epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Заморскі звер

«...Даўно-то даўно гэта было, але яшчэ помню, бо, між намі кажучы, далі-такі добра нам на памяць. Было так: Рыгор, Гаўрыла і я выбраліся ў горад з дравамі; дровы прадалі, зайшлі да Янкеля выпіць чарку, сядзім, калякаем; чуем — каля другога стала гамоняць аб усялякіх зверах заморскіх, якіх панавозілі цяпер у гэты горад. Гаўрыла і кажа да нас: «Браткі, лепш меней чарак вып’ем, а пойдземо паглядзець заморскую налпу». Добра, пайшлі; чаўпёмся па вуліцах, дапытваючыся, як і куды трапіць да гэтайзаморскай звярыны, аж тут нарываецца нейкі і кажа: «Хадзіце за мной, я вам пакажу налпу, і кошту ніякага не будзе».

Усцешыліся мы; коцім за ім. «Слухайце, дзядзькі,— кажа да нас правадыр наш,— паказаць налпу-то я вам пакажу, але сам з вамі не пайду, бо яна вельмі сярдзітая і не лгобіць, каб хто другі раз прыходзіў глядзець на яе, а я ўжо раз быў». Праўда, спярша і па нашым целе забегалі мурашкі, але — было не было. «Вядзі»,— кажам. Завёў ён нас на нейкую вуліцу, збочыў у нейкі садок ды і паказвае паль-цам. «Бачыце,— кажа,— вунь гэны жоўты дом і велізарны ганак пры ім? Падыдзіце бліжэй і прыгледзьцеся — вось на крэсле і сядзіць тая заморская налпа». Сунуліся мы бліжэй, углядаемся — праўда: страшная, гарбатая, твар неяк сплюснуўшыся, дый амаль не ўся ў валасах, але да чалавека надта падобна — і нават апрануўшыся зусім як пан які: апратка пекная, багатая; але і ўвагі на нас ніякай не робіць, сядзіць і нават газету чытае... «Ну,— думаем сабе,— хоць налпа, але як заморская, дык, можа, і ўмее чытаць?» Асмеліўшыся, сталі мы бліжэй падхо-дзіць,— нічога — сядзіць. Гаўрыла кажа: «Братцы, свісну я»,— «Свішчы»,— адказваем. Свіснуў ён раз — нічога, свіснуў другі і трэці раз, ажно праўда — падняло гэтае звяр’ё галаву дый лыпае на нас маленькімі вочкамі, але так неяк смешна, што мы ўсе ў рогат. Ажно, людцы вы мае, як запішчыць гэта яна на нас, і хоць усяго не зразумелі, але лаянка зусім да нашай падобна, толькі яшчэ крапчэйшая! «Іш ты,— кажа Рыгорка,— хоць заморская падла, а лаянкі тутэйшай скора навучылася». Дый яшчэ горш сталі рагатаць; а я, доўга не чакаючы, тыц ёй пад нос пугаўём. Браткі вы мае! Калі ўскочыць гэта яна, выхапіланейкую дудачку ды як засвішча,— ужо на што Гаўрыла быў здатны да гэтага, а так бы не патрапіў! Але нядоўга мы дзіваваліся, бо як бач наляцела паліцыя — і за карак ды ў паліцыю. Там мы толькі даведаліся, што жулік нас падвёў, бо гэта не заморская налпа, а амаль не першы чалавек у горадзе, але, як людзі нам казалі, надта падобны да налпы. Даведаліся мы ў паліцыі яшчэ нечага, але ўжо не заморскага, а тутэйшага — лазовага куста; а мне за тое, што ткнуў пугаўём гэну звярыну, зрабілі гонар — лішніх пятнаццаць усыпалі...»



Крыніца: bookmate.com