epub
 
падключыць
слоўнікі

Ядвігін Ш.

Зарабляюць

Мамку — дык закапалі на могілках — пры горадзе; не на самых, праўда, могілках, але так — крышку збоку — за плотам, бо казалі, што яна неяк не зусім так, як трэба для могілак, памірала.

Татку не давялось убачыць. Гацулька — сястрычка, значыцца, мая,— казала, што як была маленькая, а мяне яшчэ на свеце зусім не было,— дык разы са два бачыла. Нішто, казала, хоць старэнькі, але добры быў: грошы, а то і цукеркаў, бывала, прыносіў і надта пекную пахучую адзежыну меў на сабе. Але я так і не бачыў яго: на пахавунак мамкі ён не прыйшоў. Чаму? Не ведаю.

Як мамку хавалі, мне было гадоў восем; Ганулька бралася пад чатырнаццаць.

Пры мамцы жылі мы ў пекным мураваным доме; дом быў вельмі высокі, але мы жылі зусім нізенька — быццам у зямлі. Так, бывала, смешна глядзець праз аконца; толькі ногі міг-міг, а то іншыя шлэп-шлэп, але толькі і відаць ногі, як бы людзям галоў і не трэба было...

Жыць было добра, спакойна, і гульні свае з Ганулькай мелі. Зімой, напрыклад, у вялікі мароз на акне (адно яно было ў нас) такія бывалі пекныя кветкі, што так і глядзеў бы цэлы дзень на іх, а Ганулька возьме вугольчык дый ім на сцяне такія самыя кветкі навядзе,— якраз такія самыя, толькі тыя былі белыя, а гэтыя чорныя... Або — іншым разам — з акна вада стане капаць,— вось якраз, як часта, бывала, з вачэй мамчыных: такая перш маленькая капелька, а пасля яна неяк пухне, пухне і зробіцца велізарная, бліскучая і... кап; а потым другая, трэцяя, але таксама памаленьку: кап... кап... кап... Толькі, помню я, раз мамчына капелька ўпала мне на твар, дык такая цёплая была, ажно гарачая, а тыя, што з акна капалі, дык іншым разам замярзалі ў доўгія-доўгія сасулькі, тады мы з Ганулькай аддзіралі іх і гулялі ў крамніка, што цукеркі прадае.

Здаралася не раз, што есці надта хацелася, а мамка не прыносіла (мусіць, часу не мела), дык затое яна як пачне нам гаварыць, як пачне, а так умела пекна гаварыць: як птушачкі божыя — такія малепькія, бедненькія, а страхі над сабой не маюць, а мы маем; як іх вецер праймае, а да нас не дабіраецца; як яны галодныя спаць садзяцца;— і ўсё гэта так пекна, так жаласліва нагаворыць, шго аж нам захочацца быць падобнымі да гэтых птушачак божых, каб і нам холадна было, каб і нам, як гэтыя божыя птушачкі, галоднымі класціся спаць у халодны кут. I кладзёмся. А мамка доўга яшчэ сядзіць і шые, шые, шые...

Спярша, як асталіся мы толькі ўдваёчку,— вельмі маркотна было... Стуліўшыся, як каткі ў клубочкі, дрэмем, не раздзяваючыся ўсю ноч, хліпаючы ад часу да часу, на мамчыным ложку...) Галоднымі не былі: хлеб яшчэ цягнуўся; два злоты ў мамчынай апратцы знайшлі, а як праелі іх, Ганулька і кажа да мяне: «Ты, Адамка, не дурэй, сядзі ў хаце ды лемантар, як мамка паказывала, грызі, а я пайду грошы зарабляць і на сябе і на цябе». I праўда: заработкі яна дастала ўскорасці: то на пабягушкі, то падлогі мыць, то вады прынесці ці так што якое,— але зарабляла, і год за годам ішлі роўна, спакойма.. Ганулька вырасла на сталую ўжо дзяўчыну, а і я хоць ігонкі і худы, але таксама ўверх выцягнуўся, і мы не раз ужо памеж сябе раіліся, каб убіцца мне да якога майстэрства, але... але зрабілася нешта такое, чаго мы самі не маглі зразумець: заработкі Ганульчыны неяк зразу ўрваліся...,

Чаму? — не зразумеў я. Чуў толькі ад дворнічыхі, што такіх ганарыстых, як мая Ганулька,— паны не любяць... Жыць стала цяжка: мала таго, што ціснуў голад, але і апрануць не было чаго,— сядзім цэлы дзень у хаце, як тыя мышы ў нары, і толькі, як добра сцямнее, Ганулька ў сваіх лахманах выпаўзала да адной старэнькай пані, каторая адна і асталася, што яшчэ мела літасць над намі, і то тое, то сёе перападала ад яе нам з яды. Але цягнуцца гэтак доўга не магло. Ганулька кідалася ўсюды, шукаючы працы, і змораная прыбягала позна вечарам дахаты, ламала свае ручкі і плакала, плакала... Гледзячы на яе, скавытаў і я з жалю, як тое шчанё...

— Адамка,— вярнуўшыся знекуль, кажа да мяне Ганулька,— няма рады; каб адна я была — ведала б, што зрабіць, але цябе шкода! Ідзём разам на службу; нам дадуць апраткі, кватэру і есці, колькі захочам.

Я цешыўся, аж скакаў, і дзівіўся, што Ганулька была вельмі маркотная: амаль не ўсю ноч пракленчыла яна пры мамчыным ложку — малілася і плакала, плакала і малілася...

Назаўтра пайшлі мы на службу: гэта быў вялікі, пекны, чысты рэстаран. Далі мне чыстую цэлую адзежыну і паставілі за лёкая; Ганульку адзелі, як кралю якую, але работы не назначылі ніякай...

I служым мы. Штодня, а найбольш вечарам, находзяць дзесяткі і сотні чыста і багата адзетых паноў, бяруць смачную, дарагую яду, купляюць заморскія водкі і віны, кідаюць грашыма, як трэскамі; п’юць, ядуць, крычаць на лекаёў — бо такіх, як я, ёсць тут яшчэ з пяток і такіх, як Ганулька, ёсць, апроч яе, тры. I ўсе яны нічога не робяць: ходзяць ад стала да стала, госці іх адны перад другімі просяць да сябе, кормяць, пояць ды яшчэ гасцінцы даюць...

Мая служба вельмі цяжкая,— найгорш, калі Ганулька— мая родная, каханая сястрычка, седзячы пры адным стале з панамі,— крыкне: «Адам! Яшчэ бутэльку віна!» Ляту, нясу, адпячатываю, неяк ногі і рукі мае трасуцца, і мест у шклянкі лію віно на белы, чысты абрус, бо не на віно гляджу; гляджу, як зачараваны, у сінія-сінія вочкі сваёй Ганулькі, і хочацца мне крыкнуць на ўвесь гэты рэстаран, не — не рэстаран, а крыкнуць так, каб увесь свет пачуў: «Кідай, сястра, безработную службу! Кідай, дарагая мая!»



Крыніца: bookmate.com