epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адплата

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
ЭПІЛОГ


I

 

Узлескам праходзіць дарога.

Маркотна і глуха на ёй.

За Свіслаччу жэрдка ад стога,

Як тычка, стаіць сіратой.

 

Налева з дарогі – сядзіба,

Але не відаць яе хат.

Пасёлак – счарнелая глыба

І плешын абвуглены рад.

 

Прайшла тут, як чорная пошасць,

Фашысцкага зверства каса,

На той людаедскай пакошы

Крывёю ірдзее раса.

 

Бясшумныя чорныя шаты

Развешвае ціхая ноч,

А з неба брыльянты, дукаты

Глядзяць міліёнамі воч.

 

У строгай маўклівасці хвоі

Стаяць над дарогай пустой

І нібы ў журботным настроі

Аб долі смуткуюць людской.

 

Схіліўшы над долам калені

І пасмы распушчаных кос,

Маўчаць у глухім задуменні

Старыя прысады бяроз...

 

Ох, ноч!.. Невясёлую ночку

Праводзяць тут людзі ў бядзе.

А хто гэта плача ў лясочку?

А хто там у мроку брыдзе?

 

 

                          * * *

 

Многа душ людскіх блукае

Па дарогах удзень, уночы.

Сонца сушыць іх, дождж мочыць

Доля іх, відаць, такая.

 

Што вядзе і хто іх гоніць?

Ды прычыны не згадаеш –

Песня ўсё старая тая ж

Цісне людзям сэрца, скроні.

 

Хто па ўласнай ходзіць волі,

Думкі тоячы ліхія,

А другі ідзе з-пад кія,

Несучы пакуты, болі.

 

Дык няхай жа тое гора

Ім развее вецер свежы,

А саміх нясе на межы,

Дзе іх болі сціхнуць скора.

 

А злачынцам, тым паскудам,

Што другіх прадаць гатовы,

Няхай росцяць лес, дубровы

Сук закляты, як іудам.

 

 

                          * * *

 

А голас, пранізаны жалем

І роспаччу сэрца, душы,

Цямраныя ўзрушвае хвалі,

Знямеласць тужлівай глушы.

 

«Ох, Божа мой, Божа! – галосіць

Жанчына ў лясочку пустым: –

І як жа зямелька іх носіць?

Чаму іх не высмаліў дым?

 

Няхай жа ім сонца не свеціць!

Няхай жа аслепнуць яны!

Няхай у іх рэбры дзьме вецер!

Няхай іх склююць груганы!

 

Пажэрлі, пабралі, спалілі –

Маланкай іх, Божа, спалі!

Каб дзеці іх к іхняй магіле

Ніколі дарог не знайшлі!

 

Няхай жа атрутаю стане

І ім, і прыслужнікам іх

Вада і раса на паляне

І ягады пушчаў глухіх!

 

Ох, Яначка! Дзе ж ты, сыночак?

О Божухна, Божухна мой!

Нашлі ты і ім такіх ночак!

Накрый ты іх цемрай такой!»

 

 

                          * * *

 

Апёрся на кій падарожны,

Стаіць пад хваінай

І слухае, гук ловіць кожны

З нахмуранай мінай.

 

З пасёлка плывуць па дарозе

        Пажарышча пахі,

Палохае штосьці, і грозяць

        Няясныя страхі.

 

Стаіць падарожны ды жмецца

        Цясней да хваіны,

І чуе, вакол аддаецца

        Плач жудкі жанчыны.

 

Ён думае: «Плачаш, Марʼяна:

        Сама вінавата –

Хавала дружка-партызана,

        Ну вось і адплата.

 

Парадкам жыві чалавечым,

        Рабі ўсё з адумам,

Ты іх не чапай, не пярэч ім

        І воўку будзь кумам».

 

І рушыў павольна з-пад хвоі,

        А плач за ім следам.

Ніколі не будзе спакою

        Прадажным скарэдам!

 

 

                          * * *

 

Ідзе ўскрай пажарышч з аглядкай,

        Са страхам Цімох.

Цімохаву хату «выпадкам»

        Агонь засцярог.

 

Стаіць яна, праўда, убоку

        За логам адна

І, пэўна, варожаму воку

        Была не відна.

 

Расходзіцца цемра патроху,

        Тхне вільгаць з нізін,

І жудка ісці тут Цімоху

        Між тла і руін.

 

А голас, што чуў ён у лесе,

        Гучыць, як струна.

Сказаць жа, у тым інтарэсе

        Цімох – старана.

 

Не ён жа будынкі панішчыў,

        Спаліў іх датла,

Што зробіш ты супраць сілішчы,

        Што верх узяла?

 

І вось вам яны, партызаны,

        І тайны хаўрус,

І ён, камандзір ваш абраны,

        Кандрат Белавус.

 

Навошта было задзірацца?

        Страляць з-за вугла?

Цішком бы сядзелі вы, братцы,

        Бяда б не прыйшла.

 

Не ўтоішся з справай такою...

        І нікне Цімох:

Баіцца ён сам прад сабою

        Прызнаць свой падвох.

 

 

II

 

З-за двух дубоў з шырокімі вярхамі,

Што многа лет над Свіслаччу стаяць,

Слупы-агні, як свечкі ў нейкім храме,

Вясёлкамі сышлі на сенажаць.

 

Туману шоўк бяляваю заслонай

Павіс над шклом знямелых азярын,

А неба круг гарожаю чырвонай

Спускаецца на землю, нібы тын.

 

Мінула ноч, і цемрадзь расплылася,

Рассунуўшы прасторы над зямлёй.

Кусты лазы, як стада на папасе,

Раскіданы прыгожа за ракой.

 

Асветлена зямля, яе разлогі,

І ўся яна — раскрытая далонь:

Відны лясы, і сцежкі, і дарогі,

Шатры дубоў і рэчак абалонь.

 

У свой абход ідуць над лесам хмаркі,

Ачнецца вей, паходаў вечных сын,

А ў зацішках натхнёныя пясняркі

Над пусткамі звіняць: дзылін-дзылін!

 

Зачаўся дзень, клапотны, гаманлівы,

А голасу людскога – ні гу-гу.

Пасёлак глух, і печы, нібы дзівы,

Гарэлыя апушчаны ў смугу.

 

 

                          * * *

 

Вось толькі цяпер, як разднела,

        Ажыў гэты кут.

На горцы пры лесе нясмела

        Збіраецца люд.

 

Не дужа вялікая сходка,

        І то больш дзяды,

Калекі і кволыя цёткі

        Прыходзяць сюды.

 

Прыйшлі і пасталі ў сумоце,

        Глядзяць на бяду

І бачаць – Марʼяна, Аўдоцця

        Ідуць на віду.

 

Прыходзяць у двор свой, дзе ўчора

        Будынкі былі.

Спыніліся, нешта гавораць,

        Нібы да зямлі.

 

Зямля ж пачарнела, як сажа,

        Штось тоіць ад іх.

Зямелька сама ім не скажа

        Аб сховах сваіх.

 

Жанчыны крыху пастаялі,

        Зірнулі пад зруб,

Сатлелыя поркаюць палі,

        Абвуглены слуп.

 

Глядзяць на іх людзі ды самі

        Ідуць у двары,

Дзе ўчора шугалі агнямі,

        Гулі пажары.

 

І раптам, як крыкнуць жанчыны,

        Як войкнуць яны!

Раскрылі прад імі руіны

        Малюнак страшны.

 

Пад комам сатлелай саломы

        Ляжыць ён, бядак,

Апалены і нерухомы

        Падлетак-юнак.

 

У чорным асмаленым целе

        Пад прахам руін

Пазнаць мацяркі не хацелі б,

        Што гэта – іх сын.

 

Адзін толькі тулаў сірочы

        Без ног і без рук,

І выцеклі слёзы і вочы

        У горане мук.

 

І гэта – людское стварэнне!

        І то – чалавек!

Сцярпець толькі могуць каменні

        Той глум і той здзек.

 

 

                          * * *

 

Узрушаны людзі, прыбіты,

Стаяць грамадою, маўчаць.

О Гітлер! О кат прагавіты!

Паклаў табе Каін пячаць.

 

Ды ёсць жа ты, праўда, на свеце,

Ды ёсць жа ты, вечны закон.

Развейце ж вы гадаў, як смецце,

Зніміце з народу палон!

 

Упала на попел Марʼяна

І рве на сабе валасы:

Спалілі сыночка Івана.

Няма яе сонца, красы.

 

– Іванка, дзіцятка маё ты!

Нашто ж ты расло і цвіло?

Няхай жа маланкі, грымоты

Пабʼюць іх, папаляць на тло!

 

Сыночак, калосік мой сцяты!

Закрыў ты мне ночкі і дні.

Дык будзь жа ён, Гітлер, пракляты!

Каб сам жа ён спёкся ў агні!

 

Завошта нам кары, пакуты?

Былінка мая ты, мой квет.

Загінуў ты смертухнай лютай,

Нашто ж ты радзіўся на свет?

 

З пашанай, з павагай суровай

Маўкліва суседзі прыйшлі,

Сказалі патрэбнае слова,

Прыпалі да самай зямлі.

 

Як скарб, як святыню, уважна

Абвуглены тулаў бяруць

І вохкаюць цяжка, працяжна,

На вочы ім сцелецца муць.

 

Аддаць яго трэба магіле,

Дамоўку яму збудаваць...

І посцілкай белай прыкрылі,

А потым панеслі хаваць.

 

 

III

 

На горцы пясчанай сем сосен

Шырока выносяць галіны,

А купінкі вычварных кросен

Духмяныя сцелюць тканіны.

 

Разросся чабор сінявокі

Па схілах пустога пагорка.

Тут шлях чалавечы шырокі

Канчаецца вузкай разоркай.

 

Дзве свежыя боразны-сёстры

Магілу атульваюць цесна.

Звычайны малюнак і просты,

А ўзрушвае сэрца балесна.

 

Чакае магіла кагосьці,

Раскрыўшы халодныя грудзі.

А вось і прыходзяць у госці

З труною маўклівыя людзі.

 

З старым Купрыянам у пары

Сусед яго, дзядзька Мікола,

А ззаду сутулы Гіляры

І Грышка з нахмураным чолам.

 

Нясуць абгарэлае цела

Па чорнай, журботнай дарозе.

Марʼяна нібы атупела,

Зарваліся голас і слёзы.

 

Не бачыць, не чуе нічога,

І свет стаўся ёй апастылы,

І самі спыняюцца ногі

На жоўтым пясочку магілы.

 

Па звычаю продкаў старому

Труну апусцілі ў цямніцу.

Упала Марʼяна, як з грому,

Халодную туліць зямліцу.

 

І ўзняў Купрыян свае рукі,

На захад варожы стаў тварам.

– Народ не даруе вам мукі,

Панішчыць вас Божая кара!

 

 

                          * * *

 

Між нізкіх збуцвелых крыжоў

І кусцікаў чэзлых і ніцых

Стаіўся Цімох. Ён прыйшоў

З апушчаным зрокам начніцы.

 

Глядзіць спадылба, як бірук,

Заросшы калючай шчацінай.

Заткаў яму ўласны павук

Свет белы густой павуцінай.

 

І рад бы Цімох не хадзіць,

Не бачыць людзей, пахавання,

Цягнула ж, вяла яго ніць,

Якой ён не ведаў названня.

 

Няўтульна і пуста ў душы,

Няма ў яго сэрцы спакою,

А ў ценю знямелай цішы

Яму хтосьці грозіць рукою.

 

І жудка так стала, калі

У яму труну апускалі,

А маці, як пласт, на зямлі

Ляжала ў тамленні і жалю.

 

І раптам успомніў ён тут

Прыслужніка «новага ладу»,

З якім яны многа мінут

Употайку мелі нараду.

 

Мільгнуўся хлапчук у вачах,

Марʼянін Іванка чарнявы.

І што з яго сталася? – прах,

Астача нялюдскай расправы.

 

Уздрогнуў раптоўна Цімох –

Ён голас пачуў Купрыянаў.

Здалося, тым голасам Бог

Адплату прарочыў з туману.

 

Народ разышоўся. Куды?

Вялікае гора ў народзе,

І ўсюды пакуты сляды,

А сам Цімох ходзіць, як злодзей.

 

 

                          * * *

 

Ускрайкам пасёлка Навінак,

Што стаўся прытулкам руін,

Дарогай між клёнаў, хваінак

Праходзіць калона машын.

 

Равуць прагавіта маторы,

Калёсы барозняць пясок,

Раскоцістым рэхам уторыць

Машынам суседні лясок.

 

Сядзяць на машынах салдаты,

На касках іх свасцікі знак.

Тырчаць у руках аўтаматы,

Як зубы фашысцкіх сабак.

 

А ззаду плыве легкавая –

Начальства тут едзе і штаб,

І зрокам тупым азірае

Руіны пасёлка фон Крап.

 

І кажа фашысцкая сцерва:

— Іх газамі трэба труціць, —

Палі ты яго і расстрэльвай,

А ён, славянін, будзе жыць.

 

Глядзяць і салдаты таксама,

Смяюцца, няма ім стыда,

Не чуюць, што чорная пляма –

То ж самі яны, іх арда.

 

І далей шыбуе калона

За мосцік пад Красны Барок.

Ні гулу, ні лязгу, ні звону,

І толькі застаўся пылок.

 

І раптам з-за мосціка з лесу

Як бухне залп стрэлаў, гранат!

І шлях расчыняе завесу

Зялёных купчастых прысад.

 

Не доўга вялася там схватка.

А што ж там такое было?

Разгадана будзе загадка,

І будзе адпомшчана зло.

 

 

                      * * *

 

Спакою Цімоху няма,

І сушаць яго сухавеі.

А што, калі ён надарма

На Гітлера ўскладваў надзеі?

 

Навошта пагнаўся, спытай?

Каму ён паверыў, дурніца?

Ён быў у калгасе гультай,

Калгасу заўжды чужаніца.

 

Паквапіўся, бач, на іх дар,

На хутар, каб жыць на ім панам.

А Гітлер які гаспадар?

І Гітлерам цешыцца рана.

 

Унь, кажуць, лістоўкі прыйшлі.

Там пішуць, што знішчуць праклятых,

Сцвярджаюць, што з нашай зямлі

Не выйсці ніводнаму кату.

 

Што ворагаў стрэне злы лёс.

Хто з імі, не будзе тым долі,

Вайна павялася ўсурʼёз,

Зацяўся народ, як ніколі.

 

Канца не відаць барацьбе.

Ці верна на немца браць стаўку?

Запішаш па часе на лбе,

Што кій памяняў на булаўку.

 

Цімоха агортвае страх:

А што, калі стане вядома,

Як потайкам ён па начах

Выходзіць на подслухі з дому?

 

І вось табе вынік з таго...

І чуе ён голас жаночы.

Ён бачыць – глядзяць на яго

Суседскія страшныя вочы.

 

Стаіць, як жывы, Купрыян

З рукамі, паднятымі ўгору,

А побач магільны курган, —

Яму ўсё жывыя дакоры.

 

IV

 

На землю спусцілася ноч,

Раскрыла свае аканіцы.

У небе пралёг наўзвалоч

Шлях Млечны святлом таямніцы.

 

Спакой у прасторах нябёс.

Маўчаць у зняменні вышыні,

І рухае неба свой воз

Дарогай спрадвечнае плыні.

 

Гараць дыяментным агнём

Маністы бліскучыя зорак.

Расквеціла неба свой дом,

І гоні свае, і падворак.

 

Глядзіць на зямлю без трывог,

Не ведае земнай трывогі.

Ідзе ў адпачынак з дарог

Серп месяца, вузкі, двурогі.

 

Зямля ж, бы крупінка адна

У гмаху бязмежным Сусвету,

Разгойдана ўся аж да дна

І слова не чуе прывету.

 

Снуецца, як чорны прывід,

Пякельная, цёмная сіла.

Дзе ступіць – дом спален, разбіт.

Дзе спыніцца – крыж і магіла.

 

Люд выбіт з абыклых пуцін,

Няма яму волі, прытулку,

А гора прысела на тын,

А ліха брыдзе па завулку.

 

Стаіўся, як злодзей, Цімох,

Ён сам – таго ліха крупіца.

Ён ходзіць даўно без дарог,

І яснага дня ён баіцца.

 

Чаго ён стаіць тут, начнік?

Вартуе каго ці чакае?

У сэрцы і думках – тупік

І марнасць, як цемра пустая.

 

 

                          * * *

 

Цімох пазірае ў кусты,

Схаваўшыся ў мроку за тынам.

Здалося – у хмызе густым

Лісцём зашумела галіна.

 

І бачыць – сумнення няма:

То – ён, яго прыяцель новы!

Навокала безлюдзь і цьма,

І толькі кігікаюць совы.

 

З-пад тыну выходзіць Цімох –

Лепш стрэцца з ім далей ад хаты:

Дазнаюцца людзі, крый Бог,

Не ўхілішся помсты, адплаты.

 

Два свісты прарэзалі мрок,

І сходзяцца ўсутыч два гады.

Сышліся, звярнулі ў барок

Для чорнай, патайнай нарады.

 

Прыселі пад хвояй старой.

– Ну што ў цябе новага, браце?

Дзе ён, дамарослы герой?

Што выведаў ты аб Кандраце? –

 

Пытае Цімоха Жыгун,

Фашысцкі прыслужнік заўзяты,

І носам і зрокам — каршун,

Пад немца ён сам: рудаваты.

 

Утупіў Цімох у дол зрок,

Рукою правёў па шчаціне,

Другою намацаў дручок –

Спадручней яму пры дубіне.

 

        Цімох

 

Што ж, быў у руках Белавус,

Ды вораг узяць не патрапіў.

Хоць ён – дамарослы, ды кус,

Відаць, не па іхняй ён храпе.

 

Гуляе цяпер па лясах,

Не дрэмлюць нідзе яго вочы:

Глядзіць і на лес і на шлях,

І ворагаў нішча, дзе хоча.

 

Спрабуй асачы і злаві...

Фашысты дарэмна лютуюць.

Пажару, пакут і крыві,

Ой, не: Белавус не даруе!

 

Спаліць хлапчука, ды жывым!

Чыё ж гэта сэрца стрывае?

І нам, чуй, адпомсцяць і ім,

Бо праўды ніхто не схавае.

 

        Жыгун

Ты жаласць сваю натрынож,

Лепш час недалёкі прыпомні,

Як самі зімой басанож

Хадзілі на каменаломні?

 

Не гінула хіба дзятва

І сталыя людзі не ў часе?

Ці стала салодкай трава,

Якой ты жывіўся ў калгасе?

 

Ты немца – маўчы – не судзі:

Усё ён абдумаў цвяроза

І перш за ўсё хоча ссадзіць

Народ наш з калгаснага воза.

 

Хістаешся, бачу, ты, брат,

Раскіс, бы кісель учарашні.

А будзеш апошні ты гад,

Калі завядзеш з імі шашні.

 

І ведай: ніводзін твой крок

Не ступіць без вока гестапа.

Глядзіць яно зблізку, здалёк,

І цэпкая іхняя лапа.

 

Ды позна цяпер разважаць,

Ідзі без аглядак наперад.

А будзеш, як псіна, дрыжаць,

Глядзі, нажывеш сабе верад!

 

Дык вось табе строгі наказ,

Для гэтага я і пасланы:

Кандрат Белавус гэты раз

Павінен быць, чуеш, спайманы!

 

Не ты яго сам будзеш браць,

Ты толькі разведай мясціны,

Дзе туліцца ён, адшукаць

Кандрата хутчэй ты павінен.

 

Унурыўся тупа Цімох,

Аблутаны, звязаны туга.

Ці хочаш, ці не, крычы «гох!»

Ды слухайся новага друга.

 

Займеў над ім волю Жыгун,

Ліпучай абвіў павуцінай,

Глядзіць, як шчарбаты чыгун,

Атрутнаю пырскае слінай.

 

Цімоху і воля і свет

Абернуты ў цёмную лёху.

І раптам натрапіў на след –

Дручок падвярнуўся Цімоху.

 

Маланкай узвіўся дручок

І – лясь Жыгуна вышай вуха!

– Ай! – крыкнуў Жыгун і маўчок,

І ціха там стала і глуха.

 

Схіліўся Цімох, як варʼят,

Сурова насупіўшы бровы.

Не ўстане яго супастат.

Пярэрваны блудныя словы.

 

Ляжыць нерухома дружок,

Не дыша, як падаль якая,

І кроў на халодны пясок

З разбітае скроні сцякае.

 

Наўкол азірнуўся Цімох,

Хапае дружка ён за ногі,

Туды яго, ў яміну-лог,

Падалей ад хаты, дарогі.

 

Ды перш, чым скаціць яго ў яр,

Схіліўся Цімох на калені,

Апошні аддаў яму дар:

Патрос Жыгуновы кішэні.

 

 

V

 

Праходзяць дні пакут і гора,

Дні цёмных страхаў і трывог.

З народам дзеляць сум прасторы

І купы хвой ускрай дарог.

 

Укрыла густа нашы землі

Фашысцкіх вылюдкаў парша,

А над калыскай маці дрэмле

Каля зямлянкі-шалаша.

 

Дзіця ад голаду заплача,

Карміць пара. Ды чым, бяда!

— Ох, есткі хочаш, мой бядача,

Ўсё зʼела дзікая арда!

 

У грудзях пуста. Ой ты, доля!

І чым цябе я пакармлю?

Фашыст спустошыў, заняволіў,

Спаганіў матухну-зямлю.

 

Ды лопне вусень ненаедны,

Фашысцкі клешч, ліхі павук.

Дык пацярпі, мой хлопчык бедны,

Вер – будзе Гітлеру каюк.

 

І людзі рук не апускаюць,

Не запалохаюць звяры,

Яны не здрадзяць свайму краю

І помсты востраць тапары.

 

 

                          * * *

 

Не весел пасёлак Навінкі,

Усюды пажару сляды.

Сумотныя ўзняты галінкі,

Як трупы, знямелі сады.

 

Павяла, пасохла іх лісце.

Як вугаль, счарнелі камлі,

І травы скасіў і падчысціў

Агонь, бегучы па зямлі.

 

Такая, здаецца, пустыня,

І ўсё так разбурана тут,

Што люд адрачэцца і кіне

Абжыты, наседжаны кут.

 

І вось жа, глядзіш, памаленьку

На гэты счарнелы прастор

Жыццё надзявае сявеньку:

Зямлі сеяць новы убор.

 

З гарэлых, асмаленых плешын,

Дзе печы застаўся шкілет,

Дзе з попелам прах перамешан,

Выглядвае зелень на свет.

 

А там, каля месца старога,

Сукрыта між дрэў пры ляску,

Зямлянка са стрэшкай убогай

Вылазіць з-за кучкі пяску.

 

А там шалашок ці паветка

Збудованы дбалай рукой.

Працуюць жанкі, сівы дзедка, –

Што зробіш з бядою такой?

 

І знойдзецца людзям на дзіва

Мастак, вынаходнік такі,

Што штучку прыдумае жыва –

На тое ж яны мастакі.

 

Для прыкладу – дзядзька Мікіта.

Зямлянка яго – любата:

Абложана мохам, абшыта,

Не страшны мароз і слата.

 

Паставіў слупы ў ёй, падпоры,

Каб ёмка трымаўся насціл,

Насыпаў зямлі на ім горы,

Стараўся са ўсіх сваіх сіл.

 

Аддушыны вывеў у поле

І печ злажыў сам, а лучнік

На блясе падвесіў да столі,

Каб ліў ён святлом – чараўнік.

 

А колькі ж ён вырабіў ходаў,

Каморак і розных пячур!

Дух творчасці ім авалодаў:

То – дзот яго, крэпасці мур.

 

Схадзіліся людзі к Мікіце

Зірнуць на зямлянку яго,

Каб з хітрых каморак-укрыцця

Самім запазычыць чаго.

 

– Ну, ты, брат Мікіта, і дока!

Але ж і на выдумкі хват!

Усіх інжынераў далёка

Пакінуў, адсунуў назад!

 

Так хваліць сяброўскі-жычліва

Мікіту стары Купрыян,

Бо выйшла зямлянка на дзіва

І нават на зайздрасць сялян.

 

У сэрцы Мікітавым свята,

Ён людзям гатоў услужыць,

Пад вусам яго сіваватым

Усмешка, як зорка, гарыць.

 

Збяруцца і слова за слова

Другую гамонку пачнуць.

З аглядкай вядзецца размова,

Каб ліха-бяду абмінуць,

 

Каб іх не падслухалі вушы

Фашысцкіх шпіёнаў, падліз,

Бо ёсць жа прадажныя душы

І вочы, што спушчаны ўніз.

 

Адвеку яшчэ не бывала

Такога згінення, прыгод,

І горшай у свеце навалы

Не ведаў ніколі народ.

 

А колькі глумлення, слёз, гора!

Як выбіты людзі з дарог!

Ой, вылюдкі, каты-пражоры!

Ой, Гітлер, малым бы ты здох!

 

 

                          * * *

 

Асунуўся твар у Марʼяны,

На вочы балесны лёг цень.

Не гояцца цяжкія раны,

Пагас яе светлы прамень.

 

Адно ў яе сэрцы жаданне

І думка адна ў галаве:

Адпомсціць святым пакараннем,

Яна тым пачуццем жыве.

 

 

VI

 

Далёка-далёка ты, край дарагі!

Далёка вы, родныя гоні,

Дубы лугавыя і рэк берагі,

Дзе з травамі лозы гамоняць.

 

Далёка-далёка вы, пушчы, лясы

І ціхія смужныя далі,

Дзе ўлетку на нівах шумяць каласы

І песцяцца ў сонечнай хвалі.

 

Далёка-далёка жыву я ад вас,

Браты мае, ў болях разлукі!

Я ведаю – радасці промень ваш згас

У цемры крывавае мукі.

 

У цяжкай няволі пад жорсткім ярмом

Ад ворага зносіш пакуты.

Разграблен набытак, разбуран твой дом,

І сам ты пʼеш горыч атруты.

 

Я ў мыслях на край свой далёкі зірну,

І сціснецца сэрца зацята.

Сады, гарады абярнулі ў труну

Фашысцкія вылюдкі-каты.

 

У пушчах, у нетрах трушчобін, балот

Хаваецца люд непакорны.

Гарачыя сэрцы ўзнімае Усход.

І помсты распалены горны.

 

Браты мае, хочацца мне вам гукнуць,

Каб там вы мой голас пачулі:

Фашысцкім забойцам суда не мінуць,

Гатовы ім вострыя кулі.

 

Не доўга паганіць ясноты далін

Цірольскаму шпегу-бандыту.

Да бою, народ мой, увесь як адзін

Бі ворага ўпотай, адкрыта.

 

Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе,

Прадаўшы і чэсць і сумленне,

Няхай той павесіцца сам на вярбе!

Няхай яго згіне насенне!

 

                  * * *

 

Другая гамонка вялася,

Расказваў стары Купрыян:

– Людцы вы мае, ў кожным часе

Затоены свой нейкі план.

 

У ім свая праўда, прымета,

Ты ж толькі разважыць умей.

Па зімах гадаюць пра лета,

Па зʼявах – аб сэнсе падзей.

 

– Не помню – было ж то нядаўна, –

Казаў мне з Балочы Мартын,

Ёсць вецер такі марнатраўны, –

Назваў ён яго «трапатын».

 

Звычайны, здаецца, той вецер,

А пройдзе над лесам, і лес

Накрышыць на дол столькі вецця,

Што проста аголіцца спрэс.

 

З Балочы Мартын мне і кажа:

– Ты ведаеш, што то за знак?

На весну, чуй, многа паляжа,

Пасохне жывых дзеравяк.

 

Зіма, кажа, лютая будзе,

Завеі, снягі, маразы.

Арэшнік памерзне на грудзе.

Задасць зіма лесу гразы.

 

І вось вам, людцы мае, доказ!

Вы помніце – год, паўтара –

Залеглі снягі, ды глыбока,

Мароз, аж трашчала кара.

 

І хіба ж не праўда? Вясною

З-пад снегу лес выйшаў руды,

І чорнаю плямай адною

На свет пазіралі сады.

 

І людзі глядзелі з трывогай

На мёртвыя постаці іх

І думалі: «Цёмнай дарогай

Ідзе чарада дзён ліхіх».

 

Не скончыў расказваць стары Купрыян,

І раптам — трывога.

— Хавайцеся — вораг! — і натоўп сялян

Бягом ад парога.

 

Зірнулі – страхоцце: ідзе талака,

Сапраўды салдаты.

І трэск матацыкла чуваць здаляка,

Блішчаць аўтаматы.

 

Народ усхвалёван і страхам абнят.

Дзе нойдзеш параду?

А вораг ёсць вораг: грабежнік і кат,

Не вер яму, гаду.

 

І людзі маўкліва зірнулі на лес,

Пашыліся ў сховы,

А дзядзька Мікіта ў зямлянку залез,

У дом у свой новы.

 

Гарэлы пасёлак, двары, шалашы

Як ёсць апусцелі.

Навокала безлюдзь, нідзе ні душы,

І птушкі зляцелі.

 

Марʼяна ж замысліла нешта, відаць,

Бярэ штось з-пад шула

Ды ціхенька мкне пад Грымячую гаць,

І мыш каб не чула.

 

Прыйшла і чакае, а сэрца яе,

Ну, бʼецца, бы ў птушкі.

І вось яна моўчкі з каша дастае

Гасцінцы-галушкі.

 

Аж зірк – партызаны! Фашыстаў вядуць

Пад пільным канвоем,

Пад навісь альховых галінак ідуць,

Спускаюцца роем.

 

Паклала Марʼяна гасцінец круты

Назад у кашолку,

Наперад заходзіць, моў бачце, браты,

Сваю прыяцёлку!

 

– Я ж думала – ворагі. Стрэць іх прыйшла,

А вось і гасцінцы, –

І кату гранату пад нос паднясла,

Сказаўшы: «Злачынцы!»

 

– Дзіцятка-сыночка завошта, скажы,

Спалілі жывога?

І ўставіла вочы яна, як нажы,

У ката рудога.

 

 

VII

 

Крылатаю птушкаю весць

Куты абляцела ў Навінках.

Хвала партызанам і чэсць

У іх гераічных учынках!

 

Выходзяць са шчылін людцы,

Са сховаў патайных, з зямлянак.

Не людзям – фашыстам канцы,

Стаў іх прад народам на ганак!

 

Няхай людзі бачаць усе

Фашысцкіх забойцаў, бандытаў

У голай звярынай красе

І плюнуць у твар ім адкрыта.

 

Уперадзе едзе Кандрат

На коніку шустрым буланым,

За ім партызанскі атрад,

З атрадам ідзе і Марʼяна.

 

Аточаны шчыльнай сцяной

Палонныя – іх тут чатыры,

Начальства з машыны штабной

З крыжамі на чорных мундзірах.

 

Не дужа ваяцкі іх від,

Ідуць, апусціўшы галовы.

Ці думаў пракляты бандыт,

Што люд яго скруціць вясковы?

 

Патрапіць у сець мужыка!

І горш за ўсё – баба і тая

Глядзіць на яго звысака,

З ім побач ідзе і ўшчувае!

 

– Чаго ж ты кульгаеш, здыхляк?

Прыкінуўся, бач, сіратою,

Нясе галаву, нібы гляк.

Хадзіць не прывык пехатою?

 

Падумаеш – гога які...

Уй, морда, фашысцкая храпа! –

Марʼяна таўчэ пад бакі

Штабіста, барона фон Крапа.

 

Не ведае, хто гэты хват,

Ды кроў яе так і ўскіпае:

Фашыст, дык вядома – ён гад,

І слава яго ўжо такая.

 

 

                          * * *

 

На горцы пад хвояй старой

Сабраўся ўстрывожаны люд.

Глядзяць – курыць пыл пад гарой,

Выпоўзваюць людзі на груд.

 

Прапаў ты, народ-бедалага.

Аж бачаць – бадай вас багі, –

То ж наскія хлопцы ў сярмягах

Фашыста ўзялі ў абцугі.

 

І сам Белавус тут. Саскочыў

З буланага коніка ўміг,

На ворагаў злосна ўзняў вочы,

Лагодна зірнуў на сваіх.

 

Малюнак тут быў сакавіты:

Узброены стан партызан.

Сярод іх Гіляры, Мікіта,

Мікола, Ўладзімір, Іван.

 

Усе пагарэльцы сышліся,

Цікава ж пабачыць зблізка

Фашысцкага злоснага рыся

І што на ім – поўсць ці луска?

 

А катам не дужа тут ёмка,

І чуюць – не будзе дабра!

Да іх падыходзіць дзед Сёмка

І кажа: «Прыйшла вам пара!

 

А як жа ваш Гітлер свінячы?

Не здох яшчэ гіцаль-барбос?

Вазьмі ж яму з пальца астачы!»

І фігу даў кату пад нос.

 

Дзед Сёмка маленькі, вяртлявы,

Бародка, як моху касмык,

Прыдатны на смешныя справы,

Вядомы дзівак-жартаўнік.

 

Успыхнуў фон Крап, а дзед Сёмка

Пранізвае зрокам яго.

Народ падбадзёрвае громка

Паважнага дзеда свайго.

 

– Пастой, ягамосцю, дай гляну:

А ці не ты, васпан, той гад,

Што нас па фашысцкаму плану

Паліў тут дзён колькі назад? –

 

Пытае дзед Сёмка фон Крапа.

Сумеўся фон Крап: – О не, не!

– Што некаеш, падла з гестапа?

Другому хлусі, а не мне...

 

Зірніце, людцы, на яго вы:

То ж ён, той падлюга, той кат,

Што фрыцам сваім безгаловым

Падпальваць нас выдаў загад!

 

Іванку твайго, чуй, Кандраце,

Ён, гіцаль, звярына, спаліў.

Знарок зачыніў яго ў хаце.

І хату бензінам абліў.

 

Не верыце, можа? Пад каскай

На лбе запрымеціў я знак...

А ну, ягамосцю, будзь ласкаў,

Знімі свой фашысцкі каўпак.

 

Унурыўся вораг, ні слова,

Стаіць, нібы ўкопаны слуп.

Дзед хоп за раменьчык! Гатова.

Прадстаў прад людзьмі душагуб.

 

Як вецер перад навальніцай,

Народ анямела прыціх:

Чырвоны рубец на лбу фрыца

У ярасць прыводзіць усіх.

 

 

                      * * *

 

Стаіць Белавус задумлёны.

Руіны, дзе вокам ні кіне.

Шкада ж не будынкаў, не клёнаў, —

Баліць яго сэрца па сыне.

 

Вось стлелая кучка саломы.

Сыночка яна прыкрывала!..

Глядзіць Белавус нерухомы,

Журба яму душу скавала.

 

«Не ўгледжу больш я тваіх вочак…

О, як ты пакутаваў, любы».

Адно толькі слова: «сыночак»

Шапочуць бацькоўскія губы.

 

А чым яго мыслі заняты?

Выдумвае ворагу кару.

«Пастой жа, звяруга пракляты,

Падсыплю і я табе жару!»

 

— Эй, — кінуў ён клік цераз поле,

Махае народу рукою: —

Сюды іх вядзеце, даволі!

Канчаць будзем з гэтай брыдою!

 

І натаўп, пачуўшы каманду,

Шыбуе на голас Кандратаў,

Вядзе ачумелую банду

Фашысцкіх забойцаў і катаў.

 

Зірнуў Белавус на іх твары,

І ярасць яго ахапіла.

Ён кінуў ім злосна: – Пачвары!

Якая вас ведзьма радзіла?

 

Вы думалі, вам няма роўных

І ўсё вам дазволена ў свеце?..

Вы ніжай жывёлін бясслоўных,

Вы – трупныя чэрві, вы – смецце!

 

І, бліснуўшы грозна вачамі,

Прыказвае цвёрда канвою:

– Барона скаваць абручамі,

Павесіць на ёмкую хвою.

 

Бязлюдна і пуста ў Навінках –

Падаўся народ у гушчэчы.

Аб спаленых мірных будынках

Гамоняць адны толькі печы.

 

 

VIII

 

Як горка жыць адарваным

        Ад роднай зямлі!

Зямля мая, ты ўся ў ранах,

        У язвах палі!

 

Як ноч, знямелі сядзібы

        У жальбе руін,

А здзірванелыя скібы

        Гадуюць палын.

 

Смуткуюць вольхі і лозы

        Над срэбрам азёр.

Глядзіць на шлях, бы праз слёзы,

        Бярэзін дазор.

 

Адзеты ле́сныя шаты

        У полаг смугі.

На крыж цябе ўзнеслі каты,

        Мой люд дарагі.

 

Ды не сагнуў жа ты стану

        Прад Гітлерам-псом

І даў адказ свой тырану

        Грымотным агнём.

 

Здушыў ты, як абцугамі,

        Гарляк чужакоў.

Хіснуўся дол пад нагамі

        Фашысцкіх ваўкоў.

 

Браты мае і сястрыцы!

        Ударым жа ўраз,

Наблізім радасць дзянніцы,

        Світання наш час.

 

Ой, горка жыць адарваным

        Ад роднай зямлі.

Зямля мая, ты на ранах,

        У язвах палі.

 

Дазволь жа мне хоць здалёку

        Прыпасці шчакой

Да ран і язвін глыбокіх

        І зліцца з табой.

 

 

                          * * *

 

Павольна ішоў Цімох з логу.

А што ж яму далей чыніць?

Нажыў яшчэ гора-трывогу,

Яшчэ адну выснаваў ніць.

 

А ніці ж усе ў перамоце,

На кожнай з іх петлі, вузлы,

Нібы на закручаным дроце,

І цягнуцца з цёмнай імглы.

 

Цімох прыпыніўся, паслухаў,

Хоць і падганяў яго страх, –

Нідзе ані зыку, ні руху,

Адзін толькі звон у вушах.

 

Цімохавы мыслі міжволі

Снуюцца вакол Жыгуна.

Намучыў Жыгун і даволі,

Сабакам жа доля адна.

 

Ці мала шалаецца зброду?

Каму ён патрэбен, той гной?

Забіў — і канцы-сляды ў воду,

І падлаю меней адной.

 

Падумаеш, гога якая!

Абраўся яшчэ камандзір!

На карк табе сеў, панукае

І гоніць у пекла, у вір.

 

Прывык ты чужымі рукамі

Выгортваць арэхі з агню.

Не, дудкі, мы самі з вусамі

І ведаем вашу радню!

 

Не будзеш сядзець ты занозай

На карку маім, на гарбе...

Такою развагай цвярозай

Цімох заспакойваў сябе.

 

Ды ўспомніў ён раптам гестапа.

Што будзе, калі сапраўды

Пранюхае прагная ляпа,

На троп нападзе, на сляды?

 

Цімоху аж горача стала,

Няма яму выйсця нідзе,

І цемра дарогу заслала,

Не ведае сам, куды йдзе.

 

 

                          * * *

 

Тры дні і тры ночы

Бадзяўся Цімох,

Спакою, прытулку

Знайсці ён не мог.

 

Даймалі сумненні,

Трывогі і страх.

Жыгун і гестапа

Стаялі ў вачах.

 

Палохаў Цімоха

Будынак і куст,

І шолах патайны,

І сцішаны хруст.

 

Баяўся ён ночы

І яснага дня,

Здавалася ўсюды

Яму западня.

 

Баяўся чужынцаў,

Баяўся сваіх –

Адсечаны сцежкі,

Дарогі да іх.

 

Развеяна слава

Фальшывая ў дым,

Што вораг не будзе

Пабіты нікім.

 

А вораг ёсць вораг:

Ён жорстак і лют.

Пацягнуць фашысцкую

Плойму на суд.

 

І ўсім, хто быў з ёю,

Каюк і – амін.

Усе гэта кажуць

У голас адзін...

 

Ой, многа, як многа

Для думак дарог!

Не спыніць іх лёту

Ніякі парог.

 

Цімохавы думкі

Снуюцца, як рой,

Збіваюць Цімоха

З дарогі старой.

 

Куды ж падавацца?

І дзе той куток,

Што даў бы Цімоху

Спакою шматок?

 

 

                          * * *

 

З аглядкаю ранняй парой

Пляцецца Цімох да Навінак.

І бачыць – на хвоі старой

Гайдаецца штось між галінак!

 

Цікавасць Цімоха ўзяла,

Падходзіць бліжэй, пазірае:

Вісіць на суку, як пчала,

Сагнутая постаць дзіўная.

 

Разгледзеў – вісіць чалавек,

Упол перавязаны дротам.

Жах доўбняй Цімоха падсек,

Абліўся халодным ён потам.

 

Хто ж гэта павешан і кім?

О Госпадзі, што за пачвара!

І чуе Цімох – і над ім

Звісае няўхільная кара.

 

Яшчэ раз ён глянуў на труп,

На стлелыя рэшткі адзежы –

Ні твару, ні носа, ні губ,

І вогнішча след яшчэ свежы.

 

Цімох падаецца назад,

Каб хвою пакінуць старую,

А вісельнік, нібы той гад,

Цімохавы зрэнкі чаруе.

 

Стаіць ён, а на галаве

Сама паднімаецца шапка,

І хвоя, здаецца, плыве,

Цімоху ківаючы лапкай.

 

І хто ж ён такі і за што

Прызначана кара такая?

Пытае Цімох разоў сто

І марна адказу чакае.

 

Над лесам снуецца крумкач

І будзіць заглухлыя крэсы –

Пачуў ён трупяціну, бач,

І кліча сяброў сваіх з лесу.

 

Над лесам смуга, нібы пыл,

І лес нешта страшнае тоіць.

Рвануўся Цімох з усіх сіл

Ды далей ад страшнае хвоі!

 

 

IX

 

Не ведае сам, якім дзівам

І што пацягнула да лога.

Прыйшоў Цімох, стаў над абрывам,

Каб глянуць на «друга» былога.

 

Глядзіць ён, абводзіць вачамі

Дно страшнага рову і ямы,

А лог нібы грозіць карчамі

Цімоху за цёмныя плямы.

 

Здзівіўся Цімох і затросся:

Няма Жыгуна! Што за дзіва?

Пачухаў ён лоб, пераноссе

Ды ў лог апускаецца жыва.

 

Спусціўся, агледзеў мясціну –

І духу няма Жыгунова!

Цімох скамянеў на хвіліну,

У мыслях не вымавіць слова.

 

Якая ж магла быць праява?

Няўжо ачуняў недабіты?

Тады, брат, прапашчая справа,

І ногі хутчэй вынасі ты.

 

І раптам гарэлая хвоя

Мільгнулася ў думках нясмела:

А ці не Жыгунова ліхое

На ёй там гайдаецца цела?

 

На момант лягчэй яму стала,

Трывога на міг адлягае,

Ды новая прэцца навала,

Уражвае думка другая.

 

Калі Жыгуна, як шпіёна,

У лесе ўзялі партызаны,

То ўжо не мінулі закона,

Дапрос учынілі старанны.

 

Жыгун жа «дружка» не пакрые:

Ён выдаў яго з галавою...

Праступкі ўсплываюць старыя,

Зноў бачыць Цімох труп і хвою.

 

Куды б ён ні кінуўся – крута,

Усюды дрыгвяныя багны,

Усюды страхоцце, пакута,

А ўсё з-за таго, што ён прагны.

 

 

                          * * *

 

Глухімі дарожкамі, хмызам,

Мінаючы пляц-касагор,

Павольна, з аглядкамі, нізам

Цімох падаецца ў свой двор.

 

На месце і брама, і хата,

І клуня з дзіравай страхой.

Будынкі яго стараваты,

І сцены ўзяліся трухой.

 

Не час цяпер думаць пра гэта –

Не тое Цімоху карціць:

Цімохава песенька спета,

І болей яму тут не жыць.

 

Не горне старая хаціна,

Хоць кожны ў ёй кут абагрэт.

І ў клуні варожая міна,

І ўсюды няпэўнасці след.

 

Здаецца, за кожнай сцяною,

З-пад кожнай падрубы, страхі

Са здрадніцкай чорнай маною

Глядзіць на яго хтось ліхі.

 

Прыйшоў жа Цімох для нарады,

Каб жончына слова пачуць:

Душа яго прагла спагады –

Такая ў ёй цемра і жудзь!

 

Ён зрокам навокала кінуў,

Сядзібы абвёў кругазор,

А потым аклікнуў Грыпіну –

Бязлюдзен і пуст яго двор.

 

Украдкам шыбуе да хаты.

Цімоха агортвае страх:

Замок адамкнёны, разняты

На клямцы вісіць пры дзвярах.

 

А дзверы пагульваюць з ветрам:

То стукнуцца злёгку ў касяк,

То ўзад пададуцца з паўметра

Ды тоненька піскнуць: басяк!

 

І ў хаце было ўсё на месце,

А жонкі не бачна нідзе.

Цімоху штось цюкнула ўрэшце –

Да жончынай скрыні ідзе.

 

Крануў – узнімаецца вечка!

Угору падняў і ўзамлеў:

Глядзіць ён – пустое гняздзечка,

Прасторнае стала, як хлеў.

 

І сам Цімох стаўся, як скрыня:

Расчынены ўвесь і пусты...

Пакінула дом гаспадыня,

Забрала ўсе хусты, халсты!

 

Не скарбаў жа тых яму шкода,

Не трантаў фамільных, дабра –

Адзін ён, гнілая калода,

Адна на ёй толькі кара.

 

Стаіць ён, як слуп, каля скрыні

І ў скрыню ўжо больш не глядзіць,

А родная хата – пустыня.

Каго ж дакараць і судзіць?

 

Жыгун і гестапа, і хутар,

І Гітлер адходзіць убок.

На сэрцы адна каламута,

Наперадзе – немасць і мрок.

 

Каму ж ён патрэбен, туляга?

Нашто яго носіць зямля?

Хутчэй бы спусцілася шляга:

Ён не чалавек ужо – тля.

 

І раптам яго зноў, як пуга,

Жахлівая мысль апякла,

І постаць праклятага «друга»

У памяці зразу ўсплыла.

 

А можа то ён праз гестапа

Падстроіў зноў штучкі свае

І з хітрасцю нейкаю сцапаў

Грыпіну з пасагам яе?

 

У мыслях пайшла суматоха

Гудзе галава, нібы кадзь,

І страх забірае Цімоха,

Збавенне адно – уцякаць!

 

 

X

 

На доўгія вёрсты і мілі

Раскінуў лес-волат шатры.

Шмат горак, нізінак закрылі

Панурая пушча, бары.

 

Дуброў у ім безліч цяністых,

Палянак вясёлых, як май,

Дзе звешвае лісцяў маністы

Купчасты бярозавы гай.

 

Не мераны ле́сныя гоні,

Не лічаны нетры балот,

Дзе гнуткія лозы гамоняць

І шэпча штось багне чарот.

 

А колькі дарожак і сцежак,

Усланых шаўкамі травы!

І ногі і колы цялежак

Тут клалі адбітак жывы.

 

У светлыя мірныя часы

Праз лесныя гоні-бары

Дарожак паклаліся пасы

І вузенькіх сцежак шнуры.

 

А зараз яны анямелі,

Прысыпаны ігламі хвой,

І коўрык з зялёнай кудзелі

Мурожнаю выткан травой.

 

З узгорка павольнай хадою

Спускаецца ўніз чалавек

З казлінай бародкай рудою,

З павязкай амаль да павек.

 

Адзет ён не дужа багата:

Шкарпэткі да самых калень,

У выступках схованы пяты,

Паверх гімнасцёркі рамень.

 

А сам ён ні рыжы, ні русы,

І зрок яго трохі касы,

Ды быстры і востры, а вусы –

Ячменныя два каласы.

 

Ідзе чалавек бестурботны,

Разглядвае лес векавы,

Сустрэчных дарожак палотны,

Узгоркаў, лагчын астравы.

 

Скаціўшыся з горкі, дарога

Убок забірае лявей,

Пад засенню лесу глухога

Становіцца цішай, страшней.

 

Чым далей, лес болей гусцее,

Галіны заплёўшы ўгары.

Карчы, нібы голавы змея,

Глядзяць з-за шурпатай кары.

 

 

                          * * *

 

Заціхлі, заглухлі Навінкі,

Падаўся народ хто куды.

Дзічэюць дарог каляінкі,

І стынуць людскія сляды.

 

Адзін толькі вецер гайдае

Галіны купчастых прысад

Ды свежая рунь травяная

Руніць каля спаленых хат.

 

А збоку гарэлая хвоя

І труп на дзіўным абручы,

Над трупам па пары, па трое

Спраўляюць свой пір крумкачы.

 

Але не забыты пасёлак:

Глядзіць на яго, хоць здалёк,

Пад вечар ці ў ранішні золак

Былых жыхароў яго зрок.

 

Употай і ўласнаю воляй

Дзед Сёмка ў разведкі хадзіў:

Разведка не шкодзіць ніколі,

А ў ёй ты нагледзішся дзіў.

 

Апроч таго, час небяспечны –

Ці мала цяпер шантрапы?

І лес табе служыць не вечна,

Калі яшчэ сам ты сляпы.

 

Збірае дзед, ходзячы, весці,

Дзе, як яно, што і куды,

Каб потым сваім іх занесці –

Чаго-небудзь варт і дзяды.

 

Знаць намысел ворага – сіла:

Тады не налучыць бяда.

Развагу і зрок абвастрыла

У дзеда разведка-хада.

 

Ідзе ён, мудрэц-самародак,

І думкі з ім разам ідуць,

Спакой жа лясны так салодак,

Адны толькі мошкі гудуць.

 

І так мілагучна, нягромка

Па лесе іх песня звініць.

І раптам спыніўся дзед Сёмка,

Разваг абарвалася ніць.

 

Зірнуў – чалавек у павязцы

Стаіўся за шуркай карчоў.

Якой яму трэба тут трасцы?

Чаго ён у пушчу прыйшоў?

 

Стаіўся і дзед за ялінай,

З прышэльца не зводзіць вачэй,

А той з неспакойнаю мінай

Наровіць схавацца шпарчэй.

 

Ён хутка нырае пад шурку,

Прылёг, падаецца ў траву,

Пад выварат шусь у пячурку!

Ды ніжай угнуў галаву.

 

– Ці бач ты! – здзівіўся дзед трохі:

– Які ж укусіў цябе здрок?

Адкуль і якія спалохі

Прымусілі кінуцца ў скок?

 

Зірнуў дзед налева, направа –

Стаяць адны толькі камлі.

Ні ляды, ні зараслі-травы

Адказу яму не далі.

 

У лесе нідзе нікагутка.

Маўкліва, спакойна вакруг,

І дзед азіраецца пудка –

Ці то чалавек, ці злы дух?

 

 

XI

 

Успомню я лес Беларусі,

        Вайду ў яго храм

І нізка лясам пакланюся,

        Хвалу ім аддам.

 

З маленства запалі мне ў памяць

        Іх шум, галасы.

Скрозь прошласці смужную замець

        Пяюць мне лясы.

 

Ні далеч, ні час не заслоняць

        Мне родных бароў.

Жывуць яны ў сэрцы, гамоняць,

Як прыязнь сяброў.

 

Стаяць у вачах баравіны,

        Стуліўшы вярхі.

Я бачу прыгожасць тканіны,

        Што выткалі мхі.

 

Дарожак лясных павароты

        З духмянай травой,

Кузурак, мурашак турботы

        У засені хвой.

 

Калі ж над зямлёю расніцы

        Падыме вясна

І ціха зірне ў аканіцы

        Зімовага сна,

 

Тады анямелыя лоны

Дух будзіць лясны,

І ходзяць ледзь чутныя звоны

        К сасне ад сасны.

 

І дрогне снег пухлы, зярністы,

        Бяжыць ад камля.

Бруснічніка ліст урачыста

        Выносіць зямля.

 

Раскрыюцца нетры лясныя,

Струменяць пах смол,

І гукі вясны патайныя

        Гамоняць вакол.

 

Здаецца, на дрэве ў галінах

        Сядзяць гусляры,

І песня аб нейкіх былінах

        Плыве ў гушчары.

 

А лес у шчаслівым зняменні

        Расчыніць харом,

Дзе людзі і травы, стварэнні

        Знаходзяць свой дом.

 

Не раз у дзяціныя годы

        І ў дні сталых лет

Хадзіў я ў лясныя паходы,

        Нёс пушчам прывет.

 

І часта сумотныя думы

        І горкі настрой

Развейвалі ціхія шумы

        Жычлівых мне хвой.

 

Дык як жа не ўспомніць сягоння

        Лес роднай зямлі,

Дзе людзі ад чорнай пагоні

        Прытулак знайшлі!

 

 

                          * * *

 

На скорую руку з галінак

Пастаўлен у лесе будан.

Тут мае свой штаб і прыпынак

Атрад маладых партызан.

 

Пры ўходзе пад небам адкрытым

Укопан у землю слупок,

Да слупа дзве дошкі прыбіты,

І зроблен з жардзін тапчанок.

 

Спраўляліся борзда з заказам

Мікіта і дзед Купрыян,

І ўсё гэта, ўзятае разам, –

Штабны кабінет партызан.

 

Сядзіць за сталом саматужным

Смуглявы Кандрат Белавус,

А збоку на варце Калюжны,

Трафеяў прад ім цэлы стус.

 

Бацькоўскае гора Кандрата

Аселася дзесь у душы.

Лягчэй, што фашысцкага ката

Навек пахавалі ў глушы.

 

Але гэта толькі – задатак,

Не так адплаціць трэба ім

За слёзы ўдоў, сірат і матак,

За здзек над народам усім.

 

Кандрат запісаў штось у кніжку,

Падняў на Калюжнага зрок.

– Дык ёсць, кажаш, порах, брацішку?

Ну, як: паваюем, Пятрок?

 

– Чаму ж не? Абы загадалі! –

Азваўся юнак, вартавы,

І вочы яго заблішчалі,

Як дзве незабудкі з травы.

 

– А вось дай уладзімся трохі,

Набʼем яшчэ ворагу гуз.

Сам думае: знай, хлопцы-жохі.

Даволен Кандрат Белавус.

 

Прыйшоўся яму даспадобы

Вось гэты спакойны юнак.

А колькі агню ў ім і злобы

Да прагных фашысцкіх сабак!

 

Лагодны, адкрыты хлапчына,

І фальшу няма ў ім ні-ні.

Ён чымсьці нагадвае сына,

Што каты спалілі ў агні.

 

Жычліва кіўнуў вартавому

І далей ідзе камандзір,

Бо трэба ж даць лад свайму дому,

Абжыць неабжыты пустыр.

 

І думкі і розныя планы

Снуюцца ў яго галаве.

Народ жа ідзе ў партызаны,

Не духам святым ён жыве.

 

І сувязі трэба наладзіць,

Газетку б сваю мець, плакат.

Тады будзе сіла ў атрадзе,

Калі будзе чоткі ў ім лад.

 

Завёў Белавус дысцыпліну,

Гультайства не зносіць ні-ні,

Сваю баявую сябрыну

Сам вучыць у вольныя дні.

 

А зараз рыдлёўка грунт верне,

Капаюць пячору пад склад,

Зямлянкі пад кухню, майстэрні,

Бо люду ж бяздомнага шмат.

 

 

                          * * *

 

Усё кіраўніцтва атрада –

Кандрат, Сыманец-палітрук,

Начальнік разведкі Гарвада,

Штабіст Мікалай Астапчук –

 

Па лагеру ходзіць паважна,

Набытак аглядвае свой:

Майстэранькі з цэхам партняжным,

Зямлянкі і лазню між хвой.

 

Мікіта з старым Купрыянам

З камісіяй робяць абход.

Яны на карысць партызанам

Не мала паклалі турбот.

 

І гордасцю свецяцца твары

Старых і сумленных майстроў.

Ніхто ім не скажа – няздары,

Не зганіць іх рук, тапароў.

 

Адзначылі іх ўсенародна,

І іх так узрушыў той стан:

Была ім прысвоена годнасць

Пачэсных байцоў-партызан.

 

Расце партызанская сіла,

Народная помста гудзе.

Парвецца фашысцкая жыла!

Не быць ваўкаўю ў грамадзе!

 

Як іскры з-пад молата ў кузні,

На мітынгу словы ляцяць,

І сэрца расходзіцца мужней

І мужнасці носіць пячаць.

 

Пад шапкамі змоўкшага бору,

На мшыстым памосце лясным

Злучыла нячутае гора

Народ наш пачуццем адным.

 

На пні прымасціўся Гарвада,

Сярэдняга росту, худы,

Касцісты і ёмкага складу

І з віду яшчэ малады.

 

Парывіста шапку зрывае

І робіць круты паварот,

Замлеўшая ціш баравая

Схіляецца чутка на ўсход.

 

– Увага, браты-партызаны!

Навіны прыйшлі з-пад Арла:

Сеў макам там Гітлер паганы,

Аж трасца яго затрасла.

 

Ускладваў надзеі на лета,

І вось яно, лета, прыйшло,

Ды летняя песня іх спета

Фашысцкаму кату назло.

 

Маскву прыбраць марыў, паскуда,

Надзець на Расію ланцуг,

Не выйшла – асекся, прыблуда,

Растрос свае кішкі, трыбух.

 

Узрушаны радасцю людзі,

Разносіцца гук па бары,

І словы канаюць у гудзе,

І шапкі мігцяцца ўгары.

 

– Браты мае! Будзьма гатовы! –

Гукнуў на ўвесь лес Белавус:

– І вось нашы простыя словы –

Біць з тылу паганцаў у друз!

 

Біць так, каб спакою ніколі

Не знала нідзе пачвара,

Каб смерць валакла яе з поля,

І з лесу, і з хаты, з двара.

 

Душыць акупантаў праклятых –

Вось покліч наш сёння якоў.

За кожнага бітага ката

Адпусціцца сорак грахоў.

 

– Загадвай, давай нам задачы, –

Чуваць з грамады галасы:

– Падохне ён, Гітлер свінячы!

Завыюць фашысцкія псы!

 

І раптам з-за комляў шурпатых

Выходзіць дзед Сёмка з кійком.

«Чаго яны гэта, варʼяты?» –

Мяркуе дзед Сёмка маўчком.

 

А потым падходзіць к будану,

І выгляд у дзеда такі,

Што іх партызанскаму стану

Фашысцкія грозяць ваўкі.

 

 

XII

 

Збянтэжыўся трохі Гарвада,

Бо ён жа начальнік разведкі:

Як так? Не дагледзелі гада,

Што ў лагер запоўз неўзаметкі.

 

Нялоўка яму прад сябрамі –

Каб так ураніць сваю славу.

Сяброў ён акінуў вачамі

І кажа: «Што ж, зробім аблаву».

 

Аблавы рабіць не прыйшлося,

Не ўвяла і слава разведкі:

Зірнулі і бачаць на плёсе –

Павязка, бародка, шкарпэткі.

 

Паважна ідзе пад канвоем,

Відаць, чалавек не тутэйшы.

Ён з гумарам, з добрым настроем,

Узняты пачуццем вышэйшым,

 

Нібы ў гэтай пушчы здзічэлай

Жылі яго шчасце і мары,

І ногі ён ставіць нясмела,

Як быццам не дол тут – алтары.

 

Канвойныя з выглядам строгім

Прыводзяць яго да будана

І стрэльбы спускаюць у ногі.

– Вось майце яшчэ партызана!

 

«Яшчэ партызан» скалыхнуўся,

Штабным пакланіўся, народу –

Так рад ён, што тут апынуўся,

Дзе ёсць чалавеку больш ходу.

 

Пытаюць: «Адкуль ты і хто ты?»

Кіўнуўся прыблуда ўсім целам.

– А я родам з вёскі Залёты...

Была, ды праз немца згарэла.

 

І раптам вясёлая міна

Панураю стала, гаротнай,

І вус яго маршам трусіным

Закратаўся часта, журботна.

 

– Ох, братцы-таварышы, гора!

І што толькі ён вытварае!..

– Пастой ты, пасля пагаворым:

Навіна, мы знаем, старая, –

 

Спыніў Белавус: – Ты спачатку

Скажы, як да нас сюды трапіў?

– Як трапіў, пытаеш? Ох, братку:

Патрапіш, пабыўшы ў іх лапе.

 

Зірніце, – ён ткнуў на павязку:

– Ледзь з лагера вынес я ногі.

Дзе ж дзецца? Скажы, зрабі ласку?

І больш не было мае змогі.

 

Ісці ў паліцаі і верай

Служыць ім на згубу народу?

Мне гэтаю меркай не мерай –

Лепш камень на шыю ды ў воду!

 

За што ім служыць? Ці за тое,

Што дочку на глум пацягнулі?

За слёзы, за кроў іх разбою?

За тое, што сам без кашулі?

 

Няхай будзе гад той пракляты,

Што здрадзіць народу, айчыне!

Няхай яго бразгаюць пяты

У лесе на горкай асіне!

 

Няма чаго болей мне траціць,

Адзін шлях – узяцца за зброю,

Вось я і прыйшоў да вас, братцы,

Даўно я жыў думкай такою.

 

                    Белавус

 

Гаворыш ты правільна, гладка:

Біць ворага трэба, як вужа.

Якое ж, скажы, для пачатку

Прынёс ты з сабою аружжа?

 

Забегалі вочы ў прыблуды,

А левае глянула скоса.

 

                            Прыблуда

 

Аружжа, браток, раздабуду,

Вазьму яго ў немца з-пад носа.

Аружжа мець трэба, канечна,

Ды справа была, бач, такая,

Што несці яго небяспечна:

Усюды іх варта блукае.

 

Ёсць, праўда, ў мяне пісталецік,

Някепскі, нямецкае маркі,

Ды я закапаў яго ў смецці,

Бо трэслі ж мяне, недавяркі.

 

Дзед Сёмка стаіць, як на голках:

«І што ён вярзе, патароча!

Пытаюць жа доўга без толку».

Дзед сам запытаць яго хоча.

 

Ён толькі свой час вылучае

І момант спадручнейшы ловіць

І думкі і словы злічае,

Каб трапней падстрэліць на слове.

 

        Дзед Сёмка

 

— Браты партызаны!

Чаму ж вы не плешчаце ў ладкі?

Ваяка прыйшоў к нам адданы,

Геройскія ўсе ў ім ухваткі.

 

І з лагера збег ён, і зброю

У хрыца здабыць абяцае,

І з намі даўно ўсёй душою,

Не зносіць ніяк паліцая.

 

І праўда, гаворыць ён гладка

Ды хваліцца шчэ пісталетам,

Аднак жа ёсць тут і загадка,

Падумайце, людзі, над гэтым.

 

Прымоўклі байцы, пагарэльцы,

Чым дзед казыраць яшчэ хоча?

А дзед перавёў на прышэльца

Калючыя, зыркія вочы.

 

Глядзіць, нібы ўзважвае зрокам

І дух і нутро чужаковы,

І, знізіўшы голас, знароку

Гаворыць, бы цэдзіць ён словы:

 

– Скажы нам па праўдзе, ваяка,

Каго выглядаў ты з-за шуркі?

Чаго, васпан, поўз адтуль ракам

Пад корч, як прусак да пячуркі?

 

Сумеўся прышэлец на мгненне,

Ды зараз жа ўзяў сябе ў рукі

І цень напусціў засмучэння

І водценне болю і мукі.

 

Хацеў адказаць ужо дзеду,

А дзед яшчэ слова не кончыў

І гоніць па свежаму следу

Прышэльца, як зайчыка гончы.

 

                    Дзед Сёмка

— Спужаўся ты, мусіць, не немца,

Бо немец не любіць трушчобы,

Прад кім жа згінаеш каленцы?

Чым жывіш свае ты вантробы?

 

Прышэлец зірнуў так балесна,

З дакорам патрос галавою.

 

                        Прыблуда

— Няхай мяне громам нябесным

Распляжыць прад гэтай братвою.

 

Падступства не меў і не маю,

Паверце мне, добрыя людзі,

Даўно я, бы воўк той, блукаю,

І можна не верыць прыблудзе.

 

А я як паверу, дзядусю?

Што б сам ты рабіў, запытаю?

Хаваўся, бо думаў: стаюся,

Пакуль тут людзей не пазнаю.

 

Пазнаў іх і вылез са схову

Без жаднага страху, спакойна.

Не верыш, дзед, шчыраму слову,

Дык вось запытай у канвойных.

 

Абрэзаў прышэлец старога,

Ды як, у людзей на відоку!

І што яму скажаш? Нічога,

Бо праўда, відаць, з яго боку.

 

Патрос галавою дзед Сёмка,

Зірнуў на яго, як на блазна,

Ды далей спрачацца няёмка.

Аблічча ж яго невыразна.

 

— Ну што ж? Аставайся, пабачым, —

Сказаў Белавус да прышэльца: —

А потым і месца прызначым,

Калі ты ад шчырага сэрца.

 

Мы кожнаму помсніку рады,

Шырокая ў нас ім дарога...

Шапнуў жа тайком да Гарвады:

– Сачыць за ім пільна і строга.

 

Шумяць верхавіны працяжна,

Пагульвае вей на іх стрэсе,

А дзед на свой одум уважна

Шукае чагось у тым лесе.

 

 

XIII

 

Заціх стары лес на хвіліну,

Прымоўклі байцы-партызаны:

Якую ж нясе ім навіну

Загад камандзіра жаданы?

 

А ён кінуў зрокам бачліва,

Такія гаворыць ім словы:

– Находзіць час нашага жніва,

Ці ўсе вы да жніва гатовы?

 

– Гатовы! – азваліся разам,

Аж грымнула рэха густое...

– Усцешан я вашым адказам,

Сказалі вы слова святое.

 

Давайце ж, браты мае, справай

Гатоўнасць сваю давядзеце,

Каб з кожным з вас вечная слава,

Як сонца, хадзіла па свеце.

 

На момант ён зрок апускае,

Каб выбраць ярчэйшае слова,

І кажа: – Задача такая:

На дно пусціць мост каля Глова.

 

Прымоўк Белавус і акінуў

Уважна сямʼю баявую.

Напружаны момант з хвіліну

Хвалюе свядомасць жывую.

 

Усім была ясна і проста

І разам складана задача.

І раптам мільгнулася постаць,

Выходзіць наперад юнача.

 

Выходзіць Калюжны, рашучы,

Спакойны, крыху бледнаваты.

Сціскаецца сэрца балюча,

Агортвае жаласць Кандрата,

 

Ды ён не збіваецца з тону.

— Ты, Петрык? Я знаў — ты адважан,

Але ці ўяўляеш ты зону,

Дзе кожны прыстрэлены сажань?

 

– А ну ж, міне куля сляпая,

Дык май жа на добрае веру...

– І я з ім! І я!.. – выступае

Яшчэ пара хлопцаў наперад.

 

І твар пасвятлеў камандзіра,

І вочы зірнулі лагодна.

– Вітаю вас, смелых і шчырых!

Падбайце аб справе народнай.

 

Не ўрымстуе Гітлер шалёны,

Упіўся кляшчом, не здаецца

І гоніць на фронт эшалоны,

Дзе кроў нашых воінаў льецца.

 

Паможам жа Арміі нашай,

Што людзям нясе вызваленне,

І гнаць будзем Гітлера ўзашай,

Каб вынішчыць гада з насеннем.

 

Разбурыць шляхі і разладзіць

Тылы яго – наша задача.

На кожнай захопленай пядзі

Зямлі нашай – смерць ім сабачча!

 

Браты мае, хлопцы-героі,

Работа прад вамі цяжкая,

Паможам мы вам грамадою,

Фашыстаў гуртом ашукаем!

 

 

                          * * *

 

Рыхтуюцца хлопцы к паходу.

        Не лёгкі паход:

Прайсці і агонь ім і воду

        І цьму перашкод.

 

Абдумваюць кожную дробязь

        І кожны свой крок.

Усё, што іх сіла, ўсё зробяць

        Клім, Косцік, Пятрок.

 

І сам камандзір з імі разам

        Высноўвае ніць,

Як лепей фашысцкім заразам

        Падвох учыніць.

 

– Уважнымі будзьце, не лезьце

        Без толку, абы.

І план павярайце на месце

        У момант любы.

 

Разведвайце шлях ваш раз-пораз,

        А слепа – нідзе...

Няхай жа ніводны з вас волас

        Дарма не ўпадзе.

 

Пачэсны ваш подзвіг, суровы,

        Уславіць ён вас...

Што ж? Будзьце шчаслівы, здаровы,

        І добры вам час!

 

Абняў паасобку, як сына,

        Ён кожнага з іх.

Прыходзіць святая хвіліна

        Учынкаў святых.

 

Сабраліся хлопцы. Лапаты

        І толу ўзялі,

Набілі як след аўтаматы

        І ў цемру пайшлі.

 

І доўга ў сумоце глядзелі

        Услед ім сябры...

Маўчалі нахмурана елі,

        Маўчаў бор стары.

 

 

                          * * *

 

Прылёг Белавус адпачыць

        І вочы прыплюшчыў.

А сон не прыходзіць, маўчыць

        Глыб цёмнае пушчы.

 

Тры хлопцы стаяць у вачах

        І з думак не сходзяць,

Ідзе ён за імі ў іх шлях,

        Воч пільных не зводзіць.

 

І кожны іх крок, паварот

        У мыслях ён сочыць.

Эх, родныя, шмат перашкод!

        Ці ўдасца праскочыць?

 

Развеян спачынак святы

        І сон Белавуса.

А мост і рака з цемнаты

        Глядзяць, як спакуса.

 

Спыняюцца вочы на іх,

        Уважныя вочы.

Ён бачыць – бліндаж, вартавых

        І доты на ўзбоччы.

 

Чысцюткае месца вакол,

        Ніводнага дрэва.

Адкрыты, прамераны дол

        Направа, налева.

 

І поўнач мінула даўно,

        Світаць пачынае,

Струменіцца нібы ў акно

        Прахлада начная.

 

З балот напаўзае туман.

        Ноч родзіць трывогу.

Падняў Белавус партызан

        Хлапцам на падмогу.

 

 

XIV

 

Ляснымі дарогамі скрыта

К чыгунцы ідуць партызаны.

Канчаецца хмызнік і жыта,

А далей узлескі, паляны.

 

На грэбені вала ў сінечы

На сонцы пабліскваюць рэйкі.

І хоць бы дзе след чалавечы.

Нідзе ні ратая, ні жнейкі.

 

Старанна расчышчана места,

Падходу няма да чыгункі.

Уздоўж палатна аж да Брэста

Адны ўсё і тыя ж малюнкі:

 

Абапал шырокія плёсы,

На кожным кілометры – варта,

Фашысцкія каты-барбосы

Чыгунку вартуюць упарта.

 

Абраўшы пазіцыю ўпотай,

Залеглі хлапцы неўзаметкі,

З ваеннаю вострай турботай

Глядзяць на калючыя сеткі,

 

На роўную насып чыгункі,

На рэйкі, што злучаны з мостам,

І моўчкі падводзяць рахункі

Фашысцкім бандытам-прахвостам.

 

У кожнага мысль мімаволі

Снуецца аб хлопцах трох смелых:

Чым кончыцца ўзмах іх саколлі?

Загінуць ці ўсе будуць цэлы?

 

І кожны з іх мае па плану

Свой спосаб рашэння задачы –

Прабрацца к варожаму стану,

Фашыста спрытней акалпачыць.

 

Вось, к прыкладу, ўзяць хоць Максіма,

Акопчык ён зладзіў як трэба

І з думамі лёг там сваімі

Пад ціхім, нахмураным небам.

 

Ляжыць ён і смаліць махорку

І мысліць – каб тут яго воля,

Папоўз бы разоркай за горку,

Узяўшы сяброў двух, не болей.

 

Прабраліся б сціха на насып

Ад мосціка ў трох кіламетрах,

Пад шпалы ўзрыўчаткі – і засаб

Пусцілі бы рэйкі ў паветра.

 

І што б тады катам здалося!

Пайшла б сумятня, завіруха.

А хлопцы тады ў суматосе

Замкнулі б ім рэчку наглуха...

 

Максім не адзін разважае,

Развязвае вузел задачы,

Бо справа з мастом не чужая,

І – дай Божа, хлопцам удачы.

 

Варожыць на одум свой кожны,

Распалены помстай гарачай.

А покуль што будзь асцярожны –

У справе той нельга іначай.

 

І штаб партызанскі не дрэмле,

Ён мае свае меркаванні.

Тым часам ноч сходзіць на землю,

З лясоў наплывае змярканне...

 

 

                        * * *

 

Над лесам займаецца золак,

Як пробліск вялікае мыслі.

На зелені тонкіх іголак

Расінкі застылі, павіслі.

 

Дыханнем халодным, вільготным

Павейвае ветрык бяссонны

Ды сцеле хмурынак палотны,

Як сведка падзей бесстаронны.

 

Агністая чырвань на ўсходзе

Адсвечвае, грае пажарам,

І птушкі аб нейкай прыгодзе

Трывожна шчабечуць за ярам.

 

Спадае нячутна заслона,

Сатканая з золкага мроку,

А людзі ў гушчэчы зялёнай

Зашыліся ў землю глыбока.

 

З-за лесу, з-за сіняй палоскі,

Нібы з-пад той броўкі дзявочай,

Зірнулі і сыпнулі коскі,

Агністыя сонейка вочы.

 

Зірнулі, застылі ў здзіўленні,

Угледзеўшы кусцік у полі:

Што ж гэта яшчэ за здарэнне?

Куста не было тут ніколі.

 

І дзівяцца промні бясконца,

На росныя сеўшы галінкі:

Не вырас жа за нач: без сонца

Не родзяцца травы, былінкі.

 

За кусцікам непадалёку

Праява яшчэ больш дзіўная:

Мільгне чалавек на відоку

І знікне. Дзе? Хто яго знае.

 

А побач, улева і ўправа,

Заняўшы пазіцыю к бою,

Гурт цэлы ваяк, такіх бравых,

Адкрытай паўстаў чарадою.

 

На іх жа з чыгункі з-за вала

Цікуе нямецкая каска.

І раптам, як вострае джала,

Агонь кулямётны заляскаў.

 

Зацюкалі кулі са свістам

У груды каменняў, у рэйкі.

Трапечацца ў шквале агністым

Лісцё хмызняка-самасейкі.

 

У міг адзін каска прапала,

І што там было, невядома.

Праз пару хвілінак з-за вала

Пачулася водгулле грома.

 

Завылі ў паветры снарады

Пад голас галодны, звярыны,

Засыкалі прагна, як гады,

Пузатыя жудкія міны.

 

Як шэршні з дуплястага дрэва,

Вылазяць, паўзуць з-за чыгункі,

На куст лезуць справа і злева,

За спіну закінуўшы клункі.

 

Ды раптам ізноў ажывае

Пазіцыя, кусцік гарэлы,

Гамоніць чарга агнявая,

Ваякі ўстаюць, усе цэлы.

 

Збянтэжыўся вораг. Да долу

Прынікла фашысцкая жыла,

Употайку звужвае кола

Варожая чорная сіла.

 

 

                          * * *

 

У небе свае адбываліся справы,

Ды людзі тут іх не зважалі.

Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы,

Гайдаўся ў галінах, лажыўся на травы

І кветкам падлічваў каралі.

 

Кашлатыя хмары, як шапкі-папахі,

Развешвалі чорную воўну.

На светлае сонца рабілі замахі,

Раслі, напаўзалі, як здані, як страхі –

Таемна, пагрозна, бязмоўна.

 

А вышай над імі заслонай кудзелі

Паслаліся густа аблокі.

Здавалася, багны нябёсаў аселі,

Аперліся цяжка на цёмныя елі

І сум затаілі глыбокі.

 

Схавалася сонца, і толькі праз хмары

Ледзь свеціць прагаліна цьмяна.

Маркотныя цені сышлі на папары,

Дзе мошкі, кузуркі і пчолак атары

Мядок бралі з кветак духмяных.

 

І вецер спыніўся, прысеў на галінах,

Прымоўк, як былінка сухая.

Адна толькі ў лесе шаптуха-асіна

Шушукала зрэдку аб нейкіх навінах,

Шушукне ды зноў заціхае.

 

А хмары клубяцца, за лавамі лавы, –

У небе ім робіцца цесна.

Пануры іх колер і від неласкавы,

Зліваюцца ў глыбы клубоў кучаравых,

З-за лесу выходзяць злавесна.

 

Паўзуць яны звольна, ў развазе суровай,

Суцэльную цягнуць тканіну,

Бы з намыслам нейкім, з нядобраю змовай,

І мрок апускаюць над лесам, дубровай,

І сцелюць смугу на даліну.

 

І вось дзесь далёка, нібы пад зямлёю,

Глухія загухкалі громы.

Струменні маланак адна за другою

Махаюць у хмарах шырокай касою

І вычварна крэсляць заломы.

 

Трывожная ціша працята зняменнем,

Травінка і лісцік застылі.

Стаілася ў страсе жывое стварэнне:

Мурашкі залазяць у схоў сутарэння

І ходы ў мурашнік закрылі.

 

І раптам, што тыгра, зрываецца вецер,

У момант мяняе натуру,

Рве жоўклае лісце з макушак і з вецця,

І круціць, і верціць, і гоніць, як смецце,

І пыл, быццам воблака, круціць.

 

Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме,

Размахваюць, бʼюцца галінай,

Губляюцца громы ў тым жудасным шуме,

У песнях знішчэння, у буйстве і глуме,

У ветравай злосці звярынай.

 

Аселі, ссівелі грымотныя хмары

Ды срэбранай сеццю густою

Ідуць на паляны, на луг, на імшары,

Стаўкі і азёры кладуць на папары,

Злучаючы неба з зямлёю.

 

 

                          * * *

 

Уціхла, прайшла завіруха,

Замоўклі басістыя громы.

Пад кусцікам мёртва і глуха,

І кусцік стаіць нерухомы.

 

Закончана бітва атакай

Пад гоман густы навальніцы.

Карысці ж з атакі ніякай,

Дарэмна стараліся фрыцы.

 

Аглядвае вораг мясціну,

Разявіўшы пасць на трафеі.

Фашысцкую кіслую міну,

Праглянуўшы, сонца не грэе.

 

Глядзіць ён – акопчык лядачы,

Страляныя гільзы, ладункі...

Барона мужык акалпачыў

І варту адвёў ад чыгункі.

 

Заместа ж ваякаў забітых –

Цьфу, згінь ты! – ляжаць упавалку

Пужалы на гонях абмытых,

А іх нанізалі на палку!

 

 

XV

 

Дзве ночы, як хлопцы ў паходзе.

Другі дзень туляння, трывог.

Дарма ж яны часу не зводзяць,

Адну думку носяць утрох.

 

Блуканне ў нязвыклых умовах,

Дзе ліхам працят кожны міг,

 

Расціла іх прыязнь і ў словах

І ў справах дружбацкіх святых.

 

Ляжалі пад небам адкрытым,

Сядзелі цішком у хмызах,

Паўзлі праз бульбянікі, жытам,

Да моста шукаючы шлях.

 

Нарэшце да рэчкі жаданай

Прабраліся хлопцы і – стоп!

Глядзяць – адзін бераг убраны

Зялёнымі шапкамі коп.

 

На цэлыя вёрсты і мілі

Разносіла пах сенажаць.

На прагнага ката касілі

Сялянскія рукі, відаць.

 

Цямнее, і першыя зоркі

Чуць-чуць выступаюць з смугі,

А ніжай на рэчцы, як створкі,

Атульваюць мост дзве дугі.

 

Маўчаць нашы хлопцы сурова.

Чаруе, палоніць іх мост.

Не дрэмле ж там варта, ахова,

Наводшыбе доты і пост.

 

Разведалі ўсё дасканала

І ўсё пад увагу ўзялі, –

Надзей, верагоднасці мала

Пад мост падабрацца з зямлі.

 

І сумна ў душы іх юначай,

Няўжо так і пойдуць ні з чым?

Унікнуць прад цяжкай задачай?

Ды лепш і не жыць тады ім!

 

 

                          * * *

 

Ужо месяц сходзіць з неба,

Нібы з поля дбалы рольнік.

Як акрайчык свежы хлеба,

Горне ноч яго ў настольнік.

 

А над рэчкай лозы дрэмлюць,

У паветры душна, парна.

Мрок маркотна крые землю

Коўдрай шэрай велізарнай.

 

Прытаіўся хмызнік ніцы,

Дуб стары адпачывае.

Над паземам дзесь зарніца

Шугне, гляне, як жывая.

 

Спіць і лес ва ўсім адзенні,

І маўчаць лугі, дубровы.

Ціша ўсюды, аняменне,

Толькі плачуць штосьці совы,

 

Толькі бляск чырванаваты

Дзесь далёка вісне слупам.

Паляць, нішчаць вёскі каты,

Каб зямля глядзела трупам.

 

На грудку пры азярыне

Селі хлопцы ў ціхім месце.

Тол ляжыць у ёмкай скрыні,

Але як пад мост падвесці?

 

Як знайсці пралазы, тропку?

Дзе яна, дарожка тая?

Змоўклі хлопцы. Паасобку

Кожны з хлопцаў разважае.

 

Косцік пільна ў неба зорыць.

Паўзіраўся ён з хвіліну

І затым сябрам гаворыць,

Знаць, на одум штось прыкінуў.

 

                      Косцік

 

Пабліскваюць штосьці зарніцы,

Ды часта, адна за другою.

Пазем зацягнула смугою,

Эх, вось бы прайшлі навальніцы!

 

                      Клім

 

Дык што б тады было?

 

                      Косцік

 

Мы селі б за вясло.

 

                      Петрык

 

А далей што?

 

                      Косцік

 

А далей, брат,

Усё пайшло бы ў нас на лад.

Пайшоў бы толькі дождж улеўны,

Такі, каб копкі паўсплывалі,

Тады б мы, хлопцы, заспявалі,

І быў бы наш мост, я ў тым пэўны.

 

                      Клім

 

Кап ды кап,

Дык быў бы хап.

Пры чым тут дождж і копы?

 

                      Косцік

 

А вось ты расшалопай!

 

                      Петрык

 

Пастой, пастой, Клімок!

У Косціка, брат, варыць кацялок –

Ён думку падае,

Разгледзець варт яе!

 

 

                      * * *

 

Употай, без шуму, цішком

Наладжваюць хлопцы паром

        З бярвенцаў, з дашчок.

Ідуць у ход вецці, дубцы,

Стараюцца тры малайцы,

        Збіраюць плыток.

Іх носіць жаданне адно,

Іх дух падымае яно –

        А ну ж падвязе!

Чуць сонца зірнула з лясоў,

Паром-плыт у хлопцаў гатоў,

        Стаіць у лазе.

Красуе на плыце капа,

А ў ёй скрынак толу стапа,

        Гранаты і кнот.

Зрабілі ж усё, што маглі,

Іх вочы гараць як вуглі

        І поўны турбот.

Праверылі плыт на вадзе –

Заганы ніякай нідзе,

        Ну, копка і ўсё.

Чаго ж яшчэ ёй нестае?

Вось хіба аздобіць яе,

        І ўткнулі кассё.

Уладжана копка, паром.

З-за лесу даносіцца гром,

        Памерк дзень, пагас.

Зашыліся хлопцы ў луку,

Натхнёны яны, начаку...

        Находзіць іх час!

 

 

XVI

 

Была і нарада ў той справе:

Хто сядзе пад копу на плыт?

На плыце сядзець – не на лаве,

Патрэбны і смеласць і спрыт.

 

А тол не скарыначка хлеба,

І плыт іх – не проста сакрэт.

На ўсё тут адважыцца трэба

І ўспомніць дарогу ў той свет.

 

Аб ёй не казалі, ды ў кожным

Жыла яна ўпотай, без слоў.

– Хто ж будзе капе спадарожным?

Пытае Калюжны сяброў.

 

І Косцік і Клім мімаволі

Утупілі вочы ў мурог,

І цень ледзь прыметнага болю

На твары іх ціханька лёг.

 

– Ты – старшы, тваё тут і права,

Такі наш парадак, звычай, –

Адклікнуўся Косцік рухавы:

– Загадвай і сам прызначай!

 

І глянуў на друга. Іх вочы

Сустрэліся ў мігу адным,

Праніклівым, ясным, прарочым,

Дзе ўсё раскрываецца ўсім.

 

У яркім гарэнні юначым

Змянілася нешта ў той міг,

Штось новае кожны пабачыў

І сам у сабе і ў другіх.

 

– Што ж, Петрык, я сяду! –

Ускінуў чупрынай Клімок:

– Адзін на ўсю нашу брыгаду

Бывалы я плытнік, плавок!

 

На якар вазьму нашу чаплю,

Пад мост падвяду ў самы раз

І шнур падпаліць я патраплю,

А сам – шыбултых у свой час!

 

Акінуў вачамі Калюжны

Таварышаў добрых сваіх,

Адданых і верных і дружных,

І шкода чагосць стала іх.

 

– Не, хлопцы,– сказаў ён рашуча,

Як брат іх і іх жа старшы: –

Мне месца ў капіцы плывучай,

Каб камень не быў на душы.

 

Дык першым я выйду на жніва,

Як нам гаварылі ў бары.

Апроч таго, справа падрыва –

Мая спецыяльнасць, сябры!

 

А ваша задача – адвесці

Увагу нямецкіх салдат,

А здарыцца што – падаць весці

У наш партызанскі атрад.

 

Нічога сябры не сказалі,

Бо ўсё было ясна і так,

А ў сэрцы ўзнімаліся хвалі,

Іх смутку няяснага знак.

 

А ў небе пад голас нарады

Таемна пагрымліваў гром.

Клубястыя хмары-грамады

Гасілі дзень чорным крылом.

 

 

                          * * *

 

Бушуе вада ў ручавінах,

Адколвае грунту пласты

І з шумам бяжыць па далінах,

І шум яе глуха-густы.

 

Напевамі песні шырокай

Гамоняць палі і лугі,

Не тоўпяцца воды ў затоках,

Рве рэчка свае берагі.

 

Азёры прайшлі на пакошы,

І кусцікі мыюць чубы,

Стаяць у вадзе па калошы

Старыя асілкі дубы.

 

І рушыўся луг у паходы,

Выносіць на рэчку дары:

Сухое трысцё, і калоды,

І корч мнагарукі стары.

 

Плывуць урачыста жардзіны,

Ахапкі чароту, кусты,

Пузатыя бочкі, як міны,

І вулей струхлелы пусты.

 

А копы, нібы маладзіцы,

Паважна знімаюцца з мест,

Плывуць паміж кусцікаў ніцых,

Як быццам шляхцянкі на фэст.

 

На рэчцы завозна і густа,

Дабра разнастайнага шмат,

І цешыць фашысцкага хлюста

Разводдзя імклівы парад.

Плывуць і таўкуцца бярвенні,

Мацней напіраюць на плот,

На рэчцы вайна, мітусенне,

Нязвыклы разгул-харавод.

 

Пад мостам, у горле каменным

Зажора, віры і затор.

Як леў, вадаспад белапенны

Раве ды ўсё рвецца ў прастор.

 

Стаяць вартавыя на мосце,

Глядзяць, як бушуе вада,

Як з лугу плыве сюды ў госці

Раскіданых коп чарада.

 

Як смешна танцуе капіца

Адна, з уваткнутым кійком!

Мільгнуў апарацік у фрыца,

І цэйс ён наводзіць маўком.

 

Капа ж гэта нібы жывая –

Спрачаецца з плынню вады

Ды к берагу ўсё забірае,

Пад мост, ды ўсё бліжай сюды.

 

Фашыст жа шукае прычыны,

І думка снуе ў галаве:

Што верне капу з пуцявіны?

Ламу яна ў бераг плыве?

 

Ды ў гэту ж хвіліну па мосту

Застукалі кулі, як град,

І вораг, убавіўшы росту,

Вужакай пашыўся назад.

 

Скаціўся ў бліндаж пад накаты,

І з думак выходзіць капа.

Нічога не бачыць пракляты,

Ён паліць у свет сасляпа.

 

А копка плыве сабе проста

Туды, дзе канчаецца мост,

Зашылася шчыльна ўскрай моста

І – стоп, бы прыбіў яе гвозд!

 

І следам з той копкі стралою

Бултых у ваду чалавек!

І згас у ёй іскрай малою,

Як зерне, упаўшы ў сусек.

 

Хвіліны сваёю чаргою

Падзеяў высноўваюць ніць,

А мост пад жалезнай дугою,

Як прывід, маўкліва стаіць.

 

Гуляе, бушуе паводка,

Хістаецца копка пад ім,

І раптам гром бухнуў каротка,

А разам агонь з ім і дым.

 

Паветра ўзарвалася гулка,

Над мостам дым густа павіс.

Убок падалася рачулка,

А мост апусціўся наніз.

 

 

                          * * *

 

На стромкі бераг ускрай лесу

Прыйшлі тайком два юнакі.

Унізе гоніць каламесу

Імклівасць злоснае ракі.

 

З тых пор прайшло ўжо часу значна,

І Петрык мог быць тут даўно.

Яго ж няма, нідзе не бачна,

Дык што б то значыла яно?

 

Астыла радасць перамогі.

Дзе Петрык? Хто ім дасць адказ?

Ці ж то прыйшоў канец дарогі,

І жар душы яго пагас?

 

І так і гэтак прыкідалі,

Ды не адкінеш аднаго...

Шумяць, але не кажуць хвалі,

Куды закінулі яго.

 

Чакаюць хлопцы друга ў скрусе.

Як рэчка, ў сэрцы жаль гучыць.

А па-за рэчкай ходзіць бусел,

Нібы штось знае, ды маўчыць.

 

Прымоўклі хлопцы ў тлуме мыслі.

Ды хоць бы ведаць, не гадаць...

Галіны хвой за рэчкай звіслі,

І хвоі шэпчуць – не відаць!

 

Сядзелі хлопцы і чакалі,

Чакалі доўга, ды дарма.

Шумяць на рэчцы глуха хвалі

І не гавораць ім – няма.

 

А можа... ўсё ж бывае ў свеце,

І Петрык вернецца яшчэ.

Навокал ціш, улёгся вецер,

А рэчка мутная цячэ.

 

 

XVII

 

Над полем, дзе спелі жыты і пшаніца

        І мыліся ў росах аўсы,

Прайшла, празваніла свой час навальніца

        На ўсе галасы.

 

Цяжэрныя хмары прагнала над полем,

        На нівы абрушыла град.

Палегла збажынка пад дзікім сваволлем

        У скручаны склад.

 

Эх, поле, уцеха вачэй хлебароба!

        Злажыў цябе шум дажджаны,

Памята, пабіта краса і аздоба

        Твае збажыны.

 

Схіліліся моўчкі шчыты аржаныя,

        Сцят колас і кінут у прах.

Блішчаць на ім кроплі, як слёзы буйныя

        У бляклых вачах.

 

Бягуць ручаі па разорах размытых,

        Выгладжваюць жоўты пясок;

Яны не падымуць тваіх аксамітаў,

        Жывы каласок!

 

Эх, поле! глядзіш ты журботна, балесна,

        Як маці, прыйшоўшы пад крыж.

Як бы ні цвілі для цябе твае весны,

        Ні песціла ціш.

 

Клубястыя хмары паціснулі далей,

        Зганяе іх гром-чарадзей,

І стрэлы маланак у гнеўных скрыжалях

        Мільгаюць радзей.

 

Пабітае поле! на поўдзень зірні ты:

        Блакітны заззяў там чаўнок,

І дбалае сонца праз волкія ніты

        Свой ладзіць станок.

 

Апалі на землю халодныя слёзы,

        Што гнулі былінкі к зямлі,

І сетачкі-крыльцы ўжо сушаць стракозы,

        Жучкі, матылі.

 

Вось выплыла сонца і тчэ на падолку

        Тканіны кужэльнай святло,

Сямікаляроваю дужкай-вясёлкай

        У хмары ўбрыло.

 

І шэпатам ласкі на выбітым полі,

        Як сонца, плыве навіна:

Распроствае постаць і стан свой паволі

        Жытцо, ярына...

 

Гадаючы ў смутку аб краю каханым,

        Дзе чорная злоба прайшла,

Скажу свайму люду, зямлі і курганам:

        Падымемся з тла!

 

 

                          * * *

 

Адышоў Белавус пасля бою

На груды пад Чырвоны Брадок.

Ды няма ў яго сэрцы спакою,

На душы яго сум, халадок.

 

Хоць жа, праўда, быў зроблен удала

На чыгунку паход і напад –

Накасілі фашыстаў не мала,

А вярнуліся самі без страт.

Ды не тое стаяла на мэце:

Знішчыць мост, вось ён, клік баявы.

Хлопцы, хлопчыкі, дзе вы, скажэце?

Ці застаўся хоць хто з вас жывы?

 

І ні вестак, ні чутак ніякіх,

І разведка не возьме слядоў.

Знаць, загінулі дзесь, небаракі,

Не знайшоўшы да моста брадоў.

 

Пахаджае ў вяршалінах вецер,

Цягне песню напевам адным,

Штось трымае ручэй у сакрэце,

Штось гуторыць карчагам старым.

 

А спакой, непарушная ціша

Прытаілася, легла на мох.

Анямеў дол зялёны, не дыша

І не ведае гора, трывог.

 

З лугу водар лятучы, духмяны

Наплывае, бы мёд растае.

І сурова маўчаць партызаны,

Углыбіўшыся ў думкі свае.

 

Цішыня. Не схіснуцца яліны.

У вяршалінах вецер замёр,

І, здавалася, той жа навіны

У зняменні чакаў з імі бор.

 

І раптоўна разбілася глыба

Неадступных чаканняў, трывог:

Урачыста і грозна гром-выбух

У паветры прайшоўся, як Бог.

 

Здрыгануліся нетры ад гулу,

І хліснулася лісце ўгары.

Нават пушча з палёгкай ўздыхнула,

Пасвятлелі вакол гушчары.

 

Страпянулася сэрца ў Кандрата,

Па-другому забулькаў ручэй.

Як стралою, панурасць працята,

І ўздыхнулі ўсе зразу лягчэй.

 

«То яны, нашы хлопцы-героі», –

Мысль адна прамільгнула ва ўсіх.

І замлелі яліны і хвоі

І галінкі бярозак малых.

 

 

                          * * *

 

У той самы дзень на змярканні

Прыходзяць два хлопцы ў атрад.

У нецярплівым чаканні

Ідзе ім насустрач Кандрат.

 

Па тварах, вачах іх чытае

Ён весць пра любімца свайго.

Дзе трэці? Кандрат не пытае,

А сэрца шчыміць у яго.

 

Вакруг юнакоў цесным колам

Замёр партызанскі народ,

А Косцік з нахмураным чолам

Паведаў аповесць прыгод.

 

Расказваў без лішняй прыкрасы,

Як мост узрывалі яны,

Як з копкаю разам прыпасы

Стаўлялі на плыт патайны.

 

А гэту жывую тарпеду

Сам вызваўся Петрык вясці.

Ён мост узарваў. Яго ж следу

Нідзе не ўдалося знайсці.

 

І што стала з ім, невядома –

Ці выбух чапіў у вадзе,

Ці хваляю збіла з парома.

А можа і жыў яшчэ дзе?

 

І хлопцы схілілі галовы:

Жаль – Петрыка з імі няма.

На момант забыліся словы,

Журба гаварыла сама.

 

Маўчала, як лес на змярканні,

Бывалых байцоў грамада,

І толькі ў нямым спачуванні

Адно было слова: шкада!

 

Стаяў Белавус нерухліва

І слухаў уважна расказ,

А сэрца шчымела тужліва –

Эх, Петрык! гарэў ты і згас.

 

Ён моўчкі наперад ступае,

Падходзіць да хлопцаў: – Браты!

І кожнага з іх абнімае.

– Учынак ваш – подзвіг святы.

 

З такою, як вы, удалечай

Не будзе ў палоне наш край,

Не ўзлезе, не сядзе на плечы

Паскудны фашысцкі лішай.

 

Ішлі вы на смерць, на згіненне

За люд наш, за вольнасць зямлі.

Жыць будзеце вы ў пакаленнях,

Сыны нашых вёсак, раллі!

 

Ён вочы натхнёныя ўскінуў,

Бы іскрамі бліснуў дзвюма.

– І Петрык наш жыў, не загінуў,

Бо смерці героям няма!

 

На лес наплывала зняменне,

І вільгаццю тхнула з нізін,

А зоркі ў бяздонным скляпенні

Глядзелі праз навісь галін.

 

 

XVIII

 

Натура ўжо ў Сёмкі такая:

На месцы не ўседзіць хвіліны.

Ён тупае, ходзіць, шукае

Яшчэ не пачутай навіны.

 

Усё, што ні стрэнецца дзеду,

Уведаць яму так цікава,

Каб тут жа па свежаму следу

Была разгадана праява.

 

Закручаных сцежак так многа,

Падзей усялякіх багата.

Уперлася ў багну дарога,

Дзе кожная пядзя зацята.

 

Наблытана шмат павуціны,

Расстаўлены цэпкія сеці.

А ўсё праз варожага псіну

Найшло на людзей ліхалецце.

 

І круцяць і муцяць падлюгі,

Наплыўшы крываваю плягай.

Не людзі яны, а звяругі

З ваўчыным сумленнем, развагай.

 

Яшчэ не ўзышло нават сонца,

На небе чуць выплыў румянак,

А дзед, як чаўнок у красёнцах,

Цянюе там-тут між зямлянак.

 

У лесе бязлюдна і пуста,

Як бы і няма тут нікога.

Мільгае між дрэў з ціхім хрустам

Адна толькі постаць старога.

 

А людзі зашыліся ў норы,

Уладзіўшы з моху пасцелі,

У думках турботных на зоры,

На цёмнае неба глядзелі.

 

У думках трывожных гадалі –

Якое ім будзе здарэнне?

Мінула ноч, што ж будзе далей?

Якою прыгодай дзень стрэне?

 

Эх, бедныя людзі, ніколі

Не думалі вы, мае братцы,

Што прыйдзецца вам у няволі,

Як зверу, па лесе туляцца.

 

Ці думаў ты, люд мой, саколю,

Што стрэнеш ты гора, клапоты,

Што многія пойдуць ў няволю

Пад цяжкім фашысцкім прыгнётам?

 

Ці думаў пра лагеры смерці,

Дзе трупамі высланы гаці?

Іх з памяці нашай не сцерці,

І вораг крывёю заплаціць.

 

Ваўком яго плойма завые,

Мы кару наложым на гадаў.

Былі ў цябе часы цяжкія,

Ты ж духам у бедах не падаў.

 

І Гітлер цябе не застрашыў,

І як ён ні пнецца, плюгавы,

Асіны яму з лясоў нашых

Спяюць пра крывавыя справы.

 

 

                          * * *

 

Дзед Сёмка не так сабе ходзіць:

        Ён варту нясе:

Не верыць прышэльцу і годзе,

        І вераць не ўсе.

 

Не верыць яму і Бязручка,

        Стары Купрыян.

Напэўна ён добрая штучка,

        Ці жук, ці кажан.

 

І што, калі гэты ваяка,

        Пакутнік святы,

Разнюхае ўсё, як сабака,

        І дасць лататы,

 

А потым разбойнікаў лютых

        Сюды прывядзе?

Ох, прыйдзецца ўсім тады крута,

        Народ прападзе.

 

Дзед з мыслей яго не спускае

        І сочыць за ім –

Няпэўнасць, часіна цяжкая,

        Не гінуць жа ўсім!

 

У лагеры сіл малавата,

        Пайшлі ўсе ў паход.

Астаўся Гарвада і варта

        Ды той абармот...

А можа дзед проста – прыдзіра,

        Злуе з-за таго,

Што гэта прыблуда-праныра

        Падцяў раз яго?

 

Прызнацца, было ўсё ж няёмка

        На мітынгу тым,

Калі праваліўся дзед Сёмка

        У дыспуце з ім.

 

І так дзед мяркуе і гэтак,

        Бародкай трасе:

Няма за прышэльцам заметак,

        Такі, як і ўсе.

 

І больш таго: дбала, старанна

        Упрогся ў гужы,

Лагодны, што хоць ты да раны

        Яго прылажы.

 

І тое і гэта ён робіць

        На ўцеху людзям,

На гібель фашысцкай хваробе,

        Як кажа ён сам.

 

Глядзяць на яго пагарэльцы –

        Ды з ім можна жыць.

А дзедава сэрца к прышэльцу

        Ніяк не ляжыць.

 

Як толькі прыпомніць спатканне

        І выварат той,

Дык возьме сумненне, ваганне –

        Чужак ён, не свой.

 

 

                          * * *

 

Зрабіў дзед абход патайны,

Спыніўся пад хвояй старою

І водгулле ловіць вайны,

Што вісне крывавай марою.

 

Ён вуха ў той бок нахіліў,

Адкуль вецярок павявае.

Над лесам струменіць разліў,

Як музыка гукаў жывая.

 

І шолах нясмелы, і звон,

І шчэбет птушыны, і свісты –

Зліваецца ўсё ў адзін тон,

У песню, у гімн урачысты.

 

Дзед слухае, моўчкі стаіць

Ды сам сабе ціха ківае:

У памяці прошласці ніць

Праходзіць, як сцежка крывая.

 

Дзяцінства сваё прыгадаў,

Як сон той, што сніўся даўненька,

І поле, і луг, і шум траў,

І мірны плужок, і сявеньку.

 

Адкуль жа ўзялася яна,

Тхлань чортава пошасці лютай?

Заліся, звяроў старана,

Гарачай смалою, атрутай!

 

Дзед Гітлера, пошысць кляне,

Што свет завязалі народу.

Канца ж не відаць той вайне,

Якой і не сніў ніхто зроду.

 

А ў лесе спакой, цішыня,

Хоць, можа, не варта ёй верыць,

Бо, можа, дзе зорыць з-пад пня

На лагер фашысцкая нелюдзь.

 

Дзед глянуў туды і сюды,

Стаяць нерухомыя сосны.

У пушчы каршун малады

Старых зазывае жалосна.

 

А дзятлік дзесь збоку ў глушы,

Як бондар, пастуквае мерна.

На елцы ў густым шалашы

Вавёрка вылушчвае зерны.

 

Пад высвісты, шчэбеты птах

Зазумкае чмель басавіта,

Дзябёлы, на тонкіх крылах,

Нібы ён пашыт з аксаміта.

 

Дзед слухае, нібы сон сніць.

Ён бачыць усё і не бачыць.

Эх, як бы хацеў ён змяніць

Стан рэчаў тых і перайначыць!

 

І раптам уздрогнуў дзед: ша!

Хто ж гэта прабег у гушчэчы?

Матнуўся, як цень, з шалаша,

Адны паказаў толькі плечы.

 

Дзед позіркам сочыць за ім,

А постаць пашылася ў нетры.

Мільгнула і знікла, як дым,

У ранішнім чыстым паветры.

 

Дзед зноў здрыгануўся: то ж ён,

Прыблуда! Няўжо дае драла?

І Сёмка бяжыць наўздагон –

Дагнаць яго, што б там ні стала!

 

А можа трывогу падняць?

Паклікаць людзей на падмогу?

Бяжыць дзед, і ног не суняць,

Пад выварат чэша ён к логу.

 

Здаецца чамусь, што туды

Прыблуда заскочыць напэўна,

Бо там ён прысыпаў сляды,

Спаткаўшы людзей неспадзеўна.

 

І нейкую тайнасць карчам

Падкінуў хітрун гэты юркі.

Прыбег дзед, не верыць вачам:

Прыблуда снуе каля шуркі!

 

Дзіўней жа ўсяго тут было,

Што новы, няпэўны ваяка

Набраў карчоў дзеду назло

І ў лагер панёс абыяка.

 

Стаяў дзед з дзесятак хвілін,

Збянтэжаны, збіты з пуціны.

Пытаўся маўкліва ў лядзін,

Маўчалі бязмоўна лядзіны.

 

 

XIX

 

Жаданыя часы мне ясна відны,

Абернем у свята мы дзень наш будны.

        Над полем, над гаем,

        Над змучаным краем

Пракоціцца вестка: няма больш вайны!

 

І скажуць нам смаглыя далі зямлі:

Разбойныя орды навек паляглі.

        Не прыйдуць ніколі

        Таптаць нашы ролі

Патомкі фашысцкай пражорлівай тлі.

 

Мы вокам акінем прасторы свае,

Убачым, як многа чаго нестае –

        Парэзаны долы,

        Папалены сёлы,

Дзе нават і певень замоўк, не пяе.

 

Агледзім таксама ў вялікі той час

Мы блізкіх і родных. Ох, шмат з іх хто згас.

        Не ўбачым іх вочак.

        Дачушка, сыночак!

Мы горка ўздыхнем і паплачам па вас.

 

Уцехай нам будзе ваш подзвіг святы,

Вы край адстаялі, сястрыцы, браты!

        Жыццё аддалі вы

        За дзень наш шчаслівы,

Дзень мірнае працы, вянком завіты.

 

Як скарб наш бясцэнны, як святасць святынь

Мы вас панясем у прастор далячынь.

        Вы будзеце з намі

        Заўжды жыць вякамі,

Як золак на небе і ясная сінь.

 

Падлічым і раны, і боль нашых страт,

З дарог жа ніхто нас не зверне назад.

        А нашы дарогі –

        Ясноты, разлогі

І вечнае праўды сугучнасць і лад.

Усёй грамадою мы прыйдзем тады

На сход наш вясёлы, на пір малады.

        Пашана тым будзе

        Пры ўсім добрым людзе,

Хто роднаму люду быў верным заўжды.

 

І будзе іх месца ў пачэсным куце,

Народ іх адзначыць ва ўсёй паўнаце,

        Іх шлях упрыгожыць

        І песню ім зложыць,

Іх слава, як ружа вясной, расцвіце.

 

Мы шмат чаго ўспомнім за шумным сталом,

І прыказку скажам, і чарку кульнём,

        І ўспомнім былое

        Народа-героя,

Што ў бітвах суровых уславіў свой дом.

 

А той, хто туляўся ці катам служыў,

Не сядзе за стол наш, не пройдзе мяжы

        Бяседы-банкету

        У светлы дзень гэты,

А сэрца смактаць яго будуць вужы.

 

Такім адшчапенцам не будзе нідзе

Ласкавага вока ў людской грамадзе.

        Іх сталыя людзі

        І дзеці асудзяць,

І памяць аб іх затане, прападзе.

 

 

                          * * *

 

Нічога Цімоху не міла,

Прасветлін нідзе не відно.

Маўклівая ноч засланіла

Апошняе ў свеце акно.

 

Ідзе ён адзін без дарогі,

Адбіты ад стада баран,

Туляцца няма болей змогі,

І свет яму цемрай заслан.

 

Але па прывычцы тулягі

Цянькамі ідзе ды ідзе,

Нарэшце без пэўнай развагі

Спыніўся ў Альховай Градзе.

 

Тут ціха і ветра павевы

Спыняюць свой шум у галлі.

Карчы і струхлелыя дрэвы

Пад тленню ляжаць на зямлі.

 

Над імі маліннік буяе,

На купінах чырвань суніц.

Панурая дзебра глухая

З бяздонным аконнем крыніц.

 

Цімох падышоў да крыніцы,

Спыніўся, зірнуў у яе

І бачыць у люстры вадзіцы

Запалыя вочы свае,

 

Густыя навіслыя бровы,

Пакрытыя пылам дарог.

Глядзіць адтуль, знізу, суровы

Другі такі ж самы Цімох,

 

Асмаглы, шчацінаю рыжай

Заросшы, як дрэва, карой.

Цімох нагінаецца ніжай,

Адбітак разглядвае свой.

 

Ён доўга ўзіраўся бачліва

У рысы адбітку таго,

Нібы спасцярогшы там дзіва

Ці сябра знайшоўшы свайго.

 

Стаіць ён, знямелы, пакутны,

З крыніцы не зводзіць вачэй.

Бармоча сабе штось нячутна,

Як нейкі вядзьмар-чарадзей.

 

Шаволіць губамі раз-пораз,

З дакорам трасе галавой,

А потым адрывіста ўголас

Пачаў гаварыць сам з сабой.

 

– Ну, што пазіраеш? Эх, эх!

        Зарос ты, азыз.

Сам з дому, з двара свайго збег,

        Аблуплены чмыс!

 

Каму ты патрэбен, Цімох?

        Навошта жывеш?

Відаць, адступіўся і Бог.

        Адзін ты, але ж.

 

Куды падасіся, скажы?

        І хто табе рад?

Упрогся не ў тыя гужы,

        Вось што яно, брат!

 

Хацеў разумней быць людзей,

        Спрытней за іх стаць,

І мусіш цяпер, дабрадзей,

        Хваробу глытаць.

 

Няма табе сцежак-дарог,

        Увесь ты ў гразі.

Лажыся ж, як падла, на мох

        І землю грызі!

 

Заціснуў ён голаву ў рукі,

Як пень той, сядзіць каля пня,

І міма вушэй плывуць гукі,

Не бачыць і яснага дня.

 

Сядзіць ён, прыжмурыўшы вочы,

Нібы задрамаў, ды ізноў

Шаволіць губамі, мармоча

І ўголас гаворыць: «Пайшоў!»

 

Цімох робіць рух, каб падняцца,

Ды раптам спыніўся. «Пастой!»

І стаў ён з сабою спрачацца

У дзебры бязлюднай, пустой.

 

– Куды мяне цягнеш, Цімох?

Не, не: не пайду я, дальбог!

Бажуся табе – не пайду...

– Ну, як-то не пойдзеш? ідзі!

Што ж болей рабіць, пасудзі?

Пазбыць мусіш боль свой, нуду.

Паслухай, на розум вазьмі:

Змірыся, мой браце, з людзьмі –

Дакуль будзеш камень насіць?

– Ну, што ж ты чаўпеш мне? маўчы!

 

Пішчыш ты, як жаба ў карчы:

Аб чым яшчэ клянчыць, прасіць?

– Не пойдзеш, дык сук выбірай...

– О Божа, адумацца дай!

Чаго ты прыстаў як смала?

– Цімох, не спірайся, браток:

Адзін табе ёсць ён, куток, –

Паспробуй: была не была.

– Цьфу, згінь ты! Ну, добра – пайду.

Ці так або сяк прападу –

Адна табе ўсюды хвала.

 

Цімох заківаўся. Ідзе ў задуменні

Між елак і комляў алешын.

Лісцвяная сетка ад сонца і цені

Плыве па ім сотнямі плешын.

 

Ды ён не зважае. Забыў пра крыніцы,

Дзе бачыў свой цёмны адбітак,

Снуе сваю сцежку праз параснік ніцы

Такі ўжо туляння здабытак.

 

 

XX

 

У табары-лагеры глуха,

Здаецца, няма ў ім нікога,

А сцішся, хвілінку паслухай,

І гукаў пачуеш тут многа.

 

Дзесь шоргае мерна лапата,

Піла далучае свой шорах,

Дзесь стукае молат заўзята

У ямах патайных, у норах.

 

Стракоча машынка шытная,

Ды звякне жалеза таемна.

Адкуль яно, хто яго знае –

Майстэранька ў сховах падземных.

 

Прыгледзішся – лёгкай кудзеляй

Дымок павіваецца сіні,

І сэрца табе ён вяселіць

У леснай панурай пустыні.

 

І бачыш – між комляў шурпатых

Жывы чалавек вынікае,

Жыве ён без клуні, без хаты,

Калі такі лёс напаткае.

 

Але галавы ён не хіліць,

Не гнецца лазінаю ніцай...

Мой брат беларус! тваёй сіле,

Цярпенню твайму – пакланіцца.

 

У цяжкай хвіліне, у болю,

Пад здзекам брыды-чужаніцы

Выкоўваеш ты сваю волю

І свята вартуеш граніцы.

 

У дзікіх трушчобах, у пушчах,

У нетрах патайнага схову

Дарогай сваёй невідушчай

Снуеш ты збавення аснову.

 

А што яно будзе здабыта,

Што час яго светлы настане,

Пра тое шуміць табе жыта,

І дуб, і трава на кургане;

 

Шуміць аб ім лес і дуброва,

І дрот па слупах аб ім звоніць,

Аб ім бальшавіцкае слова

У хвалях паветра гамоніць.

 

Не, ты не пакінуты ў горы,

Браты твае сэрцам з табою,

Сыны твае ў зоркім дазоры

Канец пакладаюць разбою.

 

Жывуць яны думкай, турботай

Аб шчасці тваім чалавечым,

І ўсе твае болі-згрызоты

Нясуць іх шырокія плечы.

 

І хоць жа хто шмат з іх далёка,

Раздзелен з табою прасторам,

Ды бачыць цябе яго вока,

І думка яго з тваім горам.

 

Як злучаны з рэчкаю хвалі

І з дрэвам зялёнае вецце,

Так лёс свой з народным звязалі

Сямʼі бальшавіцкае дзеці.

 

Таму ты і стойкі і дужы

І горы скідаеш з дарогі,

Праз буры, праз спёкі і сцюжы

Праводзіш свой шлях перамогі.

 

 

                          * * *

 

У кожнага ў лагеры-лесе

Быў свой абавязак, занятак,

І кожны ў сваім інтарэсе

Прыносіў грамадскі падатак.

 

Былі тут краўцы і краўчыхі,

Шаўцы, сталяры з цеслярамі,

Вялі сваю справу паціху –

Атрад абслугоўвалі самі.

 

Марʼяна з Аўдоццяй – кухаркі,

Пыніліся больш каля печы.

І ўсе жылі ў згодзе, без сваркі,

Парушыўшы звычай старэчы.

 

У лагеры весці пачуты:

З паходу атрад прыбывае.

Жаданыя гэта мінуты,

Святлее братва лесавая.

 

Каб лепей сустрэць свайго брата

І радасны час той уважыць,

Задумалі цёткі багата

Грыбкоў на вячэру насмажыць.

 

Пайшлі аглядаць баравіны.

Мінаюць лагі, бураломы,

І раптам зірнулі жанчыны –

Сядзіць чалавек невядомы!

 

Сагнуўся на пні заімшэлым,

Апёрся на кій сукаваты.

Сядзіць ён, глухі, скамянелы,

Нібы лесавік той кашлаты.

 

Жанок ахапіла страхоцце,

І самі яны анямелі.

– Хто ж гэта? – шапнула Аўдоцця, –

Ці ёсць хоць душа ў яго целе?

 

Страх цёмны змяніўся памалу

Цікавасцю вострай жаночай.

Бліжэй ідуць краем прагалу

І чуюць – ён нешта шапоча.

 

Зірнулі адна на другую

Жанкі ў неспакою і ў страсе.

Развага на думку благую

Наводзіць Гіляраву Касю.

 

– Сястрыцы! да гэта ж скажоны! –

Скрозь зубы яна працадзіла.

– А можа, глядзеце, шпіёны? –

Заўважыла цётка Людміла.

 

– Хадзем лепш адгэтуль, галубкі, –

Пачуліся шэпты Грыпіны,

І ціснецца цётка да купкі,

Заходзіць за цётчыны спіны.

 

І раптам для ўсіх нечакана,

Парушыўшы стан асцярогі,

Уголас гукае Марʼяна:

– Ты хто такі? Гэй, прэч з дарогі!

 

Уздрогнулі разам кабеты,

На страх той уставілі вочы,

А ён, нібы пугай агрэты,

Увесь скалануўся, падскочыў.

 

Зірнуў на жанок палахліва,

Як воўк, аглянуўся навокал

Ды раптам да цётак маўкліва

Ступае рашуча, шырока.

 

Жанкі ўрассыпную, ды драла,

Не чуюць і ног пад сабою,

А той чалавек праз завалы

Пагнаўся за іх чарадою.

 

Бяжыць і гукае: – Чаго вы?

Не бойцеся, цётухны, маткі! –

А цёткі стралою ў дубровы,

У лагер бягуць без аглядкі.

 

 

                          * * *

 

Здаецца, і дрэвы адчулі

Той час і зірнулі ясней.

Бярозы ў бялявых кашулях

Стаялі, як постаці жней.

 

Утульней развесілі голле

Яліны ў нізінах сырых.

На збітай кары белай соллю

Смала выступае на іх.

 

Зірнеш – нібы ў лагеры свята.

Ты кожную дробязь заўваж:

І штаб выглядаў зухавата,

Хоць ён быў яловы шалаш.

 

І брама убрана. Увіта

Прыгожая арка ў будан.

Стараліся той жа Мікіта

І той жа штукар Купрыян.

 

А з брамы ў вянку верасковым

Спакойна глядзіць правадыр,

Што людзям нясе сваё слова,

Каб даць ім і радасць і мір.

 

Дарожкі пасыпаны густа

Пясочкам жвіровым сухім,

І ўсё было зроблена з густам

На ўцеху ваякам сваім.

 

Без іх тут было страшнавата,

І кожны меў свой непакой.

Зварот іх – жаданае свята

У пушчы глухой, векавой.

 

Чакаюць іх дзеці, падлеткі

І сталых гадоў жыхары.

Дзед Сёмка вярнуўся з разведкі,

Грызе яго клопат стары.

 

А згорблены дзядзька Гіляры

Снуе, як у кроснах чаўнок:

Адкрыў ён тайком у гушчары –

Аж страшна сказаць – браварок!

 

 

XXI

 

Ажыў ціхі лес, палюднела,

Вярнуўся з паходу атрад,

І песня чыясь зазвінела

Падзеям пад голас, у лад.

 

Спявае Максім Патаропа,

Той самы Максім-партызан,

Што чучалы ставіў з акопа

І ворага ўзяў на падман.

 

Ён песень чужых не ўжывае:

Сваю зацягнуць цікавей.

Натура ў Максіма такая –

Ён сам для сябе салавей.

 

З Гілярам шаптаўся пра што-та,

А потым душа расцвіла,

Да песень падшыбла ахвота,

І песня гудзе, як пчала:

 

«Казаў Гітлер «Жыва я

Вазьму Маскву, Тулу».

Ах ты, дрэнь паршывая,

А не хочаш скулу?

Пазіраў ты на Каўказ,

Як кот на кілбасы.

Ды па мордзе табе – раз!

Не будзь сквапны, ласы.

Як пабег у свой Берлін,

Пагубляў абвёрткі.

Глянуў Гебельс – сукін сын!

«Фюрэр, а дзе ж порткі?»

 

Плыве яго песня-брындзюшка,

І сам ён, вясёлы, плыве,

А шапка з чырвонаю стужкай

Красу дадае галаве.

 

Сустрэнецца хто на пуціне,

І сам усміхнецца яму –

Разрывак жа трэба людзіне,

Свая ж бо хвіліна ўсяму.

 

І хвацкія выдумаў словы,

Бадай ты, Максімка, быў скіс!

Спявай сабе, браце, здаровы

Ды бі яму, Гітлеру, чмыс!

 

Кароткія іх адпачынкі,

Нядоўгі ў паходах папас.

Ну што ж, пагуляйце, мужчынкі,

І труднасці будзе вам час.

 

Байцы разбрыліся па сховах,

Каб клопат свой там развязаць

І блізкім у некалькіх словах

Аб тым і аб гэтым сказаць.

 

А сам Белавус дзелавіта

Аглядвае лагерны двор,

З ім ходзіць дзед Сёмка, Мікіта,

Стары Купрыян і Грыгор.

 

Той самы ваяка-прыблуда,

Якога выследжвае дзед,

Але не падчэпіць на вуду,

Ніяк не натрапіць на след.

 

А мыслі і сэрца гавораць –

Не вер яму, рыжаму, не!

І зрэнкі, бы ў злодзея, зораць,

І ў вочы табе не зірне.

 

Спакою дзед Сёмка не мае,

Свайго ён не скіне ярма.

А можа стары выдумляе

Ці проста зацяўся дарма.

 

 

                          * * *

 

А што там яшчэ за праява?

З чаго той гармідар жаночы?

Бягуць і крычаць, бы аблава

На іх насядае, грукоча.

 

Падняўся ўвесь лагер на ногі –

Няўжо ідзе вораг пракляты?

Народ вылятае. Трывога.

Хватаюць байцы аўтаматы.

 

Жанок акружаюць.– Чаго вы?

Якая бяда з вамі стала?

– Шалёны! унь ён, – былі словы,

І зразу трывога адпала.

 

Глядзяць – чалавек да варʼята

Сапраўды падобен з аблічча.

Спыніўся, глядзіць тупавата,

Смяецца, ды так таямніча.

 

– Браты мае, я ж вас шукаю!

Ці вы не пазналі Цімоха?

Крычу ім, як родных гукаю...

Не ведаю, чым напалохаў.

 

І раптам як крыкне: – Браточкі! –

Сарваўся і людзям у ногі.

– Даруйце!.. абрыдлі мне прочкі...

Прадажнік я, шкоднік убогі...

 

Служыў ім, скулякам, хваробам,

Пазнаў іх атрутную школу,

Ён паў на калені і лобам

Прынік да імшыстага долу.

 

Народ пазірае ў здзіўленні

І слоў тых не цяміць адразу.

Відаць, у варʼяцкім зацьменні

Вярзе ён варʼяцкія сказы.

 

– Лаві яго, гада! Куды ты? –

Дзед Сёмка крычыць праразліва

Ды ў лес, верасамі зашыты,

Кулём, па-старэчы імкліва.

 

Бяжыць, лямантуе: – Лавеце!

Трымайце! Унь ён – дае драла!

І дзеда зялёнае вецце

Ад вока людскога схавала.

 

Не ўсе зразумелі паводзін

Старога руплівага дзеда,

Стаялі, глядзелі, Ніводзін

Нічога не цяміў, не ведаў.

 

А першы тут скеміў Гарвада

І кінуўся сам у пагоню,

За ім вартавая брыгада.

Лес поўніцца крыкам, гамоніць.

 

Старога даўно абагналі,

Ды дзед паддавацца не хоча.

Бяжыць ён, і крык яго далей,

Як тая клякотка, якоча.

 

Падняў галаву, пазірае

Цімох перапуджаным зрокам,

І зʼехала шапка старая

З ілба на патыліцу бокам.

 

– Браточкі! ды я ж не ўцякаю…

Набегаўся... хопіць... даволі...

Няма мне прытулку ні ў гаю,

Ні ў лесе, ні ў лузе, ні ў полі.

 

І твар свой закрыў ён рукамі

Ды здушаным стогнам завохаў.

– У штаб яго... Гайда за намі!

Кіўнуў Белавус на Цімоха.

 

 

XXII

 

Многа, ой многа дарог у жыцці!

Месяц, ты ўночы іх нам асвяці,

        Сонца, пасып іх праменнем.

 

Цяжка, ой цяжка дарогу згубіць,

К праўдзе і волі з рук выпусціць ніць,

        Слепа кружыцца ў зацьменні!

 

Тычак фальшывых і напісаў шмат,

Пойдзеш іх следам, не прыйдзеш назад,

        Згубішся ў цёмным паходзе.

 

Браце! адна ёсць дарога табе:

Шлях той у працы і ў барацьбе:

        Заўжды з народам у згодзе.

 

 

                          * * *

 

Цімоха вядуць у будан,

І людзі ідуць грамадою,

А з лесу паміж партызан

Ваяка з бародкай рудою.

 

Ідзе, як сасун-жарабок,

Узяты на повад для ўцехі,

І вока адно стрыжэ ўбок,

Другое глядзіць на арэхі.

 

І ноздры яго, як мяхі,

Надзьмутыя ветрам, трасуцца.

А твар, неспакойны, сухі,

Лагодна гатоў усміхнуцца.

 

Затое ж дзед Сёмка, як бог,

Ідзе за працэсіяй ззаду,

Паважны, не чуючы ног,

Паштурхвае локцем Гарваду.

 

– Зірні толькі, што за арол! –

На збега дзед хітра ківае: –

Ідзе – угінаецца дол,

Пастава і то баявая.

 

Шкарпэткі адны чаго варт –

Сватоў засылай да Амількі, –

Жартуе, ды злы дзедаў жарт,

Пякучыя дзедавы шпількі.

 

А бровы яго, як кусты,

Над зыркімі зрэнкамі звіслі.

– Не, браце: твой намер пусты –

Чытаю я ўсе твае мыслі.

 

Ты грушы расціў на вярбе,

Ды я не спускаў цябе з вока, –

Куражыцца дзед, сам сябе

Нясе ён з павагай, высока.

 

Як хвалі дзве ў плыні рачной,

Сустрэліся ў лагеры людзі.

Сустрэўшыся, самі сабой

Спыніліся разам на грудзе.

 

Выходзіць на плёс з грамады

Кандрат Белавус і пытае:

– Чаго ж уцякаў і куды?

Не скажаш, мы самі пазнаем.

 

Як юркія мышкі з нары,

Забегалі вочы ў прыблуды.

– Таварыш! з дзяцінай пары

Скруцілі мяне перапуды.

 

Як толькі пачую «варʼят»

Ці ўбачу варʼята, паверце:

Калоціць мяне ён, як гад.

Баюся яго больш, як смерці.

 

Вось так і цяпер, проста смех:

Ніяк не пазбыў таго страху.

Убачыў яго і – пабег,

І сам не хацеў, а даў маху.

 

Смяшок праляцеў ў грамадзе.

Хтось кінуў заўвагу: «Бывае».

«І кот часам страх навядзе,

І мыш чалавека спужае».

 

Цімох безуважны стаяў,

Як сведка чужых інтарэсаў,

Не ведаў ён звычаяў, спраў,

Законаў і побыту лесу.

 

Ды раптам затросся Цімох,

Спаймаўшы на вока прыблуду.

Здзівіўся, нібы спасцярог

Праяву жахлівага цуду.

 

Мільгнуліся ў момант і труп,

І лог апусцелы, і хвоя...

Застыў ён, бы ўкопаны слуп,

Не верыць – што ж гэта такое?

 

І раптам зрываецца. – Га! –

Як крыкне ён нема, сярдзіта: –

Згубіў ты мяне, зладзюга,

Заразлівы гад недабіты!

 

Схапіў ён прыблуду, затрос

І бразнуў на мох з усёй сілы

І душыць, таўчэ яго ў нос,

Сам бледны, уздуліся жылы.

 

Прыблуда завіўся, бы ўюн,

Упіўся зубамі ў Цімоха.

Ачуўся ў ім цёмны Жыгун,

Прабеглая юха, прайдоха.

 

Качаліся, вылі яны,

Кусаліся з хрыпам звярыным.

– Даволі вам! Стой, драчуны!

З трудом разнялі іх мужчыны.

 

З расшарпаным тварам Цімох

Яшчэ рваўся ў ярасці к бою.

Жыгун жа падняцца не мог,

Стагнаў ды круціў галавою.

 

– Таварышы! я ж вам казаў,

Недарма ж душа прадчувала...

Не верылі, я быў няпраў,

І вось ён – варʼяцкае джала!

 

І плакаў Жыгун, як бабёр,

Ды чмыхаў растоўчаным носам.

Пакусаны лоб Цімох цёр,

На «друга» паглядваў ён скоса.

 

А потым зірнуў на народ

І, зубы аскаліўшы, кажа:

– Жыгун, ты фашысцкі смурод,

Душа твая – чорная сажа.

 

Прызнайся, скажы, як мяне

Ты ў бруд зацягнуў і запэцкаў...

Варʼят я? Ой не, годзе, не!

А вось ён, дакумант нямецкі.

 

І выняў з патайных кішэнь

Маленькі партфелік раменны.

– Во, вось дзе твая сакрамэнь!

Глядзіце: я – малапісьменны.

 

 

XXIII

 

За лесам на горцы тры хвоі

Стаяць, паспускаўшы галіны.

Пад імі крыжы-сухастоі,

Сумотных разваг напаміны.

 

Дзве бітых у полі дарогі

Крыж-накрыж сышліся, як сёстры,

І далей снуюцца ў разлогі

Шукаць нейкі радасны востраў.

 

Бягуць і на ўсход яснавокі,

Бягуць і на захад імжысты.

Разлёгся прастор ва ўсе бокі,

Няпэўны, няясны, дваісты.

 

Ідуць імі людзі маўкліва,

Глядзяць на дырваны паўзбоччу.

Не цешаць пакосы і жніва,

І сцішна ім днём тут і ноччу.

 

Праходзяць – ляжыць непрыбраны

На ростані труп чалавечы.

Не грэюць халодных дырванаў

Прынікшыя шчыльна к ім плечы.

 

А вочы, як мутныя шкелкі,

У неба устаўлены тупа.

Указка размашыстай стрэлкі

Увагу звяртае да трупа.

 

Як шыльда, лубок берасцяны

Прыкрыў сіні труп да паловы.

На ім вывеў пісар старанны

Выразныя, страшныя словы:

«Я – здраднік народа, Жыгун.

Я – падаль прадажная, лгун.

Дык плюньце на труп мой, жывыя,

Сабака няхай па мне вые!»

 

Быць можа прайшлі б людзі міма,

Вось так, як ідуць на пагосце,

Калі б не страла прад вачыма,

Не напіс на жоўтай бяросце.

 

А стрэлку заўважаць і з жахам

На момант запыняцца ў полі,

Цікавасць верх возьме над страхам,

Падходзяць, чытаюць крамзолі.

 

На твар потым зрок пераводзяць –

Дык вось яна, гнюсная здрада,

Валяйся ж, як падаль, у смрадзе.

Няхай пашкадуе гад гада.

 

І плюнуць ды кінуць галіну

Ці камень на труп шальмаваны, –

Няхай не паганіць краіны,

Пакут яе, боляў і раны.

 

І зложыць народ сваё слова,

Легенду народнага складу,

Асудзіць без жалю сурова

Агіднейшы грэх людскі – здраду.

 

 

                          * * *

 

Цімоху як бы палягчэла,

Найбольшы свой страх ён адолеў.

Змардованы дух яго, цела

На момант пазбыліся боляў.

 

3 людзьмі б толькі быць яму разам:

Прызнання ад іх мець хоць трохі,

Не быць для іх скулай, заразай

І відам сваім не палохаць.

 

Абрыдла тулянне без краю,

Цягацца злачынцам, аблудам –

 

Няхай яго судзяць, караюць,

Ён нават чакае прысуду.

 

Навокала людзі і дрэвы

І неба ў прасветах вяршалін.

Якія ж яшчэ неспадзевы?

Няхай бы хоць як вырашалі.

 

Маўчыць грамада невыразна,

Мяркуе, па-своему кожны.

Глядзець на яго як на блазна,

Вядомая справа, не можна.

 

На ліха ніхто не няволіў,

Не змушваў лізаць кату боты.

Служыў, а цяпер заскаголіў –

Заелі, моў, болі, згрызоты.

 

Ці мала ж такія падлізы

Даносамі шкодзяць краіне?

Пабіць іх сабачыя мызы!

Павесіць на горкай асіне!

 

Навошта нам зброд іх плюгавы,

Што вырас, як грыб той на гнілі?

Міжволі ўсплывалі расправы,

Што каты з іх ласкі чынілі.

 

І людзі прыгадвалі страты,

Гарэлых двароў папялішчы,

Хто сына, хто жонку ці брата,

Што вылюдак-вораг панішчыў.

 

Сачыліся кроўю боль, рана,

І помста ў душы бушавала.

Ці ж сына забудзе Марʼяна?

Такіх мацярок хіба мала?

 

Былі галасы за Цімоха.

То праўда – ён шкодзіў народу,

Ды выкрыў фашысцкага жоха,

Сам выплыў на чыстую воду.

 

 

 

І сам ён усведаміў віны

І людзям адкрыта прызнаўся

І выкупіў напалавіну

Той бруд, у якім ён качаўся.

 

Так людзі гадалі ў маўчанні.

Прад імі ж стаяла задача.

І згодныя на пакаранне

І схільныя важыць іначай.

 

Стаялі маўком ды украдкам

Паглядвалі на Белавуса:

Як скажа, так будзе і гладка,

І згодзяцца ўсе і без змусу.

 

А сам Белавус, ім здалося,

І так памяркоўваў і гэтак.

Ды тут на Цімохавым лёсе

Сказаўся шум радасных вестак!

 

Спачатку паціху, а далей

Хор выгукаў шырыцца дружны:

– Саколік ты наш! не гадалі...

– Калюжны! вярнуўся Калюжны!

 

Дрыготка прабегла па целе,

І шум той суровасць адсунуў.

У сэрцы Кандрата запелі,

Як звонкія гуселькі, струны.

 

– Даруем Цімоху, адпусцім! –

Сказаў ён народу: – прабачым...

Не будзь толькі гадам у кусце,

Не бегай больш тропам сабачым!

 

І строга кіўнуў ён Цімоху,

Сурова абвёў яго зрокам...

Кандрат ірвануўся – па моху

Панёсся размашыстым крокам.

 

Цімох не акрэсліць настрою,

Стаіць тут адзін, пазірае.

Не зліўся ён з плынню людскою,

Нуда яго томіць старая.

 

А ў лагеры шум весялосці

І выгукі радасці – «Петрык!..»

Вітаюць, цалуюць, як госця,

І гушкаюць хлопца ў паветры.

 

Аж пушча з народам запела

І песню выносіць угору.

А Петрык худы, упаў з цела,

Гараць толькі вочы, як зоры.

 

Кандрат Белавус увесь ззяе –

Не зналі такім камандзіра.

– Падзея, – гаворыць, – такая,

Што мушу прызнацца вам шчыра.

 

Падумаў я ў мыслях з сабою:

Калі мы пабачым Пятрушу,

Дык ворагу смерць пад вярбою,

А з Гітлера вылушчым душу.

 

І тут камандзір выйшаў з гужа

Ды так, каб не ведала войска,

Маргнуў ён Гіляраму: «Дружа!

Ты б трошкі... прадукцыі – свойскай».

 

 

 

XXIV

 

У хвалях няспыннага руху

        Ідзе-плыве час,

Нячутна для нашага слуху,

        Нябачна для нас.

 

І мы з ім, як хвалі, дыбаем,

        Праводзім свой шлях,

А далеч расквечаным маем

        Стаіць у вачах.

 

І шмат нам дароў яна суліць,

        Чароўных, як сон,

Нас вабіць і горне і туліць

        Дарога-разгон.

 

Яшчэ ў дні маленства лятункі

        Авейваюць нас,

Прыгожыя пішуць рысункі,

        Вянкі ўюць украс.

 

У нашай дарозе мы стрэнем

        Не мала прыгод,

І сонцам мы пройдзем і ценем

        Пад гоман грымот.

 

У нашым няспынным імкненні

        Ёсць шмат хараства,

Хоць шлях нам заступяць каменні,

        Пясок і жарства.

 

Ды мы іх падолеем, скінем,

        Адсунем убок.

Наперад к тым далечам сінім

        Скірован наш крок.

 

Жывіся ж вялікаю верай

        У праўду, мой брат!

Наперад і толькі нанерад –

        Ні кроку назад!

 

 

                          * * *

 

Праз некалькі дзён была сходка.

Народ прываліў пад будан.

Папаска ў такі час каротка.

У штабе саспеў новы план.

 

Распытвалі цёткі старонкай,

Каб весці злавіць на хаду.

Аб чым жа быць можа гамонка,

Як не пра вайну, пра бяду?

 

Хутчэй бы той Гітлер загінуў,

А з ім і фашысцкая шаць!

Лупцуюць іх на Украіне,

А пра Беларусь што чуваць?

 

Заселі, гадзюкі, кляшчамі,

У дрот увесь край заплялі,

Угрызліся ў землю зубамі,

Хоць горкі ім хлеб той зямлі.

 

Ды будуць і тут ім падэрвы,

Усе залапочуць: капут!

І вось жа знаходзяцца сцервы,

Што цягнуць фашысцкі хамут.

 

Упоўз жа быў хітрай лісіцай

Прадажнік такі і сюды

І гнуўся лазінаю ніцай,

Вынюхваў, паскуднік, сляды.

 

Цімоха як бы не зважалі,

Абходзілі проста маўком.

Усплыў ён, як шчэпка на хвалі.

І ёсць ён і быў біруком.

 

І сам Цімох людзям на вочы

Наровіць папасці радзей,

Туляецца, нешта мармоча

І ўгору не ўзніме вачэй.

 

І што было тут ў ім дзіўнога –

Стаяў ён, цішэй ад вады,

І сам, не спытаўшы нікога,

Патрапіў у тон грамады.

 

Прыцяміць, хто кепска абуты,

І знікне. Засядзе ў куце

Ды кроіць ліповыя луты

І лапаць сумленна пляце.

 

Спляце і падэшвы дасць з лыка.

Аборкі саўе з крапівы.

І мудрасць не дужа вяліка,

А лапаць яшчэ ўсё жывы.

 

Свой выраб цішком ён павесіць,

Ды так, каб знайшоў спажывец.

На лапаць быў попыт у лесе,

Тавару ж не мае шавец.

 

Ой, трудненька, цяжка народу.

Што дзень, то ўсё болей руін.

І чуйнае вуха з усходу

Чакае збавення, навін.

 

 

                          * * *

 

Акончана ў штабе нарада,

Сціхае ў народзе размова.

– Увага! – гукае Гарвада,

Дае камандзіру ён слова.

 

Падняўся Кандрат на трыбуну,

На пень, апілованы гладка,

Туды-сюды вусы пасунуў,

Рукою махнуў для парадку.

 

– Таварышы, слухайце: хутка

        Чакаць трэба змены –

Такая гуляе пагудка,

        Рассоўвай, знай, сцены!

 

Жывём мы, сябры, не цікава,

                Што споймем, тым сыты,

Але і пра нас ідзе слава,

        І мы не забыты.

 

З-за лініі фронту, здалёку,

                    З-пад вежы крамлёўскай

На нас глядзіць Сталіна вока

                    З прыязню бацькоўскай.

 

Вядомы яму дасканала

                        Наш боль і пакуты,

І сілы кладзе ён нямала

                      Для светлай мінуты.

 

І тая мінуціна блізка

        Ад нашага дому:

Даносіць пад Віцебск вятрыска,

          Ад Оршу гук грому.

 

Рыхтуецца Гітлеру лазня –

        Не ўседзіць у дотах.

Калі не спячэцца, то ўгразне

        На нашых балотах.

 

Мы катам рыхтуем магілы,

        Бо поўны бясстрашша,

Мы маем магутную сілу,

        Як партыя наша.

 

Яна – гэта голас народу,

        Яна – яго воля,

Яна дзеліць з намі нягоду,

        Нясе нашы болі.

 

Усюды па роднай краіне

        Яны, камуністы,

Высноўваюць волю айчыне,

        Наш дзень урачысты...

 

З Масквы нам, ад сэрца краіны,

          Ад Панамарэнкі

Загад дан – мы соўніць павінны,

        Настырце ўсе зрэнкі.

 

Усім партызанскім злучэнням –

        Загад той галосіць –

Павесці вайну на знішчэнне

          Шляхоў яго зносін.

 

Няхай месіць вораг грунт клейкі,

        Такі разрахунак.

Наш покліч сягоння – на рэйкі!

        Спыніць рух чыгунак.

 

Запляскалі дружна прамоўцу

        За добрыя весці –

Надзея, прыхільнае слоўца

        І грэюць і песцяць.

 

Максім Патаропа гукае:

        – Вось гэта мне ў ногу,

Мая ж гэта думка такая –

        Рваць рэйкі, яй-Богу.

 

 

                          * * *

 

Настрой у байцоў прыпадняты.

  Рыхтуюцца звенні, брыгады.

Адно ведай: выпаўніць свята

Штабныя наказы, загады.

 

І раптам праява, здарэнне:

Цімох кудысь знік ціхамоўкам.

Гадаюць людцы ў недаўменні,

Усім чагось стала нялоўка.

 

Агледзелі ўсе куты, ходы,

Зірнулі пад цёмныя елі, –

Цімох нібы кануў у воду.

Куды ж яго чэрці падзелі?

 

Няўжо ашукаў іх, прайдоха?

Ці ўжо такі гад ён адпеты –

Махнуў ціхачом для падвоху,

Каб выкрыць іх планы, сакрэты?

 

І дзень і другі ані гуку,

Ні вестак ніякіх, ні чутак.

Якую ж ён выкінуў штуку?

І дзе яго новы закутак?

 

Пайшоў і дзед Сёмка ў разведкі –

Карцеў і яму Цімох троха,

Бо ён, як даводзілі сведкі,

Ручаўся, стаяў за Цімоха.

 

Абыклай знаёмай дарогай

Пайшоў на былыя будынкі.

Свае былі думкі ў старога –

Яго пацягнула ў Навінкі...

 

Вярнуўся пад першыя зоры,

У лагер вайшоў неўзаметкі,

І быў ён, відаць, не ў гуморы,

Ці вынік не цешыў разведкі.

 

І толькі назаўтра намёкам

Сказаў Белавусу ён ціха:

– Цімох ад вайны ўжо далёка.

І нам не прычыніць ён ліха.

 

А потым дадаў больш выразна:

Была-такі праўда жаноча –

Хвароба яго не заразна,

Варʼят ён, як варʼят рагоча.

 

 

ЭПІЛОГ

 

Шмат пройдзена трудных дарог

І цяжкіх часін перажыта,

І там, дзе рос чартапалох,

Руніць ужо новае жыта.

 

Лагодай і мірам яно

Сумотны твой зрок авявае.

Пачуцці, што змоўклі даўно,

Гавораць, бы кніга жывая.

 

Успомніш у думках сваіх

І сейбітаў, кідаўшых зерні.

Няхай жа на ворыва іх

Ніколі не вернуцца церні.

 

Шмат незарубцованых ран

На долах і ў сэрцы народа.

Наш зрок упадзе на курган,

Насыпаны ў грозныя годы.

 

І многа сустрэнем мы іх,

Раскіданых шмат дзе па краю:

І ў лесе, і ў пустках глухіх,

І ў лузе, на выспах, і ў гаю.

 

Пакуль будзем жыць мы, яны

Узрушваць нас будуць балесна:

На варце стаяць курганы

Герояў, загінуўшых чэсна.

 

Праходзячы тут, не адзін

Вандроўнік супыніцца, гляне

І скажа: «І мой, можа, сын

Пакоіцца ў гэтым кургане».

 

Жыццё пойдзе шляхам сваім,

Загояцца раны і болі,

Дарогі ж к магілам святым

Народ не забудзе ніколі.

 

Адзначым мы кожны курган,

Дагледзім мы іх, як святыні,

Цвісці на іх будзе цюльпан,

Гваздзіка, чабор бледна-сіні.

 

Шмат песень спяюць песняры

Аб людзях, чый прах пад курганам,

І ранішні промень зары

На ім блісне шоўкам румяным.

 

І будуць сюды з году ў год

Хадзіць на паклоны ім людзі,

І цішу курганных дрымот

Гарачае слова абудзіць.

 

Успомніць герояў народ,

Як край свой яны баранілі,

Як іх у бяссмертны палёт

Насілі арліныя крыллі.

 

Як помнікі слаўных былін,

Як спадчына подзвігаў громкіх,

Курганы – жывы напамін

Аб славе бацькоў для патомкаў.

 

Злачынцы, што з мроку ўсплылі

І цемру насілі па свеце,

Асядуць, як пыл на зямлі,

Развеюцца ветрам, як смецце.

 

А вы, нашы сёстры, браты,

Што край свой узнеслі над светам,

Бяссмертны! Ваш подзвіг святы

Святым будзе нам запаветам.

 

Красавік 1943 г.

Лістапад 1944 г.

Ташкент – Вузкае


04.1943-11.1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 10