epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адгукнуўся

Ноч была цёмная, ціхая, цёплая. Ні месяца, ні зорак зусім не было відаць. Праўда, у гэтую ноч месяц і не падымаўся; можа і ён пёк сабе дзе-небудзь пірагі і бабкі на Вялікдзень, павярнуўшыся спінаю да зямлі. А што належыць да зорак, то яны хоць і былі на небе, але пазакрываліся хмарамі. Можа яны там мыліся ды прычэсваліся – іх дзявочая справа. А ўрэшце ці не ўсё роўна? Толькі ж усюды было ціха. І ўсё пазірала не так, як заўсёды. Неба і зямля абняліся ў змроку і маўчалі. Калі-нікалі на зямлю спадала колькі кропелек дожджыку. Здавалася, што хмарка не магла стрымацца, каб не шапянуць чагось прыемнага маладой зялёненькай траўцы і маладзенькім лісточкам на дрэвах, якія яшчэ нясмела выглядалі з сваіх калысачак на Божы свет.

У сяле таксама было ціха. Там і сям па хатах свяціліся вокны. У двух ці ў трох хатах за сталамі сядзелі старыя мужчыны і спявалі. Так вядзецца з даўніх часаў, з тых часаў, калі на месцы царквы стаяў яшчэ касцёл. У ноч перад Вялікаднём збіраюцца старыя мужчыны ў хаты і там спяваюць святыя песні аб пакуце Хрыста, покі бацюшка не скончыць абедні і не пасвенціць пірагоў, бабак і скораму. Самы набожны і самы пісьменны селянін сядзіць на покуце з кантычкаю, а другія – абапал яго і спяваюць. Часамі мужчыны збіваюцца з голасу і спевы не ладзяцца.

– Ты, Андрэй, не гэтак вядзеш, – знаходзілі зараз жа вінаватага.

– Як-та не гэтак? Вы спытайцеся ў Пранцыся. Гэта вы збіваецеся. Пачынаеце: «Езу Хрысто, Пане мілы» добра, а «Барыну бардзо цярплівы» – мыляецеся. Во як трэба.

І Андрэй паказваў, як трэба.

Мужчыны выслухвалі Андрэевы спевы. Падтрымлівалі яго. Спевы зноў наладжваліся, зноў спявалі згодна, нота сумнай песні вылятае на вуліцу і, зліўшыся з цішынёю ночы, замірае.

А царква поўна народу. Плашчаніца, абстаўленая маладымі елачкамі і залітая бляскам капеечных свечак, стаіць пасярэдзіне царквы. Дзецюкі чытаюць «Дзеянія святых апосталаў» напераменку. Усякаму хочацца паказаць свой голас, і не адзін пасля змены пытае:

– А я як чытаў?

Заціснуты народам, прыпёрты ў куточак, стаяў селянін Лукаш Глузд разам з другімі ў царкве. На душы было спакойна і лёгка. Ён часамі кідаў погляд на царкву. Здавалася ўсе былі вясёлы, давольны і радасны. Людзі прыходзілі, кленчылі каля плашчаніцы, білі паклоны і маліліся. Пахла свечкамі і маладымі елачкамі.

Стоячы тут у гэтую ноч, адчуваў Лукаш пакуту і цяжар свайго жыцця, сваю горкую бядоту і галоту. І ў Лукашовым сэрцы абудзіліся думкі, і ўспомніў ён далёкія гады свайго дзіцячага жыцця. Як лёгка тады жылося на свеце! Ні аб чым не балела душа. Як радасна ён сустракаў, бывала, Вялікдзень! Як весела бегаў з сябрукамі па-валачобнаму! А дзе цяпер яго сябрукі? Адны, як і ён, даўно пажаніліся, цягнуць гэтае самае ярэмца, што цягне і ён, а іншым Бог даў спосаб выбіцца ў людзі. Э-эх! – уздыхае Лукаш. Думкі падхапілі Лукаша, моцна ўзяўшы яго пад сваю абладу, і паняслі далёка-далёка ў той светлы край успамінаў, на які, як нехта сказаў, кожны з нас мае права і з якога нас ніхто не выкіне. Думаючы так, Лукаш забываўся, дзе ён, і крок за крокам азіраў сваю прошласць.

У гэтай самай царкве стаяў ён перад труною свайго бацькі і мацеры; тут жа стаяў ён з сваёю жонкаю і над імі трымалі вянцы... І былі моманты, калі ў Лукашову душу ўлівалася нейкая горасць і туманіла яе, як бы яго хто крэпка хапаў за самае сэрца. Гэта была свядомасць утраты чагось добрага, мілага, харошага, далёкага. Лукаш моцна праводзіў рукою па твары, каб адагнаць гэту гаркату. І раз узварушыўшыся, пабеглі гэтай дарогай Лукашовы думкі. Каб адагнаць іх, Лукаш хрысціўся, успамінаў пра Хрыста, пра яго пакуту за людскія грахі. Толькі ж сам таго не хочучы, Лукаш зноў думаў аб сваім жыцці. А гэтыя плыты! Вось дзе яшчэ сабачы заработак! Тры тыдні стаіць яго плыт на адным месцы. А ён думаў да Вялікадня загнаць яго ў Коўну. Ды дзе там? Вада, як мора.

А дзецюкі чытаюць, цягнуць голасам і тым даўжэй, чым горай хто разбірае славянскі друк. Тым часам падышла і поўнач. Народ прыбывае і прыбывае. Пачалася адправа. Бацюшка надзеў светлыя рызы. Нават і ён сягоння весялейшы і, здаецца, лагаднейшы. Зноў Лукашу робіцца лягчэй. Пеўчыя на клірасе стараюцца з усіх сіл. І натоўпілася іх там колькі! Потым пайшлі з працэсіяй вакол царквы. Лукаш убачыў, як да адной харонгі сунуліся Гаронім Дзежка і Язэп Чупрына. І таму і другому хацелася несці харонгу. Бачыў Лукаш, як абодва мужчыны ўляпіліся рукамі, покі Язэп, які часцей хадзіў каля бацюшкі, не вырваў у Гароніма харонгу і панёс. Лукаша змарыў сон, і ён заснуў. І ў той час, як народ хадзіў вакол царквы, Лукашу прысніўся пракляты плыт. Вось, здаецца, Лукаш стаіць з прысам на галаве плыта, а Піліп-заднік, яго памочнік, завіхаецца ззаду. Вада чуць-чуць тоўпіцца ў берагах, і плыт плыве па ёй лёгка, як трэска, толькі ў нортах звіваецца ён, як вужака, рыпяць лаўкі, і плыт борзда-борзда бяжыць за вадою.

Працэсія вярнулася ў царкву, і зноў пачалося маленне. Вось выходзіць з алтара бацюшка з трысвечнікам, кланяецца народу, віншуе яго і радасна кажа:

– Хрыстос уваскрос!

Тут толькі прымеціў Янка Бязногі, што Лукаш, з якім ён стаяў поплеч, спіць. А Лукашу ў гэты момант снілася, што яго плыт крута заламала ў бераг. «Дам казла! Дам казла!» – думае ў сне Лукаш і кідае апачыну, хапаецца за прыс.

У гэты момант Янка Бязногі пачаў штурхаць Лукаша пад бок.

– Лукашка! Лукаш! Хрыстос уваскрос! Прачніся, адгукніся! Хрыстос уваскрос! – Лукаш, не прыйшоўшы ў памяць, лыпнуў вачыма і, думаючы, што ён яшчэ на плыце, гукнуў на ўсю царкву:

– Піліп! Кідай шырыгу!..

 

Мікалаеўшчына

13 красавіка 1913 г.


13.04.1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5