epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Адукацыя

I
II
III
IV
V


I

 

 

З аўтарамі паэм і раманаў часта здараецца такая рэч: падвядуць яны сваіх гераінь і герояў да таго моманту кахання, калі яны нарэшце абдымуцца, пацалуюцца, паклянуцца ў вечным каханні, паклянуцца пры сведках, а сведкамі найчасцей бываюць зоры, месяц, часамі яшчэ і салавей падвернецца, і – раман канчаецца. Сапраўдны ж раман з гэтага толькі і пачынаецца.

Насця і Кузьма ўсё гэта прайшлі: сустрэліся, спадабаліся адзін аднаму, прызналіся, падмацавалі прызнанне пацалункамі, адпаведнымі дзеяннямі і прыйшлі да заключэння, што адно без другога жыць не могуць. Засталося адно: замацаваць тым ці іншым парадкам сваё сумеснае жыццё. Вось толькі пытанне, як замацаваць яго? Насця – хутаранка, яе бацькі – людзі старога выхавання. Яны нічога не маюць супроць таго, каб аддаць Насцю за Кузьму. Кузьма – чалавек сталы, не ветрагон які, любіць навуку, шмат чаго цікавага з навукі расказаць умее. А самае важнае – ён на службе ў горадзе, бярэ шэсцьдзесят рублёў на месяц, а з яго галавою можна далёка пайсці. Але павянчацца ім трэба ў царкве, бо чалавек – не канцылярская паперка: нумар паставіў, падшыў, зарэгістраваў і ўсё тут. Не, аднае рэгістрацыі як бы трохі малавата. Кузьма ж вучыцца на рабфаку, і яго ў царкву і на вяроўцы не зацягнеш. Так ён і заявіў. Насцю ж не так цікавіць сама царква, як тая цырымонія, і ёй страх як хацелася паказацца перад людзьмі ў белым адзенні і заззяць сваім хараством, бо Насця была дзяўчына прыгожая. Ну, але яна гатова паступіцца для Кузьмы і цырымоніяй і белым адзеннем, раз ён не згодзен і не можа, як ён кажа, «арганічна пераварыць папа і Ісайю лікуй». Якое дзела Ісайю да яго жаніцьбы? І чаму ён павінен тут лікаваць? І што такое Ісайя? Буржуазны прарок, прадстаўнік рэлігійнага дурману.

Андрэй, Насцін бацька, не прымаў пад увагу гэтых рэзонаў і стаяў на сваім.

– Я цябе паважаю, Кузьма, як чалавека вучонага і люблю паслухаць тваю гутарку, хоць ты гаворыш так разумна, што я не ўсё разумею. Але ж і мая Насця не мяшок збожжа – аддаў і клопат збыў. Тут трэба зрабіць па-людску і па-божаму.

– Каб вы пазнаёміліся, ну, хоць бы з самымі элементарнымі асновамі палітграматы, вы зусім іначай глядзелі б на папоў і на іх шкодную для працоўных прафесію, – заўважыў Кузьма.

– Як бы я тады глядзеў, каб я твае акуляры надзеў, я не ведаю, але я не хачу гэтай вашай прысягі на свінай шкуры.

Чаму «на свінай шкуры», Андрэй не сказаў, як не дапытваўся Кузьма. Адно толькі было ясна – без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці, і далейшая спрэчка ні да чаго не прывядзе.

Разбіраючы гэтую перашкоду, Кузьма сказаў Насці:

– Застаецца адно: умыкнуць цябе.

– Убрыкнуць? – здзівілася Насця.

Кузьма па-прафесарску, блытана і няясна, растлумачыў слова «ўмыкаць», а потым злёгку пажурыў яе за малую адукацыю.

– Ды дзе ж мне ўсё ведаць? Тры зімы толькі хадзіла ў школу, дый калі ўжо тое было! – і Насця ўздыхнула.

– Ну, нічога, Настачка, забяру цябе ў горад, вучыць буду, і ты станеш свядомай і адукаванай маёю жонкай. – А што гэта так, – Кузьма прыгарнуў і пацалаваў яе.

– Дык ты хочаш выкрасці мяне, як канакрад каня з хлява?

– Сілаю ўзяць, – паправіў яе Кузьма.

– Дык я ж не праціўлюся.

– А бацькі не згодны?

– Ну то што? Пойдзем цішком і запішамся.

– Цішком, кажаш?

Кузьма задумаўся. Спачатку ён не знайшоў нават, што сказаць ёй на гэта. Яго вабіў вось які план: сабраць шайку мяцежнікаў-таварышаў, зрабіць наезд на хутар і выхваціць Насцю з-пад бацькавага носа, а яна бʼе яго такою прозаю! Але Кузьма быў і чалавек практычны. Пачухаў патыліцу, памеркаваў.

– А бадай што гэтак і лепш будзе, – згадзіўся нарэшце ён, – нічога каштаваць не будзе, а грошы лепш на кнігі патраціць.

Кузьма любіў кнігі і большую часць сваіх заработкаў траціў на іх.

На другі дзень, ранічкаю, Насця з клумачкам у руках потайкам пакінула свой хутар. За горкай на мосціку яе чакаў Кузьма. У той жа дзень яны і запісаліся.

З загса яны пайшлі на кватэру да маладога. Кватэра яго была на краі горада, каля могілак. Ідучы, Кузьма ціхенька высвістваў штось на матыў «Кірпічыкі» і жартаваў з Насці і яе клумка.

– Ты, Насця, пераносіш сваю рэзідэнцыю са Стажкоў на Старажоўку.

Стажкамі называўся хутар, дзе жылі Насціны бацькі.

– Вядзеш ты мяне немаведама куды. А няхай цябе з гэтым тваім брукам: ногі павыкручваеш тут, – злавалася маладая, скробаючы па камянях ёмкімі абцасамі вясковых чаравікаў.

– Мілая Насця, ты памыляешся: гэты брук не мой і калі на справу глядзець шырока, то ён скарэй інтэрнацыянальны і ёсць дасягненне калектыўнай волі, словы «маё», «тваё» – перажыткі буржуазнай, дробнамяшчанскай ідэалогіі. Гэта табе стане ўсё ясным, калі ты грунтоўна азнаёмішся з палітграматай.

– А божачкі, дзе ён сабе кватэру знайшоў: на краі свету, ды яшчэ на могілках! Як жа тут жыць? – бедавала Насця, падходзячы да кватэры.

– Свет не мае канца краю, Насця, – гэта адно; другое, кватэра мая не на могілках, а каля могілак; і трэцяе – баяцца жыць каля могілак, значыць насіць у сабе перажыткі адміністратычнага (гэтак Кузьма вымаўляў слова «анімістычны») светапогляду. І нарэшце, Настачка, знайсці кватэру многа цяжэй, чым, скажам, свядомую жонку.

Насця пакрыўдзілася.

– Не пайду я сюды, – сказала яна і спынілася.

– Ну, а дзе ж ты дзенешся?

– Дамоў вярнуся, вот і ўсё.

Сказала гэта Насця такім цвёрдым голасам, што Кузьма спалохаўся. Паглядзеў на яе. Шчокі разрумяніліся, а цёмныя вочы трохі сярдзітыя, – слаўныя вочы, хоць і іскрачкі злосці ў іх пабліскваюць.

«Прыгожая, шэльма!» – думае Кузьма і кажа лагодненька:

– Настачка, якая ты цяпер харошая! Адукаваць цябе, што гэта будзе за жонка! А калі табе кватэра не падабаецца, пашукаем другую, а прыпыніцца дзе-небудзь трэба. Не стаяць жа тут на вуліцы. І што такое кватэра? – часовы прыпынак студэнта: сёння тут, а заўтра там.

– Дзякую табе за ласку! Я тут па гэтых ямах ногі паламлю, а ён яшчэ будзе вадзіць мяне з кватэры на кватэру.

Але яна адпускаецца і ўжо больш мякка дадае:

– Ну, пагляджу, якая твая кватэра.

Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і думае: «Паначуеш, дык ахвота пройдзе дамоў варочацца» і ўголас гаворыць:

– Нічога, прывыкнеш, Настачка!

 

 

II

 

Перабраліся маладыя на другую кватэру, больш прасторную і выгодную, і Насця стала гаспадыняй. Пачалося новае жыццё жанатых людзей. Кузьма адразу заўважыў перамену, але спыніцца на ёй з належным аналізам не было калі, бо трэба было зарабляць і навукай займацца. Работы было многа, і Кузьма часамі забываў, што ён жанаты чалавек. Але калі ён варочаўся дамоў, то было прыемна, што на кватэры парадак, што яго сустракала Насця і карміла добрым абедам.

Адно толькі карцела і дакучала яму: Насця залішне блізка да сэрца прымала розную дробязь – і таго няма, і гэтага бракуе. Кожны дзень выдумае што-небудзь новае: то ёй венік патрэбен, то качарга, то гаршчок, то міска, то люстэрка, – ну, адным словам, у ёй з моцнаю сілаю прабіваліся гэтыя ўласніцкія інстынкты, гэтае абрастанне буржуазнаю шэрсцю. Проста слухаць было прыкра. І ў такіх разох Кузьма з болем адчуваў, як шчымела ў ім грамадскае сумленне: час праходзіў, а ён яшчэ не прыступіў да Насцінай адукацыі. Праўда, абʼектыўныя ўмовы былі таму прычынай, і ў гэтым было пэўнае апраўданне. Так, трэба было з кватэрай упарадкавацца, сяк-так абсталяваць яе, задаволіць, як Насця кажа, самыя пільныя патрэбы, а яе аргументаў нічым не разабʼеш, хоць яны і нічога не варты. Але гэтым патрэбам, як відаць, ніколі канца няма: збудзеш адзін клопат, другі набяжыць, праўдзівей – Насця выдумае яго. Так вось і цяпер: дурыць галаву, каб купіў сабе паліто. Яму трэба набыць «Універсітэт на даму», а яна з палітом лезе. Нашто яму паліто, калі яму і ў шынялі добра? Шынель, праўда, стары, выцерты і забруджаны. У гэтым шынялі ён ваяваў тры гады, прайшоў Польшчу з канца ў канец, ён хаваў ад дажджоў і снегу, ад жары і холаду, а цяпер Кузьма ходзіць у ім на службу і на рабфак, а ўночы накрываецца замест коўдры.

– Ну, паглядзі ты на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Не чалавек, а чучала!

– Гм! як жа ты за пудзіла, за чучала замуж пайшла?

– Я думала, з цябе чалавек будзе, а ты немаведама хто.

– Не немаведама хто, а Кузьма Лявуцкі, студэнт рабфака, – з гонарам зазначыў Кузьма. – Ведаеш, Насця, і ў мяне была і ёсць такая ж мысль: зрабіць з цябе чалавека.

– А хто ж я па-твойму?

– Ты? – і Кузьма паглядзеў на Насцю. – Несвядомы элемент!

– Які там яшчэ алімент? – затрывожылася Насця.

– Вось бачыш, ты не ведаеш розніцы паміж словамі «элемент» і «алімент».

– Ведаю я, на што ты ківаеш, – закіпяцілася Насця, – дзесяць дзён не пажылі, а ўжо аб аліментах загаварыў!

Насця заплакала.

– Эх, несвядомая ты! Ну, што мне з табою рабіць?

– Плаці аліменты! – праз слёзы выкрыкнула Насця.

– Насця! ну, гэта ж глупства, непаразуменне. Я толькі хацеў сказаць, што ў цябе няма адукацыі, што ты несвядомая. Але ж гэта яшчэ не такая вялікая загана, усё гэта можна паправіць, і я буду вучыць цябе, адукую цябе.

– Дык нашто ж ты браў мяне, неадукаваную? Ці табе адукаваных мала?

– Я цябе ўзяў, бо я цябе люблю, і яшчэ я цябе ўзяў і для сувязі з сялянствам і для адукацыі.

– І не разгарну я твае кнігі, покі ты не купіш сабе паліта.

– А яна сваё! Шынель, паліто, – усё гэта глупства. Ёсць задачы болей важныя.

«Мы жывём у буржуазным абкружэнні сярод усякіх Чэмберленаў і Балдуінаў. Нам трэба загартаваць сваю волю, выхаваць сапраўды пралетарскія метады змагання і весці масы да ўсясветнай рэвалюцыі і перамогі». Няма калі займацца такімі пратухлымі пытаннямі, як шынель, паліто або іншыя мяшчанскія атрыбуты.

– А я не хачу, каб у нашай хаце бруд быў. На тваёй шынелі дзірак не палічыш.

– Ну, гэта, паложым, гіпербала.

– І што ён гаворыць, ліха яго ведае. Пербалу ўжо нейкую выдумаў!

– Вось калі мы зоймемся навукаю, то ты будзеш ведаць, што такое гіпербала. Але я варочаюся да пытання аб вошах. І вош, калі цвяроза паглядзець, – глупства. Праўда, вош для культурнага чалавека гучыць дысанансам, але і ў культурных людзей можа быць свая структура і свае балансы.

– Нічагусенькі ж я не разумею, хоць ты мяне рэж, Кузьма. Ці ты гаворыш, ці малатарня гудзе.

– А гэта зноў жа такі ёсць яшчэ адзін аргумент за тое, што мы стаімо на розных платформах, больш таго – на розных полюсах у сэнсе культурнасці. Старая буржуазная школа, куды ты хадзіла тры зімы, магла толькі навучыць цябе маліцца Богу. Навукі яна не магла даць з-за сваіх імперыялістычных прынцыпаў, і нават самая элементарная комплексная сістэма выкладання там не ўжывалася.

Насця нічога не сказала і толькі ўздыхнула, а Кузьма разгарачыўся, падзадорыўшы сябе папярэдняй прамовай аб старой школе, і панёсся, як малады неабʼезджаны конь.

– І вось я стаўлю прынцыпова і рэальна, без усякіх кампрамісаў пытанне аб тваёй адукацыі, аб зліквідаванні тваёй заскарузлай ідэалогіі, каб замяніць яе дыялектычным матэрыялізмам. У цябе, як у сялянкі, каторыя фактычна ў сэнсе розуму драмалі, ёсць патэнцыяльная энергія, якую трэба перавесці ў стан дынамічнасці, каб ад гэтага карысць была дзяржаве і працоўным масам. І калі я цябе браў, то я, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, паставіў сабе пэўную сацыяльную праблему – падняць цябе і прыблізіць да сябе культурна і прагрэсіўна, каб гэтым самым даць карыснага члена грамадскага калектыву. Лічачыся з абʼектыўнымі ўмовамі часу і месца, я гляджу на цябе, як на прадукт дробнаўласніцкага асяродзішча, і покі што не прыдаю вялікага значэння тваім буржуазна-мяшчанскім тэндэнцыям, паколькі ты неадукаваная, паколькі ты не зачэрпала з крыніцы сапраўднай веды. Справа не ў тым, у якой адзежы ты ходзіш, а ў тым, што пад гэтай адзежай ты носіш. Пустую кулацкую і контррэвалюцыйную галаву не аздобіш ніякімі ўкрасамі і нічым не заменіш яе драпежніцкай эксплуатацыі і інтэрвенцыі.

Кузьма спыніўся і паглядзеў на Насцю. Яна сядзела нерухліва. Наўперад слухала, пазірала Кузьме ў самы рот, адкуль, як гарох з мяшка, сыпаліся словы, а потым ёй стала нейк страшна. Ёй здалося, што ў яго ў горле ёсць такая пячурка, дзе сядзяць гэтыя страшныя словы.

– Я мог бы, Насця, і больш сказаць табе, але бачу па табе, што і тое, што я сказаў, слаба месціцца ў тваёй галаве.

– Я ўжо не ведаю, якую трэба мець галаву, каб змясціць гэта ўсё. Мабыць, і ў засеку не змесціш таго, што ты нагаварыў. Ці я ўжо такая дурная, ці ты такі разумны.

– Ты проста не падгатавана, каб слухаць такія прамовы на палітычныя тэмы. А чаму? А таму, што ты думаеш толькі аб сваім бярлогу, аб розных дрындах. Ты пачала жучыць мяне, каб я купіў паліто, а я люблю кнігу і навуку. Не паліто мне трэба купіць, а «Універсітэт на даму». Вось я што хачу купіць.

– Яшчэ што выдумаў! – паківала Насця галавой. – Мала яму ў горадзе універсітэтаў гэтых, дык ён яшчэ дома завесці хоча! Тут і без іх няма дзе павярнуцца. Прафесар знайшоўся! Развядзецца скора гэтых прахвэсараў столькі, што і вучыць не будзе каго, бо ўсе прахвэсарамі паробяцца.

Кузьма, у сваю чаргу, пакрыўдзіўся за навуку.

– Многа яшчэ ёсць такіх мастадонтаў, як ты, і прафесару надоўга работы хопіць. Ты нават не ведаеш, аб якім «Універсітэце» я кажу: гэта кнігі такія ёсць! Дома вучыцца па іх.

– Мала яму яшчэ кніг! І так усё завалена кнігамі: і стол, і скрыня, гэтая клетка... У печы імі паліць хіба!

– Эх, цемната, цемната!.. Ну, але я не маю нават права сердаваць на цябе, бо ты без усякай адукацыі, Насця, і мой абавязак – даць табе адукацыю. За гэтую справу я і вазьмуся, вазьмуся цяпер жа.

Насця пакруціла галавою, а Кузьма пачаў капацца ў кнігах. Адабраў некалькі штук і пачаў нешта выпісваць.

 

 

III

 

Увесь вечар прасядзеў Кузьма, каб скласці заданне. Для большай яснасці і парадку ў занятках наўперад накідаў праграму работы. Тут вынікла такое пытанне: якія аддзелы навукі павінны ўвайсці ў план? Пасля некаторага разважання Кузьма запісаў: палітграмата, палітэканомія, матэматыка, прыродазнаўства, паэтыка. Падлічыў – пяць аддзелаў. Не шкодзіла б мець на кожны рабочы дзень па адным аддзеле з навукі. Кузьма падумаў і дапісаў: беларуская мова. Сам Кузьма пакульгваў у беларускай мове, як і ў другіх аддзелах навук, але там гэта не так заўважалася, там ён лічыў сябе спецам. Уводзячы ў план беларускую мову, Кузьма ставіў дзве мэты: праводзіць беларусізацыю і самому вывучаць беларускую мову. Зрабіўшы агульны расклад, ён стаў падзяляць некаторыя аддзелы навукі на пададдзелы: матэматыку на арыфметыку, геаметрыю, алгебру... Але далейшы падзел выясніцца тады, як пачнецца навучанне, а цяпер ён зрабіў покі што расклад на кожны дзень, павесіў на сцяне і прыступіў да самога задання. У першую главу пойдзе палітграмата. Кузьма перагарнуў старонак 15 з палітграматы, перагарнуў паволі, сёе-тое прачытваючы, потым, узяўшы іх разам, памахаў імі, як бы ўзважваючы, ці не замала будзе. На першае заданне будзе досыць! Ён стаў пісаць пытанні. Напісаць было нятрудна: сёе-тое можна знайсці ў сваіх запісках, сёе-тое ўзяць з кнігі і ад сябе дадаць адно-другое пытанне таксама не вялікая мудрасць. Першае заданне выйшла ў такім выглядзе: 1. Што такое палітграмата і чаму трэба ведаць яе? 2. Ці можа палітычна няграматны свядома весці змаганне з эксплуататарамі? 3. Ці можна абмежаваць свае веды адной палітграматай? 4. Як мы павінны вучыцца? 5. Як глядзіць на гэта Ленін? 6. Якім парадкам можна звязаць тэорыю з практыкай? 7. Якое значэнне мае чытанне газет? 8. Якая розніца паміж газетамі буржуазнымі і пралетарскімі? 9. У чым заслуга Леніна перад працоўнымі ўсяго свету? 10. Хто такі Ленін? 11. Што такое праграма мінімум і праграма максімум? 12. Ці можна быць партыйным і верыць у Бога?

Кузьма пісаў, а Насця некаторы час сядзела і пазірала на яго. Ёй хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Насця ўзяла кнігу, паглядзела на яе і, ціха паварушваючы губамі, павольна разбірала назву. Перагарнула некалькі старонак. Усюды, куды ні глянеш, стаяць гэтыя гусценькія, роўненькія радкі, маркотныя, аднастайныя. Мільгнула толькі думка – колькі ж гэта трэба часу, каб іх перачытаць? Насця палажыла кнігу. І колькі тут гэтых кніг! За імі ён свету не бачыць. Яны адгароджвалі яго ад яе, як нейкая варожая сцяна. «Напіўся б ён хоць раз, няхай бы прыйшоў дадому пʼяны, няхай бы пасварыўся са мною. Праспаўся б і быў бы цвярозы, а пасля сваркі пагадзіліся б. Проста хоць да знахара ідзі, каб адвярнула яго ад гэтых кніг», – думала Насця і голасна пазяхнула.

– Ну, спаць пайду!

– А ўжо хіба позна? – азваўся Кузьма.– Пастой, я зараз скончу і прачытаю табе заданне.

– Варʼяцей тут адзін, – сярдзіта буркнула Насця.

– Рэплікі ты ўмееш падаваць... Ну, нічога, – згадзіўся Кузьма, – на свежую галаву лепш будзе.

Насця пайшла спаць, а Кузьма яшчэ сядзеў і меркаваў, якія лепш паказаць падручнікі і крыніцы для сталага распрацавання задання № 1. Ён захапіўся роляй настаўніка і знаходзіў вялікае задаваленне ў тым, што ён адукуе Насцю.

Назаўтра Кузьма і Насця сядзелі за сталом, пілі чай. Кузьма быў сурʼёзны, відаць, заняты мыслямі.

– Ну, вось, Насця, з сённяшняга дня прыступім мы да работы, – парушыў ён маўчанку, – трэба табе даць жывое, цікавае і карыснае дзела. Ты не забывай, што ты – жонка студэнта, каб можна было пагаварыць і аб палітыцы і аб навуцы, а то з табою, апроч гэтых тваіх трантаў, і гаварыць няма аб чым.

– Дзе ж мне забыць гэта, – з крыўдай у голасе адгукнулася Насця і адкусіла кусок абаранка.

– І ты, нарэшце, павінна ўзяцца за сваю адукацыю.

– Ізноў адукацыю! Агоркла ўжо яна мне.

– Ты пачакай! Корань навукі горкі, ды плады яго салодкія. Пытанне цяпер у тым, як мы будзем весці нашы заняткі. Не трэба забываць, што навука цяпер будуецца па новым прынцыпе. Ёсць розныя спосабы. Я цікавіўся гэтым. Навуку можна пачаць, з чаго хочаш. Вось ты жуеш абаранак...

– Ты скора будзеш папікаць мяне абаранкам.

– Не, Настачка: я ж хачу дабра табе! Справа не ў гэтым, да прыкладу кажу, ты мяне даслухай. І вось табе першае пытанне: адкуль бярэцца абаранак?

– Ну, вядома, хто іх пячэ, – перабіла Насця.

– Ты мяне не перабівай.

– А нашто ж ты пытаеш?

– Гэта я строю тэорыю, да прыкладу пытаю, ты маўчы і слухай. Дык вот. Адкуль бярэцца абаранак? Тут робім сувязь з мукой, ад мукі ідзем да пшаніцы: дзе расце пшаніца, як яе абрабляюць і г. д., і г. д. А далей можна лёгка ўвязацца з культурай першабытнага чалавека, з батанікай, з астраноміяй, бо, каб пшаніца вырасла, трэба сонца, далей – з геаграфіяй, з грамадазнаўствам, з геалогіяй, – ну, з чым хочаш, нават з фізкультурай. Вось такая сістэма, – ну, я табе буду казаць проста, – такі стрыжань, або шпень навукі, называецца комплексам. Гэта раней навука была індывідуалісткаю, а цяпер і яна павінна абʼяднацца ў калектыў, ствараць, так сказаць, свой прафсаюз. Цяпер ты разумееш?

– Як зразумець цябе, калі ты гаворыш немаведама якія словы.

– Пакінем покі што дыскусію аб словах, аб іх я потым скажу. Метад комплекснасці я адкідаю, у мяне ёсць на гэтае свае матывы, а буду я цябе вучыць лабараторным спосабам па Дальтплану. Тут, уласціва кажучы, не я цябе буду вучыць, а сама ты будзеш вучыцца. Мая ж роля – роля кіраўніка. Ад цябе не адбіраецца права патрабаваць ад мяне тых ці іншых тлумачэнняў. Іх можна даць, можна і не даць, гледзячы па абставінах. Я буду назначаць табе заданні, а ты будзеш распрацоўваць іх сама. Потым я загатую картачкі, таблічкі такія, для кантролю: каб праверыць тваю работу... Стой, стой! ты не бойся: не так гэта страшна, як табе здаецца. Лабараторны план тым і добры, што ўсім дае шырокі прастор для самадзейнасці, – працуй і больш нічога. Што ж датыча гэтых самых слоў, незразумелых, якіх ты так баішся, то я табе скажу, прызнаючыся шчыра: і я іх не ўсе разумею, але ўжываю і ўжываю дарэчы. У чым жа тут сакрэт? У тым, што гэтыя словы я часта чую, прывыкаю да іх, прыслухваюся, дзе і ў якіх разох ужываюць іх кампетэнтныя людзі, а потым пачынаю сам гаварыць іх – раз, другі, і што раз, то смялей, а далей ідзе, як па масле. Вось калі яго выкалупіць, узяць з гутаркі асобна, дык агонь яго ведае, што яно значыць. Дык так, Насця, вось табе заданне, я табе прачытаю.

Кузьма прачытаў заданне, а Насця праслухала яго, як нямецкае казанне.

– Лепш будзе, калі ты запішаш яго ў сшытак, тады гэта гладчэй у галаве ўкладаецца. Вось табе кніга, адна і другая. Чытай адгэтуль і дагэтуль, і ты павінна даць адказы на ўсе пытанні, зразумееш, у чым тут соль. Адно табе скажу: не бойся.

Смела бярыся за работу: не святыя гаршкі лепяць – прыказка ідэалагічна не вытрыманая, але абʼектыўна перадае сутнасць справы.

Насця асмелілася і ўзяла заданне.

 

 

IV

 

Кузьма пайшоў па сваіх справах, а Насця засталася дома.

Павольна, не спяшаючыся, прыбірала яна кватэру і думала аб сваёй навуцы і аб тым, што казаў ёй Кузьма. Ну, што ж, папрабаваць хіба? Можа яно і, праўда, не так трудна, як ёй здаецца. Але не спяшалася прыступаць да навукі – проста было нейк нялоўка. І што сказалі б ёй дома, каб гэта яна там разлажылася з кнігамі і села за навуку? На смех паднялі б: ці ж у яе гады вучыцца? Замуж выйшла, маладзіцаю стала, куды ўжо тут навука?

Але ж яна цяпер гарадская, муж яе студэнт. Дый свет цяпер не такі, як даўней. Вось хоць бы яна: выйшла замуж – і вяселля не спраўлялі, і да папа не хадзілі, і нічога – жывуць, і добра жывуць. А каб не гэты клопат з адукацыяй, то і зусім было б добра, бо і з бацькамі пагадзіліся; і бацька нават не ўспомніў пра свіную шкуру. Значыцца, і ён прызнаў гэты новы свет. А раз так, то трэба вучыцца. Будзе вучыцца – будзе таксама гаварыць незразумелыя словы. І яна пастаралася прыпомніць такія словы і ўспомніла – сімпатыя. Што яно значыць? Ліха яго ведае. Гэта проста прыгожы чалавек, які табе падабаецца. А калі гэтае слова гаворыць хлопец, тады гэта – прыгожая дзяўчына... Не, Кузьма, аказваецца, праўду казаў: трэба ведаць, калі якое слова сказаць. Вось ёй трэба палітграмату вывучаць. І «палітграмата» слова незразумелае. Яго трэба сказаць некалькі разоў, прывыкнуць да яго. Насця пачала шаптаць «палітграмата, палітграмата», прашаптала разоў пяць, а шосты раз уголас сказала гэтае слова, прыслухалася і хіхікнула – смешна неяк выходзіць. А потым стала складаць такія сказы, дзе б было слова «палітграмата». Калі б сказаць так: люблю цябе, палітграматна?.. Але чаму тут «паліт»? Ці гэта ад слова «паліць» ці ад «паліто»? Тут раптам яна ўспомніла пра шынель свайго мужа, пра «Універсітэт на даму». Не, трэба-такі настаяць, каб купіў сабе паліто. Дый ёй бы таксама не шкодзіла справіць сёе-тое.

Навука і заданне № 1 зусім вылецелі з Насцінай галавы, а іх месца заняў капялюшык. Яшчэ да гутаркі з Кузьмой аб яго шынялі прымярала Насця капялюш свае суседкі па кватэры, Тані Загорскай. Калі зірнула Таня на Насцю ў капялюшыку, то аж ахнула, ахнула з найвышэйшай ноты, якая толькі можа вылецець з жаночага нутра.

– Ах, мілачка, як ён табе да твару!

Паглядзелася Насця ў люстэрка, сама сябе не пазнала: ну, проста хоць партрэт пішы!

Усё гэта моцна аднавілася цяпер у Насцінай памяці. Капялюшык апанаваў яе мыслі. Ёй так захацелася зноў прымераць яго і паглядзець на сябе ў капялюшыку. Яе пацягнула да суседкі. Падыйшла да століка, дзе было люстэрачка, каб паглядзецца. Але тут было і заданне № 1. Насця ўздыхнула. Яе як бы нешта ўкалола. Не, капялюшык прымерае потым, а цяпер трэба прыступіць да навукі, проста хоць пацікавіцца, бо гэтае заданне і гэтая адукацыя, як мара, навіслі над яе душой. А там, за акном, плыло жыццё. Па вуліцы ў гэты час праходзілі салдаты і спявалі песню. Насця адчыніла акно. Рытмічнасць салдацкіх крокаў злівалася з песняй. Спявалі салдаты, спяваў брук пад іх нагамі, спявала вуліца, спявалі сцены дамоў, адбіваючы гукі чырвонаармейскай песні, яна вырвалася на прасторы палёў за горадам. І ўсё гэта, разам узятае, радзіла нейкае водгулле ў Насцінай душы, і яна нейк адчула сваё адзіноцтва. Салдаты, праходзячы з песняй, заглядаліся на Насцю, бо яна была такая маладая і прыгожая, што нельга было не заглядзецца, а адзін нейкі хват не вытрымаў і хітра падміргнуў. Салдаты прайшлі, і песня раптам абарвалася дзесь на павароце, а можа яны проста перасталі спяваць. Насця стаяла яшчэ ў акне і пазірала на вуліцу. Яна прастойвала тут адна цэлымі гадзінамі, і за гэта ўжо не раз прабіраў яе Кузьма. А ёй проста было цікава глядзець на вуліцу, на людзей, на фурманкі, на несупынны гарадскі рух. Але на гэты раз яна не магла цалкам аддацца агляду вуліцы – ёй карцела думка аб навуцы. Яна зноў уздыхнула і адышлася ад акна. Палажыла заданне № 1 на стол, падыйшла да сцяны, дзе быў вывешаны расклад навукі на кожны дзень. Доўга слібізавала яна гэты расклад і чым больш думала над ім і разважала, тым больш узрастаў яе непакой і згрызоты. Колькі ж на гэта патрабуецца часу? Заняволіш сябе на ўсё жыццё!..

На стале ляжала разгорнутая палітграмата і, здаецца, з нецярплівасцю чакала Насцю, як бы пытала: «А калі ж ты за мяне возьмешся?» Насця перамагла сябе і ўзялася за палітграмату. Уся яе энергія і ўсё намаганне трацілася на тое, каб прачытаць словы, бо чытала Насця слаба. А гэтыя кніжныя словы не выклікалі ў галаве ніякага ўяўлення аб сваім значэнні. Чытала, але не ведала, аб чым чытае, і толькі тады, як вычытала, што вучыцца трэба заўсёды, усё жыццё, яе агарнуў страх, аж горача зрабілася Насці, і яна пачула тое, што адчувае нявольнік, пасаджаны ў астрог на няпэўны час. Вычытанае якраз пацвярджала тое, чаго яна спалохалася, знаёмячыся з раскладам, што вісеў на сцяне, – трэба ўсё жыццё займацца навукай. Аж за галаву ўзялася Насця, і злосць узяла яе на гэтую навуку і на Кузьму. І ніколі ж не навучыцца яна гаварыць гэтымі незразумелымі словамі. А бадай жа іх агнём высмаліла і дымам павыкочвала!

Насця трохі паплакала. Не будзе ёй долі з Кузьмой: яму трэба адукаваная, а яна... Скарэй можна навучыць цяля танцаваць польку, як ёй гэтую навуку адолець. Паплакаўшы і пасмуткаваўшы над сабою, узялася Насця пераціраць падлогу, а потым пайшла гатаваць абед. Работа заспакоіла яе і разагнала гэтыя невясёлыя думкі. Нават капялюш зноў нейкім спосабам спакусна мільгнуў у мыслях. Згатаваўшы абед, пайшла да суседкі, Тані Загорскай.

– Трэба будзе і мне такі капялюшык нажыць, – сказала Насця так весела, як бы ў яе ніякіх згрызот не было, а купіць капялюш зусім простая справа.

– А ты прыбярыся, надзень мой капялюшык, каб цябе пабачыў у ім Кузьма: сам табе купіць.

Якая дагадлівая гэтая Таня: такая думка якраз і ў Насці была!

Насця, што называецца, паднядзелілася, бровы падвяла, падпудрылася і ў завяршэнне ўсяго ўзлажыла капялюшык, разоў сорак крутнуўшыся перад люстэркам, і стала чакаць Кузьму, паглядаючы то ў акно, то ў люстэрка.

Насця загадзя заняла ў кватэры такую пазіцыю, каб адразу кінуцца Кузьме ў вочы і ўразіць яго сваім выглядам. Заўважыўшы яго здалёк, яна заняла сваю пазіцыю, прыняла адпаведную позу і мабілізавала ўсе чары свайго хараства.

Кузьма ішоў, злёгку панурыўшыся, у сваім нязменным шынялі, гледзячы сабе пад ногі. Ён думаў аб адукацыі свае жонкі, аб заданні № 1 і аб заданні № 2, якое трэба будзе напісаць. І толькі тады падняў вышэй галаву, калі ступіў на двор свае кватэры. Насця звычайна выходзіла на спатканне яму, цяпер жа яе тут не відаць было... «Над заданнем сядзіць, – зарадаваўся Кузьма, – разумная жанчына, толк з яе будзе». Адчыніў дзверы, ступіў крок і спыніўся, застыў, як слуп: стаіць Насця ўбраная, падвітая, падпудраная, на галаве капялюш, а на губах найчараўнейшая ўсмешка. Глядзіць на яе Кузьма, вочы яго халадзеюць, бровы ссоўваюцца, і ўсміхаецца горкай, абразлівай і зняважлівай усмешкай. Гэты злы і халодны погляд прыводзіць Насцю ў поўнае замяшанне. Ёй робіцца сорамна і страх як нялоўка, а разам з гэтым адчувае яна і горкую крыўду.

– Цьфу! – плюнуў Кузьма. – Ці даўно ты бульбу ў лупінах ела?.. Капялюш начапіла.

Вочы яго ўпалі на палітграмату, разгорнутую на першай старонцы.

– Справай не хоча займацца, з мяшчанствам сваім не можа разлучыцца. У той час, калі жанчына выходзіць з векавой няволі капіталізму, калі яна ідзе дарогаю будаўніцтва сацыялізму, ты займаешся глупствам, цешышся гэтаю эмблемаю мяшчанства. Пудзіла! У Стажках стаяць табе на бацькавым агародзе, варон пужаць у гэтым капелюшы!

Кузьма так узлаваўся, што больш нічога не мог сказаць, завярнуўся, бразнуў дзвярыма і пайшоў з кватэры.

Насця ніколі не бачыла яго такім злым. Яна стаяла, як прыбітая громам, не знайшла чаго сказаць яму. За што ж ён так злаяў яе, змяшаў з гразёю? Яна памятае, як крычаў на яе часамі бацька, а калі была меншая, то іншы раз і штурхача даваў, але ніколі не была яна так пакрыўджана, як цяпер. Нават слёз не знаходзілася, каб выплакаць сваю крыўду.

– Чорт жа цябе бяры, і цябе, і кнігі твае, і тваю адукацыю, і твае абаранкі!

Зняла Насця капялюш, памылася, каб змыць пудру, надзела сваё будзённае адзенне, звязала ў клумак рэчы, з якімі яшчэ нядаўна прыйшла сюды, замкнула кватэру, ключ аддала Тані Загорскай.

– Скажы яму, няхай шукае сабе жонку.

І пайшла. Таня пазірала ўслед Насці і ў засмучэнні ківала галавой.

 

 

V

 

«Вось, называецца паказалася мужу ў капялюшыку! – думала Таня. – Ну ж і бервяно, аеееей!.. І добра зрабіла. Даўно б трэба было яго кінуць. Вучоны! Ці ж можа ацаніць ён жанчыну ў капелюшы, калі ў яго мазгі высушаны кнігамі?»

У гэтай гісторыі да некаторай ступені была і Таніна віна, бо гэта ж яна падала Насці такую думку. І Таня таксама адчувала крыўду за сябе, за Насцю і за свой капялюш. Наўперад яна хацела пайсці куды-небудзь на ўвесь вечар, каб павадзіць Кузьму за нос, бо ён таго варты, але вельмі хацелася ведаць, як прыме Кузьма вестку аб тым, што Насця яго кінула, і Таня засталася дома, села шыць – яна была швачка. У яе цяпер быў не адзін, а два ключы: адзін ад кватэры, а другі ад сямейнай драмы.

З гадзіну соваўся Кузьма па вуліцах, дзе свяціліся ўжо агні. Яму трэба было пабыць аднаму, каб нішто не замінала зрабіць абʼектыўную ацэнку гэтага факта мяшчанства і заняцца ўжо заадно строгім аналізам сямейнай праблемы. Але як ні тужыўся Кузьма апусціцца ў глыбіню разважання, у яго нічога не выходзіла. Ён бачыў перад сабою Насцю ў капялюшыку і павінен быў прызнацца, што яго Насця вельмі прыгожая жанчына, але апошнімі часамі ён гэтага як бы не заўважаў. І тут паўстала такое пытанне: нашто яна ўбралася? Што яна хацела гэтым сказаць? Напомніць яму, што яна прыгожая? І дзе яна ўзяла капялюш? Калі яго купіла? На якія грошы? Кузьма ўспомніў, што з таго часу, як яны пажаніліся, ён нічога, ні на адну капейку не купіў спецыяльна для яе. Абʼектыўна разважаючы, гэта ёсць няўвага да яе. А яна нават не заікнулася яму аб гэтым ні словам, ні намёкам, аб ім жа клапацілася, не раз казала яму купіць паліто. А можа яна і заданне № 1 зрабіла і дазволіла сабе такі, па праўдзе кажучы, нявінны маскарад. Нічога гэтага ён не ведае, не пацікавіўся даведацца, а наляцеў на яе, як каршун... А як змянілася яна ў твары, пабялела і хоць бы словам азвалася на яго лаянку!

Кузьма злажыў губы ў трубку і ціхенька, каб толькі самому было чуваць, пачаў не то свістаць, не то проста так сабе хукаць. А можа несвядома хацелася заглушыць гэтым голас пратэсту, што прабіваўся з глыбінь яго душы супроць самога сябе, бо ў яго сэрцы ўзнімалася жаласць да Насці. Праўда, гэта ўжо лірыка, трэба і сваю палітыку захаваць. І Кузьма стаў думаць, як узгодніць лірыку з гэтай палітыкай у канфлікце з жонкай. Лірыка цягнула яго дадому, «палітыка» старалася даўжэй затрымаць на вуліцы. Лірыка казала яму – ты вінаваты, а «палітыка» даводзіла адваротнае. Покі скончылася гэтая спрэчка лірыкі з «палітыкай», прайшло яшчэ не менш гадзіны часу. Насця была ўжо ў Стажках, а Кузьма толькі павярнуў у двор свае кватэры.

Кузьма досыць доўга стаяў на ганку і стукаў у дзверы. Таня з заміраннем сэрца стаілася за дзвярыма і не адчыняла. Яна толькі сачыла, каб ён зноў не пайшоў куды, каб адчыніць яму ў патрэбны момант. А Кузьма стукаў і ўжо некалькі разоў сказаў: «Гм!» Відаць, затрывожыўся. Кузьма пачаў стукаць часцей, а потым забарабаніў кулаком.

– Што ж гэта? – пытаў ён на ганку.

Навакол было цёмна, бязлюдна, і гэтая цемень нічога не адказвала яму. У кватэры Тані свяцілася акно, і Кузьма накіраваўся пайсці пастукаць там і навясці спраўкі. Зачуўшы гэта і не ведаючы, куды пойдзе ён, Таня павярнула ключ у дзвярах.

– Ах, гэта вы! – сказала яна.

– А дзе ж Насця?

– Зайдзіце да мяне, там вам Насця ключ пакінула ад кватэры, – ухілілася Таня ад простага адказу.

«Што ж гэта значыць?» – сказаў сам сабе ў трывозе Кузьма.

Пайшоў за Таняй і толькі ў кватэры заўважыў той самы капялюш. Таня сумыслу палажыла яго на відным месцы.

«Дык гэта вось чый капялюш надзявала яна!» І пачуў Кузьма тут нешта няладнае.

– Вось вам ключ.

– А дзе ж Насця?

– Насця? Насця пакінула мне ключ і прасіла сказаць вам, каб пашукалі жонкі, яе ці другое, – не ведаю.

– Што вы кажаце? Кінула мяне?!

– Не ведаю: можа вас, а можа вашу адукацыю.

– Што ж мне рабіць? – за галаву ўхапіўся Кузьма.

– Садзіцеся чытаць кнігі – іх у вас так многа.

– Ах, Таня!

Кінуўся ў кватэру: можа яна адкажа на яго пытанне. Але ў кватэры былі адны толькі маўклівыя кнігі, жывога ж чалавечага голасу не чуваць было.

Адна лірыка займала цяпер сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе?

У галаве яго закружыліся самыя недарэчныя мыслі. Можа яна самагубствам скончыла? Злачынства яго перад Насцяй вырасла непамерна, і хлопец зусім страціў галаву. Памкнуўся бегчы шукаць яе, але куды бегчы?

У карыдоры зноў спаткаў Таню. Яе жаночае сэрца задаволілася ў поўнай меры, калі пабачыла, як блізка прыняў ён да сэрца гэтае непаразуменне з жонкай, і ёй нават шкада стала Кузьмы, але і яго павучыць не шкодзіць.

– І няўжо яна не сказала вам, куды пайшла, чаму пайшла?

– У прочкі пайшла, – здалася нарэшце Таня.

У Кузьмы адразу адлягло ад сэрца: значыць, яна жывая.

– А чаму пайшла, дык гэта вы павінны ведаць, – і навалілася на Кузьму, як бязлітасны пракурор. – Вы ж яе грызлі на кожным кроку, што яна – дзеравеншчына неадукаваная, што яна – буржуйка і мяшчанка, як бы сам ужо немаведама хто! Засадзіў за кнігі, заняволіў дома, нават і ў акно не смей зірнуць. Яна тут яго і поіць і корміць, абмывае і абшывае. У яе ж і голачкі свае няма, у мяне пазычае, бо як купіш голку, – дык па-вашаму ўласнікам зробішся. І так збэсціў за тое толькі, што надзела чужы капялюш, бо муж і шпількі ёй купіць не дагадаўся, надзела, каб вам жа спадабацца, бервяно вы, чурбан вучоны! А ці павялі вы яе хоць раз у кіно, у тэатр, на свой студэнцкі вечар? Ды куды там! Як жа вывесці ў людзі неадукаваную? А можа гэта забараняецца вашай навукай – паказацца з жонкай у клубе ці адну пусціць яе?

Кузьма пачуў, што ў гэтым пункце ён сапраўды маху даў. Але ён маўчаў, слухаў праборку, а калі Таня адчытала яго, сказаў:

– Ну, нічога, Таня: я гэта ўсё папраўлю, – зраблю належныя карэктывы.

Гэтая ноч цягнулася для Кузьмы вельмі доўга. Ён многа думаў, і думкі яму спаць не давалі. Хацелася, каб скарэй праходзіла ноч. Заснуў толькі пад раніцу. Паспаў гадзін пяць, устаў і пачаў збірацца, і хоць на дварэ было халаднавата, шыняля не надзеў. Пайшоў у адной рубашцы, бо меў пэўны план. Гэты план завёў яго ў краму, дзе прадаецца гатовая адзежа, і там ён купіў сабе бобрыкавае паліто, а потым пайшоў хадзіць па крамах, выглядаючы, што б купіць і для Насці. Але дагадзіць жанчыне пакупкай надта цяжка. Гэта ведае той, хто сам рабіў такія пакупкі, хоць і кіраваўся самымі лепшымі жаданнямі. Кузьма доўга прыглядаўся і меркаваў, каб не зрабіць тут якога глупства, бо лёгка можна было ўпасці ў тую ці іншую форму мяшчанства. Нарэшце Кузьма спыніўся на адной рэчы: ён купіў Насці чырвоную вязаную кофтачку, пасля чаго і рушыў у дарогу.

Убачыўшы Кузьму, Насця затраслася ад радасці, а калі пабачыла падарунак, чырвоную вязанку, то і шчокі яе зачырванеліся, як тая кофтачка. А калі яны ішлі назад са Стажкоў, то Кузьма казаў:

– Дзве рэчы ты, Насця, павінна прызнаць у мяне: адно, гэта тое, што я люблю цябе, я нават і сам не ведаў да гэтага часу, як я цябе люблю; і другое, калі я ўбачу свае памылкі, то я шчыра хачу іх паправіць. За тваю адукацыю, Настачка, я ўзяўся не так як трэба. Ну, але калі я люблю цябе, а ты мяне, то мы заўсёды знойдзем патрэбны кампраміс, каб жыць у згодзе.

[1926, 1952]


[1926,1952]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6