«Ліквідаваць банду Дубіны!» І гэта ўжо не першая тэлеграма з цэнтра. Хвалюецца і нават злуецца начальнік раённай міліцыі Сушко. Проста крыўдна. Як гэта яму, адданаму бальшавіку, прайшоўшаму пекла і агонь імперыялістычнай і грамадзянскай вайны, ніяк не ўдаецца вылавіць банду, нягледзячы на ўсе самыя рашучыя меры і на ўсё гарачае імкненне ліквідаваць разбойніцкую шайку? Лёгка паслаць тэлеграму, але вось папрабуй злаві, ліквідуй! А тут яшчэ гэты шум! Наехала коннай міліцыі з другіх раёнаў, прыйшлі вайсковыя часці. Палескія лясы вялікія, ёсць дзе схавацца бандытам. Глухіх закавулкаў процьма, там-сям маюць сувязь з Дубінаю, папераджаюць яго, памагаюць. Усё гэта вельмі добра ведае Сушко. Яго бярэ сумненне, што пры такім стане рэчаў злавіць Дубіну вельмі цяжка, а значная колькасць народу, міліцыі і войска толькі ўскладняе справу, бо кожны рух такой масы людзей не можа схавацца ад зоркага бандыцкага вока. І калі была склікана шырокая нарада ў справе ліквідацыі банды, Сушко вельмі крытычна аднёсся да розных хітра сплеценых праектаў і планаў, што высоўваліся тымі ці іншымі таварышамі. Ён маўчаў, слухаў ды толькі пакручваў доўгія вусы.
– Усё гэта добра, і ўсе вашы планы добрыя, – сказаў нарэшце Сушко, – толькі вось што трэба сказаць: з такой масаю народу злавіць яго трудна. Не забывайце, што ў яго добра наладжана сувязь і разведка пастаўлена як лепей не трэба. Вось ужо колькі часу валаводзімся з ім, марнуем людзей, самі марнуемся, а толку няма... Таварышы, мой план вось які: вывесці адгэтуль войска і міліцыю. Мне ж дайце пяць дзён часу: я адзін бяруся ўзяць Дубіну, мёртвага ці жывога!
Жарты гэта ці сурʼёзныя словы?
Не! Сушко ў такіх выпадках не жартуе. Што ён чалавек адважны і смелы, ведаюць усе. І тое, што здалося варʼяцтвам у першую хвіліну, было прынята.
Калі памочнік Сушко даведаўся пра яго план, дык вельмі скептычна аднёсся да гэтага.
– Сам ты ідзеш на верную пагібель і мяне туды цягнеш, – заўважыў ён.
– Ну, што ж? рызыка! – суха прамовіў Сушко і паглядзеў на памочніка. Потым, падумаўшы, дадаў: – Покі што табе тут няма чаго рабіць.
І аддаў яму загад – завезці пакет начальніку міліцыі суседняга раёна.
– Вернешся і будзеш чакаць мяне ў Н. Покі ж я цябе не паклічу, сам не паказвайся тут.
Вечарам таго ж дня прыходзіць Сушко на хутар. Ён ведае гаспадара гэтага хутара. Ведае таксама і што той мае дачыненне да шайкі Дубіны. А хутар глухі. Навокал цёмны лес і хмызняк ды злыя сабакі на двары.
– Хачу пагаварыць з табою, грамадзянін Яворскі!
Яворскі – гаспадар, мужчына сярэдніх гадоў, праныра, хітрун і чалавек няшчыры.
– Вось што, Яворскі, – пачаў Сушко, калі яны засталіся ў святліцы адзін на адзін, – даволі нам гуляць у хованкі!.. Выбірай адно з трох: або ты мяне забʼеш, або я цябе забʼю, або ты паможаш мне ўзяць Дубіну. Даю пяць мінут падумаць.
Глянуў Яворскі ў вочы Сушко, момант падумаў і кажа:
– Ну, добра! Згодзен памагаць!
– Толькі ж памятай, што калі ты мяне выдасі Дубіне, то ні ад цябе, ні ад твайго хутара не астанецца і следу.
Яворскі яшчэ момант падумаў і ўжо цвёрда сказаў:
– Будзь пэвен і вер мне.
– Буду верыць. Так будзе лепш і табе і мне, бо цягнуцца табе да Дубіны няма сэнсу – дні яго злічаны, так ці іначай. А цяпер давай брацца за справу. Перш за ўсё, як мяркуеш ты, калі ў цябе можа быць Дубіна?
Яворскі ўнутрана здрыгануўся, але ніводзін мускул на твары не выдаў яго хвалявання.
– Сказаць акуратна, у які дзень ён можа тут быць, не магу. Можа заўтра, можа паслязаўтра.
Трудна сказаць.
– А колькі іх можа тут быць?
Яворскі ўскінуў плячамі.
– Таксама не ведаю, але калі ён будзе, то будзе ў кампаніі.
– Дык вось што, брат. Нікому ні слова. А бабу сваю, і дзяцей, і парабка выпраў з хутара. Астанься толькі сам. І рабі так, каб не было ніякага падазрэння... З лямпы вылі ўсю газу, каб не было чаго запаліць. Калі прыйдуць, засвеціш на комінку, каб у хаце было цемнавата. Стол пастаў насупраць дзвярэй гэтай святліцы, каб праз замок я мог бачыць, што робіцца ў хаце. А з Дубінай ты павітайся так, каб я яго пазнаў – пацалуйся з ім ці як.
– Я скажу: «Здароў, брат Дубіна!» – сказаў Яворскі, – і даўжэй патрымаю яго руку.
– Добра, – згадзіўся Сушко і ў заключэнне сказаў: – Загатуй самагону, каб за пустым сталом не сядзелі, ды вяровак прызапась.
– А міліцыю хто паведаміць і дзе яна будзе? – запытаў Яворскі.
– Аб гэтым не клапаціся: як толькі прыйдзе сюды Дубіна з бандаю, то ўжо з хаты ён не выйдзе.
На гэтым і скончылася нарада з Яворскім.
Перад тым, як пайсці на хутар, Сушко напісаў паперку да начальніка міліцыі суседняга раёна.
«Дарагі таварыш!
Калі мяне забʼюць, то перашлі гэты пакецік па начальству. Калі ж астануся жывы, то вернеш яго мне».
У закрытым пакеце была заява, дзе ён прасіў начальства не пакінуць без дапамогі жонку.
На хутары пуста і глуха. Толькі дзве чалавечыя душы засталіся на ім: Сушко і сам гаспадар. Трэці дзень сядзіць Сушко, не выходзячы за парог. Яворскі каля гаспадаркі тупае, зрэдку, заходзячы ў хату, перакінецца словам, другім з Сушко. І чорт жа яго ведае, што за мыслі тоіць у сабе гэты чалавек!
Можа ён перагаварыўся ўжо з атаманам банды? І так і гэтак мяркуе Сушко. Здрадзіць Яворскі, – і ўсё прапала, ён апынецца, як мыш у мышалоўцы. Ён аглядае карабін, мацней сціскае ў руках: на яго цяпер уся надзея. І сон не бярэ. Сядзіць і ходзіць па святліцы, углядаецца ў цьму за акном, варожую і зацятую ў сваёй немаце. Нервы нацягнуты да апошняй мяжы.
Настала чацвёртая ноч.
– Спі, – гаворыць Яворскі, – сабакі ў мяне чуткія і злыя – абудзяць, калі што. – Сказаў і сам лёг на печ, не раздзяваючыся.
Заснуў ён ці не заснуў, але раптам забрахалі сабакі, кінуліся ў бок лесу. Яворскі ўзняў галаву, паслухаў момант і ціха сказаў:
– Здаецца, ідуць! – і паспешна злез з печы.
Аддалены брэх сабак становіцца штораз чутней.
Ясна – брэшуць на людзей, праводзячы іх у двор. Яворскі падышоў да акна.
– Яны! – хваляванне, трывога і страх былі ў тоне яго голасу.
Моцна забілася сэрца ў грудзях Сушко. Мінута сапраўды страшная!
Яшчэ момант, і з двара хтось з бандытаў пастукаў у акно.
– Дома? – пачуўся адтуль голас.
– Дома! – адказаў Яворскі і пайшоў адамкнуць дзверы.
«Ведаюць яны ці не ведаюць?» – верціцца балючае пытанне ў мазгах Сушко. Ён увесь застыў каля замочнай дзірачкі, ловячы кожны рух і кожнае слова.
Скрыпнулі дзверы ў сенях, а потым і ў хаце, і зараз жа многа пар ног гучна затухкала па падлозе.
Успыхнуў агонь на камінку і вылучыў у цемры бандыцкія постаці. Было іх тут шэсць чалавек. Пастаўлялі ў качэргах абрэзы, а самі распаўзліся па хаце.
– Сядайце ж, браткі! – запрашае іх Яворскі. – А дзе ж бацька?
– Ідзе, ідзе!
І зараз жа парог пераступіла фігура самога атамана.
– Здароў, брат Дубіна! – і Яворскі доўга паціскае атаманаву руку.
Гэта быў чарнявы, высокі і надзвычайна складны мужчына гадоў пад трыццаць, унтэр-афіцэр царскай арміі. Дубіна быстра акінуў вачыма Яворскага.
– Што гэта так цёмна ў цябе?
– Да вось газа ўся...
– А дзе твая баба?
– Да родных пайшла пагасцяваць.
Дубіна яшчэ раз ускінуў выразлівыя вочы на гаспадара, як бы чытаючы яго затоеныя мыслі.
– Што ты, брат, нешта сам не свой?
– А нічога. Проста трохі недаспаў, трохі натупаўся за дзень.
– Ну, то давай закусім чаго.
– Есці ёсць. І самагон прызапасен добры.
Бандыты паселі за стол, дзе зараз жа зʼявіўся самагон, сала, хлеб і іншая закуска.
Як толькі шклянка абышла першы круг, дзверы з святліцы расчыніліся з рэзкім скрыпам і стукам. Сушко выскачыў з карабінам у руках.
– Ні з месца... Міліцыя! Па тры чалавекі да акон! – гучна падаў каманду Сушко і ў той жа момант выпаліў у Дубіну. Дубіна паспеў яшчэ выхапіць кольт і стрэліць. Куля стукнулася ў падлогу, чуць зачапіўшы падэшву на боце Сушко. Атаман упаў, забіты напавал.
– Лажыся! – крыкнуў Сушко. Перапалоханыя насмерць бандыты, страціўшы свайго атамана, пакідаліся на падлогу і іх тут жа перавязалі. А калі яны прыйшлі да памяці, то адзін з іх запытаў:
– А што ж гэта тваёй міліцыі не відаць? Дзе яна?
– Вось яна, я! – паказаў на сябе Сушко.
– Ты адзін?..
– Адзін!
– Ах, сукін жа ты сын! Каб жа мы гэта ведалі, мы разарвалі б цябе на кавалкі!
– Позна цяпер шкадаваць аб гэтым.
Самы малады з шайкі бандытаў быў Пятрусь Клімко. Было яму гадоў дзевятнаццаць, не болей. Яго і выбраў Сушко для допыту.
– Вось што, брат: ты яшчэ зусім малады, можаш паправіць сваю памылку і ў значнай меры акупіць сваю віну. Скажы, дзе рэшта з вашай кампаніі і дзе хаваецца награбленае вамі дабро? Прызнаешся – на судзе палёгка будзе.
– Дзядзечка, усё скажу, што ведаю. Збілі з дарогі мяне, дурня. Даруйце мне! – захадзіўся дзяцюк і выдаў усе сакрэты банды.
У тую ж ноч прыбыў на хутар атрад міліцыі, схованы непадалёку ў засадзе. Бандытаў павялі пад канвоем.
Сушко паслаў тэлеграму штабу, вылучанаму ў справе ліквідацыі Дубінавай банды:
«Задзержана частка банды. Дубіна забіты. Сушко».
Тэлеграма гэтая была перадана так:
«Задзержана частка банды Дубіны. Забіты Сушко».
Прачытаўшы такую тэлеграму, штаб спешным парадкам падняў на ногі людзей і рушыў на месца ўсіх гэтых падзей.
А Сушко, узяўшы міліцыянераў, духам памчаўся на глухі хутар, куды паказаў Клімко. І ён не ашукаў: на хутары начавала яшчэ шэсць бандытаў. Так іх сонных тут і пабралі. А потым завярнулі яшчэ на адзін хутар, дзе хаваліся награбленыя бандытамі рэчы. Васемнаццаць падвод нагрузілі тым дабром. А назаўтра пад моцным канвоем міліцыі на чале з Сушко ўся Дубінава банда з дванаццаці чалавек была накіравана ў Н. На палавіне дарогі сустрэлі атрад міліцыянераў і чырвонаармейцаў. І як здзівіліся яны, убачыўшы Сушко верхам на кані.
– Хіба ты жывы?
– А што? – здзівіўся Сушко.
– Ды мы атрымалі тэлеграму, што забіты!
Непаразуменне выяснілася.
Сушко шумна віншавалі, абнімалі і моцна ціснулі руку.
[1930]