шалёная кабыла так неяк не то што трасе, але калыша, каб на яе звод, што мне пачало млосна рабіцца. Дастаў я люльку, махоркай добра напхаў дый затуманіў— чую, палягчэла, адлягло; я тады другую і трэцюю. Бачу: нешта паненкі круціць носам пачалі і давай шаптацца з чыноўнікам. А той зараз да мяне:

— Білет жа ты, старычок, маеш?

— А як жа; грошы,— кажу,— заплаціў, вось і білет, выймаючы з капшука, паказваю яму.

— Ах, стары, стары, куды ж ты,— кажа,— забраўся з гэткім маленькім білецікам? Гэта ж ты штраф заплаціш! Глянь, які мой!

Калі глянуў я на яго білет — праўда: у разоў 20 большы за мой ды і зусім непадобны! Я гэта, доўга не чакаўшы, цмок у адну руку, цмок у другую.

«Паночку,— кажу,— ваша выскароддзе, пакажыце ж, дзе мне сесці?!» — «Хадзі,— кажа,— пакажу».

Павёў ён мяне, адчыніў нейкія дзверцы. «Во,— кажа,— у цябе маленькі білецік, дык табе па закону і маленькае месца палагаецца».

Падзякаваў я яму за раду і ўвагу на маю старасць. Праўда, крыху цеснавата, але для аднаго годзе; і зэдлік да сцяны прыбіты, толькі з велізарнай круглай дзіркай, але сядзець нішто — выгодна. Прычыніўшы крыху дзверы, затуманіў я люльку, пачаў думаць, як там унук моймаецца, што жонка дома парабляе, аж тут тыц да мяне нейкі барадаты жыд, але, праўда, зара назад папёр; толькі я гэта стаў напіхаць другую люльку, аж тут шась да мяне нейкая паня, але то не абы-якая паня — так чыста адзеўшыся, што я ўжо маніўся хоць у куточку пры ёй пастаяць, хай бы садзілася на зэдлік — неяк бы змясціліся, але і яна стук дзвярамі і пайшла. Божухна-бацюхна, думаю сабе, пыхкаючы люльку, гэткая то, відаць, багатая паня, а мусі, таксама, як і я, бедны, з маленькім білецікам едзе. Не скончыў я яшчэ і другой люлькі, аж тут калі стаў да мяне сыпаць народ,— не раўнуючы, як на хрэсьбіны: усё скрыг ды скрыг дзвярамі, усялякага стану, і малых, і старых; а я сяджу сабе, як пан,— ведама, заплаціўшы грошы,— ды падміргваю ім, ды ўсміхаюся з іх зайздрасці. Аж ізноў лезе той самы барадаты жыд ды як наваліцца на мяне: «Што ты,— кажа,— адзін рассеўся? Іншым не трэба, ці што? Злазь!»

— Дурны ты, кажу, дурны. Я ж за свае крывава запрацаваныя грошы білет купіў, праўда — маленькі, але пан, дай Божа яму здароўя, паказаў мне, дзе і з гэткім білецікам можна да ўнука даехаць...

— От я табе пакажу ўнука! — крыкнуў жыд і пабег некуды.

Аж зара навёў ён на мяне нейкіх чыноўнікаў, ці ліха іх там ведае каго, і сталі яны мяне адтуль цягнуць.

Але не такі я ўжо дурань, хоць першы раз на гэтай паганай кабыле еду,— не даўся.

Прыехалі на нейкую станцыю, навялі на мяне нейкіх вайсковых з аружжам людзей; тыя, дык, прызнаюся, адра-зу далі рады мне, старому, і нават на вакзал зацягнулі, хацелі нешта пісаць ды і мяне пакінуць тут... чуць-чуць выпрасіўся і ледзь дабраўся, дзякаваць Богу, да месца.



Крыніца: bookmate.com