epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адпомсцім

Партызанская песня

Ваякі-партызаны,

На Гітлера ў паход!

Раскрышым зброд паганы,

Нямецкі чорны зброд.

 

На бой, на бой, на смертны бой

Выходзьце дружна, грамадой!

Ямчэй удар, цяжэй удар —

Палае ў сэрцы помсты жар!

 

Адпомсцім ліхадзеям

За слёзы, здзек, за кроў.

У вілы іх, як змея,

І голавы далоў!

 

 

На бой, на бой, на смертны бой

Выходзьце дружна, грамадой!

Ямчэй удар, цяжэй удар —

Палае ў сэрцы помсты жар!

 

Наш помсты вір імклівы,

Як гром, гудзе ўначы.

Ачысцім долы, нівы

Ад прагнай саранчы.

 

На бой, на бой, на смертны бой

Выходзьце дружна, грамадой!

Ямчэй удар, цяжэй удар —

Палае ў сэрцы помсты жар!

 

На чорным папялішчы,

Дзе поўз чужынец-гад,

Фашыста-гада знішчым,

І згіне Гітлер-кат.

 

На бой, на бой, на смертны бой

Выходзьце дружна, грамадой!

Ямчэй удар, цяжэй удар —

Палае ў сэрцы помсты жар!

 

Пад горкаю асінай

Прытуліць ката дол,

І зграі ўсёй звярынай

Загонім туга кол.

 

На бой, на бой, на смертны бой

Выходзьце дружна, грамадой!

Ямчэй удар, цяжэй удар —

Палае ў сэрцы помсты жар!

 

22/IV 1942


22.04.1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945