epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Зарабіў

Хоць меў Сцёпка Тацюк граціну зямлі, і то зямлі доб-рай, меў жонку — Тацяну, да ўсяго дасужую, меў трох сынкоў з-паміж каторых старшыя два былі ўжэ ладнымі падросткамі і зараблялі не толькі на сябе, але і на хату, а ўсё ж ткі ў хаце жылося несамавіта: штодзённы недаста-так! Нажывуць круп, затаўкі няма; згарусцяць затаўку — якраз крупы скончыліся; і так усцяж!

Праўду кажучы, найбольш вінават быў гэтай бядзе сам Сцёпка: хоць любіў, каб яды было, як на Дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю. Людзі ўжо напрацуюцца, па колькі-то пракосаў пройдуць, а Сцёпка ўсё яшчэ соўгаецца ад хаты да хаты па вёсцы: то з адным пастаіць, пагутарыць; то з другім за глупства завядзецца— пасва-рыцца,— глядзі — ужо і поўдня блізка, і хоць як ні кідалася Сцёпкава Тацяна, нічога не памагала: жылося, як той казаў, дрэнна.

А Сцёпка не ад таго, каб жылося лепей,— чаму не? Але каб гэта лепей само як-небудзь скуль-небудзь звалілася, знайшлося. I хада Сцёпкі была такая, быццам усё шукаў гэтага лепей. Апусціў галаву, як той конь убоісты, уніз дый цягаецца, быццам чагось углядаючыся.

Многа ці мала гэтак шукаў Сцёпка сваёй долі, але вось адной неяк раніцы, пралайдачыўшы ўсю ночку ў падгарадскім шынку і варочаючыся з пустой кішанёй і цяжкай галавой дахаты, здалося яму, што ткі знайшоў сваю долю. Стрымаўся раптам сярод дарогі і стаў з-пад лоба аглядац-ца, як бы баяўся, каб яго думак хто не падгледзеў ці не падслухаў... Потым, крута завярнуўшыся, скорым крокам памахаў у горад. Прайшоўшы на адну з вуліц, дзе стаяў знаёмы гарадавы (не раз чарку перакулівалі разам — усёй знаёмасці), стаў з ім шаптацца. Доўга, надставіўшы вуха і ківаючы галавой, слухаў пашаптушак Сцёпкавых гарадавы, пасля, кіўнуўшы пальцам, павёў яго ў паліцыю.

Там зара гэты самы гарадавы завёў Сцёпку ў камору, дзе сядзеў за сталом нейкі чыноўнік ці начальнік, а сам чмыхнуў адтуль. Жутка зразу зрабілася Сцёпку, мо ўжо і жалеў цяпер, што ажно сюды кінуўся шукаць сваёй долі, але неяк слова за слова (начальнік паказаўся Сцёпку вельмі прыступным чалавекам) і ўсё, што было ў думках Сцёпкі, вылажыў як мае быць.

...Выйшаў Сцёпка. Выйшаў, як бы пасля вялікай, цяжкай працы: спацелы, чырвоны як рак. У моцна заціснутым кулаку трымаў сярэбраны рубель... Але што цяпер знача Сцёпку гэты рубель? Ого! Сцёпка бо ведаў цяпер, як зарабляць рублі. Калі захоча — не аднаго будзе мець. Вось захацеў і будзе мець... як вам здаецца: што? Каня! Як мае быць каня — гаспадарскага каня. Трэба будзе толькі падысці на торг, выбраць любога, а пасля сеў і паехаў; аб цане і не пытай! Ёсць каму за яго плаціць!

Варочаючыся дадому, разважаў Сцёпка: сказаць жонцы ці не сказаць? Але ткі надумаў не гаварыць: нашто бабе ведаць? Яшчэ гатова разбрахаць па вёсцы, а гэтага нельга, бо і заработак можа ляснуць.

Па дарозе зноў зайшоў Сцёпка ў шыночак, знайшлася там знаёмая кампанія, а да таго быў рубель — было за што і пры чым пасядзець, дык ледзь уночы дацягнуўся дадому. I, увайшоўшы ў хату, намацаў палок і, рынуўшыся на яго, заснуў моцным, п’яным сном.

Сонейка ўжо высока паднялося, калі Сцёпка расчухаўся, злез з палка, моўчкі насунуў шапку і высунуўся за дзверы. Тацяна таксама быццам і не бачыла мужа — ніводным словам не зачапіла яго. Яна добра ведала, што ніякае прычытванне не толькі не памагала, але яшчэ горш шкодзіла: Сцёпка, на злосць жонцы, кідаў тады ўсю работу і сцягваўся з дому на колькі дзён. Хліпаючы і ўціраючы нос хвартухом, Тацяна ямчэй толькі перастаўляла гаршкі; мацней ляскала вілкамі і чапялой у качарэжніку і часцей куксала свайго малога Сымонку, каторы круціўся каля спадніцы маткі.

Тым часам Сцёпка, выйшаўшы на двор, як сеў на прызбе, дык і не скрануўся, ажно пакуль жонка не клікнула палуднаваць. Па палудні пайшоў кратацца каля гаспадаркі і гэтак дацягнуў да вечара.

Ноч выдалася Сцёпку бесканечна доўгая. Доўгай і страшнай паказалася яна і Тацяне. Чаго ніколі даўней не бывала, кідаўся Сцёпка, як у гарачцы: то крычаў, каб каня яму запрагалі, то клікаў Юрку і Кастуся, то будзіў жонку, дапытваючыся, ці не чула, як сабакі брахалі і званочкі звінелі, і ледзь над раніцай крыху супакоіўся. Назаўгра праз увесь дзень не выйшаў, як даўней бывала, на вуліцу, словам да нікога не адазваўся, толькі яшчэ больш згорбіў-ся, яшчэ ніжэй апусціў галаву ўніз, як бы баяўся, каб не заглянуў яму хто ў вочы.

Так прайшло трое сутак. На чацвёртыя — звечара, калі жонка з сынам ляглі ўжо спаць, Сцёпка, запаліўшы лучыну, толысі стаў лапці падшываць, як пачуў: адазваўся на вёсцы спярша адзін сабака, пасля другі, трэці... Твар Сцёпкі збялеў, рукі і ногі так сталі калаціцца, што ледзь падняўся, ледзь дайшоў да лучыны, вырваў яе з лучніка, кінуў вобземлю, затаптаў і, асунуўшыся на лаву, цяжка дыхаючы, стаў прыслухацца. Колькі гэтак сядзеў Сцёпка — сам не ведаў, і толькі калі пачуў, як на вуліцы вёскі нешта затаркатала, затопалі конскія капыты, Сцёпка як бы ачнуўся. Праз сваё акно бачыў Тацюк, як замігацелі агні па хатах, потым стаў высыпаць народ на вуліцу і, як тыя пчолы ў вуллі, загудзеў. Пад акно Тацюковай хаты падбегла суседка — Мар’яна, забарабаніла па ім і, крыкнуўшы: «Юрку і Кастуся забралі... кніжкі нейкія знайшлі»,— пабегла далей. Сцёпка ані скрануўся...

Мінуў тыдзень, другі, і выбраўся Сцёпка ў тарговы дзень у горад. Спярша падышоў да знаёмага гарадавога, але з ім аніяк не мог дайсці да ладу: буркне нешта пад нос ды адвернецца. Махнуў Сцёнка рукой і пайшоў да таго чыноўніка, у каторага спярша быў. Той, распытаўшыся, ці няма яшчэ якіх навін, сказаў Сцёпку прыйсці па каня на другі торг. Прыйшоў ён на другі торг — якраз начальніка дома не застаў. За трэцім разам — часу таму не было. I гэтак як стаў хадзіць, дык ходзіць, а ўсё нічога не выходзе; ажно пакуль аднаго торгу не спаткаўся ён нос у нос з гэтым сваім начальнікам на рынку. Круціўся, праўда, спярша той, як уюн, але ўрэшце згадзіўся ісці каня купляць Сцёпку. Абышлі адзін, другі табун, пры трэцім начальнік, гутарачы з гаспадаром-цыганом, нешта доўга замарудзіў, а пасля і кажа Сцёпку: «Выбірай каня, садзіся і едзь»,— а сам завярнуўся і пайшоў.

Сцёпка абышоў гнядога — добры; паглядзеў у зубы буланаму — яшчэ лепшы, але найбольш спадабалася яму лысая кабыла: складная, сытая, ростам невялічка,— якраз на яго гаспадарку. Пакруціў яе ў адзін бок, пакруціў у другі. «Гэту можна?» — пытае цыгана. «Прабуй, якога хочаш»,— адказвае той. Але што там Сцёгіку было прабаваць? Абы скарэй дадому — пахваліцца! Ускочыў на кабылу, залопаў нагамі па баках лысай і, трушком з’ехаўшы з рынку, мінуў прыгараддзе і выехаў на сваю дарогу. Тут затуманіў люльку і толькі стаў надумвацца, што б тут сказаць у вёсцы: адкуль, за што нажыў гэткую жывёлу, ажно ззаду нехта калі храпше па карку Сцёпку, дык і не агледзеўся бядак, калі на зямлі апынуўся. Падняў галаву, глядзіць: цыган — гаспадар кабылы — стаіць над ім, крычыць, лае дый зноў складаецца пражыць. Усхапіўся Сцёпка, хацеў ужо даць цыгану здачы, але той давай нема раўці: «Злодзей! Злодзей!» Падбеглі людзі, і як ні растлумачваў ім Сцёпка, як ні кляўся, як ні прасіўся, нічога не памагло: кожны тоўк яго, як сабаку на чужым двары,— гэтак збітага звязалі і павялі назад у горад. Там здалі Сцёпку ў участак. Прабаваў і тут Сцёпка выкладаць сваю справу, як ён і не краў кабылы, як за яго маніўся заплаціць нейкі важны чыноўнік, але ніхто і слухаць не хацеў, а толькі кпілі і смяяліся з яго.

На другі дзень выпрасіў-ткі Сцёпка, каб завялі яго да таго чыноўніка. Завясці завялі, але той і не дапусціў яго нават да сябе, і як ні артачыўся Сцёпка, а адтуль павялі яг'о ўжо проста ў турму і ўпхнулі паміж арыштантаў «да разбору дзела».

Ліха яшчэ надало Сцёпку прызнацца перад сваімі новымі таварышамі, за што і як папаў сюды. Думаў Сцёпка іх разжаліць сваёй доляй, і тым часам — дзіва: злодзеі, разбойнікі і тыя адтрахнуліся ад яго. «Здраднік! Юда! Гад!» — іначай і не адзываліся да Сцёпкі...

Пакуль назначылі суд, Сцёпка адседзеў у турме месяцы з чатыры; але, ці то яму той начальнік — зжаліўся — памог; ці як там было, выкруціўся-ткі неяк, небарака, з большай бяды і вярнуўся дадому.

3 таго часу перастаў цягацца па вёсцы, бо абы толькі паказаўся — сталыя і малыя, мужчыны і бабы прыставалі да яго: «Сцёпка, Сцёпка, калі пойдзеш у заработкі?»



Крыніца: bookmate.com