epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

1942

Адышоў, у вечнасць кануў

Год, замкнуўшы круг.

Неба зорная паляна,

Нібы ў кветках луг.

 

Урачыста і таемна

Ззяе Млечны Шлях,

Тоіць мудрасць гмах надземны —

Брыльянцісты дах.

 

У глыбінях цёмнай далі

                Цішыня, спакой.

Чым запоўняцца скрыжалі

І чыёй рукой?

 

Не адзін я — сотні тысяч,

Стаўшы на мяжы,

Будуць мкнуцца іскру высеч

З невядомай мжы,

 

Каб наступных дзён заслону

        Хоць на міг прыўзняць

Ды, як маці ў сваё лона,

                Добры дар прыняць.

 

  І я веру ўсёй душою —

Рухне сіла цьмы,

І высока над зямлёю

Сцяг падымем мы.

 

Зацвітуць, як мак, дубровы,

Ажыве народ.

 

Дык здароў жа будзь, год Новы,

Сорак другі год!

 

29/ХІІ 1941


29.12.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945